12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Законьнікаў

_____________________
Музыка любові. Вершы


Недзе грыміць…

Гримить! Тайна дрож пронимае народи, —
Мабуть, благодатная хвиля надходить…
Іван Франко
Недзе грыміць…
А ў знаёмых ваколіцах ціха.
Толькі варушацца цені
Адвагі выяў.
Воляй цяжарная
Столькі вякоў парадзіхай
Курчыцца ў схватках бясплодных
Айчына мая.

Недзе грыміць…
Там акроплены гордай крывёю
Прывід свабоды
Імкліва нарошчвае плоць.
Лёс заклікае рабоў
Стаць у шэрагі вояў:
«Скідвай ярмо
І наперад ахвярна выходзь!»

Недзе грыміць…
А тутэйшыя давяцца болем.
Дні, расстраляныя страхам,
У прорву ляцяць…
Божа, калі ж мы прытулім
Жаданую волю
Так, як матуля сваё дарагое дзіця?

Недзе грыміць…
Там хочуць жыць.


Вялікая дзяльба

Што нам век дваццаць першы
Прынёс,
Акрамя сьпёкі,
Ліўняў,
Парошы?
Вельмі смачна, амаль узасос
Зноў цалуюцца ўлада і грошы.

Заціскае народы пятлёй
Махляроў кругавая парука.
Тое,
Што на зямлі,
Пад зямлёй,
Ім забраць,
Падзяліць надта рупіць.

Шал распусты,
Дурной круцізны
Нарастае.
І гэта — ня вечар.
Уяўляю, як сквапна яны
Па кішэнях расьпіхваюць вечнасьць.

Наплывае хлусьні едкі дым,
І здаецца ўжо неба з аўчынку…
Назірае сурова за ўсім
Той,
Хто зьверыць прамовы і ўчынкі.

У палацах балююць сычы
Ды рагочуць з душою пахілых.…
А над сьветам праўдзіва гучыць:
«Зямля да зямлі,
Прах да праху,
Пыл да пылу…»


Страўнік

Мы крочым,
Як кажуць,
Дарогаю слаўнай,
Навука бярэ за бар’ерам бар’ер,
Уносяцца зьмены ў ландшафт, інтэр’ер…
Але верхаводзіць у кожным з нас страўнік —
Адразу дыктатар і апазіцыянер.

Хоць ён не ўзьвялічаны і не абраны,
Ня мае ніякай «жалезнай рукі»,
Аднак побач з ім выглядаюць тыраны
Як самыя дробненькія слабакі.

Вось хто не трымціць,
Не баіцца нічога —
Ні торбы жабрачай,
Ні нават турмы.
Бурчыць на крыўдзіцеляў гучна і строга
Тады, як пад венікам мышкамі — мы.

Мяняецца сьвет назаўжды,
Непапраўна…
Ці ў лепшым кірунку?
Вазьмі-тка — правер!
А над усімі і ўсім
Уладарыць страўнік —
Галоўны дыктатар і апазіцыянер.


Зьнікаюць людзі…

Людзі зьнікаюць,
Калі да аскомы ім набрыдае
Слухаць грукат жалезны,
Трыбунныя галасы.
Яны зашываюцца
Як мага падалей —
У скіты,
Пустыні,
Глухія лясы.

Людзі зьнікаюць,
Калі ўпадабаюць самаўлюбёна
Ранг звышчалавекаў,
Незаменных правадыроў.
Яны заплываюць
Незваротна, да скону —
У сьлёзы,
Пакуты,
Бязьвінную кроў.

Людзі прападаюць,
А нелюдзі кіруюць і судзяць,
Крочаць без масак па горадзе
Ля твайго пляча...
Стоп!
Ці ж гэта жыцьцё,
Калі зьнікаюць людзі,
А ўсе пра тое ведаюць
І маўчаць?


Раны

Хірургі на целе
Аўтографы пішуць…
Ніхто не пярэчыць
На гэты конт —
Вылазяць то траўмы,
То ўпартасьці лішак…
Сьмяюся —
Ідзе еўрапейскі рамонт.

Калецтва любое
Не трэба нікому,
І скальпелю дзякуй —
Палёгку прынёс.
А як мне зьмірыцца,
Калі па жывому
Крамсаюць дачасьнікі
Нацыі лёс?

Жыцьцё раўнавагі
Заўсёды хацела,
Ды розьніца ёсьць,
Хоць яны — спарышы.
Няхутка,
Аднак жа рубцуецца цела…
Крывавяць,
Ня гояцца раны душы.


Адкуль?

Адкуль любові музыка сыходзіць,
Якая нараджае адкрыцьцё,
Што досьвітак і чырвань на заходзе —
Ня дар,
А волі вечнае быцьцё?

Адкуль узьніклі хваляваньня дрыжыкі,
Як плоць знаходзіць высілкі свае,
Каб не баяцца непапраўнай рызыкі,
Калі апошні выбар настае?

Душа зьбярэ ў сябе любую дробязь,
Завяжа моцна роднасьці хатуль.
Ты крок насустрач сьмерці сьмела зробіш,
Каб засланіць сабой жыцьцё ад куль…

Адкуль любові музыка,
Адкуль?


Бяроза над Сьвіцязьзю

Ніне Мацяш
Хто бярозу прыгнуў аж да самай вады —
Вецер,
Сьнегу цяжар
Ці то проста гады?

Белы ствол над сінечай трымціць, як прамень,
Асьвятляе маленства і сёньняшні дзень.

Хоць мой час пацьмянеў і сыходзіць на клін,
Помняць босыя ступні
Шурпаты трамплін,

Як з вярбы нахілёнай даваў я нырца,
Каб заглыбіцца ў лёс,
Каб плысьці да канца.

Вось і рыса падведзена сьнегам кары,
А над ёй — шчасьця плёсы і болю віры.

Я на ствол не ступаю —
У мроях той крок,
Ды бярозе паклон за наступны радок:

«Выпаў кон дарагі мне ў астатнім жыцьці,
Каб па промню любові над сьмерцю ісьці…»


Эцюд

Каханая позірк імклівы
Гарэзьліва кіне з-пад веек,
А потым прыстоіць маўкліва,
Кранае рукою завею.

Сьняжынкі адсьвечваюць шчасьцем,
І кожная, быццам жывая.
Цалую,
Як крыжык,
Запясьце,
Што міма мяне праплывае.

Адказу няма на пытаньне:
«А што ж там у долі на донцы?»
Усё адбаліць і растане,
Як сьнег
На пяшчотнай далоньцы.


Прывал

Аляксею Марачкіну
За век свой наглядзецца давялося
На глупства несусьветнае падзей…
Як добра тут,
Дзе схіленым калосьсем
Зямля вітае
Добры час надзей!

Цяпер, а не вясною гаманкою,
Мне цешыць вочы родны далягляд,
Бо вырастае з мудрага спакою
Асэнсаваньне радасьці і страт.

Шапоча ціха поле залатое,
За ім трымціць азёрная вада…
І ўжо няважна,
Дзе схавана тое,
Чаго ніколі нам не разгадаць.

На камень ля прытомленай дарогі
Прысяду,
Адкладу вандроўны кій,
Каб углядацца прагна,
Да зьнямогі
У белы сьвет — чароўны і нічый…


Дзе я?

Мой узрост даляцеў да такое мяжы,
На якой не ратуе надзея…
Хоць акрайчык гадоў
Трэба годна дажыць,
Ды нялёгка вызначыць:
Дзе я?

Так абрыдзелі страх і ныцьцё грамады,
Зацяганасьць старых дэкарацый…
Не хачу ў час апошні брысьці ў нікуды,
Пустадомкам нахабным скарацца.

Прапісны аптымізм суцяшае дарма,
Адбываецца дзіўная дзея —
У мінулым даўно мяне ўжо няма,
У будзённым таксама…
Дык дзе я?


Мясцовы маршрут

Адзе Райчонак
Аўтобус яздой нетаропкаю,
Свой курс пракладае ў імгле.
Дыханьне людское кроплямі
Сьцякае па золкім шкле.

Напоўнены жартамі, плёткамі,
Салон закружыў галаву.
Я разам з дзядзькамі і цёткамі
Да родных дымоў плыву.

Дзесь там чаўнакуюць «боінгі»,
Сьпявае камфорт аўтастрад.
А тут на заўсёдных выбоінах
Душа далятае да пят.

Хоць лічаць мой край прарэхаю,
Прарочаць яму забыцьцё,
Але пад счарнелымі стрэхамі
Нязводна віруе жыцьцё.

Нягеглае, ды неўміручае
Яно скіне змору пакут.
І нават на горняй кручы я
Паверу ў мясцовы маршрут.


Я ўжо там…

Першым крыўды даверліва ўсім выбачаю,
Для сябе не чакаючы пэўных амністый.
Я ўжо там,
Дзе няма ні хлусьні, ні адчаю,
Дзе душа адпачне ў цішыні прамяністай…

Сэнс і сутнасьць жыцьця застаюцца загадкай…
Можа ў гэтым і ёсьць найвышэйшая ласка?
Вырак тых, хто ахвочы судзіць і загадваць,
Не страшней,
Чым пранізьлівасьць споведзі ўласнай.

У мінулым адною нагою — сягоньня,
А за ім — сьвет,
Што вытканы кроснамі мрояў…
Ні паклёпы,
Ні плёткі мяне не дагоняць…
Я ўжо там —
За туманам,
За дальняй гарою.