12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Законнікаў

_____________________
Жыццё яшчэ ляціць... Вершы


100

Самаму любімаму Беларусу – Барысу Кіту
Вандроўнік крокам выкоўвае знак,
Дайсці паспрабуй да такое вяхі:
Адзінка нагадвае млын-вятрак,
Нулі – як паўнюткія зернем мяхі.

Карэліцкі хлопчык разбег набіраў,
Калі заспяшаўся за родны парог,
Ад тлуму
Частых зямных перапраў
Да волі
Бясконцых касмічных дарог.

Ён смела каноны ўсе парушаў,
Цалік прабіваў непаўторнай хадой.
Пакуты,
Славу
Спазнала душа,
Але засталася навек маладой.

Як годна,
Высакародна ляжыць
Corona astralis* на мудрым чале…
Глядзіш на яго – і хочацца жыць,
Любоўю,
Надзеяй
І верай сталець.

Хоць шмат у быцці прывабных спакус,
Імкненне да волі не знішчыць ніхто.
Пра гэта сведчыць сабой Беларус,
Якому разгоніста стукнула 100!

Чарада

Няшчасцем звыклым гадавана,
А дзе бяда – там лебяда,
Прыйшла не позна і не рана
У свет пагодкаў чарада.

Але сяброў – адданых, шчырых –
Яшчэ далёкая зіма
Дачасна выпраўляе ў вырай,
Адкуль звароту ўжо няма.

Ды толькі ў асабістых драмах
Мы не прадалі гонар свой,
Каб годна да святое брамы
Ісці з узнятай галавой.

Трымайся!

Натужна рыпяць долі грузнай гужы,
А час зноўку тузае лейцы.
Трымайся,
Па духу мой брат,
Дзе б ні жыў –
У Лельчыцах,
Воршы,
Вялейцы.

Хоць ты замарыўся ў крутой барацьбе,
Адстойвай дабро без прынукі.
Трымайся, таму што глядзяць на цябе
Любімыя дзеці і ўнукі.

Трымайся!
Адчайна тапіць у віне
Абразы і крыўды не варта.
Малюся,
Хай дом твой заўжды абміне
Аблога інсультаў, інфарктаў.

Хоць цяжка, але не махай ты рукой,
Жывым не здавайся аблудзе.
Трымайся яшчэ па прычыне такой –
Замены нам,
Родны,
Не будзе.


Падноўленае retro

Леаніду Дайнеку
Не нам судзіць сутычкі пекла з раем,
Што паўстаюць пакуль што толькі ў снах…
Але смачнейшым стаў жыцця акраец,
Які бязбожна чэзне на вачах.

Хоць падганяюць да стаптаных тапак
Сляпых хвароб чырвоныя сцяжкі,
Жывую кроў падраненых метафар
Мы чуем, як галодныя ваўкі.

Ды помнікі сабе не варта ставіць…
Як быццам нехта долю прапалоў,
Зноў вырастае цішыня густая
На тле пякучых і забойчых слоў.

Тады якую трэба браць танальнасць?
Якой цыганцы ручку залаціць?
Ратуе геніяльная банальнасць –
Ляціць жыццё…
Жыццё яшчэ ляціць…

“Стабільнасць”

Ранак святлом атуліў, як заўжды,
Цела з душою шапталіся згодна…
Кран жа не выдаў гарачай вады,
Потым не стала яшчэ і халоднай.

ЖРЭА паслаў ён “удзячны паклон”,
Выйшаў з кватэры – вачам не паверыў:
Хтосьці разбіў уначы дамафон,
Насцеж распяліў зламаныя дзверы.

Доўга стаяў і паветра каўтаў,
Млосна язык халадзіў валідолам.
Так да прыпынку паціху дапяў,
Дзе гаманіў люд на мове “вясёлай”.

Матам дзяцюк па мабільніку крыў,
Нудна гразіў, што туды ўсіх засуне,
І пол слабы не ішоў на адрыў –
Жабы выскоквалі з вуснаў красуняў.

Офіс сустрэў кіраўнічым “цяплом”,
Каб падагрэць супрацоўнікаў-“трутняў”,
Сем тлумачэнняў “разумных” прыйшло
Да чатырох учарашніх інстукцый.

Працу закончыў. Цяпер, як закон,
Трэба да крамы ісці па прыпасы.
Звыкла купіў малако і батон,
Пашыбаваў у ашчадную касу.

Там, у чарзе, павяло да сцяны.
Ён аглядаўся на ўсіх вінавата:
Скочыў нястрымана ціск крывяны
Так, як паслуг камунальных аплата.

Потым сядзеў за сталом між радні.
Што Бог паслаў – спажывалі нядоўга.
Тэлек на сон выліў цэбар хлусні…
Ну, а, наогул,
Дзянёк быў цудоўны.

Чатыры гады

Чатыры гады…
Не чакаў я гора…
Так, не было прадчування бяды.
Але падпаўзлі, каб схапіць за горла,
Сляпыя, глуханямыя гады.

Мой лёс на прыцэл узяла мярзота:
Спачатку паклёпы, бруд,
А пасля
Надзённую лусту вырвалі з рота,
Хацелі нават пазбавіць жылля.

Я выжыў, бо маю рукі і розум…
Аднак боль дагэтуль душу шкрабе:
Дзе спачуванне ад “добрых і розных”?
Чаму не бачаць,
Не чуюць цябе?

Цяпер толькі брэх,
Больш няма блакады,
Але даганяе шоргат жуды…
Паўзуць за мной шматгаловым гадам
Тыя чатыры…
Чатыры гады…


Надзея

Зноў кружыць галаву мне
Роздум даўні,
Бо гэта праўда, што тут ні кажы:
За намі – прывіды,
А побач – здані,
На даляглядзе – толькі міражы.

Край курчыцца ў жабрацтве,
У прымусе,
Над ім грыміць хлусні
Пустая медзь.
А хочацца сапраўднай Беларусі,
Хай на сыход,
Ды ў вочы паглядзець.

Які трагічны час!
Дайшлі да краю,
Хоць век тэхналагічны на дварэ.
Апошняю надзея памірае…
А што, калі і сапраўды – памрэ?..


Разам і асобна

Розум прапіты ў гульбе беспрычыннай,
З ім і сумленне пусцілі на звод.
Страх і халуйства сагнулі Айчыну...
Ведаю я, што такое – “народ”.

Тых, хто прадаў мову,
Годнасць
І праўду,
Як мне прыняць за сваіх,
За радню?
Кажаце: “Разам!”?
Рашуча папраўлю --
З большасцю не спажываю хлусню!

Вось і суседзям падачкамі собіць
Не выпускаць нас з “калгаса” ніяк.
Я ў той канструкцыі – “аднаасобнік”,
Непераможна зацяты “кулак”.

Разам – “чарніла”,
Папса,
Конкурс “міс-аў”,
Мат у гаворцы і вунь – на сцяне…
Хопіць!
Дзікунства з агульнае місы
Чэрпайце,
Хітранькія,
Без мяне.

Непальскі хлопчык

У непальскага хлопчыка позірк такі,
Што любы адвядзе збянтэжана вочы.
Ён глядзіць так, нібыта прамовіць хоча:
“Слабакі!”

Ясна нават закончанаму дзіваку –
Гэты юны хлопчык роблены не пальцам.
Але тонкі пальчык спрытнага непальца
На курку.

Аўтамат Калашнікава ледзь перарос
Падшыванец, каму даверылі зброю…
У яго, хоць ён лічыць сябе героем, –
Страшны лёс.

Раздзіраюць людзей на “сваіх” і “чужых”
Камуністы,
Фашысты
І мааісты.
Толькі ўсе яны – хіжыя папулісты…
Многа іх.

А фінал непазбежна прыходзіць такі:
За нахабны падман належыць расплата…
У непальскага хлопчыка да аўтамата –
Два ражкі.


Лікі

Памяці Анатоля Сыса
Я крочыў вуліцай ля “Акіяна”,
Ды раптам голас Сыса паклікаў.
Стаў як укапаны, зачараваны
Яго незвычайна прасветленым лікам.

Праз стому нагрузак –
Крутых, грахоўных –
На свет прабіваліся рысы святога.
Паэту пісалася.
Вольна, роўна
Ён вершы чытаў,
Сыпаў імі, бы з рога.

Прамовіў, як часу прайшло парадкам,
Напэўна, гамонкаю сэрца расчуліў:
“Давай мяняцца…
Бяры майку, братка…
А мне, калі ласка, аддай ты кашулю”.

Абмен адбыўся.
Зноў кожны рушыў
Сцяжынай сваёй
Праз жыццёвыя пожні.
Было так,
Нібы паглядзелі ў душы,
Нібы падзяліліся лустай апошняй.

Мы ўсе без астатку – народ той самы,
Які быццё неўміручае вершыць,
Які яднае камедыю з драмай,
Які цалуецца з пляшкай пад крамай,
Якому жыцця не шкада на вершы.

Ён тым па-сяброўску ў каршэнь натоўк бы,
Што носяцца:
“Культавы…
Першы…
Вялікі…”
Я крочу,
Выхопліваю з натоўпу
Абліччы, якія нагадваюць лікі.

Шэрыя сцены

Шчасця міг крывёй аплоцім,
Мы з табой, нібы на сцэне.
Душна душам,
Цесна плоці
У абрыдлых шэрых сценах.

Ах, як хочацца на волю,
Святкаваць наноў спатканне
Ці ў бары,
Ці ў спелым полі…
Уратуй жа нас, чаканне…

Радасць блісне з-пад павекаў,
Знікнуць грукат,
Крыкі,
Цені…
І ў абрыдлых шэрых сценах
Свята ёсць для чалавека.


Двое

Кахання неспасціжную прычыну
Не разгадаць ні зараз, ні пасля…
Над існасцю –
Жанчына і Мужчына,
Злітыя,
Як неба і зямля…


Каханне – гэта свабода

Яму няма ні пачатку,
Ні зводу,
Яно –
Прыцягненне і барацьба…
Разам з каханнем прыходзіць свабода
Нават у сэрца раба.


Рамяство

Я люблю і цаню сваё рамяство,
Ды не веру ў заклік:
“Ні дня без радка!”
Бо не могуць весці паэзіі шво
Без супынку
Розум,
Душа
І рука.

Так бывае, што толькі надзеяй жыву,
Не даю і нічога сабе не прашу…
Я на рукі бяздумна кладу галаву,
Проста дыхаю,
Каб адагрэць,
На душу.