12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Запрудскі

_____________________
Горад і сейбіты ветру,
ці У цянотах магічнага рэалізму

— Я прыйшоў чытаць сны, — сказаў я.
— Так мне загадаў Горад.
Харукі Муракамі.
“Краіна цудаў без тармазоў і Канец Сьвету”.

...Гэта былі людзі, якія ўпэўніліся, што ў сьвеце няма
ні славы, ні гонару, і растрачвалі свае дні і ночы на тое,
каб бесперастанку пералічваць памылкі іншых.
Паўла Каэльё. “Брыда”.

Горад бачыць — на хваробу.
Таксама: у Кіеў пойдзеш Богу маліцца.
З беларускага народнага соньніка.
Ён як вярэдлівая стрэмка-прыдзіра ў целе нашае літаратуры. І дастаць — балюча, і далей так жыць — няма як. Дзіўна, але Дуніна-Марцінкевіча, сентыменталіста, гэтая праблема нібы абмінула: ён нядрэнна пачуваўся і ў горадзе, і ў вёсцы. З камертонам жа новай літаратуры — Францішкам Багушэвічам — сталася інакш: “Не люблю я места (па-расейску горад).//Надта там цяснота і вялікі сморад”. І пайшло, і паехала... У нашаніўскі перыяд адзін Багдановіч тузаўся ня як “дзядзька ў Вільні”, у міжваенны — трохі контрпрадуктыўна маладнякоўцы, малапасьпяхова Чорны ды кампанія, па вайне як кампраміс пасьля “вялікага перасяленьня” нарадзілася формула — “сена на асфальце”. І куды ні кінь — усюды яно, недарэчнае і асуджанае. Так і жылі-былі. Пакуль не прыйшлі збольшага “агарадзелыя дзеці”, урбанізаваныя сталічным метро. У пачатку 80-х Адам Глобус дэклараваў, што з мастацкім аграрызмам, яго манаполіяй, трэба канчаць. І меў аднадумцаў.
Але сена і дагэтуль мучыцца ў сваёй гарадской неакрэсьленасьці. Варта згадаць безьліч мастацкіх вылазак схварэлых месьцічаў на прыроду. Не адгрыпозілі, не перагарэла, не перабалела... Але свой беларускі БАМ у гарадской іпастасі будаваць давядзецца. Гэта Янка Брыль мог замілавана выказвацца: “...Нам пасьля гораду ўсё тут (у вёсцы. — І. З.) так люба ды хораша”. Сучаснаму чытачу, можна меркаваць, такія прызнаньні калі не надакучылі, то мусілі набіць аскому. Вірус вёскі дагэтуль сядзіць ледзь ня ў кожным беларускім пісьменьніку. Яго носьбіты стала жывуць у горадзе, але не ператварыліся ў месьцічаў. Зьелі не адну булку з макам, ходзяць па-цывілізаванаму — на ўнітаз, але ня могуць парваць са шчымліва-празаічным мінулым. З міжвольнай “крывадушнасьці”, у якую трапляюць некаторыя аўтары, некалі пакепліваў В.Кароціч: “І мне бывае шкада пісьменьнікаў, якія першую палову жыцьця энергічна трацяць на тое, каб трывала ўладкавацца ў горадзе, а, уладкаваўшыся, другую палову выкарыстоўваюць на напісаньне кніг пра тое, наколькі ў вёсцы лепш і “благостнее”. І мне таксама іх шкада.
Беларуская літаратура цяжарная горадам. І гэты стан трэба асэнсаваць. Цытую Рыгора Бярозкіна: “...І яшчэ слоўца: “надуманае”, “надуманы”, і таксама вельмі зручнае, каб ім ратавацца там, дзе перад намі няпростая творчая задача”. Навошта прывёў? Бо урбаністычная праблематыка з катэгорыі надуманай даўно ператварылася ў “няпростую творчую задачу”, якую наўрад ці плённа вырашаць на трафарэтным узроўні — “ня наша...”.
Бярозкін жыў у час, калі ня верылі ў казкі, дакладней, калі ўважалі ісьцінай адну казку. Вось чаму ўсё іншае выступала як “надуманае”. Цяпер — інакш. Пісаць казкі — не загана. Іх мкнуцца апавядаць многія. Але ці ёсьць сучасныя творцы — казачнікі? Пытаньне! Ды, што такое казка? Няўжо “апавядальны, звычайна народна-паэтычны твор пра выдуманых асобаў і падзеі, пераважна з удзелам чарадзейных фантастычных сілаў”, як падаецца ў слоўніках? Уга! Тады процьма сучасных пісьменьнікаў — праўдзівыя казачнікі, якія проста ня хочуць прызнацца і хаваюцца за іншым найменьнем. Для іх паслугаў быў “прыдуманы” нават асобны тэрмін, кшталту аксімарана, — магічны рэалізм (у далейшым — МР), нібыта і літаратуразнаўчы (навуковы), і метафарычны адначасова.
Казачнікі — магічныя рэалісты — казачнікі...
Родапачынальнікам МР у рускай літаратуры называюць Мікалая Гогаля. Тады ў нас яго бацька — Ян Баршчэўскі. Хто мог прадбачыць дваццаць гадоў таму, што “стомлены” навуковай фантастыкай чытач на мяжы тысячагоддзяў з імпэтам пачне глытаць фэнтэзі і з няменшай апантанасьцю, нават эйфарыяй, успрыме яго серыяльныя экранізацыі? Уважаю ня толькі бестселеры “Уладары пярсьцёнкаў” і прыгоды Гары Потэра, але і мноства эпігонскіх увасабленьняў рознай, часам сумнеўнай, вартасьці. Але факт ёсьць факт: сучасьнікі выяўляюць цікавасьць як да містыкі і фантастыкі ўвогуле, так і да міфалогіі і дэманалогіі ў прыватнасьці. Гэта знаходзіць натуральнае і яскравае адлюстраваньне ў літаратуры, а таксама навуковых працах ды крытыцы. Для нашых сучасьнікаў характэрна барочнае сьветабачаньне, з яго агнастыцызмам, удыганьнем перад містыкай, кампіляцыйнасьцю тэкстаў, культам слова і імкненьнем ствараць нейкі паралельны мастацкі сьвет, дзе пануе парадак, а ня хаос. На гэтай хвалі ў Беларусі мы становімся сьведкамі імкненьня сьцерці мяжу, што разьдзяляе талент і геніяльнасьць у стаўленьні да Баршчэўскага. Нагадаю, беларускі пераклад “Шляхціца Завальні” цалкам пабачыў сьвет толькі ў 1990 годзе. Значыць, ня так і даўно. Сучасьнікі пісьменьніка адрэагавалі на яго творчасьць, мякка скажам, стрымана. Таму персьпектыўнасьць яго мастацкіх пошукаў напоўніцу была ўсьвядомленая і ацэненая землякамі праз паўтара стагоддзя: толькі ў нашу эпоху.
МР запанаваў спачатку ў лацінаамерыканскіх, затым, пачынаючы з 60-х, і ў еўрапейскіх, а крыху пазьней у некаторых азіяцкіх літаратурах. Праўда, знаўцы даводзяць яго нямецкі генезіс. Што ж? Гофман, браты Грым, дацкі “германец” Андэрсен ня дарма елі свой хлеб. Сёньня МР вырас у магутны літаратурны напрамак, асаблівасьці эстэтыкі якога рэльефна акрэсленыя ды растыражыраваныя і ў інтэрнэце. Вось мая выбарка некаторых выяўных яго пазіцыяў-патрабаваньняў-прыёмаў:
1) выкарыстаньне містычных і фантастычных элементаў, сутнасьць якіх не вытлумачваецца, а прымаецца як дадзенасьць;
2) часавыя аберацыі, або нават калапс, татальнае разбурэньне часу, калі падзеі бясконца паўтараюцца;
3) мінулае кантрастуе з сучасным, астральнае з фізічным, а персанажы між сабою;
4) адкрыты фінал, які дае чытачу вызначаць, што праўдзівей — будзённасьць ці фантастычнае;
5) альтэрнатыўнасьць ракурсаў у трактоўцы падзеяў рознымі персанажамі, таму аповед можа весьціся як ад першай, так і ад трэцяй асобы;
6) насычанасьць сімваламі і вобразамі:
7) выключная функцыя ўнутраных маналогаў, успамінаў, сноў, мрояў і г.д.;
8) вымалёўваньне эмацыянальных партрэтаў і сексуальнасьці герояў;
9) замена месцамі прычыны і вынікаў;
10) зварот да фальклору і міфалогіі;
11) шматлікасьць дэталяў сенсорнага ўспрыняцьця;
12) давядзеньне да абсурду, да карыкатуры нейкіх чалавечых рысаў.
У дадатак усё часта суправаджаецца знарочыстай размытасьцю геаграфічных рэаліяў. Класікі МР — Амаду, Борхес, Кастанеда, Муракамі, Рушдзі, той жа Лук’яненка ды нямала іншых вядомых імёнаў.
Вось праз такую эстэтычную лінзу паспрабуем зірнуць на герояў ды іх прасторавае бачаньне ў творах двух празаікаў: Міхася Южыка, аўтара фантастычнай аповесьці “Горад, які яны засялілі” (Маладосць. 2007. № 10), і Анатоля Казлова “Горад у нябёсах (учора, сёння, заўтра). Аповесць” (Маладосць. 2008. № 1). Ужо з назваў відаць, што цэнтральны вобраз у іх —горад. Відавочна, што назвы, па аўтарскай задуме, павінны справакаваць чытацкую актыўнасьць, схіліць да разнастайных асацыяцыяў...
Атрыбут постмадэрнізму — гульня. І пісьменьнікі — адрываюцца... А што крытыкі — ня людзі? Ці яны не былі дзецьмі?..
Кампазіцыя “Гораду...” Южыка патэнцыяльна зьмястоўная, сіметрычная, і нават мае схільнасьць да выражэньня пэўнай ідэі. У першай частцы горад рэальны, нелюбімы героем, які працуе настаўнікам роднай мовы і літаратуры “ў колішнім беларускім райцэнтры з насельніцтвам дзесяць тысяч чалавек”. Хрыбоціч, такім прозьвішчам надзяляе яго аўтар, 27-гадовы былы жыхар сталічнага Менску — “чалавек нават празмерна далікатны для гэтага занюханага гарадка!”, дзе настаўнічае “на працягу апошніх гадоў чатырох”. Правінцыйны горад герой люта ненавідзіць: ён населены “вылюдкамі”, у ім няма “дзейсных ... і высакародных душ”. Педагог нават мае ўласную тэорыю нелюбові, якую яшчэ прадэманструем. “Занюханы”, “закінуты”, перапоўнены брыдкаслоўем, “тупасцю абывацеляў і ўвогуле правінцыйнай бесталаччу” горад... Адразу згадваюцца так званыя гатовыя формы — рускія класічныя ўзоры Гогаля, Салтыкова-Шчадрына, Платонава, Маканіна. У варожай прасторы жыве адчужаны ад усіх южыкаўскі герой, падобны да аналагаў, створаных французскімі экзістэнцыялістамі. Ён актыўны: вядзе перманентную вайну з вучнямі, канфліктуе з калегамі, адным словам, пакутуе тут. Ён ня можа рэалізаваць нават сьвятое — свой пісьменьніцкі патэнцыял. Шматкроць сядае, ды ў яго ніяк ня пішацца, каб ухапіць жаданага Нобеля. Таму і спаганяе раздражненьне праз драпежна-вызвольны секс з тутэйшай дзяўчынай, з якой не зьбіраецца мець будучыні. Яна інструмент, або лепш агрэгат, для адхланьня і задавальненьня фізіялагічных патрэбаў. Што гэта? Пратэстная зьмена статуса літаратурнай традыцыі, увасобленай у аўтарскай характарыстыцы коласаўскага Лабановіча: “Адно слова “дзяўчына” выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк? Цалкам можа быць.
Такім чынам, перад намі акарыкатураны, а ў дадатак і помсьлівы эгаіст у іпастасі нацыянальна-сьвядомага індывіда, які прымушае вучняў размаўляць па-беларуску. Тут няма нічога фантастычнага, нават адсутнічае дзіўна-незвычайнае: усё цалкам у плоскасьці паўсядзённага жыцьця.
Але настае канкрэтная кропка новага часавага адліку. Сярэдзіна лістапада, дзень нараджэньня бацькі, які застаўся без віншаваньня, сварка і брыдкая лаянка з сяброўкай, разьюшанасьць, п’янства і бязмэтнае бадзяньне па гарадскіх шынках, парушэньне прынятых нормаў маралі — атрыбуты дэградацыі. Герой нібы кідае выклік усяму... Дзе тое бачана, каб настаўнік роднай мовы ды гэтак блазнаваў? Злачынства! І ўсё мінулае жыцьцё Хрыбоціча пайшло ў глум. Назаўтра для яго ўсё ў сьвеце будзе зьняпраўджана і з’іначана, а сам ён зьняволены.
У другой частцы той жа горад, але ілюзорны і зачараваны, без жыхароў, населены ў далейшым прывідамі-зданямі. Спроба вымкнуць з яго пацярпела фіяска: абмарачэньне на мосьце (трэба думаць, сімвал апошняй лучбы з рэальным сьветам) пасьля чаго герой нялёгка апрытомнеў. Ён, пазбаўлены чалавецтва, марыў бы трапіць у звычайную турму. Пакараньне!
Горад-вязьніца, горад-кат і... лекар, з паўсюдным брыдкім пахам прэлага лісьця (гл. № 11). “Кватэра — гэта апошняе маё прыстанішча! Гэта склеп, у які я лягу навечна... Божа!” — у роспачы забожкаў герой-апавядач і пачынае прамаўляць беларускі варыянт “Ойча наш”. Акрамя кватэры апісваецца яшчэ адна прастора, зачараваная, — двухпавярховы рэстаран “Карунак”, які наведваюць вечарамі 30–40 зданяў, пераважна сталага ўзросту “з аднолькавымі абыякава-безуважнымі выразамі твараў”. Выбачаюся, але прачытваецца, як патэнцыяльныя чытачы беларускай літаратуры. Рэстаранная кухня духменіць стравамі (размаітымі творамі), але там няма абавязковай у рэальным жыцьці гамарні. Рэстаран — гэта нейкі гарадскі культурны топас, а што ў ім адбываецца мае падкрэсьлена тэатральны характар. Сюды можна прыходзіць увечары, есьці, піць, і ні з кім не кантактуючы, сыходзіць. Гэта адначасна закрытая і адкрытая прастора, якая ператвораная ў тэатр абсурду. Сьвет Хрыбоціча звузеў да кватэры і рэстарану:“...Зрэдку цягаюся ў рэстаран. Мне там ніякавата і нецікава. Але ж чалавек ня можа ня бачыць людзей. Мы народжаныя, каб знаходзіцца побач, — ужо гэта я цяпер ведаю”. Шынкі, кавярні, рэстараны — прастора заўсёды вобразна зьвязаная з літаратурай. Па ідэі гэта мусіць быць нейкі асяродак багемства. Якога?.. Хрыбоціч заракаецца “не бачыць гэтых агідных, нячулых манекенаў” (NB: “Вячэра манекенаў” Раісы Баравіковай), наведнікаў “Карунка”, але як асуджаны Сізіф зноў прыходзіць туды. Чым далей, тым большае адчай, згрызоты...
Але ж пачварны горад не настолькі бескарысны. У ім адбылася “педагагічная містэрыя”: герой нарэшце ўзяўся пісаць. І, о дзіва, вельмі дбае пра чытача, дзеліцца з ім пісацкім (так іранічна ў тэксьце) клопатам, працуе над рукапісам... “Горад...” Южыка — не антытэза вёскі, гэта антыпод абсурднай прасторы паўсядзённасьці. Герой-апавядач колькі дзён гойсае па пакінутым пустым горадзе, каб нарэшце зразумець сваю звышзадачу: апісаць усё, што з ім здарылася, засьцерагчы іншых, хто можа трапіць у зачараванае места. Тут сфера фантастычнага таксама ў многім апісана як рэальнае.
Але гэтае месца, бадай, ёсьць сімвал пісьменьніцкай самарэалізацыі. Там няма чаго рабіць, толькі як пісаць, спадзеючыся на недарэмнасьць уласных творчых высілкаў. Хрыбоцічу быць тут давеку, але аповесьць заканчваецца амаль аптымістычна: “Так, у мяне нават ёсць надзея быць прачытаным”. Зноў жа згадваюцца “Запіскі вар’ята” Гогаля.
Як і любы пісьменьнік, Южык хоча быць правільна прачытаным. Ён пагадзіўся б з Яўгенам Баратынскім: “Хто адгадаў сапраўдны намер аўтара, таму і кнігу ў рукі”. Аднак горад беларускага празаіка — ня тая рэч, якая дужа можа напружыць. Многае навідавоку. Ідэя мройнага гораду, як чыстцу для апантанага і агрэсіўнага індывідуаліста, прапагандыста і насаджальніка чагосьці нацыянальнага... Ці можа быць прызнана інавацыйнай? Магчыма. Творчы замах, канешне, немалы: алюзія на вядомыя акалічнасьці — прычыну ізаляцыі, у якую трапіла штосьці. Усё тут, па ўсёй верагоднасьці, алегарычнае. Чаго стаў варты герой без нялюбых сугараджанаў? Гэта зразумела нават з кароткага пераказу. Памфлетныя вобразы свядомых беларусаў, здаецца, уваходзяць у моду. І ў гэтым бачыцца нешта творча-мазахісцкае, крызіснае. У творах сучаснай літаратуры настойліва, хоць і не заўсёды адкрыта, часьцей у падтэксьце або на ўзроўні алюзій, мусіруецца і іншая думка: пра гістарычную віну нацыянальнай самасьвядомасьці (не народу!) перад адукаваным і нацыянальна арыентаваным індывідам. У нас узаемаадносіны творчай асобы і грамадства па-рамантычнаму вострадраматычныя. Але ж будзьма!..
Можа, дарэмна “паклёпнічаю” на арыгінальнага аўтара? Ён жа канстатаваў: “Мяркую, сюды патрапілі далёка не ўсе, хто сканаў, для кожнага прадугледжаны свой горад — той, які заслужыў”. Значыць, кожны з сотні нашых райцэнтраў можа мець такі горад-спадарожнік, які лечыць канкрэтныя людскія хібы. Адзін з сучасных рускіх прасунутых рэвізіяністаў літаратуры зазначыў: “...Я неяк незаўважна стаў злосным і не маючым апраўдальных спасылак на ўзрост напісальнікам тэкстаў...”. Ці не пра аднаго сябе гэта ён? Таму невыпадковым уяўляецца і тэрмін жорсткі МР.
Прынамсі, з дванаццаці прыведзеных пунктаў эстэтыкі МР толькі два не знайшлі адлюстраваньне ў южыкаўскім “Горадзе...” — пяты і дзясяты (адсутнічаюць розныя пункты гледжаньня ды фальклорная ці міфалагічная вобразнасьць). Іншыя ж — “эксплуатуюцца” напоўніцу. Зрэшты, можа чытачам прапануецца варыянт найноўшай міфалогіі? Тут мушу зноў працытаваць Бярозкіна: “Гэта літаратурна залежная рэч”. Южык прапануе аповед-споведзь, амаль дзёньнік. Але руская класіка, “Чужаніца” Камю, “Замак” Кафкі і асабліва “Краіна цудаў без тармазоў і Канец Сьвету” Муракамі ды штокольвек яшчэ так і паўстаюць за аўтарскім тэкстам. Агню ў саломе не схаваеш. Знайшоў дзіва! “Які час?! Не малюем, а перамалёўваем, не пішам, а спісваем, не спяваем, а пераспёўваем усе ўсіх. Імправізацыі, варыяцыі, копіі, алюзіі, каментары, цытаты, запазычанасці, плагіяты, крадзяжы вобразаў — суцэльны постмадэрністычны боб-гарох”, — заложна і неяк асуджана канстатуе Адам Глобус, здаецца, ужо цалкам запраграмаваны на гіперрэалізм.
Практыка постмадэрнісцкай творчасьці шырока маніпулюе рэмінісцэнцыямі. Надзвычай модным стаў тэрмін інтэртэкстуальнасьць. Мабыць, на ўзьлёце капіталізму, з яго аптымістычным дэвізам недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці, гэта называлася б інакш — плагіят. Цяпер жа ніякія патэнты не ратуюць. Нярэдка знарочыстае выкарыстаньне нейкага мастацкага вобразу або ўвогуле ключавой вобразнай схемы з твораў папярэднікаў даходзіць ледзь не да ступені перапісваньня іх, рымейкаваньня, што не ўважаецца заганным. Добра, калі пры запазычаньні ключавых вобразных рысаў першакрыніцы ўсё ж ствараецца нешта арыгінальнае, самастойнае. Чытач сноў з “Краіны цудаў без тармазоў і Канца Сьвету” Муракамі, як і Хрыбоціч, назаўсёды трапіў у зачараваны горад, насельнікі якога пазбаўленыя ценяў, але могуць хаця б размаўляць між сабою. Беларускі празаік абвастрае сітуацыю яшчэ больш: яго горад бяз ветру, бяз неба, бяз сонца, а герой ня толькі ня можа яго пакінуць, але і амаль цалкам пазбаўлены міжчалавечых зносінаў. А гэта вам, як любіць пісаць спагадлівая да аўтараў Ірына Шаўлякова, зусім ня хухры-мухры...
Стоп! Ня варта забываць, што ў савецкія часы літаратуразнаўчы кампаратывізм увогуле нярэдка разглядаўся як у многім шкодная методыка, якая нібыта толькі даказвала пераймальны характар некаторых “маладзейшых” літаратураў найпрагрэсіўнейшага сацыялістычнага рэалізму. Апошнія ж тэндэнцыі ў беларускім красным пісьменстве пераконваюць, што параўнальны аналіз у нас усё больш будзе рабіцца запатрабаваным. Калі дэ факта ня стане зусім дамінуючым? Таму пакінем больш шчыгульнае супастаўленьне будучым кампаратывістам.
Аднак змадулюем сітуацыю, у якую можа трапіць імаверны пасьлядоўнік Южыка, перадусім на ніжэйшым рэдактарскім узроўні. Думаю, калі ён падыдзе не па-эпігонску, то ня будзе настолькі педантычным у вызначэньні росту некаторых персанажаў (галоўны герой — “каля ста васьмідзесяці пяці сантыметраў”, яго нахабны вучань — “ніжэй за мяне, можа, на якія тры сантыметры”, гульлівая вучаніца — “ростам за сто семдзесят сантыметраў”). Цяжка сказаць, якую мастацкую функцыю па задуме аўтара мусілі “выконваюць” гэтыя “сантыметры”. Зрэшты, памятаецца, герой адной аповесьці проста саромеўся ўзяць у рукі касу, меншую за “дзевятку”, а сам празаік быў надзіва шчупленькім мужчынкам. Затым відавочныя “ляпы”. Разьюшаны герой “учапіўся ў...світэр” калегі, а праз колькі радкоў “адпусціў... піджак”. Такая метамарфоза з пераапрананьнем. Або “прымус, у якім захавалася трохі бензіну”. Гэты прыбор запраўляецца газай. Няма нічога без “але”. Руская мова — каштоўны скарб, але пад яе ўплывам стыль нашых празаікаў поўніцца такімі выразамі — “ніякіх цялесных пашкоджанняў”, “перавысіў свае паўнамоцтвы”, “не збіраюся прадстаўляць сябе ў нейкім лепшым святле”, “праезджай часткай”,“сядзелі ў верхняй вопратцы”, “атмасфера царыла далёка не вясёлая” (чаму не панавала?), “адправіўся спаць”, “адправіўся ў ванную”... Канешне, стыль — гэта чалавек. Але калі б замяніць “у маёй прысутнасці” на “пры мне”, “меў магчымасць знаходзіцца” на “мог быць” і падобнае, то, можа, не давялося б дэклараваць-абяцаць чытачу: “Цяпер мушу апісваць тое, што са мной адбывалася, у яшчэ сціслейшай, лаканічнейшай форме”. Дарэчы, пра лішнія словы. “Дастаў з шафы ўсе магчымыя коўдры...”, “запасся вадой, напаўняючы ёю ўсе магчымыя ёмістасці”. Думаю, немагчымыя коўдры дастаць герой ня мог, нават пры мастацкай умоўнасьці падзеяў, апісаных у творы.
Ну, і досыць пра тое, чаго ня варта насьледаваць.
Калі віртуальны горад Южыка — гэта чысьцец або пекла, у якім герой асуджаны на самотніцтва, то ў Казлова — гэта рай, “краіна Продкаў”, насельнікі якой карэкціруюць паводзіны жывых людзей. Там галоўны герой 32-гадовы Антак Перуновіч сустракаецца з Ганэлькай, сваёй “няспраўджанай жонкай” “з даўняга-даўняга жыцця”, якая тлумачыць задачы мройнага гораду: “Усё вельмі проста: не дазволіць людзям згубіць дарэшты створанае пакаленнямі мільёнаў папярэднікаў... Вы, зямныя, хутка на ўсё забываецеся, не ўмееце рабіць высновы... І ў ранейшыя часы прабацькоў, калі жыццё даходзіла да пэўнай мяжы развіцця і дабрабыту, вы нішчылі створанае дарэшты. Даводзілася нам, свету Продкаў, пачынаць усё наноў, з нуля...”. І праўда, вельмі проста. Ёсьць “Краіна цудаў без тармазоў...”, хай жа будзе і “краіна Продкаў — тармазы”. Неяк гэтак прачытваецца.
Трапіўшы ў іншасьвет, южыкаўскі герой Хрыбоціч напрыканцы твору прызнаецца: “А вось што ўсур’ёз непакоіла, то гэта стан маёй псіхікі”. Пра Перуновіча аўтар ужо на першых старонках даводзіць чытачам: “Ён не адзін раз ужо задумваўся над тым, што з’яўляецца найлепшым жывым дапаможнікам для вопытных псіхіятраў. Вось дзе мелі б яны магчымасць разгарнуцца! Шкада, што не даюць небаракам за іх адкрыцці Нобеля”. Такім чынам, абодва героі — ці ня блізкія да псіхапатыі. Толькі першы — нікому не патрэбны перасьледнік, другі — хворы ад маніі перасьледу. Абодва — крайнія індывідуалісты, з гіпертрафіраваным пачуцьцём выключнасьці. Толькі гэтае адчуваньне дапамагае Хрыбоцічу дзейнічаць у “царстве мёртвых”, лічыць толькі сябе жывым сярод іх. Перуновіч жа какетнічае: “Я хачу быць звычайным, такім жа, як усе людзі, што навокал”. А калі даведаўся, што яго знаёмая таксама ведае пра краіну Продкаў, то “ўскочыў з канапы і агаломшана застыў на месцы. Ягоныя губы бязгучна варушыліся”. Паказальная рэакцыя на тое, што ты не такі ўжо унікальны, а як і хтосьці. Такі ўдар з цяжкасьцю перанесла ... яго “выключнасць і абранасць”.
Абодва — і халерык Хрыбоціч, і флегматык Перуновіч — у паняверцы, падаецца, самі дрэнчаць сябе. Зважайце, што іх, як літаратурных персанажаў, характарызуе рэдкая для твораў нашай прозы факусіроўка ўвагі на сабе. Але ўзровень гэтай, умоўна скажам, канцэнтрацыі значна розьніцца. У героя Южыка яна дасягае выключнай ступені. Усе пабочныя персанажы аповесьці малююцца, дакладней, нават маркіруюцца, толькі з пункту гледжаньня таго, якія “крыўды”, часам даволі “дзіўныя”, яны ўчынілі галоўнаму герою. Гэта датычыць як блізкіх (сястры і бацькі), так і проста знаёмых — вучняў, калегаў і непасрэднай начальніцы, дырэктрысы школы, а таксама сяброўкі і яе таварышкі. У героя няма дружбакоў, нават сяброў, нібы адсутнічаюць і суседзі, згадваецца толькі нейкі неакрэсьлены прыяцель. Наш зьнялюдзелы настаўнік беларускай мовы нікога не любіў і не любіць, жыве ці існуе нібы ў вакууме. З Антакам сітуацыя іншая. Ён вельмі любіў бабулю, пасьля страты якой упершыню і ўбачыў горад у нябёсах, — паваротная кропка новага часавага адліку. Аўтар прапануе даволі яркія, хоць і эскізныя, эмацыянальна-псіхалагічныя партрэты Танькі і Сьветкі (пра іх яшчэ пагаворым). Праўда, у Перуновіча таксама не заўважаецца сяброў-мужчынаў, з імі ён ў аповесьці не калягуе. Дзе ўжо тым кулакам, выкрываным некалі за пачварную адсутнасьць інстынкту калектывізму, да адчуваньня чужынскасьці сярод людзей, уласьцівай цяперашнім літаратурным персанажам. У адлюстраванай празаікамі мастацкай рэчаіснасьці ня проста холадна і няўтульна, у ёй куды больш чым па-быкаўску сьцюдзёна.
Але ўвогуле падобнага настолькі шмат, што часам думаецца пра творчую палеміку Казлова з Южыкам, а ня з нейкім там японскім модным карыфеем. Ва ўсякім разе, яны прадстаўнікі аднаго літаратурнага напрамку... Якога?
“Антак адзін. Сам-насам з вялікім горадам... Ніхто табе не патрэбны, і ты ўсім да лямпачкі. Парадокс... А мо, усяму віной індывідуалізацыя... “Можа, адзінота гараджан праяўляецца ці, лепш сказаць, з’яўляецца вынікам недахопу месца, прасторы... Чаму ж тады мы імкнёмся ў агромністы статак, паўзём усімі праўдамі і няпраўдамі ў мегаполісы з крынічна-светлых вёсак, пасёлкаў, мястэчак... Відаць, убіваючыся ў горад, мы хочам спраўдзіць спрадвечную жывёльную наканаванасць: у статку прасцей і лягчэй выжыць”, — разважае герой Казлова пра долю ў вялізным горадзе з метро. Южыкаўскі ж Хрыбоціч, хоць фразеалогія амаль тоесная, сваю нелюбоў скіроўвае на іншую прастору, малога гораду: “... Даводзілася проста швэндацца па горадзе ці сядзець на лаўцы перад пад’ездам. У горадзе зусім не было дзе пашпацыраваць. У нас не гуляюць, як у мегаполісах кшталту маёй роднай сталіцы, дзе ты небеспадстаўна спадзяешся не сустрэць ніводнай знаёмай душы. Тут няма праспектаў, бульвараў, колькі-небудзь прыдатных сквераў, а тым больш паркаў, тэатраў і цыркаў. А таму, выбраўшыся з дому, ты не можаш проста гуляць, табе трэба кудысьці і па штосьці ісці, з кімсьці сустракацца, з кімсьці гаманіць... Па маёй тэорыі, менавіта ў такіх гарадках, як наш, чалавеку нічога не застаецца, як збіцца ў статак... Таму што вы — у статку, вы зразумелыя, вы не выклікаеце падазрэнняў. А галоўнае, вам самім будзе спакойна. Так, спадарове, адзінокі чалавек на вуліцах нашага гарадка выдае на голага пасярод апранутых”. Вось такая розьніца ў зьмястоўнай вобразнасьці. Адно пакаленьне, блізкія праблемы, запраграмаваныя вобразы, роднаснае мастацкае бачаньне, па сутнасьці, стэрэатыпныя кампаненты зьместу і формы, непадобныя хіба што ў істотных нюансах. Адрозніваюцца найбольш ідэя і стыль (у Казлова намнога гладчэйшы).
Па тэксьце “Горада ў нябёсах...” скрозь расьцярушаны досыць традыцыйныя філасофскія ісьціны ды маралістычныя сентэнцыі або запыты такога ж кшталту: “Жалеза ж не плоць чалавечая”; “Яны — неад’емная частка прыроды, яе сарцавіна, аснова і апірышча. Кожная птушка, яшчарка, мятлік...”; “Куды падзеліся ўстаноўленыя маральна-этычныя межы дазволенага і забароненага?”; “А час бязмежны. Ён быццам ёсць і разам з тым яго не існуе”; “Існуюць моманты, калі агульнае трэба ставіць вышэй за асабістае”; “Тое, што павінна здарыцца, абавязкова будзе, бо гэта не залежыць ад нас” і многія іншыя. Невыпадкова аўтар да першага з прыведзеных “афарызмаў” сам дадае “праўдзівая банальнасць” і іранічна называе ў самахарактарыстыцы героя “філосафам са зруйнаванай вёскі” (перасяленец з зоны). Часам для пісьменьніка дрэнна, калі ён піша толькі розумам, як Казлоў, а не “пяром”. Вуснамі міражнай Ганэлькі канстатуецца: “...Наша краіна Продкаў не мае аргументаванага вытлумачэння”. Нават дэкларацыйна ў згодзе з канонам магічнага рэалізму (гл. № 1). Ды, і амаль усе іншыя пункты, можаце праверыць, не ігнаруюцца. Таму пакінем іх ды паўзіраемся пільней на героя.
Антак Перуновіч, яго аблічча, раскрываецца ў стасунках і нават найбольш у дыялогах з трыма жанчынамі. Ну, проста нейкае слаўнае правіла трох жанчын. Адна — гэта “эйфарычная” Танька, былая яго каханка, такая сабе гульлівая Венера, якая зацяжарыла Бог ведама ад каго, весялуха, усё ёй анігадкі. Яна выцягвае бяздогляднага героя-сузіральніка з падземкі, дзе ён хаваецца ад сваіх “страхаў”, вядзе ў бліжэйшае кафэ “Бярозка”, частуе каньяком і прапануе зрабіць гэты дзень для яе “непаўторным, запамінальным да глыбокай старасці”, прычым за свой жа кошт. Безвынікова. Апатычны, разгублены, “нудны” “хлопец” увесь унураны ў сабе недавярак, бо бачыць мройныя здані, адмаўляе прыгажуні.
Затым зьяўляецца Ганэлька, анёл-ахоўнік, якая некалі была нявестаю героя, але памерла ад сухотаў. Яна штодня кладзецца з ім у ложак і адганяе ад яго сны, радуецца яго ўдачам і бароніць ад няшчасьцяў і праблемаў. Яна высакародна не згаджаецца з гучным званьнем анёла-ахоўніка, але бескарысьліва дапамагае не заблытацца ў рэальным жыцьці. Аднак дзіва: пасьля знаёмства з горадам у нябёсах Перуновіч ачужэў у рэальным сьвеце.
Трэцяя — Сьветка, на разуменьне якой спадзяецца мужчына, які ў свае 32 гады настойліва называецца аўтарам “хлопцам”. Гэта адзінокая пяцідзесяцігадовая кабета, якая глядзіць на сьвет як мудрае дзіця. Бо нацыянальна сьвядомая, яна невыпадкова мае прозьвішча Літоўка. Герой прыходзіць на яе кватэру пад нумарам 66, у пад’езьдзе на падваконьніку чорны кот (згадваецца і булгакаўскі), з якім яны разам і трапляюць у гасьцінную прастору жаночай самотнасьці. Ім рады. Пакуль Сьветка завіхалася на кухні, герой заснуў. Зноў каньяк, закускі, паслужлівасьць прапануюцца яму. Ну, проста нейкі заняпалы “альфонс”, якога жанчыны хочуць залагодзіць, у тым ліку выдатная гаспадыня Сьветка. Рамантыка... І пачынаецца доўгі дыспут-спрэчка пра беларусаў, нацыяналізм і патрыятызм, ВКЛ, маральныя каштоўнасьці і г.д. і да т.п. Высьвятляецца, што Сьветка, пра якую аўтар гаворыць скупа (нават невядома ці бязьдзетуха яна), ад нараджэньня ведае пра краіну Продкаў, што ўяўляецца герою хваравітым мроівам. Стоеныя спадзяваньні жанчыны, што ў кампаніі будзе весялей вечараваць, так і ня спраўдзіліся: “Маўчала Светка, маўчаў і Антак. Яны чакалі нечага ці некага, што павінна было нарадзіцца з іхняга маўчання. Хоць што ці хто здолее нарадзіцца з бязмоўнай пустаты? <...> Іхняя недагаворанасць хутчэй нагадвала бясслоўнае разуменне, бо сэрцы Антака і Светкі біліся ва унісон. <...> І гэта ўсё памножанае на дваіх.
— Я пайду, Антак усхапіўся з месца.
<...> Перуновіч не помніў, як выйшаў за дзверы Светчынай кватэры....” Чаму гасьцяваньне нечакана стала Антаку няўсмак? Можа, вінаваты чорны кот?.. Ці так падкрэсьліваецца парадаксальнасьць, неадэкватнасьць героя?.. Ці аўтар наважыўся апісваць толькі высокую духоўнасьць?.. Або адрасаваў аповесьць чытачам старэйшага школьнага ўзросту з намерам убачыць яе ў зборніку “Школьнай бібліятэкі”? Можна прапанаваць яшчэ шэраг здагадак, але ці трэба? Зрэшты, адказ дасьць Ганэлька, якая будзе ехаць з героем-дзіваком у таксі і ўсё “рассакрэціць”, пакідаючы яго. У прынцыпе, важна іншае: як і разьняволеная легкадумная маладзічка Танька, разумная і мудрая Сьветка ва унісон канстатуе: “Які ж ты тлумны і нудны, Антак”. Нават каханая Ганэлька будзе настаўляць яго як дзіця: “Антачак, ну, не гуляйся ў дзяцінства. <...> Будзь жа ва ўсім дарослы і сур’ёзны”. Гады старыя, а розум дзіцячы. Праўдзіва інфантыльны ці што? Аднак добра, што ў яго ўсё нетрагічна скончылася.
Калі ў гераінь Казлова былі рэальныя прататыпы, ім застаецца толькі паспачуваць. Сталую Сьветку ўвогуле амаль шкада. Аўтар робіць яе носьбітам нейкіх маралістычных імператываў, бо ўкладае ў яе вусны тырады, набліжаныя да банальнай дыдактычнай публіцыстыкі. Мяркуйце самі: “Не перабівай. Я і сама саб’юся. Але, сённяшні чалавек заеўся, атлусцеў, выпусціў на пярэдні план жыцця жывёльны пачатак, так бы мовіць, інстынкт, орган асалоды... І яшчэ, да слова, — знікла радзінная повязь між людзьмі. Дзеці забываюць бацькоў, а бацькі кідаюць дзяцей. Стрыечная роднасць не ў пашане. Сусед — не дружбак ці ў нечым дарадца, а найчасцей — вораг ці аб’ект для зайздрасці... У нашым жыцці раскашуюць ідэалы Амерыкі, Захаду...”. Веру, веру, веру..., што такія размовы і вядуцца ў інтымнай абстаноўцы. Трэба знаць, што сказаць. Папраўдзе, менавіта Светка, як персаніфікаваны вобраз з функцыяй рупара аўтарскіх ідэяў, пакінула найгоршае ўражаньне ў аповесьці. Калі ў творы ёсьць аўтабіяграфічнае, то Казлоў далёкі ад дасканаласьці майстар адбіраць з яго і адаптаваць па-мастацку адпаведны матэрыял.
Каб зразумець менавіта гэтую аповесьць, вырашыў зьверыць літаратурны “га­дзіньнік”. Таму кніга літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ Міхася Стральцова “Пячатка майстра” была праштудзіравана невыпадкова. Натуральна, вока адразу зачапілася за артыкул “Сёння: учора і заўтра”, сугучны з назвай аповесьці. Ён датаваны 1985 годам, калі бягучы працэс меў зусім іншыя формы, крытыка пераважна дабрадушнічала і рэдка калі нехта мог пачуць востры закід у свой адрас. Упэўнены, хтосьці можа пракрасамоўнічаць, што гэта была прыкмета культуры крытычнага выказваньня, а не вынікі дыктату цэнзуры і славутай карпаратыўнай “талерантнасьці”. Яшчэ адкажу... Тагачасная крытыка, калі перачытваеш сёньня, як тая гнуткая асінка, што і камар сагне. Стральцоў між іншым марыў і асцерагаўся зазірнуць у літаратуру заўтрашняга дня, верыў, што толькі творчая сьмеласьць, адсутнасьць разьліку “на забяспечаныя “тылы”, на неадкладнае разуменне нават, — у рэшце рэшт будуць садзейнічаць станаўленню літаратуры па-сапраўднаму арганічнай і аналітычнай”. Ён у агульным плане называў шэраг заганаў у тагачаснай прозе, а негатыўную ацэнку атрымаў твор толькі аднаго празаіка — Васіля Гігевіча, манера і пошукі якога ў той час мне, студэнту, прызнаюся, вельмі імпанавалі. У чым жа справа?
Пагартаў кніжку аповесьцяў “Жыціва”, балазе яна ёсьць у маёй бібліятэцы і, галоўнае, здагадваўся, на якой паліцы яе шукаць. Аповесьць “Дом, да якога вяртаемся”, упершыню надрукаваная на старонках “Маладосці” ў 1978 годзе, апавядае пра вяртаньне з гораду ў вёску. У ёй выдатна адлюстравана тое, што называецца “духам часу”. Ёсьць там вельмі многае, асабліва ў лістах сяброў, пра што гаворыцца і ў аналізаваных мной аповесьцях: замкнутасьць аднаго з герояў у сабе, пагоня за дабрабытам, заняпад вёскі і закінутасць бацькоў, пра народ, які ”вышэй за асобу, якая б сабе яна не была”, пра простыя ісьціны, такія як памяць, пра тое, што “дарэчы, адзін чалавек не можа жыць...”, нават пра тое, што “справа не ў тым, дзе жыць: у вёсцы ці ў горадзе”. Згодны, вечныя людскія праблемы і маральныя шуканьні. Але ўразіў і падштурхнуў думку адзін сказ: “... Вось я напісаў, перачытаў і падумаў, што ўсё ж у мяне атрымліваецца нейкая павучальна-асветніцкая гаворка”. Раю паразважаць над гэтым і Анатолю Казлову. Вядома, добрага творцу і карчма не папсуе, а дрэннага і царква ня выправіць.
Цяпер вернемся да артыкула Стральцова. Крытык дакараў маладых празаікаў за запозьнены “матыў настальгіі па маральнай цэльнасці і духоўнай паўнаце быцця..., матыў, найчасцей укаранёны, паводле аўтараў, у сялянскім пабыткаванні”. Вось яно... Беларуская літаратура так званага сацыялістычнага рэалізму была насамрэч пераважна асьветніцкай у сваіх мастацкіх падыходах: класіцысцка-сентыменталісцкай... Адсюль яе дыдактызм і рытарычнасьць, проціпастаўленьне гораду вёсцы, паэтызацыя патрыярхальных нораваў і звычаяў... З тае пары прайшло нямала часу, многае зьмянілася... Але, калі меркаваць па аповесьці Казлова, ледзь не публіцыстычнае маралізаваньне дагэтуль застаецца ахілесавай пятой нашай прозы, творцамі якой ёсьць былыя вяскоўцы. Трансфармаваўшыся жанрава, тэматычна, стылістычна, чаго і прагнуў Стральцоў, яна, на жаль, так і не пачала натуральна хадзіць. Не вучы мяне кульгаць: і так сем год ногі ба­ляць. У Казлова няма побытапісальніцтва, ёсьць фантастычнае, элементы плыні сьвядомасьці, насычанасьць дыялогамі, пэўны псіхалагізм, але старая хвароба паўсюль вылазіць дыдактычным кашлем. А можа, гэта таму, што сёньня выдацца для школьнікаў — амаль сінонім творчага посьпеху? На жаль, для некаторых, часам, гэта і становіцца самамэтай. Але, бадай, для пятнаццацігадовых южыкаўская аповесьць пра “злачынства і пакараньне” настаўніка будзе цікавей за пошукі ўцямнасьці ды месца ў жыцьці дзівакаватага героя Казлова. Дарэчы, Стральцоў дакараў Гігевіча за практыку “пераказваць, як-кольвек белетрызуючы, вычытанае ўчора ці сёння з “Иностранной литературы” або з “Науки и жизни”. Зразумела, у чый адрас дыскурсуецца...
Аповесьці Южыка і Казлова, зразумела, ня першыя ўзоры “хімернай” беларускай прозы. Яны напісаныя ў традыцыях “цягучай”, “клейкай” стылістыкі. Мяне, прызнаюся, не зусім цешыць сам факт, што калі МР квітнее ў людзей, то ён неяк мусіць выявіцца і ў нас. Зразумела, літаратурны канцэпт мройнага гораду, які дазваляе напоўніцу адлюстраваць псіхічныя перажываньні кожнаму, не зусім новы і ў нашай прозе. Ён дапамагае адлюстраваць любую манію, розныя праблемы з клёкам, скрушныя нявыкруткі, стымулюе палёт фантазіі, дазваляе разняволіць плён усяго патаемнага, прапанаваўшы мройны горад як цягнік з вагонамі ўласных комплексаў. Пішы не хачу. Ірына Шаўлякова слушна зазначае ў артыкуле “Апалогія рэалізму”: “Зрэшты, сёння хутчэй павераць у нерэальнасць рэчаіснага, чымся ўсумняцца ў рэчыўнасці іррэальнага. Літаратару (тым больш айчыннаму) усё цяжэй канкурыраваць з “будзённым жыццём” — у пакручастасці фантазіі. Да таго ж чалавечая экзістэнцыя няўмольна “віртуалізуецца”, і спрэчкі пра тое, што больш умоўнае — жыццё ці літаратура, — набываюць “якасць” рытуальных турніраў”. І мы сапраўды нібы на віртуальным турніры, дзе стомленыя ваяры часам, аціраючы пот, ненадоўга паказваюць свой рэальны твар у нерэальнай мастацкай прасторы. Сарамлівы южыкаўскі аўтар ня раз адкрывае заслону, каб чытач пабачыў начыньне яго творчай лабараторыі: “...Варта агаварыцца. Недзе вышэй я ўжо пра гэта пісаў, але не грэх паўтарыць: аповед мой пагражае раздзьмуцца да неспадзяванай велічыні, стацца зацягнутым і малачытэльным. А таму я рашыў, па меры магчымасці, прыбраць з яго апісанне ўсіх маіх страхаў, здзіўленняў і ашаламленняў. Чытачу і так будзе ясна, што, сутыкнуўшыся з такімі абставінамі, я не мог не баяцца, не здзіўляцца і не паддавацца роспачы. Пастараюся пазбегнуць і зацягнутых апісанняў, і дэталёвасці, і нават разважанні мае паспрабую як мага скараціць. Падазраю, праўда, што гэта не зусім атрымаецца”. Казлоў жа так фіксуе бягучы стан свайго рэфлексіўнага героя: “Надакучыла! Стаміўся ад унутранага дыялога”. Дык, гэта герой стаміўся ці аўтар, які радзей, чым у Южыка, “выяўляе сябе”? Пакінем і першае, і другое без непасрэднага каментара.
Упэўнены, што складана будзе знайсьці ахвотнікаў прачытаць як я “сузмрочныя” (Хадыка) аповесьці Южыка і Казлова тройчы. Адзін з артыкулаў Стральцова так і называецца — “Усе жанры добрыя, акрамя сумнага”. Дык дзе ж, калегі-празаікі, “па-сапраўднаму сонечныя творы”? У сучаснай прозе пераважае змраката, штучна нагнятаюцца паныласць і апатыя, а так хочацца трошкі праўдзівага сонца ў каламутнай халоднай вадзе нашай белетрыстыкі. “Места”, аднак, а не вёска, узгадавала Багдановіча. Паэт заваражыўся чароўнымі прынадамі горада і з захапленнем апісвае рознакалёрнасць мястовага выгляду і мястовага жыцця. І тут амаль не кожная з’ява дае яму страву для філасофскіх разваг”, — пісаў Максім Гарэцкі. Бачыў жа Кніжнік у горадзе, і пазітыў, і сваю філасофію, і няшэрыя фарбы... На жаль, нашым літаратурным сучаснікам не хапае веры ў будучыню, хаця б трошачкі сьціплага аптымізму.
Зьяўленьне вобразаў “мройных гарадоў” у нашай літаратуры заканамернае. Яно характарызуе як рэальны стан (больш за 70 працэнтаў нашага насельніцтва складаюць гараджане, а гэта больш за дзьве трэція), так і сьпецыфіку бягучага літаратурнага працэсу, “калі стаіць задача разбурэння традыцыйных афіцыяльных стыляў і светапоглядаў, амярцвелых і стаўшых умоўнымі” (Бахцін). Кандовыя стылі беларускай вясковай і ваеннай прозы можна лічыць амаль “афіцыяльнымі” ў нашай літаратуры, а адпаведныя ім сьветапогляды сапраўды ўспрымаюцца як “амярцвелыя” і нават “умоўныя”. Таму і Южыкам, і Казловым, як прадстаўнікамі маладзейшай генерацыі, прапануецца іншы стыль, іншы сьветапогляд, іншая ўмоўнасьць, угрунтаваная на элементах фантастыкі алегарычнага і маралістычнага парадку. МР, сьведчаць факты, пра якія ішла гаворка, сёньня пачынае проста раскашаваць у нашай прозе, што пацьвярджаецца і іншымі прыкладамі, хаця б відавочным камерцыйным посьпехам і асаблівымі чытацкімі сімпатыямі да раману Нікі Ракіцінай “Ганітва”.
А чвэрць стагоддзя таму з ім змагаліся грунтоўна, на ідэалагічным узроўні. Ня верыце? Калі ласка, фрагмент з праграмнага артыкула В.Каваленкі “Час абавязвае” (1983): “Адкрытае і глыбокае сацыялагічнае даследаванне — арганічная асаблівасць марксісцка-ленінскай тэорыі, якая патрабуе сапраўднай навуковасці. Падпарадкавацца законам сапраўднай навукі — не лёгка. Куды лягчэй збочыць з абавязковага строгага кірунку навуковага даследавання ў прыдарожнае кустоўе містычнай фантазіі. Тут табе ніхто не ўказчык. Што хачу — тое і наварачу. Лёгка, вольна і прэстыжна! Так, і прэстыжна! Бо містыка драпіруецца сёння пад самыя перадавыя і перспектыўныя прадчуванні сучаснага навуковага генія, хоць у сапраўднасці гэта зварот да сярэднявечча”. Я ні ў якім разе не асуджаю дасьледчыка, па няволі змушанага арыентавацца на перадавіцы “Правды”, і таму выкрываць такія хібы, ”як ідэалізацыя патрыярхальшчыны” і “містыфікацыя ўяўленняў пра сучасны свет”. Верагодна, ён нават імкнуўся, па меры магчымасьці, з’амартызаваць сітуацыю, калі зазначаў: “Бяда заключаецца ў тым, што захапленне містыкай вельмі часта ўзнікае на аснове натуральнага і прагрэсіўнага імкнення пазнаць новае і невядомае”. Такім чынам, як бачым, ніякімі пастановамі і рэгламентацыямі немагчыма спыніць разьвіцьцё аб’ектыўных тэндэнцыяў у літаратуры, іх можна толькі замарудзіць, запаволіць.
Многія палажэньні каваленкаўскага артыкула, прасякнутага шчырым клопатам пра літаратуру, застаюцца надзвычай актуальнымі і сёньня. “А ці мае магчымасць крытык крытыкаваць тады, калі ён лічыць гэта патрэбным? Не, не мае. — Так адкрыта і катэгарычна заяўляў вядомы літаратуразнавец і раскрываў празаічныя акалічнасьці. — Калі крытык не крытыкуе, гэта не заўсёды яго віна. Ужо даўно гаворыцца, і гаворыцца справядліва, што значную частку адказнасці за кампліментарны стан сучаснай крытыкі нясуць рэдакцыі літаратурных часопісаў і газет. Усё-такі рэдка можна сустрэць супрацоўніка рэдакцыі, які асмеліўся б змясціць крытычны матэрыял на твор пісьменніка, які працуе ў выдавецтве ці ў рэдакцыі другога часопіса, і мы ўсе ведаем прычыну такой нясмеласці... Проста рэдакцыям працуецца спакайней, калі яны цураюцца вострых крытычных артыкулаў і рэцэнзій”. Такія абставіны, як і “нястрымная кампліментаршчына, несупынная пахвальба”, супраць якіх выступаў Каваленка, аб’ектыўна павінны былі ў наш час саступіць месца, і некалі, веру, саступяць, іншым, прынцыповым падыходам у крытычным цэху.
Канешне, пішучы пра аналізаваныя аповесьці, нескладана, нават лягчэй было б толькі і гаварыць пра мастацкае багацьце і жанравую шматстайнасьць, пра пошукі ўнутранай вобразнай дыферэнцыяцыі ў сучаснай беларускай прозе, пра наяўныя наватарства і арыгінальнасьць творчай практыкі канкрэтных аўтараў, іх адметныя паэтыкі, якія раскрываюць важныя заканамернасьці і пэўныя ўстойлівыя тэндэнцыі... Але не захацеў... Бо не жадаю па-валюнтарысцку загадзя вынаходзіць ў бягучым працэсе творы, якія сыграюць этапную ролю ў літаратурнай гісторыі. Слова не пірог, ня выкінеш за парог. А то яшчэ справакуеш рэалізаваць такі намер: А каб гэта ўзяў, не чакаючы, пакуль тое будзе, сам на сцяне свайго дома павесіў дошку: “Тут, пачынаючы з 19.. года, жыве выдатны беларускі пісьменнік...”?” (Брыль). Лічу, што адным з найбольшых дасягненьняў сучаснасьці стала зжываньне недатыкальнасьці літаратурных “фігураў”, якіх не крані як Юр’я сьвятога. Яны, як правіла, многа друкуюцца, напэўна, яшчэ больш пішуць, у дадатак і пры пасадах... І крытык хочаш ня хочаш задумваецца: “А можа, гэта і ёсьць будучыя класікі, з якімі ня варта, бо бесьперсьпектыўна, чапацца?” У выніку губляецца аб’ектыўнасьць ацэнак. Але ці мала ў нас было твораў, абвешчаных бягучай крытыкай выключнымі, а праз колькі гадоў забытых усімі?
Мне хацелася ўсяго толькі закрануць некаторыя асьпекты вобразна-выяўленчай навізны ў літаратуры, паказаўшы сучасных герояў і элементы структуры мастацкага метаду МР у яго тутэйшым увасабленьні. Бясспрэчна, тут вялікія магчымасьці, зьвязаныя ня толькі з наўпроставым мусіраваньнем праблем нацыянальнай свядомасці, але і з паказам народнага мысьленьня, якое ці не дагэтуль выражае нашую ментальную сутнасьць, як чагосьці этнічна і культурна унікальнага. Мой водгук — шчырая спроба мысьліць пра мэты, генезіс, паэтыку і “магчымасьці” твораў найноўшай літаратуры. Таму ён і ня мог пазьбегчы эмацыянальных ацэнак. Ня меўшы намеру канструяваць нейкія тэарэтычныя пастулаты, тым ня менш я дазволіў сабе на ўласны густ абіраць методыку аналізу. Дакладней, самі творы мне яе навязвалі. Нікога не хацелася кампраментаваць, а толькі нешта высьветліць. Найперш для сябе, а, калі пашанцуе, то і для чытача.
Хваліць і лісьлівіць жыцьцё навучыць. Ого! Віват! Беларускія Муракамі прыйшлі ня так сабе, а эфектна... дуплетам. Яны, спадзяюся, сапраўды разу­меюць, што надалей ідэнтыфікаваць беларускасьць выключна з вёскай, як гэта часта назіраецца ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі, малаперсьпектыўна.
Яны сейбіты ветру, які нарэшце садзьме сена з асфальту.
Можа, Казлоў і не пагодзіцца? Яго воля.
“Бачылі гэткага майстра з ветру вяроўкі віць?!” — гэта пра сябе. Але лічу, што ў нашай літаратуры вясковае нічога ня страціць, калі зьменшыцца “аб’ём” ненатуральных “енкаў” вясковага ў горадзе, і калі гарадское стане чыста-гладка гарадскім, але прасякнецца нацыянальным духам.

P.S. Непакоіць, што ў нашай літаратуры аўтары мала дбаюць пра аўдыторыю (Южык у меншай ступені, чым Казлоў). Хіба пазіцыя? — “Мы — стваральнікі высокага мастацтва. І калі сьвет нас не разумее, гэта яго праблемы”. Пісьменьнікі чамусьці перакананыя ў сваёй выключнасьці, якая апрыёры мусіць быць цікавай іншым. А калі не? Што, на мой погляд, нярэдка і пацьвярджае практыка. Трэба паласкавець да чытача, думаць пра яго, старацца адгадаць, чаго ён можа хацець. Так робяць некаторыя рускамоўныя аўтары. Няўжо гэта ніжэй нейкіх цьвердалобых прынцыпаў? Ці не таму так часта балонкі выданьняў запаўняюцца тандэтнымі, нізкай якасьці, творамі. Зразумела, пры спрактыкаванасьці і ў іх можна вынайсьці як надзённае, так і вечнае. Але ці трэба? Ня ўсё тое ўсходзіць, што сеюць. Супраць тандэтнай літаратуры не выступаюць толькі жадныя не мастацкасьці, а штодзённаму кавалку хлеба з маслам і ладнай акрасай зьверху. На жаль, замала ў нас твораў, якія перажывуць ня тое-што аўтараў, а дзень іх апублікаваньня. Але ж нам нельга заняпасьці... Таму і напісаў гэтыя горкія радкі.

P.P.S. Сёньня, праз пару дзён па завяршэньні артыкула, атрымаў “Настаўніцкую газету” з інтэрв’ю Анатоля Казлова “Трэба давяраць свайму герою...” з нагоды выданьня яго кнігі “Горад у нябёсах”, зьдзейсьненага ўстановай “Літаратура і Мастацтва”. Віншую персьпектыўнага празаіка і спадзяюся, што мае “меркаваньні” толькі паспрыяюць яе рэалізацыі. “Добра, калі сёння ў пісьменніка ёсць трыццаць-сорак чытачоў...”, — прызнаецца Казлоў. Міжволі прыгадаеш тую ж колькасьць наведнікаў южыкаўскага рэстарану. Нейкая сучасная прытча ва языцах? Неспадзяванкаю для мяне стала інфармацыя, што Казлоў аддаў у “Маладосць” новую аповесьць “Паразумецца з ветрам”. Так што маё метафарычнае акрэсьліваньне гэтага аўтара як “сейбіта ветру” нечакана атрымала, хоць і чыста фармальнае, пацьвярджэньне.