12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Жамойцін

_____________________
Замаўляю Свабодай!
Вершы

Аз есм!

Аз – есм! І аз – буду!
Праз Грунвальд і Воршу я род свой вяду.
Князёў, ваяводаў сваіх — не забуду, —
Хоць прыйдзецца есьці адну лебяду.

Аз – есм! І аз – буду!
Ня скрасьці сьвятла Еўфрасіньні сьвятой.
Скарынавых рытмаў сягоньня здабуду,
І верш загрыміць мой Біблейскай хадой.

Аз – есм! І аз – буду!
Ты сьмецьце, ты попел, чарвяк ты і гной, —
Заходзіцца крыкам чужынец-прыблуда.
Аз – есм! Непарыўна з зямлёю маёй.
Аз – есм! І аз – буду!
Дзядоўскага дрэва галіну вяду.
Я родных імёнаў сваіх — не забуду, —
Хоць прыйдзецца есьці адну лебяду!..


Я твару спакой у душы сваёй

Я твару спакой у душы сваёй;
Зацкаванаму дню – пагібельлю.
У душы – спакой, і вакол – спакой;
Словам з цемры дарогу выбелю.

Нада мною – Бог і са мною – Бог;
Супраць – хто на дарозе знойдзешся?!
Запраданцам стаць калі ты і змог, —
Сваёй злосьцяю – сам і зойдзешся...

Я твару спакой у душы сваёй;
Зацкаванаму дню – пагібельлю.
У душы – спакой, і вакол – спакой, —
Мо яшчэ каго з цемры выбаўлю...


Замаўляю Свабодай!

Першым разам, добрым часам,
І на ўсе вякі з дабром;
Замаўляю словам шчасным
Хату родную з дваром.

Услаўляю, замаўляю
На кудзелі і мячы
Ўсіх, каго прыпамінаю
І каго ўжо – не змагчы...

Па дзядоўскім крэўным Дрэве
Словам-думкаю сную:
Я і ў Полацку, і ў Крэве
І ваюю, і гаю...

Цесьлі, воі, ваяводы,
Ці зазвычай – мужыкі, —
Замаўляю ўсіх Свабодай
Ад вякоў і на вякі!

Змый, царыца-Вадзіца, змый!..

Вадзіца-царыца-ачышчэньніца,
Праз зямельку маю працякаеш,
Белы камень сьціраеш,
Пясочак змываеш.

Змый з Радзімы маёй, Ачышчэньніца,
Недавяркаў рахманых і псоту,
Адрачэнцаў ад мовы роднай, —
Змый, царыца-Вадзіца, змый!..

Змый бясьсьледна, Вада-ачышчэньніца;
Змый і зноў скрозь зямлю працякай,
Белы камень, Вадзіца, сьцірай
І пясочак змывай...


Я – зямля, Паветра, Вада і Агонь...

Я – Зямля.
Бо пясок часьцяком на зубах заскрыпіць,
Калі кідаюць вобзем і вучаць як жыць.

Але я – і Паветра.
Бо на строме і ветры адчайна стаю
І свабодную песьню складаю-пяю.

Я – Вада.
Што з зямлі на паверхню
крыштальна бруіць,
А, даплыўшы да мора, магутна штарміць.

Але я – і Агонь.
Што з вугельчыка сьмела
у цемру глядзіць;
І яго не засыпаць, яго не заліць...
Ён гарыць! Ён гарыць!
Ён гарыць!..


А ў небе сьвітае...

Сьвітае ў небе.
Сьвітае ў кветцы.
Сьвітае ў сэрцы.
Штодзённага хлеба
Раздадзена ў клетцы
Па ўрэзанай мерцы.

Адзін пахваляе.
Другі праклінае.
А трэці маўчыць...

А ў небе сьвітае.
І ў кветцы сьвітае.
А ў сэрцы баліць...


Я ва ўсім...

Я ў травінцы-красавінцы;
Я ў пясчынцы-крышталінцы;
Я і ў лісьціку зялёным;
Я і ў промні блаславёным;
Я і ў кропельцы вадзіцы,
Што загадкава зіхціцца;
Я – што гэты верш натхніла;
Я ва ўсім. Я — Божа сіла...