12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Жуковіч

_____________________
Дабро і зло.
Вершы


Будзь дабраславёная

Я люблю цябе, мая Беларусь!
Люблю тваю мірную і мужную зямлю,
Ласкавыя і пагрозлівыя твае нябёсы,
З акіянамі, марамі ды азёрамі сінечы
Між фантастычна-велічнымі гарамі аблокаў,
Паўстаннямі навальніцаў, бліскам маланак,
Гучнымі арганамі грамоў,
сяміструннай вясёлкай.

Самыя пяшчотныя васількі
цвітуць на тваіх палях,
Самыя натхнёныя жаваранкі
заліваюцца песнямі ў тваім небе,
Самыя закаханыя ў свеце – твае салаўі,
Самыя тужлівыя ў свеце – жураўкі твае.

Беларусь! Мая любоў да цябе – святая.
Не магу цябе пакінуць надоўга:
Радавацца і пакутваць хачу толькі з табой
(Спачуваю змучана-змушаным
тваім эмігрантам--
Папярэднікам і сучаснікам,
а магчыма й наступнікам)…
Ты ўся – з песнямі, палямі і пушчамі,
рэкамі і азёрамі,
Дарогамі і сцяжынкамі, крыжамі і валунамі –
Жывеш у маім сэрцы.

Мая любоў да цябе драматычная,
Маці-пакутніца, у стагоддзях залежная,
Жорстка абкрадзеная, зняважаная!
Скрыжаванне тваіх шляхоў –
Гэта крыж, на якім распнуты
Хрыстос запаветнае волі тваёй.
Але мудрыя твае казкі вучаць:
Агрэсіўнае, вераломнае зло
Не зможа перамагчы даверлівага дабра.
Ці не таму ў тваёй чуйнай душы
Побач з легендамі й казкамі
Народжаны самыя сардэчныя песні
І гучаць яны на мове, такой мілагучнай!

Маці прачыстая! Кланяюся табе,
Няскоранай, мужнай, пакуль незаможнай,
Лясной і азёрнай зямлі,
Сівым курганам, манументам,
Нябёсна-сінім зорачкам васількоў;
Услухоўваюся, як цішыня крыніцаў,
Водар суніцаў, грыбоў
Рыфмуюцца з навальніцай, дажджом,
раскатамі грому --
І душой багамольна ўзыходжу
Да жаўруковых мелодыяў,
Да мадрыгальных пошчакаў салаўёў,
Светлай тугі жураўлінай,
Да нябёсаў тваіх жыццядайных.
О, мая назаўсёды любімая,
Будзь дабраславёная!
Багаславёная!
2000
Наіўнае пытанне

Няўжо вам не баліць, панове,
Вярхі, дзяржаўныя мужы,
Што нашай, бы дзяржаўнай, мове
Няма як вольна дыхаць, жыць?!

Няўжо ніколечкі не сорам
Вам, хто вакол руля стаіць,
Мірыцца з найцяжэйшым горам,
Яго старацца й затаіць?!

Так, гора нацыі цяжкое,
Бо дзе сустрэнецца яшчэ
Дзікунства страшнае такое,
Каб мова зводзілася ўшчэнт!

Ад цемрашальства сёння мода:
Каб мове дагадзіць чужой,
Глушыць сваю, не даць ёй ходу…
Як можна зашкурэць душой?!

А прыйдзе час – і кожнай здрадзе
Трэ будзе ганьбу перажыць
Усім, хто, будучы ва ўладзе,
Для мовы роднай стаў чужы.
2005


Мудрыя птахі

На адным з помнікаў Менску
Выбіта: ФЭ Дзяржынскі,
Хоць і так вядома:
Дзяржынскі – фэ!..
Гэта й два птахі адчулі,
Што селі на галаву
Справіць патрэбу.
1990


Царква, святар і пацукі

У. С. С.
А святар будаваў людзям храм,
Не адзін замінаў яму хам.

Год за годам святар шчыраваў,
Павячэраць не раз забываў.

Храм сышоў з яго лёгкай рукі –
Увайшлі ў чысты храм пацукі.

Самы смелы з іх кажа яму:
“Замінаеш ты войску майму,

Непатрэбен парадак нам твой –
Ты на нашай дарозе не стой!..”

Здзіваваўся святар, думаў ён,
Мо кашмарны яму сніцца сон.

Ён святыняю так даражыў,
Верай, праўдаю людзям служыў,

Дзеля іх узвёў храм на вякі!
А ў яго увайшлі пацукі…
Кастрычнік, 2008


Запавятае геній

1
Шаўчэнка ў думках зноў паўстаў,
Любоўю, праўдай, верай моцны;
У рабстве быў – рабом не стаў,
Жыццё за свой народ аддаў
І выйшаў пераможцам.

2
Ён моцы духу прыдае
Не толькі словам векапомным,
Пачуцці ўзрушвае мае:
Гаротны, а такі нязломны!

Займеўшы волю, мог, бадай,
Ствараць каханай мадрыгалы
І маляваць сямейны рай,
Пра долю хвалявацца мала.

Спакойнай долечка была б
У здзейсненым вялікім цудзе:
Учорашні прыгонны-раб
Так слаўна выбіўся у людзі!..

А ён ствараў “Каўказ” і “Сон”
І асуджаў самадзяржаўе,
І “Запаветам” гнеўным ён
Біў царскі той рэжым іржавы.

І зведаў здзекі, суд, астрог
У адзіноце шматпакутнай.
Як дапусціць такое змог
Прысутны ўсюды Ўсемагутны?!

Ўсё ж да Ўсявышняга Тарас,
Відаць, маліцца ўдзячна рынуў
За волю тую, што якраз
Займела ўрэшце Україна.

3
Вольналюбівы геній мужны
Належыць свету, як і сонца;
Не толькі Бацькаўшчыне служыць –
Спрыяе і маёй старонцы.

Бо цемра вісла і над намі,
Бяды і ў нас не бракавала,
І мы грымелі кайданамі
Пад той жа самаю навалай.

У рэчаіснасці суровай
Жыла й жыве любоў святая:
Шлях да дзяржавы вольнай, новай
І нам Кабзар запавятае.
1994

* * *

Васілю Гэю

У шчырым і шчодрым сяле, у Білыні,
У светлым кутку знакамітай Валыні,
З гасцямі быў я, там сардэчна віталі
Шматлікіх гасцей, там нас так частавалі!
Усё там было: і братэрская чарка,
Каўбаскі, з гарачаю бульбаю скварка,
Й вяндліна, й варэнікі ў свежай смятане,
Ды я пералік ужо доўжыць не стану –
Яшчэ пачастунак быў болей адметны,
Бо скарбаў датычыўся ён запаветных:
О, там, на Валыні на Лэсінай роднай,
Не страцілі людзі смак песні народнай –
Так хораша, звонка пявунні спявалі,
Аж слёзы на вочы ў мяне наплывалі!
Падумай, скажы, пабраціме, чаму так
Усё, што жыве ў песні, -- радасць і смутак –
Душу так глыбока хвалюе, праймае?
Таму што народ Украіны спявае,
Яго прага поўнай свабоды – жывая,
І ўсё, што для шчасця патрэбна, ён мае.
15.08.2010


Замалёўка

Горад абняў жытнёвае поле
Пад’ёмнымі кранамі,
Будаўнічымі пляцоўкамі
Ды гандлёвымі кропкамі.
Горад пашырае межы
За кошт раёна,
Крочыць па яго землях.
Раён хутка справіць дажынкі
І, пэўна, апошні раз
Ён збярэ ўраджай
З абкружанага “монстрам” поля,
Каб накарміць свежым хлебам
Свайго захопніка.
7. 07. 2010


Імгненні роздумаў

Настрой

Шэры асфальт.
Шэрыя дамы.
Шэрае неба.
А ў небе майго настрою
Вясёлка грае.


У сваёй стыхіі

Як птушка ў нябёсах,
Як рыбка ў вадзе,
Жыве музыкантка ў танцы.


Пад небам зорным

У рачулцы адбіліся зоркі,
І падумаў я раптам:
“Яе душа – вада”.

Непадуладнае

Каханне юнае? Бывае.
А старэчае? Ніколі!
Старасці непадуладнае
Каханне. Хаця яму
Ўсе ўзросты падуладныя
(Тут з Пушкіным я згодны)!

* * *

Часта
смерць – кара,
А часам –
ратунак…

* * *

Недалюбліваю клятву.
Не трываю здрады.

* * *

Адзіноту ўсім сэрцам люблю,
Хоць парою – яе не цярплю.

* * *

Дабро і зло – побач,
Часам мяняюцца месцамі,
Плаўна пераліваюцца
Адно ў другое.


Ніне Мацяш – у іншасвет

Бязмежна добрая душа

Ты мне прыслала муміё,
Як карыстацца, расказала.
Здароўе, пэўна, ты маё,
Больш чым сваё, аберагала.

О, колькі помню я, спярша
Ты клапацілася пра бліжніх…
Бязмежна добрая душа
Не ведала турботаў “лішніх”.

Не столькі, можа, муміё
Майму здароўю памагала,
Як слова вернае тваё.
Любоў твая аберагала.
17. 01. 2010


Твая крыўда

Як мог недалікатным словам
Ці, лепш сказаць, неасцярожным,
Няхай сабе і выпадкова,
Цябе пакрыўдзіць так бязбожна!

Я не прыняў твайго паэта,
Твой смелы пераклад Жакмэна,
А напісаў табе пра гэта
Зусім не почыркам джэнтльмена.

О, разумею, як балюча
Табе стрываць было такое!
Тады на водгук мой калючы
Абрынуўся твой гнеў ракою.

Пазней за ўсё мне даравала.
Быў я азораны табою.
Драбніцай крыўда патанала
У моры шчодрае любові.
9. 01. 2010