12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зянон

_____________________
Карціны памяці.
Вершы



Найдаражэйшая Айчына

Атрымаў вестку з мясьцінаў юнацтва, што ўсё марнуецца ды пусьцее, што вымерлі землякі ці зьехалі прэч. Што ў мястэчку чужыя людзі, норавы і гаворка. Што разбураюцца ходнікі, брук, масты і дамы.
Што сьсечаны сад... І нічога няма сьвятога.
І тады я напісаў:

Як быццам замянілі кроў.
Як быццам сон кашмарны:
Бацькаўшчына – якой няма.

Найлюбейшая Радзіма,
Мы вернем Цябе!
Мы адродзім Цябе зноў.
Мы адбудуем Цябе навечна!
2002 г.
Айчына

* * *
У моры шэрасьці і чужыны
Успамажэньне дае
Толькі Айчына,
Сьветлы вобраз яе ў душы
І найвялікшы Бог.
(З цыклу “Чужына”) 2002 г.


Гэтыя

Калі я казаў пра нішчэньне Айчыны,
Вочы іх былі спакойныя,
Нібы гладзь вады.
2004 г.


Краіна

О, багаслаўленая краіна,
Дзе ўсьміхаюцца людзі адзін аднаму,
Дзе на роднай мове вучацца дзеці,
Дзе шануюць сваіх,
Дзе ня чуецца брыдкіх слоў,
Дзе паважаюць бліжніх плён,
Дзе праца ў радасьці ідзе
І чыстае юнацтва,
І чыстая вада,
І шчасьце вечнае
Пад родным небам...
О, краіна ў маёй галаве!
Як жа непадобная ты
На ўсё, што цяпер.
2003 г.


У Залесьсі

Калі я разгроб сыпучы сьнег
Паказаўся камень:
«Ценям Касьцюшкі».
Даўно гэта было.

Чужына

Вецер на чужыне

Пад ветрам гайдаецца
лісьце чужое.
Праз шыбы відаць мне
У мроях далёка
Мой клён пад маім вакном
І студня з цыновым вядром
(О, Божа, — як любае мне!).
Сьцісну я голаў рукамі,
І дзень
праміне
ў чужынй.
2000 г.

Дождж на эвеню “Z”

Крапае дожджык
па чужым вакне.
Пагаварыць бы з дажджом.
Але й ён чужы.
2001 г., Нью-Ёрк

На чужыне клён цьвіце

На сьвітаньні ў цішыні,
Над вясеньнім клёнам,
Калі ў доме чужым яшчэ сьпяць,
Стаю ля вакна:
Як мне вярнуцца да цябе,
рэчка мая!
2001 г., Варшава


Чужыя вішні

Здавалася б
Гэткі ж цьвет,
як на радзіме.
Але душа маўчыць.
2001 г.

Кроплі

Сячэ ў шыбы
дождж чужы.
Як шмат чужога
на кантыненьце.
Іржавая сетка
на мокрым вакне.
2001 г., Нью-Ёрк

* * *
Назіраю за вераб’ямі ў Манхэтане.
Прывітаньне, браточкі.
Але яны тут нейкія,
глуханямыя, ці што.
2002 г.


Дажджлівы дзень на Шыпсхэтбэй

Аж гольле зьвісла
ад дажджу –
Плакучая бяроза.
Так можна плакаць
хіба па Радзіме.
2002 г., Нью-Ёрк


Халодная ноч

На небе месяц,
Таемны і прыўкрасны.
Якая моц — твая краса!
Вось і сёньня на чужыне
Ты мне сьвеціш, як некалі,
Праз марозныя шыбы
У не маім вакне.
2002 г.


На зыходзе зімы

Молімся пра лепшы дзень,
пра лепшы час.
Зноў запахла ў паветры
талай вадой
І сьнегам вясновым
марозная ноч.
2002 г.

У сакавіку ля чужога возера

Лёд растае, вадою набрак.
У жоўтых праменьнях
зьвісае вярба,
Як некалі над Гаўёй.
2002 г. (З цыклу “Як некалі”)


Белая раніца

Ноччу выпаў сьнег.
Прыўбралася бяроза –
на вясельле маладая.
Толькі якое вясельле
ў чужыне?!

Грушка

О, не забыць мне
(Можа, я захварэў?),
Як грушка цьвіла
Перад домам маім.
Кожны дзень не магу забыць.
2003 г.

Чужая вуліца

Не сьціхаецца шум. Нават ноччу.
Піларама машын за чужым вакном
Заглушае паўночны вецер.
2004 г.


Балтымор уздоўж чыгункі

Аблезлыя трушчобы,
сьмецьце, гразь,
Закопчаныя шыбы...
Як існуе,
Пра што тут марыць
Вольны чалавек?
2002 г.

* * *
І трэба ж было мне
Пазнаць чужыну.

Але яшчэ цяжэй,
Калі яна ў Бацькаўшчыне.
2004 г.

* * *
Як цяжка жыць бяз Бацькаўшчыны, як цяжка яе ня бачыць! Думаючы гэтак, я напісаў:

Пасьвяцца коні ўначы над Гаўёй.
Цеплыня.
І ціха журліць вада.
2004 г., Нью-Ёрк


Нью-Ёрк


Нью-Ёрк

Па вуліцах Нью-Ёрку
Ішоў са сьвечкай Чалавек.
Ён заходзіў у метро і крамы
І моўчкі ішоў далей.
І вецер з заліву
Не задзімаў агонь.
Ніхто, як прынята ў гэтым горадзе,
Не глядзеў на Яго,
Не зьдзіўляўся,
Не азіраўся ўсьлед.
Ніхто не заўважаў
Чалавека з агнём
І з дзівосным сьвятлом наўкол галавы.
Абышоўшы Нью-Ёрк,
Ісус Хрыстос ступіў у касьцёл на Брадвеі
І ціха ўвайшоў у абраз,
Дзе тры крыжы,
Што на гары Гальгота.
Я ўсё гэта бачыў адзін,
Тут, далёка ад Беларусі.
2001 г., Нью-Ёрк

Манхэтан-Біч

Зімовым вечарам
я выйшаў да акіяну.
Вецер-вецер, што спытаць
мне ў цябе
Пра маю Беларусь!
2001 г., Нью-Ёрк


Вечныя каштоўнасьці


Простыя разважаньні

Адукацыя яшчэ не дае розуму.
Як вучонасьць – мудрасьці.
Аднак дабрыня вышэй за мудрасьць,
Бо дадзена Богам.
Але нават гэта –
Як жа цяжка зразумець разумным.


Сэнс

Жыцьцё набывае зьмест,
Калі нехта цябе палюбіць.
Яно напаўняецца сэнсам,
Калі палюбіш ты.
2001 г.

* * *
Калі цёмна ў душы,
То ці трэба пра гэта пісаць,
Каб і ўсім было цёмна.
2002 г.

* * *
Проста жыць, калі ўсё, што тваё, з табой.
Але калі поўна вакол не твайго,
То жыць ня проста.
2002 г.

Тэлевізар

Іх часта паказваюць.
Але гэта вельмі дрэнныя людзі.
Бо ў паскудстве
шукаюць красу.
2001 г.


Выхадцы

Не абзывайце народ –
Ён лепшы за вас.
О, вы, такія разумныя.


Некалі ў вандроўцы

Мястэчка. Вуліцы без людзей.
Зайшоў на могілкі,
Думаючы пра прычыну.
І ўсплыло з чытанага:
Калі выгасае памяць,
Магілы зарастаюць
Травой бяспамяцтва.
2002 г.

Хараство

Хараство Зямлі,
З чым цябе параўнаць?
А ні з чым.
Бо нават самае багатае уяўленьне
Не сягае вышэй
за зямную красу.
2007 г.

* * *
Запалілася зорка ў цемнаце.
Не азірайся, бо страціш.


Голас

Абляцела пад ветрам
асеньняе лісьце:
«Сьпяшайся!» –
шапнула ў прастор.
Азірнуўся: бяроза шуміць.
2002 г.

Беларусь

Тая Беларусь,
Да якой ішоў з юнацтва,
Ужо відаць на гарызоньце.
Ці гэта міраж?
Госпадзе, яшчэ б толькі адно жыцьцё!
2007 г


Там, за сіняй смугой...


На беразе акіяну гляджу ў бок Беларусі

Там зыходзіцца неба з вадой,
Набягаюць халодныя хвалі.
Дзе ты, мая найлепшая?
Не магу адарваць вачэй
Ад ружовай палоскі зары.
2003 г.


Вячэрні час

Там, далёка, за залівам,
У вячэрняй сіняве
Агні таемныя відаць
І грэбень горны лесаваты.
Ніколі там ня быў,
На захадзе, у вячэрняй сіняве.
Але што там?
Як рвецца мая душа.
Мо’ ўжо Беларусь?
2002 г., Нью-Ёрк


Карціны памяці

А як там гара пад Трабамі,
Парослая лесам,
Дзе кружыцца сьнег
у калядны дзень?
2002 г.


Там далёка

Бляклыя фіранкі
Калыша вецер
На чужым вакне.
Рэзгільле дрэў.
Пустое неба, нібы ў сьне.
Там, за акіянам,
Цёплая мая Зямля.
2001 г., Нью-Ёрк

Хатка

На фота зірнуў – хатка мая.
І забыты марозны пах,
І вада, што вясною сплыла.
2001 г., Нью-Ёрк


Эміграцыя

Раніцай, калі сьвятлее паўзмрок,
Ля чужога вакна
Гляджу на заснулы сьвет.
2001 г.


Вершы


Паэзія

Паэзія – гэта стан душы.
Высокая паэзія ёсьць выяўленьне
Боскага ідэалу.
Нізкая паэзія ёсьць адлюстраваньне
чалавечых страсьцяў.
Высокая паэзія ўзвышае чалавека.
Нізкая – разбэшчвае...
2000 г.

Пішу ў дарозе

Паэзія, нібы лякарства.
Як пішаш – і супакоішся, і плачаш.
І сьвет здаецца лепшым
Над безданьню трывог.
І ажываюць люстры дзён пражытых,
І летуценьні, мрояў рой,
Дзе ілюзорны сьвет са мной,
Як праўда, існуе, як рай.
Але хто там крычыць за вакном?
Спыняецца мой трамвай.
2003 г.

Пішу на раніцы

Вясной і летам доўгія дні.
Устаю, як адыходзіць змрок,
І пры адчыненым вакне,
Пакуль у доме сьпяць,
Вершы складаю
Сам для сябе.
О, найлюбшая
мая Беларусь!
2003 г.


Пяро

Вершы пішу
аб Радзіме.
Не забыцца б аднак
Абмакнуць мне пяро ў Гаўі,
Што ў вечнасьць плыве –
Акіян-мора.
2006 г.