12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Зьмітрук

_____________________
Памяняйце народ.
Вершы

* * *
Ёсьць поле, гэта поле – Беларусь.
Жалобным крыкам – птах над гэтым полем;
Па кім той птах?.. Па тых, хто быў адолеў
Сяйвом спачацца ў полі Беларусь.

Ёсьць боль, імя якому – Беларусь;
Дзе б ты ня быў, а будзеш закрануты
Начным крылом нясповеднай пакуты...
І забаліць у жылах Беларусь.

Ёсьць вера, гэта вера – Беларусь;
Яе спасьцігнуць – не купіць, ня ўкрасьці...
Зьняверак нават – частка іпастасі
Той веры, што завецца Беларусь.
Ёсьць шлях, назоў якому – Беларусь;
І можа быць, што гэта шлях да плахі,–
Бо мне насустрач не ідуць тым шляхам
Хто-небудзь з тых, хто быў за Беларусь.

Ёсьць поле, гэта поле – Беларусь...
Дзікое неспаробленае поле...


* * *
…І было мне: нябёсы
ўзышлі ўседазвольнай спагадай.
І мажлівасьць далі
на адну толькі просьбу-зварот.
І прасіў я ў нябёсаў адно:
не мяняйце мне ўладу,
не мяняйце краіну, але –
памяняйце народ.

Памяняйце на той,
што ахоўваў спаконныя межы
пяць стагоддзяў таму
і за тысячу вёрстаў на ўсход…
Я ня ведаю бо,
ці таму я народу належу,
ці я – набрыдзь якая… бяз роду,
і дзе ён – мой род.

Памяняйце народ мне на той…
Мо ня лепшы ён самы,
але ён не ў трасянцы спасьціг
свой найпершы Статут;
але кожнага сьвята ён кленчыў
да Вострае Брамы…
Я ня маю, дзе ўкленчыць,
бо Храма нямашака тут.

Памяняйце народ!..
Каб ня жыў ён маною і страхам.
Бо як нельга зьмяніць,
то й Краіна ў нябыце стане,
як тапельца ў віры
ў набрыняла-цяжкіх апранахах.
Разам з тым спаміж іншых,
забраўшы з сабой і мяне.

Памяняйце народ,
як на арфах нягучныя струны,
нацягніце, наструньце
хоць на васямнаццаты год,
бо тады гэты край шчэ –
агульны ня быў пастарунак.
Памяняйце народ мне
на той – пастраляны – народ.

Памяняйце народ найсуздромна
і… разам са мною,
праявіце нябесную моц
невыказнай спагады,
памяняйце, бо мы
несусьветна-пакорнай крывёю
заліемся, але
не народзім народнае ўлады.


* * *
...толькі зараз я зразумеў, што ўсё,
што я спасьціг і чаго дасягнуў у жыцьці,–
усё гэта мела сэнс... толькі побач з ЁЙ...
Н.Гілевіч (з прыватнай размовы)

Як дзіўная прэлюдыя начы
Плыў вечар над ракою тумановай,
І зоры – маякі далёкіх сховаў –
Раскрылі недасяжнасьць далячынь.

Плыў вечар, нібы песьня з-за ракі,
Ціхмяна так, абвострана-нячутна...
І тую песьню, як п’яную руту,
Я піў з твае спатольнае рукі.

І я дужэў!.. Я ўсё на сьвеце мог!..
Як Бог!.. І навыскрозь, і неадкладна.
Як Бог, які адно што падуладны
Расінцы з-пад тваіх бялюткіх ног,

Сьлязінцы з-пад тваіх задумных вейк,
І валасам, наіўна ўкрыўшым плечы...
Я адчуваў, што гэты сьпеўны вечар –
Адзінае, што можа быць навек.

Я адчуваў... Не, я не адчуваў...
Я проста быў тае начы Паэтам,
І кроплю вечаровага Сусьвету
Я, нібы кроплю шчасьця, дапіваў...

* * *
...тут не адзін паэт сканаў...
А.Сыс
...Заліты перадбрамныя амбоны
Крывёю недаверкаў, палых ніцма...
Вітаю цябе, Храм хаўтурных бомаў,
Якіх да веку не скрычаць званіцам.

Ажно ад той Нямігі і да гэтай
(Ды шчэ й да той... дый гэтай апасьля...)
Растурзаных і выклятых Паэтаў
Спароджвала распнутая зямля...

Жывыя ж... хай, камечачы брылі,
Пакорліва... каб сыта, каб ня згінуць...
Хай замаўчаць, бо на маёй зямлі
І так ад горла недарэчных гімнаў.

І лютасьцю марознай азьвярэў
Запозьні сакавіцкі сьнегавей...
А што Паэт...– спакутуе й памрэ,
Аддаўшы кроў шчэ нежывой траве...


* * *
Паводле Уладзіміра Высоцкага
Тваёй, о Божа, волі падуладны,
Ў душы я ўсё-ткі маю грэшны схоў:
Я ненавіджу ворагаў спагадных,
Я ненавіджу здрадлівых сяброў,

Паэтаў ненавіджу тых, што плацяць
Падпанку Божым Дарам за харчы...
Ня клічу я ні бунтаваць, ні плакаць...
Крычаць ня можаш – годна памаўчы.

Я ненавіджу лёстнага маўчаньня,
Я ненавіджу крык, што за рублі,
І зьдзеклівасьць прамоваў пахавальных,
Няшчыра-пакаянна-даравальных,
Над тым, каго ў жывых не бераглі…

Жанчынаў дуркавата-малахольных,
Мужчынаў абяцанкава-пустых,
Я – грэшнай зьненавіднасьці зьнявольнік –
Даруй, не палюблю... любі іх Ты.

* * *
…Спатольны цар сваіх трывог нязводных;
Ў сваёй пакуты – у гаспадарах.
Ён гэта права з яйкам Велікодным
З начных Хрыстовых рэшатаў украў.

І ўзяўшы валадарства над начамі –
Як шчэ ня самы выкляты з жывых –
Ён не сваймі, а Божымі вачамі
Убачыў больш, чым вы і дальш, чым вы.

І да ўтрапеньня ўпіўся ён бязмежжам
Няведамых нікому пуцявін…
Крыві ягонай спрычыніся грэшнай,–
То можа й правай вытварыш крыві.

Ну а калі няправеднасьцю сёньняй
Пражыў ты гэты шлях і гэты сьвет –
Твой крок астатні ў шэрае прадоньне
Ён зробіць за цябе, бо ён – Паэт.

Бо ён адзіны, у чыёй душы
Ані Багам не панаваць, ні злыдням…
І ты яму сплаці – Калядным тыднем
З рукі скарынку птушкам раскрышы.


* * *
Айчына, ты мае дастала жылы.
Нясьцерпныя начы тваёй абдоймы.
Абрыдла мне ўладарства ціхіх стойлаў.
І што з таго, што не адзін так жыў я?!

...Я жыў амаль што з Божых Запаведаў,
Я літаваў і Хама, і Паскуду.
І ты мне жылы выцягла за гэта.
А заўтра скажаш літаваць Іудаў?...

Нажорся я спатугамі чужымі,
Мне гідзіць з талерантнасьцяў маіх...
Айчына, ты з мяне дастала жылы?..–
Хай твае Йуды здушацца на іх.