12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павал Зьмітрук

_____________________
Тэрыторыя Хінжы.
Вершы

Зянону
...Спасьцігшы волю, ты ўзжадаеш волі,–
І будзеш правы...
У полі дуб – адзін, як дуб у полі,
Адзін, як лава
Пасьля выносу
Наўца, што гэтак разьлічыўся з родам:
Сабой астатнім свой спажыўшы род.
Ў самотным полі велічы старой –
Спадзеў паўзьмерлы колішняй нязгоды,
Ці згоды – паміж небам і зямлёй.
Спажыў і разьлічыўся, спрагнуў волі.
А кожны ліст – ваярскае кап’ё...
Каму?!. Хто будзе у чужынскім полі
Шукаць сваё, каб бараніць сваё?..
О акіян маўчаньня, – ледзьве дыхае,
А колькі у сваіх зглынуў вірах!
...Мой край, як поле: чыстае і ціхае.
Як ціха ў чыстым полі паміраць...

Дзеду
...І нельга ня кінуць сьцяг,
І кінуць сьцяг немагчыма,
І шлях, як паходня – рукі працяг –
Полымем прад вачыма.

І неба, нібы жалобны сьпеў,
І вецер, нібы наўзрыд...
Устань, Гарасім, – жыта пасей,
Потым – плён забяры.

Устань,– спагнаць бо трэ за каня,
Што ў стойле агульным згніў...
Я шчэ й пазаўтра ня ўбачу дня,
Які ты заўчора сьніў.

Твой сон – запаведны... Я здрадзіў яму.
Мне даўка пад здрадным крыжам, –
Бо я шчэ ня ўмею маўчаньню свайму
Сказаць «ненавіджу».

Паэту
Мяне тваім уздыхам закружыла,
Тваімі вятрамі, у тваёй вясьне,
Тваіх дарог спатужаныя жылы
Крывёю ўпульсаваныя ўва мне.

Я сейбіт твой, твой конь і твой араты,
Твой стогн, сьлязіна у тваёй журбе,
Я стану нават, Краю мой, гарбатым,
Калі мой горб спатрэбіцца табе.

Як дар прыму я ўсё, што дасцца зьведаць,
І нават Божапомсныя грахі,
І нават занядбанасьць Запаведаў –
Нібы наканаваныя шляхі...

Але, мой Краю, шлях мой завярні
Ад мною сябру зробленае раны
Й ад кніг, якіх ні пры якіх тыранах
Ніколі не разьвеюць на агні.


Вам, якія...
Ноч, як прысуд. І мне ня знаць – завошта;
Ноч, нібы помста. Мне ня знаць – каму.
Як собіць вам, ну што ж – прастаўце кошты
Любому дню распнутаму майму.

Як собіць вам,– судзіце і карайце,
Ўвесь гэты край і так крыжамі ў рад.
Адданы сябар – вам найгоршы здрайца,
Паэт для вас – прапойца... ці вар’ят.

Ды й Бог у вас – лагоднік, ці паскуднік:
Як дасьць усё, альбо ня дасьць нічога...
А я, ручнога не займеўшы Бога,–
Ні сябар, ні паэт і не пакутнік.


Сысу
І чорныя, і шэрыя дажджы
Стаялі, як сьцяна чужога дому,
Як помнік трыадзінаму другому,
Як доля, як паэзія Хінжы.

Як пісягі пакорнасьці на сьпінах,
Як сьлед дзіка – крывёю ў мяккі сьнег,
Як гэты край, які мне не пакінуць,
А ён ці раз пакіне шчэ мяне.

Як немата, што прэч не адпускае,
Як мова, да якой не дажыву.
Я ўкленчыў прад табою, родны Краю;
Я чую, як ты сьсек мне галаву...

Прысьніся, Дзед, і праўду мне скажы
Пра гэту тэрыторыю Хінжы.


Здарэньню
Ня першы промень не ў апошні сьнег –
А як бязвыйсна голаў ускружыла
Нам, назаўсёды стаўшым не чужымі
Ні між сабой, ні будучай вясьне.

Наўпроць халодным крылам скавыша
Гукала нібы споведнай замовай
У невараць сьцяжынаў тумановых
Каханьнем крыжаваная душа...

І недзе летам у сьпякотным пыле
Ў чужых краінах бараніў мяне
Ўспамін, як нас бязвыйсна закружыла...
Ня першы промень не ў апошні сьнег.


Начы
Іх шмат было і п’яных, і няп’яных –
Начэй, што сэрца рвалі па-жывому,
І я пісаў паэму сноў паганых.
Каму... нашто? – А ні нашто... нікому.

Прыходзіў злыд, хоць я яго быў зрокся,
Прыходзіў Бог, ня верыў я Якому,
Я сьніў сваю паэму парадоксаў.
Каму... нашто? – А ні нашто... нікому.

Смылела сэрца, быццам на нажы,
А я – самотны, я – выгнаньнік з дому,
Душу ва ўлоньне ночы палажыў.
Каму... нашто?!. – А ні нашто... нікому!


Зьверу
Я вольны, я воўк, я самотны на сьвет гэты цэлы,
Я выйшаў – сьмяротны ўладар несьмяротнай дарогі;
І вашыя ў гумавых ботах пазяблыя ногі
Мо ступяць па мне, але толькі – па мне спруцянелым.

І вашыя ў лупленых футрах састыглыя рукі
Жывуць шчэ хіба жадабой прад крывёю чарговай;
Азарт неадольны віе вам нявыйсныя ковы...
А я гэту ноч, гэты лес, гэты сьвет спажыву без прынукі.

Бо мой гэты лес, толькі мой, пад адной мы аховай,
Ці ж вас мне баяцца, – у вас і жыцьцё напавер.
Вы чуеце?!. Вы, хто ідзе на крывавыя ловы,–
Ідзіце... Чакаю... Пільную... Наперадзе...
Зьвер.


Творцам
Сутоньняў дым – густы, нявыйсны, сіні;
Паэтам – покрыў, праведным і грэшным,
Як судным сном, як Плачам Ераміі,
Нібы мяжой
прад заўтрашнім бязьмежжам.

Прад безьмежжу, дзе ападаюць ніц
Штандары і лаяльных, і бунтоўных,
Дзе ты адно расплацішся за Слова,
Што ўзяў з недаравальных таямніц.

Зьмізэрніцца спадзеў на забыцьцё,
І вочы ў шэрае ўвальюцца неба,
І ўхрасьне колам тая луста хлеба,
Якой ты сёньня апраўдаў быцьцё.


Кадыру Агзамаву
Аднойчы у мяне забралі друга.
Бяз пошасьці, ня ў морань, без вайны...
Той весткі неадольная папруга
Мяне скруціла почувам віны.

За тое, што й праз тысячы хай міляў
Ня змог яго хоць нечым зратаваць.
Аднойчы ува мне душу забілі...
О як было ёй цяжка ўваскрасаць!

Да Божага нясповеднага круга –
Я не жадаў, а мусіў дакрануцца.
Аднойчы лёс майго паклікаў друга.
Я ўсьлед пайшоў... Я – не магу вярнуцца.


* * *
Ну й што мне рабіць з гэтым смуткам
няспоедна – горкім,
І з гэтай журботаю восеннапалых лістот...
Я й рады б пяяць ў салаўіных гаях надвячорных,
Я й рады б любіць як ніхто, і адданей, чым хто.

Я й рады б расквэцаць наіўныя барвы нябёсаў
На шэпты таршэрных паўзмрокаў*, на сон-парасон.
А тут – хоць забі... захлыніся хоць з гэтакім лёсам
І з гэтай Хінжою, дзе рваныя раны і скон.

І з гэтай палітрай адно зьнепакоена-сіняй,
Як перадзалеўнай трывогі уздых на зямлю...
Ну й што мне рабіць... Ну ня пішуцца бравыя гімны
Ў Айчыне, дзе месца няма й не было ВАСІЛЮ.