12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак

_____________________
Купальская песьня.
Вершы



* * *

Аддзяліў сьвятло ад цемры
Бог у першы дзень тварэньня, —
Як ня ведаў, колькі церняў
Сьвет на тым шляху сустрэне…

Ведаў Бог. І блаславеньне
Чалавеку на пакуты
Даў, каб сьветлыя памкненьні
Чорнай сталіся атрутай.

Каб за чорнаю заслонай
Не пабачыў ён нічога,
Апроч тайны, акрылёнай
Неразгаданасьцю Бога.

Аддзяліць сьвятло ад цемры,
Каб ня ўздумаў ненарокам,
Зблытаў Бог яму адценьні
Цемрашалаў і прарокаў…


* * *

А што ты ўсё пра сьмерць, пра сьмерць
Рыфмуеш словы, —
Як быццам там шукаеш цьвердзь,
Жыцьця аснову…

Не варажбіт і не шаман –
Асьцеражыся:
А раптам твой самападман –
Залом у жыце?..

Ты знаеш моц магічных слоў
І прадказаньне, —
Глядзі, каб гэта не ўзрасло
Ў наканаваньне…

Сваю стамлёную душу
Ня стаў на карту…
Маўчы аб тым… — сябе прашу,
Каб не накаркаць…


ВОЗЕРА СЬВЕЧАНЬНЕ

Возера Сьвечаньне, — сьвеціцца
Сьвіцязі кропляй малой,
Ціха стагоддзі сакрэцяцца
Ў тонях бурштыннай смалой.

Возера Сьвечаньне, — вечнае
Веча вячыстых бароў.
Возера Сьвечаньне, — стрэчаньне
Звонкіх крыніц і віроў.

Зоры з глыбіняў вылечваюць
Чыйсьці зьнявераны лёс.
Возера Сьвечаньне, — вечарам
Песьня сыходзіць з нябёс…

БУЛЬБА

Над палямі дымы паплылі:
Саладжава гарыць бульбоўнік –
І ніхто нам зараз ня роўня:
Курганамі — бурты на зямлі.

Дачакацца б цяпер зімы,
Бо за ёю — вясна наступае,
І здавён беларусы знаюць:
Будзе бульба — будзем і мы!..


* * *

Мне слова свабода аднойчы
Шапнула: “Ты вольны, як неба…”
А неба спахмурыла вочы:
“Ты раб без надзённага хлеба…”

Мне слова свабода адкрыла
Зямлі з таямніц таямніцу:
“Ты з хлебам, але ты бяскрылы, —
Пластайся нікчэмнасьцю ніцай…”

Я слухаў гісторыі гулы —
І вызнаў: з агульнае згоды
Само ўжо сябе ня чула
Злачыннае слова свабода


ВЫРВІДУШКА

Ах ты полька-вырвідушка –
Сэрца захлынаецца…
Вусны — макам,
Бровы — дужкай, —
Ногі не стамляюцца!..

Полька ўлева,
Полька ўправа,
Полька з пераборамі…
Халадаечка-забава
З ціхімі ўгаворамі…

То маўчала,
То сьпявала
Шчабятухай-птушкаю, —
Не тачка — жыцьця замала
З гэтай вырвідушкаю…

Дзе той бубен, дзе гармонік,
Дзе абцасы гулкія?..
З сівізной гады гамоняць,
Сьпіць падушка мулкая…

І падлога, як падушка,
Сьпіць — не прачынаецца…
Ці душа, ці вырвідушка —
З цела вырываецца?..

Адгуляла, адгудзела
Полька завірухаю:
Вырвідушка адляцела —
Толькі рэха слухаю…


ІДЗІ…

Ідзі ў той край: там смага ня душыць, —
Там ня хочацца піць…

Ідзі ў тое неба: там ні крылаў, ні птушак, —
Сам сусьвет да цябе ляціць…

Ідзі ў тое поле: там поўна хлеба, —
Ні табе сеяць, ні малаціць…

Ідзі ў той бой: там адвагі ня трэба, —
Там вораг, зьнядужаны, сьпіць…

Толькі ведай, дзе яно, ТОЕ,
І — ці мёртвае, ці жывое?..


СЁНЬНЯ…

Ах, якія вы сёньня героі,
Ах, якія вы ўсе змагары… —
Штурмам, нібы ахейцы Трою,
Вы цэкоўскія бралі муры…

Хто ў драўляным кані, хто пешкі:
Не палоніць — здавацца ў палон
Вы ішлі, — і ад ног вашых сьцежкі
Тут зіяюць да сёньняшніх дзён…

Ды і памяць жыве ў народзе —
Вартавыя тут сёньня тырчаць:
Забаронена побач праходзіць,
Каб сьлядоў вашых не затаптаць.

Не змагацца з сістэмай агорклай,
А каб нешта сабе раздабыць, —
Лезьлі: хто па геройскую зорку,
Хто па званьне — народным быць…

Ці то ўсё вам далі прымусова?
Што ж ніхто не разнасьцежыў рот
І ня крыкнуў партыйным совам:
“З вашых рук не бяру ўзнагарод!..”

Што ж цяпер захліпацца ад крыку,
Як рэжым той і біў, і мясіў,
І лічыць змаганьнем вялікім,
Што ў кішэні кукіш насіў?..


ТРЫ ЗНАЁМЫЯ

Адна мая знаёмая, дарога,
У рай вяла, ды ўсё далей ад Бога.

Другая, з ласкай боскаю, жанчына,
Мяне ў свае анёлы залічыла.

А трэцяя знаёмая, асіна,
У Бога дараваньня мне прасіла…


* * *

“Азялілі вы маю галовачку…”
(Можна: “Азяліла…”, “Азяліў…”), —
Пацягні за гэтую вяровачку —
Слова, нібы сонечны наліў:

Зельлем ап’янёнае і кветкамі –
З вуснаў мінчука й палешука…
Моў на сьвеце шмат, а слоўца гэткае
Толькі ў нашай можна адшукаць.

“Азяліць” — чароўнымі напоямі
Галаву схіліць ці ўзьвесяліць,
Зёлкамі, заваранымі ў полымі,
Гнеў суняць ці здраду спапяліць,

“Азяліць” — купальскай моцы травамі
Сьцежкі зашаптаць і закружыць,
Каб ня знаў, ці левая, ці правая,
І ці ў пекла, а ці ў рай бяжыць…


* * *

Бяроза на фоне аблокаў,
Нябесная госьця амаль, —
Я нізка, а ты высока –
Імкнёмся ў бязьмежную даль.

У тую далёкую далеч,
У далячынь з журбой,
Якую не разгадалі
Ні людзі, ні мы з табой…

І кемнасьць маем, і крылы, —
Вось толькі ўзмахнуць бы як сьлед!..
Дык што? – не хапае сілы?
Ды не! — ёсьць маленькі сакрэт.

А хто ці што нам заменіць
Зямлю, на якой стаім?..
Гадаем — і ўсё разумеем:
Нікуды мы не паляцім…


* * *

Купальская згадка –
Валі да 6 ліпеня

Песьня з цішыні
Выплывае ў жыце:
Хай купальскі цьвет
Дорыць дзесяць жыцьцяў.

Хай і ў вышыні
Кветка расьцвітае —
Неба да зямлі
Зоркаю зьлятае.

Хай гараць агні,
Зьзяюць іскры ў росах,
Хай плывуць вянкі
І злучаюць лёсы.

Хай гуляюць дні,
Хай хвіліны скачуць, —
Як ня будзе нас,
Хай стагоддзі плачуць…


САМОТНАСЬЦЬ

Лысагор’е захмарыла зоркі,
Ціха памяць гукае вясну,
Ложак стыне завейным пагоркам –
Не сагрэцца і не заснуць…

Ноч убор пахавальны шые
Дню пад сьпеў ветрабойнай імшы…
Сам сябе абдымаю за шыю,
Быццам маю намер задушыць…


ДНІ

Быццам вечна мне вечнасьць
Будзе сыпаць іх жменяй…
А зірні па-старэчы:
З кожным днём дзён тых меней…

Як нявыкрутка ў прыпар –
Ні спыніцца, ні збочыць.
Быццам гоніцца з хрыпам —
Хто? — ня бачылі б вочы!..

І куды гэтак тлумна
Час з папрокам сьпяшае?
Што ж я гэтак бяздумна
Дні свае абганяю?..


* * *

Уваходжу ў верш, як у раку,
Аддаюся вершу, як каханьню,
Як наканаваньню на вяку:
Выйду кім і што са мною стане?..

Вырак пэўны: буду ўжо ня тым.
Штосьці прыляціць з нязнаным словам,
Што калісьці Бог замкнуў на сховы, —
Вырвецца з касьмічнай нематы…

Штосьці назаўсёды й страчу я
І душы часьцінкай незваротнай
Адлячу. І повязьзю сьмяротнай
З ёй душа пародніцца чыя?

Гэты вырак — мой ён ці ўсявышні:
Іншым быць?.. Ды з радасьцю, як з болем,
За сябе, душа, ці пастаіш ты,
Каб застаўся я самім сабою?..


МОВА

Нібы рана нажавая
Каля сэрца блізка:
“Аджывае, аджывае…” –
Цьвердзяць ад калыскі…

І няўжо ў труну з тым лягу?..
Божа, дай мне сілы,
Каб адолець гэту зьвягу
І адтуль — з магілы.


БЕЛАРУСУ

Навошта мне замілаваньне,
Што ты ў рахманасьці жывеш
І ў сьне спрадвечным на кургане
Чаканьне рабскае жуеш.

Паўстань, мой браце, з летаргіі,
З душы тло рабскае страсі, —
У паняверцы воля гіне, —
Шляхоў да волі не прасі.

Шлях здабываецца ў змаганьні –
Ня траць жа ў марнаце гадоў.
А сон? Хай сьніцца на кургане
Сьвятою памяцьцю дзядоў…


ВОЛЯ

Жыві — як сьляза, як усьмешка,
А хочаш — як сонца, як гром, —
Хай вечнасьць паблытае сьцежкі,
І воля водзіць пяром.

Жыві загадкай патайнай –
З душою не на паказ:
У кожным радку — пытаньне,
І ў кожным пытаньні — адказ.


* * *

Ня верне часу былога
Ніхто, — напэўна, й сам Бог.
Ды я не турбую Бога, —
Ён даў тады больш, чым мог…

Трагічны лёс чалавечы
Ў асуджанасьці сваёй.
Усё паглынае вечнасьць, —
І хто я — ці што? – перад ёй?..

Глядзіць маладзік на поўню,
Як птушка глядзіць на зьмяю…
Я помню цябе, я помню –
І вечнасьці не аддаю…


ДАКОР

За цябе ў невымоўным страсе:
Словам згубленым сэрца плача, —
Як і жыў, так і вечны застаўся
Пры табе — з душою дзіцячай.

Не пачула, як сьвет ён пакінуў
Нераскрытаю кнігай сусьвету.
Ты прыспала, Радзіма, сына,
Ты праспала, Радзіма, паэта…


* * *

Іду ў зямлю і зьліваюся з сонцам,
Раблюся часьцінкаю Бога.
Пачынаецца шлях — бясконцасьць:
Усё — і нічога…