12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак.

_____________________
На сямі азёрах. Вершы


НЕ БЫЎ БЕЛАРУСАМ…

О Божа, Тварэц Усявышні,
Успомні – на момант хаця б, –
Што я ў тваім свеце не лішні
І ў свеце людскім не раб.

Ты даў мне такую зямліцу, –
Што сам не знаходзіш прычын
Супроць, каб на ёй пасяліцца, –
Калі б не сусветны твой чын…

О Божа, твой клопат глабальны:
Каб з тропу не збіўся Сусвет.
А чуў, як са словам пахвальным
Глядзіць на нас кожны сусед?

Такая зямліца! – о Божа,
Ды як жа яе не любіць!?
І хто ў той любві пераможа,
Суседзі не могуць рашыць…

Таму й не зайздросці Айчыне
Маёй, – я здагадку набыў:
Усё гэта, Божа, з прычыны,
Што ты беларусам не быў…


* * *

На сямі азёрах,
Што з сямі крыніц,
Сем нябёсаў зорна
Ноччу палі ніц.

Да святых грахоўніц,
Да русалак-дзіў,
Што выходзяць поўняй
Там, дзе я хадзіў.

Я – бо маю права:
Тут я свой ушчэнт:
Лукам’е, Сялява,
Родамля… яшчэ? –

Галаўня, Чарэя,
Худавец, Палік… –
Хопіць! – вечарэе, –
Кончым пералік.

Вунь ужо русалкі
Карагод вядуць,
Зорачкі-мігалкі
З імі ў круг ідуць…


* * *

З народам сваім, як з лёсам сваім,
Стаю на вякоў скрыжаванні.
Як ён ува мне, так і я – у ім, –
Над безданню выжывання…

Калі гляджу на прасторы нябёс
З палётам мар-аблачынак,
Ці згадваю Начы разлівісты плёс
З нерастам шчупачыным,

Калі чытаю старонкі палёў,
Ці думаю думы лясныя,
Ці слухаю памяць сівых камянёў, –
Як сэрца балюча ные:

Зямля мая, маці мая, няўжо,
Мы лёс такі заслужылі,
Што будзем думаць на мове чужой
І песні складаць чужыя?..

ТАЙНА

Над магілай забытай рабіна
Чырванее, не знаючы, хто
Пахаваў тут – ці бацьку, ці сына,
Ці прыблуду з нязнаных кутоў…

Нахіляе ўраджайныя гронкі,
І чаму, – у каго б ёй спытаць? –
Да яе не злятаюцца звонка
Птушкі – ягад хоць раз паспытаць?..


* * *

Балоты, балоты… Балты…
Адно ў адным – як замес…
Тысячагоддзяў гвалты –
А балт – не памёр, не ўваскрэс, –

А балт жывы, неўміручы,
Сам Бог так сказаў: “Жыві!..”
Тым беларус і жывучы –
Кропелька балцкай крыві!..


ДУША

Нібы Марс пустэльнасці сігналам
У душу зямную зазірне:
То каналы, то лесапавалы
Ў нашай узбалотнай старане.

Чую, як з магільнага пагорка
Жытнім полем шэпчуць галасы, –
А пра што ў дзядоў ідзе гаворка,
Я не знаю, і не знае сын.

А што ўнук, дык той і не пачуе,
Не пабачыць з гарадскіх муроў,
Як над Начай лесавік карчуе
Пень смалісты для распалу дроў.

Бо ніхто не клікне абагрэцца,
Як на ляда хлынуць халады, –
То ў каляды выладзіць цяпельца
І з падвеем узвіхураць дым…

Будзе праўнук зорныя сюжэты
На касмічных выдмішчах шукаць
І не здагадаецца пры гэтым,
Хто яго наважыўся гукаць.

Падкажу – няхай сабе адзначыць:
Гэта голас-абярог імкне
Той хлапчук з душой багоў надначных,
Што падобны крышку на мяне…


* * *

Калі я выплыў з вады
На бераг, каб стаць земнаводным, –
“Злічы да пясчынкі, тады
Абыдзеш грэх першародны…”

Калі я не стаў лічыць,
Змяняў плаўнікі на крылы, –
“Грэх здымеш, злічыўшы ўначы
Зоры на ўсіх небасхілах…”

Лічу, лічу і лічу –
Па боскаму запавету, –
І грэшным каханнем плачу,
І дзякую Богу за гэта.

І сам Усявышні знямог,
І з грэхам маім змірыўся:
“На тое ж і ёсць я Бог,
На тое ж і ты тварыўся!..”


АСЕННІ СВЯТАСЛОЎ

У дзён – дажынкі,
У ночак – даўжынкі,
У песень – слязнінкі,
У дум – памінкі…


* * *

А вясна яшчэ ў тонкую столку:
Дзве праталінкі. На адной,
На каменьчыку, як на пяколку,
Сеў жаўрук да сонца спіной.
На другой – яго песенька грэецца.
Свет увесь у чаканні прыціх:
Хутка жаўранак з песняй сустрэнецца, –
Хутка неба з’яднае іх.


* * *

Сцежкі, сцежкі – усцяж магіл,
Нібы на далоні лініі лёсу.
Як глянеш – то ўзгоркі наўкол, то лагі,
Як ляжаш – з зямлёю зліюцца нябёсы…

І толькі па лініях – крокі жывых:
Яны яшчэ вераць, што гэта сцежкі,
Што можна вярнуцца ці збочыць з іх…
А вечнасці вочы глядзяць з усмешкай…


* * *

Ужо птушыная капэла
Замор’е дзесьці весяліць;
Ужо бяроза пашклянела:
Галінкай кожнаю звініць;

Ужо аздоблены пушыста
Заечы шэры кажушок
І з беленькіх парашутыстаў
Сумёт узняўся на вяршок, –

А мне нястомна цешыць вока
Забыты ў полі васілёк:
“А да вясны так недалёка:
Адзін, як і да смерці, крок…”


РЫЖЫКІ

Рыжыкі, рыжыкі:
І без чаркі – дрыжыкі!
А калі за чаркаю –
Чарка лёгкай хмаркаю
Летуценна сцелецца
Над бяседнай спеліцай.

Рыжыкі салёныя,
Лесам блаславёныя,
Каб каляднай поўняю
Пра яго мы ўспомнілі.

Помнім! Прычашчаемся,
З дабаўкай не спрачаемся.

Не марнеў ніколі
Рыжык у застоллі:
З чаркай ці без чаркі ён –
Частаванне царскае.
Роўніцы не знае
Смаката лясная.

Рыжык рыжачубы,
Рыжык ганаровы,
Рыжык – туз бубновы
Царства грыбнога:
Рыжык ломіць зубы,
Рыжык зводзіць бровы!.. –
Ах!.. –
Лес мой, дружа любы,
Будзь жа здаровы!


ЯДЛОВЕЦ

Я абыходзіў лугавінай, нізам,
Пустэльны той, пясчаны той пагорак,
Адкуль вітаў мяне ядловец шызы –
Палёў выгнаннік і прадвесце бору.

Глядзеў мне ўслед ядловец вінавата:
Няма ў яго ні мурагу, ні кветак,
І толькі дол з каменнем васпаватым
Маўчаў, нібы пасланне з іншых светаў.

Яго ты прачытаў, мудрэц калючы:
Той свет – зямны, і ты – яго абраннік.
Таму і корань твой такі жывучы,
Што ты ў жыцця на самай вострай грані.

Ты як разведчык у яго: на пустках
Зацята ставіш першародства вехі.
Як пра цябе меў думку Заратустра:
Надзею беражы не для пацехі.

Жывеш-трываеш разам з сухацветам –
Бяссмертнікам – жвір абжываеш прагна,
І ўзнагарода ад жыцця за гэта –
Прагорклая смалою жменька ягад…

Ні бляску, ні шыкоўнасці не знаеш, -–
Затое ёсць характар, ёсць дастойнасць:
Жывеш не тым, што іншых выжываеш, –
Сам выжываеш, каб жыццё адстойваць.


* * *

Каўказ вялікі, Каўказ высокі,
Каўказ нязломны і вальналюбы, –
Я чую горных вяршыняў крокі,
Патокаў стромых – як лёсу – трубы.

Каўказ гранітны, Каўказ крылаты, –
Зямныя горы і дух нябесны,
Дзе моў, як зорак над горнай хатай:
І шматгалосна – але не цесна.

Ды ў гэтым хоры тысячагоддзяў
Нязломнай велічнасці акордам
Гучыць набатна і слых лагодзіць
Краіна словам – вечным і гордым.

Яна мне сведчыць: народ, як броняй,
Перад навалай і генацыдам
Сваёю мовай сябе бароніць –
Яна на згубу душу не выдасць.

Тут зрок мой зорку даўно сасватаў –
Вышэй Каўказа – там, за Эльбрусам:
Армяне, іменем Арарата,
Дапамажыце нам, беларусам!..


СВІТАЛЬНАЕ

Сонца за пушчанскім даляглядам
Свой начны заканчвае абход.
У світальным мроіве Плеяды
Невідзімяць зорны карагод.

Млечны Шлях з касмічных перавалаў
Згортвае запылены сувой,
І сусвету цёмныя прагалы
Праступаюць кволай сінявой.

Аблачынкі ў небе ружавеюць
Весткаю пра нараджэнне дня.
Раніца шчадруе поўнай жменяй
Глыбіню з калодзезя падняць.

Без слядоў блукае голас босы
Перапёлкі ранняй у аўсе.
Горача навойстраныя косы
Аж сіпяць у стыністай расе.


* * *

А ці гэта прыснілася мне,
Як я лётаў у сонечным сне?

Не, – было яно ўсё, было:
Гэта помніць начное сяло,
Гэта помняць крылы мае…

Як мне іх цяпер нестае…
Паламаліся. І даўно
Тое скончылася кіно.
Скасаваны сеансы разавыя –
Больш ніхто тых сноў не паказвае…