12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак

_____________________
Дзякуй, слова, табе. Вершы


ВЯСНОВЫ ТОСТ

Звініць нябёсаў келіх жаўруковы, –
Як абярог, як з вечнасцю зліццё…
Хто там у дзверы грукае сурова?
Хай пачакае! – вып’ем за жыццё!..


Перманентнае “не знаю”

Знаю, што прыйдзе вясна,
Нікуды яна не дзенецца.
Травінка ў зімовых снах
Чакае вясну – абнядзеліцца.

Чакаю вясну і я,
Бо знаю: вясна не знікае.
Ды толькі нядзеля мая
Маўчыць, як магільны камень.

Надзеі ў нядзелі няма,
Што вечнай яна застанецца.
Знаю: вясну не стрымаць.
Не знаю: мне з ёй ці сустрэцца?..


СНЕЖНЫ КОЛЕР САКАВІКА…

Зіму зграбаюць дворнікі лапатамі,
А сакавік – як лютага дублёр –
На неба ўзлез, ці не да самых зор,
І вытрасае з хмар снягі бухматыя.

Няўжо ён зблытаў вехі каляндарныя?
Ці ў найміты падаўся да зімы?
А там ужо й да здрады шлях прамы, –
І зноў да лета халады ўладарныя?..

Ды кропляў звон – цэзураю Гамераўскай,
Дзе ледзяшоў красуецца дэкор,
І снежным колерам – касуецца дакор, –
Лілова-сінім, як пралескі з верасам…


* * *

Зацятае стыне маўчанне,
Але – не лічы да трох.
І што гэта ўсё азначае,
Напэўна, не скажа й сам Бог.

Ты ёсць і няма. А будзеш –
І я зласкавею стакроць.
Не лёдам, як кажуць людзі,
А ладам у сэрца заходзь.

Адсутнасць пакінь на парозе
І гнеў за парогам разуй…
За слова? за ўсмешку? за позірк?..–
Не знаю за што – а даруй.


* * *

Усё, што любіў у жыцці я,
Што ў сэрцы і ў мроях насіў, –
Няўжо, зарасце павуціннем,
Калі адыду назусім?

Калі ўжо ніхто і не ўспомніць:
Ты быў ці не быў, – няўжо,
Мая не адклікнецца споведзь
Між сумных зямных крыжоў?

Не будзе мяне…– і ніколі
Мой цень, па расе, басанож,
У сон ваш світальны – ні болем,
Ні ўцехай – не прыйдзе, – і ўсё ж…

І ўсё ж – якія б арбіты
Не раз’ядналі з зямлёй, –
На ўсім застанецца адбітак
Пакутнай любові маёй.


* * *

З лесу рэчка Селязнея,
Як з бяссоннай ночы ў дзень,
Выцякае. І слязнее
Дуб над ёю – жалудзень.

Слёзы ядрана ўрадзілі –
Сойкі лічаць ураджай:
Жалуды – усім на дзіва,
Кожны – сонцава скрыжаль.

Прамяні занатавалі
Ў кожным гены на вякі,
Перуны загартавалі, –
Вырастайце, дубнякі!..

Дуб слязнее, ды не плача.
Селязнея ўдаль сплыла.
Селязенька – ён жа качар –
Мне ўзмахнуў слязой з крыла.


АНІ…

Ані слова не сказала –
Толькі думала ў журбе:
“Не было б тады вакзала,
Не пакінула б цябе.
Не паехала б – і кропка.
Хоць гані і хоць кляні.
Бо каханне – не падробка.
Ты не цар над ім – ані!..”


ПРЫЛЁТНЫ ЗНАК

Яшчэ зіма пытлюе снег
І дні вясновыя не лічыць,
Ды ўжо разведчыкам прабег
Усцяж палёў прамень грамнічны.

З узгоркаў талая вада
Таемна сочыцца ў нізіны,
Там-сям з-пад снегу ўжо відаць
Прымяты, жоўклы клін азімы.

Яшчэ ён зябка спіць, аднак
Вось-вось засвеціцца зялёна –
Як жаўрукам прылётны знак, –
Сам гнездаваннем акрылёны.


* * *

Глядзеў, як сонейка весніцца,
Як сэрцы ў людзей адтайваюць, –
І словы на радасць песеньцы
Ляцелі, як птушкі світальныя…

Гляджу: грыбнікамі па сметніцах
Людзі штораніцы шастаюць –
І ные душа-беспрасветніца…
Якая ўжо тут паэзія!..


* * *

Паказваў дальнязоркі аб’ектыў
(Ці нейкі там прыбор яшчэ мудрэйшы),
Які драпежны нораў і круты
Пануе ў зорных галактычных дрэйфах.

Галактыку суседнюю калапс –
Такія называюць “чорнай дзіркай”:
Ні пашчы не відно, ні хіжых лап, –
Засмоктвае і робіць невідзімкай…

Гляджу на зоры ў незямной тузе:
Ці гэта лад, ці хітрая падробка,
Што скібу галактычную грызе
І па кавалках калапсуе ў кропку.

І што за ёю: небыццё? хаос? –
Не дакучай пытаннем недарэчным,
Не наракай на немінучы лёс, –
Адно разваж: і Млечны Шлях – не вечны…


ХРОСНАЯ

Дзядзька Ціт жонку ўзяў аж з-пад Лукам’я –
Як бліжэй і дзяўчат не было! –
Колькі вёрстаў ногі адгрукалі,
Колькі хваляў пад чоўнам сплыло!..

Прыляцела яна аблачынкаю –
Гэта ж трэба так сігануць! –
Як з-за свету, у нас лічылася:
Трэба пяць азёр абмінуць,

Ды яшчэ два балоты, ды пушчу,
Ды і іншых завадаў стае…
Гэта ж трэба быць гэткім відушчым
Дзядзьку Ціту – угледзець яе!..

Прыляцела яна пярчынкаю
Для дзяўчат узборскіх і баб,
І асцінкаю воку мужчынскаму,
І гарчынкаю: “каб ды каб…”

Пэўна, з гэтай прычыны і з’ехалі
Шчасця-долі ў свеце шукаць,
Каб спакой пад узборскімі стрэхамі
І сямейны лад захаваць…

Адплыла аблачынка хмаркай,
Толькі цень з-пад свайго крыла
Мне пакінула: дзядзіна Варка
Маці хроснаю мне была.

На вялікдзень усе да матусяў
Беглі з весткай: “Хрыстос уваскрос!”
І дарунак – так звычай мусіў –
Кожны яйка чырвонае нёс.

Весяліліся дзеці ўсе чысценька,
А ў мяне як паўсвята хто ўкраў:
Не было маёй паручыцелькі
Перад Богам, – так Бог мне даў…

Хоць было адчаго маркоціцца,
Ды застаўся мне з Вербніцы дар –
Успамін пра вярбовыя коцікі
І матусін усмешлівы твар:

– Наравы, наравы!
Ідзіце на равы,
На лясныя паляны,
Каб быў хрэснік слухмяны!..–

Тое лёгкае вербнае шлёганне
З прыгаворкаю маці хроснае,
Нібы сон, – за шляхамі-дарогамі,
За смугою на часу ростанях.

Ні аблічча матусі не помню я,
Ні абрысаў стану жывога…
А ўваччу – толькі ўсмешка поўняю:
Як успышка, – і больш нічога…


УЛАДКАВАННЕ

Станеш абсалютнай цішынёй,
І з жытлом усё даволі проста:
Вышыню заменяць даўжынёй,
Статус-кво ацэняць глыбінёй –
Вечнаю прапіскаю пагостаў…


ПРЫХАДЖАНЕ

Ні шчырасці, ні святасці
Не ўважыў лёс-ліхвяр:
З нажом на брата брат ісці
Гатовы за даляр.

Ды ў ноч перад Вялікаднем
Ідуць абодва ў храм
З таемнымі адлікамі
Грахоў – чужым багам.

Ідуць – свайго не маючы:
Прададзены даўно, –
Скарб барышоў хаваючы
На саменькае дно.

Каб адстаяць іх, збочваюць
Сюды: “Пабачце нас!” –
На споведзь усяночную
Ідуць, як на папас.

Са свечкай камуфляжнаю
У кіпцюрах даўгіх
Паклонамі адважваюць –
Як сплачваюць – даўгі.

Хоць сёння з той эстрадаю –
Жывых! – у рай вазьмі…
І кроплі воску падаюць
Застылымі слязьмі…


КОЛЕРЫ

Таемныя службы заўсёды любілі
Крылаты колер нябесных вышынь,
І выгляд носячы галубіны,
Тварылі груганныя справы ў цішы.

Адно – не заўсёды маглі красавацца,
Парадныя мусілі строі хаваць
За фарбы абманлівых дэкарацый:
Ці ён сувязіст, ці пілот – не пазнаць!..

Часцей жа цывільны гальштук пры чыне,
І знаюць адзінкі – не болей за трох, –
Якое ў гэтым мундзіры начынне,
Якое дно і якое нутро.

З мундзірамі разам даносы шылі:
Сабе – мундзір, а на сябра – данос.
Вышыні службы віселі на шыі
Пятлёю, каму яны спраўдзілі лёс…

Заўсёды ў страі – да молі, да дзірак.
І нават па смерці ў запас не ідуць.
Якія кашмары вам сняцца, мундзіры, –
У ложку і там, куды ў трунах нясуць?..

Усё ў наяўнасці і па форме –
Плывуць на падушачках арданы, –
І хто старонку іх тайны адгорне:
Якога кшталту яны і цаны?..

Маўчыць магіла – апошні начальнік –
З апошнім загадам на вечны спачын.
Маўчаць даносы архіўным маўчаннем:
Ніхто не турбуе, ніхто не крычыць…

Але – як бы ў Бога вы ні прасілі –
Не дапамогуць ні меч, ні шчыт
Пагон з прасветам злавесна-сінім
Перафарбаваць у нябесны блакіт…


САЛЮТ

Фініш свята – начны феерверк
У хаўрусе з салютам грымотным, –
І да ўлады любоў уверх
Па тарыфе ўзлятае ільготным.

І няма захапленню мяжы,
І няма ніжэй пакалення, –
Знак для ўлады, што будзе жыць
Рабскі дух і ў дзясятым калене.


* * *

Вы чуеце толькі сабачы брэх.
А вы бачылі – слёзы сабачыя?
Брэх – калі ўводзяць сабаку ў грэх.
А ўсё зразумеўшы – сабака плача.

Яны – не зоркамі, як паэт засведчыў, –
Слёзы зоркамі – дужа прыгожа.
Слёзы – калі сабака плача па-чалавечы,
А чалавек па-сабачы не можа…


СЛІМАК

Збіўся з дарогі слімак.
Колькі прайшоў
І як
Прайсці астатак дарогі,
Не знае, –
Стапталіся ногі.
А таму не ідзе, а паўзе
На пузе – паўзучай назе.

Суседзі спагадна яму
Падказваюць, дзе і чаму
Ён збіўся з людскага тропу,
А ён на лісціну-еўропу –
Рожкі тырчком – пазірае,
Цвярдзіць, што прастуе да раю,
Што шлях ягоны такі
І ўсе так ідуць слімакі…

Хто як слімаку памагаюць:
Кавёлы шашаль стругае,
Кірунак нашэптвае вецер,
Святляк ліхтарыкам свеціць,
І прыляцеў матылёк –
Бяскрыламу выправіць клёк…–

Клопату ўсе набылі:
На беларускай зямлі –
Між несусвеціц многіх –
Збіўся слімак з дарогі…


ЗМАГАНЕЦ

Дах мой – доля бадзяжая,
Сцены – дошкі ў труне…
Ды не ў час вы наважылі
Смерцю ўстрашыць мяне.

Час, калі абылганыя
Мой народ і мой Бог,
Мне й жыццё будзе ранаю
І зямны мой парог.

І ўявіць вы не можаце,
Як і вашы штыкі:
Смерцю не пераможаце –
Вольны я праз вякі.

Бо душа – як прарочыца –
Небу прагне служыць:
Мне памерці так хочацца,
Як вам хочацца жыць.


* * *

Зямля мая, ці нам упершыню,
Радзіма, – ці нам гэта ў дзень астатні:
Выходзіць са злашчаснага агню,
Дзе ўсё згарае пад наглядам братнім.

Такую спадчыну нам лёс наканаваў:
Ніяк не можам разабрацца, хто мы,
Бо з царскім ачмурэннем галава
Ў братоў. А брат – у нас заўжды, як дома.

І, лічыць, быццам нас як бы й няма,
І рэй ля вогнішча вядзе па-гаспадарску,
Крычыць: згарае царская турма,
А сам – насустрач: у кароне царскай.

Згараюць душы, і зямля гарыць,
Каб на шляхах вякоў зноў уваскрэснуць.
Браты мае, ну колькі ж гаварыць,
Што ні ўтаіць нас нельга, ні закрэсліць.

Вам фенікс трэба? Вось ён: беларус! –
З крыла агонь змахне – і акрыяе.
Хоць мае ад любові братняй гуз,
А прывітаць гатовы з караваем…


ЗБУДЗІШЧА

“Збудзецца-не-збудзецца…” – цыганкаю
Ноч на небе карты адкрывае,
Аж пакуль апошняю цыгаркаю
Ранішняя зорка не згасае.

А якое выйдзе тое “збудзішча” –
Збудзецца праз год альбо праз месяц?
Будзе святкаваць са мной, ці буднічаць,
Ці тугу сусветную замесіць?..

Знаю толькі: стрэчы не адбудзецца
Ў збудзішча з мінулым: незваротнае
Паімкненне часу, – тым і судзіцца
Іх яднанне сувяззю смяротнаю.

Збудзішча мінулым не стрымаецца:
Рассячэ, не развязаць вузлы дзе.
Збудзішча мінулым здабываецца,
Калі ты ў мінулым быў не злыдзень.


* * *

Мне бить китов
У кромки льдов,
Рыбьим жиром детей обеспечивать… Старая песенька-шлягер
Адышла ў забыццё арава
Кітабойнай флатыліі “Слава”,
Што зняслаўлена смерцю кітоў,
Нашых велічна-меншых братоў.

І ўжо песенька забываецца,
Як кітовы тлушч здабываецца.
Толькі помніць сівы акіян
Бітвы той генеральны план…

Не звініць на тросе гарпун,
Ды шукае вокам тайфун:
Дзе кіты, дзе кітайчыкі іхнія,
У якіх глыбінях прыціхлі?..

І чаму – нярэдка здараецца:
Паміраць на бераг кідаюцца?
Каб вось так: на людскія вочы, –
Што яны сказаць гэтым хочуць?

Можа, гэта людзям пасланне?
І якое наканаванне
Зняць праклён акіянскі магло б?
Можа, новы сусветны патоп?..


* * *

Дзякуй, слова, табе,
Што аднойчы прыйшло ты – і ў сэрца,
Як у шыбу начную, пагрукала мне.
Без цябе і дагэтуль я
Марнаваў бы жыццё ў паняверцы,
І трывожны агеньчык
У маім не ўзгарэўся б акне…

І які б у душы – як бяздонне –
Правал заставаўся:
І глухі, і нямы –
Ні вузельчыка з рэхам звязаць.
Даў жа Бог: хоць і позна – з табою спаткаўся,
І што мусіў сказаць – меў высокае шчасце сказаць.

Гэта ж трэба:
Такое ты мне нашаптала,
Пра якое й не марыў я
З беднай жменькай зярнят на сяўбе.
Хоць не ўсё я спасціг,
Што ты з кнігі нябеснай чытала, –
Дзякуй, слова, табе…

* * *

Віктару Казько

Аб тым, што было, мы пакутна знаем,
Што будзе – аб гэтым не дадзена знаць.
І ты паміж імі. І памяць зямная
Штодзённа й штоночна ідзе спавядаць.

Гады за гадамі злятаюць, як знічкі,
А маці з пяшчотай у мёртвай руцэ
Стаіць уваччу, – і ў маленькай сястрычкі
Ільдзінка слязы на замёрзлай шчацэ.

І сам ты маленькі, і таеш сняжынкай,
З натоўпам брыдзеш да нязнаных пакут –
Застацца ў жывых – сам сабе на памінкі:
“Чаму ж я не вывеў яе за руку?..”

Ці схілішся перад святым аналоем,
Ці схіліць анёл над табою крыло,
А ты ўсё ў вяртанні даўгоў за былое,
Што там не замёрз, каб яго не было…


* * *

Вы з якіх такіх асноў, –
Іпуць, Убарць з Начаю?..
Колькі ёсць на свеце моў –
А якая страчана!..

Ды гавораць між сабой
Словы тымі словамі, –
Хоць няўцям для нас з табой
Мова адмысловая.

Толькі гук, як хвалі ўсплёск,
Як чароту шастанне, –
І гарыць у зрэнках воск
У савы вушастае.

Навайстрыла птушка слых:
“Іпуць!..– Убарць!..” – чуецца, –
Разумее Нача іх
Недзе ля Мачулішча…


* * *

Вам, музыкі, і вам, мастакі,
Зайздрошчу: сусвету дарадчыкі –
Вы ў душы заходзіце напрасткі –
Без талмачоў-перакладчыкаў.

Вам, музыкі, і вам, мастакі,
Спачуваю, што вы бясслоўныя,
Што вы надзелены лёсам такім:
Прыродзе – не Богу роўныя.

І корань трывалы, і стрыжань не ўсох,
І крона дыхае лісцямі:
Народ – ад Бога, а слова ёсць Бог, –
Не намі сцверджана ісціна.

У тым і сутнасць, і шчасце ў тым,
Што словам гэтым зняволены,
Жыву ці памру – з народам сваім, –
Не быць паасобку ніколі нам.


* * *

Ганг ударыў у вечнасці гонг –
Чалавецтва на веча склікае:
“Што ж, па-вашаму, Бог – эпігон:
З п’есай даўняю “Авель і Каін”?

Паўтарацца тварэц не прывык –
Гэта мы паўтараем сюжэты…”–
Ганг!.. – як стогн, першародства крык,
Як уздых праз тоўшчу планеты, –

Я пачуў тваю думку, Ганг,
Я адчуў цябе, Ганг, імгненна:
Нас раскідаў вякоў ураган,
Ды нятленныя памяці гены.

Мы пайшлі з тваіх берагоў –
Дзесьці ў Індыі наша калыска…
Бог стварыў нас, а мы багоў
Натварылі з мясцовай прапіскай.

І паўсталі на брата брат –
Хто з драўлянай даўбнёй, хто з нейтроннай –
Сцвердзіць бога свайго загад:
Скінуць бога чужога з трона…

Ганг, ці знаў ты, што ў свет выпраўляў
Нас за рабскія далягляды
І што станецца пеклам зямля
З абяцанага райскага сада?..

Кожны братняму рады ярму,
Кожны богам сваім блаславёны:
Даспадобы, кажуць, яму
На ахвярным агмені мільёны…

Ды вяртаецца бумеранг…
То склікай жа зямное веча,
Уратуй чалавецтва, Ганг,
Ад натуры бесчалавечнай!..


* * *

З нябёсаў
Упала дзіця…

Казка зямная…

Хаця…