Барыс Пятровіч (№115)

 

Бунт на караблі, які плыве з нікуды ў нішто

З нізкі “Спецкар”

Надвячоркам Максім выйшаў з гатэля і вырашыў прагуляцца па горадзе, які быў для яго новым у журналісцкіх вандроўках. Хоць горад быў знакаміты – адзін з самых маладых у краіне і населены ў асноўным моладдзю: другім пакаленнем ягоных будаўнікоў, – за некалькі гадоў працы ён так ні разу сюды і не дабраўся. Гадоў пяцьдзясят таму з усёй вялізнай краіны і з бліжэйшых вёсак хлопцы і дзяўчаты з’ехаліся ў невялікае тады мястэчка на камсамольскую будоўлю электрастанцыі ды так і засталіся тут назаўсёды, на што, відаць, і разлічваў урад той вялізнай краіны. Перажаніліся, нарадзілі дзяцей, якія падраслі і надалі гораду новую славу – тут быў самы вялікі ў Беларусі, ды і ў былым СССР, адсотак наркаманаў і, адпаведна, хворых на СНІД. На сустрэчы ў рэдакцыі кіраўнік абласной міліцыі назваў “закрытыя” лічбы і адных, і другіх. Яны былі жахлівыя. Наркаманам быў кожны другі жыхар горада ва ўзросце ад чатырнаццаці да трыццаці гадоў, а хворым на СНІД кожны дзясяты – тут ужо ўзрост не меў ролі, бо на ўліку былі і сямідзесяцігадовыя, і немаўляты…

Шчыра сказаць, Максім, начуты пра ўсё гэта, не дужа каб і хацеў ехаць сюды. То былі гады, калі пра СНІД мала ведалі і ў “жоўтых” газетах, якія пачалі з’яўляцца, часам не проста пісалі, а палохалі, што перадаецца гэтая найстрашнейшая хвароба – чума ХХ стагоддзя! – праз сліну і нават праз поціск рук… Тут хочаш не хочаш, а задумаешся: ехаць ці не – навошта дурная рызыка, ці мала што… Падставай жа дзеля паездкі стала прычына больш інтрыгоўная: у рэдакцыю нейкім чынам патрапіў ліст з лячэбна-працоўнага прафілакторыя – ЛПП, які быў у гэтым горадзе. Ліст распісалі на іхні аддзел. Загадчык прачытаў яго і перадаў Максіму з прыгаворкай:

– Любапытна, – ён любіў гэтае рускае слоўка, – на, паглядзі. Мне калупацца ў такім дзярме не з рукі, а ты, калі хочаш, праедзь.

Ліст быў ананімны. І расказвалася ў ім пра нядаўні жорстка падаўлены бунт тых, хто лячыўся ў ЛПП. Паўсталі яны супраць умоваў, у якіх жылі. Фармальна ЛПП – лячэбная ўстанова, у якой лечаць ад алкагалізму, а на яве, паводле ліста, гэта была звычайная турма, і лекавалі ў ёй не ўколамі ды таблеткамі, а цяжкай фізічнай працай. Да таго ж амаль бясплатнай. Бунт зняволеных – тэма як мінімум сенсацыйная. Падзея свежая. “Незаўважаная” іншымі газетамі: ніхто пра гэта не пісаў. І Максім спакусіўся.

У гатэлі, у якім Максім спыніўся, па савецкай завядзёнцы не было ні кавярні, ні буфета. Час сняданкаў, уключаных у кошт пражывання, у Беларусь з Еўропы яшчэ не прыйшоў. І прычынай вячэрняга шпацыру Максіма стала не проста жаданне прагуляцца, але і што-небудзь паесці перад сном, бо заўтра, падазраваў ён, чакаў яго няпросты дзень.

Ён адышоў ад гатэля метраў сто і ўбачыў зусім побач шыльду: “Молодёжное кафе “Сузорье”. Любілі па райцэнтрах, ды і ў Менску, так называць кавярні, пішучы беларускае слова на расейскі лад. Пэўна, “Созвездие” на іхні густ гучала не так прыгожа. Кавярня адчыненая, ля ўвахода ў яе натоўпу жадаючых не відаць, і Максім вырашыў зайсці.

У даволі прасторнай зале было пуста – занятыя толькі пара столікаў па далёкіх кутах. За адным сядзела трое маладых людзей, за другім – двое. Усе хлопцы. Перад імі стаялі адпітыя амаль да паловы куфлі з півам. Максім прайшоў і сеў за адзін з цэнтральных столікаў – амаль пасярэ­дзіне залы. Ягоны ўваход не застаўся незаўважаным, адзначыў Максім, ні адным з прысутных: усе здалёк правялі яго па зале ўважлівымі непрыхаванымі позіркамі. Так, нерухома, аднымі вачыма, сочаць каты за галубамі. Афіцыянтка не спяшалася падыходзіць. Яе ўвогуле не было бачна. Толькі калі хвілінаў праз пяць Максім некалькі разоў запытальна зірнуў на бармена, які стаяў за прыстолкам з алкаголем і напоямі, той павярнуўся задумліва і паважна да дзвярэй, што былі збоку ад яго, і пастукаў па іх сагнутым указальным пальцам. Тры разы: тук-тук-тук. І так акуратна, артыстычна ён гэта зрабіў, што Максім міжволі залюбаваўся. Амаль адразу з дзвярэй выйшла афіцыянтка ў высокім белым – кухарскім – каўпаку, выціраючы рукі аб відавочна нясвежы, некалі таксама белы, фартух. Падышла павольна, як у замаруджаным фільме, да Максіма, стала побач і абыякава адвярнула галаву, зноў жа, як у кіно: маўляў, слухаю. Максіму стала смешна ад такіх яе паводзінаў, але ён стрымаўся.

– Чьто будзеце? – нарэшце спытала афіцыянтка пазіраючы не на Максіма, а некуды ўверх, на высокую столь, мройліва нешта там разглядаючы.

Меню яна не падала. Ды і невядома, ці было яно ў гэтай кавярні.

– А што ёсць? – перапытаў Максім.

– Фсё, – коратка адказала афіцыянтка.

Максім хацеў было пажартаваць і замовіць нешта такое экзатычнае з таго “ўсё”, якога, зразумела, у гэтай кавярні не было і быць не магло: дранікі з чырвонай ікрой, да прыкладу, але ён зноў стрымаўся, заўважыўшы, што знаходзіцца цяпер у цэнтры ўвагі ўсіх наяўных наведнікаў кавярні і бармена.

– А канкрэтней, – перапытаў ён.

– Первае, фтарое і трэцье – фсё есць.

– Добра, тады другое і піва.

– Какое піва?

– О, а ёсць выбар?

– Есць рэчыцкае і гомельскае.

– Жыгулёўскае?

– Да.

– Рэчыцкае, калі ласка.

– Сразу ілі патом?

– Сразу…

– Значыт, цёплае.

– Не, лепш патом і халоднае.

– Эта дарожэ.

– Харашо.

Афіцыянтка пайшла. “Цікава, – падумаў Максім, – колькі часу пойдзе на прыгатаванне “фтарога” і што гэта будзе? Катлеціна з бульбяным пюрэ, “паджарка” з макаронамі ці гуляш з рысам?” Звычайны набор у падобных “кафэ”. Але доўга сумаваць і гадаць яму не далі. Ад аднаго з крайніх столікаў адшвартаваўся хлопец гадоў васямнаццаці і гэтакай блатняцка-мройнай паходачкай, паторгваючы плячыма ўправа-ўлева і падціскаючы зад, рукі, зразумела, у кішэнях штаноў, запаволена падышоў да яго. Як і пастава афіцыянткі, выглядала гэта па меншай меры смешна, але Максім стрымаў усмешку – тут, відаць, такі падыход падкрэсліваў мясцовы гонар, пераняты ў расейцаў: мы, маўляў, не лапцем шчы хлябаем…

– Закурыць не найдзёцца? – шырока расцягваючы галосныя літары, спытаў хлопец.

– Не куру.

Хлопец прысеў насупраць, гучна, з віскам шаркнуўшы ножкамі крэсла аб падлогу. І сказаў:

– Шырнуцца есць… – нейкім абыякавым голасам сказаў: ці то сам сабе, ці то ў Максіма спытаў. Максім падумаў, што, пэўна, усё ж спытаў, бо хлопец глядзеў на яго, крыху схіліўшы галаву і зазіраючы ў вочы, а таму адказаў:

– Не, няма…

– Я не спрашываю, я предлагаю.

– Мне не трэба.

– Пріезжый?

– Так.

– Панятна, – хлопец азірнуўся на сваіх і вярнуўся да століка.

Максім пашкадаваў, што размова з ім так хутка скончылася. Можа, варта было распытаць, колькі каштуе, і патаргавацца. Дзеля журналісцкага інтарэсу… Зірнуў у бок століка і звярнуцца да хлопцаў не адважыўся: ім ягонае “любапытства” можа падацца падазроным, і як павернецца тады сітуацыя – невядома.

Тым часам афіцыянтка прынесла Максіму “фтарое”. Цяпер яна не стаяла збоку, і Максім змог разгледзець яе. Гэта была даволі мілая дзяўчына з бледным-бледным, хваравіта-стомленым тварам. Ставячы паднос на стол, яна нахілілася над ім так, што поўныя грудзі ледзь не вываліся ў талерку. Яна рэзка адхінулася, забрала паднос і пайшла няўпэўненай хадой. “П’яная”, – падалося Максіму.

“Фтарое” было смажанай бульбай з даволі вялікай адбіўной. “Усё ж гэта кавярня, а не сталоўка”, – падумаў Максім. Хацеў было есці, але ўбачыў, што дзяўчына не прынесла яму відэлец і нож. Запытальна зірнуў на бармена, той зразумеў і тым жа сагнутым пальцам пастукаў у дзверы. “Што такое?” – было напісана на твары дзяўчыны, калі яна вызірнула ці то злосна, ці то разгублена. Бармен вачыма паказаў на кліента. Яна глянула, здагадалася і прынесла Максіму відэлец. Максім не стаў патрабаваць нож, бо ведаў норавы ў падобных установах і пабаяўся нарвацца на нервы і канфлікт. Давялося крэмсаць адбіўную відэльцам. Бармен тым часам наліў піва з крана на прыстолку перад ім і прынёс. Піва, зразумела, было цёплым і невядома – гомельскім ці рэчыцкім. Максім пакалупаўся ў халоднай бульбе, пасоўгаў па талерцы такую ж халодную адбіўную, якая не хацела адразацца відэльцам, асіліў з паўкуфля піва, калі можна яго так назваць, і паклікаў афіцыянтку. Разлічыўся. Падумаў, добра, што яна не спытала, як гэта робіцца звычайна: “Панравілась у нас?”, іначай ён сам мог бы сарвацца, а чым бы гэта потым пагражала яму, можна толькі здагадвацца. За час, які Максім быў у кавярні, ніхто ў яе не ўвайшоў і ніхто не выйшаў. Прысутныя правялі яго сумнымі ледзянымі позіркамі сфінксаў, і ён, колькі ішоў па зале да выхаду, адчуваў гэтыя позіркі спінай, як быццам нехта падштурхоўваў яго між лапатак нечым тупым, як ствол пісталета. Перад выхадам з кавярні быў гардэроб, які летам, зразумела, не працаваў. Максіму кінулася ў вочы шыльда, на якой буйнымі чырвонымі літарамі было напісана: “Администрация за сданные в гардероб ценные веши и деньги клиентов ответственности не несет. Штраф за потерянный номерок – 1 рубль”.

На вуліцы ўжо добра сцямнела, але ліхтары па горадзе з эканоміі яшчэ не ўключылі. Максім з’арыентаваўся на вывеску, якая гарэла над гатэлем, і пайшоў. У цемры за кавярняй чуўся нейкі шоргат, прыдушаны смех, бульканне пітва, рухаліся цені, але толкам разабраць, што там адбываецца, было немагчыма. Максім прыбавіў кроку і выйшаў да асветленага ўвахода ў гатэль. Прагульвацца па горадзе і шукаць прыгодаў на сваю… галаву яму не хацелася. Дзякуй Богу, нічога больш у гэты вечар не здарылася, але спаць ён лёг галодным.

Ранкам Максім спытаў у дзяжурнай, дзе знаходзіцца ЛПП. Аказалася, даволі далёка, на ўскраіне. І ён пашкадаваў, што прыехаў у гэты горад амаль інкогніта, не папярэдзіў нікога загадзя, не патэлефанаваў, як звычайна, і не зайшоў у райкам камсамола ці партыі. Там бы, вядома, далі машыну. І праважатага. Але вось гэтага якраз ён і не жадаў. Хацелася разабрац­ца ва ўсім самому. Без кансультантаў, а тым больш – наглядчыкаў ды падказчыкаў. Злавіць таксоўку ці прыватніка было нерэальна. І Максім вырашыў пайсці пешкам. Горад быў даволі кампактны, дамы ў ім стаялі ў асноўным пяці- і дзевяціпавярховыя. Бо пабудавалі яго, як кажуць, з нуля, сярод сасновага бору. Трохі нечакана было бачыць між панельных дамоў, якія ў народзе называюць “хрушчоўкамі”, не ссечаныя старыя хвоі – як у даўнім панскім парку. Стала гэтая “паркавасць”, дарэчы, своеасаблівай візітоўкай горада. “Цікава, а ці растуць тут у сезон грыбы? Выйсці з пад’езда і знайсці крамянага – менавіта крамянага – баравічка было б надзвычай прыемна”, – падумалася Максіму. Лета стаяла сухое, і грыбоў яшчэ не было і ў сапраўдных лясах. Але спрактыкаванае вока грыбніка прыкмячала іншыя адметнасці маладога горада.

Па-першае, на газоне побач з тратуарам Максім заўважыў не толькі звычайнае смецце, якога, дарэчы было няшмат, а некалькі скарыстаных і прытаптаных аднаразовых шпрыцаў. Па-другое, убачыў сярод травы і пад дрэвамі бела-шэрыя плямкі гумак прэзерватываў. Максім ведаў з газет, што і першае, і другое зусім нядаўна пачалі раздаваць у горадзе бясплатна прадстаўнікі нейкай нямецкай дабрачыннай арганізацыі. Паводле іх заходняга досведу змагацца са злом бессэнсоўна, прасцей паспрабаваць зрабіць больш бяспечным жыццё для тых, хто яшчэ не захварэў…

Падыходзячы да апошніх дамоў горада, за якімі метраў праз трыста-чатырыста віднеўся ЛПП, Максім вырашыў яшчэ раз перачытаць ліст. Прысеў на лаўку на пустым прыпынку і разгарнуў роўна скамечаны, складзены, пэўна, разоў у пяць ці больш аркушык паперы са школьнага сшытка ў клетачку. Як яго вынеслі з ЛПП і пераслалі ў газету, – можна было толькі здагадвацца.

“Паважная рэдакцыя! (Ліст патрапіў па адрасе, што дзіўна). Можа, мы набілі аскоміну сваімі скаргамі на сістэму ЛПП (Ага, значыць, гэта быў не першы допіс), але падзеі, што адбыліся ў нашым ЛПП, перапоўнілі чашу цярпення. Мы 4 чэрвеня аб’явілі забастоўку і вылучылі патрабаванні, якія датычыліся элементарных правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй… (Далей ішлі патрабаванні). 5 чэрвеня мы склалі петыцыю за подпісамі 500 чалавек адносна закона аб ЛПП, прынятага ў застойны перыяд, пра неаходнасць адмены яго і прыняцці закона, які паважаў бы гонар і год­насць сваіх грамадзян (500 чалавек падпісалася, ого-го!). 5 чэрвеня ў 16.00 у жыллёвую зону ўварваўся атрад спецпрызначэння (аператыўненька спрацавалі!) у колькасці сто чалавек з дубінкамі, і яны пачалі біць хворых (самі сябе яны называюць хворымі, адзначыў Максім). Многім былі разбіты галовы, зламаны рукі, нанесеныя цяжкія пашкоджанні, пасля якіх людзі ляжалі на ложках пластом… Больш за пяцьдзясят чалавек пацярпела ў гэтым збіцці. Пасля гэтага яшчэ пяцьдзясят чалавек з зоны заштурхалі ў турэмныя машыны і пад дубінкамі прымусілі пісаць адмаўленне ад забастоўкі… Напісана ад імя 700 чалавек кантынгента ЛПП…” (Слова “кантынгент” Максіма насцярожыла. Было яно нібыта з іншага лексікону, які не зусім падыходзіў да слова “хворыя”).

Максім прачытаў ліст, і зноў ім апанавалі тыя ж думкі, што і пры першым праглядзе ў рэдакцыі. З невялікай карэкцыяй, бо ён ужо быў у некалькіх сотнях метраў ад таго самага ЛПП. Найперш, сумненні: ну і чаго я сюды прыехаў? Хто мяне чакае ў ЛПП? Калі тут апісаны рэальныя падзеі, дык адміністрацыя не пусціць мяне і на парог. Якое можа быць расследаванне? Хто мне раскажа праўду – тыя, каго білі, ці тыя, хто біў?

З прачытанага раней пра ЛПП Максім ведаў, што сістэму перавыхавання алкаголікаў працай прыдумалі пры Хрушчове ў 1964 годзе. Мікіта Сяргеевіч, відаць, прыкінуў, што да абяцанай ім перамогі камунізму засталося ўсяго 16 гадкоў, і вырашыў распачаць прымусовае лячэнне будаўнікоў светлае будучыні, каб у 1980 годзе ўступіць у камунізм са здаровым і непітучым насельніцтвам. З кожным годам абяцаны камунізм набліжаўся, а колькасць алкаголікаў не меншала. І пры Гарбачове толькі ў Беларусі працавала ўжо ажно восем ЛПП, і ўсе яны былі перапоўненыя. І гэта нягледзячы на славуты Указ 1985 года, паводле якога ў краіне практычна ўводзіўся “сухі закон”: продаж гарэлкі быў дазволены людзям толькі ад 21 года, з дзвюх гадзінаў дня і па талонах – пляшка гарэлкі і дзве віна на нос на месяц… Да таго ж была негалосная забарона на ўвоз імпартнага пітва з краінаў сацыялістычнай садружнасці, а ў Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, Малдове ды Крыме высякаліся вінаграднікі… Але коль­касць “хворых” гэта не зменшыла, як і колькасць смерцяў ад алкагалізму, а наадварот, павялічыла, бо пачалі піць розныя сурагаты. Сямсот памножыць на восем будзе пяць тысяч шэсцьсот чалавек – падлічыў Максім. На дзесяцімільённую рэспубліку нібыта і не так шмат. Але гэта ўсё мужчыны ў самым росквіце сілаў… Ды і ці можна лічбамі вымераць людское гора, якое нясе п’янства? Мора, акіян слёз…

З такімі думкамі і сумненнямі Максім накіраваўся да ўвахода ў ЛПП. І чым бліжэй падыходзіў, тым расло ягонае здзіўленне. Ён ніколі не быў у падобных установах. А словы “лячэбны” ў назве і “хворыя” ў лісце настроілі яго на лад, што пабачыць ён нешта кшталту бальніцы. Ну ці “прафілакторыя”, але са строгім вахцёрам у міліцэйскай форме пры ўваходзе і жорсткай дысцыплінай унутры. Аднак карціна, якая адкрывалася зроку, магла ўразіць любога. Перад ім была ледзь не крапасная сцяна метраў пяць-шэсць вышынёй, за якой ён не бачыў нічога – ніякіх будынкаў. Сцяна была аблытаная калючым дротам уверсе. Пасярод яе былі вялізныя, высокія, у два чалавечыя росты дзверы – для заезду машынаў. А ў іх – маленькія, для ўваходу людзей. Якая бальніца? Турма і тое не кожная такой высознай сцяной акружаная. А з-за гэтай сцяны, убачыў Максім, калі наблізіўся, асцярожна і сціпла выглядвала яшчэ адна сцяна, такая ж вышынёй і яшчэ больш абчапляная кругамі калючага дроту. Вось табе і прафілакторый. Лячэбна-працоўны…

Патрапіць на тэрыторыю ЛПП па журналісцкім пасведчанні аказалася проста. Усё ж распачатая колькі гадоў таму перабудова сыграла на карысць свабоды, а роля прэсы, да таго ж партыйнай, яшчэ не ўпала ніжэй пояса. Ахоўнікі, іх было трое, Максіма прапусцілі, але перад тым патэлефанавалі самаму высокаму начальніку, які тут быў, спыталі дазволу. І адразу ж ветліва папрасілі прайсці ў галоўны будынак да таго самага начальніка. На размову. “Ну вось, – падумаў Максім, – а ты і абрадаваўся. Будзе табе зараз і свабода, і праважаты. Гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым – паедзеш ты дамоў пасля гутаркі з начальнікам”.

На дзіва, абышліся з ім зноў ветліва. Начальнік сустрэў Максіма ля дзвярэй кабінета і правёў да сябе. Максім чакаў ад яго ласкава-ліслівага: “Што будзеце піць – гарбату, каву?” – а той адразу перайшоў да справы. Пэўна, разведка даўно яму даклала, што ў ваколіцах ЛПП з’явіўся шпіён. Прынамсі, начальнік быў гатовы да размовы.

– Я так думаю, што прычынай вашага візіту да нас сталі нядаўнія падзеі, – канстатаваў ён.

Максім пахмурна кіўнуў: так.

– Што ж, не дзіўна. Прэса цяпер працуе аператыўна. І што вас цікавіць у першую чаргу?

– У першую чаргу… хацеў бы выслухаць розныя бакі… нядаўніх падзеяў, што ў вас адбыліся. Вы ж разумееце, што лепш пачаць з гэтага, – начальнік моўчкі кіўнуў. – Паразмаўляць і з хворымі, і з супрацоўнікамі. Прайсці па тэрыторыі, паглядзець, як жывуць і працуюць людзі. Як лечацца…

– Ну што ж, я не супраць – пахадзіце, паглядзіце, пагаварыце… Але аднаму вам да кантынгенту ісці я не раю. Давяраць людзям па гэты бок плота нельга. не толькі пасля бунту, але і ўвогуле. Яны здольныя на ўсё. Захопяць вас як закладніка, нож да горла – і што тады? – пры слове “кантынгент” Максім не стрымаўся і злёгку пасміхнуўся, як і начальнік раней пры ягоным слове “хворыя”.

– Які нож? Адкуль ён у іх? – перапытаў Максім.

Начальнік пасур’ёзнеў:

– Гэта не прафілакторый, гэта зона. Практычна турма. Адно хіба: кантынгент тут не сядзіць у камерах. а перамяшчаецца па тэрыторыі даволі вольна. А таму прашу вас, пакіньце ілюзіі пра хворых і прафілакторый тут, у маім кабінеце. Без праважатага я вас не пушчу. Не падумайце, што хачу перашкодзіць вам ці дазнацца пра нейкія сакрэты. Паверце, я іх і так ведаю. Капітан Стасевіч вас правядзе куды захочаце і ўсё пакажа. Але я раіў бы вам, перш чым ісці ў зону, спачатку, каб пазнаёміцца з сітуацыяй, паразмаўляць з нашымі супрацоўнікамі.

Максім зразумеў, што яму спрабуюць навязаць свае думкі. Але тут, за гэтай двайной шматметровай сцяной ён сабе ўжо не належаў, а таму аддаўся на волю гаспадароў.

 

Размова з супрацоўнікамі ЛПП адбывалася ў пакоі адпачынку, дзе вольныя ад працы афіцэры на некалькіх сталах ганялі більярдныя шары. Пад стук кіёў па адным яны падыходзілі да Максіма і распавядалі:

– Бунт быў… Няма чаго ўтойваць. Але, паверце, не ў кожным піянерскім лагеры, а тым болей у доме для састарэлых ёсць цяпер такія ўмовы, як тут. Ад дзяцей і старых адрываем – ім аддаем. І каму? П’янтосам, гультаям… Многія з “хворых” у ранейшым сваім жыцці ў каналізацыйных ямах спалі. А тут ім ложак, свежая бялізна, лазня, тэлевізар, сталаванне тры разы на дзень – працуй, лячыся. Жыві…

– Ежы тут хапае. У сталоўцы нядрэнна кормяць. Плюс пасылкі з дому, плюс крама – дазволена ў месяц на дваццаць рублёў прадуктаў купіць. А дысцыплінаваным – на трыццаць. Яны хлебам чорным тут у футбол гуляюць. Белы – у сметнік выкідваюць. Гарбаты дазволена ў месяц кілаграм купіць. Уяўляеце? Кі-ла-грам! Навошта нармальнаму чалавеку столькі? Чыфірыць… А не хочаш чыфірыць – у любы час можаш у ЛПП спіртное ці бражку знайсці. Абы жаданне ды грошы… Летась падчас праверак у “хворых” 450 літраў спірнога і сурагатаў канфіскавана. Як праносяць? Ёсць спосабы, пра якія мы ведаем, а ёсць і таемныя. Як кажуць, свіння гразь знойдзе.

– Хто не лянуецца, можа да выхаду добрыя грошы зарабіць. Але большасць працаваць не хоча. Тут адмова ад працы геройствам лічыцца. Раней за нявыхад на працу – ізалятар. І трапіць туды баяліся. Бо гэта было сапраўднае пакаранне. Цяпер зрабілі не ізалятар, а рай. Раней былі адкідныя ложкі, якія на дзень да сцяны замыкаліся. Цяпер ляжы цэлы дзень на іх, кніжкі, часопісы чытай. Раней кармілі ў ізалятары раз на суткі, цяпер як усіх. Што гэта за пакаранне такое? Я сам набраў бы кніжак ды на месяц у ізалятар пайшоў…

– Паглядзіце, у што яны ператвараюць спальныя памяшканні – усюды бруд, недапалкі, абшарпанасць… А рамонт быў год таму. Да забастоўкі каляровы тэлевізар маглі свабодна да канца праграмаў глядзець. Дзе, у якой бальніцы гэта дазваляюць?

– Білі іх? Так, білі. Але не мы, а спецназаўцы – нам жа тут далей з гэтым кантынгентам працаваць, таму мы іх не чапалі… Білі. А што было рабіць? Угаворы ды размовы не дапамаглі. У нас тут няма тых, хто ўпершыню трапіў у ЛПП, у асноўным рэцыдывісты, якія ўжо і ў турмах адседзелі. З імі размова павінна быць кароткай…

– Умовы працы ў супрацоўнікаў тут горшыя, чым у турме, а кантынгент той самы. Дзевяноста адсоткаў “хворых” маюць адну-дзве, а то і тры-чатыры “ходкі” ў турму. Ёсць некалькі чалавек, якія і сем, і восем разоў паспелі адседзець. І адпаведна, турэмныя парадкі перанесеныя сюды. Як з імі працаваць? Пакараць “хворых” за хуліганства, за хамства немагчыма. Не крані! Застаецца хіба пальцам паківаць, як дзіцяці… Заробкі, аклады ў супрацоўнікаў мізэрныя, а працаваць даводзіцца па 12-15 гадзінаў у суткі… Дык каму баставаць трэба?

– Лячэнне? Якое лячэнне… Любы ўрач вам скажа, што хранічную хваробу вылечыць немагчыма. А хранічны алкагалізм – хвароба асаблівая, бо вельмі шмат спакусаў вакол пасля гэтак званага вылячэння. Каб сарвацца – імгнення хапае. А тады пайшло-паехала… Большасць, абсалютная большасць у нас, дзевяноста дзевяць адсоткаў – тыя, хто “лечыцца” другі-трэці раз, а ёсць і такія, што шосты-сёмы… Гэта не проста хранічна хворыя людзі, гэта людзі, страчаныя для грамадства. Яны ўжо свайго жыцця без ЛПП не ўяўляюць. Выходзяць, напіваюцца і зноў сюды просяцца. Тут ніякіх праблем няма – накормяць, апрануць. А там, на волі, працаваць, круціцца трэба, каб калі не сем’і, дык хоць сябе ўтрымліваць…

Максім зразумеў тактыку начальніка ЛПП. Наслухаўшыся такога, ці застанецца ў журналіста спачуванне да забастоўшчыкаў?.. Калі і застанец­ца, дык глядзець ён будзе на іх зусім іншымі вачыма. Але Максіму ехаў сюды з думкамі не толькі дазнацца праўду, але і паспрабаваць дапамагчы аўтарам ліста. Якімі б яны кепскімі ні былі, але ўсё ж гэта людзі. І калі дзяржава сабрала іх тут, дык яна павінна за іх і адказваць. А не апраўдваць збіццё тым, што ў піянерскіх лагерах ці дамах састарэлых цяпер яшчэ горш.

 

У зоне, а так называлася ўнутраная тэрыторыя ЛПП, падзеленая, дарэчы, на некалькі “зон” – жыллёвую, працоўную, медычную ды інш., нішто не нагадвала пра нядаўні бунт. Чысценька, прыгожанька, ні табе зламаных лавак, ні вытаптанага газона. Гэта ў двары, а калі Максім разам з праважатым зайшлі ў жыллёвую – спальную – зону, дзе поўныя гаспадары “хворыя”, адразу кінулася ў вочы засмечанасць і абшарпанасць памяшканняў, што выглядала дзікавата. Кавалкі скамечанай бруднай паперы, недапалкі, трэскі, нават бітае шкло… здавалася, ступіць няма дзе, падрапаныя нечым вострым сцены і дзверы, а надпісы – цытаваць не перацытаваць… Капітан заўважыў нямое пытанне на твары Максіма.

– Рамонт быў год таму, – паўтарыў ён словы, якія Максім ужо чуў ад іншых, – але тут яны поўныя гаспадары…

Максіма здзівіла: чаму гэта яны, хворыя, тут поўныя гаспадары, але перапытваць не стаў.

Капітан правёў Максіма ў вялізны пакой, у якім было больш за пяць­дзясят жалезных ложкаў. Стаялі яны ў два шэрагі справа і злева. Як у вайсковай казарме. Побач з кожным ложкам была тумбачка. На тумбачках, праз адну, а то і часцей, стаялі карычневыя паўлітровыя слоікі, напалову, а то і амаль цалкам запоўненыя гарбатнай заваркай. Менавіта заваркай, вадкасці, вады, відаць не было. Не заўважыць гэта немагчыма – значыць, гаспадары іх сёння “чыфірылі” і не ўтойваюць гэта перад “начальствам”, больш за тое – ганарацца адзін перад адным. “Хворых” у пакоі было чалавек дваццаць. Адпачывалі незанятыя на працы – пасля начной змены. Большасць ляжала, але калі зайшоў капітан з Максімам, яны неахвотна падняліся, селі на сваіх ложках.

– Да вас прыехаў карэспандэнт з газеты, – аб’явіў капітан, – хоча з вамі пагутарыць. – І адышоў убок.

Ніхто з “кантынгенту” не варухнуўся, ніхто не падышоў да карэспандэнта. Тады капітан выйшаў з пакоя. “Хворыя” маўчалі, хто разглядваў столь, хто свае рукі, а хто проста сядзеў, апусціўшы галаву. Нарэшце адзін з іх, пэўна, самы нецярплівы, спытаў ад свайго ложка:

– Ты і праўда карэспандэнт?

– Так.

– І ксіва ёсць?

– Ёсць.

– Пакажаш?

– Пакажу.

Некалькі чалавек падышлі да Максіма. Патрымалі ў руках пасведчанне, адзін нават шматзначна-здзекліва панюхаў. Максім пачуў, як нехта з тых, што не падышлі, сказаў з прысмешкай “хворым” побач: “Я такую за дзесяць хвілін намалюю”. Пасведчанне патрымалі ў руках яшчэ пару чалавек і аддалі.

– Ну і чаго ты сюды прыйшоў?

– Па вашым пісьме. Вы ж самі пісалі ў газету.

“Хворыя” перазірнуліся. Пра ліст яны, відавочна, ведалі. Аднак маўчалі. Потым адзін з іх сказаў:

– Было. Пісалі. Але…

Гэтае “але” было зразумелым: ніхто не верыў, што ліст дойдзе да рэдакцыі і прыедзе карэспандэнт. Як ніхто і не верыў, што перад імі карэспандэнт. “Ці не падстава гэта?” – чыталася на іхніх тварах. Відаць, ахоўнікі перахапілі ліст і вырашылі падаслаць “карэспандэнта”, каб даведацца, хто пісаў яго і разабрацца з ім канчаткова… “Размовы не атрымаецца, – думаў Максім, – не павераць і не раскрыюцца. Вось чаму начальнік так проста пусціў мяне ў “зону”… Што зрабіць, каб яны мне паверылі? Я ж сапраўды шчыра хачу ім дапамагчы. Паспрабаваць аблегчыць іхняе жыццё. Ці хоць расказаць пра яго. Прынамсі, каб напісаць праўду пра тое, што тут было і што ёсць… З такой мэтай ехаў”.

– Вы пісалі, што ў вас была забастоўка, з якой жорстка расправіліся.

Маўчанне і пацісканне плячыма.

– Ну а забастоўка то хоць была?

Пераглядванне, скептычныя ўсмешкі на падцятых вуснах. Маўляў, ну, была – вынікала з тых позіркаў і ўсмешак – і што… “Хворыя” не верылі Максіму, а можа і баяліся, што размова іхняя нейкім чынам фіксуецца і потым будуць прынятыя “меры”. Бітыя нядаўна бакі яшчэ не забыліся пра дручкі, нанесеныя раны яшчэ не ва ўсіх загаіліся.

У Максіма ў руках быў толькі звычайны блакнот. Нават дыктафон ён з сабой не браў. Дык што зрабіць, каб паверылі, што перад імі сапраўдны карэспандэнт? Як разбіць іхнюю насцярожанасць і недавер? Ніяк… Відаць, гэта немагчыма…

Максім ужо быў гатовы пайсці з жылой зоны, калі яго паклікаў “хворы” са “шляхетным”, інтэлігентным тварам і сумнымі, разумнымі вачыма, які сядзеў крыху асобна ад іншых.

– Камандзір, ты сапраўды хочаш пагаварыць?

Максім кіўнуў.

“Хворы” яшчэ раз з гэтакай ленінскай хітрынкай угледзеўся ў яго і сказаў:

– Тады ідзі сюды, пакалякаем…

Максім прысеў на ложак насупраць яго.

– Ведаеш, камандзір, справа ўжо не ў тым, была забастоўка ці не была, – сказаў “інтэлігентны”, – і не ў тым, якія былі ў нас патрабаванні – справядлівыя ці несправядлівыя. Справа ў тым, што абыйшліся з намі вельмі жорстка, не па-людску… Ніхто не вёў нейкія перамовы. Нават не паспрабавалі… Проста ўварваліся ў памяшканні і змалацілі ўсіх так, што лужыны крыві стаялі паўсюль. не ведаю, што табе будуць казаць начальнікі, але зразумей: якімі мы б ні былі – мы таксама людзі, а не жывёла, не скот, як тут гавораць.

– Ну дык таму я і прыехаў. Каб разабрацца. І дапамагчы вам.

“Хворы” зазірнуў глыбока ў вочы Максіму:

– Дапамагчы? Нам… ім, – кіўнуў у бок хворых, што так і стаялі паводдаль, – ім ужо ведаеш толькі хто дапаможа… – памаўчаў шматзначна. – Але, калі хочаш, калі зможаш – разбярыся. Паспрабуй. Нават калі і не дадуць табе нічога напісаць ці надрукаваць. Пагавары з хлопцамі. Яны ўсё раскажуць.

Пасля гэтага і сапраўды – загаварылі ўсе. Але амаль нічога новага, апроч падрабязнасцяў збіцця ды паказу шнараў, сінякоў ад дубінак, Максім не даведаўся. А потым увогуле пачалася пахвальба ды геройства. Адзін перад адным хворыя распавядалі, як кожны з іх адбіваўся ад мянтоў і як валіў іх.

– Ну а супраць чаго вы паўсталі? Чаго хацелі дабіцца? – спытаў Максім.

Загаварылі наперабой:

– Калі мы хворыя, дык лячыце нас, а не прымушайце працаваць.

– Вы былі ў цэхах? Там пекла…

– Гэта не прафілакторый. Гэта – турма.

Максім перапыніў самага бойкага:

– Вы ўпершыню ў ЛПП?

– Не, чацвёрты раз.

– У яго яшчэ дзве ходкі ў турму, – падказваюць з гонарам.

“Чацвёрты раз, – падумаў Максім, – і ён кажа пра лячэнне…” Спытаў яшчэ некалькіх – не было сярод іх ніводнага, хто трапіў сюды ўпершыню. Затое ўсе мелі “ходкі” ў турмы.

– А чаму чацвёрты раз? Чаму вы не вылечыліся з першага разу?

Маўчанне. Няма адказу. А потым:

– Ды тут не лечаць, а калечаць…

Максім бачыў, што перад ім сапраўды няшчасныя людзі, але чым больш яны гаварылі, тым меншала ў яго сімпатыя да іх. Так, яны, гэтыя – “хворыя”, але ці задумваліся яны, колькіх людзей самі зрабілі такімі ж гаротнымі: родных, жонак, дзяцей праз сваю “хваробу”? Апроч сябе любімага яны не бачаць нікога. Які ж дробненькі іхні свет і якія мізэрныя жаданні ды інтарэсы! Гэта жах! Максіму было шкада іх, але шкадаванне гэтае набывала іншы сэнс. Яму было шкада не людзей, збітых за тое, што асмеліліся адстойваць свае правы, як думалася раней, а людзей, якія страцілі цікавасць да жыцця і падпарадкавалі яго аднаму памкненню, якое зацьміла ім усё – атрымаць асалоду, напіцца – нажрацца, як яны кажуць, а там – трава не расці…

І гэта яшчэ пры тым, што кожны з іх хоча здавацца лепшым. Вось што ў іх засталося чалавечага, дык гэта гонар. Але чым яны ганарацца? Божа мой… Максім ажно схамянуўся, бо размова перайшла ўжо ад бунту і збіцця да “жыццёвага”. Тая ж пахвальба… Адзін паказваў спіну, грудзіну, рукі, спярэшчаныя наколкамі з малюнкамі і надпісамі, другі жывот са страшнымі шнарамі і расказваў, як ён “рэзаўся”, трэці ўжо расшпільваў крэсла штаноў… Кожны хацеў казырнуць не толькі перад карэспандэнтам, але і скарыстаць магчымасць пакрасавацца перад сваімі.

На гэтым размову можна было заканчваць. Як і “расследаванне”. Магчымы артыкул развальваўся. Максім прабыў у ЛПП увесь дзень і на кожным кроку пераконваўся: праблема ёсць, аднак вырашэння яе – няма. У цэхах умовы працы “хворых” ці “кантынгенту” і сапраўды былі цяжкімі, але дзе яны на падобных вытворчасцях лёгкія… У ізалятары пакараныя за гультайства і адмову ад працы ляжалі на ложках з часопісамі і кнігамі, а стол у пакоі і сапраўды быў завалены кавалкамі чорнага і белага хлеба, над якімі кружлялі мухі… У пакоях абшарпанасць, смецце, чыфір… На паседжанні выязнога суда, на якім прымалі рашэнне выпускаць датэрмінова тых, хто сябе добра паводзіць ці не, суддзя поўным расчаравання голасам сказаў Максіму:

– Вось яны тут клянуцца, што вылечыліся і больш гарэлку ў рот не возьмуць. А самі па выхадзе адразу бягуць да першай жа крамы. Добра, калі некаторыя дахаты даедуць, а большасць нашы ж гарадскія міліцыянеры падбяруць і сюды вернуць. А тыя, што даедуць, толькі сваіх родных патэрарызуюць, патыраняць і праз тыдзень, праз месяц у ЛПП вернуцца. Колькі я такога нагледзеўся ўжо – не пераказаць…

– І ўсё роўна вы іх адпускаеце?

– Адпускаю. Па законе. Па сканчэнні тэрміну. За ўзорныя паво­дзіны. Але тут і там гэта розныя людзі…

 

“Ну і навошта я сюды прыехаў? – прыгнечана думаў Максім, ідучы назад у гатэль пад вечар. Сум агарнуў яго, безвыходнасць і безнадзей­насць прыдушылі: “Я ж хацеў дапамагчы бедным, няшчасным людзям, якія паўсталі супраць несправядлівасці. А што ў выніку? Ці трэба ім мая дапамога? Яны жывуць у сваім, утульным ім, свеце, і большасць з іх нават не ўяўляе сябе, свайго жыцця, па-за гэтым светам, па-за “прафілакторыем”, па-за гэткім “лячэннем”. Вядома, ім хацелася б яшчэ большай свабоды, хацелася б сытней есці і менш працаваць. А лепш – зусім не працаваць, а толькі “лячыцца”… Змірыліся з гэтым і родныя іхнія. Яны нават радыя, калі пазбаўляюцца алкашоў – самі здаюць зноў на “лячэнне”. Ці падлічваў хто, колькі “хворых” сапраўды вылечваецца пасля першага разу, а колькі вяртаецца сюды ў другі… у пяты раз? Такое ўражанне, што “лячэнне” тут ператварылася ў канвеер-кругазварот, вір, з якога не вырываюцца, а ў які зацягвае ўсё новых і новых людзей і толькі разбэшчвае іх. Колькасць “прафілакторыяў” большае, расце колькасць “хворых”, і ўсіх гэта задаваль­няе: улады нібыта змагаюцца з “зялёным змеем”, сем’і бароняцца ад гвалту, “алкашы” таксама не ў крыўдзе: маюць статус “хворых”, а значыць, могуць патрабаваць: лячыце нас, а не прымушайце працаваць… Не, гэтую сістэму трэба змяняць ці адмяняць зусім. Так, сістэму трэба змяняць, але ці толькі гэтую? Трэба змяняць сістэму ў краіне, якая так і не пабудавала камунізм і не пабудуе ўжо яго ніколі… Трэба змяняць саму краіну…”

Максім ішоў і міжволі заўважаў, як з кожным ягоным крокам, з набліжэннем да цэнтра горада на галоўнай вуліцы і ў дварах большала людзей. У асноўным гэта была моладзь. На лаўках ля дамоў, на прыпынках стаялі купкі хлопцаў і дзяўчат. А калі трапілася кавярня – там на прыступках быў цэлы натоўп. Стаяў рогат і смех, выкрыкі, павіскванні. І мат. Мат, якога Максім не чуў нават у ЛПП ад “хворых”. Некаторыя былі ўжо на добрым падпітку. Калі Максім праходзіў міма, у ім бачылі чужога і праводзілі гэтакімі смела-нахабнымі позіркамі. Ён ведаў такія позіркі. Варта было яму адкрыта паглядзець у адказ, як тут жа пачуўся б вокрык:

– Эй, падажді! Разгавор есць…

Чым заканчваюцца такія “разгаворы”, таксама было вядома: хапаннем загрудкі, а потым мардабоем, простым беспрычынным збіццём на вачах  гікаючага натоўпу. І ніхто не заступіцца. Зявакі пастаяць яшчэ трохі ля акрываўленага чужынца, які “не так паглядзеў”, і вернуцца да перапыненага: “Ну дык пра што мы? А… ўспомніў…” Таму Максім стараўся не паварочваць галаву ў бок груповак, што праводзілі яго ненавіснымі і пагарджальнымі позіркамі, а тым болей не адказваць поглядам вочы ў вочы. Аднак такая колькасць людзей на вуліцы з нейкім святочным настроем падалася яму незвычайнай, асабліва ў параўнанні з учарашнім вечарам. З чаго б гэта?

Непадалёку ад гатэля Максім спыніўся і агледзеўся, не падыходзячы да чарговай купкі падлеткаў ля прыпынку. Трэба было б павячэраць недзе. Але, мяркуючы па кавярнях, каля якіх ён ішоў, у тую, учарашнюю, сунуцца было няварта. Падобна, што сёння пуста там не будзе. Лепей зайсці ў прадуктовую краму, купіць чаго ды паесці ў гатэлі. Па-студэнцку. Набыць якога печыва і што-небудзь папіць. Каўбас ды іншага мяснога ў раённых крамах даўно не было.

Максім згадаў, што бачыў па дарозе крамку. Зусім нядаўна мінуў яе. Звычайны аднапавярховы невялікі цагляны дамок з шырокімі вокнамі. Святло ўнутры гарэла, і ён бачыў, што крамка была пустой – ніводнага пакупніка. І не дзіўна, мяркуючы па надпісе “Булочная”, гарэлка ў ёй не прадавалася. Вярнуўся і зайшоў. За прылаўкам стаяла жанчына гадоў пяцідзесяці. Усе тавары былі на паліцах за ёю. Ніякога самаабслугоўвання. “Каб не кралі”, – міжволі падумаў Максім. А таму давялося падысці да самага прылаўка ўпрытык, каб пабачыць, што тут можна набыць. Жанчына ўважліва і адкрыта, можна было б сказаць – бессаромна, калі не нахабна, разглядала Максіма. Зняважаны гэтым позіркам, ён ледзь стрымаўся, каб не выйсці. Выбар у краме быў небагаты. І тое, што мелася, не дужа вабіла Максіма. Ён вагаўся, браць штосьці ці не? Прадаўшчыца не вытрывала:

– Што вам прапанаваць?

Максім пасміхнуўся:

– Ды вось вывучаю асартымент…

Прадаўшчыца, канечне ж, ведала ў твар усіх сваіх пакупнікоў, што жылі ў бліжэйшых дамах, а іншыя сюды, відаць, і не хадзілі, а таму бачыла, што Максім не з мясцовых. Пэўна, сёння пакупнікоў было ў яе няшмат, і яна трохі засумавала на адзіноце.

– А што б вы хацелі? – жанчына сказала ўжо больш ветліва, нават прыязна. Максім угледзеўся ў яе – шырокі, адкрыты паляшуцкі твар, невялікі кірпаты носік, сіне-зялёныя глыбокія вочы…

– Мне перакусіць чаго-небудзь на вечар.

– Прыезджы?

– Так.

– Камандзіровачны?

– Так.

– На хімзавод?

Максіму падалося, што прадаўшчыца занадта навязлівая – ну якая ёй розніца, хто ён, адкуль і чаму прыехаў. Але па выхадзе з “прафілакторыя” ім апанавала самотная абыякавасць, і ён аддаўся ёй. Таму не адмаўчаўся, а падтрымаў размову:

– Не. Я журналіст.

– А куды, як не на хімзавод?

– У ЛПП быў.

– Ага… – жанчына памаўчала, а потым сказала: – Баставалі там нядаўна.

– Вы ведаеце?

– Увесь горад ведае. Тут хіба схаваеш. Добра, што ім усыпалі. Забастоўшчыкі, блін… – яна хмыкнула.

– Чаму добра? Людзі ж…

– Якія людзі, што вы кажаце… Яны даўно ўжо не людзі.

– Ну чаму вы так пра іх. Там жа нясоладка: рэжым – турма, можна сказаць. Плот вунь які вакол.

– Які рэжым? Які плот? Што вы кажаце… Каб рэжым, не хацелі б туды вяртацца. Усё яны там маюць. Нават гарэлку. Абмінуць той плот і той рэжым тысяча спосабаў прыдумана.

– А вы адкуль ведаеце?

– Ды ўжо ж прыйшлося. Муж мой лячыўся ў такім пра-фі-лак-торыі. Лячыўся, пакуль не замёрз пад хвояй… Тройчы лячыўся, і хоць бы што яму. Адпусцяць – дамоў на чатырох прыпаўзае пасля таго лячэння. Усе грошы, заробленыя там, па дарозе прап’е. Па першым разе я верыла, што дапамогуць, а трэці раз сама міліцыю папрасіла праз тыдзень, каб яго забралі.

– Як – вы самі яго здалі? – Максім наўмысна выказаў здзіўленне.

– Вось так – выклікала і здала… Бо зусім невыносным стаў. Бо без яго лягчэй. І прасцей. Жыць… Праўда, ён не ў нас быў, а ў Магілёве. Дык расказваў, як там п’юць – больш, чым дома. А ўжо чыфіраць… А той чыфір бярэ не горш, чым гарэлка. А сэрца садзіць яшчэ больш. Таму і злёг па дарозе непадалёк ад дома і замёрз. А я і не шукала, калі не прыйшоў, толькі ранкам і даведалася, што знайшлі яго… Але, як кажуць, бяда адна не ходзіць. Цяпер сын наш адзіны – п’яніца, а мо і наркаман… Бо тут па горадзе такое расказваюць… Што і рабіць, не ведаю… Вось стаю тут, пакупнікоў няма, а працу кінуць не магу. Стаю і думаю: дзе ён там? Можа, апошняе з кватэры выносіць…

Максім спагадліва кіўнуў ёй, маўляў, разумею.

А што ён мог сказаць? Як дапамагчы гэтай жанчыне: стаць за яе за прылавак, пакуль яна збегае сына паглядзець? Смешна і несур’ёзна гэта. Можна толькі бясконца спачуваць. Але колькі іх такіх маці, жонак у гэтым горадзе? І колькі па краіне… Якая будучыня ў іх і ў гэтай краіны, калі такое паўсюль? Калі змаганне з п’янствам скончылася нічым, а той самы “сухі закон” не вылечыў краіну, а, як пішуць, паступова развальвае яе…

– А чаму сёння так шмат людзей на вуліцы? Свята нейкае ў горадзе? – спытаў Максім у прадаўшчыцы. Яна адказала як пра нешта звычайнае:

– Дык пятніца ж… Заўтра выходныя. Гуляюць людзі.

Максім быў агаломшаны гэтым спакойным і абыякавым адказам. “Гуляюць людзі… Так, гуляюць. А што яшчэ рабіць у гэтым горадзе і ў гэтай краіне, як не гуляць? Пятніца ж… І колькі сярод гэтых гульцоў былых і будучых кліентаў ЛПП і турмаў? Колькі хворых на СНІД і наркаманаў?.. І колькі іх яшчэ трэба, каб яны нарэшце перасталі гуляць?”

Максім купіў пару пончыкаў з павідлам і паўлітровую шкляную пляшку малака, развітаўся, выйшаў з крамы. І зноў накінуўся на яго ўвесь гул і гам цэнтра немалога горада: музыка і смех, віск і рогат шчаслівых сваёй кароткай пятнічнай радасцю людзей. Горад гуляў… Смех і рогат нарасталі з кожным крокам Максіма, запаўнялі сабою ўсё наваколле, усю прастору ад зямлі да неба. “Га-га-га-га!” – рагаталі сосны і дамы, “Га-га-га-га!” – рагатаў гатэль, “Га-га-га-га!” – рагатаў ЛПП, “Га-га-га-га!” – рагатаў горад, “Га-га-га-га!” – смяялася, аж заходзілася смехам вечаровае сонца, развітваючыся з зямлёй… “Га-га-га-га!” – рагатаў начальнік ЛПП, “Га-га-га-га!” – рагатаў “інтэлігентны”, “Га-га-га-га!” – рагатала прадаўшчыца, “Га-га-га-га!” – рагатала, аж залівалалася слязьмі ад смеху, бледнатварая афіцыянтка…

Максіму таксама захацелася зарагатаць на ўвесь гэты горад, на ўсю гэтую краіну, на ўвесь гэты свет і ўзляцець, зляцець адсюль, растварыцца, растаць, знікнуць у небе, у космасе. У сусвеце…

 

Р.S. Пасля выхаду артыкула ў Максімавай газеце Вярхоўны Савет на сваім пасяджэнні разгледзеў становішча спраў у ЛПП. У рэшце рэшт было прынята рашэнне аб адмене ў Беларусі прымусовага лячэння алкаголікаў. Але забараніць – не значыць пазбавіцца праблемы. І праз некалькі гадоў, па прапанове першага прэзідэнта краіны, ЛПП былі адноўленыя. Праўда, гарбачоўскі “сухі закон” кануў у Лету нашмат раней, як і абяцаны Хру­шчовым камунізм…

1995 г.

 


Апублікавана

у