…Не для нас гэты час, не для нас, мы яго нежаданыя дзеці…

— Алесь Пісьмянкоў

Засада,
або Лавіся, рыбка, вялікая
Фрагмент аповесці

 

Усе апісаныя падзеі – выдумка галоўнага героя…

Кожны раз Андрэй разумеў, што гэта быў сон, толькі калі прачынаўся. Сон гэты не даваў яму спакою ўжо некалькі месяцаў. Ён думаў, што ёсць у ім нешта сімвалічнае, калі ён паўтараецца, але дагэтуль не разгадаў – што? Ад пачатку ў сне ўсё было надта рэалістычным ды праўдзівым. Як у жыцці.

Звычайная ранняя зімовая ноч – усе фарбы на месцы. Бэзавае неба без зорак. Гарадская плошча са знаёмымі чорнымі будынкамі вакол. Прастакутнікі жоўтых вокан. Стаптаны, але белы, снег пад нагамі. Маўклівы шэры збой некалькіx тысячаў людзей, якія стаяць цесна, амаль без рухаў. Нібыта чагосьці чакаюць. Цішыня праразаецца гудкамі машынаў, што праязджаюць міма і вітаюць людзей на плошчы. І тады сёй-той паварочвае галаву ў бок гуку і паказвае Андрэю свой чырвоны ад марозу твар. І ён бачыць трывогу ў ім.

Недзе далёка, злева ад плошчы, пачынае пашырацца і нарастаць гул. Нібыта незадаволена грукоча працяглы летні гром, які паступова рухаецца сюды. Гром зімою – не можа такога быць… Але грукат набліжаецца і паглынае сабою ўсе астатнія гарадскія шумы. Андрэю і ў сне не верыцца, што гэта магчыма. Ён шчыкае сябе, як раяць рабіць, каб праверыць, ці не сон гэта. І кожны раз адчувае боль – сапраўдны боль. Пацірае ўшчыкнутае месца і тады канчаткова ўпэўніваецца, што гэта не сон.

Гул звычайны, машынны, спрабуе супакоіць ён сябе. Пэўна, так думаюць і іншыя. Таму не адразу становіцца зразумелым, што гул гэты страшны, што ён абяцае бяду. Быццам з нейкае гары коціцца да плошчы цяжкі вялізны шар і грукоча на выбоінах, ці хваля цунамі ідзе, змінаючы на сваім шляху дамы. Людзі міжволі прыслухоўваюцца да гулу. Аднак стаяць, не разыхо­дзяцца. Усе чагосьці чакаюць, паглядваючы наперад, дзе віднеецца помнік з трыбунаю. Хоць ведаюць – мажлівых выступоўцаў даўно арыштавалі. А новых сярод іх не знаходзіцца.

Гул магутнее, навісае над плошчай, забірае ў сябе ўсе іншыя гукі і робіцца жахлівым. Маторы равуць недзе далёка так рашуча і злосна, што пачынае здавацца, быццам яны зусім блізка. Людзі азіраюцца, варочаюць галовамі, шукаюць нейкага паразумення ў тварах тых, што побач. Вочы іхнія між тым робяцца ўсё большымі, і галовы ніжэй ды ніжэй уціскаюцца ў плечы. Нібыта над імі стаіць нехта замахнуўшыся, і вось-вось пасыплюцца, упадуць на іхнія спіны ўдары…

Але ніхто не разыходзіцца.

Чаму яны выйшлі ў гэты позні вечар на плошчу? Чаго хочуць тым дамагчыся? Што паказаць? Навошта ўвогуле сабраліся?..

Тое было невытлумачальным, але тлумачэння не патрабавала. Іх у чарговы раз падманулі. Колькі гэта будзе працягвацца? Досыць… Так думаў кожны, хто прыйшоў сюды. Незалежна ад узросту. Ніхто не верыў, што сваёй прысутнасцю тут можа нешта змяніць. Але кожны спадзяваўся, што ён у гэты вечар, на гэтай плошчы не будзе лішнім, бо не адзіным.

І вось гул вырваўся з-за дамоў і выляцеў на плошчу.

“Танкі!” – закрычалі разам тысячы галасоў і на момант, на імгненне, перакрылі сабой лязгат гусеніцаў. А танкі, выбягаючы на плошчу, уключылі фары і раз’ехаліся. Утварылі роўную натоўпу шарэнгу і адразу, не спыняючы хаду, магутным прасам, сталёвым лязом, мякка ўвайшлі ў людзей, увайшлі так лёгка і проста, быццам нікога перад імі не было…

Крык зліўся з гулам… Дзе быў у гэты момант Андрэй – ён не ведаў. Але недзе збоку, бо назіраў за тым, як танкі прасавалі плошчу, распырскваючы кроў і снег, які на вачах рабіўся чырвоным марозівам. Неймаверны грукат, мітуслівыя слупы жоўта-белага балючага святла, роспачныя крыкі ды стогны людзей… Канец свету!.. І тут адзін танк знайшоў Андрэя – коціць, грукоча, і яму ўжо няма куды падзецца. Чорная крывавая гусеніца навісае над ім… А-а-а-а! – крычыць Андрэй і ў гэтае імгненне прачынаецца…

 

Раніца

Усё, што можна было прамовіць, – прамоўленае, і рука паціснула руку, і вочы бліснулі застылай слязою…

На парозе Кастусь азірнуўся і ўгледзеўся ў Андрэя так, быццам развітваўся назаўсёды. Такое ўсясветнае самоты Андрэй яшчэ не бачыў. Ніколі. Глыбокай, нібыта тысячы кіламетраў ужо раздзялялі іх, хоць Кастусь стаяў побач.

Так, яны і сапраўды развітваліся без надзеі ўбачыцца зноў. Кастусь зараз сядзе ў прамерзлы першы ранішні аўтобус, выйдзе ля вакзала, ускочыць у цягнік, які ўжо яго чакае, і з’едзе адсюль далёка і… надоўга, да лепшых часоў. Так зрабілі ўжо многія да яго. І нічога дзіўнага тут няма. Ну не прыстасаваная і не прызначаная гэтая краіна для людзей неабыякавых, для людзей, што, як і тутэйшыя птушкі, не могуць жыць у няволі.

“А раптам ён не здолее сёння з’ехаць, спозніцца, застанецца?” – падумаў Андрэй.

– Можа, і не варта табе спяшацца… – Андрэй пакідаў сабе надзею, – можа, яшчэ ўсё абыдзецца… Можа, перачакаеш у мяне? Не першы ж раз… – сказаў і патануў у Кастусёвых вачах, яшчэ глыбейшых, чым смутак расстання.

– Жартуеш… Ты ж ведаеш… Мяне шукаюць цяпер па ўсім горадзе. І да цябе першага прыйдуць…

– А раптам – не…

– У любым выпадку рызыкаваць не варта. Дзякуй і за гэтую ноч!

Кастусь казаў, і бачна было, што і яму не вельмі хочацца цяпер ісці ў шэрую невядомасць, ён з радасцю застаўся б тут, але… Ён ужо сабе не належыць – паляванне пачалося…

– Ты мне не тэлефануй. Тэлефоны праслухоўваюцца, выклікі фіксуюцца… Зрэшты, я гэтага кішэннага шпіёна, – Кастусь паглядзеў на свой старэнькі сотавік, – выкіну ў першую ж сметніцу, бо па ім маё перасоўванне лёгка адсачыць. Нават па адключаным.

– І ўсё ж… А раптам… Раптам табе давядзецца вярнуцца. Увечары…

– Не… Толькі не да цябе. Дзіўна, што іх дагэтуль няма…

– Патэлефануй хоць з аўтамата, – Андрэй разумеў, што хапаецца за саломіну, і тым не менш працягнуў, – пачакай… Значыць, трэба вяртацца да старых метадаў перасцярогі. Правераных часам. Вазон на вакне… Адкінутая штора… Давай дамовімся пра нейкі знак… Што можна спакойна зайсці да мяне і займець надзейны схоў, – ён казаў і сам не верыў гэтаму. Але яму трэба была хвілінная затрымка, каб вынырнуць на паверхню, каб хапануць паветра, каб хоць на імгненне пазбыцца адчування непазбежнасці і незваротнасці таго, што адбываецца. Яны з Кастусём не раз размаўлялі пра магчымы ад’езд адсюль. І заўсёды сыходзіліся на думцы, што гэта будзе самы крайні выпадак, што без пагрозы жыццю ніхто ніколі не адважыцца на гэта.

Цяпер, падобна, быў такі выпадак. Для Кастуся. Ён слухаў, не сыходзіў, не прасіў супыніцца. Відаць, і яго нешта трымала – нешта тое, што ўсведамляецца толькі потым, але ажывае ў кожнага пры развітанні.

Па вачах Кастуся Андрэй убачыў, што шляху назад ужо і сапраўды няма. Ловы пачаліся, а таму апошняя кволая нітачка надзеі абрывалася… І тады ён дадаў:

– Паглядзі наколькі штора на вакне адсунутая: напалову. Мы самі наўмысна чапаць яе не будзем. І вазон стаіць якраз пасярод падваконня. З таго боку вуліцы гэта добра відаць. Калі нешта будзе зрушана, значыць, заходзіць нельга.

– Дзякуй… – Кастусь горка пасміхнуўся. – Але думаю, нам не спатрэбіцца гэтая гульня ў шпіёнаў. У Штырліца… Не той час. Ну, бывай…

Дзверы коратка рыпнулі – Кастусь пайшоў. Андрэй прашаптаў услед: “Бывай…”

Каля прыадчыненых дзвярэй, з якіх па нагах цягнула холадам, ён прастаяў яшчэ з хвіліну, бо не мог скрануцца з месца.

 

Цалкам аповесць Барыса Пятровіча чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова”.

 

comments powered by HyperComments