Паміж намі былымі* * * У жніўні было дзве поўні я пра цябе успомню згадаю адным радком ты быў як месяц за шклом далёкі чужы халодны няведамы і свабодны то маладзік то ветах а я гадавала дзетак
* * * а ты ўставай і зноў жыві, пі ранішняе сонца, усміхайся. любі дарогу, на вадзе кругі, плыві, не бойся, дыхай, не здавайся. а я пайду па небе за табой, мы пражылі вясну так, як хацелі, мы бачылі, як зоркі мігацелі, на вейках вечара запальвалі расу.
* * * мне сёння пячэ між рэбраў, быццам хтось усадзіў туды нож, ён напэўна трапіў бы ў сэрца, толькі гэта мой правы бок. Але я стараюся дыхаць праз раз – беражонага Бог беражэ. раптам сэрца ў мяне паўсюль, хоць і адно?
* * * невясёлыя вясёлкі пад вачыма у вачах зоркі зыркія вавёркі скачуць поначы на дах зубкі рэжуцца ў дачушкі засынае на руках невясёлыя вясёлкі пад вачыма у вачах
* * * сёлета лета мяне заганяе ў тупік навігатары слепнуць і глухнуць губляюць дарогу а на мапах старых не нанесены тыя шляхі па якіх я навобмацак еду у дождж і ў пагоду і гару праразае асветлены новы тунэль і мяжа падымае шлагбаўмы сваіх пераходаў на крыжы раздарожжаў з усіх невядомых дарог выбіраю кірунак сэрцам дадому да дому
* * * Для гэтай ночы шкода сну. Так хочацца віна, размоваў, песень. І чэрпаць зоркі прыгаршчамі з неба. Для гэтай ночы шкода сну. Так хочацца далоні, плечы, скроні – гарачых шэптаў блытаныя словы. Для гэтай ночы шкода сну. Бо жнівень, бо далёка дзесьці мора, бо спелых вінных гронак смак на вуснах.
* * * нясу сябе праз лістапад нібы віна паўнюткі келіх і сонца дастае да дна густой гранатавай купелі і грэе
* * * ёсць гарады халодныя шэрыя камяні ёсць гарады жоўтыя цёплыя прамяні ёсць гарады крыжы й галубы ў вышыні ёсць гарады вятры шалёныя і дажджы
а ёсць дарогі паміж гарадамі тымі паміж табою і мной паміж намі былымі
* * * вось яно задажджыла хмарамі аблажыла цягне павольна як з жылаў з неба шэры сувой мне засталося выжыць самотнай ваўчыцай хіжай што з лужыны поўню зліжа і лісце запаліць слязой
* * * тонкімі рыскамі па шэрым паветры малюю мары свае жаданні хачу іх пазнаць не магу праверыць яны збываюцца ці забываюцца іду наскрозь прашываю ніткамі сваіх пачуццяў думак уражанняў шэрыя дні азірнуся – вышыты новы ўзор на сукенцы каляднай
* * * …бесскрыдлаты паэт… М.Б. паэт выпадае нібыта зусім выпадкова з жыцця ў калодзеж двара, пад’езда, хваробы. за спінай не раскрываецца ветразь крылаў і не ратуе паэта ў апошнім і першым палёце…
* * * лета застанецца ў далонях тваіх суніцамі над азяром вербалозамі ніцымі поўняю над пустымі вагонамі словамі непрагаворанымі смагаю неспатоленай вадою крынічнаю з-за далягляду летні мой край кліча мяне
* * * Снег Дзіцячы смех Залаты гарэх Падарункаў мех Пад убранай ялінкай Цень Кароткі дзень Зорак мільгацень У каміне жарынкі
* * * Па голым лёдзе, як па тонкім шкле, па белым снезе, як па парцаляне, ідзе зіма праз студзень: дзень у дзень па вызначаным плане і раскладзе. І я іду за ёю след у след, год скончыцца і распачнецца новы, і незаўважна для саміх сябе сёння па снезе заўтра па вадзе пяройдзем мы ў рэжым хады вясновы. І хтосьці азірнецца, хтосьці – не. Камусьці лёс кагосьці наварожыць. А мне так хочацца, пакуль зіма ідзе, табе сказаць на вушка: ты прыгожы.
* * * я зразумела чаму я зіма – наравісты характар: магу затрымацца ў дарозе ты будзеш чакаць чакаць што я сыпану смехам як снегам а я прыцісну маўчання моцным марозам і нечакана адліга і завіруха маіх абдымкаў зноўку марозна словы стынуць звіняць ледзяшамі вецер сінія колкія зоркі вачэй хмары хмары і – раз! снегапад пяшчоты не разабраць дзе неба а дзе зямля роўным белым пухам цябе абсыпаю усяго схавала ад свету зацерушыла – Як табе, цёпла, цёпла?
* * * упалі цені на зямлю нібы пажухлая лістота прысела поруч адзінота паклала на плячо руку мы гаварылі з ёй пра ўсё перабіралі дні і ночы чарговы год наўзбоч пакрочыў нават не ўспомню – цот не цот хтосьці у жмені зерне згроб перамалоў і ані дбае зіма ці доўгая чакае іншым прыдбаць бы акалот comments powered by HyperComments |