І Дагэтуль чалавек жывы, покуль зь ім душа размаўляе

— Рыгор Барадулін

Ты мне скажы…

Сузор’і

Нідзе

так

не стаіць Воз,

як над закінутай хатай.

Нідзе

так

не сумуе Серп,

як над полем нязжатым.

Нідзе

так

не гарыць Маладзік,

як у дзедавым садзе.

Нідзе

лепшага месца няма

зорцы, калі яна ўпадзе.

Паўсюль на гэтай адвечнай зямлі

на ручніках сузор’і

і ў полымі, кроплях, слядах на раллі,

ў марозным ачэзлым голлі.

 

Ціша стаіць, ці б’юць званы,

праз балаты ці ўзгоркі

над гэтым краем стаяць яны –

беларускія зоркі.

 

 

*  *  *

Жоўты ліст адлятае

не злавіць, не паспець.

Зноў ідзе залатая

штогадовая смерць.

 

У высокіх нябёсах

уздыхнуць журавы.

Крокі памяці босай

не ідуць з галавы.

 

Хутка ў шыбы начныя

хукне белым зіма.

Толькі б ведаць, што гэта

ўсё было недарма…

 

 

*  *  *

Ходзікі старэнькія,

ночкі карагодныя.

Паўкраіны згоднікі,

паў – неверагодныя.

На праспекце сталінкі,

пенсіі падвойныя.

Хто ідзе ў этапнікі,

нехта – у канвойныя.

Чаравічкі модныя,

чысценькія ходнічкі.

Гэтыя падсудныя,

гэтыя ахоўнічкі.

Лейтэнант у двор глядзіць –

п’е і не спыняецца…

Многія ўжо сядзяць,

іншыя – збіраюцца.

 

(Вольны пераклад верша “Позапрошлая песня” Роберта Раждзественскага).

 

 

*  *  *

Хто адшукае, хто пазнаходзіць

сённяшні час, што імкліва сыходзіць…

Ці захавае час таямніцу,

тую, што ў ночы бяссонныя сніцца?..

Сніцца цяпер нам

з-за межаў, з-за кратаў,

цьмяным набыткам

і горкаю стратай.

Час, у якім

мы жывем і гарым,

час, што знікае,

як водар, як дым.

Дзе яго месца

ў архіве стагоддзяў?

Ці пажылі-патрывалі –

і годзе?

Ці перакрочылі,

ці на мяжы?

Ты адчуваеш? –

ты мне скажы.

 

 

Вечная мерзлата

Нехта піша, што снег ідзе –

я гляджу і не бачу

дзе?

Гэта попел

свой грым кладзе.

Ён на скронях

і на вадзе.

Нехта кажа:

узяў мароз.

Гэта жах,

што працяў наскрозь.

Ён працяў,

запаволіў рух,

сэрцабіцце

і сілу рук.

Нехта кажа:

прыйшла зіма.

Але й гэта, кажуць, дарма.

Мы даўно,

нібы снежны ком,

і жывем, як пад ледавіком…

 

 

*  *  *

Рабоў не чакаюць ў раі

Рабоў чакаюць пакуты.

Не рабству Той вас вучыў,

Хто быў да крыжа прыкуты.

 

Рабоў не ўшануюць ў раі.

У рабстве няма геройства.

Там роспачы па краі

і лёзы згрызотаў гойстрыя.

 

Рабоў не ўспомняць пасля,

на трызне ўзгадаюць смелых,

ім будзе лягчэй зямля

ад пёраў анёльскіх белых.

 

Рабы не пакінуць след

на гэтых шляхах адвечных.

Ім не адгукнецца сусвет

і зоры на шляху млечным.

 

 

*  *  *

Калі ўсё прамінецца і межы адчыняцца,

і зямныя вароты,

і вышняя брама,

як злачынцы сабе ад душы адзлачыняцца,

і бязгрэшных нарэшце папусціць таксама,

 

як зямля пачне дыхаць і без вентыляцыі,

а да нас прыйдзе восень у барве і золаце,

я знарок і насуперак рацыі

засумую па цішы

у свеце

і ў горадзе…

 

 

*  *  *

На шляху сняжок, завейка.

А наперадзе –

Вялейка!

Думкі мкнуць хутчэй за кулі –

да татулі і матулі!

Рэчка, мосцік праз Вяллю –

Тут усё, што я люблю:

лёд, на скрынках рыбакі,

з агародамі дамкі.

Пляц, фантан, царква, кірмаш,

выканкам, пры ім – гараж.

Побач –

Ільіча статуя,

ля яго на варце – туя.

Лазня з комінам, кацёл,

з гожай вежаю касцёл.

Пошта, могілкі, бальніца…

Як пералічыць, не збіцца?

ЗАГС, радзільня, ветаптэка,

парк, у парку дыскатэка,

бар, цырульня і вакзал…

Збольшага усё назваў.

Пад’язджаю –

вось і хата.

Сустракайце, маці-тата!

 

 

Балада пра верасовы мёд

Той трунак верасовы

вядомы быў здаўна –

ад мёду саладзейшы,

п’янчэйшы ад віна.

Майстры яго варылі,

і потым той напой

утойваўся імі

ў пячорах пад зямлёй.

 

Прыйшоў кароль шатландскі,

і палілася кроў –

ён нішчыў племя піктаў,

цкаваў, нібы звяроў.

І па чырвоных ўзгор’ях

пагоня гнала іх,

пакуль не сціх апошні

людзей маленькіх уздых.

 

Лета ізноў у краі,

верас барвай гарыць.

Ды толькі няма нікога,

хто можа той мёд варыць.

У магілах безыменных,

у мясцінах, дзе паляглі,

маленькія медавары

ляжаць у сваёй зямлі.

 

Па верасовай пустцы

едзе кароль на кані,

пчолы гудуць трывожна,

плача кулон* ў вышыні.

Едзе кароль, злуецца:

хіба ўсё дарма?

Над верасам я паную

а мёду з яго няма!

 

І тут жа яго васалы,

хто побач быў на кані,

пільна ізноў абшукалі

пусткі і камяні.

Знайшлі яны двух апошніх,

на чый патрапілі след, –

пікт бацька і сын-падлетак

выйшлі з пячоры на свет.

 

Кароль паглядаў звысоку

на гэтых дваіх на зямлі,

а пікты зацята маўчалі

пры свіце і каралі.

Падводзяць абодвух да прорвы,

мора ўнізе шуміць:

“Свабоду даруем за веды,

як з верасу мёд варыць!”

 

Спакойна стаялі абодва,

стары пікт і пікт малы,

верас гарэў на ўзгорках,

унізе грымелі валы.

І раптам прамовіў бацька,

і стала вакол цішэй:

“Я маю сказаць два словы

для каралеўскіх вушэй!”

 

“Старэйшым жыццё дарагое –

я кожную хвілю люблю

і мёду сакрэт адкрыю!” –

прызнаўся ён каралю.

Голас яго то цішаў,

то набіраў уздым:

“Я навучу варыць вас,

ды не пры сыне маім!

 

Хлопцу жыцця не шкода

і галавы на плячах…

Але я страчу гонар

цяпер у яго вачах.

Скіньце яго са стромы

уніз, дзе шуміць прыбой.

Слова сваё стрымаю –

будзе ў вас напой!”

 

Хлопца тады схапілі,

рукі сцягнулі вузлом,

уніз штурхнулі з абрыва

у мора на згубу і злом.

Мора накрыла хваляй,

крык у глыбінях знік,

і прагучалі словы,

што мовіў апошні пікт.

 

“Праўду тады сказаў вам:

гарачы народ малады!

Тым не стае загартоўкі,

хто не галіў барады.

А я не баюся пакутаў,

не страшаць агонь і лёд.

Няхай са мной памірае

мой верасовы мёд!”

 

(Пераклад з ангельскай мовы балады Роберта Льюіса Стывсенсана).

 

* Кулон – від птушак з сямейства бакасавых.

 

comments powered by HyperComments