БЛІЖЭЙ ДА ЗЯМЛІ * * * У апошняй зямной сваёй хаце жыць на высокім паверсе? – Ды ну! Памрэш вось, і жонка скажа суседу: – Вова, памажы ты знесці труну. Ён скасавурыцца кісла, плячыма пацяпне – Я-та – сусед, гуманіст, вядома, ды толькі – не! Я за сваё жыццё нацягаўся раяляў ды газавых пліт а зараз ў мяне кіла, падагра і радыкуліт. Раней усе хаты нармальна рабілі (зірніце ў даўнейшым кіно) лёгка праз дзверы што трэба насілі ці ў скрайнім ужо – праз акно… А сёння ў гару кожны хоча залезці, як горны баран памрэ там, і каб яго стылага знесці, цяпер патрабуецца кран!.. А ты паглядзіш на іх, ссунуўшы вечка – – Ну вас! Дапяклі! І пойдзеш памалу, падзьмуўшы на свечку, бліжэй да зямлі…
* * * Лясныя людзі набіраюць ветру ў грудзі. Лясныя людзі абдымаюць цішыню і слухаюць – ці далей нешта будзе – і моўчкі прысядаюць ля агню… Лясным людзям апошняй пушчы ў свеце ніяк няўцям, што тут яны адны. На абязлюдзелай пустой планеце ёсць толькі пушча, ціша й туманы… Лясныя людзі не былі на страшным судзе, на іх забыўся арханёл з трубой. Яны і не настойваюць на цудзе, яны тут застануцца колькі будзе адвечны лес абрыдлы лёс ды свой…
Лікбез Ёсць навукаў у свеце нямала, ведам іх і канца не відно! Куды б жытка цябе не загнала, цвёрда памятай, браце, адно – варта ў назвах іх не памыліцца і паўсюль сыдзеш ты за свайго: акуліст – вывучае акулаў, а кінолаг, лагічна, – кіно!
Рэха 1863-га Калі па нас заплачуць ліпы у прысадах і доўгі цень на наш ўкладзецца шлях, тут хутка расплануюць плац-парады на нашых неўпакоеных касцях. Нас не пакрыюць нашымі сцягамі, нас адпяюць не нашы святары. І толькі ветах узыдзе над намі з-за вежы, што на замкавай гары. І хай цяпер не наша перамога, ды нельга укладацца на спачын – мы да суда адпросімся ў Бога давесці да канца змагарны чын. Дарэмна Пётр стаіць ля брамкі ў Раі, ніхто з нас не паверне й галавы. Мы застаемся прывідамі ў краі, ў добраахвотных вечных вартавых. І калі зноў падымуцца шыхтамі паны, мяшчане, шляхта, мужыкі – апошні застанецца бой за намі, як воля у Айчыны на вякі!
* * * Сказаў ганчар: мы зробленыя з гліны! Каваль упэўнена абараняў чыгун, за хлебны мякіш быў сівы араты, на мясе з косткамі настойваў хірург… І толькі паджылы асенізатар у спрэчках не ўдзельнічаў зусім ды адстаронена глядзеў сабе на неба… І невядома, ці напраўду быў адэптам ён тэорыі стварэння, ці верыў у візіты марсіян, ці нешта іншае трымаў на думцы, ды толькі ўсё маўчаў і ціха пасміхаўся…
* * * Калі мы спім на сваіх падушках, чаму нам сняцца чужыя сны? Дачок гадуем мы папялушкамі – навокал курвы. Дык скуль яны? Мы пакідаем дзверы замкнёнымі – адкуль ва ўсіх суседзяў ключы? Кленчым ля склепаў з чужымі імёнамі і па кудзелі, і па мячы. Самазабойствы ад самакапанняў, ад самакаханняў ізноў яны. Прызнацца ў гэтым ў цвярозым стане мы – не ў стане, а на стакане… Ізноў маўчым. “Нешта не так” – гэта код ідэнтычнасці. “Хто там ідзе?” – наш нязменны пароль. Ўрэшце – нязначныя акалічнасці ды невымоўны фантомны боль.
Снежнае Так засыпае гарады гады ў рады, гады ў рады… У белай нерушы тады ані язды, ані хады… Спяць і дарогі, і парты, і міліцэйскія пасты. У свеце – снег, у снезе – ты. Бывае так гады ў рады… Снег літасці і мілаты нас захінае ад бяды і зацярушвае сляды з старога года у малады… Каб не нагналі па слядах ні боль, ні страх. Каб меў надзею чалавек як сыдзе снег.
* * * У хлопчыка Толіка дзед быў таксістам. у Геніка – простым савецкім чэкістам. у Толіка ў хаце машынкаў без меры, У Гены – фуражка і герб СэСэСэРу. Толева мара – Passat B4. Генава – фота ў парадным мундыры… Вырас Талян – стаў таксістам-бамбілам. Гена ўзяў… і зрабіўся мудзілам! Ды і не тое, каб ён не стараўся! У школе вучыўся, спортам займаўся. Быў нейкі час у гуртку Мельпамены, але палезлі Генавы гены! Геніка вабяць не дупы і цыцкі – сняцца яму Мяснікоў і Прытыцкі. Фелікс – ў адным скураным паліто, Троцкі ў трыко і чорт ведае хто! Тут бы яму да дакторскіх парад – ён на парад і нясе транспарант. Тут бы яму на прыём да ўрача – ён за букецік – і да Ілліча!… Толя за ім назірае ў вакно. Толя – кіроўца. А Гена – г…но…
* * * Вазьму і памру! А ў наступным жыцці, (калі такое надарыцца) нябесныя сілы я папрашу са мною не дужа парыцца – я згодны займець сякі-такі хвост! – каб ім па настроі рухаць. А да хваста поўны лапаў набор – каб зручна за вухам чухаць. Таксама хацелася б пысу і нос – каб ведаць, што дзеіцца ў свеце. У дадатак, канешне, кудлатую поўсць каб блошак было куды дзеці. Чым стацца веганам, ці хіпсцерам, ці крый Божа, якім камунякам, то лепей пабегаць па жытцы зямной звычаным адчайным сабакам!
* * * У сабачым брэху – бег і гурбы снегу! І лясная неруш, і прастор палёў! І ўсяго ў ім столькі – ты і не паверыш, што ў простым “гаве” – сотня нашых слоў.
У сабачым брэху вулкай воз праехаў, вецер бег аселіцай і замёў сляды. У ікластым рыканні і ў шчанячым енку спяць і прачынаюцца вёскі й гарады.
У сабачым брэху трошкі ёсць ад смеху, трошкі ад самоты, трошкі ад нуды. Непадробна шчырае прывітанне рэху і адбітку месяца ў місачцы вады.
* * * Тату Не прасіце, хлопцы, вершаў у паэта, хай не напісанае застаецца з ім. Вы ж жылі без вершаў столькі зімаў-летаў мо і не патрэбны вам гэты верш зусім?
Ну, а мо не верша папрасіць хацелі? Мо хацелі проста разам памаўчаць? Можа б, чарку ўзялі, ціха пасядзелі і пра верш пытанне давялося б зняць?
Бо усё, чым сэрца і душа трымцелі, ёсць ў нябесных зорках, ў полымі агню, у смачное ежы, ў мяккае пасцелі, ды у асалодзе – слухаць цішыню.
А калі ўсё ж твору – лёс на свет з’явіцца (музы час той ведаюць – іншым не відно), тут у слухачы ўжо можна й не прасіцца – сам паэт заявіцца з вершам заадно! comments powered by HyperComments Александр Раткевич
2016-12-10 00:12:37
Цудова! Вельмі цудова!
|