Ну і ню, Рэцэнзія на кнігу Міколы Гілевіча Гілевіч М. Ню: Выбраныя вершы / М. Гілевіч, мастак А. Ксёндзаў. – Мінск: Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, 2020. – 94 с.: іл. Мне ўсё ці амаль што ўсё падабаецца ў гэтай кнізе. Ад назвы, суперлапідарнай ды інтрыгоўнай, да вызначэння накладу. Вокладка кнігі выбранай лірыкі Міколы Гілевіча – нечаканая, гожая і прыгожая. Трэба прызнаць – аўтару пашанцавала, што такі прызнаны мэтр у жанры “ню”, як Аляксандр Ксёндзаў, пагадзіўся, каб рэпрадукцыі з яго палотнаў аздобілі гэтае выданне. Тым болей, што нават назвы жывапісных твораў (“Зорка Венера” – 1-я старонка вокладкі, “Ева-спакусніца” – франтыспіс, “Мядовая” – 4-я старонка вокладкі) перагукаюцца з некаторымі вершамі. Не магу не працытаваць нават, здавалася б, такі, звычайна малачытэльны тэкст, як выдавецкая анатацыя, на якую зважаюць хіба што выдаўцы, кнігараспаўсюднікі ды бібліятэкары. “Ню (фр. nu голы) – выява аголенага цела ў выяўленчым мастацтве. У паэтычным жа выяўленні Міколы Гілевіча – гэта аголенасць у самым шырокім яе разуменні: аголенасць натуры, нерваў, чуллівае душы. І кніга “Ню” – гэта тое, што пісаў ён, прыхільнік муз Эўтэрпы і Эрота, для (і пра) галоўных у яго жыцці жанчын. Вымаўленае (ці нявымаўленае) цела і ўцялесненая душа непазбежна сыходзяцца ў каханні”. Ці не Леаніду Дранько-Майсюку, рэдактару надзвычай дабразычліваму, тактоўнаму і спрактыкаванаму, належаць гэтыя радкі? Менавіта ён адрэдагаваў у свой час найвыдатнейшую кнігу паэзіі “Мой свеце ясны” незабыўнага, вытанчанага лірыка Міхася Стральцова. Мабыць, нездарма і “Ню” выйшла ў такім самым фармаце, мабыць, менавіта там падгледжаныя і ўзятыя пад узор густоўныя каланлічбы: нумарацыя старонак набраная дробным курсівам і не лічбамі, а словамі, якія выдатна “трымаюць” ніжні правы край кожнай старонкі. Дарэчы, аблямоўка старонак зроблена ледзь заўважнай радзюжкай, імітацыяй жывапіснага палатна, што паядноўвае іх з вокладкай. Тэксты ў кнізе набраныя прыгожай гарнітурай, на разваротах, як кажуць прафесіяналы, шмат паветра. Невыпадковым успрымаецца і фотаздымак аўтара кнігі пры помніку Еўфрасінні Полацкай у Мінску скульптара Анатоля Арцымовіча, бо, несумненна, нябесная апякунка Беларусі – адна з жанчын, якія згаданыя ў выдавецкай анатацыі. І калі ўжо напісаныя ў выходных звестках выдання словы “наклад” ды “асобнікаў”, дык арганічнымі бачацца і “аздоба і шыхт” замест звыклых “дызайн і вёрстка”. Зноў жа, лічба 150 у графе “наклад” – немалая і паводле еўрапейскіх мерак, асабліва падчас пандэміі, якая выключае традыцыйныя прэзентацыі. Гэта былі словы пра форму. Цяпер колькі словаў пра змест. Мікола Гілевіч – вядомая ў культурніцкіх колах асоба. Паэт (аўтар кнігі вершаў “Горад”, якой засведчыў, што ён гарадскі чалавек і гарадскі паэт). Перакладчык (перастварыў шэраг навукова-папулярных кніжак). Рэдактар, крытык і журналіст (рэдагаваў часопіс творчай моладзі “Першацвет” і амаль дваццаць гадоў быў за рэдактара аддзела культуры “Настаўніцкай газеты”, дзе падрыхтаваў больш за тысячу цікавых інтэрв’ю, рэпартажаў, творчых партрэтаў і нарысаў). Але і пра паэзію ніколі не забываўся – як на старонках перыёдыкі ды ў інтэрнэт-прасторы, так і ў жыцці. У пэўным сэнсе кніга “Ню” – паэтава выбарка і падсумаванне напісанага і апублікаванага ім (а ў тым ліку і пад псеўданімамі) за тры дзесяцігоддзі. Трэба адзначыць добры густ аўтара, яго начытанасць і абазнанасць у сусветнай культуры, а таксама ў замежных, а найперш – у англійскай мове. Галоўныя тэмы ў кнізе “Ню” – каханне і чалавечыя стасункі, экзістэнцыя і сэнс існавання на зямлі, каштоўнасць жыцця і “за краіну радзімую жах”. Непрыхаваныя боль і трывога за лёс Айчыны гучаць у многіх паэтавых радках:
…Сёння мы не выем. Вецер вые над Радзімай нашай залатой. А ўжо ў Вільні падстаўляе вымя нашая ваўчыца нашым з ёй ваўчанятам, бы ў лацінскім Рыме…
Пэўныя паэтавы радкі гучаць па-філасофску, проста такі афарыстычна: Пачынаецца ўсё з пясочніцы і заканчваецца ўсё пяском.
Або:
Жыццё пражыць – згубіць вясло ў трысці. А дзе жыццё, падклаў там нехта міны. Ісці, ісці, пакутліва ісці… Дайсці дадому і да дамавіны.
Як сапраўдны гімн вечнаму і жыццёстваральнаму пачуццю ўспрымаецца такія радкі як:
Нашае каханне – беларуская Саграда Фамілія. Я – твой Гаўдзі. Ты – мая Каталонія…
У недалёкі, здаецца, час аўтару гэтых радкоў давялося і пашчасціла быць за ўкладальніцу анталогіі вершаў і песен пра каханне “Яна і Я”. Калі сёння трэба было б перавыдаваць той важкі том, дык неадменна ўключыла б у яго і некалькі вершаў з кнігі Міколы Гілевіча.
Ясенінская напеўнасць чуецца ў радках, кшталту:
Утапіўся здуру ў небе п’яны месяц. Звар’яцеў ад страху палахлівы змрок. Не кажы пра зоркі і мядовы месяц! Хіба ўбачу неба, калі дрэнны зрок?
Хіба ўчую шчасце, калі пахне смерцю, калі жахам мройным поўніцца прастор? Недзе ў голым полі спатыкнуўся вецер; Спатыкнуўся, войкнуў, грымнуў і памёр.
Мне б таксама згінуць – давяршыць карціну, Мне ў пятлі вісець бы, – і такой бяды… А ты гэтак проста, звыкла й беспрычынна: “Любы, будзь ласкавы, прынясі вады”.
Не ў пятлю ж залезці – мне вады прынесці, падыду да студні – апушчу вядро. Зачарпну вады я, а дастану месяц. Зазірну я ў студню, а пабачу змрок…
Апакаліптычныя матывы можна расчытаць і ў наступным вершы:
Ты ведаеш: нікога не забіў і не заб’ю, відаць, ужо ніколі, бо не выношу паху я крыві і болей не хачу чужога болю.
Ты ведаеш: нікога не забыў. Забыць цябе – не будзе болей гора. Стаіць гара. А за гарой – абрыў. А за абрывам – дзесь з крывёю мора.
Чытаеш такія радкі і хочацца ўсклікнуць: “Дай, Божа, каб памыліўся паэт у яго відзежах-прадбачаннях!” Вершы ў кнізе разнастайныя па строфіцы і рытміцы – ад класічных, строгіх актáў да мініяцюр-верлібраў:
Так кахаў цябе, што не заўважыў, як кот ссівеў.
Шчодра дзеліцца паэт з чытачамі-суразмоўцамі і сваімі аўтарскімі наватворамі:
Земляры зямлю сваю цалуюць і таму навечна вельмі рады. Калі ты зямлю сваю зямлюеш, ты пракляты, вечны ты араты.
Землякі зямлю сваю шануюць. І яны таксама вельмі рады бачыць земляроў, што шпацыруюць без зямлі і без зямной спагады…
Падобна, што адзін з першых звярнуўся паэт, паспрабаваў асэнсаваць тэму сусветнай пандэміі, да прыкладу, у вершы “COVID-19”:
Панядзелак, аўторак зніклі. Серада надзявае маску. У цябе і ў мяне “клікі” На любоў, на мілосць і ласку.
А чацвер ужо распранецца. Скіне маску – адбудзецца. Ты таксама дастань сэрца. Я вазьму яго – не застудзіцца.
Трывожаць і крыху насцярожваюць экзістэнцыйныя, а часам нават і суіцыдальныя матывы:
Мне сёння хочацца памерці, не ўспомніў каб ніхто нідзе – ні добрым словам у капэрце, ні ў выраку на тым Судзе.
Ці такое:
Мёртвыя галубы кідаюцца пад ногі. Мёртвыя паэты кідаюцца на шыбеніцу. Мы з табой кахаліся да знямогі і на Кастрычніцкай, і на Зыбіцкай.
Але там не было жывых паэтаў. Не было акіяна, каб выкупацца. Там было суцэльнае гета без магчымасці выкупіцца. Ці вось такі верш: Палюбі мяне, пакуль не позна. Неба – светлае. І я ў табе святло. Бачу дзённай – яркай, дзіўнай, рознай… А на дне начы ёсць толькі тло.
Суіцыда прагнае каханне… Дзе – каханне, дзе – з крывёю – шкло. Толькі й змог я на сівым світанні ўгледзець у крыві на шкле: “Нашто?”
У некаторых вершах прачытваецца ўплыў паэтыкі Анатоля Сыса, пра што сведчыць і адзін з эпіграфаў:
Ён не спаў тры ночы і тры дні і цяпер, як зоркі, лічыць кроплі: у пагоні страчанай крыві, у палоне – вартавога крокі.
Але тут творцу варта было б асцерагацца: пільны калега можа згадаць Міхаіла Матусоўскага з яго знакамітым “Что ж ты, милая, смотришь искоса / Низко голову наклоня” ды спарадыраваць такія радкі:
Я вывернуў вочы свае навыварат. Я паглядзеў унутр. Мая ніцавокасць мяне не выратавала, я аслеп на мінуту.
Але спынюся ў цытаванні, дам чытачу мажлівасць самому ўчытацца ў “Ню”, бо да гэтага, амаль 100-старонкавага выдання хочацца вяртацца, перагортваць яго, перачытваць паасобныя радкі і вершы – некаторыя з іх самохаць застаюцца ў памяці. Форма ў кнізе, асмелюся сцвердзіць, арганічна паяднаная са зместам, а таму варта павіншаваць аўтара, творча-вытворчы калектыў, які шчыраваў над гэтым выданнем, а таксама ўсіх аматараў і аматарак беларускага прыгожага пісьменства, з выхадам у свет доўгачаканай, адметнай і гожай кнігі лірыкі. comments powered by HyperComments |