Вясна прыйдзе! Музыка Адчыняю вакно ва ўсю шыр – няхай у сад ліецца музыка… і змерзлыя галінкі ажываюць, і адроджваюцца кветкі, і прачынаюцца пчолы… няхай на імгненне, няхай толькі на імгненне, але гэта – агонь вечнасці, вось сарцавіна… і тады я выслізну са сваёй вужынай скуры, вузкай і шурпатай, няхай пачакае ў кутку, – танчу, танчу пад музыку Шапэна, пакуль гучыць музыка, я лётаю птушкай, дыхаю водарам кветак, і кожнае пёрка зіхціць на сонцы… пакуль гучыць музыка Шапэна, пакуль свеціцца трава… 16.01.2022 г.
* * * Падземныя рэкі ў нябёсах цякуць, Сардэчныя сокі надзеі п’юць. Вусцішна паўтараю «ау», Пёрка ляціць з аблачын на траву Леташнюю, засмяглую, Высыхаю ад смагі я. Усе мае рэкі і вадаёмы – Струменьчыкі незнаёмыя. Стома. Тонкая, нібы нітачка, Сардэчную грэю вытачку: Ці прыйдзе вясна адтуль, Дзе неба птушыных матуль? 23.01.2022 г.
Надзея Перад Вялікаднем мыю вокны, як рабілі мая бабуля і маці, – сонца няхай абцалуе хату, каб жыць тут, доўга жыць.
На праменьчыку красы, чысціні і нават немагчымага, кажу вайне: «Не!»
Так рабілі мая бабуля і маці, так раблю я.
Дзея з надзеяю на перамогу. 22.04.2022 г.
Толькі жыві! 1 Ты прыйшоў на захад сэрца, я на ўсход тваёй пяшчоты, і цяпер не будзе смерці, вер мне, любы, лётай, лётай!
А на захад – мілавіца, а на ўсход – гарачы золак, вер мне, любы, сцежцы віцца цераз неба, аж да зорак.
Цераз вецер, цераз вечнасць знішчу змрок, дапамагу: я табе свячу як свечка, у акенцы, скрозь тугу.
2 Будзе стаяць наша хата, шчасце у ёй і свята, світанак нішчыць тугу, – да цябе я бягу.
Я паспею, вер мне, паспею, бо крыжык надзела нацельны і валасы ўкрыла мірам, як Марыям, мілы мой.
Каб выраслі нашы дзеці і мір панаваў на планеце, да цябе я бягу, бягу цераз ноч і тугу. 17.05.2022 г.
* * * Слухаю музыку Гайдна, побач кніга вершаў Марыны, за вакном аблятае квецень… і няма ў свеце смерці.
Боль свой схаваю ў далоні, каб гарэла свечка грамнічная, не віна – толькі бяссонне, не вайна – толькі птушкі бяздомныя.
Марыначка, пасядзі са мной побач, – заспяваем, заплачам… Вершы – ад слова «вера», ды кожнаму Авелю – Каін прызначаны.
Ападаюць з вішняў пялёсткі і адцвітаюць яблыні… бачу… не плачу… але… ці прабачу?
Бог мой – бераг спакою… Музыка. Вершы. Зара над ракою. 9.05.2022 г.
Ландышы Збіраю ландышы – чысціня і святло, наталяюся пахамі – сонечнымі, святочнымі. А за вакном вые сірэна і цвіце бэз, такое неспадзяванае паяднанне. Сэрца маё ўжо не плача, і жывыя ўсе, хто пайшоў. Стаўлю букецікі ў кожным пакоі-спакоі, як рабіла некалі ў дзяцінстве. Родныя душы, ляціце сюды, я вас не чую, але адчуваю… І змаўкаюць сірэны, і пахнуць кветкі, і няма вайны. 11.05.2022 г.
* * * Заплюшчваю вочы, яшчэ раз заплюшчваю, нібы снюся сама сабе: там неба… такое глыбокае неба нада мной, пада мной і ўва мне… Ці ўратуюць душу маю вершы? Разрэджаны подых вяршыняў, сасновы пах лесу… Няўжо гэта толькі сніцца? Але я не герой, зусім не герой, хоць і назвала сябе гарой, я проста плыву ў чаўне адным з краінай маёй, сям’ёй… Разрэджаны подых вяршыняў і васількоў у жыце… Вось толькі гэты сон, што з ім рабіць: на полі ляжыць салдат забіты і ўглядаецца ў цішыню. 24.05.2022 г.
* * * Калі пачынаецца паветраная трывога, першымі пачынаюць званіць званы… Мы з табою пабрацімы, Пабрацімы па вясне. Горкі крыж маёй Радзімы Прабіваецца і ў сне.
Родны крыж маёй Радзімы, Адпяяная вясна…
* * * Пчолы збіраюць ліпавы мёд, рэчка грае на гуслях чароту, чайкі кружацца над вадой… але далёкія выбухі зноў і зноў нагадваюць пра непрыроднае. вочы мае ўглядаюцца ў далеч, вушы ўслухаюцца… плыву, плыву, плыву… толькі калі я рыба, не думаю пра вайну. 20.06.2022 г.
* * * Крылы дажджу. Прага жыцця. Сеў на мяжу Шэры бацян.
Цягнецца ўздоўж Шнар ці ралля. Месяц, як нож. Стогне зямля.
Птушка-бацян, Ціха хадзі, Нечы сынок Спіць на мяжы. 22.06.2022 г.
* * * Кожны дзень прамаўляю да кветкі: – Сніся мне, высь мая! – Гэта ж я! – абдымаю вецер. Вечар. Пад нагамі гарыць зямля. Зялепухі ў садзе збіраю ў падол, – Так рана яны паспяшылі да каранёў… Птушыныя спевы, і сад, і дол На крылах трымае мой сумны анёл. 28.06.2022 г.
* * * Ляжу на спіне, гляджу ў неба на ўзроўні травы, скрозь траву… станаўлюся кветкай і мурашкай, якая паўзе па сцяблінцы… мая палянка… мая… усё, як і раней, толькі птушкі чамусьці не спяваюць, – недзе далёка за лесам, за маім шчасцем, якое і не ведала, што яно шчасце, ка-на-на-да… раней я баялася толькі грому й маланкі, ставіла грамнічную свечку на падваконне, як вучыла мая бабуля… што ўратуе цяпер? хто ўратуе?.. 4.06.2022 г.
* * * Ратуюся ў палях, нібы ў далонях маці, Лячу, лячу… адчуй мяне, адчуй. Тут белай хаты адзінокі страцім На веях вербы сцішана начуе.
Пачуй мяне, калі дрыжыць трывожна За сінім даляглядам далячынь, І кожны крок па вечаровай пожні Як падарунак дзвюх маіх айчын. 13.07.2022 г.
* * * Там, у сне, ручнік радзінны На стале і ля вакна.
А вясне такой дай, Божа, Моцы дай і зберажы, Каб сірэнай той трывожнай спавіваць хаця б дажджы.
Спапяліць варожых крукаў, Адрадзіць маю зямлю, Каб званоў кляштарных гукі Прамаўлялі: «Я люблю!» 29.05.2022 г.
* * * А гэты верш я назаву – світанак, Свяці яму, стамлёнаму ў дарозе, Калі надзея сцішыцца ў аблозе, І азвярэе час, і зверам стане.
Свяці яму, світанак! Птушкай ночы Я прылячу, амыю яго раны, І сем замкоў надзею не сурочаць, Бо так узнёсла зацвілі каштаны. 1.06.2022 г.
Сястронкі Вёска Сястронкі – вось жыцця, высь мая, гэта ж – я, вось стаю, паглядаю здалёк, лёгкая сярод васільковых палёў.
Проста здымак маленства: лета, я… чорна-белаю стала мая зямля, бо гаруе громам разам са мной, пашаю дыхае агнявой.
Шмат чаго яшчэ сказаць трэба… ці пачуе… адчуе неба? Трэсачка з дзіцячага трэбніка роднай старонкі… Сястронкі. 5.06.2022 г.
Вясна прыйдзе! Адзін знаёмы пажартаваў: – Усе твае вершы пра птушак, можа, ты арнітолаг? Сказаў з усмешкай, нібы пра дзіцячую цацку-забаўку, але мая птушачка сціснулася ад сцюжы, падагнула пад сябе ножкі і крыльцы разгублена склала. Як жа мала паветра цяпер для палёту, – усё пра вайну, вайною, на вайне… Прывольна лётаць у дзяцінстве і маладосці, а як жа цяпер? калі… калі… калі… Ёсць рэчы, пра якія не хочацца гаварыць і нават маўчаць. Проста слова… проста кінутае бяздумна слова… А птушачка змаўчыць, схавае крыльцы, сцішыцца, заінее… але ўсё роўна дачакаецца вясны! Вясна прыйдзе! 10.01.2023 г. comments powered by HyperComments |