Пахне лёс мой любістай * * * . вер.шы як людзі ў . радзімках . літараў і і ё і знакаў прыпынку . .і нава.т як верш без знакаў. радзімкі ў абрысах літар і нават паміж радкамі пакінулі .нам паэты найлепшыя .знаўцы радзімка.знаўства . . .
* * * снег растае найперш вакол магіл бо продкі як і мы вясну гукаюць і жураўліны клін калі ляціць хоць пёрка на сустрэчу пакідае і без журбы у цішыні цішыняў снег растае найперш вакол магіл але й найперш кладзецца побач з імі
* * * і халодна і холадна і халадно гэтак цёпла гучыць мая родная мова саграе ў завірухі кутасы завейкі і змякчае сняжынкамі снежніцай снежкай наталяе і снежыць снязорыць снягурбіць карагодзіць на шчасце змяняючы націск і нас і халодна і холадна і халадно
* * * і снег сышоў і ты і рыбка здохла залатая і я ніколі ўжо не буду тая а буду толькі раставаць і з дна каменні мыць і мыць і мыць і ўспамінаць Сізіфа і ўяўляць СІЗА кульгае свет і мыліца з радкоў усё што падстаўляю яму я
* * * я працяг ручнікоў радзінных вясельных і пахавальных знішчаных нашчадкамі майстрых і ў музеях захаваных атуляю абразы і крыжы спавіваю ёсць ува мне крыху кужалю а болей нябеленага цяжкага раю ці плыву па рацэ ці ў песні на руцэ ручніковая лінія лёсу абраная з ранаю не цыраванаю
* * * так усё дзіўна ў гэтым жыцці а ў іншым магчыма яшчэ дзіўней мінаюць тыя хто нібыта любіў з’яўляюцца тыя хто будзе любіць яшчэ і мне шкада старых і новых крыху шкада бо ўсім адмерана лёсам са мною болю й святла
* * * за воблакам тым ці за тым а мо і за гэтым хаваецца тое ці тое а можа і гэта за самай жывой аблачынкай ляціць пахаваным каханне ляціць не ляжыць і ў гэтым магчыма адхланне
* * * Стральцоў вучыў мяне любіць. Сястра абдымеш падушку а ў ёй аніводнага пёрка і, можа, таму гэтак горка абдымеш другую што побач ляжыць без патрэбы успомніш “Мой свеце…” Стральцова і што яшчэ трэба і ясна і ўсё зразумела што не зразумела і блізка да слёз і бліскае словам надзея
* * * кветкіяблыняўіграднеразбярэшштоляціцьжыццё
* * * хрушчы над зямлёю Рушчыца і маёю усіх адценняў зямлі ценяў амаль аднолькавых лятуць у вакно на святло маё
* * * паміж марамі пра мора і неба збіраю чорныя парэчкі маме якая ляжыць тату які глядзіць сяброўцы на гомадыялізе і дачку ўмольваю з’есці хоць ягадку і круцяцца рэчкі згадак пра Чорнага і квадрат і Панну і дразды чорныя-чорныя і парэчкі вялікія як вішні такія бываюць калі гадуе Усявышні
* * * Аляксею Яскевічу ён загортвае скрыпкі гуслі і морахарпы ў свае кашулі і чакае Волі выпускаючы ментолавыя аблачынкі ў шэрае неба ветрык варушыць на падлозе габлюшкі светлыя рыхтык выснены лёс пяшчотныя нібы кужаль сохнуць яліны бэзы, грабы і клёны і мораны дуб ужо колькі стагоддзяў чакае свайго згукаванага лёсу нават праклёны здымуць ягоныя дудкі і рогі якія разумеюць толькі роднае слова варацца лакі з замежных жучкоў і вішнёвай смалы маленства без сучкоў стварае быццё Гаспадар Музычнага Саду
* * * сівею як палын які табе шукаю які амаль знікае як і знікаю я у срэбры горычы і горкага адчаю галінка палыну саломінка мая і хай не маю долі на каханне і сохнуць палыну ля ложка як ля печы ты дадасі лісток сівы ў гарбату і на адно бяссонне стане меней
* * * так лёгка нарадзілася полымя не тое што я некалі ягоныя языкі мо і злізалі б маё самотнае свята але сусед распачаў чытаць дачцэ расейскія казкі і я, начапіўшы падораныя сябрам акуляры сышла глядзець на зоркі якія ж яны яскравыя калі хаця б не губляць зрок зоркі не падалі гэта я пагойдвалася ці то ад вішнёвай наліўкі ці то ад новых акуляраў і зоркі чакалі магчымасць загадаць жаданне а я трымалася не падала бо ведала што ва ўкраінскіх сваякоў падчас вайны нарадзіўся Тарас і верыла што няхай і не ў сваякоў але нарадзіліся ў Беларусі і Максім, і Якуб, і Янка
* * * Уладзіславу Ахроменку пахнуць рукі любістай насенне якой перад смерцю набыў ты пахнуць рукі любістай яе да ўсяго дадаю да журбы і да радасці і да супу з хвасолькай і да чаркі з чароўным напоем і да кніг што з журбою да радзюжак што з мрояй пра радасць і рай на зямлі дзе любіста дзе любоў дзе ўсе любыя ведаюць Бог жыве ТУТ пахне лёс мой любістай ці жывая жывая жыве
* * * мора маё не ў Польшчы не ў Грузіі мора маё ў гаршэчак ля хаты загружана камяні з маімі слязінкамі і вадою нябёснаю павуцінне танюткіх ветразяў што нясуць у адкрыты верасень
* * * Беларусь – краіна хараства выцінае белы свет з паперы белай ён знікае каб не знікнуць зноў Беларусь – краіна хараства ад усходу да заходу сонца тчэ свой абыдзённік тчэ штодня ён абавязкова абароніць Беларусь – краіна хараства рай стварае дывановы і радзюжкавы каб і Бог адпачываў у нас каб былі нібыта кветкі зоркі і нібыта зоркі людзі Беларусь – краіна хараства праз рэпрэсіі вязніцы здрады словы абіраюць ейны верш Беларусь – краіна хараства
* * * гіль са сняжынкай на крыле я са сняжынкай на руцэ і пад крылом у мамы яна не ходзіць не лятаю я ды ў кожнай з нас ёсць радасць за гіля за тое што з яго крыла ўзляціць сняжынка і на імгненне стрэнуцца дзяўчынкі абедзве ўжо з мінулага стагоддзя
* * * у харастве заўжды жыве Раство і ў харастве зімы Раства чакаю расце сумёт ля хаты і хлява расце чаканне над маім адчаем краіна светлая дзе не стае святла спрабуе падсвятліць сябе сама гірляндамі і свечкамі і цудам і Бог здымае цёплыя валёнкі узлазячы на лаўку ля вакна у харастве найболей ад Раства comments powered by HyperComments |