…Жыць – гэта проста ісці ўгару.
І неба, і крыж трымаць…

— Вольга Гронская

Зялёныя Дзеці, або

Апісанне загадкавых здарэнняў на Валыні, медыкам Яго Каралеўскай Мосці
Яна Казіміра Уільямам Дэвісанам упарадкаванае

Здарэнні гэтыя адбыліся вясной 1656 года. Я ўжо каторы год знаходзіўся ў Польшчы, дзе апынуўся па запрашэнні Марыі Людавікі Ганзага, сужэнкі Яна Казіміра, караля польскага, каб заняць пасаду каралеўскага медыка і наглядчыка каралеўскіх садоў. Я не мог адмовіцца ад такога запрашэння з павагі да велічы асобаў, якія да мяне звярнуліся, а таксама і з пэўных прыватных меркаванняў, пра што тут згадваць не варта. Але, едучы ў Польшчу, я адчуваў сябе ніякавата, бо не ведаў гэтай аддаленай ад знаёмага мне свету краіны і таму ўяўляў сябе нейкім экс-цэнтрыкам, тым, хто выходзіць з цэнтру, у якім вядома, на што можна спадзявацца. Я баяўся чужых звычаяў, жорсткасці ўсходняга люду, а перадусім непрадказальнага тутэйшага клімату, холаду і вільгаці. Я памятаў пра лёс майго сябра, Рэнэ Дэкарта, які некалькімі гадамі раней быў запрошаны шведскай каралевай, накіраваўся ў яе халодныя паўночныя палацы ў далёкі Стакгольм і там прастудзіўся ды памёр у росквіце гадоў і разумовых сілаў. Якая страта для ўсемагчымых навук! Асцерагаючыся чагосьці падобнага, я прывёз з Францыі некалькі найвыдатнейшых футраў, ды толькі ў першую ж зіму яны выявіліся занадта лёгкімі і тонкімі, як на тутэйшае надвор’е. Але кароль, з якім я вельмі хутка шчыра пасябраваў, падарыў мне воўчае футра да самых пятак, і я не развітваўся з ім ад кастрычніка да красавіка. Яно было на мне акурат падчас апісанай тут паездкі – а быў ужо сакавік. Ведай, Чытач, што зімы ў Польшчы бываюць суворыя, што ў Швецыю ходзяць напрасткі па лёдзе праз Балтыйскае мора, а на многіх замерзлых азёрах і рэках ладзяцца карнавалы і кірмашы. А паколькі гэтая паравіна году тут цягнецца доўга, для батаніка, праўду кажучы, застаецца мала часу. Таму рады не рады, а мусіў я займацца людзьмі.

Мяне завуць Уільям Дэвісан. Я шатландзец родам з Абердыну, але шмат год жыў у Францыі, дзе маю кар’еру ўвянчала пасада каралеўскага батаніка і дзе я апублікаваў свае найважнейшыя працы. У Польшчы пра іх амаль ніхто не ведаў, але мяне цанілі, паколькі тут некрытычна ставяцца да тых, хто прыехаў з Францыі.

Што мяне паклікала па прыкладзе Дэкарта выправіцца на край Еўропы? Цяжка было б на такое пытанне адказаць коратка і сутнасна, але паколькі гісторыя гэтая тычыцца не мяне і я толькі яе сведка, то пакіну пытанне без адказу, бо ўпэўнены, што кожнага чытача больш прыцягвае сам аповед, чым сціплая постаць таго, хто апавядае.

Мая служба ў польскага караля супала па часе з надта нядобрымі падзеямі. Падавалася, што супраць польскага каралеўства паўсталі ўсе злыя сілы. Краіну раздзірала вайна, спусташалі шведскія войскі, на ўсходзе не давалі спакою маскоўцы. Яшчэ раней на Русі паўсталі незадаволеныя сяляне. Кароль гэтай няшчаснай дзяржавы, быццам падпарадкоўваючыся нейкім таемным аналогіям, таксама пакутаваў ад незлічоных хваробаў, як ягоны край ад нападаў. Прыступы меланхоліі ён часта лекаваў віном і блізкімі стасункамі з дзявочымі целамі. Яго супярэчлівая натура ўвесь час імкнулася падарожнічаць, хаця ён няспынна паўтараў, што ненавідзіць рух і сумуе па Варшаве, дзе яго чакала каханая жонка Марыя Людавіка.

Картэж наш рухаўся з поўначы, дзе Яго Каралеўская Мосць аглядаў стан краіны і спрабаваў заключыць кааліцыю з яснавяльможнымі магнатамі. Там ужо з’явіліся маскоўскія сілы і пачалі прад’яўляць Рэчы Паспалітай свае прэтэнзіі. А калі ўзяць пад увагу шведаў, якія спусташалі край на Захадзе, то, здавалася, што ўсе цёмныя сілы змовіліся ператварыць польскую зямлю ў жахлівы тэатр ваенных дзеянняў. Для мяне гэта была першая выправа ў той дзікі край, пра што я пачаў шкадаваць, як толькі мы пакінулі прадмесці Варшавы, і каб не маё зацікаўленне філасофіяй і батанікай (а таксама – чаго ўжо хаваць – добры апанаж), я лепш бы заставаўся дома ды спакойна прысвячаў свой час даследаванням.

Ды нават у такіх цяжкіх умовах я аддаваўся навуцы. Ледзьве апынуўшыся ў гэтай краіне, я зацікавіўся пэўным феноменам, які насамрэч на свеце вядомы, але тут распаўсюджаны аж занадта, бо дастаткова было прайсці на найбяднейшых вуліцах Варшавы, каб убачыць на галовах людзей plica polonica – дзіўнае ўтварэнне са скручаных валасоў у розных формах, то жмутоў, то валасянога клуба або вехаця, падобнага да бабрынага хваста. Тут лічылася, што гэты каўтун поўны добрай і злой сілы, так што яго ўладальнікі гатовыя былі хутчэй памерці, чым пазбавіцца ад яго. Прызвычаіўшыся рабіць накіды, я меў ужо шмат малюнкаў і апісанняў і намерваўся па вяртанні ў Францыю апублікаваць працу на гэтую тэму. Гэтая з’ява пад многімі назвамі вядомая па ўсёй Еўропе, і, можа, найрадзей яна сустракаецца ў Францыі, бо людзі там шмат увагі прысвячаюць свайму выгляду і няспынна ўкладаюць валасы ў фрызуры. У Нямеччыне plica polonica выступае пад назвай mahrenlocke, або alpzopf ці drutenzopf. Таксама я ведаю, што ў Даніі пра яго кажуць marenlok і называюць elvish knot ва Уэльсе ды Ангельшчыне. Калі я ехаў праз Ніжнюю Саксонію, то чуў, як такія валасы называлі selkensteert. У Шатландыі лічаць, што гэта старажытная фрызура колішніх еўрапейскіх паганцаў, распаўсюджаная ў друідскіх плямёнах. Таксама я чытаў, што першапачаткам plica polonica ў Еўропе лічыцца напад татараў у часы, калі Польшчай правіў Лешак Чорны. Яшчэ ёсць гіпотэза, быццам гэтая мода прывандравала з Індыі. Я нават сустракаў меркаванне, што першымі ўвялі звычай заплятаць валасы ў зваляныя пасмы габрэі. Nazer, назарэй, так казалі пра святога, які прысягаў ніколі не абразаць валасы да славы Божай. Падобная колькасць спрэчных тэорый і бяскрайняя снегавая бель прывялі да таго, што пасля разумовага атуплення мяне ўрэшце ахапіла творчая ўзнёсласць і я даследаваў plica polonica ў кожнай вёсцы, якую мы праязджалі.

У працах маіх мяне падтрымліваў малады Рычывольскі, вельмі здольны хлопец, які быў для мяне не толькі лёкаем і перакладчыкам, але дапамагаў праводзіць даследаванні, а таксама – не буду хаваць – быў маёй духоўнай апорай ў гэтым чужым краі.

Мы падарожнічалі конна. Сакавіцкае надвор’е нагадвала то зіму, то прадвесне, бруд на дарогах то замярзаў, то раставаў, ператвараючыся ў страшнае месіва, сапраўднае балота, і вазы з багажом на кожным кроку гразлі ў ім па самыя колы. Пранізлівы холад ператвараў нашыя постаці ў нешта падобнае да футраных цюкоў.

У гэтай балоцістай краіне, дзікай, парослай лесам, паселішчы звычайна месцяцца далёка адно ад аднаго, так што мы мусілі спыняцца на начлег пры першай магчымасці на абы-якіх занядбаных падворках; аднойчы так нападала снегу і наш ход запаволіўся, што мы нават начавалі ў карчме! Яго Вялікасць тады выступаў incognito, пад выглядам звычайнага шляхціча. На пастоях я выходжваў Яго Каралеўскую Мосць лекамі, бо вёз з сабой цэлую аптэку і мне здаралася пускаць кроў на спешна збітым ложку, а там, дзе атрымлівалася, я ладзіў каралеўскаму целу саляныя ванны.

З усіх каралеўскіх хваробаў найбольш шкоднаю падавалася мне тая прыдворная, якую Яго Вялікасць хутчэй за ўсё прывёз з Італіі і Францыі. Хоць відавочных прыкметаў яна не выказвала і яе лёгка было прыхаваць (прынамсі на пачатку), але наступствы бывалі вельмі небяспечнымі і падступнымі; бо было вядома, што яна магла перакінуцца ў галаву і розум памуціць. Таму, толькі прыбыўшы да двара Яго Вялікасці, я настойваў на меркурыяльнай тэрапіі, лекаванні “жывым срэбрам”, што мусіць доўжыцца тры тыдні, але Яго Вялікасць ніколі не мог знайсці часу, каб ужываць іртуць у спакойных абставінах, таму ў падарожжы такая тэрапія была малаэфектыўнай. З іншых каралеўскіх хваробаў мяне турбавала яшчэ схільнасць да падагры, хаця яе лёгка было пазбегнуць, бо пачыналася яна ад нястрымнасці ў ежы і пітве. З ёю дастаткова было змагацца постам, але ў падарожжы посціць не атрымлівалася. Такім чынам, я не шмат рабіў для Яго Каралеўскай Мосці.

Кароль накіроўваўся ў Львоў, а па дарозе сустракаўся з мясцовымі вяльможамі, просячы пра дапамогу і нагадваючы, што яны польскія падданыя, бо вернасць гэтай шляхты была сумнеўнаю, яна заўсёды шукала выгоды сабе, а не дабра для Рэчы Паспалітай. Прымалі нас добра, гасцінна, пачціва і з вялікім размахам, але часам я чуў, што некаторыя тут лічаць караля просьбітам. Дый сапраўды, што гэта за каралеўства, дзе караля абіраюць з дапамогай галасавання! Ці бачыў хто такое?

Вайна – феномен жахлівы і пякельны – нават калі бітвы не дасягаюць людскіх сялібаў, то яна ўсё адно прабіраецца паўсюль, пад кожную страху – голадам, хваробай, паўсюдным страхам. Сэрцы чалавечыя камянеюць, абыякавеюць. Змяняецца ўсё чалавечае мысленне – кожны дбае толькі пра сябе і клапоціцца, як выжыць самому. І многія пры гэтым робяцца жорсткімі і нячулымі. Колькі я ў той дарозе з Літвы да Львова нагледзеўся на зло людское, колькі гвалту, забойстваў, жорсткасці, небывалага варварства бачыў. Дашчэнту спаленыя вёскі, паўсюль панастаўленыя шыбеніцы, быццам цяслярскае майстэрства прыдатнае толькі для гэтага – будаваць прылады злачынстваў і смерці. Чалавечыя парэшткі не пахаваныя, разадраныя ваўкамі і лісамі. Тут маюць працу толькі агонь і меч. Хацелася б мне ўсё гэта забыць, бо і цяпер, калі я ўжо вярнуўся на радзіму і пішу гэтыя словы, у мяне перад вачыма ўсё паўстаюць гэтыя вобразы і я не магу іх пазбыцца.

Да нас даходзілі ўсё горшыя весткі, а лютаўская параза ваяводы Чарнецкага ў бітве са шведамі пад Галэмбем так адбілася на каралеўскім здароўі, што мы мусілі на два дні прыпыніцца, каб кароль мог спакойна прымаць воды вугорскія і піць дэкокт, каб вярнуць сабе нервовыя сілы. Выглядала так, быццам на каралеўскім целе адбівалася ўся хвароба Рэчы Паспалітай, быццам іх спалучала таямнічая роднасць. Пасля той прайгранай бітвы, нават яшчэ да таго, як дайшлі навіны, караля прыхапіла падагра з гарачкай і з такім страшным болем, што мы ледзьве здолелі справіцца.

Недзе за два дні дарогі да Луцка, мінаючы спалены пару гадоў таму татарамі Любяшоў і праязджаючы праз густыя вільготныя лясы, я зразумеў, што няма на зямлі больш жахлівай краіны і пачаў шкадаваць, што пагадзіўся на гэтае падарожжа. У мяне было глыбокае перакананне, што я не вярнуся дадому і што з-за гэтай усюдыіснай дрыгвы, з-за вільготнага лесу, нізкага неба, пакрытых тоненькім лёдам калюжынаў, якія нагадвалі раны нейкага распасцёртага на зямлі волата, усе мы, бяднейшыя ці багатаўбраныя, каралі ці жаўнеры, усе мы нішто. Мы бачылі знішчаныя агнём муры касцёла, дзе татарскія варвары замкнулі і спалілі жывымі жыхароў вёскі, лясы шыбеніц і чорныя папялішчы са спаленымі парэшткамі людзей і жывёлы. Толькі тады я напоўніцу зразумеў каралеўскую задуму дабрацца ў Львоў, каб у гэты страшны час, калі вонкавыя сілы разрываюць Рэч Паспалітую ў розныя бакі, аддаць гэты край пад апеку пашанотнай і праславёнай Марыі, Хрыстовай Маці, і такім чынам прасіць Госпада пра заступніцтва. Спачатку мне гэтае ўшанаванне Маці Божай падавалася дзіўным. Часцяком я меў уражанне, што яны тут шануюць нейкую паганскую багіню і – каб толькі мяне не палічылі блюзнерцам – сам Бог і сын Яго толькі носьбіты стужак у картэжы Марыі. Тут кожная каплічка прысвечаная Марыі, і я настолькі прызвычаіўся да яе больш ці менш выразных абразоў, што і сам пачаў нядобрымі вечарамі, калі мы, азяблыя і галодныя, спыняліся на начлег, прамаўляць ёй малітвы, спадзеючыся ў глыбіні сэрца свайго, што яна ёсць уладаркаю гэтага краю, тады як у нашым краі пануе Ісус Хрыстос. Нічога іншага не заставалася, як толькі аддаць сябе цалкам вышэйшай сіле.

У той дзень, калі з Каралём здарыўся прыступ падагры, мы спыніліся ва ўладаннях пана Гайдамовіча, луцкага падкаморага. Гэта быў драўляны маёнтак, пабудаваны на сухім пагорку пасярод балотаў, абкружаны халупамі дрывасекаў, нешматлікіх сялянаў і чэлядзі. Яго Вялікасць не вячэраў, адразу пайшоў прылегчы, але заcнуць не мог, і я мусіў усыпіць яго сваімі мікстурамі.

Ранак быў такі пагодны, што ад самага золку некалькі вояў з каралеўскае світы, каб скараціць час чакання перад далейшай дарогаю, накіраваліся ў гушчар, нібы па дзічыну, і зніклі з нашых вачэй. Мы спадзяваліся на далікатную казулю або на фазанаў, але нашыя паляўнічыя прывезлі здабычу аж такую нязвыклую, што мы ўсе знямелі, уключна з сонным каралём, які ўмомант ачомаўся.

Гэта былі двое дзяцей, маленькіх і худых, апранутых убога, ды нават горш, чым убога, у нейкае груба тканае палатно, падранае і перапэцканае брудам. Валасы іх былі сплеценыя ў жмуткі, якія мяне жыва зацікавілі, бо надта ж гэта быў дасканалы прыклад plica polonica. Дзеці былі звязаныя і прывязаныя да сёдлаў, як казулі, і я баяўся, ці не пашкодзілі іх такім чынам, ці не паламалі тоненькіх костачак. Воі тлумачылі, што дзеці кусаліся і брыкаліся.

Калі Яго Вялікасць скончыў снедаць, а потым яшчэ зрабіў ласку ўжыць зёлкі, што давала спадзеў на выпраўленне яго настрою, я выйшаў да тых дзяцей і, спачатку загадаўшы ўмыць ім твары, разгледзеў іх зблізку, пільнуючы, аднак, каб мяне не пакусалі. Калі ацэньваць па росце, то я сказаў бы, што ім было каля чатырох і шасці гадоў, але, паглядзеўшы на зубы, я дазнаўся, што яны старэйшыя, хоць выглядаюць дробнымі. Дзяўчынка была большаю і мацнейшаю, хлопец жа мізэрнейшы, хоць бадзёры і рухавы. Але найбольш мяне зацікавіла іх скура. У яе было дзіўнае, нябачанае мною раней адценне – ці то маладога гарошка, ці то італьянскіх алівак. Валасы ж, якія каўтунамі звісалі ім на твары, былі светлыя, але нібыта пакрытыя зялёным налётам, як замшэлае каменне. Малады Рычывольскі мне сказаў, што гэтыя Зялёныя Дзеці, як мы іх адразу празвалі, відавочна ахвяры вайны, якіх прырода выгадавала ў лесе, як гэта часам можна было пачуць, – напрыклад, гісторыя Ромула і Рэма. Поле дзеяння прыроды велізарнае, нашмат большае за сціплыя палеткі чалавека.

Аднойчы Кароль у мяне запытаўся – калі мы ехалі праз палі ад Магілёва, дзе на гарызонце яшчэ дыміліся спаленыя вёскі, якія хутка захопліваў лес, – што такое прырода. Я адказаў яму, паводле майго пераканання, што прырода – гэта ўсё тое, што нас атачае, выключаючы ўсё чалавечае, гэта значыць, нас саміх і справы нашых рук. Кароль тады паміргаў, быццам хацеў пераканацца ў тым навочна, і што ўжо там убачыў, я не ведаю, але прамовіў:

– Гэта вялікае нішто.

Я думаю, што так бачаць свет вочы, выхаваныя пры дварах, прызвычаеныя глядзець на завілую дэсань венецыянскіх тканінаў і на фантазійнае вязьмо турэцкіх дываноў, на галаваломкі з кафлі і мазаікі. А калі гэтыя вочы ўгледзяцца ва ўсю складанасць прыроды, то пабачаць там толькі хаос і гэтае вялікае нішто.

 

*

У выніку кожнага пажару прырода забірае назад тое, што ў яе адабраў чалавек, і смела квапіцца на самыя чалавечыя істоты, спрабучы вярнуць іх у прыродны стан. Але, гледзячы на гэтых дзяцей, варта было засумнявацца ў тым, што існуе яшчэ нейкі прыродны рай, можа, хутчэй пекла – настолькі гэтыя дзеці былі дзікія і схуднелыя. Яго Вялікасць быў нечувана імі зацікаўлены і загадаў спакаваць і далучыць да багажу, каб паехалі яны з намі ў Львоў і там былі падрабязна даследаваныя, але ўрэшце адмовіўся ад гэтай сваёй думкі, бо абставіны раптам памяняліся. Выявілася, што вялікі палец на каралеўскай назе апух так жахліва, што ў Яго Вялікасці не атрымалася нацягнуць бот. А боль скруціў яго неверагодны – я бачыў, як кроплі поту набрыньвалі на каралеўскім твары. Мяне ажно дрыжыкі прабралі, калі я пачуў, як кароль гэтай вялікай дзяржавы пачынае жаласна скуголіць. Пра ад’езд не было і гаворкі. Я паклаў Яго Вялікасць каля печы і падрыхтаваў кампрэсы, а таксама загадаў выставіць з хаты любога непажаданага сведку таго, як пакутуе Яго Каралеўская Мосць. Калі выносілі гэтых няшчасных, злоўленых у лесе і павязаных, як авечкі, дзяцей, нейкім цудам дзяўчынка вырвалася з рук служак і кінулася да шматпакутных ног Караля. Яна пачала вадзіць па іх сваімі скаўтуненымі валасамі. Валадар, бязмерна ўражаны, жэстам загадаў, каб ёй дазволілі працягваць. Яго Вялікасць быў здзіўлены і знявераны, але праз хвіліну пацвердзіў, што боль зрабіўся меншы, і загадаў, каб дзяцей добра накармілі і апранулі ўрэшце як людзей, што і было зроблена. Але ж, калі мы пакавалі багаж і калі я працягнуў руку да хлопца, каб так, нявінна, пагладзіць яго па галаве, як гэта робяць дзецям у кожнай краіне, то быў укушаны ў запясце так моцна, што нават кроў пайшла. Таму я, баючыся якога шаленства, адышоў прамыць ранку. І там, ля вады, на слізкім і гразкім беразе сталася так, што я фатальна паслізнуўся і, падаючы, ударыўся ўсім целам аб драўляны масток, ажно складзенае побач бярвенне ў момант рухнула на мяне, і я адчуў у назе страшны боль, які прымусіў мяне завыць зверам. Я паспеў яшчэ падумаць, што ўсё вельмі дрэнна. А потым самлеў.

Ачуняў я ад таго, што мяне паляпваў па твары малады Рычывольскі. Над сабой убачыў столь пакоя ў маёнтку і заклапочаныя твары, між імі і твар Яго Вялікасці – усе яны былі дзіўна выцягнутыя, нярэзкія. Я за адну хвілю зразумеў, што ў мяне гарачка і што я быў непрытомны вельмі доўга.

– Напрамілы Бог, Дэвісан, што ты з сабой зрабіў? – заклапочана сказаў Яго Вялікасць, нахіляючыся нада мной. Накручаныя кудзеры яго дарожнага парыка дакрануліся да маіх грудзей, і падалося, што мне баліць нават ад такога далікатнага дотыку. Галава была поўная болю, але нават у такі момант ад маёй увагі не схавалася, што твар Яго каралеўскай Мосці распагодзіўся, кроплі поту на ім высахлі і што кароль стаіць перада мной у ботах.

– Мы павінны выпраўляцца ў дарогу, Дэвісан, – сказаў ён мне засмучана.

– Без мяне? – з жахам застагнаў я, увесь калоцячыся ад болю і страху, што мяне пакінуць тут.

– Я адразу вышлю табе найлепшага лекара.

Я завыў, больш ад роспачы, чым ад фізічных пакутаў.

Са слязьмі я развітаўся з Яго Вялікасцю, і картэж рушыў далей. Без мяне! Са мной пакінулі маладога Рычывольскага (чым суцішылі прынамсі частку майго болю) і аддалі нас пад апеку падкаморага Гайдамовіча. І, відаць, дзеля нашай забавы ў маёнтку пакінулі Зялёных Дзяцей – можа, каб быў занятак, пакуль да мяне не прыедзе паратунак.

Выявілася, што мая нага зламаная ў двух месцах і да таго ж – вельмі складаным чынам. У адным месцы косткі прабілі скуру, і неабходная была вялікае ўмельства, каб іх скласці. Сам сабой я не мог заняцца, бо адразу ж млеў, хаця і чуў пра тых, хто сам сабе рабіў нават ампутацыю. Яшчэ да таго, як ад’ехаць, Кароль выправіў пасланца па найлепшага лекара ў Львоў, але я дапускаў, што мусіла прайсці мінімум два тыдні, пакуль ён сюды трапіць. Тымчасам, нагу трэба было як найхутчэй скласці, бо калі б у гэтым вільготным клімаце ў ране пачалася гангрэна, то я ніколі больш не ўбачыў бы французскі двор, на які так сварыўся, але які цяпер, у крытычную хвіліну, падаваўся мне цэнтрам сапраўднага свету, страчаным раем і найчароўнейшым з маіх сноў. І я не ўбачыў бы больш узгоркаў Шатландыі…

Колькі дзён я сам складаў сабе лекі ад болю, тыя самыя, якія даваў каралю ад падагры. З Львова ўрэшце прыбыў абяцаны пасланец, але без лекара, бо той быў забіты па дарозе бандай татараў, якіх на гэтых землях паляндравала вялікае мноства. Ён толькі запэўніў нас, што хутка прыедзе іншы медык. Таксама расказаў нам пра зарок, які кароль, шчасліва дабраўшыся да Львова, урачыста даў у львоўскай кафедры, аддаючы Рэч Паспалітую Маці Божай пад апёку ад шведаў, маскалёў, Хмяльніцкага і ўсіх, хто накінуўся на Польшчу, як ваўкі на кульгавую казулю. Я разумеў, што ў Яго Вялікасці безліч клопатаў, і тым больш мне было прыемна, што з пасланцом прыбыла дыхтоўная акавіта, некалькі бутэлек рэйнскага, футравая коўдра і французскае мыла – апошнім я быў усцешаны найбольш.

Я думаю, што свет збудаваны ў выглядзе колаў, якія пачынаюцца ад канкрэтнага месца. І што гэтае адзінае месца, называнае сярэдзінай свету, з часам змяняецца – ім ужо былі Рым і Ерусалім, а цяпер, бясспрэчна, гэта Францыя і Парыж. І можна, як цыркулем, маляваць колы ад яго. Прынцып просты – чым бліжэй да сярэдзіны, тым больш усё выглядае сапраўдным і адчувальным, чым далей, тым больш свет быццам бы распадаецца, як сатлелае ад вільгаці палатно. І яшчэ тая сярэдзіна свету як бы трохі больш прыўзнятая, так што ідэі, моды, вынаходніцтвы, – усё з яго скочваецца і сцякае ва ўсе бакі. Спачатку яно ўсмоктваецца блізкімі коламі, і самых дальніх месцаў дасягае толькі малая частка. Я ўсвядоміў гэта, лежачы ў маёнтку падкаморага Гайдамовіча, недзе сярод балота і дакладна ў апошнім з кругоў, далёка ад цэнтру, ад свету, самотны, як выгнаннік Авідый. І ў гарачцы мроілася мне, што, як Дантэ сваю Divina Commedia, я таксама мог бы напісаць вялікі твор пра колы Еўропы, і кожны з іх змагаўся б са сваім грахом і сваёй карай быў бы караны. Гэта была сапраўды вялікая камедыя прыхаваных гульняў, разбітых саюзаў, камедыя, ролі ў якой змяняюцца ў ходзе спектаклю і да канца не ясна, qui pro quo. Аповед пра манію велічы адных, пра абыякавасць і фанабэрыю другіх, пра адвагу і самаахвярнасць трэціх, хоць, можа, іх і больш, чым здаецца. Герояў, якія дзейнічаюць на гэтай сцэне, называнай Еўропай, яднала б зусім не рэлігія, як хацелі некаторыя, – бо рэлігія хутчэй раздзяляе, гэта цяжка не прызнаць, калі звярнуць увагу на колькасць трупаў, што толькі павялічвалася з-за рэлігіі, як, напрыклад, у войнах, якія вяліся ў цяперашні час. У гэтай камедыі іх злучала штосьці іншае – бо фінал яе мусіў быць шчаслівы і ўдалы – вера ў цвярозы розум і сэнс у гэтай вялікай боскай справе. Бог даў нам пачуцці і розум, каб з яго дапамогай свет даследаваць і веды свае памнажаць. Еўропа там, дзе дзейнічае розум.

Такія думкі віравалі ў маёй галаве ў найсвятлейшыя хвіліны. Наступныя дні я правёў у гарачцы, а калі львоўскі лекар так і не з’явіўся, мае гаспадары з дазволу маладога Рычывольскага, які ўзяў на сябе адказнасць за маю апеку, паслалі на балоты па нейкую кабету. Яна з’явілася са сваім нямым памочнікам і, уліўшы ў мяне бутэльку акавіты, нагу мне выправіла і склала ў ёй паламаныя косткі. Усё гэта мне потым усхвалявана расказаў мой малады таварыш, бо я сам нічога гэтага не памятаў.

Калі я ачуняў, сонца стаяла ўжо высока. Хутка надышоў Вялікдзень. У Гайдамовічах з’явіўся ксёндз, каб у каплічцы пры маёнтку справіць святочную імшу, і пры гэтай аказіі ахрысціў Зялёных Дзяцей, пра што захоплена расказаў мне мой сябра, дадаўшы, як у маёнтку ўжо пляткарылі, што на мне іх сурокі, яны да няшчасця і давялі. У такую лухту я не верыў і забараніў яе паўтараць.

Аднойчы вечарам Рычывольскі прывёў да мяне тую дзяўчынку, яна была ўжо чыстая, прыстойна апранутая і абсалютна спакойная. І загадаў ёй, з майго дазволу, тымі сваімі скаўтуненымі патламі нацерці маю хворую нагу, як раней яна рабіла Каралю. Я шыпеў ад болю, бо мне балела нават ад гэтага дотыку валасоў да скуры, але гераічна трымаўся, пакуль боль паволі не зменшыўся і апухласць нібы апала. Яна так націрала мае ногі яшчэ тры разы.

Праз некалькі дзён, калі зрабілася па-вясноваму цёпла, я паспрабаваў падняцца. Мыліцы, якія мне тут змайстравалі, былі вельмі зручнымі, таму я дайшоў да ганка і там, ссумаваўшыся па святле і паветры, правёў папоўдне. Я разглядаў мітусню падзаняпалай гаспадаркі падкаморага. Маёнтак быў насамрэч багаты і вялікі, але стайні і стадолы, падавалася, паходзілі з яшчэ далейшага кола цывілізацыі. Я з сумам усвядоміў, што захрас тут на доўгі час і павінен знайсці сабе нейкую мэту і занятак, каб перажыць гэтае выгнанне, каб не ўпасці ў меланхолію ў тым вільготным, багнавым краі і мець спадзяванне, што добры Бог дазволіць мне вярнуцца калі-небудзь у Францыю.

Рычывольскі прыводзіў да мяне тых дзікіх дзяцей, якіх Гайдамовічы прыгарнулі, не ведаючы, што з імі рабіць у гэтай глухмені і ў часе вайны, а, можа, спадзеючыся, што, Каралеўская Вялікасць згадае пра іх. Дзяцей замыкалі на ключ на першым паверсе лямуса, дзе захоўвалася мноства непатрэбных і патрэбных рэчаў. А паколькі яго сцены былі збітыя з дошак, дзеці праз шчыліны цікавалі за намі. Патрэбы свае яны спраўлялі на кукішках пад домам, прагна елі рукамі, але мяса знаць не хацелі і выплёўвалі. Не ведалі ані лыжак, ані міскі з вадой. Напужаныя, падалі на калені і спрабавалі кусацца, а скораныя, замыкаліся ў сабе і на доўгі час нерухомелі. Між сабой разумеліся хрыплымі гукамі, а як толькі прабівалася сонца, скідалі з сябе адзенне і падстаўлялі целы пад яго прамяні.

Малады Рычывольскі палічыў, што для мяне гэтыя дзеці будуць суцяшэннем і заняткам, бо я, як вучоны, магу іх даследаваць і апісваць, і гэта дапаможа не думаць увесь час пра зламаную нагу.

І ён меў рацыю. Відавочна, маленькія дзівакі адчувалі нешта накшталт скрухі, гледзячы на маю забінтаваную пасля ўкусу руку і на нагу, нерухома замацаваную ў лубках. Дзяўчынка з часам пачала мне давяраць і аднойчы дазволіла сябе пільна агледзець. Мы сядзелі на сонцы каля разагрэтых драўляных сценаў лямуса. Прырода ажыла; знікаў паўсюдны пах вільгаці. Я далікатна павярнуў твар дзяўчынкі да святла і ўзяў у рукі некалькі пасмачак яе валасоў – яны падаваліся цёплымі, ваўнянымі; панюхаўшы, я адчуў, што яны пахнуць мохам; выглядала, быццам на іх прарос нейкі лішайнік. Яе скура, калі разглядаць зблізу, таксама была нібыта ўсыпаная нейкімі маленькімі цёмна-зялёнымі кропачкамі, якія я спачатку палічыў за бруд. Тое вельмі здзівіла нас з Рычывольскім – мы прызналі, што ў гэтым ёсць нешта расліннае. Мы падазравалі, што яна таму распранаецца на сонцы, бо, як кожная расліна патрабуе сонечнага святла, так і яна жывіцца праз скуру, і таму ёй дастаткова толькі крошак хлеба. Зрэшты, яе ўжо назвалі Сяродка – імя, якое мне цяжка вымавіць, але прыгожае ў гучанні. Яно азначала мякіш хлеба, а таксама таго, хто выядае сярэдзінку ў лусце, пакінуўшы няз’едзенай скарынку.

Усё больш зацікаўлены Зялёнымі Дзецьмі Рычывольскі сказаў мне, што чуў, як дзяўчынка спявае. Што праўда, як вынікала з яго водгуку, гэта нагадвала хутчэй вуркатанне; але гэта значыла, што іх горлы функцыянуюць нармальна, а адсутнасць мовы – праблема іншага паходжання. Таксама я пераканаўся, што будовай цела яны нічым не адрозніваюцца ад звычайных дзяцей.

– А можа, гэта нейкія польскія эльфы? – пажартаваў я аднойчы. Малады Рычывольскі аж жахнуўся, што я лічу яго дзікуном; маўляў, ён у такія рэчы не верыць.

У насельнікаў дому былі розныя меркаванні, што рабіць з pliсa polonica, які называюць тут каўтуном. А гэты ж яшчэ і зялёны! Паўсюдна лічылася, што гэта праява нейкай унутранай хваробы, а каўтун выцягвае яе вонкі. І калі яго зрэзаць, хвароба вяртаецца ў цела і забівае яго гаспадара. Іншыя ж, той жа падкаморы Гайдамовіч, – які лічыўся чалавекам свецкім, – сцвярджалі, што яго варта зрэзаць, бо гэта прытулак для вошай.

Ён нават загадаў прынесці нажніцы для стрыжкі авечак і абрэзаць дзецям іх зяленаваныя патлы. Напужаны хлопчык схаваўся за сястрой (я дапускаю, што гэта была ягоная сястра), а дзяўчынка выявілася смелай, нават рызыкоўнаю, яна зрабіла крок наперад, запытальна ўперыла ў падкаморага вочы і не адвярнулася, пакуль ён не сумеўся. Адначасова з ейнага горла даносілася амаль звярынае бурчэнне, з-пад паўраскрытых вуснаў шчэрыліся зубы. Была ў яе поглядзе нейкая іншасць, быццам яна не ведала нашых парадкаў і глядзела на нас так, як глядзяць звяры, – трохі наскрозь. І была там нечаканая дарослая ўпэўненасць у сваіх сілах, на момант я ўбачыў у ёй не дзіця, а скурчаную старую бабу. У нас ва ўсіх прабеглі па скуры мурашкі, і падкаморы загадаў адступіцца ад стрыжкі.

На жаль, праз нейкі час пасля іх хрышчэння ў драўляным касцёльчыку, падобным да катуха, здарылася так, што хлопчык ноччу захварэў і, на вялікі жах, нечакана памёр, што ўся абслуга палічыла знакам яго д’ябальскасці – каго ж, як не чорта, магла забіць свянцоная вада! А што не адразу? – Дык зло змагалася за сваё… Summa summarum прызналі, што ў справу Зялёных Дзяцей умяшаліся вышэйшыя сілы.

Менавіта ў той дзень балоты вакол маёнтка выбухнулі дзіўнымі гукамі: ці то птаства, ці то жабы – рыхтык жалобны аркестр. Маленькае дзіцячае цельца памылі, апранулі і паклалі на мары. Вакол паставілі грамнічныя свечкі. Мне як лекару дазволілі пры такой аказіі даследаваць цела яшчэ раз, і маё сэрца сціснулася на хвіліну пры выглядзе гэткага скарбу. Толькі ўбачыўшы яго голага, я разгледзеў у ім дзіця, а не нейкае дзіва, і падумаў, што гэтае дзіця, як і кожнае жывое стварэнне, мусіць мець маці і бацьку, а дзе яны цяпер? Ці сумуюць? Ці непакояцца?

Хутка апанаваўшы гэты няварты медыка стан афекту, я пасля падрабязнага вывучэння дазнаўся, што дзіця відавочна прастыла ад занадта ранняга купання ў халоднай вадзе, праз што і прыйшла па яго смерць. Таксама адзначыў, што ў ім няма нічога дзіўнага, акрамя гэтага колеру скуры, які я прыпісаў доўгаму знаходжанню ў лесе сярод прыродных стыхій. Скура, відаць, прыпадобнілася да навакольнага асяроддзя, як крылы некаторых птушак робяцца падобнымі да кары дрэваў, а конікі – да травы, бо прырода поўная такіх адпаведнасцяў. І так была створаная, каб на кожную хворасць існаваў натуральны лек. Так пісаў майстра, з якога я бяру прыклад, вялікі Парацэльс, і цяпер я тое ж самае паўтараў маладому Рычывольскаму.

Але ў першую ж пасля смерці ноч цела знікла. Аказалася, што жанчыны, якія сядзелі над целам, ачмураныя дымам з кадзіла, адышлі і апоўначы палеглі спаць, а калі падняліся на світанку, дзіця знікла. Нас пабудзілі, ва ўсім маёнтку пазапальвалі святло, жах і адчуванне пагрозы ахапілі ўсіх. Абслуга адразу разнесла вестку, што маленькі зялёны чорт з дапамогай нейкай магічнай сілы толькі рабіў выгляд мёртвага, а калі нікога не было каля мараў, ажыў і вярнуўся да сваіх у лес. А яшчэ некаторыя казалі, што ён можа адпомсціць за няволю, таму пачалі замыкаць усе дзверы – запанаваў вялікі неспакой, як быццам нам пагражаў напад татараў. Мы замкнулі на чатыры засаўкі Сяродку, дзіўна абыякавую, брудную, у падранай вопратцы, што кідала на яе пэўныя падазрэнні. З маладым Рычывольскім мы старанна вывучылі ўсе сляды: у самім пакоі на падлозе было некалькі пісягоў, быццам бы цягнулі цела, а вонкі паніка ўзяла сваё і нічога дазнацца было немагчыма – усё затапталі. Пахаванне адмянілі, мары прыбралі, грамнічныя свечкі схавалі ў куфар, дзе яны мусілі чакаць наступнай аказіі. Абы яна не надышла хутка! Некалькі дзён мы жылі ў маёнтку, як у аблозе, але гэтым разам намі авалодаў не страх праз туркаў ці маскалёў, а нейкі дзіўны перапуд, лісцяна-зялёны, ад яго пахла балотам і лішайнікам. Ліпкі, невымоўны перапуд, які каламуціў нам думкі і накіроўваў іх да папарацяў, да бяздоннай багны. Жамяра, здавалася, цікавала за намі, а таямнічыя гукі з лесу мы ўспрымалі як заклікі і лямант. І ўсе, і абслуга і гаспадары, сабраліся ў галоўным пакоі, называным тут “святліцай”, без апетыту з’ядалі сціплую вячэру і пілі акавіту, але не для радасці, а ад страху і смутку.

 

Вясна раптам выкараскалася з навакольных лясоў і разлілася па балотах так, што хутка яны зажаўцелі ад кветак на тоўстых сцяблінах, вадзяных лілеяў неверагодных формаў ды колераў і ад іншых вадзяных раслін з вялікім лісцем, назваў якіх я не ведаў, што ўвагнала мяне ў сорам, бо перадусім я батанік. Малады Рычывольскі рабіў, што мог, каб забяспечыць мяне забавамі, але што ж ён мог? У нас не было тут кніг, а невялікі запас паперы і атраманту дазваляў мне толькі замалёўваць расліны. Таму ўсё часцей мой погляд прыцягвала гэтая дзяўчынка Сяродка, якая цяпер, застаўшыся без брата, пачала цягнуцца да нас. Яна асабліва прывязалася да маладога Рычывольскага, хадзіла за ім, і я нават пачаў падазраваць, што недаацаніў яе ўзрост. Таму спрабаваў выглядзець нейкія прыкметы ранняй жаноцкасці, але цела ў яе было дзіцячае, худое, без аніякіх акругласцяў. Хоць Гайдамовічы далі ёй прыстойную апранаху і боцікі, але яна, як толькі выходзіла з дому, асцярожна здымала з сябе ўсё і старанна складала пад сцяной. Хутка мы пачалі вучыць Сяродку размаўляць і чытаць. Я маляваў ёй звяркоў і паказваў, спадзеючыся, што яна падасць голас. Яна ўважліва глядзела на тое, што мы робім, але ў мяне было ўражанне, што яе погляд слізгае па паверхні аркуша, не кранаючы малюнка. Калі яна брала ў рукі вугельчык, то магла накрэсліць ім на паперы колца, але ёй хутка надакучвала.

Тут я павінен некалькі словаў сказаць пра маладога Рычывольскага, якога звалі Фелікс, і імя гэтае яго добра характарызавала, бо гэта быў чалавек шчаслівы ў любых абставінах, заўсёды з добрым настроем, поўны добрых жаданняў, нягледзячы на тое, што з ім здарылася. А здарылася з ім тое, што ўсю яго сям’ю маскалі пад корань высеклі, бацьку жывот распароўшы, а сясцёр і маці жахліва згвалціўшы. Як ён здолеў пасля ўсяго гэтага застацца са здаровым глуздам, не разумею, бо ён ніколі і слязінкі не праліў і ніякай меланхоліі не паддаваўся. Ён ужо шмат чаму ад мяне навучыўся, і не прайшлі дарма намаганні Яго Вялікасці прыстроіць яго пры добрым – калі можна так пра сябе казаць – настаўніку. Гэты чалавек, невысокай лёгкай паставы, спрытны, светлы і блакітнавокі, меў бы шансы на вялікую кар’еру, калі б не здарылася тая падзея, якую я зараз апішу. А тым часам гэты малады Рычывольскі, яшчэ больш, чым я – ацяжэлы ад польскай кухні і не здольны хадзіць далей, чым на падворак, – цікавіўся феноменам plica polonica, які тут, у Гайдамовічах, зліўся ў адно з Сяродкай.

 

Летам, у ліпеньскую спёку, мы даведаліся з лістоў, што Варшава была адбіта ў шведаў, і я ўжо марыў, што ўсё вернецца да колішняй завядзёнкі, а я настолькі акрыяю, што буду здольны далучыцца да Яго Каралеўскай Мосці і заняцца яго падаграй. Пакуль што аб падарваным здароўі Яго Вялікасці клапаціўся іншы лекар, што выклікала ў мяне непакой, бо мой метад лекавання “жывым срэбрам” быў яшчэ мала вядомы. Лекарскае мастацтва і практыка ў Польшчы – недакладная, дактары нічога не ведаюць пра тое, што было вынайдзена ў анатоміі і хіміі ў нядаўнія часы, яны карыстаюцца нейкімі старымі спосабамі, набліжанымі да народнай мудрасці, а не да вынікаў цярплівых даследаванняў. Але я быў бы несумленны, каб прыхаваў сваё перакананне, што нават пры найлепшым двары Людовіка мала хто з медыкаў не ёсць de facto шарлатанам, які спасылаецца на высмактаныя з пальца адкрыцці і даследаванні.

На жаль, мая нага зрасталася дрэнна і я ўсё яшчэ не мог на яе ступаць. Да мяне прыходзіла тая “бабка” або “шаптуха”, як яе тут называлі, і націрала мае азызлыя мышцы нейкай смярдзючай карычневай вадкасцю. На пачатку жніўня да нас дайшла сумная навіна, што шведы зноў захапілі Варшаву і неміласэрна яе рабуюць. Я думаў пра сваю фартуну, бо я магу тут, на гэтых балотах, вяртацца да здароўя і, можа быць, Бог вызначыў гэты час, каб я заставаўся ў бяспецы? Схаваў мяне ад гвалту, вайны і чалавечага шаленства?

Праз пару дзён па святым Хрыстафоры, дзень якога на балотах адзначаецца ўрачыста – што зразумела, бо гэты святы перанёс малога Ісуса праз ваду на сухі бераг – мы першы раз пачулі голас Сяродкі. Спачатку яна прамовіла да маладога Рычывольскага, а калі той здзівіўся, чаму яна да гэтага часу не размаўляла, адказала, што яе ніхто ні пра што не пытаў, што насамрэч было праўдай, бо мы адразу вырашылі, што гаварыць яна не можа. Я вельмі шкадаваў, што слаба ведаю польскую, бо адразу б распытаў яе, але і Рычывольскі не вельмі добра яе разумеў, бо казала яна нейкай тутэйшай русінскай гаворкай… Вымаўляла паасобныя словы і ўпервала ў нас погляд, быццам даследавала іх моц або патрабавала ад нас пацверджання. У яе быў голас, які ёй не пасаваў – нізкі, амаль мужчынскі; гэта быў зусім не голас маленькай дзяўчынкі. Калі яна паказвала пальцам і прамаўляла “дрэва”, “неба”, “вада” – то мне рабілася непамысна, бо гэта гучала, быццам словы, што азначалі гэтыя простыя elementa, даляталі аднекуль з тагасвецця.

 

Лета было ў самым разгары. Балоты высахлі, але ніхто з гэтага асабліва не цешыўся, бо яны зрабіліся праезнымі для ўсіх, дзеля чаго Гайдамовічы асуджаныя былі на бесперапынныя напады раззадораных няспыннай вайной галетнікаў і злыдняў. Аднойчы напалі маскалі; Гайдамовіч мусіў з імі дамаўляцца і плаціць выкуп. Іншым разам мы адбілі атаку банды вайсковых марадзёраў, цяжка было зразумець, хто за каго і на якім баку. Малады Рычывольскі схапіўся за зброю і застрэліў некалькіх, што палічылі за вялікае геройства.

Я ў кожным прышлым выглядаў пасланца з Варшавы, жадаючы, каб Яго Вялікасць забраў мяне да сябе, але нічога не адбывалася, бо працягвалася вайна і Кароль мужна кіраваўся за войскам, напэўна, забыўшы пра свайго іншаземнага лекара. Я марыў, што і без паклікання рушу ў дарогу, нягледзячы на тое, што сам не магу на каня сесці, а на гэтай бездаражы ніводная калымага не не зможа мяне правезці. Занураны ў гэтыя сумныя думкі, я глядзеў са сваёй лавачкі, як вакол Сяродкі збіраліся ўсе маладзенькія служкі з маёнтка, сялянскія дзеці, а часам і паніч з панначкамі Гайдамовічаў – і ўсе слухалі яе балбатню.

– Што яны там абмяркоўваюць? Пра што гавораць? – пытаўся я ў Рычывольскага. Той спачатку падслухоўваў, а тады ўжо відавочна падсядаў да гэтай дзіўнай групы. І потым ўсё мне расказваў, калі перад сном сваімі далікатнымі рукамі ўціраў мне ў шнары шаптухіну смярдзючую мазь, якая вельмі мне памагала.

– Яна ім кажа, што там ў лесе, далёка за балотамі, ёсць краіна, дзе месяц свеціць роўным ззяннем разам з сонцам, цямнейшым за нашае. – Яго пальцы далікатна гладзілі маю бедную скуру, каб потым трохі папрыціскаць маё сцягно, каб разагнаць у ім кроў. – У краіне гэтай людзі жывуць на дрэвах і спяць у дуплах. На працягу месяцовага дня яны залазяць на самыя вершаліны дрэваў і там выстаўляюць голыя целы пад месяц, ад чаго іх скура робіцца зялёнаю. Дзякуючы гэтаму святлу, ім не трэба шмат есці і дастаткова лясных ягад, грыбоў і арэхаў. І паколькі ім там не трэба зямлю апрацоўваць і хаты будаваць, любую працу яны выконваюць толькі для прыемнасці. Там няма ніякіх уладароў і гаспадароў, няма ані сялян, ані князёў. Калі ім трэба штосьці зрабіць, то збіраюцца на адным дрэве і раяцца, а потым робяць тое, пра што дамовіліся. Як хто ад іх сыдзе, то яго пакідаюць у спакоі і не звяртаюць увагі – і так вернецца. Калі хто каго пакахае, то застаецца з ім на нейкі час, а калі пачуццё пройдзе – то сыходзіць да кагосьці іншага. Ад гэтага бяруцца дзеці, а калі такое народзіцца, то бацькамі яму ёсць усе і ўсе ахвотна такім дзіцём апекуюцца. Часам, калі яны забіраюцца на самае высокае дрэва, то ў далечыні бачаць наш свет, дымы спаленых вёсак, і чуюць носам смурод спаленых целаў. Тады яны хутка хаваюцца ў лісці і не жадаюць паскудзіць сабе вачэй гэтымі відамі і псаваць носы такімі пахамі. Зыркасць нашага свету выклікае ў іх агіду і адмаўленне. Яны ўяўляюць яго пэўным міражом, бо яшчэ ніколі ніякія татары або маскалі да іх не дабіраліся. Яны думаюць, што мы нерэальныя, што мы – гэта кепскі сон.

Аднойчы Рычывольскі спытаў Сяродку, ці ёсць там Бог.

– А што такое Бог? – адказала яна пытаннем.

Усім гэта падалося дзіўным, але, здаецца, і прываблівым, быццам бы жыццё без усведамлення існавання Бога было б прасцейшым і ўжо не трэба было задаваць сабе пакутлівае пытанне – як гэта Бог дазваляе такія вялікія пакуты сваіх стварэнняў, калі ён добры, міласэрны і ўсемагутны?

Аднойчы я загадаў спытаць, што гэты зялёны народ робіць узімку. І ў той самы вечар Рычывольскі прынёс мне адказ і, размінаючы маё беднае сцягно, распавёў, што яны ўвогуле зімы не заўважаюць, бо, як толькі надыходзяць першыя халады, яны збіраюцца ў самым вялікім дупле самага вялікага дрэва і там, прытуліўшыся адно да аднаго, як мышы, засынаюць і спяць. Яны паволі абрастаюць цёплым мохам, які бароніць іх ад холаду, а ўваход ў дупло зарастае вялікімі грыбамі, так што звонку іх не бачна. А сны іх маюць такую ўласцівасць, што яны агульныя, гэта значыць, што калі хтосьці бачыць сон, то іншы быццам “бачыць” тое ж у сваёй галаве. Такім чынам яны ніколі не нудзяцца. На працягу зімы яны вельмі худнеюць, таму, калі ўзыходзіць першы цёплы вясновы месяц, усе залазяць на вершаліны дрэваў і там цэлымі днямі выстаўляюць пад ягоны свет бледныя целы, пакуль не зазелянеюць здаровым колерам. Таксама ў іх ёсць свой спосаб паразумення са звярамі, а паколькі яны не ядуць мяса і не палююць, звяры сябруюць з імі і дапамагаюць ім. Здаецца, звяры нават апавядаюць ім свае звярыныя гісторыі, ад чаго яны самі робяцца больш мудрымі і лепш разумеюць прыроду.

Усё гэта падалося мне народнымі казачкамі, я нават задумаўся, а ці не прыдумляе ўсе гэтыя рэчы сам Рычывольскі, таму аднойчы з дапамогай служкі сам падкраўся, каб іх паслухаць, і мушу прызнацца, што дзяўчынка казала цалкам свабодна і смела, а ўсе яе моўчкі слухалі. Аднойчы я папрасіў спытаць яе пра смерць. Потым Рычывольскі пераказаў мне так:

– Яны лічаць сябе пладамі. Чалавек – гэта плод, кажуць яны, і яго з’ядаюць звяры. Таму сваіх памерлых яны прывязваюць высока да галінаў і чакаюць, пакуль іх не з’ядуць птушкі і лясныя жывёліны.

У сярэдзіне жніўня, калі балоты высахлі, а дарогі зацвярдзелі, у Гайдамовічах з’явіўся нарэшце так доўга мною чаканы пасланец ад караля. Ён прыбыў са зручнай карэтай, некалькімі воямі, рознымі лістамі і дарункамі для мяне: там была новая адзежа і добрыя напоі. Мяне так узрушыла каралеўская шчодрадайнасць, што я расплакаўся. І радасць мая была вялікаю, бо праз некалькі дзён мы мусілі вяртацца ў свет. Кульгаючы, я раз-пораз падскокваў і расцалоўваў Рычывольскага, бо мне ўжо хапіла гэтага схаванага ў лясах маёнтка, гэтай лістоты, мух, павукоў, чарвякоў, жаб, жукоў усялякіх, пахаў мулу і вільгаці, гэтага густога дурманлівага водару зеляніны. Мяне ўсё гэта ўжо гідзіла. Працу пра plica polonica я напісаў і меркаваў, што гэтым моцна падарваў у яго веру. Таксама я апісаў некалькі тутэйшых раслін. Што тут мне яшчэ рабіць?

Але малады Рычывольскі не быў, так як я, задаволены набліжэннем дня ад’езду. Ен паводзіўся неспакойна, недзе знікаў, а вечарамі толькі паведамляў мне, што ідзе пад ліпу размаўляць, кажучы пры гэтым, што займаецца сваімі ўласнымі даследаваннямі. Я мусіў штосьці падазраваць, але быў настолькі задураны ад’ездам, што нічога не чакаў.

Поўня прыпала на канец жніўня, а я заўсёды дрэнна сплю падчас поўні. Месяц уздымаўся над лясамі і балотамі такі вялікі, што мог выклікаць жах. Гэта была адна з апошніх начэй перад выездам – хоць цэлы дзень я пакаваў свае гербарыі і адчуваў стому, цяпер, не ў стане заснуць, я варочаўся з боку на бок. І мне здавалася, што недзе ў доме чуваць нейкія шэпты, тупат дробных ног і асцярожнае грукатанне дзвярных завесаў. Я думаў, што гэта нейкія амарокі, але ранкам выявілася, што ўсе дзеці і моладзь бясследна зніклі з маёнтка, а таксама дзеці падкаморага, чатыры дзяўчынкі і хлопец – разам іх было трыццаць чатыры, увесь маладняк гэтага паселішча; засталіся толькі немаўляты ля мамчыных грудзей. Таксама знік мой прыўкрасны малады Рычывольскі, якога я ўжо проста бачыў побач са мной пры французскім двары.

Гэта быў судны дзень у Гайдамовічах, жаночы лямант узносіўся да нябёсаў, мужчыны, думаючы, што гэта справункі татараў, якія, як вядома, бяруць дзяцей у ясыр, вастрылі косы, сярпы і мячы, каб апоўдні рушыць згуртаваным атрадам на пошукі зніклых. Нічога не знайшлі. Пад вечар парабкі знайшлі ў лесе, зусім недалёка ад маёнтка, струпянелае дзіцячае цела, змешчанае высока на дрэве, пасля чаго падняўся страшны крык, бо ўсе па саване пазналі, што гэта быў той Зялёны Хлопец, які памёр вясной. Цяпер ад яго засталося нямнога, бо птушкі зрабілі сваё.

З паселішча знікла ўсё свежае і маладое – і знікла будучыня. Лес стаў мурам вакол Гайдамовічаў, быццам быў войскам наймагутнейшага на ўсёй зямлі каралеўства і быццам менавіта цяпер яго герольды абвяшчалі адступленне. Куды? У апошняе, бясконцай велічыні, кола свету, па-за засень лістоты, па-за плямы святла, у вечны цень.

 

Я чакаў вяртання маладога Рычывольскага яшчэ тры дні і ўрэшце пакінуў яму ліст: “Калі ты вернешся, дзе б я ні быў, прыедзь да мяне”. Пасля тых трох дзён усе ў Гайдамовічах зразумелі, што дзяцей ужо не знайсці, што яны пайшлі ў месяцовы свет. Я плакаў, калі каралеўская карэта рушыла, але не ад болю ў зламанай назе, а ад нейкай глыбокай ўзрушанасці. Я пакідаў гэтае апошняе кола свету, яго падмерзлыя вільготныя межы, яго нідзе не запісаны боль, яго няпэўныя размытыя далягляды, за якімі ўжо толькі Вялікае Нішто. І зноў я накіроўваўся ў цэнтр, туды, дзе ўсё адразу набывае сэнс ды складаецца ў злучанае цэлае. І цяпер я старанна запісваю тое, што ўбачыў на гэтых межах, нічога не дадаючы, нічога не памяншаючы; і разлічваю, што Чытач дапаможа мне зразумець, што там тады здарылася, бо перыферыі свету назаўсёды надзяляюць нас таямнічай немаччу.

 

Пераклад з польскай Марыны ШОДА.
Паводле: Olga Tokarczuk. Opowiadania bizarne. Kraków, Wydawnictwo Literackie, 2018.

comments powered by HyperComments