Валерыя Кустава (№82)

Ад яго - да сябе
* * *
Чакаеш гэтае дурное
цудоўнае лета
паўжыцця.
А яно прыходзіць –
і ўсё не такое,
няправільнае.
Адно ратуе –
калі
ў парыве па-
чуцця,
нехта ён
кажа:
– Хачу пабачыць
зноў
твае мокрыя валасы
раніцай.
Варшава, ліпень 2014
* * *
…Яна прасіла –
стану мяккай,
як вераснёўскі яблык,
каб мог увайсці
ў мяне ты
ікламі.
Толькі пасля
не забудзься
падзьмуць
на раны,
каб ад майго болю
не зніклі мы.
Верасень 2014
* * *
Вымалёўваеш
сваiмi грудзьмi
на ягонай спiне
вiдарыс Радзiмы.
Выцалоўваеш –
iх няшмат –
радзiмкi,
каб запомнiць
рэльефы цела.
Так паэткi найчасцей
учыняюць
са сваiмi
адзiнымi.
Так як яны –
кахаюць адзiнкi.
Так як яны –
ты б кахаць не хацела.
Перагортваеш
яго дакрананнi
сваiмi вершамi.
Да цалункаў глыбокiх
прывучаеш вуснамi.
Занатоўваеш
жывыя пачуццi
ў раманы вусныя.
Найчасцей
давяраюцца так
са сваімі
з першымi...
2014
* * *
Ты так прыгожа сумуеш
пад лёгкае шарданэ
ў кавярні з карцінай Манэ
ў завулку між вузкіх вуліц.
Табе б даляцець да Парыжа
і расчароўвацца там –
гасподай чароўных дам,
аблокамі ад гашышу.
Й нарэшце спыніць такога,
які табой даўна сніць,
які табе не баліць,
з якім спакайней трывога.
Каб разам цадзіць – о Божа! –
жыццё й недзявочы віскі.
О, вочы яго – д’ябліскі.
А як ён цалуецца гожа…
Травень 2014
* * *
“Ох, гэтыя мужчыны,
што носяць акуляры...
Заўжды ведаеш,
калі збіраюцца
цябе пацалаваць... –
закідваюць іх над ілбом
нібыта няўзнак
ці здымаюць
таксама нібыта няўзнак
і па тваім твары блукаюць
паглядам.
А тыя, што з добрым зрокам,
пільна ўзіраюцца
ў вусны,
нібыта іх страціць баяцца –
вусны твае,
не вочы,
дзіўна...” –
падумала яна
і адсунулася –
ад яго да сябе.
Кастрычнік, 2013
* * *
Пляж як крама з музычнымі інструментамі:
Жанчыны-скрыпкі.
Жанчыны-домры.
Жанчыны-віяланчэлі.
Мужчыны-трамбоны.
Мужчыны-фаготы.
Мужчыны-бубны.
Латвія, 2012
* * *
У Доме творчасці ў Вентспілсе
выбіла пробкі ад перагрэву натхнення:
паэты ўвесь дзень правялі на моры
і атрымалі перагрэў энергіямі,
ад таго ўвечары
спакойваліся (ціхутка па пакоях)
бальзамам на душу –
пераважна рыжскім.
На раніцу
гаспадыня ў роспачы забегла на кухню,
дзе сядзела паважаная кампанія:
“Калі ласка, спадарства,
хто можа ўкруціць лямпачку?..”
Усе маўчалі.
Мужчын няма,
пісьменнікі не лічацца...
Латвія, 2012
* * *
…Ідзе дождж.
Ляжаць мёртвыя.
Сядзяць жывыя.
Толькі б пагаварыць
з мамай.
Хмара
насоўваецца,
слязіцца
дажджамі,
вые,
рассыпаецца
самалётамі
з абвугленай
маннай...
Ліпень 2014
* * *
Толькі здаецца,
што я –
маладая і пекная,
нібы свежая –
зранку –
ралля,
рэха звонкага
водгулля,
што гукае дзіця
здаля.
Я самотны
сівы стары, –
з голубам
на сагнутай руцэ, –
што плыве
чоўнам па рацэ,
як плыве
сляза па шчацэ,
як плыве далягляд
да зары
ды бярозавы сок
па кары.
Толькі здаецца,
што я
маладая і пекная.
я – артэрыя,
сэрца каля
рана
рваная
й колатая,
разыходзіцца,
што ўтрая
балючэй
за любоў.
Не твая,
я мелодыя
прышлая.
Кастрычнік 2014
* * *
…Хвароба блукае па целе,
шукае прытулку і –
трапляе
на разуменне:
кашаль,
як і боль,
часам
трэба дзяліць:
аддаваць
мужчынам
праз пацалункі
разам з сабой.
2012
* * *
Лета – час шчаслівых.
Восень – час паэтаў.
І з усмешкай кплівай
адыходзіць лета.
Лета патанала
ў радасці й спякоце.
Гэта ўжо нямала.
Лета адыходзіць.
Берлін, 2010
КАРОЎКІ НОЯ
Небасхілы гор,
паўпрыкрытыя
прасцінамі ранішняга святла.
Лагчынкі, западзінкі
сакавітых рэльефаў,
нібы маляваныя.
Тут усяго стае.
І перадусім – цяпла.
Горы ў неба забраныя.
Дзівавокія кароўкі (й цяляты)
скубуць зеленавалосыя схілы.
Тут мог быць зямны рай.
Зямны рай.
Цячэ жыццё, нібы малако –
густое і белае –
з вымя добрых каровак,
што пасуцца недзе
між Люблянай і Венаю.
Між Венай і Люблянаю.
Я ведаю,
Ной тут выбіраў
сваю пару капытную:
яго звалі Майсеем –
ён быў упартым бычком,
а яна – з зорачкай на ілбе –
і яе звалі Янаю.
Ці то была іншая пара:
яго звалі Гашпер,
а яе – Барбара.
Вена, 2010
* * *
Ты кажаш,
што кахаеш
мяне
больш за жыццё.
Але з ёю
заводзіш
агульныя
магніцікі
на лядоўню.
2012
* * *
Доўга няшчасным
быць цяжка.
Адмучыўся –
ну й адпусціла.
Гэткая душы расцяжка:
спачатку баліць,
страчваеш сілы,
сэрца цісне
на рэбры...
А калі
цягліцы прывыклі –
то і прыемна,
і нават міла.
Затое
наступны раз
змесціцца
большы боль,
чым папярэдні.
Чэрвень 2014
* * *
Мастак Канстанцін Каровін
малюе пялёсткамі
стэпавых ружаў
сады Гурзуфа
ды бульвары Парыжа.
Пялёсткі роўненька
злятаюць
з Траццякоўкі Старой –
спыняюцца
ў залатых охрах
П’ера Банара
і фантазійных,
карычнева-рыжых,
дрэвах Поля Сіньяка –
у музеі імя
Аляксандра Сяргеевіча
прызямляецца рой.
Сонечныя козы
Тархава
з травы
разбягаюцца –
па сценах
Старой Траццякоўкі,
па дахах
хатаў
Бялыніцкага-Бірулі.
Пад сані
баярыні Марозавай
кідаюцца –
маладыя зусім казляняты.
Козы на сонцы
з карціны
ўцякаюць.
Лавіце іх,
шаноўныя супрацоўніцы!
Хапайце іх
за загрыўкі,
прывязвайце мо
за бародкі
ды хвосцікі.
А пялёсткі,
якімі малюе Каровін,
зграбіце,
спарадкуйце
па кулёчках
просценькіх
ды прадавайце
ў крамцы прымузейнай
залётнікам з дамамі
турыстычнымі –
і я загадаю
й набуду наступным разам,
як заеду да Масквы
тыя пялёсткі,
як лек для душы,
бы сардэчнае зелле,
набуду – на радасці! –
з казлянятамі афарыстычнымі.
Масква-Менск, сакавіка 2015
* * *
Масква.
Самы гарачы дзень –
за сто год! –
лета.
Фантаны высокія,
вышэй
за сінагогі,
цэрквы
ды мінарэты.
Фантаны таньчаць
і вабяць,
што фантазійныя аазісы,
фантаны,
як кажуць мясцовыя,
фантануюць фантазіямі,
й казычуць пырскамі
масквічоў
чарнаскурых,
з вачыма вялікімі,
жоўтаскурых – з Сярэдняй Азіі,
прасветлых – з славянскімі лікамі.
А мы, здаволеныя, як вамбаты,
радыя
па цяньку,
з салодкім лёдам,
бадзяцца.
Дамоў вяртацца
праз “Маякоўскага” –
любімую Піменам Панчанкам,
амаль беларускую,
метрастанцыю.
Вяр-та-а-ацца...
Пакіну гэтыя кадры на мантажы
апошняга фільму,
які вазьму з паліцы ўспамінаў
і буду пракручваць
перад пачаткам канца.
Скажы,
мусіць, файна,
каб наш чыставік не загінуў,
калі будзе шмат гэткіх фарбаў –
вясёлых, цёплых, кахальных –
на палёх з “Выбранага” жыцця.
Раней туравала:
“верш, а не ты!”,
“сыдзі прэч з маёй волі!”
Цяпер –
вершаняты
мае
ў абдымках тваіх
спатолю.
Каханне – бонусная свабода:
усё тое
самае,
толькі з наступствам шчасця.
Употай.
Проста запомні
найлепшае з нас –
і пастаў на пракрутку
й паўторы.
Каб у Вечным Вяртанні
да манітора
ўспамінаў
прыпасці –
і ўглядацца,
і ўслухвацца
ў здзейсненых мараў
гарачыя
зоры.
 
Макс Шчур (№82)

Уратаванне
Кацярыне М.
Ніхто не дасць нам вызвалення...
Інтэрнацыянал
Самае смешнае, што я насамрэч была побач з месцам здарэння ў тую гадзіну, калі ў шэрагу іншых ахвяраў невядомага піратэхніка атрымала ганаровае права быць пахаванай у маўзалеі сваёй улюбёнай падземнай станцыі, бадай, найпрыгажэйшай у горадзе – акурат кіравалася з рэпетытарства дамоў, і тут такое. Не, у метро я не спускалася, але бачыла прыкрытыя белымі прасцінамі целы на ходніках, адным з якіх мусіла быць я сама, але не надта прыглядалася, у мяне няма цягі да крывавых падрабязнасцяў, іначай я б усё-ткі паводле мары нябожчыкаў бацькоў паступала на медыцыну. Давялося дабірацца на ўскраек горада тралейбусам. Вечна мне не шанцуе, ці можа наадварот – гэтак жа і дванаццаць гадоў таму, калі я яшчэ вучылася, то ледзьве была не трапіла ў той пераход на Нямізе, чыста выпадкова, бо на канцэрты я звычайна не хадзіла – ішла тады на спатканне, але праз увесь той гармідар урэшце спазнілася й перадумала, не да таго было. Такое адчуванне, што хтосьці ўвесь час прыстрэльваецца да мяне, але пацэліць ніяк не можа. Не, трэцяга ліпеня мяне там не было, выбачайце, я ж кажу, што не хаджу на канцэрты. Вы што, хочаце на мяне яшчэ й адказнасць павесіць? Знайшлі мне тэрарыстку... Такім як я нельга давяраць нават самазабойства, не тое што... Ведаю, спрабавала, дайце ўжо веры. Я ж кажу, што я жывучая, для нябожчыцы дык ажно занадта. Усе духоўна блізкія знаёмыя й геаграфічна далёкія сваякі неяк прызвычаіліся да таго, што са мною нічога не можа здарыцца, таму я не здзівілася, што ніхто мне не патэлефанаваў адразу пасля таго, як ад выбуху па ўсёй краіне скаланула ўключаныя тэлевізары – зрэшты, рэзананс залежыць і ад таго, што разумець пад краінай, бо калі глядзець на яе шырэй, як на так званую саюзную дзяржаву, то нічога асабліва надзвычайнага й не здарылася, у старэйшых братоў на Усходзе такое ледзь не штодня.
Узрушаныя размовы ў тралейбусе з нагоды інцыдэнту ніяк мяне асабліва не зацікавілі: божкаць і бухцець тут заўжды ўмелі надзвычай добра, дай толькі падставу – звычайна, на гэтым усё й заканчваецца. Сапраўды, павінна ж людзей яднаць штосьці, апрача штодзённага змагання за месца ў тралейбусе, чарзе, на працы, пад сонцам, на канапе й г.д. Галасы народныя падзяліліся прыблізна пароўну: палова вінаваціла апазіцыю, палова ўладу; у мяне не было падстаў нікога з іх падтрымліваць, версія тэракту здавалася мне абсурднай – хутчэй за ўсё проста нейкая аварыя, зноў нешта недапільнавалі, вось і выбухнула.
Пра тое, што я трагічна загінула, я даведалася ўжо дома, увечары таго ж дня, калі ад няма чаго рабіць уключыла кампутар і трапіла на адзін з інфармацыйных парталаў, дзе з’явіўся спіс загінулых. Вось яна, рызыка распаўсюджаных прозвішчаў і традыцыйных імёнаў: пазбаўленыя фантазіі бацькі самі рыхтуюць сабе і вам шэраг падобных сюрпрызаў у будучыні. Убачыўшы ў спісе сябе, я схамянулася, як быццам хтосьці мяне кудысьці выклікаў на афіцыйную позву – ці то ў дэканат, ці то ў райана, ці то на допыт, хоць насамрэч выклікалі яшчэ вышэй, да мітычнага Абрама на піва, – але адчуванне было, што трэба ўскочыць, падарвацца (які каламбур) і кудысьці бегчы. Я пабегла, як жа іначай, да тэлевізара – я ж такая ж законапаслухмяная й наіўная, як і вы. Сапраўды, у ім усё тое, што я бачыла на ўласныя вочы мімаходзь і на маніторы, пацвярджалася, з тым удакладненнем, што гэта ўсё-ткі быў учынены ворагамі тэрарыстычны акт, і што ворагаў ужо шукаюць. Значыць, мне не прымроілася: калі ворагі, то гэта заўжды сур’ёзна. Ахвяраў і пацярпелых не называлі, толькі агульную лічбу й адрасы сайтаў, наведваць якія карысна незалежна ад абставінаў – такіх, як МУС, КДБ, Менгарвыканкаму... Адсутнасць маіх ініцыялаў у простым эфіры крыху мяне супакоіла: можа, усё-ткі памылка. Аднак памылку зрабіла я: варта было глядзець, а не слухаць, гэта ж не радыё. Бо спіс пры канцы рэпартажу ўсё-ткі паказалі, як і належыць – пад загадзя й не без густу падабраную трагічную музычку.
Толькі тады ўрэшце азвалася мабіла. Не надта каб настойліва – вядома, званіў мой былы кавалер, хто ж іншы. Мабыць жа, валяўся ў ложку з сваёй новаю пасіяй пры ўключаным тэлевізары, збачэнец, такія рэчы яго заўжды ўзбуджалі, і раптам убачыў маё прозвішча – відаць, гэта пазбавіла яго эрэкцыі, і ён пастанавіў пазваніць мне, каб запэўніцца, што я насамрэч мёртвая. Не дачакаешся – я не адказала, палічыла, што звоніць ад няма чаго рабіць і няма каго паймець. І пазней не перазвоньвала: хай сабе думае што заўгодна, можа, якія згрызоты сумлення з’явяцца... Хай пракручвае сабе ў мазгох да бясконцасці кранальную сцэну нашага расстання, калі ён, як сапраўдны рыцар, спрытна й спрактыкавана ўхіліўся ад шпурнутае ў яго патэльні.
Да ўсяго гэтага я й не ведала, што ў мяне ў горадзе ёсць, то бок была (хаця хутчэй за ўсё нас такіх сотні, калі не тысячы) падвойная цёзка – але цяпер, пост фактум, між намі ўзнікла нейкая больш глыбокая сувязь, я адчула, што нібы страціла сястру-двайняшку, найлепшую сяброўку (ні той, ні другой я ніколі не мела), як быццам тая невядомая жанчына, я-2 (гучыць як мадэль самалёта), насамрэч ласкава загінула замест мяне, уратаваўшы маё існаванне ад чарговага замаху лёсу, за што я, хоць пра гэта яе й не прасіла, мусіла ёй неяк падзякаваць... Як іначай, як не ўдарнай працай? Выпіўшы гарбаты, я села правяраць хатнія заданні вучняў па самай блізкай і дарагой нам замежнай мове, што яшчэ пятнацццаць гадоў таму была ў гэтай краіне адзінаю дзяржаўнай – але праз хвіліну адклала сшыткі ўбок і зноў палезла ў інтэрнэт. Неяк не працавалася. Не ведаю, ці цікавілася б я гэтым здарэннем настолькі заўзята, калі б не знайшла сваё імя ў тым спісе – але тут ужо вялося пра асабістае.
Такім чынам, я спраўдзіла, што паступіла ў шпіталь у цяжкім стане і памёрла ад апёкаў. Таксама з’явілася інфармацыя пра выпадак, падобны да майго: нейкая дзяўчына знайшла сябе ў спісе пацярпелых і пачала тэлефанаваць у міліцыю, каб зняпраўдзіць гэтыя звесткі ў стылі выказвання Марка Твэна: маўляў, са мною ўсё ў парадку, мяне там і блізка не было, гэта памылка, загінула не я... Хацела падзяліцца сваёй радасцю з усёй краінай. Можа, і мне варта? Вось толькі радасці я нешта асаблівай не адчувала... Гэта ж трэба, я ў жыцці не тэлефанавала ў міліцыю і наогул ніколі не мела з ёю дачынення... Зрэшты, дзяўчыну, у адрозненне ад мяне, пачалі шукаць сваякі. У мяне пакуль было глуха, як у танку, калі не лічыць ужо згаданага адзіночнага стрэлу з боку былога партнёра, што на той момант ужо, мабыць, адкаркоўваў другую пляшку шампанскага за супакаенне маёй душы. Кінь, каму да цябе які клопат. Хіба што маці з таго свету азавецца з якім-небудзь новым папрокам, гэтым разам – за няспраўджаную сустрэчу, так бы мовіць, марную трывогу. А вось калегі са школы маглі б і пацікавіцца... Сапраўды, як яшчэ я магла б прыцягнуць іхную ўвагу? Што ні кажы, сумна, калі вас і праз столькі гадоў не цэняць у калектыве. Але ў нас, як і паўсюль, незамяняльных няма.
Смерць смерцю, а жыццё ідзе далей. Да заўтра трэба было праверыць сшыткі. Сачыненне на зададзеную й заўжды актуальную тэму: “Мая краіна”. Чытаючы лірычныя шчыраванні сваіх вучняў наконт любові да радзімы, я чырванела яшчэ болей, чым падчас сядзення ў камісіі на школьным выбарчым участку ці забеспячэння яўкі на ўсялякія там пераможныя парады – быццам іхныя прызнанні былі адрасаваныя мне самой. У святле сённяшняга здарэння лейтматыў вучнёўскіх працаў, напісаных нібыта пад дыктоўку, гучаў не па-дзіцячы іранічна: стобільнасць, мір, дабрябыт... Няўжо гэта я навучыла іх здзеквацца з самага дарагога? Але не бяды: праз пару тыдняў, ці можа нават дзён, вінаватых знойдуць, і ўсё зноў стане на свае месцы. Ну як можна не любіць такую казачную краіну?
У школу на наступны дзень я ішла, як на свята (што са мною здараецца рэдка), уяўляючы ў фае (ці можа ў настаўніцкай? ды што там, мо нават у актавай зале?!) сваё фота з чорнаю стужкай (цікава толькі, дзе яны яго возьмуць – я ўжо гадоў дзесяць не фатаграфуюся, я не мазахістка). Я амаль увачавідкі бачыла, як мае так званыя калегі, што ніколі не ставіліся да мяне з асабліваю цеплынёй, таўкуцца ў чарзе да кнігі скаргаў і спачуванняў, каб не прапусціць свой шанец паказаць, як яны палюбілі мяне пасмяротна. Дзеці, наадварот, будуць употайкі толькі радавацца, што пазбавіліся ад такой зануды, разам з яе беларускаю мовай. А вось і абламіцеся! Я жывая, і нічога са мною не здарылася...
Аднак да школы я ў той дзень не даехала. Сама не ведаю, як так выйшла, але доўгая язда ў ранішнім тралейбусе ў накірунку цэнтра зусім мяне вычарпала: пасля яе ўва мне без усякіх выбухаў не засталося ні кроплі жыцця. Нейкі мужык наступіў мне на нагу, але не папрасіў прабачэння, нават не аблаяў – стаяў сабе далей. Вечная штурханіна з боку прадстаўнікоў іншых галінаў дзяржаўнай і ценевай эканомікі, нашмат больш прадуктыўных і працаёмістых за маю, толькі падкрэслівала адчуванне, што для бальшыні з іх я насамрэч з’яўляюся, што называецца, пустым месцам, калі не дармаедкай. Здаецца, я неабачліва дазволіла сабе зрабіць мужыку заўвагу па-беларуску (пракручвала ў думках пачатак уроку), і ў наступны ж момант апынулася пад перакрыжаваным агнём позіркаў, у якіх водбліскам учарашніх тэленавінаў палаў святы й справядлівы гнеў. Цяпер на мне буйнымі літарамі было напісана “апазіцыянерка”, не хапала толькі зоркі – ці то жоўтае на вопратцы, ці то чырвонае між вачэй. На момант я й сапраўды адчула сябе злачынніцай, і ў мяне з’явіўся нейкі падсвядомы страх зноў апынуцца на месцы ўчарашняга здарэння, якое, паводле супольнага меркавання, не магло не быць справаю маіх рук – вяртанне туды было б у іхніх вачах толькі доказам супраць мяне... Карацей, я выйшла на два прыпынкі раней, каля сваёй былой альма-матэр.
Свежае перадвакацыйнае паветра мяне супакоіла. Знаёмыя мясціны перанеслі мяне на дзесяць гадоў назад. Цяпер я зноў прагульвала заняткі, гэтым разам у якасці настаўніцы, а не студэнткі. З тою розніцай, што тады я адчувала сябе тутэйшай, карэннаю гараджанкай, тым часам як цяпер я амаль не пазнаю гэтага места, якое ўсё яшчэ паводле інерцыі й пашпарту называю родным. Магчыма, прычына ў тым, што шмат чаго наўкол, насуперак майму нежаданню гэта прызнаваць, незваротна змянілася, тады як я безнадзейна адстала ад часу, бо ўпарта спрабавала жыць па-ранейшаму. Я згадала адну сваю былую аднагрупніцу – не, не сяброўку, але досыць цікавую дзяўчыну, зблізіцца з якою мне бракавала адвагі, бо пляткарылі, што яна была аматаркай нейкіх там псіхатропных рэчываў. Аднойчы яна кудысьці знікла – напярэдадні чулі, што яна зноў пагражала скончыць жыццё самагубствам, – а калі пачалі шукаць, то выявілася, што яна скіравалася з інтэрната на вакзал, дзе як наўмысна ў той дзень кінулася пад цягнік нейкая маладзіца – ці трэба казаць, што мы былі ўпэўненыя, што ніхто іншы, апроч яе, гэта быць не мог. Тым большым было нашае здзіўленне, калі яна праз тры дні з’явілася ва ўніверы з урачыстым паведамленнем, што была ўвесь гэты час у цёткі, пра якую мы дагэтуль ніколі не чулі, адсыпалася-ад‘ядалася пасля чарговага душэўнага крызісу, звязанага з запоем, тым часам як мы ўжо ўсёй групай планавалі ейныя хаўтуры. Цяпер я пашкадавала, што не маю з ёю кантакту, зрэшты, як і з астатнімі былымі сунавучэнцамі, бо не наведваю сацыяльных сетак – з гэтым выразам у мяне, на жаль, асацыюецца толькі авоська, – цікава было б даведацца, дзе, чым ці з кім яна цяпер жыве. Упэўненая, што ейнае жыццё, у адрозненне ад майго, такое ж шалёнае, як і дагэтуль. А вось мне, калі б не ўчарашні выбух, не было б чаго распавесці пра сябе: садок, школа, універ, размеркаванне, вяртанне, зноў школа, рэпетытарства, некалькі несур’ёзных спробаў сур’ёзных адносінаў, некалькі сямейных і асабістых трагедыяў, пераезд у новую кватэру, некалькі паездак за мяжу на вакацыях, што яшчэ? Як сказала б гераіня якога таннага раману: з якой такой ласкі, уласна, нейкая сіла (у якую я не веру – можа, таму я й не гераіня) аддала перавагу майму жыццю перад жыццём незнаёмай цёзкі? Бачыце, дзеля таго, каб я задумалася пра штосьці настолькі мне неўласцівае, мусілі ажно ўмяшацца мас-медыі. Што ж, хоць за нешта ім можна падзякаваць.
Амаль не баючыся сустрэць некага знаёмага па дарозе на вакзал, я (папярэдне катэгарычна адмовіўшыся ад лаўраў Ганны Карэнінай) набыла квіток і яшчэ ўвечары села ў цягнік ва ўсходнім кірунку з цвёрдым намерам здзівіць сваімі неабвешчанымі адведкамі адну сваю прыяцельку – калісьці мы разам ляжалі ў псіхіятрычнай лякарні на рэабілітацыі й за два месяцы паспелі, так бы мовіць, пасябраваць. Два гады таму яна з’ехала ў Маскву і з таго часу рэгулярна запрашала да сябе пагасцяваць тыдзень-другі. Мы, у прынцыпе, генерацыя дэзерціраў, проста хтосьці стаў на шлях здрады раней, а хтосьці гадамі, як я, чакаў зручнага моманту. Сапраўды, чым я рызыкую? У найгоршым выпадку гэта будзе азначаць толькі звальненне з школы за “самаволку”, але я і так даўно збіралася звольніцца, яшчэ перад выбарамі. Можаце думаць, што я, спалохаўшыся тэрарыстаў, пастанавіла зрабіць крок ім насустрач, каб у наступны раз палегчыць іхнюю місію. На Усход, на Усход, на ўсенародны Усход!
Я ўзяла з сабою толькі мінімум рэчаў, каб не ствараць уражання наўмысных уцёкаў, ключы ад кватэры (раптам я ўсё-ткі захачу вярнуцца), пашпарт – хаця цяпер, калі мяне дэ-факта не існавала, у ім ужо не было ніякай неабходнасці, дый памежнага кантролю з суседзямі ў нас няма – карацей, усё тое, што разам са мною павінна было згарэць у полымі выбуху, – апрача хіба што непатрэбных болей падручнікаў і сшыткаў з сачыненнямі, але ж рукапісы ўсё адно не гараць, так што хай застаюцца там, дзе ім месца – у прыбіральні. Шкада толькі, што я не змагу папрысутнічаць на сваіх хаўтурах – мала таго, што дзяржава вывучыла мяне за свой кошт, цяпер ёй давядзецца яшчэ й хаваць мяне за грошы падаткаплатнікаў. Але сумняюся, што за маёй труною да Усходніх могілак будзе ісці несканчальная людская плынь. Магчыма, аднойчы мне пашчасціць прыехаць і з дапільнаваннем належных фармальнасцяў наведаць сваю магілу, пакласці на яе кветкі й задуменна памаўчаць, спрабуючы на хвіліну перанесціся ў край вечнай цішыні й пустэчы; зрэшты, калі б гэта была насамрэч мая магіла, я палічыла б за найлепшае на яе плюнуць.
2011– 2012
Цалкам публікацыю Макса Шчура чытайце ў папяровай версіі "Дзеяслова" №82.
 
Ігар Канановіч

ВЯСНА ПРЫЙШЛА
Вясна прыйшла, нібыта пад прымусам,
У гэту бледна-шэрую тугу.
Пан Красавік! Хоць ты парадуй “плюсам”!
Вясна прыйшла – паверыць не магу!
НАЧНОЕ ДЗЯЖУРСТВА
Увечары
вецер-пастух
пагнаў статак хмараў
на поўдзень.
Ох і дояць жа там
бліскавіцы!
ПРАДВЕСНЕ
Гэты сонечны захад, дзе хмараў разлёт,
Абяцае сезон неспакою!
У вачах, адчуваю, ламаецца лёд.
І зіма адыходзіць. Слязою...
ТРАВЕНЬ
Травень.
Гудзе, шамаціць,
варушыцца
кляновая цытадэль.
ПАПЯРЭДЖАННЕ
Не падстрэліць сумленне, калі прапаўзу ля яго...
Не спрацуе, як міна, дасведчанай мамы парада...
Падману я цябе. Проста, травень пайшоў з берагоў...
Падману я цябе. І табе спадабаецца. Праўда!..
ПРЫНЦЫПОВАЯ ВОСЕНЬ
Дрэвы
толькі разводзяць рукамі:
“Мы памерлі –
прабачце!”
Дождж,
змыўшы фарбы,
змывае
і веру ў жыццё…
У брудным акне
электрычкі –
прынцыповая восень...
ШЭРЫ ДОЖДЖ
За акном бадзяецца
шэры дождж.
Відавочна, шукае мяне...
СКАЧОК ДА СОНЦА
Шэпт захаплення
імкліва бяжыць па сметніку:
падскочыў да сонца
вясёлы,
адважны пакет!
РАЗВІТАННЕ З ПРАФЕСІЯЙ
Даўно маглі з праблемай разабрацца.
А сёння можна проста ставіць крыж.
Настаўніка загналі у жабрацтва –
Зарэзалі прафесіі прэстыж.
Квітнеючай не зробіцца краіна,
Пакуль чыноўнік – майстар балбатні,
Пакуль настаўнік – бедная скаціна,
Якую кормяць пугай дзень пры дні.
І вырашыў нарэшце: пакідаю,
Іначай горкі лёс не абміне...
Прафесія – галоўная, святая –
Ідзе на дно. На шчасце, без мяне...
ПАДГАНЯЮ НАСТУПНЫ ДЗЕНЬ
Падганяю наступны дзень –
Так наіўна, па-чалавечы...
Там – прытулак маіх надзей.
Там – гаючай зары сустрэча.
Па нягодах пракладваў гаць.
Не аднойчы ламаў дарогу.
І, здавалася, пакахаць
Я не здолею больш нікога...
Бо ўзрываў і паліў масты,
Праклінаючы прывід шчасця,
Каб раз’юшаным і пустым
На заснежаны дол упасці...
Хай на дно асядае дрэнь.
Хай пакажа “арла” манета.
Падганяю наступны дзень,
Дзе – чаканыя сэнс і мэта...
ПЛАЦІНА
Старэйшы пляменнік
выпытвае,
адкуль у мяне шчарбіны.
Крык неаднойчы
шалёна імкнуўся на волю,
ды, наляцеўшы на сцятыя створкі шлюза,
сыходзіў назад…
А малому адказваю:
“Еў шмат салодкага,
Стасік!”
ЗНАК ЯКАСЦІ
Знайшоў у мікрасхемах брак,
Хоць вечар меў не тую мэту...
Што ж, ёсць “хай тэк”, а ёсць “хай так!” –
Цяпер я разумею гэта.
ФОЛЬК І МЕТАЛ
Захмялелыя Фольк і Метал
шалеюць у пакоі заўзята:
распілі маё сэрца да дна!
АЛЕ
Прысвячаецца сп-ні Вользе Спірыдонавай
Натхнёнасць забітая пазачарговым надрывам.
Як хворы, аловак бяздзейна ляжыць на стале.
Маё адраджэнне чакае ў каханні. Шчаслівым.
А тое каханне – за кручамі жорсткіх “але”...
Але песімізм не займее трывалай прапіскі
У сэрцы маім. Хоць яно выгарала не раз.
Бруіцца сцяжына – у свет ледзь вядомы, няблізкі.
Ёсць права на шчасце. Ёсць вера, надзея і час.
ПАЎНОЧНЫ СХІЛ
Кайлом чараўніцы Самоты
драблю
паўночны схіл Цішыні...
Настрой,
пераліўшыся ў намаганні,
знікае ўвесь.
І толькі тады
гарэзліва ўспыхвае
першымі залацінкамі
верш...
ПРАПАНОВА КЛАСІКА
Ты жадаеш намацаць аснову?
Прагнеш сонца на сённяшнім дне?
Заслужы беларускую мову.
І пачуеш яе ад мяне...
МУЗЫЧНЫЯ КАМПРЭСЫ
Раблю музычныя кампрэсы:
Курортны – лёгкі, цёплы – джаз.
Наўзбоч ганебна-звыклай п’есы
Зусім няблага баўлю час.
Па-за прыгнётам актуалій
Плыве лянотны летні дзень.
Нарэшце на патрэбнай хвалі.
І нават для сяброў – нідзе...
ТРЫ СЯСТРЫ. НАДЗЕЯ
Падманулі Вера і Любоў.
Іншыя цяпер жыццё і цацкі.
Страціўшы прыхільнасць берагоў,
Сцяг ператвараецца ў пірацкі...
Вера і Любоў. Былыя дні.
І калі адтуль цяплом павее –
Курчыцца і вые ў глыбіні
Лютая, бязмэтная Надзея...
НІКОЛІ
Так, прыгадаю пэўных момантаў красу –
І зноў пакліча ненажэрнае балота...
Я часам гад, але, павер, не прыпаўзу:
Мінула садамазахічная ахвота.
Я ў вернай музыцы тапіў самоты дні
І ўсё-ткі выйшаў з гэтай жорсткай, смешнай ролі.
Любоў, Каханне – гэта служба Чысціні.
А паміж намі не было яе ніколі...
АФЕКТ
...Нешта ў сэрцы кальне – так, што цемра патушыць аблокі.
Так, што радасны ліпень арктычнай пустыняй дыхне.
Зварухнуліся, значыць, надзеі і веры абломкі.
Бач, вайна за каханне яшчэ ўспамінае мяне!..
* * *
Няма навін сярод навін.
І справа – Бог, а злева – сплін.
І я ў сябе ізноў краду.
Пайду.
ЦІШЫНЯ
Кожнаму – свой пакой,
і толькі
цішыня –
адна на дваіх...
БЕЛАРУСКАЯ АЎТАЭПІТАФІЯ
Спадзяюся, па смерці не будзе бязмежна суровы
Найвышэйшы Прысуд, хоць ахвотна і часта грашыў.
Бо ў краіне трасянкі і дрэннай расейскай мовы
Я спяліў Беларусь у пякучай, зацятай душы...
 
Алесь Разанаў (№81)

Зацемкі з зімовага саду
Чытаем верш.
Сваёй назвы ён не мае і сам увесь з’яўляецца назвай да таго, што кранае, што выяўляе, што вымаўляе, і называецца па першым радку “Мой сад у снезе па калена…”, аўтар Алесь Пісьмянкоў. Жыццёпіс Алеся Пісьмянкова чапаць не будзем, зазначым толькі, што распачаўся ён у 1957-м, завершыўся – абарваўся – у 2004-м, верш сам старонка з яго жыццёпісу і напісаўся ў 1986-м годзе, задоўга да таго, як яго не стала. Чытаем верш.
Мой сад у снезе па калена,
Азяб у золь і снегапад…
Табе не холадна, Алена?
Табе не холадна, Алена?
Табе не хочацца назад?
Мой сад зусім не салаўіны –
У ім ахрыплыя вятры,
У ім рабіна ды каліна,
У ім рабіна ды каліна –
Вось і усе яго дары.
Мой сад пусцее без дагляду.
Яго сячэ калючы град.
Ён замаркоціўся без свята…
Ён замаркоціўся без свята…
Табе не хочацца назад?
Мой сад у снезе па калена.
Над ім і золь, і снегапад…
Табе не холадна, Алена?
Табе не боязна, Алена?
Табе не хочацца назад?
Мы прачыталі верш (прачыталі?!.), ён просты і нават празрысты, усё ў ім для слыху і разумення вядомае, аднак у яго простасці і празрыстасці ёсць нешта тое, што затрымлівае ўвагу, што надае вершу глыбіню і ў ёй тоіцца і для самога верша застаецца невядомым. Невядомае не адстароньваецца ад верша і тым больш яму не супрацьпастаўляецца, яно ў ім выяўляецца, выяўляецца не становячыся вядомым.
Сваёй рытмікай, сваёй інтанацыяй верш блізкі песнаспеву, ён аголены, “зімовы”, у ім амаль няма чаго бачыць, слоў няшмат, яны паўтараюцца і суадгукаюцца. Так, слова “сад”, нідзе не выносячыся ў канцавую рыфму, не наўпрост рыфмуецца і наўпрост суадгукаецца са словамі “снегапад”, “назад”, “над”, “град”, “свята”, “дагляду” і нават “холадна”, у якім хаваецца не выяўленае і не вымаўленае ўголас слова “лад”; слова “каліна” далікатна суадгукаецца з моцна зрыфмаванымі між сабою словамі “калена” і “Алена” і выклікае нявымаўленую сінтагму “калі на”, ну і само па сабе красамоўнае імя Алена ў сваёй назоўнасці і суадноснасці дапасоўвае да сябе семантыку спадарожных слоў “але”, “на”, “не”, апошняе з якіх глыбока ўнетрана ў слове “снезе”, і, выходзячы за межы верша ў жыццёпіс таго, хто гэты верш напісаў, яднаецца з імем Алесь. Яно названае па-за вершам, а ў самім вершы ёсць яшчэ словы прысутныя і неназваныя, мы будзем мець з імі справу і таму назавем іх: гэта найперш слова “сляды” (той, хто ўваходзіць у сад, пакідае ў снезе сляды) і слова “ягады” (яны выспелі, і “рабіна ды каліна” іх дораць вершу).
Рыфмы і алітэрацыі ў вершы істотныя не самі па сабе, а тым, што яны намацваюць і абуджаюць уласцівыя вершу зместы.
Верш і сам увесь змест, які дарэшты не выяўлены і не абвешчаны, чым больш ён (змест) выяўляецца, тым больш заступае за межы самога верша.
Словазлучэнне “мой сад” пераходзіць са страфы ў страфу, нібы ўсякі раз верш распачынаецца нанова, у кожнай страфе верша чацвёрты радок паўтарае трэці, пераймаючы тое, што ён перадае і зберагаючы такім чынам вымаўленае, а чацвёртая страфа амаль цалкам паўтарае першую. “Табе не холадна, Алена?..” – чытаем у трэцім радку апошняй страфы знаёмыя словы і, гатовыя іх паўтарыць, у чацвёртым радку спатыкаем раптам адрозненне: “Табе не боязна, Алена?..” Яно істотнае, яно ўзнікла з глыбіні самога верша, яно ім намацвалася і прадбачылася, арфаэпія слова “азяб” яго ўжо распазнавала. І тое, што ў апошняй страфе дзеяслоўнае “азяб” саступае месца прысутнасці прыназоўніка “над”, робіць “боязна” яшчэ больш з’яўным. Яно збіралася адпачатку і, застаючыся ва ўтоеным і з ім супадаючы, з яго паступова вылучалася. Утоенае – да часу невядомае і наймення не мае. Найменне набывае тое, што пачынае сябе распазнаваць і распазнавацца тым, што, дагэтуль разасобленае, збіраецца ў сваю, адно яму належную, суадносіну.
Боязь як з’ява ўзнікае не раптам, яе выклікае і яе знаходзяць ёй тоесны змест акалічнасцяў, а ў самім слове “боязь”, што аб’яўляецца ў заключнай страфе верша, вымаўляюцца лексемы, што невядома адкуль узяліся, лексемы мовы, што яшчэ не сталася мовай ці перастала быць мовай, лексемы згадкі, што ўжо ні з чым не суадносіцца ці, калі суадносіцца, то з невядомай велічынёю: “бо”, “я”, “зна”.
Выяўляцца – вымаўляцца: у садзе выяўляецца тое, чаго верш яшчэ не вымавіў.
І яшчэ апынаюцца прысутнымі і застаюцца неназванымі колеры: белы (снегу) і чырвоны (ягадаў). Яны прысутныя той прысутнасцю, што ўмалёўваецца ў краявід і не мае патрэбы ў атэстацыі. Атэстоўваць – вылучаць; вылучаецца тое, што яшчэ толькі аб’яўляецца і, аб’яўляючыся, пераходзіць з утоенага ў відавочнае. Тое, што ёсць, ужо мае сваю атэстацыю з сабою і ўтоенае захоўвае ў сабе.
Рабіна і каліна ў ягадах – завяршальная стадыя таго, што ў суадпаведныя поры аб’яўлялася квеценню, завяззю, выспяваннем, а цяпер аб’яўляецца ягадамі, таксама ў суадпаведную – апошнюю – пару.
Зіма ў белым колеры, рабіна і каліна – у чырвоным, яны кантрастуюць адно з адным і адно да аднаго дапасоўваюцца, дапасоўваюцца глыбока, так, што белае становіцца чыстым белым, вольным ад прыналежнасці, а чырвонае чыстым чырвоным. Гэтыя колеры ведаюць нешта адно пра адно адпачатку і сустракаюцца наапошне і, сустракаючыся наапошне, робяць сустрэчу відушчай.
У абодвух гэтых колераў ёсць яшчэ адзін кантраст – чорны, але ён супрацьлеглы і абодвум ім іншародны:
у іхняй пары яму няма чаго рабіць. Ён узнікае, калі яны знікаюць, і – наўзаем – калі ўзнікае ён, знікаюць яны.
У вершы дагэтуль разасобленыя словы складаюцца між сабою так, што набываюць моц закону: адно так яны маюць скласціся, і тое, што яны кажуць, адно так насампраўдзе ёсць. У вершы словы складаюцца ў закон, выяўляючы рэчаіснасць, для якой ён свой, і набываюць моц закону, наколькі гэтую рэчаіснасць выяўляюць.
Увага яшчэ не можа яе разгледзець, але ўжо не можа і абысці.
“Над”, аднойдзенае ў апошняй страфе верша, знаходзіць сябе над садам, яго месцазнаходжанне ў абсягу, што вынесены за межы самога саду, і калі “ў”, прысутнае ў папярэдніх строфах верша, уласціва таму, што знаходзіцца як унутры саду, так і знадворку, то “над” у дадзеным выпадку аднаяўна вынесена ў знадворнае.
У знадворным валадарыць надвор’е, сваё для кожнай пары, яно паводзіцца так, нібы ўсё залежыць ад яго, а яно ні ад кога і ні ад чога.
Знадворнае відовішчнае: яно бачыцца, чуецца, адчуваецца і сцягвае на сябе ўсемагчымую ўвагу, аднак самае істотнае ўсякі раз адбываецца па-за ім і па-за ўвагай, так непрыкметна і незаўважна, што пра яго мы даведваемся, калі даведваемся, потым. Знадворнае шчыміцца і точыцца ва ўнутранае і, падслухоўваючы ва ўсемагчымыя слыхі ды падглядаючы ва ўсемагчымыя гляды, здагадваецца пра тое, што там адбываецца, і тады выносіць свае здагадкі на людзі і аб’яўляе ўголас.
“Ахрыплыя вятры” аб’яўляюць здагадкі.
“У ім рабіна ды каліна…” – дрэвы, што атэстуюць зімовы сад, самыя не садовыя; садовыя пакінулі свае дары лету і восені, а рабіна і каліна вынеслі іх у зіму і ў зіме, у голым бязмежжы, ззяюць і сведчаць, што гэта іхняя пара.
Зняволеніцы, але і абраніцы, яны ўсім паказваюць свой набытак, свой скарб, свае рубіны, што яны ніколі не паказалі б, калі б былі адно зняволеніцамі, паказваюць выснову, якую мае засвойваць разгорнутая ў знадворным рэчаіснасць.
Тое, чаму надаецца ўвага, набывае суадпаведную ёй вагу, а яна надаецца таму, што ўжо загадзя вагу мае, што вылучаецца са звычайнай, знойдзенай у раўнавазе, суадносіны. Вылучаецца, бо вылучана – той велічынёй, якой і захоўваецца раўнавага.
У вершы, калі ён праўдзівы, прысутнічае невядомая велічыня і адтаго, наколькі яна прысутнічае, ён праўдзівы.
Яна больш, чым змест, яна першазмест, і першазмест усіх вершаў невядомая велічыня. Ёю яны распазнаюцца і ёю слушныя, да яе звернуты і ёю абумоўлены.
У што мы ўслухоўваемся, калі верш чытаем ці згадваем верш на памяць? Так, у яе, у невядомую велічыню.
Застаючыся ў вершы, яна па-за вершам, яна відушчая, але самой яе не відаць, дзякуючы ёй кшталты набываюць азначэнні, а словы найменні, аднак сама яна ўхіляецца ад найменняў і азначэнняў, і самае большае, што верш здольны зрабіць – выявіць яе прысутнасць. Пра што б ён ні быў, яго змест суадносіцца з ёю, астатняе ўмовы і акалічнасці, дзякуючы альбо насуперак якім гэта адбываецца.
Верш вынікае з суадносіны вядомага і невядомага: у ім невядомае ўводзіцца ў вядомае так, што застаецца не ўведзеным, і вядомае выводзіцца з вядомага так, што застаецца нявыведзеным.
Пра што б ён ні быў, ён заўсёды застаецца дарэшты недатлумачаным, у ім прысутнічае тое, што, разгортваючы прастору для вытлумачэння, само ім не схопліваецца, што схопліваецца, дык гэта вестка: тое, што перастала ўжо быць невядомым і яшчэ вядомым не сталася.
Верш ведае вестку.
Яны ўваходзяць у сад, як у веду, якая ведае іх глыбей, чым яны самі.
Ведай не валодаюць, у веду ўваходзяць і, адкрываючыся ёй, адкрываюць яе. Яна не ўкладаецца ў меру мовы і асягаецца не мовай, а суадпаведнасцю. Быць – ведаць: мы ведаем суадпаведнае таму, чым ёсць.
У вершы вымаўляюцца суадпаведныя словы і самі вымаўляюць у ім суадпаведнае.
Вось малюнак, што вынікае з верша: зімовы сад, глыбокі, “па калена”, снег, і яны – ён і яна – удваіх ідуць па цаліку ўглыб. Пытанне: як ідуць? Як ідзе ён і як ідзе Алена – побач з ім? перад ім? за ім? Якая суадносіна месца і зместу ёй найбольш адпавядае? Пра гэта ў вершы нічога не гаворыцца, але самі з’явы і постаці, беручы ўдзел у суадносіне выяўленага і вымаўленага з нявыяўленым і нявымаўленым, знаходзяць узаемапаразуменне і ўзаемараўнавагу.
Як ідзе ён і як ідзе Алена? Яна ідзе ўслед, уступаючы ў яго сляды, яны супадаюць слядамі, ён кожным следам уступае ў невядомае, яна ў вядомае, здабытае ім: узаемапаразуменне і ўзаемараўнавага здабываецца ў хадзе. Не яна вядоўца ў гэтым падарожжы і нават не ён, яно вынікае з той суадносіны, з якой ён сам вынікае сабе невядомым, а яна вядомай сабе застаецца. І калі ён, заглыбляючыся ў невядомае, можа з ім усё больш супадаць, яна названая і невядомаю стацца не можа.
Ён ідзе дакульмагчыма, яна – дакуль ён, і дакульмагчыма яе сляды супадаюць з яго слядамі.
За выяўленым і вымаўленым у вершы прысутнічае нявыяўленае і нявымаўленае.
За нявыяўленым і нявымаўленым невыяўнае і невымоўнае, і тых, хто ідзе бездарожжам, арыентуючыся па захаваных унутры іх саміх картах, ведае адпачатку.
Сляды сведчаць: падаючыся ўслед за тым, хто ідзе, яны захоўваюць у сабе вектар звароту і дарогу назад ведаюць на памяць, і пакуль той, хто іх пакідае, ідзе, не могуць дарэшты апынуцца пакінутымі.
Сляды ўпісваюцца ў краявід зімовага саду, сад “мой”, і яны гэтаксама “мае”, і калі некалі той, хто іх пакідае і не можа дарэшты пакінуць, зверне на іх увагу і возьме, падаючыся ў адваротным кірунку за арыенціры, яны застануцца ў садзе як дадатак да яго “дароў”, як сведчанне, што ён не пакінуты, як знак прысутнасці ў ім таго, для каго ён “мой”.
Сваё (“маё”) тое, што я маю і ведаю. І ведаю і маю настолькі, наколькі яно мае і ведае мяне. Тут, у вершы, яно не роўнаістотнае і з “я” суадносіцца не аднолькава, і таму, што з “я” суадносіцца неаднолькава, сведчыць, што “я” гэтаксама мае свае ўзроўні і сваю суадносіну з велічынёю, для якой само з’яўляецца “маім”.
Той, хто ідзе, уводзіць у сад сваю прысутнасць, і сляды, выдрукоўваючыся ў снезе, яе ўвідавочніваюць. Снег тая субстанцыя, дзякуючы якой сляды ўваходзяць у сад і, уваходзячы, увідавочніваюць зварот, яго магчымасць скіроўвацца назад, да зыходу, у пачатак. Снег – субстанцыя свята, аднак свята, асіметрычнага таму, у якім некалі яны былі, і сцежак туды няма.
Той, хто ідзе ў зімовы сад, вядзе з сабой нейкае, яму невядомае, парушэнне і вядзе датуль, пакуль хада доўжыцца, пакуль яе не пярэйме зварот.
Сад – адлюстраванне суадносіны, у якой яны маюць сябе, аднак у ёй самой, у суадносіне, цяпер адбываецца нешта, з-за чаго Алене і холадна, і боязна, і з-за чаго ў ёй, у суадносіне, яны перастаюць мець сябе, самім сабе вядомых і самімі сабой вядомымі.
“Ахрыплыя вятры” вынікаюць з гэтага нешта, яны вынікаюць з прагалу і з голасам маюць нятоесную суадпаведнасць, і сад у л ю д с к і м смутку.
Застаючыся на тымсамым месцы, сад змяняецца так, што ён і яна апынаюцца скранутымі з месца; цяпер сад у той змене, у якую ён і яна ўваходзяць.
Зімовая змена вылучаецца з чарады іншых зменаў і з імі найменш суадносіцца. Яна ў той канчатковасці, пасля якой можа настаць адно новы пачатак. Канчатковасць па-свойму дасканалая: яна займае абсягі і вымалёўваецца ў краявіды, а тое, што мае настаць, схавана і месца не мае.
“Ахрыплыя вятры” выгаворваюць тое, чаго не вымавілі ні спеў, ні голас. Спеў і голас вымаўляюць свае, суадпаведныя ім, кшталты, яны іх вымавілі і забралі з сабой, тое, што выгаворваюць “ахрыплыя вятры”, – прагал, правал, страта.
Яны памятаюць сваё – яно іх не,
шукаюць – і не знаходзяць,
клічуць – яно не адгукаецца,
і самі апынаюцца страчанымі.
Яны выгаворваюць тое, што ўжо і не хоча выгаворвацца, – апошняе, і выгаворваюць праз сілу: у ім ёсць тое неабходнае, што мусіць выгаворвацца дакульмагчыма.
Пакуль сляды доўжацца, пройдзенае не становіцца мінулым; мінулае тое, што адымаецца, а яно тут дадаецца і ідзе след у след за імі.
Можна сказаць, што яны (сляды) ўводзяць мінулае туды, куды ўваходзяць самі, але датуль, пакуль яны ўводзяць яго туды, куды ўваходзяць самі, самі туды ўвайсці не могуць.
Калі паэт, суадпавядаючы той сваёй іпастасі, што ўведзена ў верш, кажа: “Ён замаркоціўся без свята”, то тут ён саступае ў іпастась сваёй спадарожніцы. “Мой” сваё і “табе” сваё – займеннікавыя азначэнні, і паміж імі свае суадносіны.
Тое, да чаго дапасоўваецца займеннік “мой”, не пакідае слядоў, наадварот, само становіцца месцам, куды сляды сцягваюцца і дзе пакідаюцца, у дадзеным выпадку – сад.
Той, да каго дапасоўваецца займеннік “табе” (у дадзеным выпадку да Алены), сляды аддаюцца, а ёй было б лепш іх не мець. У яе свой след – і ён цяпер супадае з яго следам, у яго свой лёс, і ён цяпер супадае з яго лёсам так, што ягоны лёс становіцца ейным.
Не было б яе, наваколле ўраўнялася б і падарожжа т у д ы не змагло б адбыцца.
Яны ўводзяць у сад супярэчанне, і яно выяўляецца ў ім. Яно шматмернае, і займае кожнага ў суадносіне да ўсіх і ўсіх у суадносіне да кожнага, і наўпроставага вырашэння не мае.
Магчыма, гэтым разам яны павернуць назад і выйдуць з саду, аб’яўленая і не вырашаная супярэчаннем суадносіна выпадзе з саду ўвагі, аднак, і выпаўшы, усё адно застанецца і будзе чакаць сваёй пары, каб аб’явіцца і вырашыцца.
Кшталт, які перадае слова “замаркоціўся”, афарбаваны ў колер змроку, у колер, што, гусцеючы, становіцца цемнатой, чарнатой, колерам, супротным белі і чырвані; ён (змрок) яшчэ не стаўся гэтакім, але гатовы стацца і, магчыма, ужо стаецца, і таму, што гэта гэтакі колер, Алене ў ім боязна.
У параўнанні са сваімі ранейшымі кшталтамі зімовы сад іншы, і постаці, што ўваходзяць у яго, становяцца іншымі. Яны маюць стацца іншымі: не становячыся, яны не змогуць увайсці, і не ўваходзяць яны настолькі, наколькі не сталіся іншымі. У ім (у садзе) ёсць тое, чаго не было ў іншых садах, у якія яны наведваліся дагэтуль, у ім ёсць н я м а.
У ім яны бачаць тое, чаго дагэтуль не бачылі, і тое, чаго не чулі дагэтуль, чуюць, у ім яны маюць сябе (ці пачынаюць мець) гэтакімі, якімі не мелі.
Н я м а вынікае з таго, што было.
Яны ўваходзяць у вынік.
У ім (а калі ў іх, то ў кожным па-свойму) высноўваецца нешта, што ўжо не ўмяшчаецца ў фармаце ранейшай узаемаадносіны і вядзе за межы яго самога і іх саміх. Што?
Яно неад’емнае ад яго і ад іх, аднак яно іншай спеласці, іншага выспявання і наймення яшчэ не мае. Яны і кіруюцца ў зімовы сад таму, што ён, пусты і ніякі, найбольш суадпавядае таму, чым самі яны яшчэ не сталіся.
Розныя, яны тоесныя і разам скіраваны туды, дзе няма розніцы і няма тоеснасці.
Тое, куды яны ідуць, неабходнае: яго нельга абысці.
Яно настае само, гэта тое н я м а, што паўстае з ё с ц ь, ё с ц ь, вывернутае на левы бок, у зіму з лета, з містэрыі Купалля ў містэрыю Калядаў.
Двое, яны кіруюцца ў адлюддзе, туды, дзе нікога няма. Навошта ім гэта?
Іх вядзе туды ім уласцівая неабходнасць, яна адна ведае, як туды дайсці, і вядзе выяўляючыся, даводзячы і адкрываючы вандроўцам, што канчатковая мэта вандроўкі ў іх саміх.
Яны ідуць, слухаючыся яе і спазнаючы, навошта яны ідуць.
У вершы дзеецца, утоеная ад вачэй, містэрыя, дзеецца, не пытаючыся ў іх на гэта дазволу: недзе там, у глыбіні іхніх існасцяў, яна ўжо займела на гэта дазвол і згоду.
Верш у яе прысвечаны і ў яе прысвячае.
Нікому не выпадае нікуды спяшацца: далёкае ўвайшло ў сад і ў ім спынілася;
нікому не выпадае ў што б ні было ўмешвацца і перапарадкоўваць, што б ні было, на свой лад: усё ўслалася чысцінёю і ёй асвяцілася;
нікому не выпадае рабіць ніякіх высноў: верш займеў сваю мэту, і тое, што мае стацца, разгортваецца і выяўляецца само.
Верш істотны тым, што вымаўляецца само, і менавіта з таго, што само хоча вымавіцца, вынікае верш.
Сад увайшоў у зіму, а яны ў сад уваходзяць, каб яно вымавілася.
Зіма не мае таго, што мелі іншыя – папярэднія – поры, і, у параўнанні з імі, нямая.
У вершы аднаходзіцца тое, што для гаварэння, паселенага ў абсягах дадзенасці, апынаецца нямым.
Перш чым пачне вымаўляцца верш, паэт мае стацца нямым.
Застаючыся сваёй прысутнасцю ў абсягах прасторы і часу, яны кіруюцца за межы прасторы і часу, і арыенцір, які не дае ім згубіцца і зблытацца ў навакольных выявах, унутры іх. Яны настаюць знутры сябе, і тое, што ўчора было імі, сёння апынаецца знадворку пры ўмове, што самі яны застаюцца з тым, што ўнутры.
Аднак яны ў дарозе – адымаюцца і дадаюцца і маюць сябе адразу ва ўнутраным і знадворным. Тое, што ўнутры, ведае дарогу ў наступнасць, тое, што знадворку, – назад, у зварот.
Нібы наштурхоўваецца на перашкоду, верш знаходзіць сабе прыпынак, радкі паўтараюцца, і пытанні, звернутыя да Алены, застаючыся тымісамымі, глыбеюць: яны ўжо ўгадваюць адказ і, трымаючыся ад яго на магчымай адлегласці, агучваюць яго. Верш знаходзіць сябе ў прыпынку і здабывае ў ім сабе неабходную раўнавагу. Яшчэ не ўсё вымавілася, а вымавіцца – раўнавага парушыцца, і ён (верш) страціць сябе. Яму гэтаксама боязна, і калі Алене боязна таго, чаго яна яшчэ нейкім чынам не ведае, то яму таго, што ён ужо нейкім чынам ведае: боязна – бо я знае нешта, што не адважваецца вымавіць.
Верш – жывая з’ява, і мае што паведаміць.
Што тычыцца вытлумачэння, яно адбываецца, калі ўчытваецца ў верш, услухоўваецца ў верш, уваходзіць з ім у размову ці, больш дакладна, у суразмову: яно адпачатку прысутнічае ў вершы як яго дадзенасць і ўласцівасць.
Зварот магчымы адно ад, якім бы яно ні было, дасягання, і ці не ёсць дарога ў сад для тых, хто ідзе, увядзеннем у яе звароту, настойлівай і пастаяннай дарогай назад? Яны двое: з ім, усё болей падаючыся ў невядомае, з ёю ўсё больш назад? Яны ўзаемаёсць, узаеманалежаць, узаемазалежаць, дарога ў сад вынікае з іхняй узаемаадносіны, знутры іх, яны ёю пакліканыя, і з самага пачатку спалучана з тым супрацьдзеяннем, якое мусіць пераадольваць, каб дзейсніцца. Яе інтэнцыя кіруецца да, інтэнцыя супрацьдзеяння – ад, яно ўласцівасць самой дарогі, без яго, супрацьдзеяння, як бы ні спяшалася, яна застаецца на месцы і пакуль яна застаецца на месцы, свята апынаецца па-за тымі, хто зараз ёю ідзе, яны па-за ім.
Хіба зварот магчымы адно ў пройдзенае?
Той, хто вяртаецца ў пройдзенае, супадае са сваімі слядамі: яны для яго павадыры;
для таго, для каго павадыры зместы, разгортваюцца невядомыя абсягі, на якіх той, хто ідзе, не пакідае слядоў, а згадцы – вядомыя.
Сад зімовы, і, як у сад, у верш усяляецца самота. Словы нечага не знаходзяць і, каб знайсці тое, без чаго адчуваюць сябе пакінутымі, паўтараюцца: паўтарацца – вяртацца назад, у вядомае назад. Аднак яго там не аказваецца, ці, калі аказваецца, то яго адсутнасць. “Мой сад зусім не салаўіны”, – самасведчыцца верш, згадваючы іншую пару і твор іншага творцы: словы, паўтараючыся, выпытваюць у гуку водгук і, не знаходзячы ці знаходзячы не той альбо адно часткова той, што ім суадпавядаў бы, пачынаюць спяваць і жаліцца.
Ужо і яшчэ прыцягваюцца адно да аднаго, не могучы ні адасобіцца, ні супасці;
далёкае і блізкае захопліваюцца адно адным, не могучы ні атаясаміцца, ні разысціся;
і словы, што вымавіліся, збіраюцца ў паўторы, каб, выяўляючы тоесамае зноў, выявіць тое, што вымавіцца не можа.
Рабіна і каліна – асіметрычныя постаці ў садзе.
Але сад цяпер і сам у асіметрыі – у зіме, і ў ёй выяўляе тое, што дагэтуль утойвалася і паспявала, – ягады рабіны і каліны. Гэта дзівосныя дарункі, апошнія, яны не маюць кошту, і ўсё наваколле аддае ім сваю ўвагу і дзівуецца ім, і, пэўна, ён і яна ў сваёй зімовай, а таму таксама асіметрычнай, вандроўцы кіруюцца якраз на іх.
Яны, гэтыя ягады, адрасуюцца ўсім і некаму, і, давяраючы суадносіне зместаў, закладзеных у вершы, мы немінуча прыходзім да здагадкі, важчэйшай за выснову, што ў вершы ўжо вымаўлена імя таго, каму яны адрасаваны ў прыватнасці. Яны адрасаваны “табе” – Алене.
Сад “мой”, а дарункі, у якія ўклаўся сад, – ёй.
У рабіны і каліны з ёю глыбокія і помныя суадносіны, і ў зіму, у якую яна ўваходзіць, яны пара за парою ўвайшлі са свята, на якім былі разам з ёю, а можа, нават адно.
Свята застаецца ў глыбіні, і з глыбіні дарункі.
Той, хто кажа “Мой сад у снезе па калена”, суадносіцца з садам і атаясамляецца з дрэвам, перажываючы стан і становішча, у якім яны (сад і дрэва) знаходзяцца.
Суперажыванне – сама ўласцівасць паэзіі, і здольнасць да суперажывання – сама ўласцівасць паэтычнай творчасці.
Ягады рабіны і каліны – індыкатары надвор’я, у якім апынаецца і ўжо апынуўся сад. У суадносіне з імі Алена гэтаксама індыкатар таго, што адбываецца ў садзе, а ў ім адбываецца нешта, што пакідае яе сам-насам з невядомасцю. Сад “мой”, і Алена больш, чым “мая”, аднак ёй у гэтым маім і холадна, і боязна.
Той, хто атаясамляўся з ёю, і з кім яна атаясамлялася так, што двое былі адно, перастае быць такім і ўжо не абараняе яе ад таго, ад чаго ёй холадна і боязна: ён ад яе адымаецца, і сам пра гэта яшчэ не ведае. (Холадна і боязна адно ёй, ці гэта яна, як індыкатар, улоўлівае змены ў надвор’і, агульным для яго і яе?!.)
Тут, дзе яны апынаюцца, яны апынаюцца ўпершыню, і такімі, якімі ёсць тут, таксама аказваюцца ўпершыню. Ёй холадна ад невядомага холаду і боязна не проста невядомага невядомага, а невядомага, што настае з вядомага і што, настаючы, перастае суадносіца з ёю.
Сад памятае свята, людзі – таксама. Памятаць свята не азначае яго мець і ў ім быць, хутчэй, наадварот, –
не мець і не быць. Той, каму яно памятаецца, ад яго адняты, і – наўзаем – яно аднята ад яго, але аднята так, што застаецца.
Свята святое, яно памятаецца само, і, з-за таго, што яно становіцца адсутным, усё астатняе, да чаго яно мела дачыненне, а яно мела дачыненне да ўсяго, да свету, становіцца самотным – недастатковым і лішнім: у недастатковасці лішак, у лішку недастатковасць, і тое, што мае сябе, апынаецца само і мае сябе ў самоце. Выйсці з яе – выйсці з сябе: сад утойвае выйсце.
У свята свае вымярэнні: адымаючыся – дадаецца, застаючыся ў мінулым – апынаецца ў наступным, стаўшыся ўжо, стаецца яшчэ і, памятаючыся, аб’яўляецца як магчымасць, якую належыць асягнуць.
У свяце пераўзыходзіцца мяжа між унутраным і знадворным, мінулым і наступным, вядомым і невядомым, і двое адно аднаму не двое і не адно, а – сустрэча.
Свята – вядома-невядомая велічыня, усе рухі скіраваны да яго, і ўсе поры часу вядуць да яго, але хіба ў тым, што скіравана да яго і вядзе да яго, яно адсутнічае? Калі б адсутнічала, рухі не ведалі б, куды кіравацца, а поры часу, куды весці, калі б прысутнічала, не мелі б у гэтым патрэбы. Яно адсутнічае сваёй адсутнасцю і прысутнічае сваёй прысутнасцю, і ў завяршальнай пары, дзе яно мусіць знайсціся дарэшты, яго не аказваецца зусім.
Тое – яно не тое, не ёсць, а ё с ц і ц ц а, і, прыналежачы ўсім прыналежнасцю, у якой яны маюць спраўдзіцца, выяўляецца не як дадзенасць, а як вестка, што мае дацца і ўзяцца.
Сваёю, адно ім уласцівай хадою, са свята яны ўваходзяць (уводзяцца) ў неабходнасць. У ёй свой лад – “холадна”, свая ёсціна, якую, каб распазнаць, трэба перажыць.
Усё больш узмацняючыся, набіраючы па ўнутранай шкале дакульмагчымыя адзнакі, нешта ў іх, незалежна ад іх, пярэчыць гэтаму распазнанню і нешта, таксама ад іх незалежна, змушае ісці ва ўсё большую глыб.
У параўнані з іншыі садамі, ці кшталтамі, зімовы сад страчаны, усё тое, чым вызначаліся іншыя кшталты, у яго аднята. Чым вызначаліся іншыя кшталты? Тым, што мелі, і тое, што яны мелі, было “маё”. “Маё” ў зімовага саду аднята, аднята не абы-калі, а ў сваю пару, не раптам, а паступова, не прымусова, а ў згодзе з самою ягонай існасцю: адымалася яно – адымаўся ён, становячыся для “маё” ўсё больш страчаным.
Страчаны, пакінуты ўсімі кшталтамі сад становіцца месцам сустрэчы зместаў.
Распазнаючы і асвойваючы па дарозе ўмовы, што не фармулююцца, а выяўляюцца, ён і яна ідуць у сустрэчу – у страту, што мае ўсё.
Як увайшлі рабіна і каліна, зімовы сад – свята, у якое належыць увайсці.
Каб увайсці ў свята, належыць стацца суадпаведнымі яму, гэта азначае, нешта набыць і ад нечага пазбыцца альбо з нечага выбавіцца. Што набыць і ад чаго пазбыцца? Для таго, хто ўваходзіць у сад, яшчэ не выснаваўся адказ, але пытанне, што мае свой кшталт у вершы, кранае ноту, што азываецца жалем. Магчыма, усё і ўсяго. Адказ мае настаць з самой існасці верша і, магчыма, для іх – для постацяў, што ўселены ў верш – ужо настае.
Пакуль хада доўжыцца, пройдзенае не стаецца пройдзеным дарэшты, яно адсоўваецца, і ўсякі раз апошні след апынаецца перад мяжой.
Той, хто ідзе, вядзе з сабою мяжу, якая не пераступаецца слядамі. Сляды дадаюцца адымаючыся, і мяжа з тым, хто яе вядзе, гуляе ў гульню, правілы якой ён забыў і якія мае згадаць ці нанова вынайсці.
Град “калючы”, ён нарываецца знадворку, стукаецца і “сячэ”, і ключоў ад саду не мае. Схаваныя і захаваныя, яны ў ім самім, пад наглядам (і даглядам) той суадносіны, якой ураўнаважваецца знадворнае і ўнутранае.
Я і маё суадносяцца між сабою, як ягады рабіны і каліны са сваёй квеценню. Адпадаючы (ападаючы), квецень супадае з ягадамі так, што перастае быць: гэта адно і тое ж, уведзенае ў розныя поры.
“Мае” для саду, ягады аднятыя ад яго настолькі, што самі ўжо маюць у сабе ягонае “я”, некалі, магчыма, яно пачне з іх выяўляцца.
Тое, што мае супасці з “я”, мае супасці, сябе не маючы.
Вядомае – “маё”: у ім яно мае і кшталт, і меру, аднак яно мае сябе і ў невядомым і ў ім не мае ні кшталту, ні меры, і таму, што яно (вядомае) ў ім (у невядомым) ёсць, ён і яна ў дарозе.
Той, хто сябе знаходзіць, знаходзіць сябе ў суадпаведных акалічнасцях, і ў тым, што верш выяўляе, паэт знаходзіць сябе, а “я” мае самазнаходжанне. Куды б яно ні змяшчалася, самазнаходжанне ўсякі раз тут і ў вершы распазнаецца і атэстуецца.
Верш распачынаецца адразу, без усялякага ўступу, як адразу правальваюцца ў снег сляды, і завяршаецца – нібы яшчэ намерваецца распачацца. Так, у ім ёсць пачатак і канец, аднак у той ёсціне, з якое ён вынікае, няма ні канца, ні пачатку, а ёсць судакрананне з іншым вымярэннем. Судакрананне з іншым вымярэннем –
карэнне для верша: наколькі ён суадносіцца з ім, настолькі змястоўны – змястоўны сабой.
Што не згадваецца ў вершы і што не аб’яўляе ў ім сваю прысутнасць, дык гэта сонца, яго ў ім няма, яно засталося ў іншых порах. Было б – сам верш загаварыў бы па-другому і сад не маркоціўся б – не афарбоўваўся б у колер змроку. Адно рабіна і каліна ўтрымліваюць яго ў тым, што выспела, захавалася і апынулася тут, – у ягадах, ды яшчэ сніць снег: абудзіцца – растане. Сонца па-за межамі верша і па-за межамі саду, але з садам і з вершам: усе ўтоеныя інтэнцыі скіроўваюцца да яго. Аднойдзецца – адамкнуцца сховы і вернецца свята: ключы ад яго ў яго.
Верш ведае таго, кім вымаўляецца, знутры: у вершы паэт самаатэстуецца. “Зімовая” самаатэстацыя адметная тым, што ў ёй ён адасабляецца ад усіх сваіх усемагчымых набыткаў – кшталтаў, у ёй ён апынаецца не тым, ч ы м ёсць, а тым, ш т о ёсць, і ў ёй, усё яшчэ не адасобіўшыся, а адасабляючыся і ўсё яшчэ застаючыся тым, ч ы м ёсць, падстаўляе сябе небяспецы. Так падставіла б сябе небяспецы дрэва, калі б яно ўвайшло ў “золь і снегапад”, яшчэ не адняўшыся ад свята.
“Табе не хочацца назад?..” Назад – гэта дадому. Зварот памятае дарогу туды, сляды паказваюць, і калі б насампраўдзе яны падаліся назад, Алена была б вядоўцаю – першай.
Дом не проста месца, у якое ўселена пэўная пабудова, а месца, у якое ўселена суадносіна, дзе яны сябе маюць і аднаходзяць. Яны вядуць яе з сабою, і на ранейшым месцы дома ўжо можа не аказацца. Так, ідучы туды, дзе яны яшчэ не былі, яны гэтаксама скіроўваюцца не куды-небудзь, а дадому.
Дом не ў вядомым і не ў невядомым, а ў тым вядомым, што захоўваецца ў невядомым і з яго вынікае. Захоўваецца – ахоўваецца. Зімовы сад – пакінуты дом: пакінутасць усялілася ў яго краявіды, і пакінутасцю ён ахоўваецца. Нішто знадворку не можа ў яго ўвайсці і нішто знутры выйсці. Гэта ахоўная пакінутасць, дагляд, што мае да ўсяго дачыненне.
У з’яве звароту пройдзенае праходзіцца так, што апынаецца вернутым і нанова набытым, і яно апынаецца гэтакім не таму, што хада скіроўваецца назад, а таму, што само пройдзенае не застаецца ззаду. Зварот – хада ў хадзе, і ўсчынаецца адразу: калі асягаецца да, асягаецца і ад, і наколькі асягаецца да, настолькі – ад.
Знадворку зварот вяртае тых, хто ідзе, туды, дзе яны былі, знутры – тым, хто ідзе, вяртае тое, што яны даносяць з сабой і чым выяўляюцца: з’яўляе ім тое, што яны прад’яўляюць. Яны даносяць яшчэ не ўсё і выяўляюцца не зусім, і зварот, адступаючы, вядзе іх далей, а свята застаяцца ў прад’яве.
Невядомая велічыня, якою істотны верш, з’яўляецца невядомай для той вядомасці, якою істотная думка, і думкай не асягаецца.
Думкай чытаюцца сляды, упісаныя ў неруш снегу, сама неруш слядамі не асягаецца, яна наогул не асягаецца якім бы ні было асяганнем, калі асягаецца – перастае быць такой.
Сляды ў дарозе, і думка ў дарозе, яна (яшчэ і ўжо) не самадастатковая, каб стацца самадастатковай, мае выйсці са сваёй вядомасці – стацца вернутай ёсціне.
Вымаўляючыся, верш адпачатку нешта вытлумачвае – вытлумачвае тое, што, не вытлумачанае думкай, не сталася набыткам вядомасці і свядомасці, і вытлумачвае ў меру, у якой спраўджваецца і сам. Парушаная мера выхіляецца ў недахоп і ў лішак – у дадзенасці, што, навідавоку пярэчачы адно аднаму, усякі раз насампраўдзе пярэчаць ёй.
Што да вытлумачэння, якое набывае вагу з увагі да верша, – гэта пост-верш. Яно выводзіць верш з абсягу вымаўленасці і ўводзіць у абсяг, дзе зместы, прысутныя ў ім, распазнаюцца – становяцца набыткам вядомасці і свядомасці.
У вытлумачэнні верш угадвае, чым ён ёсць і становіцца вершам нанова, альбо: само вытлумачэнне, спраўджваючыся, становіцца вершам нанова.
Вытлумачаны верш – прачытаны верш: у ім гук набывае водгук, а словы – змест.
Верш творыцца, суадносячыся з невядомай велічынёю, І, суадносячыся з невядомай велічынёю і вершам, творыцца вытлумачэнне.
Вядомае ніколі не ёсць вядомым дарэшты, і невядомае ніколі дарэшты не ёсць невядомым: у іхняй, адзінай для іх, ёсціне збіраюцца і выспяваюць узаемасупротныя – узаемасуразумныя – чыннікі: у невядомым – вядомае, і невядомае ў вядомым.
У і м ёсць я н а, у ё й – ё н, і таму, суадносячыся адно з адным і з усім, яны здольныя пераўзыходзіць і – пераўзыходзяць – сябе.
У суадносіне прысутнічае зварот.
Тое, што распазнаецца думкай і асвойваецца свядомасцю, становіцца вядомым – вядомым так і настолькі, наколькі і як асвойваецца і распазнаецца.
Вядомае мае кшталты: у ім тое, што ёсць, апынаецца вернутым.
Каб стацца вернутымі, ён і яна падаюцца з вядомага ў невядомае. У ім (невядомым) захоўваецца тое, што іх і сам свет ведае адпачатку, – сваё: яны падаюцца ў пачатак, каб стацца сваімі сабе і свету.
Сваё – першаведа: перш, чым свядомасць пачала распазнаваць і асвойваць свет, сваё ўжо свет мела.
У вершы думка не адасабляецца ад згадкі і гэтай сваёй неадасобленасцю істотная.
Словы ў ім услухоўваюцца ў цішу і ад таго, наколькі ёй паслухмяныя, наколькі суадпаведныя, настолькі ўведваюць вестку. Яны вынікаюць з услухоўвання, з увагі прысутнага да сутнага, і ціша не ёсць адсутнасцю якога б ні было маўлення, а маўленне, у якое належыць услухоўвацца.
Увага – бязмоўная малітва.
У вершы нехта вымаўляе малітву.
Суадносячыся з садам, кшталты адымаюцца і дадаюцца: усе кшталты адразу сад не можа мець і мае ўсякі раз суадпаведны.
Ягады тое апошняе і выніковае, што асягае і мае сад: у іх ён мае свой скарб, сваю сутву, сваё аднойдзенае “я”.
“Вось і усе яго дары”, – гаворыцца ў вершы. Ён сам увесь у гэтых дарах.
 
Лі Хэ (№81)

Пераклад
Леаніда Дранько-Майсюка.
Пра пустэльніка Джао Шэна
Складаная вельмі кухарства навука,
Аднак жа навукай валодае гэтай
Старэйшая жонка – карэнне бамбука
На блясе высмажвае добра нагрэтай.
І жонка сярэдняя з працаю цяжкай
Таксама спраўляецца, не наракае –
Таўчэ яна рыс таўкачом, і, як яшма,
У ступе той рыс калярова іграе.
Зіма на парозе, і Джао Шэн рана
Яловае голле збірае, а сонца
І мох, і кару сагравае платана,
І меле праменне ў крынічных жаронцах.
У працы такой ці ў такой прагулянцы
Стаміцца не дзіва (пустэльнік калі вы!) –
Ён спіць, спачывае ва Ўсходняй альтанцы
Прыгожы, здаровы і вельмі шчаслівы.
Сяньжэнь
Ператварыўшы мур у сяміструнны цынь,
Сяньжэнь – жыхар нябёс і вечны, і высокі –
Пільнуе фенікса і ў ранішнюю стынь
З Паўднёвых гор здзімае ўніз аблокі.
Алень з крыніцы п’е – ідзі і паглядзі…
І паглядзі, як рыба ў моры грае скрыта…
Не вер паэтам – тым, што ў час цара Удзі
Цвіценне персікаў уславілі нібыта.
Уначы сяджу і спяваю
Куды каня начны віхор панёс?
Заходні вецер кінецца ў фіранку…
Дзе Млечны Шлях – там і Вялікі Воз,
І я адна маркочуся да ранку,
І “Думы доўгія”1 пяю, і лёс
Адзіны знае, што пяю для мужа…
Венера свеціцца на ўсходзе дужа;
Світанак набліжаецца, як сцюжа –
Конь шэры майго мілага панёс.
На другі год Джанхэ
Аблокі, вецер і пшаніца…
У Гуаньджуне світак шмат,
Якім ніколі не знасіцца,
А ў Гуаньдуне – акурат
Няма чыноўнікаў, якія
Здзіраюць плату за наймо.
І бык пастаўлены ў ярмо
Араць камлыжыны цяжкія…
Сяляне тут сям’ёй вялікай…
Я сто манет прашу ў казны,
Каб шчыра заплаціць музыкам
За кветкі белыя вясны.
Ці з лесу дзікага, ці з неба
Дух Божы з’явіцца за стол
Паснедаць – вынікла патрэба…
І апушчуся я на дол,
Вымольваючы даўгалецця…
І ў гэты час, як бык арэ,
Сем зорак перакруціць вецер,
Чан Э прыгожая памрэ.
Песня пра лютага тыгра
Убачыўшы тыгрыны ладны след –
Суціш хаду сваю і хваляванне,
На дзіду плюнь і выкінь арбалет,
І болей не хадзі на паляванне.
Бо ён – скала, бо камяніца ён,
Умацаваны спрытам год каторы…
У злосці тыгр, вядома ўсім здавён,
Хвост, нібы сцяг, ускідвае ў прасторы.
І з мора Ўсходняга славуты Хуангун,
Што мог звяроў уціхамірваць сэрцам,
Нясе ў душы спалох, нібы валун –
Баіцца ноччу з тыграм тым сустрэцца!
А нейкі просты чалавек Ню Ай,
За тыдзень не адолеўшы хваробу,
Стаў тыграм і хапіў тут цераз край –
З’еў брата роднага, нібыта антылопу.
І тыгру Беламу, які з травы
Жыве адной, Ню Ай прамовіў крыва:
“Ты меч драўляны, а не баявы…
Ты гром фальшывы, бо грыміш маўкліва…”
Пачуў Канфуцый ля Тайшань-гары
Жаночы плач аб горы-адзіноце:
“Сям’я мая прапала без пары
У пашчы лютай, у ікластым роце!”
Чыноўнікі (о, палахлівы люд!)
Загад улады: “Знішчыць людажэра!” –
Не выканаюць, хоць забіся тут…
Баяцца ж тыгра лютага, халера!
Ад перакладчыка: Лі Хэ (790 – 816) – кітайскі паэт; з трагічнасцю ягонага кароткага жыцця і з празрыстай шчырасцю ягонай творчасці, магчыма, сугучнае беларускае ўяўленне пра лёс. Падрадкоўнікі вершаў і неабходныя для перакладу тлумачэнні падрыхтавала Алена Раманоўская. Я шчыра ўдзячны спадарыні Алене за дапамогу.
 
Даша Бялькевіч (№80)

Кветкі і цыгарэткі
НЕ МУЗЫКА
Я глядзела на свет,
А трэба было глядзець пад ногі,
Каб не спатыкнуцца і не расцягнуць звязкі.
Спачатку прывязкі, пасля перавязкі,
Тынкоўкі-замазкі, адмазкі,
Бязглуздыя казкі...
Зноў маўчыць тэлефон.
Цела – фон.
Для гульні ў сЭксафон.
Гэта проста джаз...
Jazz for pleasure
Jazz for fun
А пасля – ў цэ-ла-фан,
Выкінуць,
І абавязкова сказаць што-небудзь суцяшальнае,
І пажадаць поспехаў.
Дзякую. І Вам – усяго добрага...
А злое – я пакіну сабе
І пастаўлю, як сувенір на палічку.
Спадзяюся,
на іншым інструменце
Вы будзеце меней фальшывіць.
№2
Ці то помста, ці жарт – не ведаю,
Гісторыя паўтараецца.
Лёс, што было тваей мэтаю?
Ці ты хмурышся, ці ўсміхаешся?
Другі шанец, другая спроба –
Памылкі патрэбна выправіць?
Лёс, я прымаю тваю прапанову:
Перапісаць, чорнае выбеліць.
Час з нас смяецца. Неверагодна.
Ільецца жыццё халоднай вадой.
Ты можаш ісці куды заўгодна,
Адкажы: мне ісці за табой?
* * *
Не спявай
Для мяне
Ніколі
Я не буду
Слухаць
Ніколі
Нават без языка
Ты для мяне
Спяваеш
Нават без вушэй
Я цябе
Чую
У маіх снах
На тваіх
Скронях
Попел
Я яго здзьму
Калі будзе
Бой
Я катанай
Стану
Самурай
Пакалечаны
Усходам
КВЕТКІ І ЦЫГАРЭТКІ
зрэзанае сцябло кветкі
пахне смачней за бутон
моц цыгарэткі ў месцы
каля фільтра
трымаешся
за левы бок бо боль
усміхаешся
кветка надламана
зараз пальецца чароўны пах
кашляеш так
што здаецца лёгкія
выскачаць на падлогу
разумееш што
жыццё вучыць цябе
любіць
бутоны жывых кветак
і стоячы на прыпынку
не спяшайся дапальваць
паедзеш на наступным
а лепей хадзі пешкам
МУРАШЫ
Калі ў мяне боль ці сум на душы,
Мяне прыходзяць суцяшаць мурашы.
Яны выпаўзаюць са сваіх хованак,
Танюткія, бурштынна-чырвоныя,
Дакранаюцца вусікамі да маіх пальцаў,
Абдымаюць ледзь бачнымі ножкамі,
Прыносяць травінкі і дробкі,
Водзяць ланцужковыя карагоды,
Становяцца ў клін і шэпчуць:
“Мы пераносім рэчы, у 10 разоў цяжэйшыя за нас,
І ты зможаш стаць цяжкаатлетам.
Мы будзем тваімі трэнерамі,
На алімпіядзе выйграеш золата”.
Мурашы мяне любяць, нягледзячы на тое,
Што я ў дзяцінстве любіла
Смаліць запальнічкай
Іх братоў, якія жылі пад ганкам.
Яны мне кажуць,
Што мае чалавечыя звычкі –
Прыдуманыя, што я – мураш,
Я – крайні правы воін…
Калі ў мяне боль ці сум на душы,
Я ем салодкае
І мурашоў частую.
ПАДАРУНКІ
Што рабіць з падарункамі
Ад мужчыны, які ажаніўся
З іншай жанчынай?
Вяселле, пасля наваселле
Гадавіна шлюбу, дзіця нараджэнне…
А я сяджу на падлозе
І перабіраю падораныя табой рэчы.
Рэчы – сустрэчы.
У рэчах – пустэча,
І без рэчаў – пустэча.
Дык што рабіць з падарункамі?
Выкінуць?
Дык што рабіць з сабою?
Выкінуць?
У цябе свая Вера,
У мяне – свая.
Толькі прашу
Не насі шэры,
Шэры табе не пасуе.
У астатнім у цябе бездакорны густ,
Асабліва на ўпрыгожванні:
На брошкі, музыку, кампліменты
І МУЗ.
ДЗЕЦІ
У дзяцінстве
Я гулялася з палкамі,
Гойсала са скакалкамі,
Марыла стаць русалкаю.
Крычала: “Мама, скінь мячык!”
Мяняла аловак на значак,
Карміла батонам качак.
Я не ведала, што такое адгезія,
Не чытала грэбанае паэзіі,
Лезла на дрэвы, падала, рагатала гарэзліва.
Зараз – дзеці падаюць з дахаў,
Дзецям зрывае дах.
Маленькія кволыя птахі,
Але іх не спыняе страх.
А ты, модны паэт,
П’еш у кафэ свой латэ
Давай, выправі: “латэ”
І запхай у вершы яшчэ болей матаў.
Цябе дзеці чытаюць, паэт.
А ты не спыняеш свой вінегрэт
Са словаў, думак і сказаў.
І не прымаеш абразаў,
Што ты – ну ніякі, паэт.
Дзеці табой хочуць стаць,
Каб выступаць і чытаць.
Толькі зусім не лёс,
Толькі зусім не час.
Ты прыдумляеш радкі:
“Вочы колеру антрацыту”,
Так прыдумай іншую рыфму
Акрамя “хворага суіцыду”.
Ты пішаш свае палёныя вершы
Вось такой даўжыні,
А дзеці падаюць з вышыні,
Дзеці падаюць з вышыні,
Дзеці падаюць,
Дзеці падаюць!
Дзеці!
Дзеці…
 
Віктар Жыбуль (№80)

ПРЫВІТАННЕ!
Нехта вылез з-пад гурбы засохлай лістоты,
схаванай у дуба дуплістага цень.
Прывітанне! Я не ведаю, хто ты,
але добры дзень!
Нехлямяжы, як куча паўзучых вушанак,
абматаны аблезлым, смярдзючым рыззём,
ён бразгоча гірляндаю ржавых бляшанак
і жуе чарназём.
Я на неба гляджу – там гудуць самалёты
і ў далёкія клічуць мяне гарады.
Прывітанне – не ведаю, хто ты,
бывай назаўжды!
3D
Жыццё праходзіла, быццам кіно
ў фармаце 3D; заплывалі акулы
ў пакой кватэры. Было даўно –
так, гэта было ў мінулым.
Даводзілася прачынацца сярод
вады, адчуваючы, як усплывае
наш дом, а праз глей і чарот
едуць насустрач рыбам трамваі.
Сэрцы скакалі, быццам мячы,
якім гулялі на чэмпіянаце
ватэрпалісты – арбітр лічыў
галы, збіваўся, роў: “Не пачынайце!”
Не прачынайцеся! Гэта з-пад
вас выходзяць бурбалкі ў ванне
і выліваецца вадаспад
з дзіркі, пракручанай у экране.
У! – АН! – ФАС!
Залоўлены на бягу аб’ектывам у анфас,
сабака выглядае так, нібыта ўсміхаецца.
Ён сапраўды перапоўнены радасцю
і адчувае болей натхнення,
чым сто паэтаў, разам узятых.
Ён нагадае нам пра той час,
калі паднятыя ўсе шлагбаумы,
быццам рукі, якія галасуюць за
свабоду летуценняў,
свабоду перамяшчэнняў,
свабоду левітацыі і тэлепартацыі,
калі хочацца страляць у неба феерверкам адрэналіну,
выпадкова прабіваючы чужыя парасоны,
імчацца па дарозе, не баючыся ўрэзацца ў плот –
а раптам ён з шакаладу ды з вафляў?
Дванаццацігадовы сабака
пераскоквае праз лінію далягляду
ў промнях захаду.
Вечнае лета.
Вечная маладосць.
І сто паэтаў, разам узятых,
прысвецяць па вершы таму сабаку,
які шырока ўсміхаецца,
ловячы пашчай падкінутую ў неба відэакамеру.
Але калі нават не прысвецяць,
гэта трэба разумець як варыянт нормы:
ненапісанне магічных тэкстаў
ёсць таксама магічны акт.
ЛОГІК У ТУНЭЛІ
Па цёмным тунэлі логік бадзяецца.
Ён хоча знайсці тупік.
А тунэль ніяк не сканчаецца.
Логік змакрэў, на плячы язык.
Не разумее логік
з думкамі цвёрдымі, як свінец:
– Я збіў у кроў усе ногі,
а дзе ж лагічны канец?
Ён далей па тунэлі хістаецца
з надзеяй знайсці фінал,
крэкча, сапе, спатыкаецца
і падае паміж шпал.
То запалкі, то компас, то мапу
ён дастае з кішэні.
– Я пераадолеў шмат этапаў,
а дзе ж лагічнае завяршэнне?
У цёмным тунэлі логік туляецца –
знайсці тупік ён паабяцаў.
А тунэль ніяк не сканчаецца,
бо тунэль сам з сабою злучаецца.
Ну няма тут, няма канца!
Але логік – хлопец упарты надзвычай.
Дзе ж ён, дзе запаветны тупік?
Але што гэта ззаду грукоча, сігналіць, скавыча?
Гэта цягнік!!!
Логік шукаў канец лагічны,
а атрымаў канец трагічны.
Пухам зямелька табе, логік!
Хоць адпачнеш ад доўгай дарогі!
* * *
Доўгія шнары крывыя
цела абшар рассякаюць.
Побач істоты жывыя
крылы свае распускаюць.
Круцяцца восы ды пчолы,
тыцнуцца ў шнары старыя.
Гэта світанак вясёлы!
Гэта вясны эйфарыя!
Доўгія рваныя шнары
быццам намазаны мёдам.
Мухі збіваюцца ў пары –
смокчуць адтуль асалоду.
Доўгія рваныя шнары…
Песня, накрытая хваляй…
Быццам не ў бойцы жаўнеры,
а кулінары іх згатавалі.
* * *
свет пакрыўся дзіўнай абалонкай
мы знутры яе ліжам
не ўяўляючы што там звонку
ці будзе разгон нашым лыжам
ёсць пульсацыя жывых вытокаў
і ў трубаправодах
чуеш нейкі грукат з таго боку
чуеш чыйсьці подых
можа гэта рэвалюцыі прадвесне
можа мы прарвемся
можа абалонка трэсне
як глазура на M&Ms’е
ДЗЯЖУРНЫ
Учора сонечна было на дварэ,
а сёння – пахмурна-хаўтурна.
Хто возьме мяцёлку і хмары ўсе падбярэ?
Хто
сёння
дзяжурны?
Настаўнік крычыць, а я сяджу і маўчу,
чакаючы маланкавых феерверкаў.
Ну, я дзяжурны, але прызнавацца я не хачу.
Мне падабаецца гэты вэрхал.
* * *
Старыя косткі абрастаюць новым мясам.
Старыя пахі абвастраюць нюх і слых.
З пустых галоваў зробім маракасы,
каб з макракосму выгнаць духаў злых.
Саміх сябе спазнаем мы няхутка:
прасцей да зор, чым да сябе, дастаць.
Няўдала ступіш – і памер твайго абутку
набыткам масаў рызыкуе стаць.
КУЛЬТУРНЫЯ ПЛАСТЫ
Культурныя пласты
схаваныя пад намі
углыб на дзве вярсты
гнілымі дыванамі,
парванымі штанамі
са швом замест прарэх,
адкуль, нібы цунамі,
калісьці рваўся грэх.
Тут сківіцы кабыл
між сітам і дзяжою –
іржанне конскіх сіл
змяшалася з іржою.
Пакет з-пад малака,
балон з-пад карбафосу,
пагнутая кірка,
паўшланга ад насосу…
Магільны маскарад
мінулых пакаленняў –
сівы кангламерат
культурных наслаенняў.
Гніе кампост густы –
аж пахі казкі баюць.
Культурныя пласты
пад намі ажываюць.
ФІГВЕДА
Ёсць старая святарная кніга пад назвай Фігведа.
Яна дасць на любое пытанне грунтоўны адказ.
Ты не маеш яе? Папрасі ў сваяка ці суседа
і займі гэтай мудраю кнігай увесь вольны час.
Вось крыніца душэўных даброт, разумовае працы –
замяняе сабой яна тысячы створаных кніг.
І навошта кудысьці імкнуцца, пра штосьці пытацца,
калі фіг яго ведае, фіг яго ведае фіг…
Шмат народу жыццё пражывае паводле Фігведы –
прэпарат з ейных літар святых цыркулюе ў крыві,
а на скуры ад гострых ін’екцый нябачна і следу…
Шмат народу жыве па Фігведзе – і ты пажыві.
Кніга гэтая ўсцешыць, адорыць спакоем і сілай
і ключы падбярэ да старых запаветных замкоў.
І калісь будзе так, як здаўна чалавецтва прасіла:
запануе над намі Фігведы адвечны закон.
АСАБІСТАЯ ПРАСТОРА
– Паночку, а паночку,
у вас такі прыўкрасны шнар на шчацэ!
Нездарма кажуць:
“Шнары мужчыну ўпрыгожваюць!”
– А ў вас, чароўная пані,
так файна глядзяцца цені вакол вачэй!
– Гэта – не цені, мой паночку.
Фінгалы гэта, фінгалы.
– А, добра, пані,
вы з фінгаламі так цудоўна глядзіцеся,
што вам ніякія цені не патрэбныя!
– А ў вас, мой дарагі спадар,
такі мужны чырвоны нос,
ён ідэальна спалучаецца са шнарам на шчацэ!
– А ў вас, мілая мадама,
не стае на сукенцы гузікаў –
гэта выглядае так эратычна,
што Дольчэ ды Габана абзайздросцяцца.
– А вось гэтая прапаленая дзірка на плячы вашага пінжака…
Яна так пасуе да хлебных крошак у вашай барадзе,
мой любы!
– Гэта не проста крошкі.
Гэта наша сённяшняя вячэра, мая пані!
Ласкава запрашаю!
– Ах, паночку, я да глыбіні душы кранутая
вашай шчодрасцю!
– А я проста млею ад вашай прыгажосці,
о яснавяльможная сяньёра!
Вашыя чаравікі так вытанчана прадзіраўлены,
што бачны ўвесь ваш цудоўны педыкюр!
– Гэта не педыкюр, мой саколік,
гэта я нагою ў мазуту ўлезла!
– Ды што вы, што вы, мая ластаўка,
вашыя пазногці пачарнелі як нельга дарэчы –
цалаваў бы і цалаваў!
(Пад гарэлку добра пайшло б!)
А гэты каўтун у валасох –
ён проста надае вам шарму!
Вы такая чароўная, мадам!
– А вы… Вы проста рыцар маёй мары!
– А як вы думаеце, шаноўная пані,
чаму ўсе гэтыя пасажыры
паадыходзілі ад нас на пяць крокаў
і неяк дзіўна паадварочваліся?
Насы пазаціскалі ды паадварочваліся?
– А гэта, мой даражэнькі,
таму што яны, як у гэтай,
як яе там, Амерыцы
паважаюць нашае права
на асабістую прастору!
Да таго ж, яны бачаць,
што мы адно аднаму сімпатызуем
і хочуць пакінуць нас тэт-а-тэт.
– Якія ж прыемныя, выхаваныя паны і паненкі!
– О так, мой анёльчык, так!..
THE URBAN GIRL
Крочыць дзяўчынка і ліжа марозіва,
а на марозіве дым асядае,
дым ад гарэння прадуктаў гніення,
дым ад гніення прадуктаў гарэння,
дым ад прадуктаў завода хімічнага,
што за калючым дротам хаваецца,
міма якога праходзіць дзяўчынка,
крочыць і ліжа, і ліжа марозіва.
Сонейка свеціць. Асфальт распаляецца.
Па-над дзяўчынкаю пыхкаюць коміны.
Пыхкаюць трубы завода хімічнага
разам з заводам пластмасавых вырабаў,
аўтамабільным, рысорным і трактарным,
вінна-гарэлачным і радыятарным.
Попел і пыл вывяргаюцца з комінаў,
круцяцца, лётаюць па-над дзяўчынкаю
і асядаюць ёй на марозіва.
Толькі дзяўчынку гэта не торгае,
толькі дзяўчынка ідзе, усміхаецца,
дрэвам і птушкам падміргвае вочкамі
і па-ранейшаму ліжа марозіва.
Вось адрываецца кропля марозіва
і на каленца дзявочае падае.
“Ну дык нічога, адмыюся ў возеры”, –
кажа дзяўчынка і ліжа марозіва.
Ну дык нічога, што возера бруднае,
доўгімі трубамі злучана з нафтавым
складам і станцыяй тэхабслугоўвання,
смеццеправодам і каналізацыяй.
Неяк чатыры сяброўкі вясковыя
ў госці да гэтай дзяўчынкі прыехалі,
трошкі паветрам сталічным падыхалі –
і апынуліся ў рэанімацыі.
Ды не такая дзяўчынка з марозівам –
тут яе дом, тут яна нарадзілася
і да прагрэсу тэхнічнага звыклася –
дзеўкі вясковыя хай абзайздросцяцца!
Крочыць дзяўчынка сваёю дарогаю,
крочыць, у мары свае акунутая
і не звяртае ўвагу на дробязі,
а інтэнсіўна ліжа марозіва.
Ліжа і смокча прагнымі вуснамі
і апантана кавалкі адкусвае –
так паглынае шалёна марозіва,
што забываецца нават на возера.
Ліжа яна і нарэшце далізвае,
палачку з фанцікам кідае ў сметніцу,
крочыць у скверык, вітаецца з хлопцамі.
Тыя ўручаюць ёй новую порцыю.
УСЁ АДНОСНА
усё адно – усё адносна
усё адносна ўсё адно
адносна ўсё наўпрост і ўскосна
ці з дна яно йдзе ці на дно
адносна ўсё ўсяго адносна
усё адносна да ўсяго
што невыносна і выносна
уключна з вынасам мазгоў
усё адносна ўсё адносна
усё паспее нас дастаць
і нават тое што дзівосна
адносным хутка можа стаць
усё ў самім табе адносна
ад носа і да самых пят
і зычны гук і гук галосны
што вырабляе млосна-посна
твой гаварыльны апарат
ЖРЭЦ ПРАФІЛАКТЫЧНЫХ МЕР
З мяне звісае аўтамат,
а ты стаіш на ўскрайку ямы.
Цябе ў жыцці маім зашмат,
мяне ў тваім – таксама.
Мы выйшлі разам пагуляць,
хоць ты і маеш нешта супраць.
Што ж, расстраляць – дык расстраляць,
а мне за гэта хлеб пацукраць.
У барацьбе за Еднасць Сфер
рука мая грубее.
Я – жрэц прафілактычных мер –
на страх усім плебеям.
Ты чуеш: я ўжываю мат
праз кожнае другое слова.
Цябе ў жыцці маім зашмат.
Дык я заб’ю цябе. Часова.
КАМПЕНСАТОРЫКА
Што толькі дактары ні лечаць:
раўняюць ногі, карэктуюць твар…
Камусьці прышываюць галаву на плечы –
за нервам нерв, за капілярам капіляр.
Але камусьці ж і не прышываюць –
што ж, не ўва ўсіх знаёмы ёсць хірург.
Вось так яны жыццё і пражываюць –
без галавы, затое з сілай ног і рук.
Іх песні з прагаю маторнаю
гучаць зусім не праз раты.
Магчымасці кампенсаторныя
спрыяюць запаўненню пустаты.
* * *
Памёр добры чалавек.
Сёння – пахаванне.
А я сяджу і думаю:
ісці туды, альбо не йсці?
З аднаго боку,
я вельмі паважаў нябожчыка,
а з другога боку –
мне дасюль не верыцца,
што ён памёр.
Вось жыў, жыў – і хоба!..
Не, такога не можа быць!
Якое пахаванне, вы што?!
Лепей я заўтра запрашу яго
на каву.
* * *
Я ўзброіўся падзорнаю трубой
для назірання за самім сабой.
Ды, сутыкнуўшыся з сабою лоб у лоб,
я зразумеў: патрэбны мікраскоп!
* * *
Піянеры роўна, правільна
сталі дружнай грамадой
у чарзе ў басейнік плавальны
за дзядулем з барадой.
Той дзядок – асоба значная:
кажа ўсім, што ветэран,
ды пры тым – увесь накачаны
і гатовы на таран.
Быў знаёмы нават з Леніным,
дзесьці з кімсьці ваяваў,
пакаленні з пакаленнямі
палітычна падкаваў.
Дзед блішчыць узнагародамі:
тут і зоркі, і крыжы.
Медалі ўсе са штрыхкодамі,
бо, напэўна, з-за мяжы.
Піянеры ж не адчэпяцца:
– Раскажыце нам пра Марс!
І з ягоных словаў лепіцца
дзён мінулых трагіфарс.
Але вось чарга сканчаецца,
прастаяўшы тры гады.
Піянеры раздзяваюцца,
падыходзяць да вады.
Тапкі кінуўшы пад лаваю,
прыклад дзед усім падаў:
ён нырнуў…
…І толькі плавала
па паверхні барада.
* * *
Мы верым: прамільгне стагоддзяў пяць –
і час нарэшце прыйдзе новы,
калі на вуліцах зазіхацяць
Антыдзяржаўныя Ўстановы.
Мы заваюем сінь і гарызонт,
адкінем прэч усё, што нам абрыдла,
і злучацца ў адзіны дружны фронт
Інтэлігенцыя і Быдла.
Мінуць чароўныя стагоддзяў пяць –
мы Плён Эпохі выльем у жалезе.
Не застанецца нам чаго здзяйсняць –
і будзем марыць колькі ўлезе.
ІГРУША
“Чалавек паходзіць ад малпы”, –
прыгадваць я Дарвіна мушу,
калі караскаюся не на Альпы,
а на сваю старую грушу.
Альпінізм не выходзячы з саду –
пілаванне старога сучча.
Рукі, ногі, піла – вось і ўсе прылады.
Унізе – двор, хлеў і будка сучая.
А груша з мяне смяецца,
трасучыся кожнай галінай.
Квецень белая вось-вось сарвецца
і абрынецца снежнай лавінай.
ПАДМУРКІ МАРНЫХ НАДЗЕЙ
…Можна ў пошуках сэнсу жыцця
ператрэсці ўсе антрэсолі –
недзе знойдзеш скамечаны сцяг
палінялы, паедзены моллю.
Сцяг дзяржавы няіснай даўно,
эфемернай, як шар надзіманы,
прамільгнулай у нейкім кіно,
ды і тое недаздыманым.
Ёй ужо не паўстаць з руін
на Падмурку Марных Надзей.
Колькі ў свеце такіх краін?
Верагодна, больш, чым людзей.
ЛУСКА
Бывае так, што і рыбам
калісьці надакучвае вада
і ўзнікае жаданне стаць птушкамі
ды ўзляцець высока ў нябёсы.
Але для гэтага неабходна
набыць новую вышэйшую адукацыю
ці, прынамсі, закончыць
спецыяльныя курсы –
вядома ж, платныя
і, мала таго, вельмі дарагія.
А якія грошы ў простых рыб?
Хіба што круглыя лускавінкі,
што могуць зіхацець на сонцы,
быццам срэбныя й залатыя манеты.
Магчыма, яны зведаюць інфляцыю
і іх не хопіць на здзяйсненне мары…
Але што яшчэ застаецца рабіць
гаротным недарыбам-недаптушкам,
калі страчваць няма чаго,
акрамя ўласнай лускі?
ЛІШНІЯ
Замітусіліся лішнія людзі:
нешта няладнае ў іх каралеўстве –
лішніх вакол назбіралася рэчаў
шмат, і за імі нічога не бачна.
Лішняя мэбля, посуд, анучы…
Лішнія стосы, звалкі ды кучы…
Вольнага месца не засталося,
у трэцяга лішняга каб пагуляцца.
Хочаш спакою – спакою не будзе:
знекуль даносяцца лішнія гукі,
і нават лішніх рук не хапае,
пазатыркаць каб лішнія вушы.
Лішнія ногі нясуцца імкліва,
каб уцячы, а куды – невядома.
Ног тых так многа паадрастала,
што немагчыма імі спыніцца.
Шпарка мільгаюць лішнія рухі.
Страшна хадзіць сярод іх – заблукаеш.
Дзіва, што маючы лішнія вочы,
лішнія рухі ўсе не адсочыш.
Лішнія думкі мазгі распіраюць –
ажно сціскаюцца лішнія зубы.
Лішнія мары ды летуценні
дзіка даводзяць да галюцынацый.
Вось бы напружыць лішнія рукі,
павырываць імі лішнія ногі!
Мабыць, пасля такой працэдуры
лішнія рукі і самі адсохнуць!
Лішнія людзі такога не зробяць:
гэта для іх – як самазнішчэнне.
Горш за ўсё лішняе прыкра і страшна
страціць сваю відавую адметнасць.
Лішніх людзей развялося залішне,
як і належыць у лішнім грамадстве.
Але цяпер уявіце, што будзе,
калі туды трапіць нехта нялішні?
* * *
Мы дыфірамбы ўласным траўмам
пяем – вось так наш дух жыве.
Усе мы стукнутыя шлагбаумам
па галаве.
Аматары высокай хуткасці,
мы тармазім занадта позна.
Напэўна, праўда – не ў адсутнасці
маны, але ў страсенні мозгу.
Я ЧУЮ ГУКІ НІ ПРА ШТО
Я чую гукі ні пра што,
хоць марыў жыць паразнастайней.
Я – нібы конь у паліто
перад зачыненаю стайняй.
Я чую гукі ні пра што –
здаюцца словы ўсе пустымі.
Бы пад магільнаю плітой
жывое сэрца гасне-стыне.
Я чую гукі ні пра што,
ад іх хаваюся ў зацішак.
Гуляць не хочацца ў лато
са згубленай паловай фішак!
Я чую гукі ні пра што –
усё вакол занадта проста.
Хоць мог бы жыць і на ўсе сто –
жыву на мінус дзевяноста.
Я чую гукі ні пра што,
у кожным гуку – недарэчнасць.
Чаму ж такая некаштоў-
ная мая дарога ў вечнасць?
Не едуць па шашы аўто,
у лесе вымерлі маньякі.
Я! Чую! Гукі! Ні! Пра! Што!
А вы не чуеце ніякіх…
 
Уладзімер Арлоў (№80)

Паэтычны фэст у Друскеніках
Балада
твой арганізм атручаны паэзіяй
яе падаюць на сняданак
у каве з аўтамата
ў яечні з беконам
у зялёнай і чорнай гарбаце
чорная рыфмуецца з турмой
чытаеш верш
Ліст начальніку турмы
на экране пераклад
літоўская і англійская
нехта з вязняў у 1937-м
надрапаў на тынку
РАДЗІМА
так і засталося
начальнік загадаў не зафарбоўваць
радзіму трэба любіць
паўсюль
што зала ведае пра 37-мы?
што ты ведаеш пра 37-мы?
ведаў твой дзед
калі-небудзь раскажа
паэтка з Брытанскіх выспаў:
ці мог ваш начальнік чытаць Уайлда?
у прыватнасці Баладу Рэдынгскай турмы
паэт з Венесуэлы таксама нязгодны
ведае чалавека які з дзяцінства
марыў стаць начальнікам турмы
стаў ім
мары здзяйсняюцца
ці мог ён чытаць Уайлда?
адказ станоўчы
адзін слухач упэўнены што ты сядзеў
другі сядзеў сам
запрашае выпіць
самагон грэе лепей за чытацкую любоў
апрача таго дэзінфекцыя
твой арганізм атручаны паэзіяй
на абедзе яна ў начынцы цэпелінаў
пачынаеш разумець
чаму бульбяныя клёцкі
названыя ў гонар лятальных апаратаў
кухары служылі па сумяшчальніцтве
прыдворнымі паэтамі
або наадварот
або лёталі на цэпелінах
бразнуліся аб глебу
смачна есці!
на календары 8 кастрычніка 2015-га
Стакгольм не падвёў
Нобель у Святланы Алексіевіч!
літоўскі паэт віншуе:
цяпер Літве не дадуць ніколі
там ведаюць геаграфію
абдымае за плечы латышку і эстонку:
вам таксама не свеціць
расслабцеся
харвацкі паэт
расслабляецца роднай слівовіцай
частуе цябе з японкай
ім Нобеля ўжо давалі
думаеце дапамагло?
японская паэтка
аддае перавагу сакэ
просіць напісаць “Алексіевіч” па-беларуску
Харукі Муракамі
ішоў у букмекераў на другім месцы
японка не чула
просіш напісаць Муракамі па-японску
паводле Нобелеўскага камітэта
сёння дзень прозы
але
твой арганізм атручаны паэзіяй
яна ў свіных вушках з лісічкамі
у вегетарыянскіх стравах
у неразбаўленым таматным соку
слівовіца стала ўспамінам
гомеапатычныя дозы самагону
могуць давесці да шпіталізацыі
няхай жыве беларускі бальзам!
цудоўны антыдот
колер нечай нобелеўскай зайздрасці
жуе Беларусь!
не сумуй літоўскі калега
вам калі-небудзь таксама дадуць
але спачатку зноў нам
вось пабачыце
чытаеш верш
Дзяўчына з касой
вакзал заплечнік з флікерам
лязо туга забінтаванае
пакуль што прыехала не да цябе
яшчэ ёсць прывідныя шанцы
адна слухачка
хацела б прыехаць да цябе
ты зможаш сустрэць?
калі захопіць касу-літоўку
выдатная рыфма:
літоўка – літоўка
не верыце – калі ласка ў Google
польскі паэт кажа
тут побач пахаваны Ян Чачот
едзеце на могілкі
выпіваеце за Яна Чачота
звоніць твой сотавы
гэта Чачот кажаш ты
той хто набраў нумар маўчыць
просіш яго паслаць sms
улучаеце Чачота
ў спіс удзельнікаў фэсту
спрабуеце ўзгадаць на памяць
хоць адзін яго верш
няхай жыве сусветнае брацтва паэтаў!
на тым і на гэтым свеце
у тым і гэтым сусвеце
ах якія рымфы!
ну проста як німфы
удакладняеш:
брацтва і сястрынства
паэтаў і паэтак
харват частуе японскую паэтку
падступна прыхаванай слівовіцай
іспанскі паэт удзельнічае ў дэгустацыі
падымае вялікі палец угору
хоча зрабіць японцы прыемнае
кажа: сакэ – mierda1
спрабуе адабраць у вавёркі арэх
трэба закусіць
зараз ягоны выхад
іспанскі паэт чытае верш
пра іспанскі горад Барселону
іспанскага дойліда Антоніо Гаўдзі
іспанскага мастака Хуана Міро
адзін слухач не вытрымлівае:
Cataluña is not Spain!2
гэты слухач не ты
але ты пляскаеш
зала таксама
верша ўжо не чуваць
бурныя працяглыя апладысменты
Cataluña is not Spain!
цвёрдым крокам падымаешся на сцэну
чытаеш верш
Музей гадзіннікаў у Браціславе
урэшце ўсе мы ператворымся
ў дасканалыя часткі
сусветнага пясочнага гадзінніка
на экране пераклад
літоўская і англійская
mierda кажа іспанскі паэт
відавочна пра пераклад
польскі паэт чытае верш які
ты перакладаў на беларускую:
не маеш дому
ёсць побач горад
засохне дрэва
застанецца лес
канае чалавек
перакульваецца свет
на даляглядзе перакульваецца
невядомы паэт з невядомай краіны
свет не канае
паэт таксама жывучы
японская паэтка чытае верш
паводле якога
нікому нельга верыць
ні манархістам
ні сепаратыстам
ні камуністам
ні хрысціянам
ні дзэн-будыстам
ні ёй самой
харвацкі паэт кажа
пасля ўчорашняга – святая праўда
харвацкі паэт чытае верш
у якога толькі назва
назва Цішыня
далей таксама цішыня
на чыстым экране імёны перакладчыкаў
літоўская і англійская
геніяльныя рыфмы
найлепшыя пераклады
твой арганізм атручаны паэзіяй
да самых карэньчыкаў валасоў
добра шведскаму паэту
ён лысы
ды яшчэ прадбачліва не прыехаў
глядзіць з фоткі на праграмцы
дзякуй за Алексіевіч!
літоўскі паэт чытае верш пра магаў
знайшлі ў смеццевым кантэйнеры
мёртвае немаўля ў пластыкавым пакеце
не паднеслі яму дароў
не пахавалі
каб не мець праблемаў з паліцыяй
пакінулі пакутаваць за нашыя грахі
трэба выпіць бо
твой арганізм атручаны паэзіяй
стаіш з біклажкай у руках
з біклажкай дзе скончыўся антыдот
трэба ісці ў нумар на запраўку
украінскі паэт чытае верш
як стаіш з квітком у руках
з квітком на цягнік які сышоў
крычыш у сцяну
а яна – нічога нармальна – слухае
а на ёй нейкія бурыя плямы
быццам тут
ну самі разумееце
двое слухачоў уздымаюць
жоўта-блакітны сцяг
трэці выгуквае:
слава бандэраўцам!
чытаеш верш
Я марыў стаць патолагаанатамам
мара здзейснілася
але не ў цябе
адна слухачка кажа
яе званітавала ў пакецік
чытайце такія вершы ў трупярнях!
другая слухачка гатовая да знаёмства
пакуль без скальпеля
можна глыбей
для анестэзіі
цёмны як кроў патолагаанатама
беларускі бальзам
у развітальнай вечарыне
калі верыць праграмцы
бяруць удзел
William Shakespeare
T.S. Eliot
Robert Frost
Walt Whitman
Rudyard Kipling
John Milton
Dante
and нейкія Others3
даехалі не ўсе
аднак сэр Кіплінг
ужо рытмічна пагойдваецца
з ім рыфмуецца Ўітмэн
Эліёт спрытна зафіксаваўся
эпіграфам да барнае стойкі
але дзе – ты пытаешся
гендэрны баланс?
нельга было запрасіць Сапфо?
або Габрыэлу Містраль
або Віславу Шымборску
ці рызыкнуць нават
Эльфрыду Елінэк
аднаўляеш баланс на пустэльнай набярэжнай
літоўская паэтка чытае толькі табе
верш – пра поўню
на небе няма перакладу
калі не лічыць самой поўні
у рацэ таксама поўня
гэта пераклад на беларускую
перакладчык вядомы
запомні
жорстка кажаш ты
гэтая рака называецца Нёман
запомні
ласкава кажа літоўская паэтка
гэтая рака называецца Нямунас
іначай нічога не будзе
у самы напружаны момант
у зарасніках глогу
крычыць начная птушка
гэта паэт з Егіпта
remember
кажаш ты паэту з Егіпта
this river is called the Nioman4
baćka Nioman
baćka!
радасна галёкае паэт з Егіпта
are you from Belarus!?5
вечар атрымаўся
дастаеш біклажку
ты: belarusian liqueur!6
паэт з Егіпта: is it alcohol?7
ты: no it isn’t8
вы бачылі як п’юць
асмяглыя жыхары Сахары?
паэт з Егіпта:
no! it isn’t alcohol!9
залазіць на лавачку пад залатым клёнам
дэкламуе верш
тваёй англійскай не хапае
літоўская паэтка перакладае
верш як сфінкс ацэньвае
новую геапалітычную сітуацыю
ў Паўночнай Афрыцы
над Нёманам выбухае феерверк
паэт з Егіпта ацэньвае сітуацыю імгненна
падае пластуе за клён
нічога смешнага
брат загінуў у рэвалюцыю
Алах акбар!
кавярня атручаная паэзіяй
Мілтан дрэмле ў абдымках маладога прыхільніка
Эліёт захапіў месца бармэна
латышская паэтка аддаецца ўспамінам
даўні фэст у Ашгабадзе
святкавалі з беларусамі Ліго
па-вашаму Купалле
скакалі ў гатэлі
цераз паваленыя таршэры
напісала пра гэта верш
пасля глытка бальзаму павінна ўспомніць
ідзеце шукаць таршэры
у парку гусцее атручаны паэзіяй туман
латышская паэтка чытае пад ліхтаром
верш – пра таршэры
сярод слухачоў можна заўважыць
трох паліцэйскіх
адзін тлумачыць:
у парку не растуць таршэры
А вы що Карл Леней?
нечакана пытаецца паэт з Украіны
паваліць слуп з ліхтаром доўга не ўдаецца
паэтычныя чытанні
працягваюцца ў паліцэйскім участку
ты цалкам гатовы даваць паказанні
yes
твой арганізм атручаны паэзіяй
паэт з Егіпта ўдакладняе:
it isn’t alcohol!
паліцэйскі сумняецца
краіна пражывання?
ты (урачыста):
Magnus Dukatus Poesis!10
паліцэйскі (задуменна):
зараз прыедзе Вергіліюс
ты (ветліва):
няхай захопіць Гарацыюса з Катуласам
і Шэкспіраса
з’яўляецца Вергіліюс
вядзе Уітмэна і Эліёта
Шэкспірас ідзе сам
бярэ мышку ад кампутара
пачынае ўпэўнена дэкламаваць у яе
чамусьці па-літоўску
радкі знаёмыя
ты перакладаў іх на беларускую:
ну вось і ўсё… цяпер ужо капец
на небе поўня
думкі што адбой праз хвілю…
Вергіліюс: яшчэ адзін пратакол!
адбіраеш у Шэкспіраса мышку
падносіш да вуснаў
ты хочаш зрабіць палітычную заяву
цішыня не запаноўвае
прашу паэтычнага прытулку!
нетэатральна падаеш
з галавой накрываешся праграмкай
бачыш як ва ўчастак
з баявой харугваю фэсту
урываюцца
Дантэ з Хаданавічусам
Муракамі з сакэ і сакурай
венесуэльскі паэт з калашнікавым
and оthers
дзесьці за сцэнай
Бон Джові спявае песню
на твой даўні верш
it’s all the same
only the names have changed11…
1 лайно (ісп.)
2 Каталонія – не Іспанія! (англ.)
3 ды іншыя (англ.)
4 запомні: гэтая рака завецца Нёман (англ.)
5 вы з Беларусі!? (англ.)
6 тут – беларускі бальзам! (англ.)
7 гэта алкаголь? (англ.)
8 не (англ.)
9 не! гэта не алкаголь! (англ.)
10 Вялікае Княства Паэзіі (лац.)
11 усё па-ранейшаму
толькі імёны змяніліся (англ.)
 
Віталь Рыжкоў (№79)

Анклаў
(95 bpm)
Унутраны горад –
як верш з адзінай метафарай: пляскаты й просты.
Па ім у імжы вострай
лёгка прайсці ад мяжы да мяжы – абы было з кім.
Яго архітэктар сам, відаць, і не думаў, як тут будзе жыць:
ён ставіў мост у разліку, што рака сама прабяжыць пад мостам.
У самым цэнтры – каменная постаць,
як костка ў горле горада,
і раз на год з гонарам,
альбо без гонару,
тут праводзяць парады паразаў
і перамог.
Бывала дзіўна й сорамна,
калі падчас правядзення іх мог прысутнічаць хтосьці –
зазвычай на іх адзінока маршыруюць коскі
і вельмі рэдка бываюць госці.
Сумна й бязлюдна на цэнтральнай плошчы,
пад якой, невядома навошта,
па трубе цячэ памяць падземнай ракой.
Архітэктар так і не здолеў прыдумаць, што рабіць з ёй.
Для выпадковых людзей без імён –
квартал з ільготным жытлом,
тут рыпяць старыя арэлі з ветрам ва ўнісон,
і хіліць у сон:
стваральнік працаваў тут у сезон дажджоў, і ён
зрабіў спальным гэты раён.
На сцяне надпісы неразборлівым почыркам,
і на гэтыя вуліцы збочваць зусім не хочацца,
бо невядома, чыя тут вотчына.
Тут гарэлі будынкі, і пад заваламі яшчэ нехта варочаецца,
хай ідзе туды хто заўгодна, апроч мяне, я проста заплюшчу вочы
і пачакаю, пакуль усё скончыцца. Я невідочны.
Няўжо гэта сюды мы крочылі? Эй, давай паварочваем
і проста пакінем ноч над імі. Можа, і будзе тут іначай аднойчы,
але пакуль занадта змрочна – давай пройдземся моўчкі.
Хадзем далей
уздоўж цяністых алей,
дзе гнёзды звілі сівыя Сівілы
і з усёй сілы
ўслухоўваюцца ў цішыню,
але нічога не чуюць і дасылаюць жыхарам начныя жахі з ню,
якія я, дарэчы, таксама сню.
Ведаеш, часам тут не так ужо й змрочна, часам тут нават больш ці менш.
Ёсць правіла, якое, як жыццё, не зменіш,
калі падсвядома для існавання ты абярэш
месца, дзе павольней за ўсё пастарэеш, а можа і не памрэш.
Аднойчы я пасялюся ў верш.
У самым цэнтры каналізацыйны сток, куды ўвесь час нетаропка
ўслед за паводкай, сцякае горад, увесь анклаў, з дарогамі і высоткамі,
з насельнікамі і архітэктарам-недаробкам,
каб зрабіцца ўсім, што навокал,
і аднойчы ператварыцца ў кропку.
Дзевяностыя
(85 bpm)
Выносім транспарт: на мясцовасці зноўку арэлі,
і трэ разруліць з варожаю бандай чарговыя каніцелі,
бо паводле ўсіх паняткаў яны паводзяцца па беспрадзеле,
яны ўвогуле абарзелі! Ствалы пры целе – і мы паляцелі.
Ну, дык што за праблемы, непаважаныя пасажыры?
Вашых дзёрзкіх старэйшых пад хатнія пасадзілі
яшчэ з мінулай сутычкі, калі за нашыя гаражы вы
заходзілі, і няясна, чужыя, што вы там зноўку забылі!?
Эй, хто цяпер тут з вас за галоўнага па тэрыторыі,
адказвай нармальна, чаго ты гэтак затараторыў-та?
Ты не бачыў гора? Дык табе будзе гора!
Калі штосьці няясна, яшчэ раз усё абазначым, паўторым.
Таму што вось я – а хто такі ўвогуле ён?!
Як чэмпіён, павырашаўшы пытанні, нібы цунамі,
думаеш з понтам зарвацца назад да сябе на раён,
каб за справы зацерці з мясцовымі пацанамі –
тыпу, што ў вас, братва, на раёне-та новага?
Бачылі, які побач у нас увогуле дзеецца цырк?
Але аблом – у спіцах чатырохкалёснага ровара,
як на зло, заблыталіся дзьмухаўцы.
Міма
(95 bpm)
У дваццаць – ты ўвесь такі апупенны, моцны духам, унутраны стрыжань,
у трыццаць – вопыт з душком, балотная жыжа, пупковая грыжа.
Сябры абіралі твой бок, каб проста пасля перабегчы на іншы,
цяпер усе ў курсе навокал, хто тут з усіх «самы рыжы».
Нібыта й сам ва ўсім вінаваты – клубок не разблытаць да гэтай пары.
Я ведаю: ўсім насамрэч глыбока пляваць на гэта з гары.
І самому напраўду абрыд увесь гэты крык і адвечны надрыў –
і полымем сінім усё б гары, але Фенікс паліць сябе знутры.
А што тут у вас? Гэтак жа душна ад крывадушша – патрэбны «кандзёр»?
А я тут у белым увесь стаю – ні даць ні ўзяць, Д’артаньян, мушкецёр.
Ціпа мацёры паэт, здатны хіба на такое ныццё
і псеўдаінтэлектуальны гон – толькі пад прыкрыццём.
Я спрабую прагнаць гэты мозгу ацёк, на мараў адзёр
перахварэў, зразумеў: тут вайна, бяры што хацеў ды ўцякай, марадзёр.
Ад плётак і цёрак уцёк… Азірнуўся, а тут не зямное жыццё –
гэта я ў пекле і я пераблытаў кацёл.
Але не будзе «рэспаўну» – будуць адно зруйнаваныя планы
спраўна мазгі раз’ядаць і плаўна будуць выкручваць страўнік.
Жыццё ты праспаў і вось прачнуўся ў гэтую аднастайнасць,
удача была, але ты не ў стане быў расшпіліць ёй станік.
Але я нармальна, мама, няма аніякіх ваганняў у зданяў,
мішн кампліт, віншаванні, ты з поспехам праваліў заданне.
Чорт тады з вамі! І што б вам там пасля пра мяне ні казалі,
я проста тут канспектую жыццё – бог прымае экзамен.
Стратасфера
(80 bpm)
Не чалавек, а той самы трыснёг –у нязграбным скафандры самога сябе,
нібы васьміног, які па сабе пакінуў атрамант і збег,
прычым – у тыя глухія куты сусвету, дзе між усім і нічым
проста ляці і маўчы, бо немагчыма абраць толькі адну з прычын
гэтых уцёкаў праз перагрузкі тым, кім ты насамрэч не ёсць,
куды да бацькоў цябе бусел прынёс і дзе надалей, да жалю, не лёс.
І вось ад цэнтру светабудовы, наўпрост да нары кратовай –
усё гатова, паказнікі ў норме, давай нырца праз яе наскрозь!
Ад лепразорыю вернікаў –
назад праз зоры да церняў.
Туды, дзе новае сонца –
загляне ў нашу бясконцасць.
Са стратай веры – праз стратасферу,
значна вышэй, чым ляціць душа,
і вышэй за паветраны шар,
у які ты калісьці наіўна паверыў, лашара!
Праз цемру й пустэчу этэру, праз неразуменне і нервы,
і звальваць напэўна раней было трэба – ты, грэбаны геній,
рэчы пакуй! Пакуль, родны кут, пакуль, не дом і не вуліца!
З дапушчальнай вагі толькі некалькі унцыяў – на абяцанні вярнуцца.
Але з іншага боку, калі заняцца
самым простым аналізам,
усе каго мы так прасілі застацца,
ніводнага разу яшчэ не вярталіся.
Магчыма, яны і ляцяць назад
у гэтых сваіх герметычных капсулах,
але хто б там з іх нам што ні казаў,
яны ніколі яшчэ не вярталіся.
* * *
Пабудзь з сабою колькі гадзін,
уключы музыку і паглядзі,
як рассоўвае хмары напалоханы маладзік.
(«Калі ласка, сыдзі».)
Згадай пра тое, што я тады сказаў,
і як паўза павісала.
Проста – не паласа.
(«Сыдзі, калі ласка, сам».)
Так бывае – часова знікае азарт,
але не знікае ўсё, што па-за
(«Я прашу: сыдзі...)
па-за гэтым усім, дзе ніхто не адзін,
проста дыханне перавядзі.
(...і не вяртайся назад».)
Калыханка
(120 bpm)
Калісьці даўно – год з восем таму будзе, напэўна, –
са мной былі людзі, якія ў мяне верылі.
Калі не ў мяне, дык прынамсі ў маю пісаніну:
прасілі стварыць калыханкі дачцэ і сыну.
Прасілі нетэрмінова, але – ці асілю замову?
Заўсёды бракуе словаў так нясвоечасова.
Маўляў, ты, як Ванга ці Сціві Ўандэр, пішы ўсляпую!
А ў мяне дагэтуль – ні «баю-баю» ні «люлі-люлі».
Жыццё мне робіць знакі – і яны не мяккія.
Паэт я невялікі – такі сабе Нязнайка.
Мне Горад Сонца нават і не бачна з гэтай ямкі,
дык што чакаць на «дзякуй» ад гэтай п’янай п’яўкі?
Сябе назіраю звонку – «нон-фікшн» у «слоў-моўшане».
Такое ўсё няважнае – у прынцыпе як і ў кожнага.
Гаманец спустошаны, узрост патрабуе большага…
Так, шчасце – не ў грошах. І таму – трывожнае.
На сустрэчы выпускнікоў шоу праблемаў жыцця:
хтосьці сківіцы сцяў, хтосьці белы ўздымае сцяг…
Вядома, пад свой трыццон мы думаем пра працяг –
Дзімон адпусціў «мамон», у Іры расце дзіця.
Гульня святла
(94 bpm)
Тут затока святла. Тут у пыльны пакой праз акно зацякае святло.
Не магу назбіраць, каб як след — каб дакладна хапіла на ўсё жыццё.
Што мы ёсць, і куды мы ляцім і чым насамрэч гэта зрэшты было,
калі ў юнацтве ўва мне самім упершыню засвяцілася пачуццё?
Я не ведаў, як быць, як пра гэта казаць. Было новым усё,
што я бачыў раней. Свет у новым святле памяняў канчаткова колер,
і, каб распавесці, я біўся аб тэкст, біўся аб змест, але так і не ўсёк,
што мой шлях памылковы — я ў чарговы раз вынаходзіў ровар
і засвойваў нанава мову, прыглядаўся зноўку да кожнага слова.
І не мог апісаць, і не мог распавесці пра ўсё, што мне адкрыла святло.
Тады і з’яўляўся страх — angst — той, які не даступны жывёлам,
што мяне, як і большасць, у гэтым усім таксама чакае не плён, а аблом.
Я тады маладушна ўсё кінуў і ўцёк, даў дзёру туды, што завецца жыццём,
пабег ад няздатнасці ў забыццё, дзе цярпліва чакала мяне адкрыццё:
усё, што наўкола, — той самы тунэль, ува ўсіх тут аднолькавы план –
як бы выпаўзці з цемры — мне трэба з усімі таксама паўзці да святла.
Хвост віхляе сабакам, а я ўсё хаджу вакол ды каля,
і, нібы паліцай з кіно, заладзіў адвечнае «я, я».
Жыццё без цябе не ідзе, і нельга адкласці як-небудзь яго на пасля,
яно як ручай: само па сябе рана ці позна праб’е шлях
і павалачэ глею прычэп, смецця прычэп, і выставіць чэк
за ўсё, да чаго ты не меў дачынення. «Лёс» — ты гэта так нарачэш.
У немагчымасці выказаць гэта, апусціш рукі, разбіты ўшчэнт,
і тут знянацку — атрымаецца раз! А потым — яшчэ і яшчэ!
Я падумаў тады, што ўсё: нарэшце можна ўздыхнуць з палёгкай.
Але ўяўны ўлоў пасля як на зло апынецца толькі паклёўкай.
Поспех на першых кроках стане расплатай, чарговым урокам,
дзе, як ні банальна, сябры і каханыя —кропкі болевыя і самыя крохкія.
Цяпер я спакойны, цэльны, сяджу ў гэтым пакоі ў цені,
і, каб тут не было такой цемры, сонца святло, як малако, цэдзіць.
Тут дастаць рукой — і цэнтр, дзе стаяць над ракою цэрквы,
але я не з таго прастакоў працэнту, якому такая ў прыкол плацэба.
Ды і ведаю я напраўду подлых, каму ў царкве абсалютна камфортна,
у іх не шкілеты ў шафах, што ты, у іх там проста парыжскія катакомбы.
Яны роўна трымаюць паходні, чакаючы на прызямленне Хрыста ў Гародні,
але іх намеры добрыя выклікалі нязменна эфект кобры.
Бясцэнны жыццёвы досвед — і непазбежная змена ў асяроддзях
з пераламленнем святла ў іх, калі зрок цябе пачынае папросту падводзіць.
Жыццё — гэта лялечны тэатр, батлейка расчараванняў і стратаў,
і аднойчы ўсё ж надыходзіць час збіраць камяні ў сваім агародзе.
А я і кінуў надзею завершыць план, трапіўшы ў гэты эмоцый палон,
дзе злосць спапяліла на тло, дзе нібыта растраціў сваё святло,
ператварыўшыся ў чалавека са шкла, але, так, усё, што было, — было
днём сурка, часавая пятля, дзе ў галоўнай ролі не я, а клон.
Абнаўляліся звязкі ключоў. Столькі год папросту сышло ўпустую.
Лялькавод з тэатру сышоў, лялькі вуду ўтварылі тэатр абсурду —
марыянеткавы свет як спектакль жарсцяў, кахання, здрадаў, пакутаў,
толькі тонкія ніткі святла ад целаў актораў скіроўваліся ў нікуды.
І дакладна, што мы ў сусвеце — для жыцця не найлепшы ўзор.
Дык ці не ёсць мы адно святлом, а чалавек — гэта проста назоў?
Гэты свет, дзе сваркі і звадкі, горыч і боль — толькі найменшае з зол,
а мы проста з вамі ляцім — мы проста «ўсе разам ляцім да зор».
 
Алесь Кажадуб (№79)

Далёка ад радзімы
Байкі пра пісьменнікаў
Папера для сала
Вядомы ў свой час пiсьменнiк Пiлiп Пестрак быў аўтарам прыжыццёвага збору твораў у чатырох тамах. У кожным з тамоў было не менш за пяцьсот старонак, i таму рукапiсы патрабавалi вялiкiх намаганняў. Iх трэба было не толькi напiсаць ручкай на паперы, але i надрукаваць на машынцы, прачытаць, зноў перадрукаваць, яшчэ раз прачытаць – i тады толькi несцi ў выдавецтва.
Але вось праца над чарговым рукапiсам чатырохтомнiка – раманам «Сустрэнемся на барыкадах» – была скончаная. Пiсьменнiк паклаў яе ў папку, завязаў тасёмкамi i накiраваўся туды, куды кожны аўтар выпраўляецца з замiраннем у сэрцы. Выдавецтва не проста было храмам лiтаратуры, – яно кармiла, i нават вельмi няблага. Аўтар раманаў па тым часе быў вельмi забяспечаны i вельмi паважаны чалавек, у пэўнай ступенi генерал. А аўтар тэтралогii цягнуў на маршала.
На шляху ад дома пiсьменнiка да выдавецтва знаходзiлася адзiнаццаць пiўных. Некаторыя гаварылi – дванаццаць, але гэта не мяняе справы. Пiўныя ў тыя часы таксама былi сур’ёзныя. Да ста грамаў гарэлкi ў iх абавязкова дадавалiся бутэрброды, а буфетчыцы сваiх клiентаў ведалi ў твар.
Накiроўваючыся ў выдавецтва, пiсьменнiк не мог не зайсцi ў пiўную i не пахвалiцца таўшчэзным рукапiсам.
– Гады працы! – ляпаў ён даланёю па папцы. – Крывёю i потам даводзiцца зарабляць на хлеб.
Наведвальнiкi з павагаю слухалi маршала. У кожнай з пiўных ён сустракаў знаёмых, лiтаратурную i калялiтаратурную брацiю, пiсьменнiк шчодра частаваў некаторых з iх, i здарылася так, што да выдавецтва ў той дзень ён не дайшоў.
Прачнуўшыся ранiцаю з цяжкай галавою, пiсьменнiк жахнуўся – рукапiсу рамана ў хаце не было. Плашч, чаравiкi, нават пусты кашалёк былi на месцы, а папка знiкла. Ён успомнiў, што нехта дапамагаў яму дайсцi да хаты, але рысы твару таго цалкам сцерлiся. Гэта была катастрофа. Раман захаваўся толькi ў чарнавiках, раскiданых па ўсiх пакоях кватэры, i на ўзнаўленне яго патрабавалася паўгода, не меней.
– Як, як я мог яго згубiць? – бедаваў пiсьменнiк. – Цяжкая папка, не менш трох, а то i пяцi кiлаграмаў! I хто той нягоднiк, якi насмелiўся вырваць бясцэнны рукапiс з аслабелых рук?
Ён зноў накiраваўся ў паход па пiўных, але вынiкi былi няўцешныя.
Буфетчыцы памяталi, колькi грамаў ён замаўляў i якiмi бутэрбродамi закусваў, аднак пра рукапiс нiчога не маглi сказаць. Здаецца, быў, але таварыш пiсьменнiк забiраў яго з сабой.
– У авосьцы? – удакладняў пiсьменнiк.
– Так, у авосьцы, разам з бутэлькай гарэлкi i булкаю.
Вось гэта i было самае страшнае. Злачынец, канечне, паквапiўся не на папку. Бутэлька гарэлкi з булкаю! За iх маглi i забiць, пры пэўных абставiнах, вядома.
Пiлiп Сямёнавiч у другi раз пачаў пiсаць раман. Ён сам дыктаваў машынiстцы тэкст, праклiнаючы злодзеяў i ўласны почырк, як высветлiлася, зусiм не iдэальны. Праца была цяжкая, але да Новага года ўсё было скончана. Акуратны рукапiс зноў радаваў вочы аб’ёмам i вагою. Пiлiп Сямёнавiч занёс яго ў выдавецтва, стараючыся нават не глядзець у бок пiўных. Адтуль, мiж iншым, прыемна патыхала.
Адразу з выдавецтва пiсьменнiк накiраваўся на Камароўку. Было ўжо трыццатага снежня, а ў хаце скончылася сала. Хiба можна ўявiць сабе калядны стол у сям’i вядомага беларускага пiсьменнiка без тонка наскрыленага сала з любовiнкаю? Нельга. На стале магла адсутнiчаць любая закуска, той жа селядзец пад шубаю, напрыклад, толькi не сала. Прычым сала на рынку Пiлiп Сямёнавiч заўсёды выбiраў сам.
На Камароўцы панавала пераднавагодняя мiтусня. Пахла вэнджаным кумпяком, кiслай капустай, яблыкамi. Пiлiп Сямёнавiч доўга хадзiў па радах прыцэньваючыся. Некалькi разоў каштаваў сальца. У аднаго мужыка яно было ў самы раз: мяккае, з двума прожылкамi мяса, у меру прыпраўленае часныком.
– Загортвай вось гэты шматок, – паказаў Пiлiп Сямёнавiч, – i гэты. На колькi парсюк пацягнуў?
– Пудоў на дзесяць.
– Бульбаю кармiў?
– Камбiкормам.
Мужык дастаў з-пад прылаўка некалькi лiстоў паперы i пачаў загортваць сала. Пiлiп Сямёнавiч насцярожыўся. Сэрца ёкнула. Ад паперы патыхнула чымсьцi да болю знаёмым.
– А ну, пакажы… – пацягнуў ён да сябе паперу.
Гэта быў ягоны раман. Нават не чытаючы, пiсьменнiк пазнаў радкi. Кепска прадрукаваная лiтара «у», трохi крыва стаiць «i».
– Вось i сустрэлiся, – выдыхнуў Пiлiп Сямёнавiч. – На барыкадах…
– А што такое? – спалохана азiрнуўся па баках мужык.
– Дзе ўзяў паперу?
– Дык, гэта, на вакзале знайшоў. Пад лаўкай ляжала. Добрая папера. З аднаго боку запэцканая, а другая палова чыстая. Яй-богу, тоўстая папера, дасюль нiхто не скардзiўся…
Мужык перажагнаўся.
– А я i не кажу, што дрэнная, – сказаў Пiлiп Сямёнавiч. – У пiсьменнiцкай краме купляў. Шмат засталося?
– Ды не, – дастаў з-пад прылаўка некалькi лiстоў мужык, – амаль усю зрасходаваў. Скрозь яе сала не праступае.
Праз некалькi год Пiлiп Пестрак стаў лаўрэатам лiтаратурнай прэмii iмя Якуба Коласа, але за iншы раман.
Вiдаць, «сустрэча на барыкадах» усё ж адыграла сваю ролю.
Шклянка Паўлюка
У сярэдзiне сямiдзясятых гадоў я працаваў у рэдакцыi лiтаратурна-драматычных праграм тэлебачання, якая месцiлася на Камунiстычнай вулiцы амаль насупраць музея I з’езда РСДРП. Месца было выдатнае ва ўсiх адносiнах: цiхае, утульнае, а самае галоўнае – далекавата ад вачэй начальства. Само начальства сядзела на Чырвонай вулiцы побач з Домам радыё i бачыла нас толькi на агульнастудыйных лятучках па панядзелках.
Але найбольшай заганай лiтдрамаўцаў была ўсё ж мова. Амаль усе супрацоўнiкi рэдакцыi гаварылi па-беларуску не толькi на працы, але i дома. I патрабавалi гэтага ад сваiх дзяцей.
Аднойчы я пазванiў дахаты адказнаму сакратару рэдакцыi Юзiку Скурко, якi захварэў i сядзеў на бальнiчным.
Трубку ўзяў пяцiгадовы сын Юзiка Сяржук.
– Дзе бацька? – спытаў я.
– Бацька з дзядзькам сядзяць на кухнi, – адказала дзiця, – п’юць гарэлку i закусваюць селядцом.
Гэтая фраза ўразiла мяне. Яна была вартая таго, каб яе запiсалi ў аналы. Па-першае, яна была прамоўленая на чысцюткай беларуская мове. Па-другое, яна была лапiдарная, як лацiнскi афарызм. I па-трэцяе, у ёй вызначыўся менталiтэт беларуса ва ўсёй яго глыбiнi.
Я асцярожна паклаў трубку. Не замiнаць жа людзям, занятым важнаю справай. Што б нi казалі фарысеi, а чарка з селядцом была важнаю справай.
Амаль усе мае калегi па рэдакцыi былi радыстамi, дакладней, радыйнiкамi. У тыя часы журналiсты дзялiлiся на тры катэгорыi: газетчыкi, тэлевiзiйнiкi i радыйнiкi.
Я вучыўся на фiлфаку i ўсiх гэтых тонкасцяў не ведаў.
– Ну, як жа, – растлумачыў мне Алесь Гаўрон, якi вучыўся на журфаку паралельна са мной. – Тыя, хто ўмеў пiсаць, iшлi ў газетчыкi. Хто не ўмеў, але вучыўся з тройкi на чацвёрку, падавалiся на тэлебачанне. Ну, а астатнiя на радыё.
– Двоечнiкi?
– Хутчэй, небаракi. Там жа нiчога не трэба ўмець. Уключыў дыктафон i пiшы.
Я змоўчаў. Дыктафон тады мне ў рукi яшчэ не трапляў, i я не ведаў, што такое ўключаць i пiсаць.
Што б там нi казалі адзiн пра аднаго журналicты, а мае радысты былi харошыя хлопцы.
– Пайшлi з намi на могiлкi, – прапанаваў аднойчы Юзiк Скурко.
– Куды? – здзiвiўся я.
– У госцi да Паўлюка Труса.
Я ведаў, што Паўлюк Трус быў паэт, якi пражыў усяго дваццаць пяць гадоў. Ягоны верш «Падаюць сняжынкi» ў школе вучылi на памяць, i насамрэч, гэта быў выдатны верш.
– А дзе ён пахаваны?
– На Вайсковых могiлках.
Гэта было недалёка ад нашае рэдакцыi, i я пайшоў з Юзiкам i Лявонам Малiноўскiм.
«Заадно i Купалу пакланюся», – падумаў я.
Галоўнай славутасцю Вайсковых могiлак быў, канечне, помнiк на магiле Янкi Купалы.
Па дарозе мы зайшлi ў краму i купiлi бутэльку гарэлкi i тры плаўленыя сыркi.
– Трэба памянуць, – сказаў Лявон, злавiўшы мой позiрк. – Без гэтага нельга.
На могiлках хлопцы арыентавалiся, як на сваiм агародзе. Павярнулi раз, другi, адхiнулi голле хмызоў – i мы апынулiся перад сцiплым каменем, на якiм было выбiта: «Паўлюк Трус. 1904 – 1929».
– Вось i шклянка.
Юзiк узяў з помнiка гранёную шклянку, хукнуў у яе i абцёр аб рукаў пiнжака.
Хлопцы налiлi па поўнай шклянцы i па чарзе залпам выпiлi. Я сваю долю агораў за тры разы.
– Навучыцца, – сказаў Лявон. – Паўлюк, мо, таксама не ўмеў.
– Каб умеў, яго б нiякi тыфус не ўзяў, – пагадзiўся з iм Юзiк. – Тады, праўда, гэтак не пiлi, як цяпер.
– Адкуль ты ведаеш? – скасавурыўся на яго Лявон.
– Дзед расказваў. Працавалi ад цямна да цямна, якая гарэлка?
– Дык ён жа паэт.
– Ты што думаеш: пакуль сяляне аралi, паэты пiлi?
– А Ясенiн?
– Ясенiну таксама трэба было за сталом сядзець.
Юзiк махнуў рукой, паказваючы, як Ясенiн сядзеў за сталом i пicаў, i зачапiў рукой шклянку, што стаяла на помнiку. Шклянка стукнулая аб падмурак i разляцелася на дробныя друзачкi.
«Вось табе i дыяменты-росы», – мiльганула ў галаве.
– Добра, хоць пустая была, – сказаў Лявон.
– З чаго цяпер будуць пiць хлопцы? – зiрнуў на яго Юзiк.
– Якiя хлопцы? – здзiвiўся я.
– Ты што думаеш, мы адныя сюды ходзiм? – уздыхнуў Юзiк. – Уся творчая iнтэлiгенцыя Мiнску.
– Ну, мо, не ўся, – таксама ўздыхнуў Лявон. – Пiсакам з «Вячоркi» зусiм блiзка.
– Нядаўна з Мiхасём Стральцовым выпiвалi, – сказаў Юзiк. – Вы тут прыбярыцеся, а я пайшоў у краму.
– Навошта? – зноў здзiвiўся я.
– Куплю шклянку, – паглядзеў на мяне, як на немаўля, Скурко. – Сяброў без шклянкi не пакiдаюць.
Ён знiк у хмызах.
Мы з Лявонам сабралi друзачкi шкла i загарнулi ў газету.
– Пайшлi да Купалы, – прапанаваў я.
– Iдзi, – сказаў Лявон, – я тут пасяджу.
Як я цяпер разумею, ён пасаромеўся iсцi да Купалы пасля таго, як пабыў у Паўлюка. Розныя постацi, розныя помнiкi над iхнiмi магiламi. Паўлюк Трус для Лявона з Юзiкам быў сваiм хлопцам. А на помнiк Купалу шклянку не паставiш.
Юзiк вярнуўся дзесьцi праз гадзiну.
– Ледзь знайшоў, – сказаў ён, дастаючы з кiшэнi бутэльку.
– Гарэлку? – спытаў я.
– Шклянку, – дастаў з другое кiшэнi гранёную шклянку Юзiк. – Гарэлку дзе хочаш купiш, а шклянку толькi ў спецыяльным магазiне. Ды i то не ў кожным.
– Малянкоўскiх шклянак скора зусiм не будзе, – сказаў Лявон.
Ён як у ваду глядзеў. З развалам СССР гранёныя шклянкi з паяском бясследна знiклi.
Але тады, у сярэдзiне сямiдзясятых, усё было зроблена як мае быць: у краме купiлi бутэльку, а на помнiк Паўлюку паставiлi шклянку.
Генерал Бялевiч
Паэта Антона Бялевiча добра ведалi ў Беларусi: удзельнiк партызансказа руху, аўтар шматлiкiх паэтычных кнiжак. У яго, дарэчы, ёсць верш пра тое, як разам з Пiлiпам Пестракам паэт пабываў у вёсцы Канапелькi. Ён заканчваўся словамi: «Я – паэму напiшу, ён – раман напiша!» Напiсалi.
Як кожны сапраўдны паэт, Антон Пятровiч любiў застоллi з маладымi паэтамi, калi можна i сябе паказаць, i iншых павучыць. Гарэлка хутка выпiвалася, у кiшэнях, як той казаў, як вымецена, i Бялевiч гучна аб’яўляў:
– Гайда да генералаў!
– Навошта? – здзiўлялася моладзь.
– Пазычым на бутэльку.
Ён браў за праважатага каго-небудзь з маладых паэтаў i накiроўваўся ў штаб.
– Генерал Бялевiч! – кiдаў ён на хаду паставому – Гэты са мной.
Iншы раз фокус удаваўся, i Бялевiч пазычаў у знаёмага генерала траяк, а то i дзясятку.
– Як ён сюды трапiў? – прабiраў паставога генерал.
– Падобны… – апраўдваўся той.
Аднойчы «генерал Бялевiч» напярэдаднi Новага года прыйшоў чытаць вершы на тэлебачанне. Эфiр быў «жывы». У тыя часы гэта практыкавалася: паэта саджалi за стол, уключалi камеру, i ён барабанiў вершы па паперцы. Адзiн рубель восем капеек за радок – аўчына была вартая вырабу.
Антон Пятровiч усеўся за сталом, на камеры запалiўся агеньчык, i ён пачаў: «Мы прыйшлi ў палескi край з Пестраком Пiлiпам…»
Памочнiца рэжысёра, у абавязкi якой уваходзiла змена заставак на трынозе, з палёгкай уздыхнула i пайшла курыць. У яе было вольных пятнаццаць хвiлiн. Каб дым не iшоў у студыю, яна асцярожна прачынiла цяжкiя двайныя дзверы. Па студыi праляцеў парыў скразняку, i ўсе паперкi, што ляжалi перад паэтам, здзьмула са стала, у ягоных руках застаўся толькi адзiн лiсток.
Верш скончыўся. У студыi запанавала цiшыня. Бялевiч няўцямна паглядзеў на пусты стол. На памяць ён не ведаў нi сваiх вершаў, нi чужых. Тэлеаператар затросся ад бязгучнага рогату. Гукарэжысёру зрабiлася кепска. Паэт уздыхнуў i палез пад стол. У кадры зрэдзь з’яўлялiся то галава, то плячо, то рука с лiстком паперы. Стос паперчын на стале пацiху рос.
– Пераходзьце на нейтральную застаўку! – стагнаў рэжысёр.
Але памрэжка курыла, i памяняць застаўку не было каму.
Нарэшце ў кадр марудна запоўз паэт. Ягоны твар быў чырвоны, валасы дыбарам, на кончыку носа трымцела кропелька поту. Дрыгатлiвай рукою ён узяў лiст паперы i прачытаў: «Пад акном адна ты не сядзi i да мяне, харошая, прыйдзi…»
Паэт змоўк. У такой крытычнай сiтуацыi яму не даводзiлася бываць нават у партызанскiм атрадзе.
– Зблытаўся, – збянтэжана паглядзеў ён у камеру. – Пайду дахаты.
– Ой, мамачкi… – прашаптала памрэжка, якая ўжо вярнулася на сваё месца, абаперлася рукой на трыногу, i тая з грукатам абрынулася на падлогу.
Гукарэжысёр адключыла гук у студыi.
Гэта была апошняя «жывая» перадача Беларускага тэлебачання.
Убачыць Парыж – i памерцi
Мяне прынялi ў Саюз пiсьменнiкаў, i я пачаў захаджваць у новы Дом лiтаратара ў Мiнску. Мне падабалiся прасторныя холы, сакратарскiя кабiнеты i асаблiва буфет, у якiм каньяк, гарэлка i бутэрброды прадавалiся без рэстараннай нацэнкi.
У бары я часцей за ўсё выпiваў з супрацоўнiкам Лiтфонду Сталяровым. Ён не быў пiсьменнiкам, але добра разбiраўся ў лiтаратуры.
– Ведаеш, якая самая вялiкая загана ў тутэйшых пiсьменнiкаў? – спытаў ён, кульнуўшы чарку.
– Не, – пахiтаў я галавой.
– П’юць ды не закусваюць!
Мы з iм закусвалi.
– А я на гiстарычную радзiму сабраўся, – уздыхнуў Сталяроў.
– Куды? – здзiвiўся я.
– У Iзраiль.
– Ты ж Сталяроў, – яшчэ больш здзiвiўся я.
– Сталяровым я зрабiўся нядаўна, усяго сто гадоў таму. Дзеда перад Першай сусветнай прызвалi ў царскую армiю. «Прозвiшча?» – пытаецца пiсар. – «Хаiм Лейба Модаль», – адказвае дзед. – «Чым займаешся?» – чухае патылiцу пiсар. – «Сталярнiчаю». – «Сталяроў», – пiша пiсар. Тады з гэтым было проста.
– Ды i зараз нiчога складанага, – згадзiўся я. – Сёння Габерман, заўтра Алексiн.
– Не блытай божы дар з яечняю! – строга пакiваў пальцам у мяне перад носам Сталяроў. – А лепш закусвай.
Аднойчы я зазiрнуў у прыёмную першага сакратара праўлення. Сакратаркi на месцы не было.
– Заходзь! – паказаўся ў дзвярах гаспадар кабiнета. – От ты мне якраз i патрэбны.
Я пацiснуў плячыма i зайшоў у кабiнет. Там быў наведвальнiк.
– Вось, знаёмся, – прадставiў яму мяне першы сакратар. – Новы член нашага Саюза. Прабач, мне з iм трэба пагаварыць.
Наведвальнiк крадком зiрнуў на мяне, але з месца не скрануўся. Гаспадар узяў са стала нейкую паперу i пачаў углядацца ў яе. Мне зрабiлася нiякавата.
– Ну, дык што, Iван? – нарэшце загаварыў наведвальнiк. – Дасi кватэру цi не дасi?
– Макар! – плаксiвым голасам сказаў гаспадар. – Я ж табе ў мiнулым годзе чатырохпакаёвую даваў!
– Тады мы з дачкой з’язджалiся. А цяпер я разводжуся. Няхай падавiцца. Я згодны на двухпакаёвую.
– А што мне пiсьменнiкi скажуць? У iх таксама дочкi. I разводзяцца праз аднаго. У яго вунь зусiм кватэры няма, – паказаў на мяне сакратар. – Не магу ж я даваць усiм адразу. Пачакай трохi.
– Ды я на гэтую ведзьму глядзець не магу! – плюнуў на палас наведвальнiк. – Я табе так скажу, Iван, не дасi кватэру – пайду на самы верх.
– Не палохай, я i ёсць самы верх. Будзе магчымасць – выдзелiм. Заяву ў жыллёвую камiсiю напiсаў?
– Недзе тут… – пачаў корпацца ў кiшэнях пiсьменнiк.
– Вось напiшы заяву i занясi.
Наведвальнiк устаў i паволi выйшаў з кабiнета.
– Расплявалiся! – зацёр нагой плявок на дыване сакратар. – Iдуць i iдуць – то кватэру, то машыну, то дачка замуж пайшла. Я што – з кiшэнi дастаю гэтыя кватэры?
Я далiкатна змоўчаў. Першы сакратар нашага Саюза быў старшынёй Вярхоўнага Савета рэспублiкi i мог дастаць з кiшэнi што заўгодна. Зазванiў адзiн з пяцi тэлефонных апаратаў на стале.
– Масква! – беспамылкова вызначыў гаспадар i падняў трубку. – Я. Дэлегацыя ў Парыж у канцы года? Праз тыдзень? Не, не паеду, у Парыжы я нядаўна быў. Ды не, нiхто з нашых не паедзе. Ага, тэлефануй, калi што.
Ён паклаў трубку.
– Дык што ў цябе? – паглядзеў ён на мяне.
– Вы хацелi пра нешта пагаварыць са мной.
– Пагаварыць? Ну, так. Пiшы, хлопец, апавяданнi. I аповесцi пiшы. Пасталееш – сядзеш за раман. Я вось адразу з рамана пачаў, сямсот старонак! У Парыж трэба ехаць – а не магу, пiшу новы раман. Так што iдзi працуй. А Парыж – цьху! Выедзенага яйка не варты.
I я з iм пагадзiўся. Нiякi Парыж мне тады не быў патрэбны. Зрэшты, як i цяпер.
А кватэру я праз паўгода атрымаў. Застойны час…
Далёка ад радзiмы
У лiтаратурна-драматычнай рэдакцыi Беларускага тэлебачання я працаваў у другой палове семiдзясятых. Гэта, канечне, быў застойны час, аднак i тады адбывалася сёе-тое цiкавае. Аднойчы ў буфет Дзяржтэлерадыё, якi быў запоўнены натоўпам памочнiкаў рэжысёра, адмiнiстратараў, гукарэжысёраў i розных рэдактараў, увайшлi акцёры Вахтангаўскага тэатра. У тыя днi ён гастраляваў у Мiнску. Усе яны былi ў адметных гарнiтурах i гальштуках. Першым iшоў, натуральна, Мiхаiл Ульянаў. За iм шпацыравалi Мiкалай Грыцэнка, Вячаслаў Шалевiч, Васiлій Ланавой. Завяршаў шэсце, што таксама было зусiм натуральна, Юрый Якаўлеў. У буфеце зрабiлася цiха.
– Мамачкi! – пiскнула памрэжка Светачка, што сядзела побач са мной, i ўпусцiла з рук нож, а за iм i вiдэлец.
Я пару тыдняў назад усю ноч распiсваў «пульку» з таганскiмi хлопцамi Высоцкiм, Залатухiным i Смехавым, i таму зрабiў выгляд, што вахтангаўцаў не заўважаю. А тыя, у свой чарод, не заўважылi чаргу i прайшлi адразу да барменшы Людмiлы, якая падцягнула жывот i крыху адтапырыла азадак, трэба сказаць, немаленькi. У чарзе нiхто не абазваўся нi гукам.
– Гляньце, а тут налiваюць! – сказаў Якаўлеў голасам Iвана Васiльевiча, якi мяняе прафесiю, i прагучала гэта зусiм па-царску.
– Адставiць! – не павярнуўшы галавы, сказаў Ульянаў. – Па кубку кавы i бутэрбродзе. Увечары, мiж iншым, спектакль.
Голас у яго таксама быў што трэба.
– Якiя мужчыны!.. – прастагнала за маёй спiнаю адна з тэлевiзiйных дам.
Светачка i гэтага прастагнаць не магла. У яе трэслiся рукi, дрыжала падбароддзе i iмклiва набрыньвалi вiльгаццю вочы.
«А ты што млееш? – падумаў я. – Даўно пара iсцi замуж за якога-небудзь тэхнiка або асвятляльнiка».
Акцёры выпiлi каву за барнай стойкаю i пайшлi ў студыю.
А я паехаў у Дом лiтаратара запiсваць творчы вечар пiсьменнiка Алеся Рыбака.
– Пiсьменнiк, канечне, не першага рада, – сказаў Валянцiн Цiмафеевiч, мой галоўны рэдактар, – але пазванiлi з ЦК. Да нядаўняга часу працаваў у Крамлi, перакладаў на беларускую мову ўказы i пастановы.
– Навошта? – спытаўся я.
– Што «навошта»?
– Каму беларуская мова ў Крамлi патрэбна?
– Не твайго розуму справа! – зрабiўся барвовы Валянцiн Цiмафеевiч.
Ён яшчэ не забыўся пра вымову, якую яму ўляпiлi з-за мяне.
Я сядзеў у рэдакцыi, калi зазванiў адзiн з тэлефонаў. Я падняў трубку.
– Хто там? – рыкнула трубка.
– А там хто? – пацiкавiўся я.
Канечне, я пазнаў голас намеснiка старшынi Дзяржтэлерадыё. Трубка зайшлася гнеўнымi кароткiмi гудкамi.
Ва ўсёй гэтай гiсторыi мяне здзiвiла, што вымову аб’явiлi не мне, а галоўнаму рэдактару. Вiдаць, выносiць пакаранне зброду накшталт мяне для начальства было нiжэй ягонай годнасцi.
– Затое ў iх заробак нашмат большы, – сказаў я, калi мы абмяркоўвалi гэты факт у курылцы.
– А цябе ў наступны раз выганяць, – сказаў Васiль Шымко.
Ён быў сваяк Валянцiна Цiмафеевiча. Я на Васiля не пакрыўдзiўся.
Дык вось, мне было даручана запiсаць творчы вечар Алеся Рыбака, i я безадгаворачна падпарадкаваўся.
– Рыбак не твой сваяк? – на ўсякi выпадак спытаўся я Васiля, з якiм сутыкнуўся на выхадзе са студыi.
– Пайшоў ты! – зазлаваў той.
Да сямi гадзiн вечара зала Дома лiтаратара практычна запоўнiлася. Напрыканцы семiдзясятых пiсьменнiкi карысталiся павагаю. Ды i ў кожнага з iх было поўна сваякоў i знаёмых. Я сядзеў у першым радзе. Гэта была адна з нямногiх прывiлеяў прафесii тэлевiзiйнага рэдактара – быць на вачах.
Алесь Рыбак выйшаў на сцэну. Быў ён невысокi, але вельмi паважны. Узяўшыся рукой за падбароддзе, пiсьменнiк некалькi разоў прайшоўся з аднаго боку сцэны ў другi. Увесь ягоны выгляд паказваў, наколькi пачэсная, цяжкая i адказная пiсьменнiцкая ноша. Нарэшце ён спынiўся перад мiкрафонам.
– Вельмi доўгi час, – пачаў Рыбак, – я жыў далёка ад радзiмы. Я працаваў у Крамлi.
Зала выбухнула апладысментамi.
– Лепш за пiсьменнiкаў гавораць толькi генералы, – сказаў рэжысёр Слава, калi я ў перапынку падышоў ды яго. – Даўно я не плакаў ад рогату.
– Я таксама пiсьменнiк, – чамусьцi пакрыўдзiўся я.
– Але не з Крамля. Пiшы, дарагi, раптам атрымаецца.
На жаль, нiчога падобнага ў мяне не атрымалася.
На дачу да Караткевiча
Так сталася, што Уладзiмiра Караткевiча, аўтара «Дзiкага палявання караля Стаха», «Чорнага замка Альшанскага» i «Зямлi пад белымi крыламi» пры жыццi лепш ведалi ў Берлiне, Варшаве i Празе, чым у Маскве. Я на свае вочы бачыў у «Литературной газете» артыкул пра вядомага польскага пiсьменнiка Уладзiмiра Караткевiча.
На Беларусi ён часцей за ўсё друкаваўся ў часопiсе «Маладосць», у якiм я ў канцы сямiдзясятых працаваў у аддзеле нарыса i публiцыстыкi.
Аднойчы Уладзiмiр Сямёнавiч прыйшоў да нас з новым нарысам. Мы тут жа наладзiлi застолле. Нягледзячы на тое, што рэдакцыя часопiса знаходзiлася ў будынку ЦК камсамола, мы дазвалялi сабе выпiць чарку-другую з аўтарамi, тым больш такiмi, як Караткевiч. Iнструктары-цэкамольцы нас люта за гэта ненавiдзелi, але зрабiць нiчога не маглi. Творцам многае дазвалялася нават пры Сталiне.
Махнула крылом адна бутэлька, за ёй другая. Нечакана ў наш пакой увайшоў галоўны рэдактар часопiса Генадзь Бураўкiн. Звычайна галоўныя пазбягалi застолляў з радавымi супрацоўнiкамi, але тут усё-ткi Караткевiч.
– А да мяне завiтаў пiсьменнiк з Лiтвы, – сказаў Генадзь Мiкалаевiч. – Галоўны рэдактар часопiса «Яўнiма гратас».
– I яму нальем, – дастаў я з партфеля трэцюю бутэльку.
Лiтоўскi пiсьменнiк, такi ж самавiты, як i Бураўкiн, нiколькi не ганарыўся. Наадварот, ён сказаў доўгую i напышлiвую прамову пра тое, што лiчыць за шчасце чокнуцца са славутым пiсьменнiкам Караткевiчам. Бураўкiн расчулiўся, схадзiў у свой кабiнет i дастаў з сейфа штоф «Белавежскай».
– А паехалi да мяне на дачу! – падняўся ва ўвесь свой немалы рост Караткевiч. – Нядаўна тры лiтры старадарожскай самагонкi прывезлi. Закусiм мядзведжай лапаю.
Грамада ў захапленнi загула. Пабываць на дачы Караткевiча было мараю кожнага з нас. Пра мядзведжую лапу таксама ўсе чыталi ў «Дзiкiм паляваннi караля Стаха».
Бураўкiн выклiкаў з гаража ЦК службовую «Волгу».
– У адной усе не змесцiмся, – сказаў я.
Галоўны кiўнуў, пайшоў у свой кабiнет i пазванiў па «вяртушцы».
– Першы сакратар сваю машыну дае, – сказаў ён, вярнуўшыся.
Мы выйшлi з будынка ЦК i пагрузiлiся ў блiскучыя белыя «Волгi». На вулiцы змяркалася, але нiкога з нас гэта не хвалявала.
– Каля «гастранома» спынiмся, – даў мне дваццацьпятку Генадзь Мiкалаевiч. – Купiш дзве бутэлькi, мiнералку, хлеб i батон каўбасы.
Я ўсё зрабiў так, як ён загадаў. У магазiнных чэргах нiхто не наракаў. Мусiць, у iх ведалi, што я закупляюся для пiсьменнiка Караткевiча i ягоных гасцей.
Я ехаў у машыне рэдактара. Побач сядзелi Караткевiч i лiтовец. Астатнiя пiсьменнiкi ехалi за намi ў машыне першага сакратара.
Уладзiмiр Сямёнавiч зацягнуў песню пра сярэднявечную гулянку. У ёй расказвалася, што багатаму дзядзьку не трэба хадзiць туды, дзе п’е галота. «Не хадзi ты, дзядзька багаты, дзе басота п’е. Адзiн за рукi, другi за ногi, трэцi б’е ў каршэнь…»
– Каршэнь – гэта патылiца, – растлумачыў я лiтоўцу.
– Я-а… – ашаломлена працягнуў той.
– А куды мы едзем? – раптам перастаў спяваць Караткевiч.
– Да цябе на дачу, – сказаў з пярэдняга сядзення рэдактар.
– Хiба ты не ведаеш, што ў мяне няма дачы? – нахiлiўся да яго Караткевiч.
Я i рэдактар утаропiлiся адзiн на аднаго вытарашчанымi вачыма. Якраз учора мы з iм гаварылi пра меркаванага аўтара ананiмнай паэмы «Сказ пра Лысую гару». У ёй гаворка iшла пра пiсьменнiцкiя дачы. Я разам з многiмi iншымi лiчылi, што аўтарам з’яўляецца Караткевiч. Надта ж добра паэма напiсаная.
– Але ў яго няма дачы, – сказаў Бураўкiн, калi я скончыў свае разглагольстваваннi. – Каб так напiсаць, трэба там жыць.
Я вымушаны быў з iм пагадзiцца.
I вось мы едзем на дачу да Караткевiча.
– Ну, вы даяцё! – рагатнуў кіроўца Толя.
Мiж iншым, ён лепш за iншых ведаў, хто з пiсьменнiкаў мае дачу, а хто не.
– Толя, – пакратаў яго за плячо Караткевiч, – убачыш зручнае месца i спыняйся.
– Ды што тут убачыш пасярод ночы! – хiтнуў галавой той.
Але спынiўся тым не менш ён вельмi ўдала. Побач з дарогай самотны дуб, пад дубам поўна сучча. Мы з Гаўронам хутка нацягалi ламачча i расклалі вогнiшча. У святле фараў дзвюх машын яно глядзелася вельмi маляўнiча.
– Хлопцы! – падняў шклянку з «Белавежскай» Караткевiч. – Хiба на дачы гэтак вып’еш?
Нiхто з iм не спрачаўся. Гэта сапраўды было адно з лепшых застолляў у маiм жыццi.
Палiцаi ў цюбецейках
Янка Брыль на Беларусi быў такi ж славуты пiсьменнiк, як i Караткевiч. Трэба сказаць, яны i знешне адпавядалi адзiн аднаму. Нягледзячы на два метры росту i масiўны склад цела, Iван Антонавiч быў пранiкнёны, нават шчымлiвы лiрык. I ў гумары разбiраўся. Ягоныя досцiпы з аповесцi «Нiжнiя Байдуны» адразу разышлiся на цытаты. Наогул, мушу сказаць, Галiяфаў у беларускай лiтаратуры хапала. Акрамя Брыля, ростам вылучалiся Кандрат Крапiва, Iван Мележ, Iван Навуменка, Нiл Гiлевiч. Максiм Танк таксама быў немаленькi.
Я сам належаў да маларослага падраздзялення беларускай лiтаратуры. На жаль, класiкаў сярод нас было мала – Iван Шамякiн, Аркадзь Куляшоў, Пiмен Панчанка.
Але, нягледзячы на ўсю маю нягегласць, менавiта Брыль падтрымаў мяне пры ўступленнi ў Саюз пiсьменнiкаў.
– У яго апавяданне пра старую добрае, – сказаў Брыль на абмеркаваннi. – А той, хто ўмее напiсаць старую, аб чым заўгодны напiша.
Камiсiя пагадзiлася з гэтым.
Аднойчы ў госцi да беларускiх пiсьменнiкаў прыехала дэлегацыя ўкраiнскiх. У тыя часы гэта была звычайная рэч – ездзiць у госцi адзiн да аднаго. Украiнцам паказалi славутасцi сталiцы, затым пасадзiлi ў аўтобус i павезлi на Нарач. Яно таксама было славутасцю, праўда, той, што дасталася дарма.
У аўтобусе я апынуўся побач з Брылём.
– Бачыце вунь таго? – паказаў ён на кiраўнiка ўкраiнскай дэлегацыi, якi гучней за iншых спяваў украiнскую народную песню.
Трэба сказаць, Iван Антонавiч нават да маладых i дробных паплечнiкаў па пяру заўсёды звяртаўся на «вы». Нездарма гаварылi, што Брыль дасюль адчувае сябе польскiм афiцэрам, якi трапiў у палон да бальшавiкоў. Хаця на самой справе ў польскай армii ён быў капралам.
– Бачу, – сказаў я.
– Гэта Платон Варанько. Мы яго завём Цюбецейкай.
– Чаму? – спытаўся я.
– На Днях савецкай лiтаратуры, якiя праходзiлi ў Ташкенце, усiм пiсьменнiкам-гасцям выдавалi халаты i цюбецейкi. Выклiкалi па спiсе на сцэну i выдавалi. Як на складзе. А Платону не далi.
– Чаму? – зноў спытаўся я.
– Забылiся. Альбо яго проста не аказалася ў спiсе. Украiнцы абурылiся i напiсалi ў прэзiдыум запiску аб ушчамленнi iхнiх правоў. Гаспадары таксама ўперлiся: колькi чалавек у спiсе, столькi халатаў.
– I цюбецеек, – дадаў я.
– Менавiта, – кiўнуў Iван Антонавiч. – Але ж гэта скандал! Тады старшыня прэзiдыума, а гэта таварыш з ЦК, можа, сам Рашыдаў, падыходзiць да мiкрафона, бярэ запiску i чытае: «Па просьбе ўкраiнскай дэлегацыi Платон Варанько – адын цюбяцейк». Украiнцы яшчэ больш пакрыўдзiлiся.
Украiнская народная песня скончылася, i беларусы зацягнулi сваю народную – «За туманам нiчога не вiдна».
– Цэ наша пiсня! – ускочыў са свайго месца Варанько. – Усi вашыя пiснi нашыя!
– Канечне! – таксама падняўся з сядзення Брыль. – У нас i палiцаяў сваiх не было, усе вашыя.
Дзiўна, але ўкраiнская дэлегацыя на гэтыя словы не пакрыўдзiлася…
Мiж iншым, цяпер палiцаi i ў Расii рэабiлiтаваныя. Вiдаць, адбылося гэта таму, што пiсьменнiкi перасталi ездзiць адзiн да аднаго ў госцi. Ды i пiсьменнiкi, шчыра скажу, ужо не тыя. Як па творчасцi, так i па росце. Вось як было ў ранейшыя часы: адзiн пiсьменнiк – адын цюбяцейк.
Iнтэрв’ю
Я ўжо дажыў да таго ўзросту, калi i пра сябе можна расказаць байку.
Я працаваў у «Литературной газете», вёў расiйска-беларускi дадатак «Лад» i iншы раз наведваўся ў Мiнск. Гэтым разам я прыехаў на кнiжны кiрмаш, якi штогод праводзiцца ў лютым.
На стэндзе Пастаяннага Камiтэта Саюзнай дзяржавы, дзе ляжала «Литературка» з «Ладам», людзей было няшмат, i я пайшоў аглядаць iншыя стэнды. На iх зрэдзь сустракалiся знаёмыя, не ўсе яшчэ павымiралi. Хаця моладзi, канечне, наўкруг было значна больш, чым былых паплечнiкаў.
– Можна ў вас узяць iнтэрв’ю? – падскочыла да мяне ўвiшная дзяўчына з мiкрафонам у руцэ. – Для першага рэспублiканскага канала?
– Чаму ж нельга, – спынiўся я. – Сам калiсьцi на тэлебачаннi працаваў.
Аператар навёў на мяне камеру, дзяўчына разматала мiкрафонны шнур, каб не замiнаў рухi. Адчувалася, праца тэлевiзiйнай вядучай была ёй даспадобы.
«У мае часы тэледзiвы былi нiколькi не горшыя», – з адценнем лёгкай рэўнасцi падумаў я.
– Прадстаўцеся, калi ласка, – сунула мне ў нос мiкрафон вядучая.
– Алесь Кажадуб, пiсьменнiк, – сказаў я, кашлянуўшы.
Дзяўчына раптам адхiснулася ад мяне, мiкрафон выпаў з яе рук. Яна нахiлiлася, каб яго падняць, i заблыталася ў провадзе.
– Стоп! – сказаў аператар. – Пачынаем спачатку.
– А вы жывы?.. – з жахам спыталася дзяўчына, выпрастаўшыся.
– Канечне, – сказаў я.
Мне таксама зрабiлася нiякавата. Няўжо па Мiнску разляцелася чутка, што я ўжо там?..
– Я па вашай аповесцi «Лесавiк» абараняла дыплом, – дрыготкiм голасам сказала дзяўчына, – i думала, што вы ўжо даўно памерлi…
Ну, так, для гэтага юнага стварэння з доўгiмi ножкамi i поўнымi грудзьмi, якiя добра бачылiся ў выразе кофтачкi, я быў стары. Але не настолькi, каб лiчыцца нябожчыкам.
– Не, мiлая, жывы, – сварлiва сказаў я. – А вы акрамя «Лесавiка» яшчэ што-небудзь маё чыталi?
– Не, – апусцiла яна галаву.
– Вунь на тым стэндзе, – паказаў я пальцам, – праз пару гадзiн будзе праходзiць прэзентацыя маёй пятнаццатай кнiгi. Называецца «Элiксiр жыцця». Вы ж хочаце жыць вечна?
– Што? – зноў падняла на мяне вочы дзяўчына.
– У юнацтве пра гэта не задумваюцца, – уздыхнуўшы, сказаў я, – але гадоў праз дзесяць у вашую прыгожанькую галаву прыйдзе думка, што някепска было б уведаць сакрэт элiксiра жыцця. А ў маёй кнiзе пра гэта напicана. Але асабiста вам думаць пра гэта яшчэ рана.
– Далiбог, я прыйду! – Дзяўчына закрыла рукою выраз на кофтачцы. – Калi ласка, прабачце мне!
– Прабачаю, – кiўнуў я.
– А iнтэрв’ю? – запярэчыў аператар.
– Наступным разам, – сказаў я. – Шкада, вам дысертацыю абараняць не трэба. Добрая была б тэма – «Элiксiр жыцця ў творах Алеся Кажадуба».