І Дагэтуль чалавек жывы, покуль зь ім душа размаўляе

— Рыгор Барадулін
 
Святлана Алексіевіч (№1)
Матыў калыханкі — Я зараз усё гэта зьбяру... склею ў памяці... Колькі гадоў прайшло, убачу па тэлевізары фільм пра вайну, нават кепска – плачу. Сын пачне суцяшаць, прашу: “Адыдзі”. Хутка памру... урачы ўжо ня ўтойваюць... ды і адчуваю... Застанецца хата... рэчы... А пачуцьці? Дзе яны? Куды яны дзяюцца? Сыходзяць? Узяла сшытак, пачала пісаць. Кінула. Колькі гадоў гэты сшытачак у мяне ляжыць. Хачу разгарнуць, робіцца непрыемна. Цяжка. Ні адна навука не перадае і не перадасьць таго, што перажыў чалавек. Ні адна кніга. Унук пытае: “Што на вайне самае страшнае?” Я скажу... Запомніла... Якія прыгожыя, якія чароўныя мужчыны перад сьмерцю... калі яны ідуцьзабіваць і ведаюць, што іх могуць забіць... (Задыхаецца). Рыхтуюся паміраць, але да апошняга ня веру, што гэта са мною здарыцца. Уявіце сабе... Але я сама ўжо чую пах... гэты пах паміраньня плоці... Не хачу зімою... Вясною хачу... каб яшчэ раз убачыць, як усё ў прыродзе пачынаецца спачатку... Дрэвы пад вакном расквітнеюць... Урачы паставілі дыягназ... Шанцаў няма... У царкву не хаджу, дык хоць успомню... згадаю пра сваё жыцьцё... пра сваіх мёртвых... Ноччу ўткнуся вачыма ў столь і выклікаю іх на размову... Яны зьяўляюцца... Гутарым да зары... (Задыхаецца). Усе думаюць пра сьмерць, аднак ніхто не сыходзіць лёгка і радасна. Ніхто. Я зразумела, што мне Бог дае час падрыхтавацца... Калі клічу... першым прыходзіць Іван... заўсёды адгукнецца... Мой каханы, даруй мне... даруй... Гэта была вайна... Нічога не прыдумала. Усё памятаю. Памятаю... Я ішла праз лес, сярод сьнегу і халодных дрэваў, і ў мяне такія думкі: вось я бачу, вось я адчуваю, вось запамінаю... Усё ў сьнезе, у ледзяной абліве, замураванае. Ідзеш, як не па зямлі. Вакол і побач – сьмерць. А я зараз цябе сустрэну... я цябе абдыму... Сарамлівы, ад простых ласкавых словаў чырванеў да каранёў валасоў. Нашая хата стаяла на краі вёскі, ля лесу... Вечарам праду, вяжу. Зойдзе, сядзе. Гадзіну, дзьве, тры... глядзіць на мяне і глядзіць... Усьміхаецца... Да вайны мы вучыліся ў адным класе. Ягонага дзядулю раскулачылі, саслалі ў Сібір, калі ён быў яшчэ маленькім. Расказваў, як мама перапранала яго ў дзяўчынку... Калі за імі таксама прыйдуць, каб зьбег... сеў на цягнік і зьехаў, куды вочы глядзяць... Але іх абышлі, двух дзедавых сыноў саслалі з сем’ямі... а трэцяга сына, ягонага бацьку, чамусьці не зачапілі... (Зады­хаецца).Мне так балюча... такія няласкавыя ўспаміны... Такія няласкавыя... Дзядуля... Ягоны дзядуля вярнуўся ў вёску разам з немцамі... Вярнуўся адзін, усю сям’ю пахаваў у Сібіры. Стаў старастам... Стаў прыслугоўваць нямецкай уладзе... А ў нас – каханьне. Іван хоча на мне ажаніцца. Яшчэ ён арэ, сее. Без аўтамата. Мыем на рэчцы каня. Купаемся. Вакол – вайна, а ў нас – каханьне. Уявіце сабе... Сьніцца мне сон: я тану, таплюся ў рэчцы нашай, рэчка невялікая, але я патрапіла ў вір і таплюся. Адзеньне намокла, сьвінцовае, да дна мяне цягне, я крычу. Ні­дзе ні чалавека. З жахам разумею, што хутка стане цёмна. Ноч. Патухнуць агні. Ніхто мяне не пачуе. Пачынаю сьцягваць... зрываць з сябе адзеньне... Вызвалілася... Лёгкая... плыву да берагу... на беразе стаяць людзі... уся нашая вёска... Я выходжу з вады голая... Голая, як дзіцё... Быў мне гэты сон... (Задыхаецца). Нічога не прыдумала. Усё памятаю. Ноччу партызаны забралі ў нас парасё. А ўдзень немцы пералавілі ўсіх курэй. Засталася адна бульба... адна бульба на зіму... Мама села разувацца, хацела зьняць боты і заснула, упала мёртвая. Памылі, перапранулі ў чыстае і паклалі на лаўку... паклікалі бацюшку адпяваць... Але прыйшла нашая цётка з суседняй вёскі, яе зьдзівіла мяккасьць цела. Паднесьлі люстэрка да вуснаў, яно запацела... Я не дала хаваць. Тры дні мама спала. Гарэлі сьвечкі. Па начах крычала нашая котка. Сабаку немцы прыстрэлілі. Котка крычала страшным голасам. А ў нас каханьне. Я шчасьлівая... Як у сьне... але гэта на яве... Брыдуць голыя людзі... ідуць няроўнымі шэрагамі – мужчыны асобна, жанчыны з дзецьмі асобна. Цягнуць рукі да неба. Да нас даносяцца ці то плач, ці то песьні. Яны з гета... Сярод іх некалькі знаёмых... Лазар Ільліч, наш настаўнік гісторыі... Маленькімі купкамі іх заводзяць у хлеў з шырока расчыненымі дзьвярыма. Нам чутныя стрэлы. З мужчынскага гурту – хтосьці спрабуе ўцячы. Трое мужчынаў бягуць да чыгункі, за ёю – лес. Двух імгненна даганяюць кулі... а трэці – бяжыць... З-за павароту паказваецца цягнік... Стрэлы сьціхаюць. Цягнік праімчаў, а чалавек зьнік у лесе... Значыць ён павінен выжыць. Лёс! Уцёкі з жаночага натоўпу. Да нашай хаты бяжыць маладая дзяўчына, вось яна ўжо б’ецца ў акно... як птушка... Якім чынам?! Цуд? Двое дужых мужчынаў ня могуць адарваць яе ад вакна? Два здаровыя немцы... два разьятраныя самцы... Кволую дзяўчыну... Уявіце сабе... І вось яна ляжыць каля нашага парогу... з прастрэ-ленай скроняй... у крыві... Густыя каштанавыя валасы закрываюць белае цела... мармуровае... Расстраляных людзей складваюць роўна, як шпалы на станцыі... і абліваюць бензінам... Хлеў загараецца з чатырох бакоў... палае... страха саламяная... (Задыхаецца). Смажанае чалавечае мяса мае дзіўны пах... Вельмі дзіўны пах... Зусім незнаёмы... Коні, на якіх прыехалі карнікі, пачынаюць страшна іржаць... падымаюцца ўверх, на дыбкі... разьдзьмухваюць ноздры... Адзін конь упаў на пярэднія ногі і ня можа ўстаць. Гарыць хлеў з людзьмі... і гэты конь стаіць перад ім... нібы на каленях... (Задыхаецца). А ў нас – каханьне. Я шчасьлівая.... Аралі, касілі, сеялі... У адным доме быў патэфон. Зьбіралася моладзь. Танцавала танга і вальсы... пелі пад гітару... Кахаліся... і закручвалі бігудзі... Мне споўнілася васямнаццаць гадоў. Я хачу кахаць. Мне адкрылася каханьне. Гэта было імгненьне кволае і незваротнае. Глядзела, глядзела на ўсё шырока расплюшчанымі вачыма, але нічога ня бачыла, апроч яго. Не магла нічога больш умясьціць у сябе. Не ўмяшчалася. Нават не скажу, былі б мы такія шчасьлівыя, як я цяпер апісваю, калі б ён застаўся жывы. Я грашу... Я прыгадваю ня толькі тое, што было, а што хацела б, каб было і як было. Магу пісаць і пісаць сваю кнігу каханьня. Дапісваць. Я – настаўніца. Філолаг. Я шмат думала пра чалавечую памяць, бо шмат памятаю.... Прыгадваць лепш за ўсё ўвечары... Люблю вечар... у мяне столькі дэкарацыяў вечарам... я тут і яшчэ недзе... Задумаюся і нібыта сьплю, цела губляе адчуваньне звыклых межаў... Часам палохаюся... баюся страціць розум, тонкая нябачная нітачка, якая ўтрымлівае мяне ў рэальным сьвеце, можа абарвацца, і я ўвайду туды, адкуль ужо ня выйду. Я гэта пра сябе ведаю. Але ўсё роўна іду... кудысьці іду... Бачу нейкія хісткія плямы, лініі, бачу сьвятло... Нейкае сьвятло... Не заўсёды гэта магу разгледзець, злавіць кароткім сваім позіркам. Толькі ўва сьне, у забыцьці... Потым усё адразу зьнікае... ніякога сьвятла... а тады, у тую хвіліну я чую... быццам нават разумею, як гук робіцца сьвятлом, а сьвятло пераходзіць у гук і пракрадваецца ў мяне шляхам гуку... Усе перагародкі ападаюць... Уявіце сабе... Я часта паміраю ў сьне...(Задыхаецца). Паміраеш і ўсё забываеш. Потым прачнешся... Жнівень... памятаю, быў жнівень... І пачаўся дождж. Мама вяртаецца з поля, жала жыта. З плачам: — Божа! Божа! Твой Іван запісаўся ў паліцыю. Дзед прымусіў. — А як жа нашае вясельле? Я не хачу быць жонкаю паліцая!! Загаласілі ўдвух. Увечары прыходзіць Іван... Вачэй не падымае... Пачынае казаць... загаворваецца... як вар’ят... Я яго такім ніколі ня бачыла. Пачынае казаць, што часта бачыць мяне ў сьне... думае пра мяне... кожную хвіліну... Калі ня пойдзе ў паліцыю, адправяць у Германію... Мы разлучымся... (Задыхаецца). Гэта вакол вайна, а ў нас каханьне. Мы шчасьлівыя... Год пражылі – муж і жонка. Я – цяжарная... То ішлі на фронт саставы з нямецкімі салдатамі, усе маладыя. Песьні сьпявалі. Цяпер ужо менш маладых, больш сталых. Тыя былі вясёлыя, а гэтыя самотныя. Савецкая армія перамагае. — Іван, — пытала, — што з намі будзе? — На мне крыві няма. І тут пачынаецца... Калі патраплю ў пекла, дык мне там ня так страшна будзе. Пасьля ўсяго... пасьля таго, што перажыла... Уявіце сабе... Праз дзьве хаты ад нас жыў хлопец, якому я таксама глянулася, адзін час ён да мяне заляцаўся. Прыгожы хлопец, але мне не падабаўся. Ён пайшоў у партызаны. Насіў кубанку з чырвонаю стужкаю... Нічога не прыдумала... Усё памятаю... Самае страшнае – не вайна, а тое, што між людзьмі... завяжацца такі вузел... такая пятля... Ноччу стук у дзьверы: — Хто? — Партызаны. Уваходзіць гэты хлопец і яшчэ адзін, той – старэйшы. І ён пачынае: — Як жывеш, паліцаечка? Даўно хацелі цябе наведаць. А мужанёк дзе? — Адкуль мне ведаць. Сёньня не прыехаў. У гарнізоне застаўся. Тады той хлопец... якому я падабалася, хапае мяне за руку і кідае да сьцяны... П’яны... Мацюкаецца... І б... і х... Успомніў, што на танцах я мала ўдзяляла яму ўвагі. Незачэпа! Цэлачка! Нямецкага халуя... кулацкае адроддзе выбрала... І б... і х... Мама давай мяне абараняць, яны і яе да сьценкі: — Страляйце, хлопчыкі, страляйце. Я з вашымі мацяркамі разам у дзеўках гуляла. Сяброўкі. Няхай і яны потым паплачуць. Усе з адной вёскі. Суседзі. Нейк словы маці на іх падзейнічалі. Яны перамовіліся між сабою і пайшлі. (Задыхаецца). Я магу сказаць... Адно ведаю... Каханьне – сьмерць... каханьне – атрута... Фронт усё бліжэй і бліжэй. Ужо начамі кананада чуваць. І нейк ноччу зноў – госьці: — Хто? — Партызаны. Заходзяць. Тыя ж двое. П’яныя... І вось хлопец... той... наш сусед... дастае з-за пазухі і паказвае мне пісталет: — Вось гэтым пісталетам я забіў твайго мужа. — Няпраўда!! Няпраўда! – Крычу. Кідаюся на яго. — Праўда, — адказвае ён, працьверазеўшы. – Хутка прыйдуць нашыя, цябе забяруць у органы. У энкавэдэ. Я магу ўратаваць. Выходзь за мяне замуж. — Не! Не!! – Я б’юся аб яго галавою, як аб сьцяну. Прывезьлі Івана... на санях... на шынялі... Ляжыць маладзенькі, маладзенькі, як на школьнай картачцы. Такі ясны твар... чысты... Нібыта, ранак, і ён сьпіць... Я вар’яцела... Крычала... выла... качалася па падлозе... Мая мама баялася, ужо не спадзявалася, што дзіцё ўва мне застанецца жывым... нармальным... Я канчалася... Вар’яцела... Жыла ў нас у вёсцы знахарка, бабка Міксючыха, мама кінулася да яе. Тая сказала: “Я тваёй дачцы не дапамагу, няхай Бога просіць. Толькі так, каб усе бачылі. Прылюдна. Яна павінна не за труною ісьці, як усе ідуць, а паперадзе труны. Да самых могілак”. А гэта праз усю вёску. Праз усю нашую партызанскую вёску... Перад труною паліцая... Уявіце сабе... Амаль у кожнай хаце муж ці сын у лесе, у партызанах... Ці загінуў... А я ішла... Ішла і прасіла Бога захаваць мне дзіцё. “Толькі дужа сільна прасі”, — наказала знахарка. Я кахала... я хацела, каб у мяне хтосьці ад нашага каханьня застаўся. Прасіла! Маліла! Людзі выйшлі на дарогу... стаялі ля весьнічак... Глядзелі... Ніхто слова мне злога ня кінуў... папроку... Глядзелі і плакалі... (Задыхаецца). Вярнуліся Саветы... У мяне – сын. Цацак ніякіх... каробачкі з-пад запалак замест цацак... Мужчынаў не было – хто з войскам пайшоў далей, хто загінуў, засталіся адныя жанчыны. Нас пасылалі засыпаць акопы і хаваць нямецкіх салдатаў... Яны ляжалі паўсюль: у полі, у лесе, у рэчцы... Страху не было... Уявіце сабе... Як няма ў нас страху ад трупаў жывёлаў... Забітых нават дзеці не баяліся. Вароны іх клявалі, сабакі елі... Пасьля вайны чалавек не такі, як заўсёды... Зусім іншы чалавек... Ён не баіцца сьмерці... Я прывыкла да забітых... І там ён мяне зноў знайшоў... Той хлопец... Перад гэтым яго моцна паранілі, ляжаў у шпіталі. Яго камісавалі па інваліднасьці. Прыехаў на кані. — Табою ўжо цікавяцца. — Хто? — Хто? Хто? Органы... — А я ўсё роўна жыць не хачу. — Ты здурнела! У цябе дзіця. — Ведаеш чыё... — Я цябе і такою вазьму... І я выйшла замуж... у другі раз... за чалавека, які забіў бацьку майго дзіцяці... маё каханьне... Уявіце сабе... Усё – праўда. (Задыхаецца).Дваццаць гадоў з ім пражылі. Дачку нарадзіла. Дзяцей любіў. Майго сына любіў, як свайго. Але ніхто не здагадваўся, ня ведаў... якія ночы я перажыла... пераплакала... У мяне была яшчэ адна вайна. На вайне, як на вайне. Яго пякла рэўнасьць. Нейкае нястрымнае пачуцьцё... “Ты Івана кахаеш, а не мяне. Ніяк прах не забудзеш”. У сіняках, у крывавых сіняках хадзіла... “Ненавідзіш. Па вачах бачу – не даравала”. Аборты без канца... “Ніколі сама не пацалуеш. Усё маўчыш”. Ноччу б’е, а ўранку на каленях перада мною стаіць. Людзі яшчэ ўсе сьпяць, а я ўжо ўстаю. Усе ляглі, глухая ноч, ні адно вакно ня сьвеціцца, а я яшчэ на кухні. Ішла ў спальню, як на Галгофу. На пакуту. Нікому не магла паскардзіцца. Мама памерла. Людзей баялася... Дазнаюцца... пачнуцца плёткі... абгаворы... Аднак яму сьмерці я не жадала. Не прасіла. Я не вінаватая. Яшчэ малады мужчына... Ён захварэў і хутка памёр. За адну восень... згарэў... Калі паміраў... Гэта, напэўна, грэх згадваць... Грэх расказваць... Гэтую таямніцу шмат гадоў у сабе насіла, а цяпер хачу пакінуць... Тут... Навошта яна мне там, на небе. Я толькі аднаго баюся, каб мы там з ім зноў не сустрэліся. Калі ён паміраў... Не адразу зразумела: чаму? Што хоча? Чаму распытвае суседа, той зьвярыныя скуры вырабляў, пра атруты... што можна купіць у аптэцы... як яны дзейнічаюць... І так дзіўна на мяне паглядваў... Так дзіўна і страшна... Перад самым канцом... у апошні дзень... папрасіў дараваць за Івана... — Ты ж ведаў, ён нікога не забіў? — Ведаў. — Дык за што? — Нам дваім не было месца на гэтай зямлі. — Чаму? — З-за цябе. Павярнуўся да мяне ў той момант... у той самы... перад тым... У апошнюю хвіліну... “Ты мяне кахала?” Я прамаўчала. Засьмяяўся, як тады ноччу... калі зайшоў і пісталет паказаў... прызнаўся, што забіў... “А я цябе кахаў усё жыцьцё. З дзяцінства. Я цябе так кахаю, што хацеў забіць. Быў грэх. Хацеў забіць, таму, што ты застаешся тут. Без мяне. І я цябе больш ніколі ня ўбачу” Ляжаў у труне... Сьмяяўся... Я адна бачыла: сьмяецца. Баялася падысьці... А трэ было пацалаваць... Нічога не прыдумала...   Пейзаж адзіноты — Калі ён сказаў: “Я цябе кахаю”, а сам яшчэ не кахаў, ня ведаў, як ён мяне моцна пакахае, я адказала: “А што гэта азначае? Гэтае слова?”, замоўк і паглядзеў на мяне з ці-ка-вась-цю. Напэўна, надышоў такі момант, і ён вырашыў, што гэта трэба вымавіць. Звычайны сюжэт. Класіка. А для мяне каханьне – дзіўнае слова... Маленькае... Яно не ўмяшчала ўсяго таго, што са мною адбывалася, што я адчувала. Вось ён пайшоў, заўтра мы зноў, вядома, сустрэнемся, але толькі зачыняліся дзьверы, як я пачынала паміраць, я пачынала паміраць фізічнай сьмерцю, у мяне балела ўсё цела. Каханьне зусім не цудоўнае пачуцьцё, зусім не чароўнае, альбо ня толькі чароўнае... Ты трапляеш у іншае вымярэньне... жыцьцё пакрываецца заслонай, туманам, ты нікога ня бачыш, ні ў чым усёй душой ня ўдзельнічаеш, ты ў кокане, кокане нейкае вар’яцкае пакуты, перамолваньня ўсяго, што адбылося ўчора, пазаўчора, можа здарыцца заўтра, усяго, што ў яго было да цябе, без цябе. Ты адключаешся ад сьвету, ты робіш толькі гэтую працу, працу каханьня. Я марыла, якой я буду шчасьлівай, калі гэта скончыцца. Якой я буду шчасьлівай! І ў той жа час баялася, што гэта скончыцца. Жыць у такой тэмпературы немагчыма. У трызьненьні. Ува сьне. Да яго я таксама пакутавала, шалела, раўнавала, у мяне было шмат мужчынаў, я не са сьціпленькіх, але таго, што даў ён, ня даў ніхто. Ён адзін... Калі агульная душа, і мы разам, мы – адзіны сьвет. Ніхто ня даў таго вопыту самаахвяраваньня, ці што... Нават дзіцё не дало... Нават... Дзіцё? Не, не дало... А я – добрая маці... (Падбірае словы). Каханьне кідае нас углыб саміх сябе, ты чэрпаеш і чэрпаеш адтуль, то радуешся, то палохаешся самой сябе. Яно асьляпляе і атупляе, але і дорыць звышведаньне. Я імгненна ўгадала ягонае першае каханьне, хоць яны толькі павіталіся, такая лёгкая размова пра ўсё і ні пра што, вельмі па-сьвецку, нармальна. Аднак я зразумела, што гэта... Што гэта – яна... Яна на мяне не глядзела, нават не зірнула, не было зацікаўленага позірку: з кім ты, як ты? І нічога не было, апроч нейкіх мілых жэстаў. Але я пачула. Адчула. Яны ўдвух спыніліся, удвух сярод вялізнага натоўпу, людзкое плыні, як масток паміж імі перакінуўся. Як зьвер я пачула... Мажліва, таму, што раней, калі мы праязджалі па гэтай вуліцы, менавіта каля гэтых дамоў ён заўсёды быў у нейкім асаблівым стане, вось як ён глядзеў на гэтыя абшарпаныя пад’езды, самыя звычайныя, як ён глядзеў... Штосьці такое, што навука не адмаўляе, няведамае нам, няведамае. (Зноў пад-бірае словы). Ня ведаю... Ня ведаю... Едзем у метро, разам працавалі, выкладалі ў адным інстытуце і дамоў нам па дарозе, у адзін бок. Адна ветка метро. Калегі. Мы яшчэ ня ведалі, я яшчэ ня ведаю, а гэта ўжо быў пачатак... Гэта пачатак... Едзем... раптам ён пытае: — У вас ёсьць раман? — Ёсьць. — Добры? — Ды ня вельмі. А ў вас? — Ёсьць. — Добры? — Ды таксама ня дужа... І ўсё, і нічога. Зайшлі разам у краму, ён выцягнуў з кішэні дапатопную авоську, што тады ўжо было сьмешна, накупляў нейкіх макаронаў, таннай кілбасы, цукар, яшчэ штосьці, ну, класічны набор саўковых прадуктаў. Цукар драбковы... Піражкі нёс у прамасленым мяшэчку... (Сьмяецца). А я была замужам, мой муж – вялікі начальнік, мы жы­лі інакш, я жыла зусім іншым жыцьцём. Раз на тыдзень муж прыносіў паёк, ім давалі на працы, там далікатэсы па тых часах: балык, чырвоная рыба, ікра... Езьдзіла на машыне... “Частуйцеся, піражкі яшчэ гара­­чыя”, — жуе на хаду. (Зноў сьмяецца).Я прайшла да яго доўгі шлях, доўгімі этапамі... Доўгі шлях... Дублёнка ў яго на сьпіне каля рукава па-мужчынску, праз верх зашытая чорнымі ніткамі. “Напэўна, у яго памерла жонка, ён застаўся адзін з дзіцём”, — мне яго стала шкада. Пануры. Не прыгажун. Вечна смактаў валідол. Мне яго стала шкада... “О, як псуе Расія, — прызналася мне неяк у цягніку адна руская жанчына, якая даўно жыве на Захадзе, – у нас, у Расіі, жанчыны не ўлюбляюцца ў прыгажосьць, не прыгажосьць яны шукаюць і ня цела любяць, а дух. Пакуту. Гэта – нашае”. Са смуткам прызналася... Неяк атрымалася, што іншым разам зноў мы сутыкнуліся ў метро. Чытае газету. Я маўчу. Едзем. — У вас ёсьць таямніца? — Ёсьць. – Ад нечаканасьці адказваю сур’ёзна. — Каму-небудзь распавядалі? Я здранцьвела: Божа мой, пачынаецца... Божа мой! Так пачынаецца сапраўднае... ...Потым высьветлілася, што ён жанаты. Двое дзяцей. І я была замужам... — Раскажы пра сябе. — Не, лепш ты раскажы мне пра мяне. Ты ж аднекуль усё пра мяне ведаеш. — Не, я гэтага не зраблю. — Чаму? — А дзеля гэтага цябе трэба спачатку разьлюбіць. А ехалі мы тады на машыне, я была за рулём і пасьля гэтых ягоных словаў выехала на сустрэчную паласу. У сьвядомасьці адно – ён мяне кахае. Усе мне сігналяць, а я еду ім насустрач, у лоб. Хто ведае, адкуль падае каханьне? Хто яго пасылае? Сама прапанавала: — Давай пагуляем. — У што? — Вось я еду на машыне, ты прагаласаваў, я спынілася. Ну, і пачалі гуляць. Гулялі-гулялі, да мяне прыехалі гулялі, яшчэ ў ліфце гулялі. У вітальні. Ён нават пакпіў: “А бібліятэчка так сабе. Школьнай настаўніцы”. А я іграла саму сябе, прыгажуню – жонку начальніка. Гэтакую ільвіцу. Какотку. Іграла... І ў нейкі момант – ён: — Стоп! — А што такое? — Цяпер я ведаю, якая ты з іншымі. Паўгода ён ня мог пайсьці з сям’і, жонка не адпускала. Праклінала. Прасіла. Паўгода. А я вырашыла, што павінна пакінуць мужа, нават калі ўрэшце рэшт апынуся адна. Я сядзела на кухні і рыдала, бо пад час сыходу выявілася, што жыла я з вельмі цудоўным чалавекам. І паводзіў ён сябе ў гэтай сітуацыі надзвычай добра. Проста цудоўна. Мне было сорамна. Ён доўга рабіў выгляд, што нічога не заўважае, быццам нічога ня здарылася, але ў нейкі момант ня вытрымаў і задаў пытаньне, і мне давялося на яго адказаць, і ён пашкадаваў, што спытаў, у яго вырвалася... У вачах – просьба: “Не адказвай! Не адказвай!”, і жах перад тым, што ён зараз пачуе. Засьпяшаў: “Давай чай піць”. Размова за сталом не атрымалася. Аднак я адказала, я прызналася. А ён: “Усё роўна не пакідай мяне”. Я паўтарыла... “Не пакідай”. Ноч зьбірала свае рэчы... (Скрозь сьлёзы і сьмех). Але і там... Ужо мы ўдвух... Я там таксама два тыдні начамі на кухні плакала, пакуль не знайшла раніцай запіску: “Калі так цяжка, можа, табе трэба вярнуцца”. Сьлёзы высахлі... — Я хачу быць добрай жонкай. Што б табе хацелася? — Ведаеш, мне ніхто не гатаваў сьняданкаў. Мне хацелася б, каб ты мяне клікала на сьняданак, вось і ўсё, больш нічога ня трэба. А ўставаў ён у шэсьць раніцы, рыхтаваўся да лекцыяў. Я пахмурнела, таму што я – сава, позна кладуся і позна ўстаю. Але зразумела, гэта сурова, суровы пункт. Раніцай, ледзь трымаючыся на нагах, згатавала сырнікі, падала, пяць хвілінаў пасядзела і пацягнулася дасынаць. І так тры разы. — Больш ня трэба. — У мяне кепска атрымліваецца? — Я ж бачу, гэта для цябе такі подзьвіг, больш ня трэба. Нарадзілася дзіцё... Мне сорак адзін год, было нават фізічна вельмі цяжка, як я цяпер разумею, а тады думала: а, лухта, аднак, аказалася – не, зусім не лухта. Бяссонныя ночы. Пялюшкі. Падхапілі стафілакок. Значыць, пялюшак у два разы болей, патрэбная сьпецыяльная апрацоўка. У мяне туманіўся розум... Не было ў нас яшчэ гэтых памперсаў... Пялюшкі-пялюшкі... Сьціраю, палашчу, сушу... У нейкі момант, у якісьці дзень я зусім звар’яцела: пялюшкі ў духоўцы згарэлі, пральная машына пралілася і ў ванным пакоі па костачкі вады. Патоп. Дзіцё крычыць, а я анучаю зьбіраю ваду. На вуліцы – зіма. Як цяпер памятаю, села на край балеі і заплакала. Сяджу і плачу. Заходзіць... Так на мяне нейк халодна зірнуў, па чужому. Чакала, што ён кінецца дапамагаць, пашкадуе. Вар’яцею. А ён: “Як хутка ты “трэснула”, — павярнуўся і сышоў. Гэта было як аплявуха. Я нават ня стала адказваць, гэта быў такі ўдар. Вельмі нялёгка... Я ішла да яго доўга, доўгімі этапамі... А потым зразумела... Я яго зразумела... Ён жыў з маці, якая адся-дзела дзесяць гадоў у лагерах і ні разу не заплакала, і дасылала дамоў вясёлыя, сьмешныя лісты. Гэтыя лісты захаваліся, яна піша: “А ўчора здарылася найпацешная гісторыя. У завіруху мяне выклікалі ў атару (па прафесіі яна заатэхнік, таму хадзіла расканваіраваная, лячыла авечак), калі я ўжо вярталася, мясцовыя сабакі, не разглядзеўшы мяне і не пазнаўшы, накінуліся, была вельмі сьмешная схватка”. Далей яна апіс-вае, як яны качаліся па стэпу і грызьлі адно аднога. А ў канцы: “Затое цяпер мне добра, я ў лякарні, тут чыстыя прасьціны”. А яны ж яе парвалі... Стэпавыя сабакі... Ён рос сярод такіх жанчын... А тут зараўсьці з-за сапсаванай пральнай машыны... У маці сяброўкі, яны ўсе вярнулі-ся адтуль. Адну там так катавалі, што пераламалі пазваночнік, але яна прыходзіла заўсёды элегантная, зацягнутая ў карсет. Другая... Яе вадзілі голай на допыт, сьледчы адчуў, дзе слабое месца, што яна можа зламацца на гэтым. У яе былі залатыя валасы, сама маленькая, кволая. “Вас вадзілі голай?” – “Так, але ня гэта сьмешна”. Яе пусьцілі не па палітычным артыкуле, а па артыкуле – сацыяльна небясьпечны элемент, коратка, па-руску — “соэ”. Як прастытутку. У нейкім закутку, калі гэтае нябеснае зьзяньне, вялі два канваіры, адзін з іх, вясковы хлопец, шэптам: “Ты праўда “соэ”. – “Табе ж кажуць”. – “Ня можа быць”. – І ён зірнуў на яе з захапленьнем. Знакаміты лагер “Алжир” (Акмолинский лагерь жен изменников родины), лагер прыгажуняў… Яны гублялі ўсё ў гэтым жыцьці: мужоў, родных, іхнія дзеці паміралі ад голаду ў дзіцячых дамах. Гэтае слова адтуль – “трэснуў”, “чалавек трэснуў”. Маму арыштавалі, ён застаўся з бабуляй. Бабуля “трэснула”. Яна яго біла сьмертным боем, крычала. У яе арыштавалі сына і мужа дачкі. Яна страціла аблічча. У дзіцячым дзёньніку ягоным: “Мама, а-а-а!!”. Ягоная мама... Яна прыехала да нас на лецішча, ужо шмат гадоў прайшло пасьля лагераў... У яе на лецішчы быў свой пакой. Дом вялікі. І я вырашыла прыбраць, заходжу да яе, нідзе ніякіх рэчаў, пачынаю падмятаць і знаходжу вузялок пад канапай. Тут яна паяўляецца: — Мае рэчы, — гэта ў яе заўсёды: не мае сукенкі ці мае туфлі, а мае рэчы. — Пад “нарамі”? — Ніяк не магу прывыкнуць. І куды вы думаеце яна – гэты няшчасны вузялок? Расклала? Разьвесіла? Ніколі не здагадаецеся... Засунула пад матрац... Слухаць яе можна было бясконца... Турма. Ноч. У камеры дыхаць няма чым. Адчыняюцца дзьверы і ўваходзіць жанчына ў футры, а разам з ёю – і пах “Каці”. Знакамітая парыжская фірма. Я цяпер ня памятаю, але гэта была вядомая актрыса, яе ўзялі адразу пасьля канцэрту. Усе акружылі яе і нюхаюць футра. Гла-дзяць. Дыхаюць воляй і сваім мінулым жаночым жыцьцём. Яны ўсе прыгажуні... Жаніліся ж камісары на прыгажунях, даўганогіх і адукаваных, пажадана, каб з былых, з тых, хто застаўся, ня выкрытых. У фільдэрперсавых панчохах. Яшчэ Набокаў заўважыў, што жыцьцё пакідае на жанчыне драпіны, яны зацягваюцца, а мужчыны як шкло. Колькі я памятаю, колькі я, аказваецца, памятаю... Я так доўга ішла да яго... Ноччу... У бараку... Маладая кучаравая дзяўчына... Са старой дваранскай сям’і... Яна сядзела і гадзінамі расчэсвала свае валасы, прыгадвала маму. Аднойчы раніцай прачнуліся – яна лысая. Рукамі ўсе свае валасы вырвала, ні нажа, вядома, у іх не было, ні нажніцаў, яна рукамі. Вырашылі – звар’яцела. Што ты зрабіла з сабою? Яна ім расказала, што яе вярбуюць, абяцаюць выпусьціць на волю, але з умовай, што стане стукачкай. Барак плакаў, а яна ўсьміхалася: “Я баялася, што дрогну, і мяне выпусьцяць, а цяпер у іх няма выхаду, я лысая. Усё, я ў – турме”. Ён вырас сярод такіх жанчын... І я павінна была стаць такою... Падобнай да ягонай мамы... І я стала... Пераклад Андрэя Налівы (Барыса Пятровіча)
 
Лада Алейнік (№78)
Дзядзькаванне: звычай ці міф? Праблема сацыялізацыі асобы ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” Тэрмін “сацыялізацыя” пачаў выкарыстоўвацца пры канцы ХІХ стагоддзя ў амерыканскай сацыялогіі. У 1896 г. у артыкуле “Сацыяльны кантроль” яго выкарыстаў Эдвард Рос, адзін з заснавальнікаў амерыканскай сацыялогіі і сацыяльнай псіхалогіі. У 1897 г. амерыканскі сацыёлаг Франклін Гідынгс надрукаваў кнігу “Тэорыя сацыялізацыі”. У 1916 г. заснавальнік Чыкаг­скай школы сацыялогіі Эрнст Бёрджэс абараніў доктарскую дысертацыю “Функцыі сацыялізацыі ў сацыяльнай эвалюцыі”. Узнікненне тэрміна “сацыялізацыя” было абумоўлена аб’ектыўнай неабходнасцю развіцця сацыялогіі – навукі аб заканамернасцях функцыянавання грамадства. Працэс інтэграцыі асобы ў сацыяльную сістэму амерыканскага грамадства, якое з’яўляецца кангламератам уласных і сусветных культурных каштоўнасцей, норм у галіне асабістых і сямейных узаемаадносінаў, надзвычай складаны і шматаспектны. Назву “сацыялізацыя” атрымала з’ява, якая абагульніла шэраг працэсаў, датычных фарміравання і сацыяль­нага станаўлення чалавека: гэта і выхаванне, і інкультурацыя, і інтэрыярызацыя (інтэрналізацыя), і сацыяльная адаптацыя, і самаідэнтыфікацыя. У сярэдзіне ХХ стагоддзя аформілася тэорыя сацыялізацыі, тэрмін увайшоў ва ўжытак у сусветнай навуцы. Несумненна, зварот да пытання, якім чынам чалавек робіцца кампетэнтным членам грамадства, заўсёды быў у цэнтры ўвагі навукі. “Да афармлення тэорыі сацыялізацыі ў адносна самастойную галіну навуковых даследаванняў, праблемы, датычныя станаўлення асобы, вывучаліся ў рамках традыцыйных праблем чалавеказнаўства (выхавання, фарміравання і развіцця асобы і грамадства, пераемнасці пакаленняў і інш.). Са з’яўленнем у навуковым выкарыстанні паняцця “сацыялізацыя” адбылася пераарыентацыя гэтых работ у новае рэчышча” [1, с. 10–11]. Паводле свайго зместу тэрмін “сацыялізацыя” з’яўляецца міждысцыплінарным і выкарыстоўваецца ў такіх розных галінах ведаў, як сацыялогія, псіхалогія, філасофія, педагогіка, антрапалогія, этнаграфія і іншых. Аднак у філалагічнай навуцы праблема сацыялізацыі асобы яшчэ не набыла належнага асвятлення, гнасеалагічны і анталагічны патэнцыял мастацкай літаратуры не даследаваўся з пункту гледжання сацыялізацыі. Феномен сацыялізацыі знайшоў дастаткова грунтоўнае і шматаспектнае ўвасабленне ў беларускай літаратуры ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. Аднак варта падкрэсліць, што, аналізуючы мастацкія творы, у якіх адлюстраваны працэс сацыялізацыі, даследчыкі традыцыйна вялі гаворку выключна пра выхаванне асобы. Між тым сацыялізацыя і выхаванне з’явы не тоесныя. У адрозненне ад сацыялізацыі, якая адбываецца ў выніку стыхійнага ўзаемадзеяння чалавека з навакольнай рэчаіснасцю, выхаванне – працэс свядомага і мэтаскіраванага псіхолага-педагагічнага ўплыву на асобу. Вядома, што чалавек можа быць выхаваным і інтэлігентным, мець высокія маральныя прынцыпы, але пры гэтым не ведаць жыцця, не ўмець да яго прыстасоўвацца. І наадварот – можа дастаткова камфортна пачувацца ў соцыуме, але пры гэтым быць не выхаваным, не мець маральных перакананняў. Безумоўна, мастацкую літаратуру нельга разглядаць як фактаграфічна-дакладную крыніцу інфармацыі. Аднак літаратурныя творы, у якіх вобразна адлюстраваны і асэнсаваны культурна-гістарычны і сацыяльны вопыт чалавецтва, актыўна спрыяюць працэсу пазнання. Нягледзячы на значнасць рацыянальнага вопыту ў жыцці чалавека, эмацыйна-пачуццёвае і эстэтычнае спасціжэнне рэчаіснасці адыгрывае не менш істотную ролю ў фарміраванні асобы. Мэтазгодна адзначыць, што на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў усё больш выразна выяўляецца тэндэнцыя да збліжэння прыродазнаўчых, сацыяльных і гуманітарных навук, фарміруецца прынцыпова новы падыход да асэнсавання аб’ектаў даследавання і рэальнасці ў цэлым. Сучасныя вучоныя падкрэсліваюць: “Узаемадзеянне паміж сферамі прыродазнаўчых і гуманітарных ведаў, якое на этапе дысцыплінарнай арганізацыі навукі прымала пераважна форму трансляцыі метадалагічных установак прыродазнаўчых навук у сацыяльна-гуманітарныя веды, у постнекласічнай навуцы ажыццяўляецца на аснове аб’яднання кагнітыўных і аксіялагічных параметраў навуковых ведаў” [2, с. 251]. У святле найноўшых навуковых тэндэнцый даследаванне мастацкага асэнсавання сацыялізацыі чалавека набывае асаблівую значнасць і прымае характар не абстрактна-эстэтычны, а сацыяльны і канкрэтны. Адным з выбітных узораў айчыннай прозы ХХ ст., дзе маляўніча і па-мастацку пераканаўча адлюстраваны працэсы выхавання і сацыялізацыі асобы, з’яўляецца раман У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Лёс галоўнага героя твора – нашчадка княжацкага роду Алеся Загорскага, прадвызначае “дзядзькаванне” – шэсць год жыцця ў сялянскай сям’і Кагутоў. Сутнасць звычаю дзядзькавання вытлумачвае ў зачыне твора дзед Даніла – старэйшы з роду Кагутоў, які вядзе размову з маленькім унукам Юрасём: “ – Зводзiцца стары звычай, Юрак. Калісь па ўсiм Прыдняпроўi i далей гэта як звыклае было. Я помню, да французаў яшчэ, мала хто з паноў, праваслаўных асаблiва, не рабiў гэтага... А цяпер усё радзей i радзей... – А нашто гэга? – спытаў Юрась. <…> – Каб ведалі, як даецца зямля, – сказаў дзед, – каб не збэсцiлiся на сабаку. Аддавалi, бывала, як толькi чатыры гады дзіцяцi. Хто на тры, а хто і на пяць год. I зусiм не дапамагалi халопскай сям’і. А потым, калі возьмуць хлопца зноў у двор – даюць мужыку пакормнае, за тое, што хлопец з’еў, i дзядзькавое, бо ўсе мы як быццам дзядзькi малому, выхоўвалi яго, розуму вучылi” [3, с. 17]. Першы жыццёвы досвед Алесь Загорскі атрымаў ва ўласнай сям’і, дзе ён жыў да сямі год1 і выхоўваўся ў арыстакратычных традыцыях – засвойваў замежныя мовы, вытанчаныя манеры і правілы этыкету свецкага асяроддзя. Але каб аднойчы прыняць на сябе абавязкі князя, хлопчыку, на думку бацькі, варта было зведаць іншы бок рэчаіснасці – засвоіць лад жыцця тых людзей, над якімі з цягам часу ён зробіцца гаспадаром. Князь Юрый Загорскі даводзіць жонцы: “Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на “дзядзькаванне”. Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагуты – лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi. <…> Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам. <…> Некалькi год сярод жытнiкаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фiзiчныя практыкаваннi, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год” [3, с. 50–51]. Такім чынам, Юрый Загорскі кіраваўся жаданнем даць сыну магчымасць адчуць і зразумець народнае жыццё, убачыць свет вачыма сялян. Паўнавартасная сацыялізацыя мае на ўвазе засваенне норм і каштоўнасцей менавіта грамадства, у якім чалавек жыве, а не толькі пэўнай сацыяльнай групы. У сацыялізацыі, апроч усяго, немалаважную ролю адыгрывае “ментальны інструментарый” – мова, абрады, звычаі, вераванні, рэлігія, міфы, мастацтва, мараль. Відавочна, што Алесь Загорскі насамрэч сацыялізаваўся – не толькі ўсвядоміў сваю нацыянальную прыналежнасць, але адчуў крэўную повязь з народам: “Я мужык. Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне вярнула да народа. Да гнанага, да аббрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася” [4, с. 12]. Неабходна заўважыць, што насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што “дзядзькаванне” – гэта “даўні беларускі звычай” аддаваць дзіця на выхаванне ў сялянскую сям’ю, які “быў вядомы ў сярэднія вякі і захаваўся да ХVІІІ стагоддзя” [5, с. 137, 146], дакладных гістарычных сведчанняў пра гэта няма. Тым больш не выпадае сцвярджаць, што гэты звычай быў “пашыраны” на Беларусі ў ХVІ – ХVIII стст., як адзначаецца не толькі ў пераважнай большасці літаратуразнаўчых прац, прысвечаных раману У. Караткевіча, але і ў навуковых манаграфіях, прысвечаных беларускай народнай педагогіцы [6]. У некаторых даследаваннях нават сустракаюцца сцвярджэнні, што “на Мазырскім Палессі гэты звычай у некалькі іншай інтэрпрэтацыі захаваўся практычна да нашага часу” [7, с. 15]. Крыніцай інфармацыі, паводле спасылкі, прыведзенай аўтарам, з’яўляецца кніга Г. Волкава “Аб традыцыях чувашскага народа ў эстэтычным выхаванні” [8], у якой, аднак, не сустракаецца звестак ні пра дзядзькаванне, ні пра Мазырскае Палессе. У савецкай гістарычнай навуцы звычай дзядзькавання згадваецца ў працах В. К. Гарданава [9; 10]. У артыкуле “Кармільства ў старажытнай Русі” даследчык падкрэсліў, што апісання сутнасці звычаю ў гістарычных крыніцах яму знайсці не ўдалося. На думку вучонага, сведчаннем існавання ў старажытнай Русі інстытута кармільства могуць з’яўляцца згадкі пра кармільцаў і дзядзькоў у летапісах, жыційнай літаратуры і рознага роду граматах. “На жаль, усе гэтыя крыніцы сведчаць пра кармільцаў і дзядзькоў празмерна скупа, абмяжоўваючыся ў большасці выпадкаў адно згадкамі пра асобаў, якія з’яўляліся выхавацелямі-кармільцамі княжацкіх сыноў. Абрывачнасць і сціпласць звестак, якія маюцца ў пісьмовых помніках старажытнай Русі наконт пытання, якое нас цікавіць, у пэўнай ступені можа быць дапоўнена параўнальна-гістарычным матэрыялам, датычным інстытутаў, якія паводле свайго паходжання і асноўных прыкмет з’яўляюцца аналагічнымі старажытнарускаму кармільству. У гэтай сувязі асаблівую цікавасць для нас уяўляе каўказскі этнаграфічны матэрыял, які адносіцца да так званага аталыцтва (ад слова “аталык”, што значыць “выхавацель”, “кармілец”), інстытуту, шмат у чым падобнаму да старажытнарускага кармільства” [9, с. 44]. Відавочна, што меркаваць пра славянскі звычай дзядзькавання на падставе “каўказскага этнаграфічнага матэрыялу” неправамерна. У постсавецкай гістарычнай навуцы звычай дзядзькавання зрабіўся аб’ектам увагі шэрагу вучоных [11; 12; 13]. Аднак скупыя звесткі ў старажытных пісьмовых помніках, да якіх апелююць даследчыкі, дазваляюць толькі дапусціць, што меліся адзінкавыя факты выхавання княжацкіх дзяцей па-за межамі ўласнай сям’і. Пры тым не ў сялянскіх сем’ях, а ў знатных і заможных ваявод ці баяр (пераважна родзічаў ці сваякоў), паколькі “кармільства” прадугледжвала перадусім вайсковую падрыхтоўку і адукацыю. Але неабходна падкрэсліць, што дакладнай інфармацыі ні пра форму, ні пра змест гэтага працэсу не знойдзена. Гісторык В. Пілецкі заўважае, што пра наяўнасць звычаю “кармільства” ў асяроддзі прывілеяванага насельніцтва ўсходнеславянскага рэгіёна можна гаварыць “з пэўнай доляй упэўненасці”, якая “звязана з распаўсюджанасцю ў грамадстве на полацка-тураўска-смаленскіх землях прозвішчаў, вытворных ад слова “дзядзька”. Гэта такія, як “дзятко”, “дзядзін”, “дзядзьковіч”, “дзеткавец”, “дзяткоў” і інш., якія ў даволі не малой колькасці захаваліся ў асяроддзі беларускага насельніцтва ажно да сённяшніх дзён” [13, с. 23]. Думаецца, аднак, што прыведзены аргумент не з’яўляецца пераканаўчым доказам. Верагодна, у стварэнні міфа адносна “пашыранасці” звычаю дзядзькавання на беларускіх землях у ХVІ – ХVIII стст. вызначальную ролю адыграў менавіта раман У. Караткевіча. Творчая інтуіцыя дазволіла таленавітаму пісьменніку адчуць і аб’ектыўна ўсвядоміць, што адлюстраванне вобраза народнага заступніка патрабуе пэўнай логікі – гэты герой не можа быць ізаляваным ад таго сацыяльнага асяроддзя, за незалежнасць якога ён змагаецца. Ён павінен быць далучаным да жыцця сялян, да тых тых вытокаў, адкуль бяруць пачатак крыніцы народнай душы. Інакш кажучы, мастацкая інтэрпрэтацыя звычаю дзядзькавання дэтэрмінавана творчай задачай аўтара. Пісьменніцкую індывідуальнасць У. Караткевіча, як вядома, вызначаюць імкненне да рамантызацыі і ідэалізацыі нацыянальнай гісторыі, схільнасць да міфатворчасці і белетрызацыі. А. Лойка – літаратуразнаўца і пісьменнік, блізкі сябар У. Караткевіча, засведчыў: “Зрэшты, аб значэнні гісторыі для народа, для нацыі Уладзімір Караткевіч – я памятаю, на свае вушы чуў – гаварыў заўзята… <…> “Калі і няма ў народа гісторыі, трэба яе выдумаць”. Вядома, Караткевіч не толькі ведаў гісторыю роднага краю, але і выдумляў яе. Выдумшчык, выдумляльнік! Канешне, як аўтар гістарычных аповесцяў і раманаў Уладзімір Караткевіч без выдумкаў не абыходзіўся, але ён не быў падтасоўшчыкам гісторыі, не быў чэхам, які выдаваў краледворскія рукапісы за арыгінал, хоць былі яны яго падробкай. Ды каб не гэтая падробка, ці ж анямечаныя чэхі сталі б чэхамі? <…> Караткевіч – у пару савецкай русіфікацыі, калі Беларусь сваёй уласнай гісторыі пазбаўлялася, вяртаў ёй гісторыю, выдумляў ёй міфы, аб чым <…> ведаў Адам Мальдзіс, потым ужо ў сваёй кнізе пра Караткевіча засведчыўшы гаворанае Уладзімірам: “Павінны ж мы ў рэшце рэшт абрастаць міфамі!” [14, с. 13–14]. Безумоўна, стварыць міф пра звычай дзядзькавання на Беларусі У. Караткевічу ўдалося. Раман “Каласы пад сярпом тваім” зрабіўся адным з самых папулярных і любімых чытачамі твораў айчыннай літаратуры, а яго галоўны герой – сімвалам духоўнай велічы, высакароднасці і патрыятызму. У вялікай ступені гэтаму паспрыяла дакладнае мастацкае адлюстраванне працэсу сацыялізацыі героя, змест якой увасоблены ў звычаі дзядзькавання. “Навуку, якую засвойвалі дзеці пры ажыццяўленні выхаваўча-адукацыйнага працэсу шляхам дзядзькавання, на нашу думку, можна вызначыць перш за ўсё як “жыццёвую мудрасць” і “сталенне”. Наўрад ці хто вучыў дзяцей нейкім спецыяльным ведам. Але знаходжанне падлетка ў значнай аддаленасці ад свайго дому, і самае галоўнае адарванасць ад бацькоў (братоў, сясцёр), якія ўяўлялі сабой прывычнае для яго сацыяльнае асяроддзе ў маленстве, рабіла маладога чалавека поўнасцю адказным за свой уласны лёс. <…> Адбываўся інтэнсіўны працэс сталення і накаплення жыццёвай “навукі” – той, якая была вядома ўсім дарослым людзям, прадстаўнікам адпаведнага сацыяльнага асяроддзя” [13, с. 23]. Вобраз Алеся Загорскага захапляе, натхняе і ўспрымаецца чытачамі як рэаль­ная асоба, і нават навуковы свет прыняў мастацкую інтэрпрэтацыю звычаю дзядзькавання як гістарычны факт, як аксіёму. Таленавітыя мастацкія творы валодаюць несумненнай сугестыяй – уражваюць, уплываюць на светапогляд, на фарміраванне маральных ідэалаў і каштоўнасных арыенціраў. Гэта значыць, што літаратура не толькі адлюстроўвае механізм сацыялізацыі, але з’яўляецца яе непасрэдным фактарам – садзейнічае маральнаму развіццю, засваенню сацыяльна-грамадскага і культурна-гістарычнага вопыту, аксіялагічнаму станаўленню і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.   Л і т а р а т у р а : Мудрик, А.В. Социализация человека : учеб. пособие / А.В. Мудрик. – 3-е изд., испр. и доп. – М.: МПСИ ; Воронеж : МОДЭК, 2010. – 624 с. Доброродний, Д.Г., Шаврова, О. Г. Взаимодействие естественных и социально-гуманитарных наук как предмет философско-методологической рефлексии // Научные труды Республиканского института высшей школы. Философско-гуманитарные науки: сб. науч. ст.; редкол.: В.Ф. Берков [и др.]. – Минск, 2012. – С. 251–258. Караткевіч, У. Каласы пад сярпом тваім. Кніга першая / Уладзімір Караткевіч. – Мінск: Беларусь. – 1968. – 364 с. Караткевіч, У. Каласы пад сярпом тваім. Кніга другая / Уладзімір Караткевіч. – Мінск: Беларусь. – 1968. – 384 с. Верабей, А. Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць / А. Верабей. – Мінск: Беларуская навука, 2005. – 271 с. Арлова, Г.П. Беларуская народная педагогіка / Г.П. Арлова. – Мінск: Народная асвета, 1993. – 120 с. Болбас, В.С. Народная педагогіка Мазырскага Палесся / В.С. Болбас, І.С. Сычова. – Мазыр : Белы Вецер, 2012. – 246 с. Волков, Г.Н. О традициях чувашского народа в эстетическом воспитании / Г.Н. Волков. – Чебоксары : Чуваш. кн. изд-во, 1965. – 60 с. Гарданов, В.К. “Кормильство” в древней Руси // Советская этнография. – 1959. – № 6. – С. 43 – 59. Гарданов В.К. “Дядьки” Древней Руси // Исторические записки. – Т. 71. – Моск­ва, 1962. – С. 236 – 249. Мазур, О. Релікти авункулату і “кормильство” у князівських династіях Рюриковичів і П’ястів // Народознавчі Зошити. – Ч. 3. (39). – 2001. – С. 416 – 424. Петрик, А. “Великий галицький боярин Дмитро Детко та його Рид” // Дрогобицький краезнавчий збірник / Ред. кол. Л. Тимошенко (голов. ред.), Л. Винар, Л. Войтович, Я. Ісаевич та ін. – Вип. ХІІІ. – Дрогобич: Коло, 2009. – С. 33 – 44. Пілецкі, В. “Кармільства”, ці “дзядзькаванне”, як адна з форм выхаваўча-адукацыйнага працэсу насельніцтва тэрыторыі Беларусі ў раннесярэднявечную эпоху // Гістарычна-археалагічны зборнік. – Вып. 25. – Мінск: Беларуская навука, 2010. – С. 21 – 24. Лойка, А. Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі // Полымя. – 2009. – №1.– С. 3 – 43.  
 
Кустава - Турбіна (№78)
Любоў Турбіна: «У Маскве я адчуваю сябе больш беларускай, чым у Мінску» Упершыню мы сустрэліся са спадарыняй Любоўю на вечарыне памяці Рыгора Барадуліна ў Доме На­цыянальнасцяў у Маскве, якую зладзілі беларусы і апантаныя беларушчынай масквічы. У часе імпрэзы спадарыня Люба чытала свае пераклады невядомых дагэтуль барадулінаўскіх вершаў з уласнага архіва, а таксама знаёміла аўдыторыю з часопісам «Літара­турная вучоба», №1, за гэты год, дзе названыя пераклады і былі надрукаваныя. Пазней мы сустрэліся з ёй у рэстарацыі маскоўскага Дома Літаратара, каб пагутарыць і пра Барадуліна, і пра цікавасць Масквы да беларускай літаратуры, і пра паэтычны лёс самой паэткі Турбіной, які здзяйсняўся між Мінскам і Масквою. Апошняя кніга аўтаркі, што надоечы была прэзентава­ная ў беларускай сталіцы, так і называецца «Поезд “Минск — Москва” = Цягнік “Мінск — Масква”». Валярына Кустава: У Вас цікавы шлях. Вы нарадзіліся ў Ашхабадзе, жылі ў Маскве, а як тра­пілі ў Мінск? Любоў Турбіна: Давя­дзецца раскрыць свой узрост, але… Ашха­бад – гэта час эвакуацыі для мяне. В.К.: Але ж Вы ведаеце, што цудоўна выглядаеце… Л.Т. Дзякуй. Пасля эва­куацыі вярнулася ў Маскву з бацькамі. У 1945 годзе бацьку, вучонага-генетыка, запрасілі на працу ў Ле­нінградскі ўніверсітэт за­гадчыкам кафедры. Такім чынам мне давялося пра­жыць у пасляваенным Ленінградзе цэлых дзесяць гадоў, да майго чацвёртага класа, да той пары, калі бацька ў 1955 не быў абраны акадэмікам Беларускай акадэміі навук. І таму ў 1956 годзе нас чакаў канчатковы пераезд у Мінск. Маё першае ўражанне было ад возера Нарач і таго, што там адбылося… Гэта быў такі адпачынак для сем’яў універсітэцкіх парфесароў. База адпачынку. Мне было 13 гадоў, я была камсамолкай. Мы прыехалі на возера на татавай службовай машыне «Победа». Насустрач бягуць дзеткі белавалосыя, кідаюцца да машыны і крычаць: «Паны прыехалі!» Я адчула тады няёмкасць. Да таго, як звязацца з літаратурай, я любіла тэатр – і наведваць, і нават сама крыху пісала. У Ленінградзе мы з бацькамі шмат бывалі ў тэатрах, у мяне назбіралася цэлая бібліятэка праграмак, я ведала змест розных спектакляў. І акурат сюжэт оперы «Фаўст» у нейкім хляве, на Нарачы, кіруючы дачнай і мясцовай дзятвой, я і вырашыла паставіць… В.К.: Ініцыявалі інсцэніроўку… у 13 гадоў? Л.Т.: Так, я падбіла іх паставіць. Яшчэ і бацькоў паклікалі. Чамусьці мяне ніхто, хто б спачатку прачытаў першакрыніцу, не «асёк». Бо я збольшага імправізавала… В.К.: А штосьці яшчэ запомнілася з таго часу? Л.Т.: Так, там, пры Нарачы, мясцовыя людзі расказвалі шмат цікавых баек. У Ленінградзе быў Эрмітаж, былі музеі, і ўсе гэтыя казкі – у раскопках – недзе далёка. А тут – яны былі побач, жывыя. Памятаю, была байка пра дзвюх сясцёр, якія жылі разам, заўжды хадзілі разам і былі чужаніцамі. І пасля разам хадзілі іх духі – і ніхто іх не бачыў, з аднаго боку, а з іншага – усе баяліся. Хутар, дзе яны па чутках жылі, меў назву «Хутар дзікіх баб», не кепска? І я ў Беларусь «ужывалася» праз гэтыя фантазіі. Былі і гісторыі пра Чараўніка, шмат чаго. І неяк усе гэтыя міфы ў мяне арганічна паядналіся з уяўленнямі пра Беларусь. Памятаю, і ў лесе, паводле паданняў, жылі дзікія бабы, таму туды нам, шасцікласнікам, трэба было хадзіць вельмі асцярожна. В.К.: Пачала чытаць Вашую кнігу «Агні на вадзе», эсэ, вершы – і там таксама шмат гісторый, аповедаў пра незвычайныя мясціны, і перадусім – месцы Менска. Якія самыя любімыя, незвычайныя ці лёсавызначальныя гісторыі звязаныя з канкрэтнымі менскімі лакацыямі? Л.Т.: У першую частку кнігі перадусім увайшлі асабістыя гісторыі. Але калі казаць менавіта пра месцы Мінска – то гэта Палац прафсаюзаў, частка гісторый (да 1999 г.), гэта я ў «Першацвеце» вяла рубрыку «Хронікі нашага горада» – і яны былі звязаныя акурат з цікавымі месцамі. В.К.: А былі гісторыі пра вулачкі, кавярні, масты, дзе першы раз у каханні прызналіся, прапанову зрабілі… Л.Т.: Сквер у цэнтры Мінска (дзе лебедзі) – мяне ўпершыню тата туды прывёў (мы яшчэ тады не пераехалі ў Мінск, а жылі ў гасцініцы «Беларусь», побач са стадыёнам). «Гэта Мінск – тут мы будзем жыць!» – сказаў тата. Так і захавалася для мяне гэтае месца сэрцам горада. А памятаю, у беларускім Купалаўскім тэатры ўстаўлялі тады вітражы. І мы шмат каляровага шкла знаходзілі – гэта для тагачасных дзяцей было скарбам. В.К.: Так, для сакрэцікаў у зямлі. Вы рабілі такія? Л.Т.: Так, яны і былі скрабы – і чырвоныя, і жоўтыя. І, вярнуўшыся ў Ленінград, я кажу сястры: «Наташа, усё, едзем туды! Тут такога няма!.. Такія скарбы!..» В.К.: Так-так, Ашхабад-Масква-Мінск-Ленінград... пасля зноў Мінск. А што сталася той прычынай, па якой вы зноў пераехалі з Мінска ў Маскву, ужо дарослая? Л.Т.: Калі ў мяне толькі нарадзілася дачка, гэта ўжо 1970 год, мой тата сказаў: «Хачу ў Расію!» Ён адчуў, што скончыўся той час, калі рускіх паўсюль запрашалі, каб ствараць. Ён заснаваў беларускі Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН і быў першым яго дырэктарам. Ён адчуў узрастанне нацыяналістычных настрояў і хацеў вярнуцца, як кажуць, бліжэй да каранёў. Да таго ж у Разані была яго маці хворая. А мая мама, Таццяна Уладзіміраўна Залеская, была са Смаленска сама. І мне не хацелася нікуды з Беларусі, з Мінска ад’яджаць. Але бацька адчуў, што ён будзе мець больш магчымасцяў у Маскве. І, дарэчы, ён вывучыў ангельскую – і нават чытаў у Лондане лекцыі. В.К.: Ён не трымаўся за месца, выглядае на тое, – ён трымаўся за ідэю… Л.Т.: Так. У Маскве ён стаў дырэктарам інстытута біятэхналогій. Займаўся ГМА (генетычна мадыфікаванымі арганізмамі). В.К.: А Вы не такая? Л.Т.: Лічылася, што падобная да яго. Ён вучыўся ў мастацкім, а пасля – у Варонежскім сельскагаспадарчым інстытуце. А там, у Варонежы, быў літкансультантам Восіп Мандэльштам. І тата пісаў – не вершы – а адразу паэмы. І калі я пачала пісаць вершы, яшчэ у школцы, то тата мне казаў: мяне сам Мандэльштам хваліў, а я не пайшоў у паэты. Паэты сярэднія не патрэбныя. Ідзі – толькі калі лічыш, што станеш выбітнай. Ёсць у гэтым правільная патрабавальнасць да сябе. Атрымалася, я ўвасобіла тую ягасная дачка. В.К.: Таксама я ведаю, што на Вашы тэксты пісалі песні беларускія кампазітары... Л.Т.: Так, у свой час я працавала ў Акадэміі музыкі ў Мінску, дзе выкладала караценькі курс-факультатыў пад назвай «Паэтыка для кампазітараў». І тады маімі студэнтамі былі Дзіма Яўтуховіч (ён напісаў песню на мой тэкст – «Аранжавыя папугайчыкі»), Грушэўскі з Баранавічаў, Саша Літвіноўскі, Ядвіга Паплаўская (лічылася, але не наведвала). В.К.: Ёсць версія, што Барадулін не атрымаў Нобелеўскую прэмію, бо ён касмічны паэт, але гэты космас – выключна беларускі, задужа нацыянальны, яго вобразы цяжка перакладаць на любыя іншыя мовы... Як Вы шукалі адпаведнікі, што Вы рабілі, перакладаючы Барадуліна? Л.Т.: Неяк я перакладала яго вершы, што былі напісаныя пасля вяртання з Балгарыі, і там быў верш «Падарожжа ў балгарскую восень». Дык гэты верш быў – як выгляд з акна. Хутчэй вонкавае, чым унутранае. «На Планеце, на якім плячы, мы трымцім...» Гэта такая барадулінская славескай эквілібрыстыка. А я свае вершы пішу хутчэй «на гук». І таму я так і перакладаю, асэнсоўваю, больш гукамі... В.К.: Вы нібыта кладзеце на мелодыю верш пры перакладзе, ноты тыя самыя, толькі словы мяняеце... Так атрымліваецца? Л.Т.: Менавіта. Мелодыя гучання ў маіх тэкстах важней за метафарычнасць. Ёсць асобна – паэзія думкі. У маёй кнізе, што выйшла ў Піцеры «Уплывающий катер» – напрыканцы там пераклады Багдановіча, Стральцова і Някляева. Да Някляева я была неабыякавая. Калі гутарылі з Барадуліным пра яго, дык той заўжды казаў, што Някляеў такі прыгожы, так франт, што такога нам у Беларусі так не хапала. І яшчэ шматлікія сябры літаратара так казалі. В.К.: Вы па пашпарце руская. А якая Ваша літаратурная нацыянальнасць? Л.Т.: Так, мяркую, што літаратурная нацыянальнасць адпавядае мове, на якой пішаш. Атрымліваецца – рускамоўная. Увогуле мне здаецца, што вельмі важна, каб перакладчык дыхаў тым самым паветрам і жыў у той самай рэчаіснасці, у якой жылі паэты (Бурсаў, Дракахруст, Браніслаў Спрынчан). Вядомы ленінградскі паэт і перакладчык Анатоль Найман (з якім камунікавала Ахматава, і Рэйн, і Бродскі) выпусціў кнігу, дзе піша, што першы пераклад, які яму замовілі ў выдавецтве – быў нікому невядомы Гаўрусёў. А я ведала Сцяпана Гаўрусёва, «Рамонкавы хлопчык». Ён быў вельмі сціплы і добры паэт. Для мяне гэта вельмі дзіўна казаць пра паэзію, якую ты перакладаеш, і пра яе аўтара «нікому невядомы»... Так не робіцца. Мо пачытай яго біяграфію, паглядзі фотаздымак, наблізься да яго неяк унутрана, паспрабуй зразумець. Але канкрэтна гэтай сваёй фразай у кнізе ўспамінаў ён мяне асабіста вельмі пакрыўдзіў. В.К.: Для Вас крыўда за беларускую літаратуру – асабістая крыўда? Л.Т.: Так. Да таго ж я ведала Гаўрусёва – ён вельмі натуральны паэт, непрабіўны. У яго не было тых якасцяў, як у Барадуліна – з аднаго боку наіграная простасць, а з іншага – кепска схаваная зацікаўленасць. Ён нібыта быў беспартыйны, але выбудоўваў каменьчыкі, куды ісці, гэта такі інстынкт захавання паэта. Ён жа перакладаў, бывала, па некалькі кніг іншамоўных аўтараў (Амар Хаям, Роберт Бёрнс). Вось Галя Дубянецкая над кожным радочкам «корпаецца», у яе кожнае слоўца, як каменьчык, укладзена. Ён хутчэй рабіў пераасэнсаванні. Але і ў гэтым ёсць свая праўда. Часам ты бярэшся за пераклады, якія дазваляюць табе сказаць тое, што табе свой уласны досвед не дае сказаць. Мой сябар, выдатны ленінградскі паэт-перакладчык, а таксама вельмі яркі празаік Ігар Куберскі ў рамане «Егіпет-68» піша пра тое, што як бы мы ні імкнуліся перакласці вершы адэкватна, гэта практычна немагчыма – знікае шматслойнасць паэтычнага тэксту. А Куберскаму належаць найлепшыя з мне вядомых перакладаў вершаў ангельскага класіка Томаса Гардзі! В.К.: Падзел: беларускамоўныя і рускамоўныя літаратары – гэта трагедыя ці адметнасць? Л.Т.: Для мяне гэта зусім не трагедыя, бо калі ўзяць тых, з кім я вучылася ў літаратурным інстытуце, то, магу сказаць, мой літаратурны лёс склаўся максімальна паспяхова ў Беларусі, наколькі ён мог скласціся ў тыя гады. Хто застаўся ў Маскве і пісаў па-руску – у іх часта не атрымлівалася выйсці на ўзровень нават адной, другой кнігі. Не тое, што трэцяй. А акурат беларуская літаратура давала такую магчымасць. І за кошт унікальнасці – у тым ліку. В.К.: А якое Вашае стаўленне да беларускіх літаратараў, што пішуць па-руску, і ўвогуле да такой фармулёўкі? Л.Т.: Калі для іх гэта натуральна, то чаму не? Акурат пры мне многія пераходзілі з рускай на беларускую. Напрыклад, Някляеў пачынаў па-руску. В.К.: Так, але потым ён забраў рукапіс сваёй рускамоўнай кнігі з выдавецтва. І першая ўсё ж выйшла па-беларуску. Л.Т.: Але гэта ж не тое, што ён прынёс – і адразу забраў. Ён павучыўся ў Літаратурным інстытуце і зразумеў, што будзе каштоўны, пішучы па-свойму. Самае парадаксальнае, што тут, у Маскве, я адчуваю сябе больш беларускай, чым знаходзячыся ў Мінску. Бо тут я нешта значу, тут склаліся свае стасункі, многія ведаюць адно аднаго са студэнцкіх часоў. Я вось сябравала з адной паэтэсай… І неяк была мая творчая вечарына, дзе выступалі пісьменнікі розных кірункаў. Скажам так, лібералы і патрыёты. І раптам пасля ўсяго яна страшэнна фыркае: «Не падыходзь да мяне, бо я зараз як завішчу!» Былі раней такія размовы сяброўскія, сямейныя. Я сядзела, расслаблялася, не звяртала ўвагу на тое, што хто шаптаў. Я выбіраю па якасці творчасці, а не па саюзах сяброў і калег. І тое самае – з беларускімі саюзамі. …Ведаеце, калі я прыехала на першы Стральцоўскі фестываль «Вершы на асфальце» некалькі гадоў таму, у Мінск, мяне запрасілі як перакладчыцу на рускую Стральцова, то пасля майго выступу падышоў да мяне Бураўкін, падарыў сваю кнігу і сказаў: «Гэта ж наша Люба, наш прадстаўнік у Маскве!» І вось гэтая «наша Люба» мне і цяпер – да слёз. Я і цяпер, ведаеце, з пэўнай крыўдай адчуваю, што маю работу тут не цэняць, тут, у Маскве, амаль дзесяцігадовую работу ў Інстытуце сусветнай літаратуры народаў Расіі і СНД, дзе я займаюся беларускай літаратурай, выступаю на канферэнцыях, выпускаю штогод па некалькі артыкулаў, ствараючы спектр развіцця беларускай літаратуры, то вось гэтую работу – у мяне застаецца адчуванне – у Мінску не заўважаюць. Надрукаваны артыкулы пра Арсенневу, Купалу, Стральцова, Багдановіча, Федарэнку… Але Беларусь нібыта не мае ў гэтым патрэбы. Бо насамрэч, як кажа Сяргей Главюк [кіраўнік Міжнароднага фестывалю славянскіх паэтаў «Поющие письмена», укладальнік шматлікіх міжнародных анталогій, у тым ліку беларускай літаратуры, што выйшлі ў Расіі – В.К.], я – галоўны спецыяліст па беларускай літаратуры ў Маскве… В.К.: І нават Вы не адчуваеце запатрабаванасць у тым, што робіце, з беларускага боку… Л.Т.: Я гэта раблю. Мне нейкую грамату даў саюз Чаргінца за нібыта ўмацаванне сувязяў. Дык яны гэтую грамату нібыта аформілі – але мне пра яе нават не паведамілі. Разумееце? Толькі праз год-паўтара ў мяне была пераатэстацыя – і я выпадкова пра гэта дазналася. І тады яны прапанавалі мне яе неяк перадаслаць. І смех, і грэх. В.К.: Прынята лічыць, што той прафесійны літаратар, хто жыве і забяспечваецца з пісьменства. Ці Вы жывяце з літаратуры? Л.Т.: Як навуковец я заўжды працавала. Яшчэ ў беларускай Акадэміі навук, да таго, як там аб’ядналі інстытуты мовы, літаратуры… А яшчэ і фальклор, і цэнтр па вывучэнні беларускай песні. Але як толькі з’ехала – у той год і аб’ядналі. У мяне былі радкі «Оставила дом свой – и сразу / там с крыши посыпались вазы…» Так і адбылося. Шкада, дарэчы, што беларуская НАН не супрацоўнічае з маскоўскім нашым інстытуам. Што няма адной прасторы дзейнасці. Але з БДУ супрацоўнічаю. За свой кошт езджу. В.К.: А кім дакладна Вы працуеце, як называецца Вашая пасада? Л.Т.: Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай літаратуры аддзела Літаратуры народаў Расіі і СНД, галоўны спецыяліст па беларускай літаратуры ў Расійскай акадэміі навук. Я абсалютна не адчуваю зваротнай сувязі з Беларуссю. В.К.: Спадзяюся, пасля публікацыі нашай гутаркі гэтая сувязь станецца больш адчувальнай для Вас. І старэйшыя калегі – успомняць, азавуцца. І ўсімі граматамі, што Вас вартыя, – уганаруюць. А цяпер і мы, маладзейшае пакаленне, ведаем – Вы ёсць і што Вы робіце. Шчыры дзякуй Вам, наша спадарыня Люба! Масква – Мінск Фота Марыны ВЕСЯЛУХІ  
 
Ігар Сіроткін (№78)
  Паноптыкум У імкненні да ідэалу, Добраахвотна прызнаўшыся, Вязнік-назіральнік Ідэальнай турмы Ва ўзнагароду За ўсе правіны П’ю асалоду Канчатковай бязвольнасці Кожнага руху. У імкненні да ідэалу, Добраахвотна з’явіўшыся, Праз люстраныя дзверы Камер Сузіраю калекцыю Дзіўных экспанатаў-братоў… Мой ідэальны Наглядчык Без напружання, З асалодай Назірае Кожнае дзеянне. Чарговыя ўцёкі – Не больш, Чым частка пакарання. У імкненні да ідэалу Добраахвотны Наведвальнік-вязень Турмы-музея.     *  *  * Няспынныя спрэчкі бясконцых праспектаў Тут не затым, каб скончыцца. Не дадуць мне ўмяшацца – сочыць нехта, Калі раптам вельмі захочацца.   Паштурхаць, пахіснуцца, легчы пластам І, як лёд, растаць пад падэшвамі. Сочыць няштатных анёлаў птаства З падваконняў, муроў, пад застрэшкамі.   З вежаў, байніцаў касцёлаў, цэркваў… Добра ім – толькі ў Бога кормяцца. Ды кідаюць на вернікаў смецце й перкі, Пакуль тыя, сляпыя, моляцца.   Між сабою штурхаюцца ледзь прыкметна, Пакуль нехта балюча выціне… Аднаполыя спрэчкі няспынных праспектаў Не народзяць ніколі ісціны.     *  *  * Чарговы сон не можа вечна доўжыцца – І вылятае ў комін гарадскі… Я мару канчаткова ўжо здарожыцца, Каб страціць сілы бегчы ні за кім.   Прэч ад сябе ды мулкімі завулкамі, Расхлюпваючы пыл на хадакоў.. Прэч ад гасцінцу – мутнымі навукамі Зацягнуты ўсе знакі навакол   Хапае спрыту біцца ды размножыцца, З праклёнам падаць ніц перад нікім… Чарговы сон не можа вечна доўжыцца – І вылятае ў комін гарадскі…     *  *  * Большасць прозы ў дождж замарозілі, А прыватны сектар не ў модзе. А паэзію – пад бульдозеры, Археолаг хай бедны знойдзе.   Што палову жыцця ўжо ў пошуку Запаветных сваіх сенсацый. Вінаваціць начальства: грошыкаў Не дадалі, каб дакапацца.   Ды калегаў інтрыгі шкодзілі, Смак жанчын і смерць аднагодкаў… Дам паэзію пад бульдозеры – У найлепшы банк пад адсоткі.     *  *  * Блукаю ў пошуку нудысцкіх пляжаў – І бачу толькі знакі забарон. Той, хто ўжо там – ніколі не падкажа, Хто яшчэ тут – выконвае закон.   У прадчуванні выраю – па парках, Знаходзіў шмат –ды так і не знайшоў, Усё мінулае было не больш чым сварка Чужога цела з нічыёй душой.   Дарэмна не затрыманы за кражу, Кварталамі выходжваю страх, Блукаю ў пошуку нудысцкіх пляжаў, Па знаках забароны на слупах…   *  *  * Холадна крылам у пастарунку – Месца бракуе раскласці, сушыць. Скруцяць і рукі, калі пагрукаць – Забава хоць будзе нявіннай душы.   Гараць мазалі – дазволяць разуцца, Але ненадоўга, каб мог сысці. Рады мянты, што хутчэй а...буцца – Не шыецца справа, час адпусціць   Трапіў пад дождж, згубіў накірункі, Галодны, прыснуў на чужой мяжы. Холадна крылам у пастарунку – Не прадугледжана месца сушыць.     ДАРОГА НА ПОЎНАЧ Дарога на поўнач, і неба – ратунак ад стомы. Жыццё не спыняецца, толькі гусцеюць крыжы. Мне варта заплакаць, бо хутка прыеду дадому. Ды трэба смяяца, бо ўбачаць, што я тут чужы. Дарога на поўнач. Якія шчаслівыя пысы! На кожным прыпынку – паслужлівы віск гандляроў. Дай Бог, каб хто-небудзь ад віску таго прахапіўся. Бо спаць небяспечна, як хочаш даехаць дамоў. Было мне лягчэй у сяброўскім распешчаным гурце, Каб стала цяжэй, калі выйду сустрэць далячынь. Наўмысныя жарты не збудзяць сапраўдных пачуццяў, Як цэтлікі з коштам на целах васковых жанчын. Дарога на поўнач – абдымкі туману і пылу. На храмах спічастых крыжы не праколюць пластоў. Не трэба на працу – дзьмухнем на агеньчык астылы. „Хрыстос уваскрос!” „Сапраўды!” І яйко. І „па сто”. Мне стане цяжэй пасля крыку драпежнае птушкі, Каб стала лягчэй у паветры задымленых хат. Заўсёды з іх дыму ўцякаць – і застацца відушчым Ды несці цяжар, кожны крок з якім вучыць кахаць.
 
Леанід Галубовіч: «Жыццё схіляла мяне да разгадкі смерці...»
Леанід Галубовіч – шэры кардынал беларускай паэзіі і крытыкі – нядаўна адзначыў сваё 65-годдзе выхадам кнігі выбранага «Поўня». Але ва ўмовах поўнай свабоды выказвання твор цэніцца не сам па сабе. Значна важней выглядае трыбуна, з якое ён агучаны. Нягледзячы на пастуляваную адсутнасць іерархій, літарацкія асяродкі падзелены амаль неадольнымі платамі і аплеценыя дротам, па якім пушчаны электрычны ток. Выпускнік Слуцкага ПТВ электрыкаў, Леанід Міхайлавіч увесь час спрабуе знаходзіцца па-за сутычкамі і платамі, назіраючы і аналізуючы стан самое электрычнасці… Ды й сам, перарваўшы шматгадовае маўчанне, працягвае раз-пораз выдаваць напятыя, як струна, радкі, якія б’юць пад дых. Гутарым пра жыццё, сплеценае з іншасветам, пра новае ў старым і неадкапаную ў разорах касмічную будучыню Беларусі. Ціхан Чарнякевіч: Уважлівы чытач Вашых кніг (не толькі паэтычных, але і “Зацемак з левай кішэні”) можа сказаць, што яны распадаюцца ў дзве на­страёва-тэматычныя групы. Адна з іх дэкларуе ўвагу да гэтага свету, дэталізуючы і пар­трэт, і пейзаж. Другая вымыкае ў іншасвет і спрабуе разгадаць загадкі, даць адказ на “клятыя” пытанні. Кніга “Поўня” паказвае, што Вы больш важкай і патрэбнай для чытача лічыце якраз “другую групу” сваёй паэтычнай крыві. Ці азначае гэта, што свет матэрыяльны цяпер для Вас уяўляе меншую цікавасць? Леанід Галубовіч: Як чалавека жыццё мяне зацягвала чорт ведама куды, але як паэта чамусьці схіляла да супраціўнага – разгадкі смерці. Таму да пэўнага часу прырода і яе таемства, а тым больш прырода чалавека, пераймалі маю істоту ў роўнай ступені. З узростам, калі сувязь з зямным слабне, усё мацней праяўляецца спадзеў на сілы незямныя, то бок паднебныя… Я тут не выключэнне. Аднак выбар вершаў для кніжкі “Поўня” быў арыентаваны не на тэматыку ці ідэю, а на іх мастацкую вартасць. Вядома, з майго пункту гледжання. Бо, адкрыемся чытачу, Ціхан, на першапачатку я ўсё ж прапанаваў скласці паэтычны змест кніжкі якраз табе. І ты зрабіў яго на асабістае ўспрыманне, якое мяне дарэшты не задаволіла, але ўнутрана ўсцешыла, бо, аказалася, што ёсць у мяне прыстойныя вершы і акром тых, якія выбраў я сам… Магчыма, некалі здзейсніцца і варыянт з выданнем твайго, маладога, выбару. Пакуль я схіліўся, як ты кажаш, да «клятых» пытанняў. Няхай так. Ц.Ч.: У крытычных тэкстах Вы часта гаворыце пра паэзію, але размова мае хутчэй рэтраспектыўны характар. Як быццам кола замкнулася, а ўзнікненню працягу супраціўляецца самы ход сусветнай і, нягледзячы на параўнальна маргінальны статус, айчыннай культуры. Такія яўна дэкадансныя настроі характэрныя былі для пачатку ХХ стагоддзя, калі над старым часам змыкаўся прывід Першай сусветнай вайны. На чым грунтуецца сённяшні ваш песімізм? Л.Г.: Агульны гістарычны час і яго пэўныя вызначальныя падзеі тут абсалютна ні пры чым. Уся справа ў канкрэтным, маім, узросце; магчыма, нават памудрэнні і кансерватыўнасці, а гэта значыць, вялікім унутранным жаданні нейкім чынам захаваць сваё літаратурна нажытае і нашу беларускую класічную традыцыю ў цэлым… Гэта нармальна для кожнага літаратара і для кожнага пакалення. Але ж я не настолькі наіўны, каб думаць, што за гэтым – “канец літаратуры”. Я ўпэўнены, што як разумова, так і творча чалавек здольны (і павінен) развівацца, што мастацтва не мае межаў дасканаласці (“адгэтуль і дасюль”), што творца будзе пакутна і бясконца шукаць менавіта тую “прыгажосць, якая выратуе свет”… На маё разуменне, чалавек асягнуў і ўсвядоміў дзве зямныя сутнасці: нараджэнне і смерць. І, як укапаны, зачаравана-спалохана застыў перад магчымасцю вечнасці. Я лічу — тое, што мы называем чалавечым духам, і ёсць патаемнай субстанцыяй вечнасці, разгадкі якой спрабуюць дамагчыся людзі, у асаблівасці творчыя… Вось гэтая субстанцыя мяне і прыцягвае, і ўзвышае, і прыгнятае… Свет пастаянна змяняецца, чалавек таксама эвалюцыянуе, разам з імі мяняюцца форма і ідэйны змест мастацтва і літаратуры ў прыватнасці. Мы гэта адчуваем і на прыкладзе сучаснай беларускай літаратуры. Ёсць таленавітыя маладыя аўтары, ёсць пошукі новых форм і новага ідэйнага зместу… Але пакуль няма такіх літаратурныях з’яў, якія б спарадзілі сапраўдную (а не віртуальную) увагу і пашырылі кола беларускага чытача. Спадзяюся, толькі пакуль. На маю думку, гэта выклікана адсутнасцю альбо недастатковасцю (жадання, адоранасці) у спасціжэнні праяў чалавечага духу як самімі творцамі, так і ўнутры саміх гэтых творцаў. Сучасны аўтар падчас наўмысна і бессаромна агаляе цела і душу, але баіцца зазірнуць у бездань уласнага духу… Аднак гэта наўпрост не тлумачыцца іх бездухоўнасцю, а толькі нязведанасцю ўласнай духоўнасці. Сам я спрабую гэтым пераймацца, але не больш за тое. Бо спасціжэнне духу (вечнасці) патрабуе «ўсяго чалавека», а ў канчатковым разе – і яго ахвяры… Я да такога пакуль не гатовы. Аднак на маё меркаванне магістральны шлях мастацкай літаратуры палягае менавіта ў гэтым кірунку – у растаемліванні духу (прыроды, чалавека, часу, эпохі). Ц.Ч.: Ад пачатку крытычнай дарогі, і асабліва апошніх гадоў дваццаць Вы найбольш пільна сочыце за маргінальнымі сцежкамі ў беларускай паэзіі, пакідаючы ўбаку тораны шлях – народных паэтаў, класікаў ХІХ і ХХ стагоддзя. Калі ў савецкі час гэта можна было патлумачыць засіллем, аж да млоснасці, манаграфій пра Коласа і Купалу, якіх у колах акадэмічнай крытыкі паспеў “паюзаць” ледзь не кожны даследчык, то цяпер, з адыходам шмат каго з тых літаратуразнаўцаў, фактычна няма каму пісаць і пра класікаў. Хоць яны, бясспрэчна, чакаюць слова, сказанага пра іх новай мовай – што паказала нядаўняя віхура вакол эсэ Альгерда Бахарэвіча “Цёмнае мінулае Каяна Лупакі”. Тым не менш, Вы працягваеце трымацца выклятых: Купрэева, Сыса, Гадулькі, Сахарчука, калі ўся традыцыя прагне вытлумачэння. Што падтрымлівае Вас на гэтым шляху? Л.Г.: Я лічу, што класіка не павінна аспрэчвацца, яе можна толькі ўдакладняць і па-свойму тлумачыць, не трасфармуючы ідэі і самой мастацкай сутнасці. А наконт “выклятых”, то, па-першае, не ўсіх нашых выклятых паэтаў ты пералічыў. Вось літаральна цяпер я ўкладаю дзве кніжкі (Васіля Гадулькі і Тац­цяны Зіненкі з Барысава, класнай паэткі, якая сышла з жыцця тры гады таму, не адолеўшы ўласных слабасцяў). Я хачу, каб любы “адчужаны” талент (у тым ліку і з уласных прычын) быў даступны сучаснаму і будучаму чытачу. Па-другое, негалосна, я і самога сябе (пэўным чынам, канечне, па нейкіх, толькі мне зразумелых, вычуваннях) адношу да тых самых выклятых паэтаў. Менавіта ў іх кагорце мне ўяўляецца маё існае (творчае) месца. Таму творчасць і біяграфіі гэтых (з грамадскага пункту погляду, няшчасных) паэтаў я, па меры магчымасці, стараюся пастаянна трымаць на слыху ў сучаснага чытача, каб не даць ім загінуць заўчасна другім наваратам, а значыць, нейкім чынам, і сабе самому… Ц.Ч.: Уся шматгадовая гісторыя паэзіі сведчыць пра неабходнасць рэгенерацыі, пастаяннага ўлівання свежай крыві. Шмат хто з маладых паэтаў цяпер выдае нядрэнную кнігу, але не спяшаецца выдаваць другую. Вы прамаўчалі пятнаццаць гадоў, але ў самы, здаецца, затхлы час для Беларусі пачалі пісаць зноў. Чым можна вытлумачыць паэтычнае маўчанне маладых і якім чынам яно перарываецца? Л.Г.: Прырода кожнага чалавека ў пэўны час вымагае ад яго як голасу, так і знямення. Маўчанне паэта ёсць нямым своеасаблівым адказам на пэўныя запытанні часу. Альбо праявай недаверу свайму голасу ці няўпэўненасцю ў яго запатрабаван­ні акаляючым светам. Расчараваннем, у рэшце рэшт, у сваім выбары… Ці нават наўмысным праектам (задумкай), як цяпер кажуць, …. Вось жа ў мяне ў 2000 годзе здарыўся натуральны спад творчай энергетыкі. Я гэта адразу адчуў і не хацеў змушаць сябе да пісання вершаў. Тады мне думалася, як у свой час з алкагалізмам, завязваю канчаткова. Аднак творчасць, тым больш паэзія, такая іпастась, – непадуладная і некіраваная. Стыхія яна і ёсць стыхія: узрушэнне і разрушэнне. Калі праз пятнаццаць гадоў я выдаў новую кніжку, памятаю, на яе прэзентацыі Валянцін Акудовіч сказаў на публіку, што, маўляў, яшчэ невядома, што было і застанецца больш значным у паэзіі Галубовіча, – яго маўчанне ці наноў пададзены ім голас… Лічу, што ў галоўным ён мае рацыю: паэтычнае маўчанне, вытрыманае да канца (да самага натуральнага чалавечага канца), было б, як кажуць маладыя, прыцягальнай фішкай да маёй жыццёвай літаратурнай біяграфіі. Але прымусовае маўчанне ў творчым плане было б роўнае самагубству для мяне самога. Такая вось дылема… А сёння чыё маўчанне стала адчувальным для нашай літаратуры? Я нават не ведаю… Хіба толькі таленавітага Віталя Рыжкова, публікацый і новай кніжкі якога ўжо зачакаліся. Хацелася б, скажам, мець другую кніжку і Ярыны Дашынай, і зборнік Ірыны Бельскай… Але яны ўсё ж друкуюцца ў перыёдыцы. Мажліва, я ўжо не паспяваю адсочваць увесь сучасны літаратурны працэс, асабліва творчасць маладзейшых нашых літаратараў. Але, паўтаруся, у кожным маўчанні ёсць свой прытоены голас, не маюць свайго голасу толькі нямыя ад нараджэння. Зрэшты, нават у іх ёсць унутраны голас… Ц.Ч.: Мінулае паціху забываецца, а для кагосьці наагул бачыцца белай плямай, на якую не варта марнаваць час і высілкі. Часам здаецца, што мінулага зусім не было. Але мне б хацелася наастачу спытацца, наколькі Вам бачыцца пазітыўным тое жыццё беларускага, што сёння адбываецца. Калісьці, да эпохі выбуху камунікацый, справа гэтая была амаль патаемнай – употай перадаваліся адно аднаму кніжкі, веды. Сёння ж сітуацыя кардынальна змянілася, але ў той жа час нельга сказаць, што колькасць народу, каму беларускае падаецца цікавым, вырасла ў астранамічную лічбу, якая можа “перайсці ў якасць”. А гэтага ўсе чакаюць з эпохі Купалы і братоў Луцкевічаў. З’явіліся маркеры адрозненняў, кшталту вышыванак, стужачак, налепак, але ўнутр традыцыі і будучыні па-ранейшаму складана зазірнуць. Можа, ўсё ж дарога недзе была скрыўленая? Л.Г.: Беларусы, як самадастатковая нацыя, яшчэ ўсё фармуюцца-складваюцца… Мы ў дарозе. Але дарога – не просты шлях, яна мае павароты і прадуманыя ці стыхійныя змены кірунку, хаджэнне па колу і нават часовае павяртанне назад… (Пэўным чынам, “Шлях-360” Алеся Разанава…) Бо ні адна дарога наўмысна не скрыўляецца, а толькі тады, калі яна змушана абмінуць нейкую перашкоду, вярстуючы свой шлях да мэты. Успамінаецца родны калгас на бацькаўшчыне, дзе я ў свой час працаваў электрыкам, які называўся “Шлях да камунізму”. І куды ён зайшоў і дзе апынуўся? Дзесяць гадоў таму яго расфармавалі, ператварылі ў агракомплекс і пераназвалі… Мы можам задавацца касмічнымі, як кажуць, планамі і ідэямі, але не маючы ні матэрыяльнай, ні духоўнай базы, будзем толькі, як папугаі, паўтараць завучаныя маніфесты. Колькі было беларускіх адраджэнняў, а ўлада за дваццаць гадоў не змагла вызначыцца і прыняць годную (ды аніякую!) нацыянальную ідэю… Па вялікім рахунку беларускі нацыянальны чалавек так і застаецца закансерваваным да свайго пэўнага часу. Аднак калі нацыянальныя адраджэнні дзейнічалі на грамадскіх асновах і ўсё-ткі, па меры магчымасці, здолелі захаваць карані беларушчыны на Беларусі, то ўлады – наадварот, гэтыя карані толькі пастаянна падсякалі і падсушвалі… Таму Беларусь уяўляецца мне гэткім вялікім восеньскім разараным полем з васьмю мільёнамі людзей, сагнутых над бульбай, як над зорным небам… Спадзяюся, аднойчы яны ад(к)рыюць свой Космас… Фота Сяргея ГУДЗІЛІНА і Міраслава АДАМЧЫКА  
 
Андрэй Федарэнка (№76)
Шчасце Апавяданне І. Пачаць з таго, што Шаўцоў-Бузук напісаў раман. Не, ён не быў прафесійным літаратарам, адукацыю меў – будаўнічае ПТВ, і працаваў па сваёй спецыяльнас­ці – мулярам-бетоншчыкам чацвёртага разраду. Гадоў яму было за 50. Жыў ён з “падсяленнем”, займаючы ў кватэры адзін пакой з трох – разам з чужымі людзьмі: муж, жонка, сынок 8 гадоў. Так сабе сямейка, не сказаць, каб спакойная. Што ж падштурхнула гэтага Шаўцова-Бузука, нашага героя, на такі авантурны, рызыкоўны, так і хочацца ска­заць: непрыстойны крок – напісаць раман? Можа, жаданне пахваліцца перад жонкаю, ці палюбоўніцай, даказаць, што ён не толькі цэглу ўмее класці і раствор замешваць? Ды не, не было ў яго ні палюбоўніцы, ні жонкі. Палюбоўніцы не было, бо Шаўцоў-Бузук, набыўшы за свой век хіба толькі прастату памерам з невялікую цыбуліну, ужо крыху падзабыў, як такая справа робіцца. А з жонкаю яны даўно развяліся, нават усе аліменты акуратна выплачаны, ён можа паказаць стос квітанцыяў. Чаму развяліся? Звычайна Шаўцоў-Бузук тлумачыў людзям, усім, хто цікавіўся, што кватэрнае пытанне вінавата, яно падвяло. І праўда, жыць “з падсяленнем” горш за інтэрнат, за камуналку. Але ў глыбіні душы ён здагадваўся, што жонка кінула яго, бо ён элементарна нецікавы. Не кампанейскі, не зух, не гумарны. Як жыць з такім? А з іншага боку – з цікавымі, гумарнымі хіба не разводзяцца? Нібыта жыве сям’я – шчаслівая, маладая, на, трах-бах, ужо яны разам не жывуць. Увогуле, разбірацца ў прычынах разводу, няважна, свайго ці чужога – дакладна канцоў не знойдзеш. Развод двух людзей адна з тых вечных загадак, адказ на якую пакуль не ў сілах даць абмежаваны чалавечы розум; гэта метафізіка кшталту: ці ёсць Бог? што з’явілася раней: дух ці матэрыя? ці існуе жыццё пасля смерці? і г.д. – словам, пустыя, без адказаў пытанні. Дык тады што? Што прымусіла чалавека пайсці на такое страхоцце – узяць і ні з таго ні з сяго напісаць раман? Прага славы? Захацелася выступленняў, вядомасці перад калегамі-мулярамі? Грошай, урэшце? Не, і яшчэ раз не. З адчаю, ад безвыходнасці – вось адказ. Гэта амаль як рукі на сябе накласці. Так лезуць у пятлю, кідаюцца ў палонку з галавою, уваходзяць у чорны запой... Бяда, гора, нэндза, поўная нявыкрутка прымусілі чалавека ўзяцца за дурную справу – напісаць раман!   ІІ. Трэба аддаць Шаўцову-Бузуку належнае – трымаўся, цярпеў ён да апошняга. Пакуль дазвалялі абставіны і здароўе, механічна, стуліўшыся, цягаўся на сваю будоўлю – у кожную пару года, у любое надвор’е, з васьмі раніцы да пяці вечара, у шэсць вяртаўся, ціха прашмыгваў у свой пакойчык, увесь час трымаючы вушы натапыранымі, ловячы зручны момант, каб праслізнуць на кухню, у прыбіральню ці ў ванну, стараўся жыць, як мыш, каб менш трапляцца на чужыя вочы, баючыся дыхнуць лішні раз. Хаця не такія ўжо монстры былі яго суседзі. Звычайныя людзі, можа, нават, больш добрыя, чым кепскія. Асабліва гаспадыня, сімпатычная Светка. Неяк, калі ён быў захварэў, нават зварыла яму курыны булён. Віталася з ім, пытала, ці не трэба чаго. Працавала яна недзе пры школе, ці то прыбіральшчыцай, ці ў сталоўцы, ці настаўніцай, ці мо школьным псіхолагам, а мо нават дырэктарам школы – Шаўцоў-Бузук не распытваў: школа ды й школа. А вось яе мужа Ігара, лічылася – гаспадара, ён стараўся пазбягаць. Ігар ніколі не прамінаў буркнуць: – Зноў ты блытаешся пад нагамі? Жыцця ад цябе няма... Гэты быў на службе ў ведамаснай ахове. А можа, проста вартаўніком на аўтастаянцы. Ці звычайным вышыбалам. Карацей, прафесіі што ў яго, што ў ягонай жонкі былі таямнічымі. Ігар любіў гаварыць прымаўкамі, і ўсе на адзін капыл – са свіннямі звязанымі. “Свіння гразі знойдзе”, “пасадзі за стол – я і ногі на стол”, “не даў Бог свінні рогі”, “кожная свіння сваё карыта хваліць”, “нарэзаўся, як свіння брагі”, “ні вуха, ні рыла”... Пры жаданні гэты Ігар, канечне, лёгка б вытурыў свайго ціхоню-суседа, ды проста гаркнуў бы: “Збірай манаткі і вымятайся!” – і Шаўцоў-Бузук пакорліва сабраўся б і пайшоў. Але тут была іншая сітуацыя – падсяленне наадварот – гэта яны, сам Ігар з сям’ёй вось-вось павінны былі перабрацца ў новую кватэру, а Шаўцову-Бузуку заставался гэтая, у сэнсе, заставалася чакаць, каго яму падселяць. Ігар казаў: – Мне ж не выгадна цябе выганяць. Выгані цябе, дык тваё месца зойме сям’я з дзецьмі. Так што жыві. Свіння, і тая выгоды з усяго шукае. Сынок іхні, Іллючок, дасягнуў узросту шкадлівасці, знаходзіўся на стадыі ператварэння ў хулігана – ужо ваўсю распісваў з балончыкаў сцены пад’езда, драпаў ліфт або падпальваў кнопкі, якія абазначалі нумары паверхаў. Словам, сям’я як сям’я. Маладыя, здаровыя, прыгожыя, машына, дача, кватэра ўласная вось-вось будзе. Што яшчэ трэба ў жыцці? Нават Ігар, у прынцыпе, таксама нядрэнны чалавек, калі не п’яны. А вось калі паддасць, тады ў кватэры пачынаўся кашмар. Невыказнай пакутаю было гэта і для Светы, і для малога Іллюка, і для Шаўцова-Бузука. Пачыналася з таго, што Ігар настойліва зваў суседа да сябе ў пакой у госці. Шаўцоў-Бузук ішоў, як баран пад абух. Ігар абдымаў яго, хваліў – няўмела, фальшыва, падлізліва, сыпаў кампліменты: маўляў, які ён, Шаўцоў-Бузук, спрытняка – варта толькі Ігару за парог, як Шаўцоў-Бузук – да Светкі. “А то я не ведаю, чым вы тут без мяне займаецеся, як свінні ў загарадцы...” І паказваў кулак з дзіцячую галаву памерам. “У пятак! Адзін удар!” Канчалася тым, што Света не вытрымлівала, заядалася, лезла на ражон. Ёй пападала. Малы Іллюк уцякаў на калідор. Слабасільны ў параўнанні з Ігарам Шаўцоў-Бузук вымушаны быў заступацца, і таксама атрымліваў сваю порцыю. З-за гэтага – з-за таго, што ён перыядычна з’яўляўся на працы з сінякамі, у яго была кепская рэпутацыя, і ён застыў на 4-м разрадзе, хаця даўно мог бы брыгадзірам быць, а то і памочнікам прараба. Хто ж паверыць, што фінгалаў табе наставілі, бо заступаўся за чужую маладую жанчыну? – цяпер такога рыцарства не бывае. На шчасце піў Ігар не часта – не больш як адзін-два разы ў месяц, а калі падшываўся ці кадзіраваўся, тады Света харашэла, весялела, маладзела, Іллючок менш хуліганіў, а Шаўцоў-Бузук мог спакойна аддацца свайму хобі – чытанню. Некалі чытаў ён папяровыя кнігі, але пакойчык маленькі, папяровая кніга з яе габарытамі стала раскошаю, пачаў чытаць з кампутара, з планшэтніка, затым, калі пасадзіў вочы, проста ляжаў на спіне і праз навушнікі слухаў запампаваныя ў reader аўдыёкнігі. Гэта было сама прыемна: ты ляжыш, як пан, а чужы голас з усімі інтанацыямі паслухмяна чытае табе тэкст. Чытаў ці слухаў Шаўцоў-Бузук не сучасныя кнігі, не любіў ён іх, Бог з імі, з іх дыялогавай цягамоцінай; надта ж часта героі там перапытвалі адно ў аднога: “Можно у вас спросить?” – “А о чем бы вы хотели спросить?” – “Я не ошибаюсь? Вас зовут...” – “Нет, вы не ошиблись. Так я вас слушаю”. – “Я бы вот чем хотел поинтересоваться...” – “А разрешите в свою очередь узнать...” І так – старонкамі, раздзеламі! Не, як хочаце, а такая літаратура Шаўцову-Бузуку не лягала на душу. Ён нават падсмейваўся з гэтых сучасных модных раманчыкаў, нызываючы іх “дыялогі глухога з сляпым”. Ён любіў старыя, правераныя часам кнігі – як настоенае віно, кожны глыток якога напаўняе розум мудрасцю, а душу гармоніяй. Там пісьменнікі пісалі так, як бы вучылі жыць. Парушаў гармонію ўсё той жа Ігар. Як малады бык, якому энергіі няма куды дзець, ён усё шнырыў па кватэры, нешта выглядваў, прыкідваў, пасвістваў. А то надумваўся і прыносіў у пакой да суседа кучу старога абутку, самага рознага хлам’я. – На, паглядзі, усё роўна табе рабіць няма чаго. Шаўцоў-Бузук сто разоў яму тлумачыў, што працуе на будоўлі, што нічога не петрыць у рамонце абутку. Але Ігарок прапускаў гэта міма вушэй. Ён арыентаваўся па прозвішчы: раз Шаўцоў – значыць, як мінімум, павінен разбірацца ў такой справе. Пэўная логіка тут была. Сапраўды, прозвішча многае сведчыць пра чалавека, і нават можа прама ці ўскосна ўплываць на прафесію. Кухарчук часта працуе ў сталовай або ў рэстаране, Пісьмянок піша вершы, хірург Партны без шкадавання крамсае і зашывае чалавечую скуру... На працы ў Шаўцова-Бузука былі Цесля, Мулярчык, Сталяровіч; быў Казарэзаў, які па-свойму таксама апраўдваў сваё прозвішча – працаваў рэвізорам-інспектарам будтрэста. Сам Ігар прозвішча меў – Салдатовіч; ён і служыў – прынамсі, лічыўся на нейкай службе. Так што можа быць каб Шаўцоў-Бузук быў па прозвішчы Рыбакоўскі ці Карасевіч, дык Ігар са спакойнай душой насіў бы яму ладзіць блешні, спінінгі, катушкі ці прасіў бы якіх-небудзь спецыфічных рыбалоўных парадаў. А можа, прыносіў ён сваё стаптанае хлам’ё, бо Света па дабрыні сваёй разоў колькі падпольна забягала ў тэрміновы рамонт абутку, па драбязе, а потым абыякава казала мужу: “Якія залатыя рукі ў нашага суседа... Глянь, як зрабіў Іллюку сандалікі”. Гэтым яна хацела паддобрыцца да мужа, спадзеючыся, што наступным разам, калі Ігар пачне распускаць рукі, а Шаўцоў-Бузук палезе заступацца, яму менш пападзе. Ігар высыпаў кучу сандалетаў, чаравікаў, свае вастраносыя туфлі, непрыемна жоўтыя ўсярэдзіне, ставіў асобна. – Бачыш, колькі? Як у свінні гразі! У Шаўцова-Бузука не хапала смеласці адмовіць гэтаму дубалобаму хаму, гэтаму кадзіроўшчыку і тырану лакальнага трохпакаёвага маштабу. Ён пакорліва адкладваў кнігу ці здымаў навушнікі, чапляў на нос акуляры, браў шыла, клей, нажнічкі. – Паглядзім, паглядзім, – з націскам на “я” казаў ён. – Ды ўжо паглядзі! Добра паглядзі! – Паглядзім... – Толькі на балконе рабі, каб клеем сваім не смярдзеў. – Паглядзім, паглядзім, – з веданнем справы мармытаў Шаўцоў-Бузук. І хоць “глядзенне” звычайна заканчвалася касметычным рамонтам, прымітыўнай падклейкай, прышыўкай, падроўніваннем абцасаў, Ігар усё роўна быў больш-менш задаволены, што хоць нейкую карысць выдаіў ад нікчэмнага суседа. – Тут бы поліўрэтанам, тут рубцы шліфануць, тут – прафілактыку, а вось тут набоечкі, – нібыта з веданнем справы апраўдваўся Шаўцоў-Бузук. – Добра, давай, давай, – вырываў з яго рук атопкі Ігар. Была ў яго яшчэ адна рыса, якая чамусьці больш за ўсё не падабалася Шаўцову-Бузуку, – Ігар не курыў. А такім людзям, заўважыў Шаўцоў-Бузук, як бы не хапае тых 10 хвілінаў, пакуль выкурваецца цыгарэта, на супакой, на абдумванне папярэдніх і будучых дзеяў; яны мала думаюць, на любое пытанне ў іх – імгнены адказ; яны, як ні дзіўна, больш нервовыя ў рухах, пальцы іх варушацца, цела торгаецца, вочы бегаюць, і яшчэ – усе яны нейкія звышактыўныя, надзеленыя гіпертрафіраванай прагай дзейнасці – хоць якой, усюды ім трэба паспець – а вось скажы ты: увесь час некуды імкнучыся, штораз зіркаючы на гадзіннік, яны заўсёды спазняюцца, нікуды не паспяваюць!   ІІІ. Шаўцоў-Бузук працягваў уставаць рана, хадзіць на сваю працу, клаў сваю цэглу ў мароз і сцюжу, у спёку і духату, пад дажджом і ветрам, на скразняках... І ўсё перад вачыма адно й тое: насілкі, вапна, раствор, цэгла... Спіна ў яго даўно была скурчаная. Рэўматызмы, артрыты, артрозы ўсё часцей пачалі мільгаць у бальнічных. Ён няўхільна набліжаўся да таго часу, калі вось-вось расквітнее ў ім цэлы букет самых розных хваробаў. Ён ужо ведаў, толькі яшчэ баяўся прызнацца сабе, што канец блізка, праца не сёння-заўтра даканае яго. Увесь час ён думаў пра пенсію і прыходзіў да высновы, што не дацягне да яе. “Ніколі не дацягну!” І яму рабілася страшна. Міжволі ён заўважаў, што ёсць іншыя заняткі, акрамя будоўлі. Ён зайздросціў дворніку, якога бачыў, калі бег на тралейбусны прыпынак. Дворнік, пазяхаючы, з шуфлем няспешна прымяраўся да свежага снегу на тратуары, і ў яго выглядзе, пазяханні, адзенні, у яго шуфлі была свабода, самастойнасць, якой ніколі не меў Шаўцоў-Бузук. Спяшаючыся да сваёй бытоўкі, ён праходзіў каля асветленых вокнаў, за якімі ў цяпле сядзелі людзі: за кампутарамі ці проста за сталамі. Гэтыя людзі самі не разумелі свайго шчасця. Яны маглі, ні ў кога не пытаючы дазволу, вось зараз выйсці на сняжок, пастаяць, пакурыць ці проста падыхаць свежым паветрам, потым, ні перад кім не апраўдваючыся, вярнуцца. Яны маглі спазніцца на працу і маглі сысці раней. Але ніколі, ні разу ён не пазайздросціў, напрыклад, маладым і здаровым Ігару са Светаю. У іх была тая ж самая залежнасць, тая ж славутая “ад званка да званка” адміністратыўнасць, якая апошнім часам пачала выклікаць у Шаўцове-Бузуку проста фізічную агіду, і ён па вялікім рахунку не бачыў розніцы паміж іхнімі “чыстымі” працамі і сваёй – будаўніцкай. Ён вычытаў, што ўсходнія мужчыны пасля 40 гадоў перастаюць працаваць. Усё. Чалавек аддаў іншым даніну, цяпер можа сядзець на беразе рэчкі пад пальмаю, думаць пра жыццё і філасофстваваць. Ах, як гэта мудра! Аднойчы яму, Шаўцову-Бузуку, і яшчэ двум з іхняй брыгады выпала халтура: трэба было ў выхадныя альбо пасля працы аднаму дачу падправіць і ў гарадской кватэры на балконе на першым паверсе люк унізе прабіць. Заказчык аказаўся пісьменнікам. Шаўцоў-Бузук анямеў ад захаплення. Ён першы раз у жыцці не па тэлевізары, не ў кампутары бачыў жавога пісьменніка, нават меў магчымасць зазірнуць у яго, так бы мовіць, творчую лабараторыю! Малады, не больш за 40 гадоў, выглядае на 30. І – “пісьменнік”! Гэтая новая мода, якую Шаўцоў-Бузук ніяк не мог зразумець: смаркатая дзеўчынёха – паэт, школьнік – пісьменнік... Але многа чаго ў жыцці перакулілася, чаму тут дзівіцца. – Колькі кніг вы напісалі? – наважыўся спытаць ён. – А я ведаю? – шчыра адказаў пісьменнік. – Вось усе стаяць. Можа, раманаў з паўста. У Шаўцова-Бузука ледзь малаток не выпаў з рук. Неверагодна! Нават калі ўявіць, што пісаць ён пачаў яшчэ ў школе, усё роўна атрымлівалася ў 2 месяцы па рамане! Раней пісьменнік усё жыццё пісаў адну кнігу, паліў варыянты, пакутваў, часта і не дапісваў яе... А тут! Малады чалавек нават не памятае, колькі напісаў! Калегам-будаўнікам пісьменнік не спадабаўся, яшчэ на дачы абгаварылі яго. Маўляў, недалуга, цвік не зможа забіць, пра апалубку ўяўлення не мае, шпалеры не паклеіць, люстру не падвесіць, нават лямпачку сам не ўкруціць... Не кажучы ўжо, каб паркет ці хоць звычайную драўляную падлогу паслаць: пакладзе на бярлагі сырыя дошкі і не здагадаецца, што паміж кожнай трэсачка-распорка трэба, прычым у пачатку і ў канцы, бо калі гэтага не зрабіць – пачне высыхаць падлога, дошкі паробяцца гарбатымі і будуць лезці адна на адну, як жабы ўвесну. Але Шаўцоў-Бузук не слухаў іх. Ён ведаў, што ў іх кажа зайздрасць. Тут, у гэтых сценах, ствараліся вобразы, сюжэты, ажывалі выдуманыя людзі! Ён гатовы быў працаваць бясплатна. Балкон зрабілі як ляльку. Прабілі шырокі люк, лесвічка з парэнчамі, унізе палічкі, шафкі, святло – бамбасховішча, хоць жыві тут. Пісьменнік, пакуль рабілі, тлумачыў, чаму добра, што першы паверх – і да зямлі бліжэй, і з ліфтам не праблема, і вось падвал; а краты лёгка высоўваюцца са штыроў, здымаюцца – калі пажар, выскачыш. Ён быў не дурны, нягледзячы на маладосць, практычны, гэты пісьменнік. Калі ўсё было зроблена, ён захацеў з імі пагаварыць. Накрыў шчодры стол, многа заплаціў, не скупіўся. Мужчыны адтаялі ад такой шчодрасці, пачалі з павагаю цікавіцца, адкуль бярэцца талент і чаму адным дадзена, а іншым – цэглу цягай. Пісьменніка цешыла ўвага. Чалавек шчыры, гаваркі, можа, і асцярожны са сваім братам-літаратарам, а тут, з будаўнікамі, даў сабе волю, расказваў як ёсць. – Ёсць “рыба”. Схема. Макет. Усё дазіравана: колькасць дыялогаў, забойстваў, палавых актаў, апісанняў прыроды. Трэба толькі запоўніць, як у сканвордзе, пустыя клетачкі неабходнымі словамі. Не абы-якімі, не ад сябе, а менавіта ў залежнасці ад капрызу заказчыка. Калі раман пра пошукі скарбу – золата пабольш, калі пра каханне – гэтага дабра давай... – А хто вам заказвае тэмы? – спытаў Шаўцоў-Бузук, які лавіў кожнае яго слова. – Ёсць каму. Расія вялікая. Я звычайна пішу два, а то і тры варыянты, – разгаварыўся пісьменнік, не бачачы ў будаўніках канкурэнтаў. – Першы варыянт: аптымізм, поспех, станоўчы герой... Другі варыянт – тое самае, толькі наадварот: фемінізм, лесбі, наркотыкі, дыктатарства, тыранія... А то і трэці – містыка і фальклор... Даеш кожнаму варыянту розныя назвы, падпісваеш рознымі прозвішчамі, лепш за ўсё жаночымі – і ў добры шлях! Дзе-небудзь ды спрацуе. Справа ў тым, што літаратура, як заўсёды, дзеліцца на лагеры, і адзін лагер ніколі не чытае другога. – А калі... прачытаюць? – спытаў Шаўцоў-Бузук. – Я ж не капірую. Пісьменнік так і сыпаў прафесійнымі тэрмінамі. Для яго гэтыя дыялогі, рыба, акты, сюжэты, кульмінацыі, хэпі-энды былі такімі ж звыклымі словамі, як для Шаўцова-Бузука з калегамі – цэгла, апалубка, кельма... – Цяпер мода пісаць па-беларуску, – расказваў пісьменнік. – Я намахаю па-руску, знайду якую школьніцу, яна перакладзе... Слухалі, раты разявіўшы. Якіх толькі дзівосаў не бывае на свеце! – Во жывуць людзі... – Хто на што вучыўся... На развітанне пісьменнік падараваў кожнаму па кнізе. Шаўцоў-Бузук набраўся смеласці і спытаў, ці можна прыйсці ў бліжэйшыя выхадныя, бо яшчэ заставаліся сякія-такія недаробкі, драбяза розная, і варта было б падправіць, падчысціць, падцягнуць; цвік дабіць, па няроўнасцях наждачкай прайсціся, цагліну выпнутую падправіць... “Не за грошы, вы не падумайце, бясплатна!” – хутка дадаў ён, баючыся, што пісьменнік адмовіць. Але той сказаў: “Пахвальна. Канечне, прыходзьце. І не за бясплатна!” Дома Шаўцоў-Бузук адразу кінуўся чытаць кнігу. І адразу ўбачыў, што гэта звычайная вада, разбаўленая дыялогамі глухога і сляпога. Вось цэлы раздзел чалавек падымаецца па лесвіцы. “Здравствуйте”. – “Здравствуйте...” Пісьменнік пісаў пра мора, горы, яхты, вілы, лімузіны, саўны, пра дзевак з дзеўкамі і хлопцаў з дзеўкамі, і хлопцаў з хлопцамі. Шаўцоў-Бузук не хацеў быць на месцы герояў. Яму хапала проста ляжаць і чытаць. Не кніга яму падабалася, не раскоша, а свабода чалавека, гэтага канкрэтнага маладога ўпэўненага пісьменніка, яго магчымасць распараджацца сваім вольным часам. Асабістае знаёмства з пісьменнікам змяніла ягонае стаўленне да сучаснай літаратуры. А можа, я проста не дарос? – думаў ён, пагладжваючы вокладку. Можа, літаратура, як тэхніка, таксама развіваецца. І не можа ж чарговая, найноўшая мадэль аўтамабіля быць горшай за папярэднюю – наадварот, усё толькі ў бок паляпшэння; так і літаратура – не магла ж кніга, напісаная ў 21 стагоддзі, быць горшаю за напісаную ў 20-м, тым больш у 19-м... Шаўцоў-Бузук падкрэсліў некаторыя сказы, якія спадабаліся яму. “Я не прашу – я прыходжу і бяру”. “Я іду толькі ўперад, назад не паварочваю”. У выхадныя ён ужо стаяў каля пад’езда пісьменніка, ціснуў на кнопку дамафона. Пісьменнік, прапускаючы яго, здзівіўся. – Я думаў, вы сказалі і забыліся. Звычайна ў нас так робіцца. Шаўцоў-Бузук усё абгледзеў, падправіў, падбіў, падчысціў... Выпэцкаўся. Потым, за сталом, Шаўцоў-Бузук насмеліўся і спытаў пра тое, што найбольш цікавіла яго: як гэта раней чалавек жыццё не шкадаваў на адзін раман, а цяпер... На гэты раз пісьменнік быў яшчэ больш адкрыты: – Вам адказаць як на чытацкім выступленні ці шчыра? – Шчыра... – Вы думаеце, я не ведаю, якое гэ з сябе выпускаю? Хіба мне не хочацца патраціць год на малюсенькае, з камарыны нос апавяданне, але каб яно было сапраўднае? Ды нельга! Тут ужо справа не ў якасці, а ў колькасці: чым больш ты выдаеш, тым больш ты лічышся паспяховым, а толькі спыніўся – выпадаеш з абоймы, і месца тваё займае іншы... Бараць­ба за выжыванне, памножаная на поспех, як і ў любой іншай справе, як і ў вашай будаўніцкай. Шаўцоў-Бузук, памуляўшыся, спытаў: – Вы курыце? – Не, кінуў. Падлічыў, што пакуль цыгарэта выкурваецца, я дзве старонкі намахаю. – Можна... калі-небудзь... прыходзіць да вас? Кнігу новую купіць... – Не можна – трэба. І не купіць, а бясплатна падпішу.   ІV. Настала вясна – гарадская, непрыгожая, няўцямная, з тоўстымі, набрынялымі вадой жоўта-белымі акуркамі на газонах. З-пад снегу выступалі кучкі сабачых экскрэментаў. І разам з гэтай вясной усе балячкі абвастрыліся. Быў выхадны, субота. Шаўцоў-Бузук клыпаў па вуліцы, як булгакаўскі сабака. У целе адчувалася такая ўтома – ад усяго, нават ад жыцця. Кожны крок адзываўся болем у скручанай спіне. Ігар сарваўся з кадзіроўкі – значыць, зноў будзе біць Свету. Ён, Шаўцоў-Бузук, заступіцца і атрымае па поўнай. У панядзелак у паліклініку ісці па бальнічны, з фінгаламі... Ён паныла думаў пра чэргі ў паліклініцы, грубасць дактароў, пра тое, што бальнічны, калі пашэнціць яго атрымаць, будзе максімум дзён на 10. А яму не 10 дзён – год спакойнага жыцця трэба, хаця б месяц, не паправіцца ён за 10 дзён. Але галоўнае нават не гэта. Ну, а калі б не было Ігара, і паліклінікі, і спіны скручанай, будзь Шаўцоў-Бузук здаровы – гэта што, жыццё? Ізноў бегчы да васьмі раніцы на абрыдлую будоўлю, і так беспрасвету. На слупе каля перахода бялеў свежы лісток паперы. Абвестка, прыклееная скотчам: “Тэрмінова патрабуецца майстар па рамонту абутку! Камфортныя ўмовы... Зарплата высокая, сацыяльны пакет, ільготы, дадатковы адпачынак, прэміяльныя ў залежнасці ад колькасці заказаў і спрыту майстра. Тэлефоны: вэлком... мтс... лайф...” Прачытаў механічна – аднак неяк запала ў душу: слупкі тэлефонных нумароў-лічбаў... Шаўцоў-Бузук перайшоў вуліцу – і на другім слупе такая ж белая абвестка. Тут раптам сэрца забілася. Асабліва ад слоў “камфортныя ўмовы працы”. А што, калі гэта знак? Шанец? Адсядзеў змену ў цяпле – галоўнае, цяпло! камфортныя ўмовы! Канечне, знак – і да бабкі хадзіць не трэба. І прозвішча ў яго якое? У Шаўцова-Бузука і так сэрца стукала, а тут мала таго – фантазіі разгуляліся! Вочы загарэліся! Думкі пайшлі такія, што спалохацца можна. Напрыклад, ну што значыць уся класіка, якую ён чытаў і слухаў, у параўнанні з гэтай абвесткай? Ну, які сэнс жыцця? Ну, не шукаюць больш Бога, не чытаюць паэзіі, не кранае яна... Два радкі папсы замяняюць усю вялікую паэзію, і як замяняюць! Жывуць людзі, як і жылі, ведаюць нешта... Састарэла класіка, пракісла віно, прагнілі мяхі... Усе шукаюць вось гэтага: сацыяльны пакет, камфортныя ўмовы – і класікі не трэба, вось табе гатовы адказ на вечныя пытанні! А раптам? Бог не выдасць – свіння не з’есць, як сказаў бы Ігар. Ад хвалявання ў Шаўцова-Бузука нават боль у спіне сцішыўся. Не марнуючы часу – каб не перахапілі вакансію, ён набраў нумар. Праз шум – так, трэба людзі, прыязджайце. Блізка, знаёмае атэлье, колькі разоў праходзіў побач, зазіраў у вокны, а там светла, утульна... Ніколі б не падумаў, што знойдзецца там і яму месцейка, мо хоць пад старасць шчасце прываліць. Пакуль ішоў – прычым, стараўся подбегам – уяўлялася: пачнецца новае жыццё, у цяпле, ну, лёгкі працоўны шум, цвічкі ў абцасы ўганяеш... “Скажу, вопыт маю, толькі практыкі малавата, цяпер часы мяняюцца, трэба павучыцца!” – “Калі ласка, – адкажуць, – гэта нават абавязкова – выпрабавальны тэрмін, новая тэхналогія, прыглядайцеся, вучыцеся, вось вам майстар...” Быў якраз канец працоўнага дня. Шаўцоў-Бузук адразу зразумеў, што замест рая патрапіў у пекла. Стук, грук, шум, гам, тачылы гудуць... А асабліва клей – ох, гэты пах! Ён ад аднаго клею “паехаў”. Майстар акурат надзяваў куртку: – Зачыняемся, дзядзька. Што табе? – Нічога, – адказаў Шаўцоў-Бузук і, павярнуўшыся, каб ісці, нечакана для сябе церануў рукою па вачах. Майстар заўважыў гэта. Ён дагнаў Шаўцова-Бузука. Пайшлі побач, пазнаёміліся. Майстра звалі Міхеевіч. Завярнулі ў блізкую, адразу каля атэлье, піўную. У піўной Шаўцоў-Бузук прызнаўся пра спіну, пра сацыяльны пакет... Пра тое, што не дацягне да пенсіі. – Ну, пра пакет забудзь, – сказаў Міхеевіч. – Пра камфортныя ўмовы таксама. Але сёе-тое зрабіць можна. Шкада мне цябе. Ну хочаш, я з загадчыцай пагавару, прыбіральшчыкам цябе возьмем. У Шаўцова-Бузука ад таксічнага паху клея, ад піва, а яшчэ больш ад чалавечай увагі сэрца ўзыграла. – Не. Я ўжо бачу. Тут ад аднаго клея адурнееш. Увогуле, я не прашу – я прыходжу і бяру, – значна сказаў ён. – Вось як, – пасміхнуўся Міхеевіч. – Чым жа мне табе памагчы? – У вас ёсць унукі? – Унучка, у 10 класе. – Тады паможаце, – загадкава адказаў Шаўцоў-Бузук. Ён ужо ведаў, што рабіць. Ён вярнуўся дамоў, прайшоў у свой пакой. Чуў, як Ігар скандаліў, Света плакала – ён нават не высунуў носа. На раніцу ён панёс заяву на звальненне. І калі выйшаў з аддзела кадраў з працоўнай кніжкай, уздыхнуў, расправіў плечы... Жыццё вакол! Вярнуўся і – адразу за ноўт-бук. Так Шаўцоў-Бузук пачаў пісаць раман. Гэта раней было складана, а цяпер – набяры ў пошукавіку “як напісаць раман” – і табе выскачыць падрабязная інструкцыя, цяпер ты і шавец, і кравец, і на дудзе ігрэц. Шаўцову-Бузуку спадабалася, што дзяржава чакае ад пісьменнікаў твораў, якія б спрыялі выхаванню грамадзян сваёй краіны і вучылі патрыятызму, што чакаецца твор “светлы, бадзёры, з аптымістычным героем, на якога хацелася быць бы падобным”. Шаўцоў-Бузук і пачаў пісаць так, як ім хочацца. Спачатку блыталіся ў клавіятуры тоўстыя, заскарузлыя пальцы, але потым навучыўся дзюбаць двума ўказальнымі – і пайшло. Раман. Пра пагранічніка. 1) Патрыятызм на рускай мове. 2) Нацыянальнае – дзеянне ў Беларусі. 3) Герой – мытнік. Сям’я. Каханне ў сям’і прысутнічае, але любоў да ўлады і да айчыны – “Белоруссии” – мацней. Герой сурова выконваў свой абавязак па абароне дзяржаўнай граніцы. Ён выкрываў кантрабанду, правоз нелегалаў, наркотыкаў. Хабар давалі – ён з гонарам не браў. Вечарам, стомлены, але чэсны, вяртаўся ў сям’ю. Выхадныя – дача, шашлыкі на беразе возера, дзе папутна герой займаецца добрымі справамі: выратоўвае дзяўчынку, якая далёка заплыла і ледзь не ўтапілася, чытае шумнай моладзі лекцыю пра ахову прыроды, і тыя, прысаромленыя, прыбіраюць за сабою пустыя пляшкі і недакуркі. Клопат пяшчотны пра састарэлых бацькоў, ён ім купляе лекі і мерае ціск. Любаванне прыгажосцю родных асін і бяроз. 4) Дэтэктыўнае. Укралі дачку, падкінулі грошы, дачку гераічна вызвалілі, грошы аказаліся фальшывыя. 5) Містычна-фальклорнае. Украдзеную дачку трымалі ў вясковай хаце, у старой глухой бабулі, якая казала “авось, нябось, чагось”, да каровы якой прыпаўзаў вуж (Змяіны Цар) і смактаў вымя. 6) Спакушэнне героя маладой хцівай хаўрусніцай бандытаў, якую ён з абурэннем адвяргае. 7) Мора разліванае, цэлыя старонкі дыялогаў “глухога са сляпым”: – “Прошу вас следовать за мной”. – “За вами?” – “Да, именно за мной...” 8) Аптымізм, станоўчасць ва ўсім – каб героі не хварэлі, не паміралі, не сумавалі. Пахмурнае надвор’е не апісваць, а толькі сонечнае, фарбы выбі­раць свежыя, як ружы, якія кожны вечар прыносіць герой каханай жонцы. Шаўцоў-Бузук працаваў, як апантаны, нават пакурыць на балкон не выходзіў. Гэтыя змены ў яго паводзінах так уразілі Ігара, што ён не чапляўся да суседа і не біў яго. Праз месяц дзвесце дваццаць старонак, як лёду, былі гатовыя. Раздрукаваныя. Унучка Міхеевіча, з якім Шаўцоў-Бузук пасябраваў, выправіла граматычныя памылкі, заадно крышку – стыль. І Шаўцоў-Бузук, хвалюючыся, панёс твор пісьменніку. Пісьменнік пакруціў у руках папку, чамусьці ўзважыў яе на далоні. І... аддаў назад. – Ды вы хоць пачытайце першы радок! – узмаліўся Шаўцоў-Бузук. – Не хачу. Чаму гэта вам прыйшло ў галаву? Паглядзелі, як я жыву? Пазайздросцілі? Самому так захацелася? – Не! – прыціснуў руку да сэрца Шаўцоў-Бузук. – У інтэрнэце пішуць... конкурсы... патрыятызм... – А, вы начыталіся, што ў нас няма сваёй “Ціхай Прыпяці”? – насмешліва казаў пісьменнік, для якога гэтыя пытанні даўно былі вырашаны. – Няма, бо не трэба. А як толькі спатрэбяцца – так і з’явяцца, паверце. А пакуль усё гэта глупства. Састарэла, калега! Усё састарэла. І “Ціхая Прыпяць”, і мова, і патрыятызм, і Еўропа, і... – пісьменнік сказаў у рыфму Еўропе. Яго словы дабівалі няшчаснага Шаўцова-Бузука. Ён ужо бачыў, што пацярпеў поўны крах. Прыніжаны, з папкай пад пахаю, ён толькі думаў: зноў будоўля! Як вяртацца? З такім гонарам звальняўся... Ды і не зможа, фізічна не зможа ён больш працаваць! Камісію не пройдзе! Пісьменнік уважліва, акурат як Міхеевіч, паглядзеў на яго. Усё прачытаў на ім. Спытаў без іроніі, іншым, чалавечым голасам: – Што, зусім кепска? Шаўцоў-Бузук хацеў адказаць, ды словы захраслі ў горле. Дзеля гэтага давялося б пісаць цэлы новы раман, зусім іншага плану: пра ўзрост, хваробы, будоўлю, Ігара... І яшчэ больш стала горка. Прастуда, стома, сілы мала... – Не дажыву я да пенсіі, – прашаптаў ён. – Можа, вам на дачу трэба садоўнік? даглядчык? – я б жыў там... Прыткнуцца няма дзе... хоць у пераход метро... з шапкаю... Пісьменнік выслухаў, чамусьці з агідай паглядзеў на выключаны ноўт-бук і сказаў: – Ведаеце, я таксама не адразу... вось за гэта ўзяўся. Працаваў дворнікам, пазнаваў жыццё, людзей. Праўда, адзін месяц усяго. Але сувязі засталіся... павінны быць. Вы не хочаце паспрабаваць, напрыклад, дворнікам? – Я не змагу. Не пацягну! – Глядзячы дзе. Там хутчэй нават не дворнік, а садоўнік. Пры “Доме малюткі”. Працы мінімум – лісце падмесці, галіны сухія абрэзаць, кветкі на клумбах вадой паліць... Хочаце? – Хто ж такога не захоча? – але ў голасе ў Шаўцова-Бузука было сумненне. Тады пісьменнік узяў у руку тэлефон і мімаходзь, сам не падазраючы, зрабіў адзіную ў жыцці добрую справу, якая абышлася яму ў дзве хвіліны, а па значнасці пераважыла ўсе яго 50 тамоў. Ён набраў нумар. – Людміла Прохараўна? Памятаеце мяне? Дзякую, дзякую... Не, у мяне ўсё цудоўна. Тут чалавечак адзін... Ды не, я б не сказаў. Сімпатычны, толькі загнаны жыццём. Так, так, дзеля мяне...   V. Людміла Прохараўна, абаяльная, ветлівая, зусім непадобная на грубага брыгадзіра ці прараба з будоўлі, расказвала: “У нас няма рэжыму, абы праца была зроблена. Вось толькі грошы малыя”, – а Шаўцоў-Бузук парываўся сказаць, што бясплатна згодзен, абы на кухні далі паесці. Ён быў у захапленні ад гэтага “Дома малюткі” – сама назва нейкая... малень­кая, міленькая, у лесе, у чароўным месцы – лесапаркавая зона, цішыня, прырода, паветра. – ...Зімой дарожкі пяском пасыпаць, увосень лісце зграбаць, улетку касіць – машынка ёсць. Плошча маленькая, пяць сліў, тры вішні, кветкі ды глог... І Шаўцоў-Бузук пачаў працаваць у “Доме малюткі”. Прайшла вясна, лета, наступіла восень. Шаўцоў-Бузук пачынаў разумець сваё ціхае, някідкае, як восеньскія фарбы, шчасце. У яго кружылася галава ад клумбаў з кветкамі, ад цішыні, ад глога – чырвонага, буйнага, бы райскія яблычкі. Сярод туяў, падобных на кіпарысы, у яго быў свой уласны зацішны куточак, дзе яму дазвалялася курыць: лавачка, столік, бляшанка-попелка. Ён курыў і думаў, што мае рэдкую ўдачу – у цэнтры горада назіраць усе перамены чатырох пор года непасрэдна ў прыродзе, плюс няўлоўныя іх перацяканні з аднаго стану ў другі; напрыклад, бачыў, як яшчэ ўчора зялёны лісцік сёння быў ужо жоўты. А тут яшчэ калі ў адным пашэнціць, дык і далей паплыве: Ігар з сям’ёй нарэшце з’ехаў, новыя суседзі з’явіліся, маладая інтэлігентная пара, ціхія, жывуць сваім жыццём. І на працы Шаўцова-Бузука паважаюць, лічаць мудрым, нават пабойваюцца. Сярод абслугі пранеслася чутка, што ён тут не проста так, а па пратэкцыі пісьменніка, сам папісвае і, калі яму не спадабацца, можа вывесці чалавека ў негатыўным святле. Знарок для яго расказваюць розныя гісторыі, прымітыўныя, з тых, што ўражваюць не столькі слухача, колькі самога апавядальніка. Напрыклад, скардзілася старая нянечка, што ў яе зяць п’е, і ёй раіла прыбіральшчыца, косячыся на Шаўцова-Бузука: – Бываюць шчупакі, разрэжаш такога, а ў яго ў жываце яшчэ адзін, меншы, дык таго, каторы ўсярэдзіне, засмажыць і даць п’яніцу – як рукой здыме, лепшых лекаў няма. Сама прыбіральшчыца расказвала такую гісторыю. Аднойчы яе зяць у зале чакання Усходняга аўтавакзала ў Мінску звярнуў увагу на худзенькую жанчынку, рукі якой былі схаваныя ў рукавы паліто, а на спляценні рукавоў вісела цяжкая сумка... Галаву бабуля апусціла. Калі ж падняла – зяць расказвае, сэрца ў яго зайшлося ад захаплення: надта ж была яна прыгожая! Цёмныя глыбокія вочы, смуглявы чысты твар і нават сетачка зморшчынак на ім – усё было прыгажосць. “Што глядзіш, малады чалавек?” – спытала бабуля. – “Гляджу, якая ж вы прыгожая”, – адказаў зяць. – “Была, дзетка, некалі! Бог даў мне такую прыгажосць, што людзі вачэй не маглі адвесці ні ў маладосці маёй, ні цяпер, у старасці. А толькі не прынесла мне гэтая прыгажосць ні шчасця, ні багацця – толь­кі слёзы. Ды яшчэ сына майго. Вось да яго еду, у Бабруйск, у турме ён. Гасцінцы вязу. Не ведаю, ці давязу, сілы няма, адна любоў у сэрцы засталася”. Зяць прысеў побач, а яна далей расказвае: “Была я маладая, і сынок быў маленькі, і тут ускочыла ў мяне на назе, каля маленькага пальчыка, грызь. Храшчык такі пад скураю, і не тое, каб перашкаджаў, але надта ж свярбіць. Людзі кажуць, што трэба пагрызці яго. Я сама не магу дацягнуцца, прашу: сыночак, пагрызі мне! А ён чырванее, адварочваецца, сорамна яму, ні ў якую. Мінула гадоў дзесяць, у мяне ўсё само прайшло, я і забылася, сыну ў армію ісці трэба. І што вы думаеце? Знаходзяць у яго грызь, і на нагах, і на руках. Выпісалі белы білет, а грызь не праходзіць, у псарыяз пачала ператварацца. Стаў сынок ад гора піць, п’яны да мяне чапляцца – маўляў, перадала ў спадчыну такую хваробу”, – бабуля цяжка ўздыхнула, па яе шчоках скаціліся дзве слязінкі. “І сынаву любоў таксама з сабою вязу, вось”, – яна марудна выцягнула з рукавоў рукі, і заместа кісцей зяць убачыў два барвовыя абрубкі. “Адсек сынок мне ручанькі сякераю. П’яны быў, на гарэлку грошы прасіў, ды не было іх у мяне...” Прыбіральшчыца расказвала і сама сабе выцірала слёзы. Шаўцоў-Бузук слухаў, матаў на вус і думаў, што пры нагодзе трэба будзе расказаць гэта пісьменніку, каб хоць нечым аддзячыць свайму дабрадзею. А тут здарыўся выпадак, які вельмі яго напалохаў. Загадчыца Людміла Прохараўна, якая ўвогуле любіла пацвяліцца з яго, намякнула, што ў пісьменніка справы дрэнь, крызіс, выпісаўся пісьменнік, прагарэў, не йдуць яго раманы, і, можа быць, Шаўцову-Бузуку давядзецца вызваляць месца. Яна так пажартавала, але Шаўцоў-Бузук успрыняў усё ўсур’ёз. Ён так расхваляваўся, што не спаў ноч. А праз два дні прынёс пісьменніку цэлы стос раздрукаваных старонак. Было там і пра грызь, і пра вужоў, якія карову смокчуць, і пра папараць-кветку, і пра шчупака ў шчупаку. Пісьменнік і на гэты раз нават глядзець не стаў. – Баста! – сказаў ён. – Не трэба. Састарэла. Цяпер у модзе філосаф-адзіночка. Які ездзіць па ўсіх краінах па гатэлях, бухае бясконца сам з сабою і філасофствуе. Відаць, у гэтай тэме пісьменнік адчуваў сябе прафесіяналам і не меў патрэбы ў памочніках. – Проста я падумаў, – збянтэжаны, прызнаўся Шаўцоў-Бузук, – а раптам вы вернецеся... Пісьменнік зарагатаў. У яго творчай галаве адбілася, якія розныя на свеце бываюць шчасці, як мала трэба аднаму, і як многа – другому. – Не, браце, я іду толькі ўперад, назад не паварочваю, – адказаў ён уласнай цытатай. Шаўцоў-Бузук супакоіўся, і з таго часу зусім гладка ў яго ўсё пайшло. Яго не пазнаць. Спіна прамая, вочы свецяцца, у рухах – упэўненасць. Ён забыўся на ўсе хворасці свае; пра тое, што не дажыве да пенсіі, даўно нават не думае. Свайго дабрадзея пісьменніка ён шчыра, амаль набожна лічыць самым лепшым з усіх, якія існавалі на зямлі. Кніжка пісьменніка ляжыць у яго ў пакоі на ганаровым месцы; яна памагла яму больш, чым уся мудрасць свету. І калі ён выпівае з Міхеевічам, куды б ні павярнулася гутарка, ён ніколі не праміне ўставіць чароўныя словы: “Не трэба прасіць – трэба прыходзіць і браць”, “Я іду толькі ўперад, назад не паварочваю”. – Бач ты, – дзівіцца Міхеевіч, апускаючы вусы ў піўную пену. 2015 г.
 
Адам Глобус (№77)
[caption id="attachment_1254" align="alignleft" width="300"] Адам Глобус[/caption] Смерць ад вялікай любові Кароткая аповесць пра захапленні Шмат хто з тых, каго я добра ведаў, паміралі ад вялікай любові і ад вялікага кахання. Яны не проста паміралі і пакутвалі, яны памерлі менавіта ад свайго моцнага захаплення. Кажу без жартаў. Якія могуць быць жарты каля магілы добрых людзей? Сам падумай. Мяне нават каля магілы праклятага ворага вусціш ахоплівае, што казаць пра магілы нашых блізкіх. Таму скажу, што я ўсё ж бачу суцяшэнне ў такой з’яве, як смерць ад любові. Чалавек меў моцнае і яркае пачуццё, жыў з ім і памёр з ім. Ёсць у гэтым простае шчасце чалавечага жыцця, ёсць радасць – адназначна. Бронік і жонка Пажарны Бронік моцна любіў сваю бабу Ядзю. Жылі яны цяжка, перажылі тры вайны – польскую, фінскую і нямецкую. Выгадавалі дзяцей, ажанілі ўсіх, уздыхнулі з палёгкай, а тут і гора прыйшло – Ядзю з’еў рак. Хутка, за які месяц яна згарэла і згасла. Бронік два гады плакаў. Ніхто і думаць не думаў, што дзед Бронік так моцна любіць сваю бабу Ядзю. Два гады штодня Бронік хадзіў на клады, клаўся каля жончынай магілы, абдымаў яе і плакаў. Бронік сплакаўся і памёр. Ён памёр ад любові да Ядзі. Юра і ровар Скульптар Юра любіў ганяць на ровары. Юра быў нечым падобны да мядзведзя, а таму на ровары ён выглядаў не па-спартоваму, а па-цыркавому. Варта сказаць, што Юра ездзіў на ровары па-майстэрску, з веданнем справы, з азартам. Каб у старажытнай Грэцыі былі ровары, дык, гледзячы на Юру, грэкі склалі б міф пра велакентаўра. Любоў да ровара і забіла скульптара. За дзень да смерці Юра выпіваў з калегамі па скульптурным цэху. Выпілі мужчыны моцна. Напіліся і завялі спрэчку. Юра сказаў, што лёгка праедзе на ровары сто кіламетраў. Раніцай пасля п’янай спрэчкі скульптар праехаў сто кіламетраў, паставіў ровар у кладоўку, лёг на канапу і адразу сканаў. Казік і машына Слесар Казік людзей не любіў. Яны яму шмат кепскага зрабілі. Казік любіў метал, любіў машыны і самалёты. Ён у дзяцінстве склейваў мадэлі самалётаў. Месяцамі мог прасядзець над складанай мадэллю планера. Казік склеіў мадэль і паклаў на канапу. Суседская дзеўка зайшла ў госці і села дупай на мадэль. З Казікам здарылася істэрыка. Ён крычаў на суседку, крычаў на бацькоў, выбег на вуліцу і крычаў, што ў суседзяў сыны ў партызанах. Казіка злавілі, звязалі, паклалі на печ. Казікаў бацька дамовіўся з немцамі, што яны забяруць крыкуна на працу ў Германію. Забралі. У Германіі Казіку было горка, бо падлетка прымушалі працаваць, як дарос­лага. Ад людзей Казік атрымаў шмат розных крыўд і зняваг, а машыны яму дапамагалі. Больш за ўсё на свеце слесар любіў сваю машыну, свой легкавічок, свой “масквіч”. Таму Казік, калі адчуў, седзячы за стырном “Масквіча”, востры боль у сэрцы, не стаў адразу прымаць нітрагліцэрын. Ён вырашыў прытармазіць і акуратна запаркаваць сваю любімую машыну. Ён паўжыцця збіраў грошы на легкавічок, таму старана яго паркаваў, а сэрца рвалася. Казік запаркаваў машыну, дастаў таблеткі, але прыняць не паспеў. Памёр з таблеткамі ў руцэ. Памёр у любімай і акуратна запаркаванай машыне, у сваім чыстым і дагледжаным легкавічку. Саша і бацькі Настаўнік Саша любіў сваіх бацькоў. Усе мы любім бацькоў, за выняткам круглых сіротаў і слабаразумных вычварэнцаў. Саша любіў бацькоў моцна, бо нікога блізкага ў гэтым свеце, акрамя таты ды мамы, не меў. У свае сорак пяць Саша так і не займеў сваю асобную сям’ю. Дзяцей таксама не мелася. Жыў з бацькамі. Даглядаў старых. Карміў малочным супам. Першым сышоў тата, а за ім неўзабаве і мама перабралася з Чыжоўкі на могілкі ў Калодзішчах. Саша хадзіў на могілкі да бацькоў, і яму там было ўтульна. Яму хацелася легчы паміж магіламі мамы і таты, легчы і заснуць, і заснуць так, каб не прачынацца. Ад п’янства, ад адзіноты і меланхоліі Аляксандру зрабілася кепска. Ён выклікаў доктара, але не паехаў з ім у бальніцу. Адмовіўся. Саша нават распіску напісаў пра сваё адмаўленне ехаць у бальніцу. Ён застаўся ляжаць у кватэры сваіх бацькоў і праз гадзіну памёр. Жэня і жанчына Аптэкар Жэня закахаўся ў прадавачку Косцю. Ён хадзіў за Косцяй неадчэпным хвастом. Адорваў яе срэбнымі і нават залатымі бацацыркамі. Частаваў пірагамі і пахлавой. Вадзіў на канцэрты і спектаклі. Усім здавалася, што Косця вось-вось прыме прапанову Жэні – выйсці замуж. Косця прыняла прапанову выйсці замуж, але не ад закаханага аптэкара. Прадавачка выйшла за міліцыянта. Аптэкар так заперажываў, так занерваваўся, так загнаўся, што купіў вяроўку і павесіўся ў сваёй аптэцы. На пахаванні Жэні ўсе казалі, што ён мог бы атруціцца, а ён замест таго, каб выпіць атруты – палез у пятлю. Вялікае каханне завяло Жэню ў пятлю. Горка. Але ж у Жэні было сваё вялікае каханне, і з гэтым не паспрачаешся. Ігар і цыгарэта Шмат хто не можа кінуць курыць, бо любіць тытунёвы дым больш за ўсё на свеце. Графік Ігар нават сярод старых курцоў лічыўся ненатоль­ным аматарам цыгарэт. Ён дыміў не раўнуючы як той казачны Змей Гарынавіч. Ігар выкурваў па дзве пачкі за адзін дзень. Ён нават пасярод ночы ўставаў, каб перакурыць. Кашляў Ігар страшэнна. Сто разоў спрабаў кінуць курыва, але не змог. Курыў і курыў, а калі крышку выпіваў, дык пачынаў прыкурваць адну цыгарэту ад другой. Адну даб’е і другую пачынае. Нічым добрым такая любоў скончыцца не магла. Пасля моцнай п’янкі з сябрамі графікамі Ігар праспаў ноч і палову дня. Прачнуўся і ў адных трусах выйшаў на гаўбец, каб нашча высмактаць першую цыгарэту. Тая першая і стала апошняй. Ігар набраў поўныя лёгкія пякучага дыму і страціў прытомнасць. Непрытомны, ён грымнуўся патыліцай на цэментную падлогу гаўбца і забіўся. Ладзімір і чысціня Чысціня для хутаранца Ладзіміра была найвялікшай каштоўнасцю. Хата, падворак, сад, гумно заўсёды трымаліся ў ідэальным парадку. Нават куры і свінні ў ягонай гаспадарцы былі самымі чыстымі ва ўсёй вёсцы з яе навакольнымі хутарамі. Чысты Ладзімір пражыў павольнае і доўгае жыццё. Яму было пад восемдзесят, калі жонка пайшла ў бальніцу, а з яе перабралася на клады. Жыць адному цяжка, асабліва калі табе восемдзесят, але Ладзімір не здрадзіў сваёй чысціні. Карову, свіней і нават курэй ён папрадаваў, але падворак выкошваў, гумно падмятаў, падлога і вокны ў хаце былі вымытымі. У свой апошні дзень Ладзімір спарадкаваў вопратку ў шафе. Выбраў сабе чыстае сподняе. Паклаў яго на крэсла каля ложка. Сеў на ложак і выдыхнуў з сябе ўсё чыста паветра. Юрась і рыбкі Акварыумныя рыбкі былі для школьніка Юрася найвялікшым захап­леннем. Ён дзеля іх і жыў. Набыццё корму, усталяванне лямпы і замена вады прыроўніваліся ў Юрася… Ды што там маё “прыроўніваліся”? Былі самымі сапраўднымі рэлігійнымі рытуаламі. Гадзінамі Юрась любаваўся сваімі рыбкамі. У кожнай з іх было імя. З кожнай рыбкай Юрась размаўляў. З-за сваёй любові да рыбак Юрась і загінуў. У краме “Прырода” ён папрасіў у маці грошы на пластыкавае колца для кармлення рыб. Таннае колца, якое ляжыць на паверхні вады і ў якое акварыумісты сыплюць сухі корм для сваіх любімцаў. Маці адмовілася даваць грошы. Юрась выбег з крамы, забег у пад’езд высокага дома, узняўся на апошні паверх, адчыніў пад’езнае акно і скінуўся на зямлю. Антак і сад Местачковец Антак больш за ўсё на свеце любіў свой вялікі сад. Ён яго ведаў з першых дзён жыцця, варта нават сказаць, што ягоныя бацькі злюбіліся ў гэтым садзе. Яны злюбіліся ў садзе, пад яблынямі, а праз вызначаны прыродаю час нарадзіўся Антачак. Ён гадаваўся на садовых паўмежках, каля кустоў парэчак і агрэсту. Усё сваё жыццё Антак даглядаў сад. Бяліў камлі. Абразаў сухое вецце. Абкопваў дрэвы. Лепшага занятку ён і не ведаў. У сваім садзе Антак закапаў бутэльку віна, калі сыходзіў у войска. Калі вярнуўся, змучаны і паранены, ён тую бутэльку выкапаў і выпіў, седзячы на зямлі пад грушай-лімонкай. Каб у Антака спыталі, дзе ён хоча жыць і памерці, ён бы сказаў, што рады жыццю пад высокай грушай-лімонкай, і памерці ён хоча вясновым днём, седзячы ў крэсле пад сваёй грушай. Не атрымалася. Лімонка захварэла і засохла. На яе месца Антак пасадзіў грушу-бурачку. Памёр Антак у садзе, седзячы ў крэсле, пад яблыняй – белы наліў. Валодзя і гарэлка Чалавек ведае, што можна рабіць, а што – нельга. Ведаць ведае, але не заўсёды паводзіць сябе разумна. Махае рукою, кажа: “Адзін раз жывем!” і творыць відавочнае глупства. Такія паводзіны зразумець цяжка, калі сам ты не лічыш чалавечае жыццё малапатрэбным смешным глупствам. Валодзя не лічыў чалавечае жыццё глупствам, але пасля пяцідзесяці пачаў беспрабудна піць. Ён і раней выпіваў і піў, і нават сыходзіў ў тыднёвыя запоі, але пасля пацідзесяці ён не прасыхаў. Некалькі разоў дактары яго выводзілі з запояў. Ставілі кропельніцы, палохалі смерцю, прасілі больш не цягнуцца да бутэлькі. Валодзя трымаўся месяцы са тры, а потым пачынаў піць з раніцы да вечара. Калі апошні раз сябры выцягнулі Валодзю з глыбокага п’янства, доктар сказаў проста: “Вып’еш – здохнеш!” Каб не маркоціцца ў кватэры, Валодзя выправіўся ў вандроўку. Разам з сябрамі ён плыў на чаўне па Прыпяці. Плыў і плыў, і стала яму так добра, што ён ўзяў прыхаваную сябрамі бутэльку гарэлкі. Узяў і паціху выпіў. Выпіў і, седзячы ў чаўне, адплыў у іншы свет. Нехта можа мне запярэчыць і сказаць, што людзі канаюць не толькі ад любові, а і ад розных хваробаў паміраюць. Так, мы паміраем ад хваробаў. Згода. Толькі скажы ты мне, адкуль бяруцца тыя хваробы. Вось! Нашыя хваробы з’яўляюцца ад любові. Здаецца, як можа запаленне лёгкіх стаць наступствам любові? Лягчэй лёгкага. Слухай… Цімох і кусты Акварэліст Цімох любіў надрэчныя кусты. Ён і Сож любіў, але кусты над вадою – любімы матыў, які акварэліст маляваў і маляваў без стомы. У любое надвор’е Цімох выбіраўся на эцюды. У снег, у дождж, у пякельнае сонца ён ішоў на бераг Сожа і пісаў невялічкія эцюды з кустамі над вадой. Пісаў і дапісаўся. Цімох падхапіў запаленне лёгкіх. Доктар сказаў Цімоху ляжаць у ложку. Сказаў, каб той нават па кватэры не хадзіў. Доктар прапаноўваў перавезці Цімоха ў бальніцу. Акварэліст адмовіўся. Паабяцаў, што будзе дома ляжаць у ложку. Схлусіў Цімох. Як толькі доктар з’ехаў, акварэліст сабраў эцюднічак і пацягнуўся да сваіх кустоў. Там яго і знайшлі мёртвага. Ляжаў сцішаны Цімох каля раскрытага эцюдніка, а дождж сыпаўся і сыпаўся на чысты аркуш паперы.
 
Мікіта Найдзёнаў (№77)
* * * Паўсюдна піліцца бабло, А ты прыгожая такая. Цябе я з танцаў сустракаю, ды помню: піліцца бабло. Твой кожны вершык – пра каханне. У ім твой роздум і настрой, Як ты са мной, альбо з сястрой. Таннеюць акцыі кампаній. Паўсюдна піліцца бабло, І грошы дзеляцца няроўна. А ты адна, як Бандароўна. І што мяне з табой звяло?     Не яго дзэн Ці сумуеш па волі, Ці так з гора пучыць, Толькі неяк не складваецца жыццё. Быў не меней не болей, Чым проста папутчык І трымаў у сабе пачуццё. Не заводзіў спантанны Ілжывы раманчык, Немужыцкі як бавіў свой час. Калі раптам спыталі: – Ды усё-ткі рамантык? Адказаў: – Можа быць, па начах. Па вачах не пабачыць, Што так непакоіць I выводзіць са стану у дзэн. Не аматар сабачкаў І зусім не па коціках. Проста сёння быў не яго дзень.   30 коцікаў Табе праз тыдзень дваццаць тры, А гэта значыць, хутка трыццаць. Таму свой прынцып “толькі з прынцам” Ты лепш трымаеш унутры. Ну хай бы проста нехта быў Надзейны, а не так, нядзельны, Каб прасаваць яму адзенне І смажыць з бульбаю грыбы. Але ж ты хочаш, каб было З ім і цікава, і прыемна, Абавязкова узаемна, І каб да нечага вяло. Як цяжка выбраць варыянт, Бо кожны мае свае хібы І толькі папраўляюць німбы Адзін – цяля, другі – вар’ят. І ў ложку лежачы з адным, Мяркуеш, можа, лепей іншы. А як у выніку так выйшла, Што ты не з гэтым і не з тым? Каму і як сігналіць SOS, Што нешта выбраць так нялёгка? А трыццаць коцікаў здалёку Табе мяукаюць твой лёс.     * * * Твой рэтраградны Меркурый – Лепшая з горшых прычын Зноўку ад тэмы культуры Ўцячы. Чым гэты горад трымае, Што не сысці нікуды? Цягнецца сцежка прамая Туды, Дзе так, як трэба і варта, Дзе ёсць каханне і сэкс. Кажаш не дзякуй упарта, А thanks. Будзеш і шчыра і проста Без выпадковых навін Шчасце ад новага ўзросту Лавіць.     Немужыцкая Мне імя тваё неўміручае Штораз чуецца варыяцыяй: Лізаветаю мілагучнаю Ці Альжбэтаю з іншай нацыі. Не сядзіцца ёй, не ляжыцца ёй – Увесь час за шляхамі-вандроўкамі. Тваё прозвішча – немужыцкае, А шляхетнае, з ноткай роўмінгу. І у верасні, і у студзені Вочы свецяцца дзіва-зорамі. Зноў цягаешся з тымі будзьмамі Дням-ночамі ды выходнымі. З нейкай прагаю сонца босае П’еш і болей усё табе хочацца. Ты гісторыю нашу коскамі Пазначай, бо яна хутка скончыцца.     * * * Болей сэнсу не ў тым, каб сыходзіцца, а сыходзіць. Задыхацца ад нематы Нібы хворыя на сухоты. Не прасіць ні аб чым І даваць без патрабаванняў. А пасля ўначы Заставацца адному ў ванне. Спяць у ложку каты, Скочуць зранку галодныя. Мне бы даць лататы Ад усмешкі лагоднае. І глядзець, і сачыць Каб не ведала нават. Так сумуе ўначы Па Зямлі касманаўт.     * * * З такіх цаглінак, як ты, Будуюць сцены. Ў кватэры граюць каты Начныя сцэны. Іх традыцыйны фінал Бліжэй да ранку. Адкрый бутэльку віна, Закрый фіранку. З табой адзін негатыў Апошнім часам. Жывуць са мною каты, Хоць лепш сам-насам. Чыя урэшце віна? Спытай у Франка. Наш традыцыйны фінал Бліжэй да ранку. Змяні ды пералічы Свае лекалы. Я зразумеў уначы Усяго Шагала.     Дваццаць чатыры Людзей здзіўляю, сам дзіўлюся І не стамляюся штодня. Ніхто б не здолеў, не адняў Мой шар у лузе, шару, лузер. Штодня гляджуся у люстэрка Ды сам сябе не пазнаю. А час ганяе плынь сваю. І што з чаго, вядома зверху. Сумую па табе, але Кайфую, калі нешта штырыць Я шчасны: мне дваццать чатыры А лепшае усё – далей.     * * * Давай мы так паступiм: Паеду на наступным. А не – дык застануся. Цi гэта думка stupid? Давай, калi нарэшце Усё у нас дарэчы, То захаваем magic Апошняе сустрэчы. Нявiнныя навіны. Ты верыць не павінна Нібыта нас звязала Якая пупавіна. Табе мяне не хопіць, І мне бы не сыходзіць І піць з табой да ранку Нясмачнае сухое. Але запомніць момант Галоўная умова І гэта усё сам насам перажываць нанова.     * * * Хай праз гэтыя танцы цябе няма, Я не буду лічыць нястачы. Дарма. Танчы. Да цябе не прыйду на адкрыты ўрок, Не схаваю ў кватэры цюльпаны. Скок Панны. Замінала мне нешта. Танцор я благі. Толькі ён няхай будзе лепшы. Другі. Першы.     * * * Было каб галоўнае, з кім Падыхаць марозам марскім, А там ужо знойдзецца, дзе Глядзець на усход па чарзе. Падзелены хмарамі на ЗвычАй і на неверагО. А дождж – проста лівень, сцяна, Нібы акіян з берагO. Халодным дыханнем сваім Працягне амаль да касцей І хочацца мёрзнуць у ім, І хочацца дыхаць часцей. Каб потым у потны пакой Узяць накірунак прамы І злегчы з ангінай якой На светлыя святы зімы.
 
Анатоль Брусевіч (№76)
Цішыня Калі на пыл шляхоў спадзе трывога І вернецца нарэшце Цішыня, Суцеш яе: яна шукала Бога, Але нікога так і не знайшла. На жаль, не ўсе шляхі вядуць да Пана. Ёсць шлях, які вядзе да Цішыні. На ім няма ні горшых, ні абраных, А толькі вершаў бледныя агні… Маё акно Маё акно без поўні і без зор. Мароз на ім не піша свой узор. Маё акно – варожы антысвет, Маё акно – забыты трыялет. Маё акно – салодкае віно. Я п’ю яго, а дна ўсё не відно. Маё акно – напятая струна. Не падыходзь так блізка да акна! Кожны чацвёрты Вясна. Халодны ветру звон. Туман шляхі пустыя ліжа. Сядзіць сябрына за сталом, Ды кожны трэці сябар – лішні. Бо кожны трэці ўжо не той, Другім і першым з ім нягожа. Вясна. Згубіўся за смугой І не прыйшоў чацвёрты кожны… * * * Ноч – акіян пануры: Вокны дамоў – караблі, Якія з нябеснай буры Вяртаюцца ў штыль зямлі. Неба крычыць: “Спакойна! Бура гартуе ваш дух!” Вокны стогнуць і тонуць, П’юць маўчання ваду. Плача зямля: “Ранак, Не дай ім пайсці на дно! Ветразі жоўтых фіранак, Дзе вы? Мне вас не відно!” Вяртанне ў адсутнасць Назад у адсутнасць – у белую снежную сцюжу, У мёртвы сусвет адыходжу спакойны, як бог. Мой розум – мяжа, за якою мінулага ружы Скідаюць пялёсткі на вострыя руны шыпоў. Смяецца душа ад бяссілля, ад стомы і здрады. Мінулага ружы сплятаюцца ў брыдкі вянок. Вяртаюся ў холад забытага райскага саду, Да гнёздаў, разбураных некалі мною знарок. * * * У дзень зачыненыя дзверы На два замкі – на ўсход і захад. Ізноў не спяць жывыя дрэвы, А кроплі стукаюць па даху. То дождж, то снег, і трохі сумна, Што зараз – ноч, а потым – ранак, Што час – закінутая студня, І нельга ў ім убачыць твару. * * * Адзін. Напалову Нібыта рассечаны твар Лязом. На падлогу Кладзецца разбіты алтар. Хай шэпчуцца думкі! Хай рвуцца на волю цвікі! А я агарнуся Малітваю жоўтай ракі. Радаўніца Забыўшыся на малітвы, Пакінуўшы цела труну, Мой Дух выклікае на бітву Маралі людской сатану. Сябе забіваць не цяжка. Смакуючы свету боль, Цяжарныя Богам манашкі Крычаць: “Мы з табой, Анатоль!” І я паслухмяна крочу Да іх па сямі грахах, Па ранах, стыгматах, мошчах З надзеяй на Божы Страх. Падэшвамі цяжкіх ботаў Я трушчу маўчанне дзён, П’ю слёзы памерлых продкаў, Вітаю пекла праклён. Парушэнне пятага запавету Паэт забівае Хама, Што вершы чытаў услых. Паэту не чутны лямант – Ён рвецца з грудзей пустых. Паэт забівае моўчкі, Шануючы слова бляск. І нават Паэта вочы Замоўклі на ноце “ля”. І плавіцца сонца-пляма, І промнямі б’е пад дых. Яно забівае Хама, Што вершы чытаў услых. Баль Сатана правіць баль Шмаль Прабівае на дзікі смех Грэх У вачах пустата і сон Скон Студзіць вусны гаркавы смак Вакх Памірае між кветак і Тугі Не хапае на ўсіх святла План Ціха тлее а вінны бог Здох Мой апошні пусты намер Звер Правіць баль Сатана Хана * * * Мне ўнутраны голас сказаў: “Вазьмі і застрэлься да ліха. Калі надыходзіць адліга – Не вартая жалю сляза! Вазьмі сваю роспач і боль, Кахання наіўнага комплекс, І выплюні ў белую столь Усё да апошняе кроплі! І збудзецца мараў буклет, І вернецца з выраю лета…” Застрэліўся пэўна б, але Не маю, на жаль, пісталета. * * * Даруй, мой Бог, што я адчуў нарэшце, За што Ты ненавідзіш гэты свет. Нашто любіць, калі жывыя вершы Не згодныя, што іх стварыў паэт? Калі радкі, паўстаўлыя з нябыту, Адчуўшы моц і подых Твой святы, Зрабіліся не светлаю малітвай, А сведкамі бязглуздых парадыгм? Калі ў чарговай літары і косцы, Што мусілі засведчыць Твой працяг, Чытаеш раптам здрадлівае “досыць”, Бы белы сцяг, узняты на касцях? Даруй, мой Бог, нянавісці пальчатку, Якую Ты мне кінуў у спакой, Я не падняў, бо я – твая асадка, Але не верш, закрэслены Табой. Букет Смерць нібы кветка вяргіні – Не належыць ні лету, ні восені. Толькі нябёсам сінім, Толькі аблокам бялёсым, Толькі самотным паэтам Смерць свае дорыць кветкі – Жоўты букет вяргіняў І пацалунак-іней… * * * Хто там ведае, што нас чакае? У пярэстым тумане жыцця Я не бачу ні пекла, ні раю, Ні зямлі абяцанай абсяг. Так і цягнуцца дні-пантамімы. Следам смерць, асядлаўшы віхор Па фарватары сну вершалінаў Жоўтых дрэў адплыве да зор. Карыда Восень, якая жыла яшчэ ўчора, Падала лісцем на твар тратуараў, Енчыла крыкам варон каля сметніц, Дыхала поўна грудзьмі цеплатрасаў, Сёння памерла. Плашчом матадора Ранак зімовы мільгнуў перад тварам. Бітва прайграная. Стомлены вецер Шле пацалункі. Бура авацый.
 
Вольга Гронская (№76)
* * * Хочаш, я раскажу табе казку? Сядай. Паслухай. Калісьці жылі на свеце шкляныя людзі. Каб не загінуць, баяліся рэзкіх рухаў, абдымкаў і нават дотыкаў. Раптам будзе балюча? Ці – нечакана – удар па пальцах? Або, што намнога горш, разаб’ецца сэрца? І людзі рашылі проста не дакранацца і жыць на адлегласці крокаў, вялікіх тэрцый, гадоў, кіламетраў... Бо блізкасць страшней за кулі – яна забівае. А людзі хацелі выжыць. Ты не верыш, бярэш мяне за руку і я рассыпаюся на аскепкі ў гэтай цішы.   * * * (ведаеш, гэтай восенню збіваюцца ўсе настройкі) я сёння гуляла па ранішніх ціхіх вуліцах: між шэрых дамоў аранжавая праслойка, і птушкі на лавачцы ў парку нібы цалуюцца, (хаця пра гэта ўжо Блок, паўтарацца не мае сэнсу, ды й не такія, зрэшты, цяпер марозы…) у змоўклым фантане – цэнты, капейкі, пенсы, у пераходзе – дзядуля з песнямі і марозівам, (ведаеш, часам хочацца кінуць усё і з’ехаць, куды заўгодна, без розніцы, можна на Марс ці ў Лондан) так смешна, дзядуля зацягваў нешта з Эдзіты П’ехі, потым салоны вабілі модным амбрэ і блондам, усе хаваюцца ў цёплае, і толькі адзін – у шортах, са мной павітаўся шэры маленькі коцік, (а нехта ўверсе кропкі злучае хордамі… мяне без цябе ламае, ты мой наркотык… эскімос, я лятучая рыба, што трапіла на кручок…) сыплецца лісце, дворнік падмахвае недакуркі… усяго толькі пару імгненняў – уткнуцца ў тваё плячо і бязгучна вярзці ўсё гэта каўнеру курткі   * * * У яе падсвядомым спрачаюцца дзіўныя галасы, пальцам холадна, ные шыя і штосьці ніжэй ключыц. Вусны пахнуць суніцамі, травою скошанай – валасы… Толькі радасць яе і смех замкнёныя на ключы, і агеньчыкі, што ў вачах, забыліся уключыць. Пакрысе рыфмуюцца словы, гатуюцца боршч і плоў, у нататніку пішацца спіс неабходных спраў. Вечарамі – падлік адказаў або галоў ці шчаслівы фінал у нейкай з апошніх глаў (толькі б не заміраць у чаканні твайго “ало”). І пакуль ты п’еш піва або цалуеш тую з жанчын, у якой бездакорны твар і локаны па плячах, ёй ізноў пераймае дыханне сярод начы, сціскаюцца столь і падлога, яна крычыць і прачынаецца. Тры. Цемра, адчай. Абхапіўшы аберуч калені, сядзіць яна ля сцяны на кафлянай плітцы і п’е каньяк (Сагравае крыху. Як свечкі агеньчык. Як далоні твае на скуры яе сцягна). І пустэча ўнутры, здаецца, не мае дна. Ранкам кожны на месца вернецца, у сваю графу. У яе ўсё нармальна, і думаць няма калі. Ты спяшаеш на працу, побач косяць траву… Спатыкнуўшыся, ты павернеш на водар той галаву, і, магчыма, на міг зварухнецца штосьці і забаліць.     * * * Я ёй пісала: “Маю імя Ліліт, палкія сны, радзіму сярод аблокаў. Гэта мяне штораз маляваў Далі, мне прысвячаў радкі Аляксандр Блок, і Поль Элюар, калі гаварыў пра Нуш ды расфарбоўваў сінім зямную кулю, меў на ўвазе толькі мяне адну – лёгкую, непаўторную, трапяткую…” Толькі ў адказ прынеслася: “Не аддам! Будзь ты багіняй, німфай ці каралевай – мой! Застанецца разам са мной Адам. Больш не пішы. Шчасліва”. І подпіс – Ева.   * * * Адзін мой сябар (той, што слухае цішыню) ніколі не марыў стаць ні кампазітарам, ні паэтам. Ён любіць прабелы і паўзы. А калі я яму званю, мы доўга маўчым у слухаўкі (у нас з ім свае сакрэты). Ён часта ставіць шматкроп’і ў лістах з фантазій і сноў і сыходзіць, пакуль яшчэ нічога не пачалося. Я бачу яго ў мігценні кадраў нямога кіно, дзе ў ціхім і непрамоўленым хаваецца шматгалоссе. Ён верыць, што кожнае заўтра нясе не фінал, а працяг. Ён недзе па-за і па-над, між вечарам і світанкам... Я прыціскаюся вухам да ракавінкі ў грудзях, і мора ўнутры яго спявае мне калыханку.   * * * Гэта – маленькі бог. Яму сумна бывае часам там, на вясновым небе, у доме з аблокаў. Мама і тата на працы. Але ў яго ёсць чароўная скрыня цацак. Ён іх выцягвае і гуляе ў нас, далёкіх. Вось па дарозе машынкі едуць – хто ў М, хто ў Б. Людзі ў футбольнай форме ганяюць мячык. Хтосьці будуе замак ці самалёт сабе. У казачнай школе дзетак вучаць рашаць задачы. А можна яшчэ ўзяць белых пухнатых нітак клубок, парэзаць дробна і сыпаць на горад з неба... Гуляй. Хай табе будзе добра, маленькі бог. Толькі салдацікаў не бяры. Не трэба.   * * * Мне сніцца, што я акварыюм з каляровымі рыбкамі. Ува мне трапечуцца гупі і б’юць хвастамі. Ёсць яшчэ залатыя, якія здзяйсняюць мары (што былі проста снамі, або не з намі, або не там і таму – не лічацца, толькі хіба – урыўкамі). Вясёлкавыя, вясёлыя, расфарбаваныя сонейкам, рыбкі гуляюць у хованкі, быццам малыя дзеці, замест матылькоў у жываце танцуюць дзівосны танец, плывуць ад вуснаў да сэрца і там хаваюцца дзесьці… І мне не трэба ні Фрэйда, ні нейкіх соннікаў, хоць зразумець усё да канца я ніяк не ў стане. Мне сніцца, што я акварыюм… І да мяне падыходзіць еці – вялізны і страшны – і рыбак маіх глытае… З крыкам я прачынаюся. П’ю гарбату. Іду па праспекце. Тонкая, але моцная. Празрыстая. І пустая.   * * * Я – дрэва. Ты – мая восень. Ты павольна мяне распранаеш. Скідваеш з плеч кашулю і, калі пачынаю мерзнуць, ненадоўга вяртаеш лета, прыносячы сонца ў далонях. Мне ўжо цёпла. Працягвай. Можна. На зямлю апускаюцца джынсы, майка падае і шкарпэткі, і ляжаць каляровай купкай на падлозе каля канапы. …Засталося зусім нямнога… Чую вецер з усмяглых вуснаў. Толькі два апошнія крокі аддзяляюць ад белай, белай… Раз – як ліст, ападае станік. Два – і болей няма нічога. Толькі вецер. І толькі рухі. Толькі мы ў прадчуванні снегу.   * * * А калісьці было нам шэсць (ці сямнаццаць?)… Вось мы сядзелі на падваконні, глядзелі на вуліцу. Вераб’і і вароны біліся за скарынку. Сэрца білася недзе між сёмым і восьмым. Як каменьчык, які ў тваім чаравіку муляецца, словы рваліся вонкі, калолі язык спружынкамі. Мы, нягледзячы на, маўчалі. Спяваў пра восень назаўсёды любімы голас, аблокі падалі на зямлю і на плечы таполевым пухам белым, і было так дзіўна, казачна і нясмела… У мяне – счараванай рыфмамі і баладамі. У цябе – у тваім карцінкавым яркім свеце. “Мы” – умоўнасць, бо кожны жыў на сваёй планеце. Дзесьці. І цяпер (калі нам трыццаць два, трыццаць шэсць ці сорак) мы глядзім праз вакно на птушак, складаем казкі са шчаслівым фіналам і самі сабе не верым. …Сонца піша спіралі Эшэра на шпалерах… Быццам хлопчык з адной з далёкіх нябачных зорак, поім чыстай вадой адзіную ў свеце ружу, ціха молячы свет і цемру : “Ну калі ласка…” Не жадаючы чуць трывожныя пазыўныя і глядзець у вачніцы ўзведзеных некім ружжаў. Мы ізноў паўтараем тое, што гаварыў пра адказнасць і сэрца дзядзька Экзюперы... Колькі б нам ні было, мы дзеці, зусім дурныя, і маленькія лісы плачуць у нас унутры.   * * * (PS) Марыянеткай танцую я ў гэтым Сусвеце. Мною кіруюць тонкія ніткі пачуццяў. Рухаюць пальцы і плечы, ногі вядуць і галаву нахіляюць у лёгкай усмешцы. Марыянеткай імкліва наперад лячу ў вальсе і не заўважаю, як нехта магутны, ў мойру гуляючы, рэжа нябачныя ніткі. Я забываю, як пахнуць трава і ваніль (рукі губляюць апору, хапаюць паветра), не адчуваю больш смаку ні вішняў, ні кавы (ногі няўпэўнена ловяць іншыя рытмы), не разбіраю ні шэпту, ні грукату колаў (і заўважаю, як рвецца апошняя нітка)… Ціха заплюшчваю вочы і ў гэтай маўклівай, незразумелай, балючай, бязводарнай цемры кропляй, каменьчыкам, пёркам, лістком і сняжынкай падаю ў бездань, уніз… У абдымкі твае.