Жыццё тваё спрытна круціцца, як вініл – адныя і тыя ж сюжэты, як захады і ўсходы, як вакол сонца планеты, паўтараюцца. Нішто так не мабілізуе, як пачуццё віны: і нашым і вашым, і тым і гэтым усё, што ты робіш, не падабаецца. Аднак за ноччу прыходзіць раніца, прыносіць новае і фартовае. “Толькі каб аб трывогу забытую не параніцца”, – думаеш, ставячы новыя трэкі, і ведаеш – атрымаецца.
* * * Калі ты ўпадзеш на самае дно тугі – адтуль узлятаць вышэй. Калі развітаўся з блізкім і дарагім – напаткаеш хутчэй яшчэ свой лёс выпадкова. Каб твой імпэт не пагас, Пегас дасць на шчасце падкову. Не спыніцца час. І не паскорыцца час.
Як мама. Як тата 1. І сніцца табе, што яна не спіць, трывожыцца, штохвілю ў акно ўглядаецца, а там – золка, змрочна, туманна. Шукае цябе, як у тумане вожыка, а ты за гарамі-морамі, за акіянам. І раптам заўважаеш, што хвалі паўночныя б’юцца аб бераг у такт ейнага сэрца, і што яна насамрэч – усе твае дзённыя і ўсяночныя, і яно ў вас адно на дваіх агульнае б’ецца. Холадна тут, настыла. Апранаеш шапачку і пальчаткі, як мама вучыла. Гэта яна – усе завяршэнні твае і пачаткі. Як мама?
2. Вы разам з татам (табе 32, тата – ужо на пенсіі), прыдумляеце імя багоўцы, што заляцела ў кватэру і засталася зімаваць на фіялцы. Кузьмінічна. Вы разам з татам глядзіце забаўныя ролікі з совамі, якія смяюцца, і з гаварушчымі папугайчыкамі. А калі ты далёка, вы строіце міны адно аднаму праз відэа ў скайпе, каб было весялей. Яму не трэба казаць мне: Гэта жыццё, дзетка, будзь асцярожнай. Я і так усё памятаю. І пытацца: “Почему не звонишь?” Я і так патэлефаную.
* * * Мы прячем глаза за шторами век. В. Цой Калі ты замыкаеш душу на вялізны замок і закрываеш вочы павекаў фіранкамі, каб чорна было табе і ўваччу і ўвушшу – не цешся неспадзяванкамі! Калі б нехта нават і змог з цёмнага шляху збочыць, хто ў стане пабачыць цябе і пачуць? Толькі Бог.
* * * У той рэдкі момант, калі чутно, як расце трава, Калі ад будзённых думак свабодная галава, Калі крыкі чаек на прывакзальных вежах Нагадваюць пах Балтыйскага мора свежы, Я трымаю рот на замку, Бог бярэ мяне за руку: “Сачы, не паказвай шчасця свайго, маўчы!” – А як забаліць нясцерпна, не варта трываць – крычы! – дадасць ахоўнік-анёл на маім плячы.
* * * Ты чытаеш гекзаметры ў рытме хваляў марскіх гучна, голасна, ледзь не крычыш у сябе ўнутры, і калі не адмовяць пачуцці, зрок і слых, ты не здолееш захлынуцца ў сваім віры. У замкнёнага кола ў нутры схаваны вуглы, у засмяглай рэчкі ў нутры – бяздонная глыб.
* * * зноў надзея мая на найлепшае на вырашэнне на ўваскрашэнне прарасла маладою травой а ўсяго толькі – колер юнай лістоты нованароджанай сёлета ў модзе
* * * Ты больш не шукаеш, як перажыць адзіноту. Ты носіш яе ўнутры, як сасуд, напоўнены ўспамінамі і пяшчотамі. І, каб не расплёскаць сваю самакаштоўнасць, нідзе нікому ніколі яе не паказваеш. Нечаканае шчасце гэтак сама, як і несуцешны боль, любіць адно цішыню.
* * * Калі адчуваеш: нябачная нітка, што звязвае нас, ледзь-ледзь – абрываецца, успомні: сонечны бераг, непераможная Ніка, на плечы накінуты плед і ясная раніца. Успомні салёныя хвалі марскія – аб сілу і гонар іх можна параніцца, і станеш такім, бо перамагаюць такія. Згадай, каб не паддавацца паніцы. Наш час прарастае скрозь брудны асфальт, і напаўняюцца лёгкія цёплым паветрам. Спеліцца верасень і ўзмацняецца вера. Час завяршае гештальт. comments powered by HyperComments |