Стэйнар Упстад (№93)

ДЗЕНЬ УСІХ СВЯТЫХ

 

Магутны

Там, дзе ёсць двое

заўжды ёсць і трэці, сказаў ты

Я жадаў цябе

бо так шмат было прамоўлена

з таго, што не варта было прамаўляць

 

Я называў цябе “дэманам” ці “анёлам”

але, вымаўляючы словы

забываў іх значэнне

Я не мог сказаць, што кахаю

бо побач заўжды быў нехта трэці

 

Я стаў адным з трох, і нікога не кахаю

бо тыя двое, што сышлі ад мяне

прыхавалі аднаго

а той, каго хаваюць, маўчыць:

Яму няма чаго дадаць

 

 

Завершанасць

Той, хто шэпча пра Бога

слепне, а той, хто

дае свой твар ночы

нараджаецца ў ноч

а той, хто дае свой твар сябру

ператвараецца ў сябра

 

Завяршыць верш

значыць завяршыць твар

але не той, каханы твар

бо прарокаў больш не бачна

а ноч толькі сваяк, што памірае

 

 

*  *  *

Я не веру ў лагоду

але ў людзей

якія збіраюць сякеры вечарам

і кладуць іх пад паветку да раніцы

 

Таму і кажу з ціхамірнасцю

большай, чым ашаламляльныя нябёсы

і мова нацягваецца між дрэвамі, што стаяць

і дрэвамі, што валяцца

 

Перад сном мармычу імёны

тых, каго страціў, і пытаюся:

чаму так шмат імёнаў памерлых

і так мала жывых

 

 

*  *  *

У мяне няма словаў для смерці

але я не цураюся яе

Смерць мая сяброўка

ў найціхамірнейшым жыцці

 

бо як інакш здабыць мне адвагу

адстойваць свой выбар

ці ўваходзіць у нябачнае

дзе нехта кажа мне бачыць больш, чым раней

 

Я падпарадкоўваюся веры

але пазбягаю яе багоў

Сонца, што асвятляе нас

бязлюднае, як заўжды

 

 

*  *  *

Так шмат непрачытаных кніг

і так шмат бяссонных гадзін

бо страшуся сну

і слова, здольнага зруйнаваць жыццё

 

Але кнігі чакаюць

разгорнутыя ў ранішнім святле

бо толькі прачнуўшыся

бачу я сны і жыццё напаўняецца

 

І не ад паразы выбраў я адзіноту

але ад жадання, і ні на дзень

не забываю адзіноту

не здраджваю жаданню

 

 

*  *  *

Зразумець смерць

цяжэй за ўсё

Зразумець смерць як раку

ці сяброўства даўжынёю ў жыццё, прасцей

 

Вяслую ракою забыцця

бо Лета абдыме нас усіх

і ночы сцямнеюць

і рэкі паглыбеюць

 

І знойдзецца месца

для ўсяго чалавечага

І для любові

і для смерці

 

 

*  *  *

Я падзяляў цела з бязглуздымі і асвечанымі

з асуджанымі і адукаванымі

але ніколі не спрошчваў сваю душу

Бо ў дар атрымаў я простасць

 

І тое, што даем мы прыродзе, тое і атрымліваем ад яе

Для прыроды чалавек

меншы, чым пясчынка і большы за гару

І каханне – бы позірк жывёлы, на якую палююць

 

У простым кожны ці выйграе, ці гіне

Я ўздыхаю калі іншыя крычаць

Я смяюся калі іншыя спяць

Я цалую твае вочы і заплюшчваю свае

 

 

Касуля

У сонечным марыве, між дрэваў

спынілася касуля і глядзіць на мяне

нерухомым пільным позіркам

перад тым як уздрыгнуць і кінуцца наўцёкі

 

Я кладуся ў лагчынку, дзе трава

яшчэ цёплая ад звярынага цела

і чую стук свайго сэрца

а можа звярынага – перш, чым заснуць

 

 

Аслеплены збожжам

Вагоны цягніка адкідваюць цень на палі

але туга не такая бясконцая

як краявіды звонку

 

Цягнік хутчэйшы за тугу

і я думаю пра бацьку, які рупіцца

каб насенне трапляла штовесну ў зямлю

 

бо туга такая – больш верная нам

чым любое каханне

і, у адрозненне ад кахання, не адкідвае ценю

Праца і мара

 

Бо ўсё пачынаецца з нарога плуга

ды бліскучых у ранішнім сонцы барознаў пасля трактара

няма прыгажэйшай малітвы

чым марыць, гледзячы на чыюсьці працу

якая ёсць працай усіх

 

 

Верасень

Верасень пахне

цвілымі марамі

ды гнілаватым слодычам

о, вышні дзень, хутка ўсё пройдзе!

 

Стаю ў бляклым святле сонца

з успамінамі пра летні

смутак: толькі верш і лісце

у кішэнях, і ніводнага абяцання

 

 

Дзень усіх святых

У цемры, пад каронамі дрэваў

стаю перад агароджай і гляджу

чуючы мармытанне

сваякоў памерлых

 

Колькі гадзін пазней ізноў праходжу паўз могілкі

сваякоў больш няма

пах тытуню і парфумы

у паветры пасля іх

 

Мякка свецяцца ліхтарыкі

пад апалым лісцем

і я думаю, што сёння нават душы

знайшлі шлях дадому

 

Пераклад з нарвежскай Дзмітрыя ПЛАКСА.

Фота Рольфа М. Аагарда

 


Апублікавана

у