…Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне…

— Алесь Разанаў

Адзінота

Паэма

 

Дачцэ Алёне

Вершы гавораць пра тое, аб чым маўчаць.

Х.М. Энцэнсбергер

 

 

Зачын

Ноч. Я – адзін… Ды недзе там,

удалечыні,

Загучала нечаканая, дзіўная нота:

Гэта на душэўныя, сігнальныя агні

Адгукаецца спадарожніца – адзінота.

 

За вакном – неба зорнае. Звініць цішыня,

Але амаль нячутна, ледзьве ў вушах жывая.

Мелодыю космасу хочацца пераняць…

Крывінкаю кожнай планеты рух адчуваю.

 

Як кружэлка патэфонная, плыве Зямля,

Іголкай на ёй – маё параненае сэрца.

Яно часам абмірае, і вены смыляць,

Але ўсё роўна нецярплівай надзеяй б’ецца…

 

Адзінота спявае для ўсіх… Не толькі ты

Зачараваны тым, як падае, гасне знічка…

Застаецца мне ціха ў захапленні застыць:

Як Божы свет жыве прыгожа і гарманічна!

 

  1. Забытая сякера

Бацька смеласці вучыў мяне сурова,

А я, малы, доўга і шчыра верыў.

Калі нарыхтоўвалі трал ці дровы,

Ён ля кастрышча “забываў” сякеру.

 

Праз вярсту спыняў каня і прасіў збегаць,

Забраць інструмент нам вельмі патрэбны.

Ноч. Лясная дарога. Ты – адзін, бедны…

Але ідзеш, каранёў лічыш рэбры.

 

Цемра. Толькі ўверсе між дрэў у прагале

Палоска неба свеціцца прыкметна.

Арыенцір – у вачах, ды страх сцягае:

А раптам воўк выскачыць з чорных нетраў?

 

Лёс на смеласць мяне няшчадна праверыў,

Але іспыты не спыніць ніколі…

Тую “забытую” бацькаву сякеру

Я нясу і нясу праз сваю долю.

 

  1. Каласок

Стан і тэма – не старасці адкрыццё,

Пра адзіноту я думаю ўсё жыццё.

Адзінота – не толькі сум і слёзы…

У кнізе “Пакуль жыве мая бяроза”,

Рукапіс якой выдавецтва “згубіла”

І затым ніяк не магло адшукаць,

Ёсць мой аповед пра лёс каласка…

 

Я ніколі спагады сабе не прашу,

Ды, быццам у камень тупое зубіла,

Адзінота ўгрызаецца ў маю душу:

 

Наўзбоч асфальту ля кювета,

Дзе жвір пусты, сівы пясок,

Узняўся промнем ціха-светлым

Жытнёвы дробны каласок.

 

За ўзлескам пыльным, за ракою –

Палі, што вокам не абняць.

Звініць там дружнай талакою

Уся ягоная радня.

 

А тут з-пад шын шалёны вецер

Кулём злятае пад адхон.

Без спадзявання, што прыкмецяць,

Ён за паклонам б’е паклон.

 

Яму няўтульна і тужліва,

За зерне страшна: быць ці не?

Ды ўсё ж глядзіць на свет шчаслівы,

Свой лёс ніколі не кляне.

 

Наўзбоч гарачага асфальту,

Дзе жвір пусты, сівы пясок,

Пяе адзін, але без фальшу,

Жыццю падзяку каласок.

 

  1. Меліярацыя

Адзінока блукаю па мёртвай пустыні,

Там, дзе балоты ахоўвалі водны неруш.

Вецер шпурляе ў вочы пясок, сэрца стыне,

Трымцяць напнутыя горкай памяццю нервы.

 

Але што гэта? На даляглядзе – сінеча…

Няўжо ты выжыла ў дэбільнай калатнечы?

Ты не высахла? Ты вярнулася?

Як душа ўстрапянулася!

 

Ты вярнулася, мая рака –

З таямнічай глыбінёй віроў,

З танцам на водмелі печкуроў,

З песняй, якую шэпча асака…

Ты вярнулася, мая рака,

Тая, дзе выцягнуў першага шчупака,

Ты вярнулася, мая рака.

Як хораша і радасна мне.

Ты вярнулася, мая рака…

 

Толькі ў сне…

 

  1. Мая адзінота

Я разглядаю цябе нібы здалёку,

Але пазіраю ўважліва, хоць употай.

Сапраўды зразумець, разгадаць нялёгка…

Якая ж ты, мая адзіная адзінота?

 

Мая адзінота – дапытлівая…

 

Калі мама ці я вялі цябе ў дзіцячы садок,

Ты не хацела паслухмяна ісці па сцяжынцы,

А імкнулася, рвалася заўсёды некуды ўбок,

Каб разглядаць расу на траве, жылку на лісцінцы.

 

Мая адзінота – ранімая…

 

Калі з-за маіх поглядаў на экзаменах знізілі адзнаку,

Ты хадзіла да позняй начы па Мінску ў халодных боціках,

Ты не прыйшла ні да каго, каб на цёплым плячы ціха паплакаць,

А засталася адна ў самой сабе, у маўклівай адзіноце.

 

Цябе ў спалоху мы доўга шукалі, і не раз прасілі потым:

“Не бяры да галавы! Прападзі пропадам – адзнакі, дурні!”

Адзінота сядзела ў парку між заінелых дрэў і сумётаў…

Яна плакала ад незаслужанай крыўды. І думала…

 

Мая адзінота – таленавітая…

 

А талент ведае сабе цану,

Яго нельга сагнуць.

 

Мая адзінота – працавітая…

 

Яна ненавідзіць нахабных лайдакоў.

Калі тыя ўхіляюцца доўга ў нечым,

Проста змахне пот з ілба прыгожай рукой,

І ўзваліць сама чарговы груз на плечы.

 

Васіль Быкаў, якому яна афармляла кнігу

“Крыжовы шлях”, напісаў у лісце:

“Тут я хачу пацалаваць залатыя ручкі мастачкі,

тваёй мілай Алёнкі”.

 

Мая адзінота – смелая…

 

Для яе няма непадступных начальнікаў,

Яна справядлівая, таму – адчайная.

Мая адзінота – праўдзівая…

 

Яна праўдзівая, прытым – паталагічна,

Што для многіх калегаў зусім непрывычна…

Хоць жыццё – гэта крохкі, падманны лядок,

Яна за праўдай ідзе – слядок у слядок.

 

  1. Блізкая пара

Мы працуем у пары, хоць розныя мы,

Хоць падзел ёсць паміж пакаленнямі.

Шлях у нас – не крывы,

Ды па ўсім – не прамы,

Ён з лірычнымі адступленнямі.

 

Мы з табою намёртва ўпрэжаны ў плуг,

І пастромкі напнуты ад ворчыка.

Пуга нам не патрэбна, каб вершыць свой круг…

Плуг не намі названы творчасцю.

 

  1. Беларускі арнамент

Вечнасць колеры дзеліць сама,

Хоць колеры ўсе – крутыя.

Народ наш выбраў з іх нездарма

Святочныя і святыя.

 

Мне імпануе строгі ранжыр:

Белы, чырвоны і чорны.

Ромбы, дзяды, спарышы, крыжы –

Долі абрус непаўторны.

 

Круцяцца жорны быцця і ляцяць

Дні і гады, як лістота…

Родны арнамент – жыцця працяг

Мілай маёй адзіноты.

 

  1. Чалавек на лавачцы

Два тыдні пасля аперацыі спаць не мог,

Варочаўся на мулкім бальнічным ложку.

Спачатку ўладна слабасць плыла да ног,

А потым стаў падымацца патрошку.

 

Стаяў уначы ля акна, удзячна глядзеў

На горад мой сонны або на аблокі,

Бо хто не быў у пакутнай, страшнай бядзе,

Той не можа адчуць сэнс жыцця высокі…

 

Аднойчы заўважыў я нязвыклую дэталь

У быцці гарадскім, і з гэтай прычыны

Даўжэй і пільней у яе ўглядацца стаў:

На лавачцы сядзіць самотны мужчына.

 

Прыпынак насупраць кардыяцэнтра якраз,

Таму мне відно было, як на далоні.

Тралейбусы, аўтобусы ішлі ўвесь час…

Не сеў… Быццам нехта яго запалоніў.

 

А потым спыніўся наогул вулічны рух,

Таропкі прахожы стаў неспадзяванкай.

Пасля ўжо мы з ім засталіся толькі ўдвух,

Хоць ён не ведаў, што я не спаў да ранку.

 

Не бомж, не алкаш, а проста сівы чалавек,

Якога лёс па-свойму, відаць, прыгнечыў.

Маўкліва сядзеў ён.

Што было ў галаве?

Невядома. Але ён думаў аб нечым.

 

А я спачуваў, падзяляў трывогу і боль,

Бо сэрца яны адшукалі знянацку…

Ён думаў, і ў дзеянні ціхім была – соль…

Вядомы не ўсім гэты вечны занятак.

 

  1. Міграцыя душы

Над Мінскам пралягае шлях

міграцыі птушак.

З маіх назіранняў

 

Калі над Мінскам жураўлі ці гусі

У цёплы край вядуць журлівы клін,

Душа мая непадуладна скрусе:

Я – з адзінотаю, то – не адзін.

 

Я застаюся ў запаветных межах,

І незалежнасць тую – не крані!

Палёт душы абуджанай залежыць

Найбольш не ад вясёлай мітусні.

 

Праз сум прыходзіць шчодрае натхненне,

Яно – як прысак, толькі варушы…

Мяне цікавіць душ перасяленне,

Але найперш – міграцыя душы.

 

  1. Мужчынская сляза

Жыццё падкідае сюжэтаў багата,

На ўсё не будзеш глядзець звысоку.

Скажы, чаму ты заплакаў, тата?

Гэта мне парушынка трапіла ў вока…

 

Ты плакаць не можаш з-за нейкіх боўдзіл.

Відаць, адбылася злая падзея?

Ну, што ты, дачушка… Слязы не бойся…

За ёй непазбежна прыходзіць надзея.

 

  1. Татава дзіцятка

Мамчын сынок – не спешчанае дзіця,

Як звыкла жыве паняцце ў народзе.

Мамчын сынок часам – волі працяг,

Якой не знайсці ў звычайнай прыродзе.

 

Моцная воля ўсім наўздзіў паўстае

З ласкі апантанай, мо й недарэчнай…

На конт гэты маю я думкі свае,

З канонам смела ўступаючы ў спрэчку.

 

Так, я – мамчын, вялікай любові – сын…

Яна, магчыма з такое прычыны,

Гладзіла мне, сівому ўжо, валасы…

Як жа мне не зразумець душу жанчыны?

 

А можа, і адчуваю яе лепш,

Усё, што да часу ў ёй прыхавана,

Таму і прыходзіць жанчына ў мой верш

Заўжды незапрошанай, нечаканай…

 

Цябе не супыніць апёк незнарок,

Смела кідаеш злу ў твар зноў пальчатку,

Робіш у нязведанасць рашучы крок…

Я – мамчын сын,

Ты – татава дзіцятка.

 

  1. Марная справа

У краіне, дзе заняпаду прыкметы,

Дзе волю прыціснула гвалту пята,

Марная справа – спрачацца з паэтам,

Паэта трэба – проста чытаць.

 

  1. Рызыка

Слова “рызыка” таямніцамі скрозь атулена,

Я спрабаваў прыадчыніць завесу тую.

Верш, які спадабаўся Рыгору Барадуліну,

Для цябе, мая адзінота, працытую:

 

А доля проста не рыфмуецца.

Не ўціснеш лёс у верш сілком…

Нясоладка і мне начуецца

Над незакончаным радком.

 

Ад хвалявання ў пальцах дрыжыкі,

Ды ўсё не тое…

Трэба спаць,

Як у мінёраў, гэта рызыка

Апошняй кропкай можа стаць.

 

Але праходзіць час,

І крэсівам

Душа аб будзень чыркане.

Адзін радок паспешна крэсліцца,

За ім другі імкліва мкне.

 

Пісаць – браць лёд рукамі голымі,

Пісаць – як жартаваць з агнём…

І ты ляціш з агню ды ў полымя.

Ну, што ж.

І ўсё-ткі рызыкнём!

                                   Ноч. 30.01.1983 г.

 

Час прайшоў, зноў жыццё на часткі пераламілася,

Ды ніколі мне не расстацца з адзінотай…

Як раней, я чакаю ад Усявышняга міласці,

Толькі ў рызыцы саспелі новыя ноты.

 

  1. На крыжах

Сяргею Законьнікаву, зь якім разам

вісець на крыжах.

Такая доля!

В. Быкаў

  1. VІІ. 99

Дарчы надпіс на кнізе “На крыжах”

Пісаць не лягчэй, чым проста жыць,

Калі ў цябе насцеж грудная клетка.

Пісаць – гэта значыць вісець на крыжы,

Вісець без ніякіх сведкаў…

 

  1. Дарога ў адзін канец

Я не думаў, што хутка жыццё праміне,

А нырнуў у глыбіні і веліч прыроды.

Далеч вечная, што хвалявала мяне,

Разам з ветрам прынесла святло і свабоду.

 

Не палохае космасу зманны прастор,

Лёс растворыцца проста ў чарнечы потым.

Палячу я спакойна да радасных зор,

Не сумуй без мяне, мая адзінота.

 

Забіраю з сабою твой боль і трывогу…

Я ведаю вечную малітву ў дарогу:

“Гасподзь Бог напярод,

Божая Маці пасярод,

А я ззаду”.

23 – 29 траўня 2020 г.

 

comments powered by HyperComments