Віктар Жыбуль (№121)

Святламузыка

ХАПАЦЦА

Хапацца за выратавальнай саломінкі канец,

хапацца за пакамечаны пусты гаманец,

хапацца за руку, працягнутую ворагам,

хапацца за кашаль сухотнага хворага,

хапацца за старую шчарбатую брытву,

хапацца за вызубраную не тую малітву,

за ржавыя свердзелы, коўзкія дошкі,

за шэрхлы кавалак бычынай ляпёшкі,

за дробную мэту, за марную працу

хапацца, хапацца, хапацца, хапацца!

 

Хапацца за высакавольтны аголены провад,

хапацца за разбіты на кавалкі ровар,

за шкельцы, відэльцы, напільнікі, лёзы,

за здрадніцкі смех, кракадзілавы слёзы,

за гумку ад шортаў, затычку для ванны,

за мокры кардон і замок спілаваны…

Стаміцца, зваліцца, заснуць і праспацца –

і зноўку хапацца, хапацца, хапацца!

Хапацца.

 

 

СВЯТЛАМУЗЫКА

У гэтым доме святло даўно не гарыць.

Тое, што бачыш ты, – проста адбітак акна насупраць.

Яго падманны бляск захопіць і завалачэ

ў кут, дзе спыніўся час і пацук павесіўся.

 

Мігцяць агеньчыкі роўнай рытмічнай паласой,

і шарыкі паступова запаўзаюць за ролікі.

У адключаным водаправодзе і абясточаных правадах

грае святламузыка з няўдалым сурдаперакладам.

 

Бойся халодных галодных кропляў дажджу:

яны нас хочуць дастаць з-пад лесвіцы доўгімі дзюбамі.

Вуліца сонным вусенем крадзецца ў туман

туды, дзе зімы няма, дзе зіму напалохалі.

 

Тут быццам спакойна і ціха, але гэты спакой –

спакой коткі, якая плаўна круціць хвастом.

У ейных зялёных вачах – хваляванне з трывогаю.

Тут спеў нямы, тут дыскатэка прывідаў.

 

Тут такое прыгожае ўтульнае месца, але

я, напэўна, больш не вярнуся сюды: не будзе куды вяртацца.

І гучыць, цурчыць шапялявая мелодыя жыцця

на зажаванай старым магнітафонам стужцы.

 

Трава, трава… праз дах расце трава, трава…

Правал, правал… у памяці правал, правал…

 

 

*  *  *

Замятай, ліса, сляды хвастом –

снегу наваліла па калена…

Замірай… хавайся пад кустом…

Чуеш гэты пах ацэтылену?

 

Замятай хвастом сляды, ліса!

Кідай, елка, шышкі-падарункі!

Усміхайся, лесапаласа!

Серабрыся, палатно чыгункі!

 

Замятай, рудая, замятай!

Прывітанне шлі палям-далінам!

Грэй пад снегам свой Індакітай!

Капай на мазгі адрэналінам!

 

Мерцвякі гуляюць у дурдом.

Хто іх паглыбей перахавае?

Варушыся, рэчка, пад ільдом!

Танчы, лінія берагавая!

 

Уздымайся, радасць, найвышэй

з дапамогай дзесяці дамкратаў!

Пракладай, ліса, вузлы траншэй

у падмурках снежных зікуратаў!

 

Падпалі, ліса, хвастом абшар,

пагуляй з агнём намаляваным,

на нябёсным тле раздзьмі пажар,

увядзі прастору ў стан нірваны!

 

Замятай, ліса, хвастом сляды!

Хай яны вядуць у нікуды!

 

 

ГАНС ФРЫДЭРЫК

Неяк пачуў за акном я крык:

– Ганс Фрыдэрык! Ганс Фрыдэрык!

Я паглядзеў: нікога няма –

гэта ці зроку, ці слыху падман.

 

Сонца надзела руды парык.

– Ганс Фрыдэрык! Ганс Фрыдэрык!

Хмара тапырыць чорны лыч.

Ганс Фрыдэрык не йдзе на кліч.

 

Што пнём аб саву, што савой аб пень –

Так безразважна праходзіць дзень.

Савою аб пень, а пнём аб саву –

Ганс Фрыдэрык, я табой жыву.

 

З жахам гляджу ва ўсе бакі.

Ганс Фрыдэрык, ты хто такі?

Можа, ты сон? Можа, ты здань?

Хочаш рэальным стаць? Стань!

 

Калі ў кране няма вады –

Ганс Фрыдэрык залез туды.

А калі ў кране ёсць вада –

Ганс Фрыдэрык напор паддаў.

 

Чуецца зноў той самы крык:

– Ганс Фрыдэрык! Ганс Фрыдэрык!

Там рассыпаюцца гарады.

Ганс Фрыдэрык, не йдзі туды!

 

Тры вадалазы пілуюць сасну,

не абуджаючыся ад сну.

Чую абрыўкі замежных моў –

Ганс Фрыдэрык паўзе дамоў.

 

 

АТЭЛЬЕ

Робім працу шчыра мы,

аж да забыцця

ў атэлье па вырабе

лялек для біцця.

 

Круцяцца канвееры,

бліскае ліхтар,

сыплецца ў кантэйнеры

новенькі тавар.

 

Вырабім багата мы

лялек для біцця:

бронзавых, агатавых,

срэбнага ліцця.

 

Каб была ўзаемная

з лялькай нелюбоў,

на яе паверхню мы

панаб’ем шыпоў.

 

Ведай, кожны п’яніца,

кожны грубы гун,

як пераплаўляецца

золата ў чыгун!

 

З некім павячэраем,

нехта нам налье.

Цяжкай артылерыяй

пахне атэлье.

 

Будуць гульні шумныя,

будзе карагод.

Кожны з нас хай думае,

што ён лялькавод!

 

Лялька матам лаецца,

токам б’е ў адказ.

З ёй вам спадабаецца

бавіць вольны час!

2016

 

 

СТРЭЛКАПАД

Адвальваюцца ад гадзіннікаў

старыя секундныя стрэлкі,

ляцяць на людзей – і ў выніку

ўпіваюцца, быццам стрэмкі.

 

Гадзіннікаў многа-многа.

Іх цэлы лес, цэлы сад.

На вуліцах, плошчах, дарогах

суцэльны йдзе стрэлкапад.

 

Ідуць мінакі прахожыя,

на якіх панападалі стрэлкі –

такія забаўныя вожыкі

альбо навагоднія елкі.

 

Калі ж абляцяць гадзінныя

стрэлкі з хвіліннымі разам –

іх ахвяры нявінныя

ператворацца ў дзікабразаў.

 

 

ТРЫА

яны спявалі нібы ва ўнісон

электрачайнік на тумбе

сістэмны блок пад сталом

і самалёт за вакном

 

электрачайнік супакоіўся першым

ён прывык жыць па адведзеным часе

на працу даецца роўна дзесяць хвілін

і адпачывай пакуль не ўключаць ізноў

 

сістэмны блок таксама замоўк

гудзенне непатрэбны прыступ хваробы

якой ён усё адно не заўважае

гатовы гераічна дзейнічаць круглыя содні

 

а самалёт кружляе і гудзе

гудзе і кружляе і невядома

чаго чакаць ад яго

ці ён носьбіт чагосьці жарснага і гарачага

ці таксама праява чыёйсьці хваробы

 

 

ЧАРАВІК – ЧАРПАК, ШНУРОК – ЧАРВЯК

Сакавік – адметны чараўнік.

Ён наробіць рэчаў з іншых рэчаў.

Я і сам ішоў, ішоў, ды знік –

мабыць, я ператварыўся ў вечар.

 

Па вясновых лужынах чвяк-чвяк –

шлёпаю ды хлюпаю ў паўзмроку.

Чаравік – чарпак, шнурок – чарвяк,

аж нага цяжэе з кожным крокам.

 

І звычайны побыту прадмет

тут судакранаецца з нябытам.

У сакрэт ператварыла свет

неба колеру чаравікоў нямытых.

 

 

ЕЎРАРАМОНТ

(на курыных лапках)

хатка хатка на курыных лапках

устань да лесу задам

а да мяне фасадам

 

хатка хатка на курыных лапках

хлопні шклопакетам

узляці ракетай

 

хатка хатка на курыных лапках

нацяжная столь

у замку пароль

 

хатка хатка на курыных лапках

на вітражнай лоджыі

сцяг

Вясёлы Роджэр

 

 

ІШЛА ПА ВУЛІЦЫ НАГА

Ішла па вуліцы нага,

ішла адна, без тулава,

і грукала, як качарга,

чужая, беспрытульная.

 

І грукат ейны абуджаў

мясцовых сабутэльнікаў,

сабак ганяў, катоў пужаў

і адрываў ад тэлекаў

 

бабуль цікаўных, што з вакон

уважліва высоўваліся,

чулі звон, не ведалі, дзе ён,

і ў вокны зноў засоўваліся.

 

Сігналіў гучна той назе

наземны транспарт змораны.

Тырчаў у смогу і смузе

завода комін чорны.

 

У шатах – лісця мітульга

шасцела, раствараючыся.

Йшла па вуліцы нага,

шалёна азіраючыся.

 

 

*  *  *

павышаю градус

падымаю тонус

прыбіраю мінус

набываю бонус

 

паліваю фікус

вырашаю рэбус

вызначаю модус

выпраўляю ляпсус

 

выціскаю цытрус

забіваю вірус

высякаю конус

выціраю анус

 

павышаю статус

арандую офіс

ты не суйся свінтус

заганю пад плінтус

 

 

ПАВЕТРАНАЕ

гумовыя жанчыны

напампаваныя геліем

узлятаюць у паветра

 

гумовыя мужчыны

надзьмутыя вадародам

сягаюць вышыняў

 

робяць кульбіты пад аблокамі

займаюцца паветранай аэробікай

 

самыя лёгкія

паветраныя гімнасткі

самыя спрытныя

нябесныя каскадзёры

 

з бязгучным смехам без прычыны

увысь лятуць гумовыя жанчыны

у іх удзьмулі вадарод

дыханнем рот у рот

 

гумовыя мужчыны любяць гелій

мы з імі за адным сталом паелі

іх кліча ў неба карагод

і подых рот у рот

 

займаюцца паветранай аэробікай

не зважаючы на супрацьпаветраную абарону

 

самыя зграбныя

паветраныя гімнасткі

самыя пругкія

нябесныя каскадзёры

 

і дошка з цвікамі

гнілая дошка з цвікамі

лятае за гумовымі жанчынамі й мужыкамі

 

 

*  *  *

ружа вятроў гэта

пацалунак навыварат

гэта вір агню

нябачны стрыжань цяпла

ключ які захрасае ў замку

ператвараючыся ў стужку Мёбіуса

крэм выціснуты на торт

кранштэйн які марыць стаць

шасцяронкай

лясная багна што прагне

вызваліцца з берагоў

даскочыць да сонца

і апячыся каб сагрэць

гэты шар зямны

выціснуты як лімон

 

 

*  *  *

У гутарцы пра пошук выйсця

мяне спыталі сябрукі:

– Ці можна рухацца кудысьці

адначасова ў два бакі?

 

Сказаў я:

– Так! Вось паглядзіце,

як я не ў два пайду, а ў сто! –

і апынуўся на арбіце.

Мяне не бачыў больш ніхто.

 

 

*  *  *

Стварыць свой сусвет і схавацца ў яго

А раптам не схаваешся

А раптам не змесцішся

Бо сусвет атрымаецца замаленькі

 

Схавацца ў створаны ўласны свет

Але раптам атрымаецца завялікі

і ты там заблукаеш і згубішся

і мала таго

там будзе яшчэ куча народу

які трапіў туды

невядома як

 

 

*  *  *

Знаёмства марнае

з уласнай кармаю

нядаўна здарылася мне:

жыццё мінулае

глядзіць акулаю.

А раптам – гам! – і праглыне?

 

 

*  *  *

Стаіць мужык і цыгарэту паліць.

Ён зацягнуўся так, што страціў памяць.

Я не палю, не баўлю дні ў віне,

а памяць, курва, здраджвае і мне.

 


Апублікавана

у