12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Барыс Клейн

_____________________
Недагаворанае.
Разьдзелы з успамінаў

Адзіны з жывых сяброў колішняй “гарадзенскай групы”, я раскажу, з якога часу пачаў быць разам з Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком, што давялося прайсьці, перажыць. Памяць мне можа ў нечым здрадзіць, магчыма, нехта напіша пра той час інакш. Гэта зразумела. На тое і мемуары, каб зірнуць на мінулае са свайго пункту погляду.
Мой расповед у асноўным тычыцца некалькіх асобаў. Але ім наканавана было стаць удзельнікамі яшчэ і дасюль не завершанай драмы грамадскага распаду…

l l l
З Аляксеем Карпюком я ўпершыню сустрэўся ў Гародні пасьля вайны, калі ён вучыўся ў Педінстытуце разам з маім братам Львом. У нашай кватэры на вуліцы Энгельса Карпюк дзяліўся сваімі клопатамі, а калі дамогся першых літаратурных посьпехаў – ішоў туды, каб разам імі парадавацца. У адзін са сваіх раньніх нарысаў ён уставіў маналог хірурга Асі Маісееўны – маёй маці. З часам пасябравалі і нашыя жонкі – мая, Фрыда, і яго, Інга. Папулярнасьць прынесла Карпюку аповесьць “Данута”, афарбаваная цнатлівасьцю, якая яшчэ ня стала ў той час старамоднай.
А напрыканцы 50-х я пазнаёміўся з Васілём Быкавым, які працаваў у рэдакцыі газеты “Гродненская правда”, — дзе і мая жонка. Не скажу, што нас адразу “пацягнула” адзін да аднаго: выпадковыя размовы, вось і ўсё. Я не разумеў, якой падманнай была ягоная падкрэсьленая простасьць…
Прыехаў аднаго разу ў Гародню Янка Брыль. Я апынуўся за адным сталом з ім і з Быкавым у рэстарацыі на Савецкай плошчы. Цудоўны апавядальнік, Янка Брыль завалодаў агульнай увагай. І вось ён абмаляваў зьяўленьне ў адной установе новага супрацоўніка, звольненага з лагернай “ВОХРы” (якраз ішоў частковы дэмантаж сталінскай карнай сістэмы). Навічок кожную раніцу прыносіў на працу ў слоіку ежу, каб накарміць ката. Раз накарміў, два… Нават разжалобіў некаторых саслужыўцаў. Але нехта з іх дадумаў услых: многа, мабыць, чалавечых лёсаў зьнішчыў гэты наш кармілец…
У той момант я адзначыў, як уважліва назіраў Васіль за Брылём, нібыта ўзважваючы ягоныя словы. І паміж імі пачалася свая размова. Ужо Брыль больш маўчаў, слухаючы Быкава. І я зразумеў, што не разабраўся ў гэтым чалавеку, з якім – як засьведчыць час – у нас так шмат агульнага. У кнізе мемуараў ”Доўгая дарога дадому’’ Васіль напіша, што прыцягвала яго да мяне. Так пачалося нашае збліжэньне.
У цэнтры старога гораду ўсё было навідавоку. Не магло заставацца незаўважаным, што па вечаровых вуліцах Гародні сістэматычна ходзяць разам Карпюк і Клейн, пра нешта спрачаюцца, а можа – і нагаворваюць. Калі ж нас стала трое (разам з Быкавым), а вулічныя прагулянкі дапоўнілі наведваньні кватэраў, нашыя маршруты пачалі адсочвацца. Зрэшты, ня дзіўна, што назіралі за аўтарам тво­раў, якія чакала сусьветная слава. Але ня тая, якую хацелі б падрыхтаваць ім улады. Пасьля выхаду ў “Новом мире” аповесьці Васіля Быкава “Мёртвым не баліць” узьніклыя раней падазрэньні перарасьлі ва ўпэўненасьць: у пагранічным беларускім горадзе фармуецца чужародны і палітычна варожы асяродак інтэлігенцыі.
Аднаго разу летам 1965 году я вывучаў дакументы Гарадзенскага абласнога архіву, які месьціўся ў былой кірсе. Нечакана начальнік архіву Плешавеня сказаў мне, што ў дворыку адзін чалавек хоча са мной пагутарыць. Там грамадзянін без асобых прыкметаў паказаў мне пасьведчаньне КДБ і прапанаваў стаць сакрэтным супрацоўнікам. А перад тым я пасьпяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Меліся, пэўна, і рэкамендацыі кампетэнтных людзей аб тым, што я чалавек з патрэбным сьветапоглядам і адказны. Такому, маўляў, і можна даручыць вывучэньне знутры настрояў інтэлігенцыі ў абстаноўцы, калі вораг ня дрэмле…
Выгада ж ад супрацоўніцтва для мяне відавочная, пераконваў мой новы знаё­мы. Напачатку будзе праца на месцы, затым – камандзіроўкі па краіне, а там, глядзіш, і за мяжу. Пойдзе ўгору і навуковая кар’ера, з гарантыяй росту.
Да працы органаў бясьпекі я адносіўся з разуменьнем. І заверыў вярбоўшчыка, што калі сутыкнуся калі-небудзь са шпіёнам, прыду і выдам яго. Але звыш таго нічым карысным быць не змагу, бо прафесійна цалкам няздатны дзеля такога. Вярбоўшчык не пераконваў мяне і карэктна разьвітаўся, узяўшы, аднак, абяцаньне, што гутарка застанецца сакрэтам.
У той жа вечар я прыйшоў дадому да Быкава і расказаў, што адбылося каля храму. Васіль адзначыў, што гэта другая вядомая яму спроба арганізаваць за ім перасьлед. Ён быў удзячны мне за шчырасьць, аднак гэта не азначае, што адразу даверыўся.
Атмасфера, што ўсталявалася ў нашай “групе”, не была атручаная ўзаемным недаверам. Але і ідылічнай не была таксама. Мы супастаўлялі нашыя ацэнкі навакольнай рэчаіснасьці, падзеяў мінулага, літаратурных густаў… Гэта пад­трымлівала высокі тонус духоўнага жыцьця, абсалютна несумяшчальны з тыповым афіцыёзам.
Быў і такі выпадак. Раньняй вясной 1965 году Васіль даў мне пачытаць сваю толькі што закончаную аповесьць “Праклятая вышыня”. Як гэта апісана ў ягонай кнізе ўспамінаў, Васіль не адразу вырашыў аддаць на мой суд гэты тэкст, і яму нават падалося, што я ня вельмі ахвотна ўзяў рукапіс. Можа, і так. Але я прачытаў аповесьць за адну ноч, і пры сустрэчы з аўтарам вельмі хваліў яе, выказаў меркаваньне, што Твардоўскі аповесьць з радасьцю надрукуе. Яна таго заслугоў­вае. Мяне ўразіла, што такі просты сюжэт пра няўдала праведзеную баявую аперацыю выклікае столькі горкіх думак пра нашае цяперашняе жыцьцё. Як і тады не лічылі стратаў, так і цяпер бяздумна пускаюць людзей “у расход”. Праўда, былі ў мяне дробныя заўвагі, асобныя Васіль прыняў. Потым ён павёз аповесьць у Менск і аддаў яе рэдактару “Маладосці” Пімену Панчанку. Пабыў і ў Маскве на сустрэчы з рэдакцыяй “Нового мира”, якая адобрыла і ў хуткім часе надрукавала згаданую аповесьць пад іншай назвай – “Атака с ходу”. Здавалася б, някепскі пачатак. Але як сустрэлі публікацыю? Начальнік Галоўпалітупраўленьня арміі генерал Елішэў назваў аповесьць паклёпніцкай, савецкая прэса выкрывала і аўтара, і тых, хто яму спрыяў. Васіль прыйшоў да мяне з часопісам “Маладосць”, і 26 траўня 1968 году зрабіў дарчы надпіс на першай старонцы публікацыі – пад сваім франтавым фотаздымкам у форме лейтэнанта: “Барысу Клейну – першаму крытыку гэтай рэчы, з падзякай аўтар В. Быкаў”. Не гістарычная падзея. Але для мяне важна, як ацаніў ён маю падтрымку – у абстаноўцы, калі над галовамі “згушчаліся хмары”.
На што ён разьлічваў? Якая будучыня чакала яго і нас? Мы былі, як гаворыцца, у росквіце сілаў, і жыцьцё натхняла нас ня менш, чым астатніх. Здавалася б, трэба карыстацца ўсімі яго дабротамі. Як гэта і рабілі ўсе. Аднак не атрымлівалася – без душэўнага спакою, які пакінуў нас.
Ня бачачы прычынаў для аптымістычных прагнозаў, Васіль, аднак, быў перапоўнены рашучасьцю: рабіць тое, што можна. І атрымлівалася ж галоўнае: яго друкавалі. За некалькі гадоў ён з правінцыйнага літаратара стаў пісьменьнікам з сусьветным імем. У ягоным таленце не сумняваліся нават самыя ваяўнічыя крытыкі.
І дагэтуль яшчэ цалкам ня зьняты навешаныя ў савецкія часы ярлыкі, часам да іх дадаюцца новыя. Але рана ці позна, ды ўсё ж давядзецца зразумець простую логіку ўчынкаў тых, каго напрыканцы шасьцідзесятых абвесьцілі “ідэалагічнымі дыверсантамі”.
Для мяне асабіста і ўсёй нашай “групы” яна, тая логіка, выяўлялася ў наступным. На пачатку 20-х эксьперымент з увядзеньнем камунізму праваліўся, а савецкае грамадства апусьцілася да таго, што людзі пачалі есьці людзей. Ленінскае акружэньне не выдумляла ўжо новай утопіі, а на чале з правадыром прыйшло да праверанага стагоддзямі спосабу: увяло свабоду гандлю. Чаму ж, разважалі мы, не прыгадаць і зараз той гістарычны ўрок? Калі немагчыма зрабіць гэта для ўсіх адразу, няхай пачнуць найбольш разьвітыя. Канкрэтна ішла размова пра Чэхаславакію, якая перад вайной займала адно з першых месцаў у Еўропе па вытворчасьці працы і ўзроўні жыцьця…
Аднак тыя, хто кіраваў СССР і ягонымі сатэлітамі, слухаць не хацелі пра навукова-тэхнічную рэвалюцыю. Іх прымітыўнага інтэлекту хапіла на тое, каб здагадацца, што савецкая ўлада становіцца нядзеяздольнай.
Мы з цікавасьцю сачылі за падзеямі ў “сацлагеры”, заўважалі ўсё большую актыўнасьць Захаду.
Надышоў той жнівень, які ўсё расставіў на свае месцы. Мы сустрэліся з Быкавым на пешаходным мастку над чыгункай, непадалёк ад рэдакцыі “Гродненской правды”. Васіль запомніў мае словы: “Чуў? Яны ўсё ж увялі. Танкі ў Празе”. Здаецца, ён таксама нешта сказаў. І мы разышліся з адчуваньнем непапраўнага.

l l l
20 чэрвеня 1969 году старшыня КДБ СССР Ю. Андропаў накіраваў у ЦК КПСС ліст, са зьместам якога мяне пазнаёміла сучасная расейская прэса. Вось адзін з ягоных фрагментаў: “Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей – члена КПСС Карпюка и Быкова”. Другі фрагмент: “Карпюк нелегально распространяет среди своих знакомых различные пасквили в виде книги Гинзбург-Аксеновой ”Крутой маршрут’’ и другие. Отрицательно воздействует на молодежь…” Трэці: “В настоящее время к Быкову проявляют повышенный интерес идеологические центры противника…” Заканчваўся ліст Андропава наступным: “Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК Компартии республики готовятся мероприятия, направленные на разоблачение возможных враждебных акций со стороны названных лиц”.
Тымі “асобамі” зьяўляліся Карпюк, Быкаў і аўтар гэтых радкоў, дацэнт Б. Клейн, які згадваўся ў цытаваным лісьце як антысаветчык і сіяніст.
Аказваецца, нашая доля, пра што мы яшчэ ня ведалі, а толькі здагадваліся, была вырашана. Са мной, габрэем, было “прасьцей”. Аднак як патлумачыць грамадскасьці “крамольныя” ўчынкі вядомых беларускіх пісьменьнікаў-франтавікоў? У Беларусі, якая лічылася ідэалагічна “здаровай” савецкай рэспублікай, патрэбны былі надзвычай аргументаваныя доказы дзеля абгрунтаваньня рэпрэсіўных мераў да згаданых творцаў. Аргументацыю пачалі шукаць у біяграфіях…

l l l
Калі біяграфія Карпюка выглядала “сумбурнай” і месцамі падазронай (вядома, на думку дазнавальнікаў), дык радавод Быкава быў беззаганным. Гаротнае дзяцінства на Віцебшчыне. Голад, холад – як і ва ўсіх вяскоўцаў. Вучоба. Няма да чаго прыдрацца. Ваяваў мужна, быў паранены. Паслужыў краіне ў афіцэрскім званьні і пасьля вайны. Адкуль тады, узьнікала пытаньне, ягоная няскорная “шкоднасьць”?
Некаторым гэтае пытаньне не дае спакою і да гэтага часу. Няўжо не зразумела, што ўсё гэта – ад вялікай любові да сваёй Радзімы. Гэтую любоў, па сутнасьці, і не маглі дараваць ворагі і зайздросьнікі вялікага пісьменьніка беларускага народу.
Пад уражаньнем ад кнігі мемуараў Васіля і я азірнуўся на сваё дзяцінства… І здалося, што для кожнага ад самага пачатку падрыхтаваныя свае “расклады”: калі і куды прыйсьці…
Я зьявіўся на сьвет у Віцебску, у двухпавярховым доме нумар 5/2 на вуліцы Гогалеўскай. Дом належаў майму дзеду Сімху, які распачаў вытворчасьць мастацкіх люстраў… Я рос у камунальнай кватэры, хлопчык габрэйскай сям’і дактароў. Бацькі паводзілі сябе як лаяльныя грамадзяне, праўда, зрэдку зьдзяйсьнялі “нелагічныя” ўчынкі. У сярэдзіне трыццатых, калі беларуская нацыянальная асьвета выцясьнялася расейскай, бацькі ўладкавалі мяне на вучобу ў Першую сярэднюю беларускую школу. За бацькоўскі выбар я ўдзячны і дасюль, бо вывучыў прыгожую і блізкую мне да гэтага часу беларускую мову…
Непадалёк ад маёй школы знаходзілася майстэрня мастака Івана Ахрэмчыка, якую наведваў залічаны ў Віцебскую мастацкую вучэльню вясковы хлапчук Васіль Быкаў. У майстэрню Ахрэмчыка наведваўся і я. Далей па Гогалеўскай, не даходзя­чы да плошчы, як згадвае ў сваёй кнізе мемуараў Быкаў, адкрылі музей настаўніка Марка Шагала – знакамітага Пэна. Я бачыў старэнькага Егуду Пэна, калі той прагульваўся каля свайго дому, які яшчэ ня стаў музеем. Словам, сьвет і тады быў цесным…
Магчыма, я ня стаў добрым габрэем, але калі на пачатку 1970 году пачалася кампанія па выкрыцьці сіянізму – як “роднага брата фашызму”, удзельнічаць у ёй адмовіўся. Адбылося гэта так. Мне, дацэнту-гісторыку, прапанавана было выступіць у “Гродненской правде” з адкрытым лістом і “асудзіць” Ізраіль. Многія габрэі адпаведныя публікацыі зрабілі своечасова. Прарэктар педінстытуту Фіх выступіў у “Советской Белоруссии” з гідкім артыкулам “Сіянізм і фашызм”. Я ж паведаміў рэдактару газеты Коласу, што ня буду наводзіць паклёп на свой народ.
Сябры (Карпюк, Быкаў) ведалі пра гэтую гісторыю…

l l l
Аднойчы мы з Васілём вярталіся з чарговага вечаровага шпацыру. З двара майго дома на вуліцы Энгельса выбеглі незнаёмцы. Я пасьпеў разгледзець аднаго – таго, хто балюча стукнуў мне ў твар кулаком і разьбіў акуляры. Быкаў у сваёй кнізе піша, што нападнікаў было трое. Калі я ўпаў, ён схапіўся з імі, але ня змог нікога затрымаць. Скардзіцца ж мы не пайшлі. Каму і на каго? Іх паслалі, яны зрабілі сваё…
…Пасьля спробы выключыць Карпюка з партыі (рэдакцыйны калектыў “Гродненской правды” не прагаласаваў за гэта) яго зьнялі з пасады сакратара абласнога аддзяленьня Саюза пісьменьнікаў. Становішча Аляксея пагоршылася настолькі, што яму не было нават на што жыць. Мы з Быкавым падтрымлівалі сябра, як маглі.
23 кастрычніка я зьвярнуўся з лістом у яго абарону да Саюза пісьменьнікаў – на імя Максіма Танка. Пісаў аб тым, што ўжо некалькі месяцаў Карпюк, галава сям’і з трыма дзецьмі, ня мае грашовых сродкаў на існаваньне, не прапануюць яму і адпаведнай працы.
У маім архіве зьбярогся адказ, напісаны М. Танкам уласнаручна 30 кастрычніка. “Паважаны Барыс Самуілавіч! – пісаў Яўген Іванавіч. – Я доўгі час быў у камандзіроўцы і таму ня змог прасачыць, як абстаіць справа з Карпюком. Перад гэтым Мікуловіч (першы сакратар Гарадзенскага абкама партыі. – Б. К.) запэўніў мяне, што абкам падшукае для яго работу… Хаця зазначыў, што каля дваццаці пасадаў прапанавалі Карпюку і ён ад іх адмовіўся… Па лініі Саюзу пісьменьні­каў усе сродкі дапамогі матэрыяльнай мы выкарысталі”… “Дваццаць пасадаў”, нібыта падабраных у Гародні для Карпюка, – яўная выдумка.
Па тэлефонах нам рабіліся ананімныя папярэджаньні: “Зьнішчайце самвыдат!”. І Карпюк “утапіў” некаторыя рукапісы, а я пазбавіўся артыкулаў з чэхаславацкага друку. Быкаў жа змрочна жартаваў: “Не хвалюйцеся... Калі яны прыйдуць, дык усё прынясуць з сабой”.
6 траўня 1971 году Бюро Гарадзенскага гаркама “паставіла на мне крыж”. Абвінавачваньні ў мой адрас былі цяжкімі: “Ён (Клейн) адзначаў неабходнасьць барацьбы супраць “сталіністаў”, супраць уладнай групіроўкі, якая нібыта імкнецца вярнуць старыя сталінскія метады, сьцьвярджаў, што ў партыі, нібыта, утварыліся дзьве часткі: “сталіністаў-дагматыкаў” і дэмакратычнае крыло творчай інтэлігенцыі”.
З апошнім, і сапраўды, мы атаясамлівалі сябе, паступалі так, нібыта ўжо вылучылася сацыял-дэмакратычная плынь і нам дазволена было беспакаранна належаць да яе. Нешта падобнае адбывалася тады ў Польшчы і Чэхаславакіі, дзе ўзмацняліся апазіцыйныя сілы…
Так думалі мы з Карпюком, але Быкаў ня верыў ані ў якія “крылы” партыі, гаварыў, што ўсе “адным мірам мазаныя”…
Супраць Быкава ў той час распачалася жорсткая кампанія цкаваньня ў друку за “ачарненьне” ў сваіх кнігах і часопісных публікацыях арміі і ўсёй савецкай рэчаіснасьці. Вялося інтэнсіўнае падслухоўваньне, а некаторых “стукачоў” мы добра ведалі. Але ў аніводным абвінаваўчым дакуменце ў свой адрас я не сустрэў хоць бы ўскосных сьведчанньняў Быкава ці Карпюка. Не нагаворваў на іх і я. Пазьней абодва, і Васіль, і Аляксей, напісалі ва ўспамінах, што мы шукалі агульную “лінію паводзінаў” і спрабавалі стварыць самаабарону. Яно так, толькі магчымасьцяў у нас амаль не было.
Восеньню 1971 году Васіль, які часта наведваў мяне дома, перадаў невясёлую навіну: з КДБ яму канфедэнцыйна параілі не кантактаваць з Клейнам. Інакш, маўляў, разам з Карпюком падвядуць пад артыкул аб групавой антысавеччыне. Пакараньне ж за такое было жорсткім. Разьвіталіся мы з цяжкім пачуцьцём. З таго моманту нашы сустрэчы рабіліся нібыта выпадковымі, прылюдна мы не размаўлялі…
Пасьля звальненьня з выкладчыцкай працы мяне накіравалі на… гарадскую базу гародніны, папярэдзіўшы, што іншай работы ў горадзе мне ня будзе. Выпадкова даведаўся, што ў часопісе “Полымя” абмяркоўваўся адзін з маіх артыкулаў. Меркавалася адазваць яго з набору. Інфармацыя дайшла да М. Танка, і той з сарказмам сказаў: “Ён жа яшчэ не арыштаваны, а вы ўжо… у штаны”. Артыкул надрукавалі, – хоць нейкая радасьць…

l l l
…Час жа працаваў супраць нас. Зноў “узяліся” за Аляксея: план “мерапрыемстваў” ажыцьцяўляўся паэтапна. У чэрвені 1972 году Карпюк рашэньнем Бюро Гарадзенскага гаркама таксама быў выключаны з партыі. Супраць Карпюка стварылі цэлую справу, якая распухала ад папераў, што нібыта даказвалі Карпюкова шпіёнства падчас ягонага партызанства.
Калі мы даведаліся пра тыя абвінавачваньні, версію пра здрадніцтва нашага сябра не прынялі. Сумніўнымі выглядалі “сьведчаньні”, многае ён без асаблівых намаганьняў аспрэчыў. Яму прад’явілі фотакопію старонкі з нямецкай фінансавай ведамасьці канцлагеру Штутгоф. І атрымлівалася, што па ёй вязень Карпюк тройчы атрымліваў у лагеры па дваццаць нямецкіх марак, кожны раз ставячы ў ведамасьці свой подпіс. Аляксей не аспрэчваў, подпіс, падобна, быў ягоны, але ня мог патлумачыць, як ён там зьявіўся. Гэтым справа і ўскладнялася.
Калі Быкаў паспрабаваў абараніць Карпюка пры сустрэчы з Кузьміным, сакратар ЦК адказаў: “Галоўнае, там подпіс за маркі. А немцы дарэмна грошай не плацілі”.
Я ведаў асноўных дзейсных асобаў гэтай “пастаноўкі”, якую непазьбежна чакаў невясёлы фінал. І пракурора Гарадзенскай вобласьці Волаха, прыстойнага чалавека, які, вывучыўшы Карпюковы матэрыялы, зразумеў, што пісьменьніку па­гражае 15 гадоў турмы. Па слухах, ён выказаў абкаму партыі свае сумненьні. Справу накіравалі на дадатковае вывучэньне.
Наш польскі знаёмы журналіст Олек Амільяновіч адшукаў у Польшчы архіў былога канцлагеру Штутгоф і там патрапіў на арыгінал той нямецкай ведамасьці – як выявілася, рэестра грашовых пераводаў вязьням ад іхніх родзічаў. Гэтую сьпецыфіку дакумента наўмысна не згадаў сьледчы, які рабіў фотакопію без загалоўку…
Аднак згаданы росшук патрабаваў часу, а Карпюка ў любы момант маглі арыштаваць. Аднойчы Быкаў нават паверыў у безвыходнасьць і канстатаваў наступнае: “Сядзеў ты ў польскай турме, нямецкай, цяпер упякуць цябе і ў нашу. Абклалі з усіх бакоў”. Васіль нават дагаворваўся з расейскімі сябрамі-пісьменьнікамі, каб схаваць Карпюка на некаторы час у псіхбальніцу – каб хоць так, праз знаёмых дактароў, здабыць сябру “ахоўную грамату”. На гэта Карпюк не пайшоў, хоць, па яго ж успамінах, ужо думаў пра самазабойства.
Ведала высокае начальства, што справа з нямецкай ведамасьцю падробка, ці ня ведала – не зразумела да гэтага часу. Стаўка рабілася на дэзінфармацыю грамадскай думкі. Сьпецдакладчыкі, лектары і агітатары даводзілі насельніцтву, што выкрытая злачынная групоўка: здраднік Радзімы Карпюк і сіяніст Клейн “апрацавалі” Быкава і выкарыстоўвалі ягоную вядомасьць, каб ачарняць нашую армію і савецкі лад жыцьця. За ўсё плаціла ЦРУ (зрэдку фігуравалі іншыя экзатычныя крыніцы фінансаваньня групы, напрыклад, таемна “адкапанае” Клейнам бацькоўскае золата).
Каб узяць пад надзейны кантроль творчасьць Быкава, яго выклікаў на “прафілактыку” ў Менск важны генерал КДБ, які абяцаў перадаць празаіку адпаведны матэрыял для стварэньня такога рамана, які б “быў карысны і нам і вам”. Пры гэтым, як запомнілася Васілю, генерал нядобрым словам прыгадаў Карпюка і Клейна.
…Я быў побач з Быкавым у той крытычны перыяд, калі ён мог зрабіцца пасьпяховым, але не вялікім пісьменьнікам. І справа была не ў перамене ягоных кватэраў (кепскай на добрую, а той на лепшую), ня ў колькасьці грошай (менш, больш) і падобнага, а ў адказе на пытаньне: адбудзецца зьмена ранейшых каштоўнасьцяў ці не. Прызнаюся, прачытаўшы аповесьць “Абеліск”, мне здалося, што каштоўнасьці тыя мяняюцца. Аднак я памыліўся. Быкаў застаўся сабой. І дзеля гэтага патрэбна была аграмадная сіла волі.
Пра згаданы нюанс у разуменьні творчасьці і постаці Быкава згадваюць вельмі рэдка. Адзначу, што нават у спавядальнай і найпраўдзівай кнізе сваіх мемуараў Васіль, з прычыны, аднаму яму вядомай, паказаў сябе больш хісткім і няўпэўненым, чым быў насамрэч. Калі гэта мае значэньне, прызнаюся, што ён здолеў нешта сур’ёзна зьмяніць і ўва мне. У ягонай прысутнасьці немагчыма было хлусіць. Ён забіў ува мне сумненьні і хістаньні. Ён давёў мне значэньне чыстага сумленьня перад вачыма вечнасьці. Ён шматкроць гаварыў мне пра Камю, Сарт­ра, і пэўны ўплыў экзістэнцыялізму, асабліва на раньнім этапе творчасьці, Быкаў сам перажыў…
Мне здаецца, што Быкаў цалкам паверыў мне толькі тады, калі ў мяне адабралі ўсё. І я ня бачу неабходнасьці даказваць, што менавіта Бакаў зьяўляўся лідэрам нашай групы. Тыя ж, хто ігнараваў гэты факт, таксама разумелі гэта. І ведалі, хто ёсьць хто. З Масквы Быкаву ішла амаль уся літаратура “самвыдату”, якую потым разьмяркоўваў Карпюк (а затым, сабраўшы ў чытачоў, вяртаў Васілю). Што-кольвек, праўда, Аляксей здабываў з Польшчы. І мы адчувалі аўтарытэт Быкава як пісьменьніка, адчувалі ўплыў ягонай магутнай натуры, якая дамінавала над абставінамі. Таму ня трэба забываць пра галоўныя ягоныя якасьці, падмяняючы іх правільнымі, але ў сутнасьці другаснымі ягонымі рысамі: цярпімасьць, тактоўнасьць, увага да чужой думкі і інш.
Ня схільны да адцягненай “заумі”, Васіль зьдзіўляў афарыстычнасьцю развагаў. Да прыкладу, пра зьняцьце Твардоўскага з пасады рэдактара “Нового мира” і прызначэньне “прагрэсіўнага”, па чутках, пераемніка, Быкаў сказаў: “Дасталі з часопіса душу. Пачакаюць, і ўставяць новую”. Так яно і атрымалася.
Нашыя дыскусіі пра нацыянальныя праблемы Быкаў зрэдку суправаджаў крыху іранічнымі заўвагамі: “Як гэта рабілася на Беларусі ў трыццатых, — казаў ён. – Напачатку зьнішчылі польскія культурныя асяродкі, канешне, каб ачысьціць месца для беларускіх. Прымусілі маўчаць габрэяў, зноў жа, толькі ў карысьць беларусаў. Цяпер надышла чарга нашай мовы. Пакуль не даканаюць, ня спыняцца”.
Ці была ў Быкава варожасьць да расіянаў? Пры мне ён аніколі не выказваўся негатыўна адносна расейскага народу, іншых нацыяў, хоць адрозьненьні паміж імі ўлоўліваў бездакорна. Боль за беларускае, перажываньне за тое, што ў гісторыі беларускасьці не пашанцавала, заўсёды быў у ім. Расейцы ж, выказваўся ён, самі столькі напакутаваліся, што іншым ад іх палёгкі, можа, і не дачакацца.
Быкаў усьведамляў, што стаць сусьветна вядомым яму дапамагла свабодадумная маскоўская інтэлігенцыя, людзі, духоўна блізкія яму.
Але ён не любіў заскарузлую наменклатуру, ня здатную на рэформы. Гэтая нелюбоў была ўзаемнай. Уладная вярхушка, якая перыядычна “выдавала” некаторыя прывілеі-ўзнагароды Быкаву, нібыта пераконвала грамадскасьць, што пісь­меньнік пайшоў з імі “на міравую”, аднак сама не паддавалася ілюзіям. Помніцца, на паседжаньні, што адбылося ў Гарадзенскім палацы тэкстыльшчыкаў з нагоды 50-годдзя Быкава, калі аціхлі афіцыйныя віншаваньні, з групы “кіруючых” гасьцей яскрава пачулася: “Як воўка ні кармі, ён усё ў лес глядзіць”.
Я быў у кватэры Васіля – яшчэ той, каля старой рэдакцыі, на вуліцы Алега Кашавога, — калі ён атрымаў знакамітую тэлеграму, падпісаную Твардоўскім і яго намесьнікам па “Новому миру” Кандратовічам: “Усё мінецца, праўда застанецца”. І вось прайшло столькі гадоў, яны ўсе пайшлі з жыцьця – і тыя, хто пасылаў дэпешу, і той, каму яна адрасавалася. Толькі праўда, і сапраўды, засталася.
Яна ў лепшых, вечных творах Быкава, да якіх, перакананы, належыць апуб­лікаваная ў тыя гады аповесьць “Сотнікаў”. Яе зьмест можна разумець па-рознаму. Талент выяўляецца ў тым, як аўтар “заводзіць” чытача ў лабірынт сюжэту і пакідае яго там нібыта сам-насам, са сваім сумленьнем. Пра што ж гэтая аповесьць? Мне здаецца, пра кампраміс, пра небясьпечную нявызначанасьць яго межаў, якія лёгка пераступіць, ды цяжка, часам і немагчыма вярнуцца назад. Адзін з двух савецкіх ваеннапалонных думаў, што ненадоўга пабудзе ў нямецкай паліцыі, а затым зьбяжыць і выратуе сваё жыцьцё. Анак становіцца катам.
У аснове згаданай аповесьці – экстрэмальная сітуацыя. А мы ў жыцьці мелі справу з нібыта “легітымным” уладным самавольствам. Яно было нам зразумелым. Акрамя аднаго: навошта з намі ішлі на кампрамісы, калі маглі адмежавацца і чакаць, пакуль мы не згніем па адным? Ніхто б не спытаў у іх, — адной ахвярай больш, адной менш… І цяжэй растлумачыць, чым зразумець, навошта ў такім становішчы і мы рабілі тыя ці іншыя саступкі. Бяз поўнай упэўненасьці, што рабілі правільна…

l l l
Я падаўся ў эміграцыю напрыканцы 1992 году прафесарам, доктарам гістарычных навук, дамогся, так бы мовіць, большага, пра што марыў дваццаць гадоў перад тым, у 1972-м, калі ў мяне адабралі кандыдацкую ступень і званьне дацэнта. Даносы, віжоўства, падслухоўваньне, закрытыя лісты, шальмаваньні на сходах, звальненьні, забарона прафесіі, тэлефоннае цкаваньне, амаль поўны грамадскі астракізм, — усё гэта і многае іншае не прывяло, думаецца, да зьнішчэньня аднаго навукоўцы…
Калі ж паглядзець на галоўны вынік: ні я, ні нашая група, ні тыя, з кім мы жылі ў адзін час, ня можам назвацца пераможцамі. Дзе наша Радзіма, і што з ёй?
Зрэдку, азіраючыся на перажытае, я думаю: што значаць для Беларусі тыя “шасьцідзясятыя”, “сямідзясятыя” мінулага стагоддзя – у супастаўленьні з цяперашнім становішчам і маштабамі падзеяў? Аднак можна разважаць і інакш: яшчэ адно сьведчаньне пра мінулае ня стане лішнім, а людзі самі разьбяруцца ў каштоўнасьці ўсяго.
Бо гісторыя – як вялікая вада: то нясе наперад, то закручвае ў свае віры. І хоць я далёка ад таго, што адбываецца ў Беларусі і Расіі, аднак жа – не за жалезнай заслонай: нямала бачу, чую, а з перажытага вопыту – разумею. Правільней, імкнуся зразумець.
Гэтае разуменьне, прызнаюся, даецца мне коштам вялікіх намаганьняў. Экраны расейскага ТБ запаланілі тупаязыкія “парламентарыі” і бязграматныя “прафесары”, якія блытаюць “левых” і “правых”, але перакананыя ў тым, што ў іх краіне не было ні ліберальных, ні дэмакратычных традыцыяў, а быў адзін носьбіт ісьціны – царскі настаўнік Пабеданосцаў. Гэта знакі ня толькі расейскай бяды. Наступным крокам такіх праграмаў звычайна становіцца паляваньне на іншадумцаў. І я з трывогай думаю, што здарыцца з вучоным, які на родных прасторах папросіць некага з калегаў ня хлусіць публічна, нахабна. І ці даруецца студэнту, калі ён ня выбера ніводную з рэкамендаваных яму тэмаў, а напіша чэсны, разумны дыплом, скажам, пра традыцыі часопісаў, што не пабаяліся друкаваць Быкава і абараняць ягонае добрае імя?..

l l l
Быкаў паслаў мне ў Штаты апошні свой ліст з Прагі 20 траўня 2003 году. У ім быў зроблены напамін: “Я выслаў табе сваю кнігу ўспамінаў, дзе ўсё маё жыцьцё і, канешне, шмат пра Гародню, пра Карпюка і цябе таксама… Выдадзена зімой у Менску, мне перадалі ў Прагу толькі 3 экз. І адзін з іх я паслаў табе. Цяпер трэба чакаць якой-небудзь аказіі з Менску”. Што ж здарылася? Рэч у тым, што ягоная кніга да мяне не дайшла. Я атрымаў толькі надарваную некім бандэроль з маім адрасам, напісаным рукой Васіля, а сама кніга зьнікла. Апошняе грубае ўмяшальніцтва ў нашае жыцьцё…
А праз месяц яго ня стала.
Ведаючы, што яму засталося зусім нямнога, Васіль, звычайна стрыманы, на гэты раз разьвітваўся ўсхвалявана:
Вельмі жадаем вам з Фрыдай добрага здароўя і шчасьлівага жыцьця.
Абдымаем удвох – абодвух,
я і Ірына!
Будзьце!
Пасьля гэтага ён змоўк.
Сакавік – красавік 2004 г.