…адна з самых
небяспечных хвароб —
былая веліч…

— Уладзімір Някляеў

28 верасня ў мінскім бары «ДК» былі прэзентаваныя новыя нумары літаратурна-мастацкага часопіса, а таксама паэтычны зборнік Наталлі Русецкай, які выйшаў у Бібліятэчцы «Дзеяслова».

Прывітальным словам адкрыў вечарыну галоўны рэдактар часопіса, празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. Вядоўцам стаў паэт, адказны сакратар “Дзеяслова” Анатоль Івашчанка.

Барыс Пятровіч

— Сёння, трымаючы ў руках першы нумар “Дзеяслова” і ўспамінаючы, як ён ствараўся, хачу сказаць, што ўсё пачыналася практычна як авантура, з нуля. Літаральна за два летнія месяцы 2002 года былі сабраныя творы, і 23 верасня адбылася прэзентацыя на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў. Каля шасці аўтараў першага нумара на той час жылі за мяжой, напрыклад, Алесь Разанаў дасылаў тэксты па электроннай пошце, якая на той час яшчэ не была настолькі развіта ў Беларусі, як зараз.

Па творы Івана Антонавіча Брыля ездзілі да яго на лецішча, і паколькі мабільнай сувязі не было і спытаць шляху не было як, спачатку заблукалі на глухой лясной дарозе. Васіль Быкаў тады быў у Празе і параіў узяць адзін са сваіх тэкстаў, але пасля аказалася — ён ужо друкаваўся ў нейкім замежным выданні, а нашая рэдакцыйная пазіцыя была публікаваць выключна тое, што раней нідзе не выходзіла.

Увайшлі ў № 1 творы Ніла Гілевіча, Уладзіміра Някляева, Алеся Асташонка, Святланы Алексіевіч, Андрэя Федарэнкі, Міхася Скоблы. Спачатку мы сумняваліся, наколькі лагічна тое, што ў адным нумары друкуюцца літаратары розных пакаленняў, а таксама артыкулы пра музыку, тэатр, кіно і мастацтва. Цяпер бачна — “Дзеяслоў” у нас адзін, і яго канцэпцыя яднае ўсіх і адкрытая для ўсіх, — распавёў Барыс Пятровіч.      

Унізе: Анатоль Івашчанка

На імпрэзе выступілі аўтары 76-га і 77-га нумароў “Дзеяслова” — Вольга Гронская, Мікіта Найдзёнаў, Арцём Сітнікаў, Андрэй Федарэнка.

Галіна Сіўчанка і Вольга Гронская

Злева направа: Таццяна Сівец, Марына Шода, Андрэй Хадановіч

Арцём Сітнікаў (з гітарай); уверсе: Мікіта Найдзёнаў, унізе: Андрэй Федарэнка 

Паэтка Вольга Гронская падрыхтавала супольны вершавана-музычны выступ з бардам Галінай Сіўчанка. Паэт, перакладчык і спявак Арцём Сітнікаў выконваў свае беларускія пераклады з Боба Дылана і Барыса Грэбеншчыкова разам са сваімі сябрамі-музыкантамі.

Наталля Русецкая выступае разам з дачушкай Зосяй

Беларуская паэтка, даследчыца, перакладчыца Наталля Русецкая, якая жыве і працуе ў Любліне (Польшча), прадставіла свой новы зборнік “Каштаны ў кішэнях”.

Пераможца конкурсу на лепшы рэкламны верш для “Дзеяслова” Кацярына Шчасная атрымлівае прызы ад “Дзеяслова”

Пераклады з Барыса Грэбеншчыкова і Аляксандра Башлачова спявае Анатоль Івашчанка 

Былі праведзеныя віктарыны на веданне сучаснай беларускай літаратуры. Пераможцы атрымалі прызы ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і часопіса “Дзеяслоў”.

 

comments powered by HyperComments