Усевалад Сцебурака (№126)

Літаратурная творчасць – гэта занятак, што ў розныя часы і ў розных гістарычных рэаліях істотна змяняецца ў сваіх характарыстыках. Адпаведна, і чалавек, што займаецца ім, зазнае абсалютна розныя ўплывы ды выпрабаванні – ад банальнага непаразумення з соцыумам да абагаўлення пры жыцці, і ад лаўраў пераможцы Дэльфійскіх гульняў да вогнішча. У нашых сённяшніх рэаліях літаратурная творчасць – занятак спецыфічны: займаюцца ёй тут не дзеля грошай і славы дакладна. Найперш гэта покліч сэрца і ўсвядомленае жаданне быць пачутым. Прычым пачутым нават не толькі і не столькі іншымі людзьмі, а самой зямлёй. Ты пішаш, бо недзе ўсярэдзіне чуеш яе голас і – гаворыш з ёй у адказ. Часам гэта – дзіцячае мармытанне, часам – словы, якія робяцца тэкстамі. Адпаведна, для мяне літаратурная творчасць – гэта не хобі, не занятак і тым больш не прафесія – гэта мой сродак камунікацыі з Бацькаўшчынай.