Усевалад Сцебурака (№126)

Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

Літаратурная творчасць – гэта занятак, што ў розныя часы і ў розных гістарычных рэаліях істотна змяняецца ў сваіх характарыстыках. Адпаведна, і чалавек, што займаецца ім, зазнае абсалютна розныя ўплывы ды выпрабаванні – ад банальнага непаразумення з соцыумам да абагаўлення пры жыцці, і ад лаўраў пераможцы Дэльфійскіх гульняў да вогнішча. У нашых сённяшніх рэаліях літаратурная творчасць – занятак спецыфічны: займаюцца ёй тут не дзеля грошай і славы дакладна. Найперш гэта покліч сэрца і ўсвядомленае жаданне быць пачутым. Прычым пачутым нават не толькі і не столькі іншымі людзьмі, а самой зямлёй. Ты пішаш, бо недзе ўсярэдзіне чуеш яе голас і – гаворыш з ёй у адказ. Часам гэта – дзіцячае мармытанне, часам – словы, якія робяцца тэкстамі. Адпаведна, для мяне літаратурная творчасць –  гэта не хобі, не занятак і тым больш не прафесія – гэта мой сродак камунікацыі з Бацькаўшчынай.

Наконт таго, як пачалося, памятаю: рыфмавалася ў галаве з пачатковай школы, пад канец яе – стала запісвац­ца. Усё гэта было вартым жалю, але імпэтным. Публікацыі пачаліся ў канцы 1990-х у “НН”. Вершы тыя былі наколькі шчырымі, рамантычнымі і пафаснымі, настолькі і вартымі бязлітаснай рэдактуры (з пункту майго сённяшняга гледзішча).

Тады я сутыкнуўся з прыязнасцю многіх паважаных мной людзей, але, на жаль ці на шчасце, не сустрэў у тым часе ані звышпрынцыповага рэдактара, ані злоснага крытыка. З іншага боку, я не страціў ахвоты да гэтай справы і працягваў.

З хроснымі, аднак, мне пашанцавала. Усе яны, як у той казцы, былі “добрымі”: мае бацькі, сябра і адзін з першых чытачоў ранніх вершаў паэт Анатоль Івашчанка, хросны першай паэтычнай кнігі празаік і рэдактар Барыс Пятровіч, мой любімы паэт Уладзімір Някляеў.

Усім удзячны і за ласку, і за навуку.

У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

Адметнасці калі і ёсць, то не гэткія і незвычайныя. Пішу ад пачатку асадкай на паперы. Паперу маю адмысловую – стос старых аркушыкаў жоўтага колеру з адным няроўна рваным краем. Знайшоў іх некалі на адной здымнай кватэры – ляжалі на гаўбцы бог ведае колькі часу і выцвілі на сонцы да колеру сметанковага масла. Яны – мой лепшы матэрыял для вершаў.

Па часе пісання гэта можа быць і раніца, і вечар, адно што мушу мець трошкі цішыні і самоты. Добра пішацца і ля вакна ў кватэры, і ля каміна на лецішчы. Апошняя лакацыя апошнімі гадамі вырвалася з вялікім адрывам у лідары. Агулам з гадамі мяне ўсё больш цягне на радзіму. Заходняя Беларусь, а больш дакладна, Вілейшчына – мая крыніца жыцця, сілаў і натхнення. Карані майго роду заселі там на глыбіню чатырох стагоддзяў, і ў гэтым сэнсе я падобны да дрэва – шаты рухаюцца з ветрам, вочы бачаць далёка, але ногі стаяць у роднай глебе і мацуюцца ёй. Чым даўжэй я тут – тым я мацнейшы.

Стымулятары ў гэтай справе асабліва неяк не працуюць – усё фармулюецца ў стане празрыстай свядомасці і чыстага розуму. Хіба радок які можа прысніцца, калі доўга на сон рыфмаваць нешта. Тады трэ падняцца і занатаваць. Іншая справа, тая атмасфера, якая задае настрой на роздум, – тут спрацоўвае шмат дробязяў – і дождж, і вецер, і агонь у печы, і пах з марозу прынесеных дроваў, і роўнае пасопванне старога сабакі ў фатэлі, і прысмак позняга яблыка, якім закушаны кілішак бакштанкі.

Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

Цяжкасці, што паўстаюць, напэўна, стандартныя: калі думаецца, то паспя­ваць фармуляваць; калі пішацца, то па­спяваць занатоўваць; калі перачытваецца і правіцца, то не быць занадта лаяльным з аднаго боку і не быць задужа самазнішчальным – з другога. Карацей, залатая сярэдзіна – тое, што так відавочна і, адначасна, так складана.

Слоўнікі і даведнікі, безумоўна, гляджу, але без жадання загрувасціць тэкст велягурыстай формай. Безумоўна, багацце лексікі – гэта неацэнна, але ў паэзіі не менш важны для мяне празрысты сэнс. Рыфму і рытм шаную. Наогул я далёкі ад эксперыментаў. Сёння, як і напачатку, мне блізкая ў вершаскладанні традыцыя.

Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных за­думаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

У цяперашнім часе, дзякуючы лічбавай прасторы літаратары (асабліва паэты) маюць магчымасць амаль імгненна выкладаць свае тэксты для публічнага чытання. Гэта, вядома, спрашчае колішні ланцужок: аўтар-ліст-рэдакцыя-(цэнзура)-публікацыя. Цяпер паміж завяршэннем твора і яго адпраўкай у вялікі свет можа праходзіць секунда… Гэта неверагоднае спрашчэнне, што да сувязі аўтар-чытач. Фактычна, яна наўпроставая. Цяпер, калі многія творцы не маюць магчымасці друкавацца на паперы, гэта, безумоўна, адзіны паратунак. З іншага боку, гэта і пэўная пастка – твор не адляжаўся, не астыў, не зазнаў правак, не дачакаўся парадаў. Дзякуй богу, ніхто не забараняе правіць анлайн…

Чыя ацэнка важная? Канечне, чытацкая, сяброўская. Але і ўласная таксама. Я залежны ад чужога меркавання не болей, чым ад уласнага.

Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?

 Ці задаволены я сваімі творамі? І так, і не. У розны час новыя вершы падаваліся лепшымі за папярэднія, а потым праходзіў час і ацэнкі змяняліся. Маладосць з мітуснёй студэнцкіх гадоў, каханні-растанні, расчараванні і зацятыя ўлюблёнасці – усё гэта спрыяла працэсу пісання. Іншая справа, што многае не перажыло выпрабавання часам, і цяпер мне гэта не хочацца чытаць. Іншая справа, што, як ні банальна гэта гучыць, без усяго таго летуценнага смецця не было б і сённяшняга.

Як гады нельга перакрэсліць ані пера­жыць нанова, так і з вершамі. Што з імі рабіць аўтару? Іх можна проста ўдзячна забыць і літасціва не перадрукоўваць у новыя зборнікі, пакінуўшы іх гераічным даследчыкам будучага.

У роздумах пра тое, што было не так, лаўлю сябе на пэўнасці, што не было непапраўнай памылкі: я не мяняў сваіх поглядаў на кардынальныя рэчы – краіна, мова, нацыя, вера, каханне, асоба, прырода і г.д. да самых дробязяў. Я быў дастаткова шчыры нават у памылках, як тады, так і цяпер. То бок – хібаў было шмат, але найперш у форме і фармулёўцы, чым у пасыле і змесце.

З гадамі адбыліся змены ў тэматыцы. Карыстаючыся з хрэстаматыйных фармулёвак, інтымная лірыка саступіла месца грамадзянскай. Гэтак сталася не з-за попыту грамадства, а найперш з уласнай перакананасці ў неперабольшанай значнасці тэмы Радзімы і грама­дзянскага абавязку, маральнага выбару індывіда і звязаных з гэтым пачуццяў.

Таксама з адносна нядаўна мяне сталі цікавіць пераклады – не ведаю, куды прывядзе гэтая сцежка, але яна, безумоўна, цікавая.

Ці вядзеце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пішацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?

 Да прынцыпу “ні дня без радка” стаўлюся з гумарам – прымусу ў паэзіі не навучыўся і не ведаю, ці нехта па-сапраўднаму можа штодня даваць нешта якаснае месяцамі і гадамі. Ёсць пэўныя плённыя этапы, ёсць перыяды зацішша, але агулам гэта ўсё далёка ад штодзённага пісання.

Што да натхнення, то я не шукаю яго, але бывае, сумую па ім… Спецыяльна не шукаю, але рады ягонаму прыходу.

Дзённікі весці спрабаваў, але баюся, што яшчэ не саспеў да іх. Не магу вызначыцца, дзеля каго яны? Калі для мяне і там будзе нешта звышасабістае, то гэта не цікава і не патрэбна. Марнаваць час на занатоўванне смешных перажыванняў – трэба мець комплекс Бога, а я, хоць і эгаіст, але без перабору.
А калі яны для людзей, то што пісаць у іх – хроніку дзён? Яна ў газетах. Пра людзей вакол? То як жа быць з аб’ектыўнасцю? Карацей, складаныя роздумы апаноўваюць на гэты конт.

Здаецца, дзённікі добра і правільна пісаць з халоднай галавой і ў стане пэўнай адстароненасці ад мітусні, а таксама з вялікай самаіроніяй і непахіснай верай у вечнае. У мяне пакуль некамплект гэтых опцый. Верагодна, дажыву праз некаторы час, але гэта не дакладна.

Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

 Калегаў чытаю. Але выключна бессістэмна. У адрозненне ад літаратараў з акадэмічнай філалагічнай адукацыяй, што прымаюць літаратуру ўпарадкавана, пластамі эпох, я чытаю тое, што трапляе ў рукі згодна тэорыі выпадковасцяў і супадзенняў. Часам запознена “адкрываю” для сябе перліны, даўно адкрытыя іншымі, часам чытаю поўнае абы-што. Чужыя меркаванні для мяне не вельмі важныя ў гэтай справе.

Кнігі люблю розныя, і пра ўсе казаць не выпадае. А вось што дакладна не хачу чытаць і што лічу смеццем у літаратуры – гэта творы, прасякнутыя злосцю. Як бы таленавіта тэхнічна ні былі складзеныя творы, дзе асноўны пасыл дэструктыўны, – ім наканаваная смерць. Яны не стануць класікай, не папоўняць скарбніцу літаратуры, яны не будуць перачытвацца праз гады новымі пакаленнямі і іх не залічаць на тым свеце. У кожным часе знаходзяцца аўтары, што нястомна самасцвярджаюцца, паліваючы лайном усё навокал, крытыкуючы, пляжачы, зневажаючы. Яны набіраюць ачкі, набіваюць руку, маюць пазнавальнасць, але гэта шлях у нікуды. Такія не паказваюць шлях, не вучаць, нават не спачуваюць, яны бягуць у белым палітоне, не кранаючыся зямлі, і пакідаюць шлейфам смурод сваёй пыхі…

Часам нешта перачытваю, але прозу нячаста. Гартаю паэтаў асобныя вершы – гэта пад настрой.

Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

 Сёння шмат аматараў паразважаць наконт таго, што няма бестселераў, няма жанраў і г.д. Я скажу проста: сучаснай беларускай літаратуры не хапае дзяржавы. Краіна ёсць – яна жывіць творцаў, а вось дзяржава… Яна павінна даваць школу, друк, перыёдыку, кніжны рынак і, у выніку, масавага чытача. Сёння ў гэтым асноўны дысбаланс і праблема. Калі ўсё стане на свае месцы – знікне брак і недахоп. Літаратура нашая стане такая ж людская і панская, як якая французская ці ангельская.

А тым, хто пачынае пісаць, якія я магу даць парады? Вучыце мову, чытайце па-беларуску, размаўляйце. Не так страшны юнацкі вершык пра каханне, як кепская лексіка ў ім!


Апублікавана

у

,