“Душа нібыта кінута ў турму”

Сяргей Ваганаў — адзін з найстарэйшых журналістаў Беларусі. Пачынаючы з 1964 года працаваў літсупрацоўнікам у “Чырвонай змене”, “Сельской газете”, на розных пасадах у газеце “Знамя юности”. З 1976 па 2008 год — уласным карэспандэнтам газеты “Труд” па БССР, галоўным рэдактарам газеты “Труд” в Беларуси”. З 2010-х гадоў выпускае ўласныя кнігі нарысаў, успамінаў, вершаў: “Мосцік над вечнасцю”, “Я веру ў Цуд”, “Праз межы Часу”. Bellit.info гутарыць з Сяргеем Ваганавым пра тое, як выжываць у новыя часы і пераадольваць творчую інэрцыю.

Якая пара года вымагае жывога радка больш? Зіма-лета, вясна-восень?

Сёння, на восьмым дзесятку, восень-зіма-вясна. Але толькі ў тым выпадку, калі тая ці іншая прыродная з’ява выклікае той ці іншы ўспамін з пражытага, альбо перагукаецца з думкамі, якія валодаюць табой на той момант. Зрэшты, не выкідае з творцы паэтычнага настрою і лета, асабліва жнівень.

Вы ж заўважылі, як раптам магутна, яскрава і балюча загучала беларуская паэзія, прычым, рэй павялі жанчыны. А калі добра пішацца празаіку-мужчыну?  

Канешне, заўважыў. Мала хто так валодае не кніжным, а кроўным, ад радаводу, беларускім словам, як нашы паэткі. Нават у добрай мужчынскай паэзіі адчуваецца жаноцкасць. Нездарма паэзія – жаночага роду…

Калі добра пішацца проза? Не ведаю, бо не пішу раманы, аповесці, апавяданні. Вядома, мае нарысы і эсэ — таксама празаічныя жанры. Але лічу іх бліжэйшымі да журналістыкі, чым да мастацкай літаратуры, бо яны грунтуюцца на фактах, рэальных падзеях, хаця і там не зашкодзіць карыстанне мастацкімі сродкамі. Калі добра пішацца ў жанры, так бы мовіць, нон-фікшн? Калі няма цэнзуры, калі ты дакладна ведаеш, што твае думкі і хваляванні без перашкодаў дойдуць да чытача, а галоўнае, адгукнуцца ў ягоных думках, у ягоным сэрцы і ўчынках працягам свайго існавання…

У побытавым плане: што вам трэба для творчасці? Асобная хатка недзе ў лесе, пакой у кватэры?  Зручнае крэсла, добры камп’ютар ці нешта яшчэ?

Уласны пакой ці то ў кватэры, ці то на лецішчы, любімыя рэчы ў пакоі – фатаграфіі, карціны… І, зразумела, кнігі на паліцах, з каторымі пражыта жыццё…

Што цяпер пішаце? І пра што хацелася б напісаць?

Дазвольце адказаць вершам:

НЕ ПІШАЦЦА…

К.А.

Не пішацца.
Хто ведае, чаму…
Не чуецца. Не бачыцца. Не дыхаецца…
Душа нібыта кінута ў турму
Слоў невыразных,
Дзе патроху нішчыцца.
Дзе думкі ўзяты на глухі  запор.
Дзе сам сабе і вязень і наглядчык.
Дзе, што ні моўлена, усё сабе ў дакор.
Дзе цішыня – і цэнзар і дарадчык.
Адкуль,
З якіх невыказных вышынь
Раз у жыцці сыходзіць тое Слова,
Што не ўпадае  ў забыцця смяротны вір —
У безупынную Часоў трапляе плынь,
Каб дакрануцца да жыцця другога?
Як ні ўслухоўвайся, адказу не  чуваць…
Муры турмы яго трывала дбаюць.
Адно што кайданкамі слоў гуляць…
Ды словы ўжо даўно душы не маюць.
А ты, мая душа,  што ты маўчыш?
Ці  сілачкі тваёй адказ той звыш?
Не пішацца… Не пішацца…
Не піш…

У маім узросце трэба пісаць мемуары. Не ведаю, ці можна лічыць мемуарамі цыклы кароткіх сюжэтных успамінаў пад назвай “Шматкроп’і”. Сыходзіў з таго, што ад эпахальных падзей застаюцца календары, а са штодзённага чалавечага жыцця нараджаецца памяць і тчэцца бясконцае палатно гісторыі. Чаму “Шматкроп’і”? Люблю гэты знак прыпынку, ён абяцае працяг. Адчуванне недамоўленасці пакідае чытачу прастору для ўласных думак. Калісьці я напісаў: “Бязмежны на пачатку Час жыцця/ каб Творца меў яго дзеля даробку/ А на мяжы жыцця і небыцця/ бязмежны Час сціскаецца ў кропку”.

Але пакуль яшчэ шматкроп’і…

А дзеля чаго мы пішам-творам? Можа, будучая цывілізацыя, гадоў праз 50 і не будзе запатрабаваная ў літаратуры?

Цяжка сёння казаць, якой будзе цывілізацыя праз 50 гадоў, калі краіна, ды й палова свету, вяртаюцца ці не ў сярэднявечча. З аднаго боку – безупынны тэхналагічны прагрэс, а з  іншага – руйнаванне маральных каштоўнасцяў, якія толькі і здольныя стрымаць чалавецтва на краі прорвы. Ці будзе запатрабаваная літаратура? Будзе. Калі захаваецца патрэба даведацца, чаму робат задушыў чалавека, як тое адбылося нядаўна ўпершыню ў гісторыі…

Ну а дзеля чаго пішам? У кожнага свой адказ на гэта пытанне. Асабіста мой – уцячы ад Альцгеймера.

У наш час – дзе вы шукаеце адхланне? Што трымае, што не дае ўпасці ў адчай?

У сям’і і сяброўстве. А трымае зноў такі сям’я, сяброўства, але найперш прыклад унучкі, журналісткі Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай), якая двойчы асуджана за сваю журналісцкую працу, агулам на 8 гадоў зняволення. І асэнсаваная неабходнасць дачакацца яе вызвалення.

Наш слынны празаік Андрэй Федарэнка у рамане “Мяжа” агучыў непакой праз тое, што не бачыць сваіх паслядоўнікаў, што хіба адзінкі з аўтараў ідуць беларускім шляхам. А вам не трывожна? Вы бачыце літаратурных нашчадкаў? Ці ўсё ж трэба прызнаць, што няўмольна высыхае коласаўскі “срэбразвонны ручэй”.

Я вельмі прыязна стаўлюся да Андрэя Федарэнкі і ягонай творчасці, чытаў “Нічые”, “Мяжу”,  апошні раман “Сцэнарыст”. Але мне цяжка адказаць на гэта пытанне, бо, паводле розных абставінаў, я спыніў удзел у так званым літаратурным працэсе, не сачу за ім, як раней. Думаю ўсё-ткі, што “срэбразвонны ручэй” не высыхае, а цячэ іншым рэчышчам – за мяжу і за мяжой. Тыя, каго можна лічыць нашчадкамі, атабарыліся менавіта там. Ці ідуць яны беларускім шляхам? Думаю, што так. Мо толькі ў чымсьці адрозным ад пракладзенага класікамі. У тым ліку праз сваё эмігранцкае становішча і адпаведныя зрухі ў светаадчуванні. Адзінкі? Ну, тут усё залежыць не ад колькасці нашчадкаў, хутчэй ад іх літаратурнай вагі.

Між тым, агулам, падаецца, праблема ў іншым. Выбачаюся наперад за доўгі адказ. У свой час, разважаючы пра літаратурны і жыццёвы лёс Валянціна Тараса, я пісаў: “Разам, а не побач – з Алесем Адамовічам, Мікалаем Крукоўскім, Навумам Кіслікам, Алегам Сурскім, Барысам Заборавым, Міхасём Стральцовым… – выдзіраліся яны з кіпцюроў сталінізма, абуджалі, адраджалі і напаўнялі айчынным беларускім дыханнем  ідэю гуманізма – стрыжнявую, з крыві і гразі войнаў і рэвалюцый, з супраціву злачынным праявам таталітарызму,  ідэю ХХ стагоддзя. І справа тут не ў маштабах талентаў, не ў розніцы ва ўзростах, жыццёвым вопыце і творчых занятках.

Справа ў тым, што на “доўгай дарозе дадому” творцы, з’яднаныя пакутлівым пошукам адказаў на пякучыя пытанні Часу, становяцца Пакаленнем.

Сёння на Беларусі шмат таленавітых, высокаадукаваных,  высокаінтэлектуальных творцаў – літаратараў, філосафаў, палітолагаў…

Але Пакалення няма. Ёсць тусоўкі.

Я вось думаю: чаму тыя ж Быкаў, Адамовіч, Кіслік прынялі ў сваё сяброўскае кола нашмат маладзейшага Тараса? Толькі з-за ягонага партызанскага медаля? Так, безумоўна і з-за медаля, з-за апаленага вайной малалецтва. Але не толькі.

З-за талента? Так, безумоўна і з-за талента. Але не толькі.

Яны адчулі ў ім творцу, які не жыве з гатовага, не карыстаецца палёгкай здабытага, а літаратурную справу перадусім лічыць справай маральнай. І ў гэтым сэнсе цягне на Галгофу Часу свой крыж.

Крыж, які злучае пакаленні.

Сёння замест цяжкай дарогі на Галгофу – прага Алімпу, замест крыжа – кол.

Дзіўнаватая і страшнаватая з’ява нарадзілася ў гэтыя пяць гадоў, што мінулі з таго дня, калі Тарас сышоў з жыцця: забіты ў савецкае мінулае кол не вызваліў ад яго, а, насуперак дэклараваным чаканням, увагнаў у пагрозу паўтору. Мо нават яшчэ горшага…”

(“У пошуках крыжа”, 2014 г.)

Фота Юрыя Іванова

Што вы цяпер адчуваеце, калі заходзіце ў кнігарні?

Па шчырасці, у кнігарні больш не хаджу, папяровых кніг праз хібы зроку і вельмі дробныя шрыфты амаль не чытаю. У электронных кнігах таксама расчараваўся, бо, нягледзячы на магчымасць рэгуляваць шрыфт, губляецца галоўнае – паветра мастацкага твора, яго смак.

Ці праўда, што кожны пісьменнік павінен быць геніем, а кожны твор – падзеяй? Альбо нам трэба самыя розныя творы, частка якіх стане і тым гноем, на якім прарасце і расквітнее геніяльны новы твор?

Мне цяжка ўявіць пісьменніка, які рыхтуе свой будучы твор для перапрацоўкі ў гной. Як і заклапочанага тым, каб патрапіць у геніі. Хаця апошніх хапае. А вось каб твор стаў падзеяй, ягонай літаратурнай якасці і грамадскай вартасці не заўжды дастаткова. І тады прадпрымаюцца высілкі, далёкія ад літаратурнай творчасці. Можна зразумець, калі літаратар вымушаны займацца рэкламай сваёй кнігі, каб “адбіць” хаця б частку ўласных грошай, выдаткаваных на яе выданне. Але шкада, калі “падзея” залежыць ад прыналежнасці да той ці іншай літаратурных групоўкі, ад узнятага вакол таго ці іншага імя вэрхалу.

Сітуацыя сёння можа некаму падасца такой: быццам у нас у літаратуры засталося адзін-два аўтары. Ім – уся ўвага ўсіх магчымых СМІ, іх кнігі ці словы – на ўсіх магчымых пляцоўках. Як вы на гэта глядзіце?

Вышэй я ўжо часткова адказаў на гэта пытанне. Між тым, з’ява супярэчлівая. З аднаго боку, так званая “масавасць” супрацьпаказаная сапраўднай літаратуры, бо дрэнна ўплывае на чытацкія густы,  з іншага – менавіта яна стварае глебу, згаданую вышэй у адным з пытанняў. Не бачу нічога страшнага ў тым, што на літаратурным небасхіле ззяюць адзінкі зорак. Калі гэта сапраўды зоркі, а не падвешаныя кімсьці газоўкі.

Столькі пражыта… Неяк чуў размову двух бабулек. На поўным сур’ёзе адна другой казала, што па тэлевізары казалі: час хутка так ідзе, бо зямля стала хутчэй круціцца. Дык вось, пра жыццё: калі вы былі сапраўды шчаслівым, самым шчаслівым?

У дзяцінстве на Нарачы. І яно нечакана для самога выбухнула амаль праз 70 гадоў “Нарачанскім сшыткам”. А пачынаўся ён з таго самага адчування шчасця. Дык вось, пра жыццё, “У сне”:

Мы ўсё жыццё паціху паміраем.
Якім я быў, такім цяпер ня ёсць…
Дзяцінства ўжо сплывае небакраем
Пакуль насустрач крочыць Маладосць.
За маладосцю надыходзіць Сталасць
Магільшчыкам няздзейсненых надзей.
Ну, а за ёй – удумлівая Старасць
У неадкладнасці адкладзеных падзей.
Дык вось чаму я смерці не страшуся –
Бо паміраў ў жыцці ўжо колькі раз.
У радасці, ў бядзе, альбо у скрусе
У небыццё я адыходзіў праз
Пахаванні думак, спраў і мараў.
Чаму ж так неспакойна сёння мне?
Таму, што ўчора я убачыў Нарач.
І плыў па ёй. Да раніцы.
У сне…

У дарослых бываюць запаветныя мары? Чаго хочацца найбольш, вось каб заўтра прачнуцца – і яно было побач?

Не яно, а яна – мая ўнучка Каця.

Запісаў МА, для bellit.info

Фота: Юры Іваноў, baj.media, асабісты архіў


Апублікавана

у