Віктар Баранаў

Віктар Баранаў
На гэтым тыдні прапануем да Вашае ўвагі фрагмент рамана Віктара БАРАНАВА, старшыні Нацыянальнай спілкі пісьменнікаў Украіны “Прытула” ў перакладзе Валера СТРАЛКО – тэкст, які перагукаецца зь цяперашнімі кіеўскімі падзеямі…

Твае грамавыя словы, узмоцненыя мегафонам, ляцелі ў твары, сцягі, транспаранты і звыш усяго таго – далей над галовамі і сцягамі, у халодны, настоены на сталых зацятых маразах прыцемак начнога горада, б’ючыся і адбіваючыся рэхам ад сценаў і будынкаў, коцячыся па брукаванках і асфальтах.

Ты стаяў на подыуме-ўзвышэнні, збітым з дошак незадоўга перад пачаткам мітынга пасярод плошчы, асвечанай імем святой Сафіі; разам з табою стаялі галоўныя дзеячы апазіцыі, перад вамі аж да самых пабудоў па перыметры плошчы тоўпілася зборышча – пасля першых вашых слоў ужо і не зборышча ці натоўп, а сіла людская, што верыла ў вас, а вы ў яе, і ад гэтага рабілася ўзаемна радасна, шчасліва, урачыста, быццам у храме; кожнае людское сэрца налівалася вераю, пэўнасцю, рашучасцю ісці за вамі, выразнікамі народнага гневу і патрэбы справядлівасці ды праўды. І не хацелася думаць, што праз які час, калі абязлюдзее плошча, кожны тут прысутны апынецца адзін на адзін з халодным вечарам і ўласным лёсам, нікому наогул не патрэбным і жалю вартым, як вартай жалю бывае са­спелая галава сланечніка, сарваная са ствала і пазбаўленая свайго месца ў гурце іншых галоў на полі.

Ты яшчэ ўглядваўся ў гэтыя расчырванелыя твары, услухоўваўся ў напружанае, напоўненае моцай, гудзенне плошчы – гулі людскія сэрцы і каменні пад нагамі, гуў купал нябеснай сферы, ты ўжо амаль гатовы быў ашчаслівіцца магчымым хуткім здзяйсненнем усёй вашай справы (з вамі ж во колькі народу, і якога народу – залатога, шчодрага, мудрага і свабодалюбнага!), але ў той жа час ты, даўно не наіўны рамантык, ужо адчуваў пад сэрцам зімнае вастрыё мінору. Ты ж бо добра ведаў, якія мы ёсць не ў гурце, не ў грамадзе, а з вока на вока з будзёншчынай, адзін на адзін з адвечнай думаю, што яе як не думай і перадумвай, а ўсё адно паверне на журбу і маркоту, і тады нікому няма клопату да яшчэ не схаладнелага пляцавага братэрства і яднання, аднадумства і рашучасці – тады кожны валтузіцца саматугам, і паняцце “народ” губляе сілу, а слова “натоўп” набывае сапраўды арыфметычнае значэнне, як мноства адзінак і не болей за тое.

Ты любіш гэтых людзей – і іх жа баішся. Яны са шчыраю вантробнаю радасцю ўспрынялі вас як правадыроў, зацята і ўпарта не ўяўляючы сябе ў гэтай ролі і ўсяляк адганяючы нават думку пра гэткае; яны палохаюцца такой думкі, песцячы ў генах сіндром вечна вядзёных, але такіх, якім прагнецца справядлівасці і якія здольныя марыць аб ёй з пакалення ў пакаленне, але толькі марыць – і ні на рух мезенца болей. Яны глядзяць на вас, галоўных апазіцыі, слухаюць вашыя ўзвіхраныя прамовы і хочуць чуць у іх тое, што разганяе ім застаялую кроў і абуджае з адвечнай звычнай дрымоты найтаемныя спадзяванні жыць у свеце справядлівым і жыць усім па праўдзе, аднак яны болей лічаць за лепшае хацець гэтага, чым нешта зрабіць дзеля гэтага ўласнаручна. Ім хочацца правадыроў, каб тыя ўзялі іх за натруджаныя парэпаныя рукі і пад сурмавыя маршы перавялі з плошчы ў райскі кут, створаны кімсьці іншым для кожнага з іх, дзе ўсягоўдосталь і дзе правіцелі ў такіх жа дакладненька кутах на аднолькавых правах, лыжкаю з такога самага металу і такога самага памеру сёрбаюць гарачае варыва з аднаго на ўсіх катла. Ім патрэбны правадыр – іхні аднадумнік, здольны апусціцца да іхняга разумення агульнага дабра, да ўзроўню іхняга душэўнага болю, да іхняга інтэлекту – аднак не вышэй і не болей ні на ёту. Яны, млеючы знутры, аддаюць вам, кіраўнікам апазіцыі, сваё законнае права спытаць ва ўлады, калі ж нарэшце настане абяцанае працвітанне; ды калі вам не ўдасца дастукацца ў дзверы ўлады, або калі яна, добра ўсведамляючы, хто і ад імя якога народа стукаецца, не захоча адчыніць вам дзверы ці й наогул спусціць на вас цэрбераў з ланцугоў – вось тады не даруюць вам вашага бяссілля перад уладай: бяссілля, адзінаю і найпершаю прычынаю якога ёсць іхняя надзвычайная, тупая, закарэлая абыякавасць да ўласнага лёсу. О, народзе! – думаеш ты і сам не ведаеш, што трэба разумець пад тым народам. Ці ганарыцца ім, ці яго праклінаць.

Што ж гэта за люд найдзівосны, які не ведае і ведаць ужо не жадае сваіх продкаў, адсекшы памяць аб іх на трэцім (і не далей!) калене, а пад абрусам на адзіным у хаце стале хавае выпадкам заробленыя грошы: дык ты ж далей руку пад той абрус прасунь – а раптам знойдзеш там даўнюю метрыку і дакранешся да таямніцы радаводу свайго, і адкрыецца табе адно з імёнаў дрэва, на адной з галінак якога выкалыханы і ты ў перадаванай у спадчыну калысцы, і табе, радасна ашаломленаму тым адкрыццём, прасцелецца сцежка да забытай, задзірванелай і закуставанай, ужо амаль нічыёй магілы, і ты пойдзеш на яе бязгучны голас, станеш над ледзь ацалелым грудком зямлі, і душа твая заззяе ад нікому, апроч цябе, не чутнага голасу з-пад тоўшчы зямное, на покліч якога ты прыйшоў, і ты ўсвядоміш па-новаму, глыбінна і ўжо ніколі не забыўна, што на гэтай зямлі ты не ўзяўся ніадкуль, што ты тут не байструк гісторыі, што карані твайго роду вечныя ў часе і прасторы і што пакуль гучацьме табе той голас продкаўскі, датуль і зямля гэта, і свет гэты ў часе і прасторы ёсць тваё, і нават хай цябе, народзе загадкавы, заб’юць і скуру здзяруць у каталажцы – ты ўсё адно застанешся тут вечна, бо ніхто цябе не заменіць, бо ніякіх заменнікаў ні з якіх іншых земляў не ўспрымуць косткі тваіх продкаў, а голас іхні гудзецьме ў вушах прыхадняў, пакуль не давядзе іх да вар’яцтва.

Ты, народзе надзвычайны, за схаванымі для сябе заўтрашняга (але ад сябе сённяшняга!) некалькімі паперчынамі з партрэтамі гетманаў, не бачыш нічога іншага, апроч саміх партрэтаў; а там жа – “вывад правоў і вольнасцяў”, і якраз правы на тыя вольнасці, занядбаныя з часам недалужнымі павадырамі ды тваёй валовай абыякавасцю (ідуць валы запыленым шляхам, капыты размерана-наканавана апускаюцца ў нагрэты пыл: пых! пых! пых! – уздымаюцца над капытамі клубікі пылу і зноў садзяцца на зямлю, вырачаныя на доўгае і пакорнае ляжанне; cinis et umbra sumus) і нахабна занядбаныя ад чужога да яшчэ больш чужога цара. Царскія знакі на тваёй зямлі яшчэ і цяпер ахоўваюцца законам суверэннай быццам бы дзяржавы, замест гэтага твае гетманы спачываюць (дзе там спачываюць – мардуюцца на тым свеце!) невядома дзе, па чужых краях, і хто і калі збярэ тое, што ад іх засталося, у адзіны ўкраінскі пантэон: тут вось Піліп Орлік, тут Іван Сірко, тут Мазэпа, за ім Канашэвіч-Сагайдачны, Дарашэнка адзін і Дарашэнка другі, Іван Выгоўскі, Багдан-Зіновій Хмяльніцкі, Калнышэўскі Пятро, Скарападскі Паўло… Розныя яны, не аднолькавыя роздумамі пра твой лёс, народзе, але ж думы іх былі пра цябе і Украіну, хоць і паклалі яны на яе алтар болей ці меней свайго сэрца і мазалёў.

Ідэя пантэона выштурхнула вас, на той час пакуль і не галоўных у апазіцыі, у Маскву. Тады яшчэ ўсесаюзны Крэмль займаўся харчовай праграмай і дамаляваннем “людскога твару” да даўно прасмярдзелага, забруджанага бальшавікамі сацыялізму, і на Кіеўскім вакзале Масквы вас нечакана сустрэла родная дыяспара ў выглядзе стыхійных базарных радоў уздоўж ходнікаў і гранітных парапетаў. Тут паўнакроўна раскашавала мова твайго люмпен-пралетарыяту, любоўна выпешчанага яшчэ “Вялікім Кастрычнікам”: семечкі, гаўядзіна, руб, дохтарськая каўбаса, почкі, пічонка… Твая Украіна стаяла на маскоўскіх асфальтах як апошняя перакупшчыца, якая сваё ж і прадае за бесцань, ад рота ўласнага адарваўшы, а ў гэты час недзе ў палітычнай падваротні белакаменнай накормлены з вялікадзяржаўнай цыцкі вырадак разводзіў чарніла, якім праз год-другі напэцкае на кавалку фанеры лозунг і выйдзе з ім на Старую плошчу: “Ельцын! За­ставь хохлов накормить Москву!” Каля Крамля ты пачуеш замучаны голас ушчэнт абыякавага экскурсавода, які распавядае чарговай групе турыстаў пра Кутаф’ю вежу і не можа толкам растлумачыць, адкуль пайшла тая назва (“Видите, она какая-то неуклюжая, отсюда и называется Кутафья”), аж табе захацелася крыкнуць ашуканым экскурсантам, што тая вежа кутняя, куткавая, таму так і завецца, а “неуклюжесть” ваша маскоўская – ад невуцтва і нежадання прызнаць, што і мова, і вера, і асвета з навукаю, і чароўныя спевы з непараўнальнай музыкай прыйшлі да вас з Кіева, з Украіны, якой вы з часам і адплацілі ад шчодрасцей сваіх варварскіх. Ды нават назва народу вашага і краіны ўкрадзены ў нас, прыватызаваныя на вечные времена.

Ды вам не да Масквы ў той час. Недзе там пад Валакаламскам, гэта дарогаю ўбок Смаленска, у Ярапольчым сяле, перакручаным у Яраполец, спачывае ад юдолі зямной Пятро Дарашэнка, з радавога гнязда якога – і прыгажуня Наталі Ганчарова, Пушкіна жонка і маці яго чатырох да­чок. Вы доўга едзеце “Ікарусам”, дадзеным украінскім таварыствам у Мас­кве “Сла­вуціч” (сам старшыня таварыства Паўло Раманавіч удзяліў вам коль­кі хвілінаў для фуршэтных зносінаў, прыбыўшы на сустрэчу ў суправаджэнні з яшчэ адным земляком – намеснікам Рафіка Нішанавіча ў палаце ўсесаюзнага парламента, сябрам сям’і самога кампартыйнага памазаніка; на фуршэце той другі зямляк падыдзе да цябе з фужэрам мінеральнай і па-сяброўску даверліва наракацьме, што нейкая ўкраінская газета назвала яго проста паэтам, апусціўшы цяперашнія яго высокаслужбовыя тытулы, а гэта ж патрэбна не яму асабіста – дзеля прэстыжу Украіны патрэбна, а яны, пісакі-недарэкі, лопухамі вушы панакрывалі і іх “не прашыб’ёш”), у дарозе цябе ўразяць нябачанай вышыні бярозы ў гушчары прышашэйнага лесу ды мілае шчабятанне жанчынкі-функцыянеркі са “Славуціча”: аж не верыцьмецца, што можна дзесяцігоддзямі жыць у Маскве і зберагчы такое прыгожае, такое прыроднае ўкраінскае вымаўленне.

У Ярапольчым кіроўца без падказкі (пэўна, гэта яму не ўпершыню) кіруе да плошчы ў цэнтры сяла, вы самлелымі нагамі ступаеце на зямлю, у якой ляжыць вялікі ўкраінскі гетман, ашуканы, як і амаль усе гетманы, царом. У невялікай агароджы з металічных прэнтаў – камлыга калісьці белага, а цяпер ужо сшарэлага ад стагоддзяў вапняку, мечаная дажджамі, градам, зацятымі паўночнымі завірухамі і чыімісьці неразумнымі рукамі; вычаканеныя на ёй літары ўжо не чытаюцца; у адным з куткоў агароджы вольна раскашуе куст бэзу; сіняя фарба на прэнтах узялася аблупінамі. “Вось гэтак яны даглядаюць магілу гетмана?!” – хочацца табе закрычаць, але – да каго: апроч вас да гетмана нікому няма справы, дый чаму мела быць, калі чужы ён тутэйшым абарыгенам, а перад чужым чые ж сэрца здрыганецца, вось паедзеце вы адсюль – выкалышацца бэзавае галлё ўвысь і ўшыркі, затуліць сабою і агароджу, і пашарэлы вапняк над касцьмі Пятра Дарашэнкі. Ярапольчае проймецца сваімі згрызотамі, вунь у сельмагу, драўлянай пабудове на высокім каменным падмурку, за нейкіх дваццаць метраў ад магілы, якраз “выкінулі” кансерваваную кільку ў тамаце, для сельскай глыбінкі – супердэфіцыт, і берагіні вашага гетмана, такія саменькія жанчынкі і бабулькі, як і ва ўкраінскіх сёлах, у такіх звычных твайму воку і аж родных кухваечках, прыступам бяруць магазін і з часам задаволіўшы свае матэрыяльныя патрэбы сеткаю кансерваў, ад няма чаго рабіць (і чаго яны ўсё прыязджаюць да тае камянюкі!) падыходзяць да вашага гурта. Кабзар сама спявае “Повіяв вітер степовий …”, разносіцца нязвычны для абарыгеннага вуха перазвон струнаў бандуры, бабулі стаяць воддаль адасобленым гуртком, і на старэчых, збрыджаных векавым выгляданнем лепшае долі абліччах выразна прачытваецца запытальнае здзіўленне: няўжо недзе ў свеце людзі гавораць не так, як яны? Ох уж эти хохлы: вечно им неймется.

Гэтую фразу ты пачуў бы, нават калі б напіхаў у вушы ваты. Кінутая зноў жа такі ад нечага рабіць, яна ўгрызлася ў цябе, уелася кляшчом, пекла цябе ўсю дарогу да Масквы і ад яе да ўкраінскай, дагэтуль не існуючай мяжы, яна даймала цябе тым балючай, што моўлена была не палітыканам-шавіністам, не зацятым вялікадзяржаўніцкім ротам (“Ельцын, заставь хохлов накормить Москву!”), не падазроным перабежчыкам-маларосам – яе спакойна, бясколерна, незласліва і менавіта праз гэта страшна для тваёй украінскай сутнасці прашамкацелі губы падмаскоўнай бабулькі ў задрыпанай кухваечцы, праз рукаў якой звісае сетка, поўная дэфіцытнага ў гэтых краях далікатэсу – кансерваванай кількі ў тамаце, па трыццаць сем капеек за бляшаначку, на якую ва ўкраінскам сяльмагу ніхто і вокам не маргне, за путны харч не лічачы.

Ты вяртацьмешся з Масквы і зажыўляцьмеш прычыненую рану шчымлівым суцяшэннем, што твой народ – не такі, што ён і гасцінны, і міласэрны, і да іншаземцаў цярпіма-талерантны (хоць, можа, не кожны дзядзька і чуў такое слова), а што песень незлічоную процьму ўжо навыспевываў сабе і ўсяму свету! – дзе яшчэ знойдзеш такі практычна ідэальны народ.

Дык чаму ж ты яго баішся, чаму пачуваеш сябе амаль самотным ваўком сярод гэтай шматлюднай плошчы, чаму пад сэрцам угняздзіўся холад не ад прымарожанай вячэрняй часіны, а ад незразумелага неспакою за ўсю вашую справу, у якую ты і сам часам верыш небезаглядна, бо ж не ўзяўся зніадкуль той халодны скавыш, што выстуджвае спярша думку, а далей і душу.

І ў тваёй памяці сплывае майскі Канеў, міжнароднае Шаўчэнкаўскае свята; вы, яго афіцыйныя ўдзельнікі (складзены адпаведныя імянныя спісы), падымаецеся прыступкамі на Чарнечую гару, кожнаму загадана прышпіліць на віднаце бірку-візітку (нехта сказаў пра яе “пэйджык”, гэта ад англійскага “page” – старонка, аркушык, але хіба няма ўкраінскага адпаведніка?) з эмблемай свята і прозвішчам удзельніка, і па той бірцы вас, быццам авечак да кашары, прапускаюць шчыльныя міліцэйскія кардоны, і хтосьці з іхняга начальніцкага рангу, нягледзечы на прысутнасць замежных гасцей, перадае па рацыі сваім шматлікім падначаленым уздоўж усяго шляху на Гару па ўсходах: “Отсекай лишних! Лишних отсекай!..” Лішнія – гэта па-святочнаму ўбраны люд каля падножжа Гары, яму не положено ісці на самую Гару да магілы Прарока, бо там чакаецца прыезд Прэзідэнта; для іх, тых, што без “пэйджыкаў”, але ў разнастайных нацыянальных строях, у святасць якіх яны яшчэ надзіва не зняверыліся, панатулена ўнізе на прасторных травяністых палянах усялякіх палатак, стылізаваных карчомак, проста немудрагелістых “забягайлавак”, у якіх шараварна прыбраныя рускамоўныя гандляркі запрашаюць выпіць гарэлачкі і закусіць чым Гасподзь паслаў.

Ты аглядваешся на таго, хто перыядычна і адкрыта вымагае “отсе­кать лишних”, і дзівішся: не, быццам бы і не падобны ён на прысланага з Маскоўшчыны міліцыянта, свой такі, дамарослы, хара твару выдае яго гарантаваную дамаросласць, але – маларос ад форменных чаравікаў сорак чацвёртага памеру да кукарды на картузе.

Калі вы, мечаныя біркамі ўдзельнікі свята, падняліся на Чарнечую, а з нейкага часу Тарасаву, гару, Прэзідэнт паспеў ужо тут пабываць, яго з’яўленне адфільмавалі наспех для паказу ў вячэрніх тэленавінах, і гарант хапатліва адбыў для далейшага вырашэння спраў дзяржаўнай вагі; сапраўды, не будзе ж ён, абцяжараны лёсаноснаю харызмаю, чакаць, пакуль “отсекут лишних” і вы, таўраваныя “пэйджыкамі”, пераадолееце нарэшце прыступкі да магілы Генія. Вы мелі яшчэ адну нагоду сустрэцца з Прэзідэнтам – на адкрыцці помніка Шаўчэнку ў Корсуні, куды вы ехацьмеце двума аўтобусамі, але на нейкім кіламетры між Каневам і Корсунем вашыя аўтобусы загоняць на палявы прасёлак, адкуль вы назірацьмеце, як трасай на шалёнай хуткасці прахурчыць прэзідэнтскі картэж – ты налічыш каля двух дзясяткаў іншамарак, і з якойсьці з іх памахае ў ваш бок гарант. Праз хвілінаў дзесяць вам дадуць дазвол на працяг руху; прыбыўшы ў Корсунь, вы застанеце самотныя мікрафоны, падобныя на адзінкавыя сланечнікі з адсечанымі галовамі, каля ўжо адкрытага помніка, і люд разыдзецца, калі яго наогул збіралі ў гонар прыбыцця першай дзяржаўнай асобы, што аддае перавагу ў такім разе абыходзіцца без лишних.

Яшчэ на Чарнечай гары вам разане прамова тагачаснага спікера, яго “новае слова” ў Шаўчэнказнаўстве (“Тарас схіляўся перад Пушкіным”); асабліва шакуе прысутных фраза прамоўцы (нехта ж з памочнікаў тую прамову пісаў!) “мастак Мікешэвіч маляваў Кабзара на смертнай лоджыі” – ты зафіксуеш яе дыктафонам, падасі ва ўласнай газетнай публікацыі і доўга не сцірацьмеш запіс на выпадак апратэставання спікерам твайго на яго “паклёпу”.

І вось гэта твой народ? Чым жа яго вусны больш дабратворныя за шамкаючы рот старой бабы з падмаскоўнага Ярапольчага? І гэта дзеля яго, такога народа, ты аддаў сябе на алтар вашае справы?

Але ты ўжо не здольны саступіць са сцежкі, якою пройдзены добры кавалак жыцця. Ты ўжо не рамантык, ды нешта не дае табе кінуцца зняверы ў абдымкі, ёсць жа сярод іх у гэтым натоўпе светлыя галовы – акадэмікі, пісьменнікі, настаўнікі, духавенства; гэтыя ж павінны быць з вамі ад пачатку і да канца, так ім Госпадам прызначана. Павінны! Ды пакуль што – не настолькі, каб вам разам адчуць сябе сілаю, здольнаю выйграць паядынак з уладаю.

Перадвячэрні мароз усё мацнее, а ў цябе чамусьці ўсплывае ў памяці дысанансам да загуслага халоднага вечара забытая жнівеньская субота – дзень адкрыцця палявання на птушыную дзічыну. Ты ніколі не быў паляўнічым і ніколі ўжо ім не будзеш; на паляванне цябе завабіў твой аднакурснік-палтавец, весялун і непапраўны аптыміст, майстар бясконцых апавяданак на абы-якую тэму (у студэнцкія гады вы называлі Міколу артыстам арыгінальна-брахлівага жанру). Мюнхгаўзэн мясцовага маштабу, у чыіх вуснах, калі мова заходзіла пра паляванне, зброя сама выстрэльвала на шамаценне крылаў крыжака над галавой, а звараная звечару з гуртавой здабычы юшка застывала на ранак гэткім найгусцейшым халадцом, што яго можна было хіба што сякераю ўрубаць.

Мікола табе патэлефанаваў, запрапанаваў “дывертысмент для душы”, і ты даў згоду, спакусіўшыся на яго легенды, на абяцаныя райскія тры дні. Сустрэча была прызначаная ў Ліпавым – першым сяле Палтаўшчыны, як ехаць аўтобусам з Кіева на Крамянчуг, тут Сула разлогім ліманам далучаецца да левага берага Крамянчугскага вадасховішча. Мікола правёў падрыхтоўчую работу, дамовіўся з мясцовым егерам, і той перавёз вас – досыць шматлікі гурт аматараў дывертысментаў на прыродзе – кудысьці на выспы ў глыбіні ці то лімана, ці вадасховішча, дзе вы апынуліся адрэзанымі ад свету (праз пару дзён, калі скончылася прывезеная ў каністрах пітная вада, вы пілі чысты спірт і запівалі гарэлкаю, “каб не пякло”).

Табе далі чыюсь даўно не выкарыстоўваную і тым больш не прэстыжную аднастволку, дзіцячую забаўку ў параўнанні, скажам, з бельгійскай пяцізарадкай, якой выхваляўся ўчарашні воін-інтэрнацыяналіст Слаўко, расказалі, калі і куды можна і куды нельга страляць – і разышліся “па кропках”. Інструктаж выявіўся лішнім, бо за ўвесь вечар, на працягу якога вакол шалела няспыннае бабаханне, пахла спаленым порахам і час ад часу непадалёк з шоргатам падаў з вышыні шрот, ты ніводнага разу не націснуў на спускавы кручок. Чакаў таго, дзеля чаго, уласна, ехаў сюды: гуртавой вячэры і паляўнічага фальклору, спрэс настоенага на выдумках і легендах, затое ж якіх!..

Была дзівосная на смак юшка з дзічыны, пілася добрая чарка, і гэта не раз, не двойчы, палымнела вогнішча да позняе ночы, і вострая на слова садружнасць не расчаравала цябе, нагаварыўшы ўсяго столькі… Ды на раніцу ў памяці тваёй зеўралі дзіркі, і засталося толькі ўражанне – цёплае, кранальнае, чароўнае.

На наступны дзень вы падняліся на зары (начавалі ў некалькіх намётах пад тысячагалосы гуд камароў, намазаўшы адкрытыя часткі цела “Тайгою”) і яшчэ гадзіны дзве палохалі дзічыну бабаханнем і ваяўнічымі перакліканнямі з чароту, але неяк млява, па інерцыі; птушкі, навучаныя ўчарашнім, ужо вас абміналі, а вячэрняе “адпусканне тармазоў” за чаркаю ў добрым таварыстве ўсё настойлівей хіліла да думкі пра сняданак. Дык вось неўзабаве вы – па двое, па адным – пачалі сцягвацца да “штаба”: даядаць і дапіваць рэшткі вячэры.

І тут ні адсюль, ні адтуль каля вас дзядзька на кані. Спешыўся, без непатрэбнай дыпламатыі падышоў да гурта, далікатна, аднак неяк надта “па-свойску” прывітаўся (відаць, у такіх таварыствах бываць яму не ў навіну, і выраз яго засмяглага цыганаватага твару наяве выдаваў прагу скласці вам кампанію за сталом у выглядзе прасцеленай на зямлі брызенціны. Яму і сапраўды налілі (сказана ж бо: у дэфіцыце апынулася чыстая пітная вада, а не спірт-гарэлка), заахвоцілі, да слова і ён прамовіў: “Дай бог паміж ног крэпкага здароўя!” Недзе пасля трэцяй паднесенай яму чарчыны дзядзька, падбадзёраны поспехам свайго тоста, перахапіў слоўную ініцыятыву і, добра ўжо нахмелены, згубіў пачуццё меры, робячыся яўна дакучлівым. Яму далі зразумець, што, шаноўны, візіт ваш зацягнуўся, чакаюць вас вялікія справы, а мы ўжо неяк самі дабудзем тут сваю паляўнічую місію. Дзядзька рэзка падняўся, выцер далонню рот і вачыма пачаў шукаць каня; той, пакінуты без нагляду, заглыбіўся ў зараснік – таксама, пэўна, трапезнічаў. “Гнядко, Гнядко!” – паклікаў дзядзька, і конь падаў голас з гушчару, а праз хвільку і сам аб’явіўся на покліч гаспадара. Дзядзька падышоў да Гнядка, леваю рукой ухапіў аброць, а правай раптам ударыў каня наводмаш па губах – і раз, і яшчэ, і ва ўсёй дзядзькавай паставе вы ўбачылі здзічэлага звера, які сам не ведае, што робіць і навошта. Гнядко асадзіў назад, але гаспадар утрымліваў яго за аброць на адлегласці, з якой яго рука магла дастаць да конскай пысы.

На імгненне вы аслупянелі, уражаныя неспадзяванай дзядзькавай лютасцю: толькі ж што ён быў часцінай вашага таварыства, еў-піў з вамі, жартаваў, здаваўся вам такім тыповым прадстаўніком роднага і любімага народа, ажно хацелася цалаваць яго ў засмяглыя шчокі і ціснуць жылістыя рукі – а ён гэтай працавітай рукою нізавошта калашмаціць такую самую працавітую жывёліну. Найхутчэй апамятаўся воін-інтэрнацыяналіст Слаўко. У два-тры скачкі падляцеўшы да дзядзькі, перахапіў таму правую руку, гатовую і далей хвастаць бязвінную скаціну, так яе сціснуў (нямарна ж прайшоў ніштаватую вывучку ў абмежаваным кантынгенце войскаў) і так зірнуў на дзядзьку, што той у вокамгненне працверазеў, умольна вызваліў руку, скочыў у старое, усё чыста ў лапіках сядло, і за ім аддалілася тупанне капытоў, пакуль і зусім не сціхла. Вы зазбіраліся, хоць егер яшчэ не хутка меўся па вас прыбыць – вось гэтак па-дурному закончыўся “дывертысмент для душы на ўлонні прыроды”.

Табе прыгадаўся той жнівеньскі дзень, і ты зараз, перад уражваючым мнагалюддзем на плошчы, з гаркотай думаеш, што вось гэта ж і ёсць ён, твой народ: ён адначасова і невядома чаго азвярэлы дзядзька, і нізавошта адлупцаваны дзядзькам конь. Няшчасны, пагарджаны, без аніякага ведання аб тым, якая прыгода, зачэпка, паварот лёсу выпадзе яму праз гадзіну, праз дзень, праз год, кім ён ёсць сёння і кім будзе заўтра, якія подыхі душы скіруюць яго на тое ці іншае дзеянне, увогуле ж – на бяздзеянне, бо хіба ж можна ўзвесці ў ранг дзеі дзікае збіццё ўласнай адданай жывёліны, у якую паволі ператвараешся і сам. Табе шкада яго, гэты народ, да нерастопліванай халадэчы ў мозгу. І ты ўжо гатовы дараваць яму ўсё: і залішнюю сентыментальнасць, і флегматычную маруднасць, і генетычна перададзеную нерашучасць ды асцярожнасць, і ненавісную табе філасофію “неяк яно будзе, бо яшчэ ніколі не было, каб не было неяк”, і апатыю ды абыякавасць да ўсяго, што з ім чыніла век і чыніць сёння ўлада і дзяржава.

Бо гэты народ – твой і такі, і калі ты хочаш зрабіць штосьці разам з ім, ты мусіш мець жалезнае цярпенне, мусіш прыпадобніцца скульптару, што рукамі, на якіх няма і не павінна быць накрухмаленых манжэтаў, адкрышвае ад гранітнай камлыгі непатрэбнасць да тых пор, покуль застанецца плод задуманага.

Віруе натоўп, калышацца маса людскіх целаў і галоў, гараць вочы, запаленыя яшчэ адным прамоўцам ад вашай апазіцыі, і тут твой пакутлівы ўнутраны маналог абрываецца зваротам да цябе: “Пане Сцяпане! Пане Сцяпане!..” Ты азіраешся на голас: Марына. Зноўку ў джынсах, бэзавым швэдарку, што віднеецца з-пад не зашпіленага на верхні гузік кажушка, але ты чамусьці шукаеш крыжык на яе грудзях, ды крыжыка няма, і гэта цябе крыху расчароўвае. Ты не ведаеш, што ёй казаць, надта неспадзявана стаўся пераход ад тваіх роздумаў да з’яўлення Марыны ўнізе за подыумам-узвышэннем. Марына таксама нічога болей не кажа, толькі працягвае табе руку, запрашаючы спусціцца да яе. Ты пакорліва выконваеш яе маўклівую волю, здзіўлены яе гарачай для такой пары пешчанай рукою, да якой ты ўпершыню дакранаешся.

Далей працягваецца мітынг, раскаціста грукоча мегафон, пераходзячы з рук у рукі, натоўп гіпнатычна рэагуе на чарговага прамоўцу, дубеюць на марозе галоўныя апазіцыянеры ў сваёй інтэлігенцкай абуўцы і апранасе, маючы на ўвазе хуткую вячэру ў недарагім рэстаранчыку, дзе ўжо замоўлены стол і дзе чакае крэсла таксама і цябе – а ты крадком адоль­ваеш неасветленыя мітынговыя тылы ззаду подыума, і толькі шарэнга міліцэйскіх афіцэраў, у якой няма чына меней маёра, абыякава суправаджае цябе стомленымі вачыма.

Чытаць аповесць цалкам


Апублікавана

у