ПРЫВІТАННЕ! Нехта вылез з-пад гурбы засохлай лістоты, схаванай у дуба дуплістага цень. Прывітанне! Я не ведаю, хто ты, але добры дзень!
Нехлямяжы, як куча паўзучых вушанак, абматаны аблезлым, смярдзючым рыззём, ён бразгоча гірляндаю ржавых бляшанак і жуе чарназём.
Я на неба гляджу – там гудуць самалёты і ў далёкія клічуць мяне гарады. Прывітанне – не ведаю, хто ты, бывай назаўжды!
3D Жыццё праходзіла, быццам кіно ў фармаце 3D; заплывалі акулы ў пакой кватэры. Было даўно – так, гэта было ў мінулым.
Даводзілася прачынацца сярод вады, адчуваючы, як усплывае наш дом, а праз глей і чарот едуць насустрач рыбам трамваі.
Сэрцы скакалі, быццам мячы, якім гулялі на чэмпіянаце ватэрпалісты – арбітр лічыў галы, збіваўся, роў: “Не пачынайце!”
Не прачынайцеся! Гэта з-пад вас выходзяць бурбалкі ў ванне і выліваецца вадаспад з дзіркі, пракручанай у экране.
У! – АН! – ФАС! Залоўлены на бягу аб’ектывам у анфас, сабака выглядае так, нібыта ўсміхаецца. Ён сапраўды перапоўнены радасцю і адчувае болей натхнення, чым сто паэтаў, разам узятых.
Ён нагадае нам пра той час, калі паднятыя ўсе шлагбаумы, быццам рукі, якія галасуюць за свабоду летуценняў, свабоду перамяшчэнняў, свабоду левітацыі і тэлепартацыі, калі хочацца страляць у неба феерверкам адрэналіну, выпадкова прабіваючы чужыя парасоны, імчацца па дарозе, не баючыся ўрэзацца ў плот – а раптам ён з шакаладу ды з вафляў?
Дванаццацігадовы сабака пераскоквае праз лінію далягляду ў промнях захаду. Вечнае лета. Вечная маладосць.
І сто паэтаў, разам узятых, прысвецяць па вершы таму сабаку, які шырока ўсміхаецца, ловячы пашчай падкінутую ў неба відэакамеру.
Але калі нават не прысвецяць, гэта трэба разумець як варыянт нормы: ненапісанне магічных тэкстаў ёсць таксама магічны акт.
ЛОГІК У ТУНЭЛІ Па цёмным тунэлі логік бадзяецца. Ён хоча знайсці тупік. А тунэль ніяк не сканчаецца. Логік змакрэў, на плячы язык.
Не разумее логік з думкамі цвёрдымі, як свінец: – Я збіў у кроў усе ногі, а дзе ж лагічны канец?
Ён далей па тунэлі хістаецца з надзеяй знайсці фінал, крэкча, сапе, спатыкаецца і падае паміж шпал.
То запалкі, то компас, то мапу ён дастае з кішэні. – Я пераадолеў шмат этапаў, а дзе ж лагічнае завяршэнне?
У цёмным тунэлі логік туляецца – знайсці тупік ён паабяцаў. А тунэль ніяк не сканчаецца, бо тунэль сам з сабою злучаецца. Ну няма тут, няма канца!
Але логік – хлопец упарты надзвычай. Дзе ж ён, дзе запаветны тупік? Але што гэта ззаду грукоча, сігналіць, скавыча? Гэта цягнік!!!
Логік шукаў канец лагічны, а атрымаў канец трагічны. Пухам зямелька табе, логік! Хоць адпачнеш ад доўгай дарогі! * * * Доўгія шнары крывыя цела абшар рассякаюць. Побач істоты жывыя крылы свае распускаюць.
Круцяцца восы ды пчолы, тыцнуцца ў шнары старыя. Гэта світанак вясёлы! Гэта вясны эйфарыя!
Доўгія рваныя шнары быццам намазаны мёдам. Мухі збіваюцца ў пары – смокчуць адтуль асалоду.
Доўгія рваныя шнары… Песня, накрытая хваляй… Быццам не ў бойцы жаўнеры, а кулінары іх згатавалі.
* * * свет пакрыўся дзіўнай абалонкай мы знутры яе ліжам не ўяўляючы што там звонку ці будзе разгон нашым лыжам
ёсць пульсацыя жывых вытокаў і ў трубаправодах чуеш нейкі грукат з таго боку чуеш чыйсьці подых
можа гэта рэвалюцыі прадвесне можа мы прарвемся можа абалонка трэсне як глазура на M&Ms’е
ДЗЯЖУРНЫ Учора сонечна было на дварэ, а сёння – пахмурна-хаўтурна. Хто возьме мяцёлку і хмары ўсе падбярэ? Хто сёння дзяжурны?
Настаўнік крычыць, а я сяджу і маўчу, чакаючы маланкавых феерверкаў. Ну, я дзяжурны, але прызнавацца я не хачу. Мне падабаецца гэты вэрхал.
* * * Старыя косткі абрастаюць новым мясам. Старыя пахі абвастраюць нюх і слых. З пустых галоваў зробім маракасы, каб з макракосму выгнаць духаў злых.
Саміх сябе спазнаем мы няхутка: прасцей да зор, чым да сябе, дастаць. Няўдала ступіш – і памер твайго абутку набыткам масаў рызыкуе стаць.
КУЛЬТУРНЫЯ ПЛАСТЫ Культурныя пласты схаваныя пад намі углыб на дзве вярсты гнілымі дыванамі,
парванымі штанамі са швом замест прарэх, адкуль, нібы цунамі, калісьці рваўся грэх.
Тут сківіцы кабыл між сітам і дзяжою – іржанне конскіх сіл змяшалася з іржою.
Пакет з-пад малака, балон з-пад карбафосу, пагнутая кірка, паўшланга ад насосу…
Магільны маскарад мінулых пакаленняў – сівы кангламерат культурных наслаенняў.
Гніе кампост густы – аж пахі казкі баюць. Культурныя пласты пад намі ажываюць. ФІГВЕДА Ёсць старая святарная кніга пад назвай Фігведа. Яна дасць на любое пытанне грунтоўны адказ. Ты не маеш яе? Папрасі ў сваяка ці суседа і займі гэтай мудраю кнігай увесь вольны час.
Вось крыніца душэўных даброт, разумовае працы – замяняе сабой яна тысячы створаных кніг. І навошта кудысьці імкнуцца, пра штосьці пытацца, калі фіг яго ведае, фіг яго ведае фіг…
Шмат народу жыццё пражывае паводле Фігведы – прэпарат з ейных літар святых цыркулюе ў крыві, а на скуры ад гострых ін’екцый нябачна і следу… Шмат народу жыве па Фігведзе – і ты пажыві.
Кніга гэтая ўсцешыць, адорыць спакоем і сілай і ключы падбярэ да старых запаветных замкоў. І калісь будзе так, як здаўна чалавецтва прасіла: запануе над намі Фігведы адвечны закон.
АСАБІСТАЯ ПРАСТОРА – Паночку, а паночку, у вас такі прыўкрасны шнар на шчацэ! Нездарма кажуць: “Шнары мужчыну ўпрыгожваюць!”
– А ў вас, чароўная пані, так файна глядзяцца цені вакол вачэй!
– Гэта – не цені, мой паночку. Фінгалы гэта, фінгалы.
– А, добра, пані, вы з фінгаламі так цудоўна глядзіцеся, што вам ніякія цені не патрэбныя!
– А ў вас, мой дарагі спадар, такі мужны чырвоны нос, ён ідэальна спалучаецца са шнарам на шчацэ!
– А ў вас, мілая мадама, не стае на сукенцы гузікаў – гэта выглядае так эратычна, што Дольчэ ды Габана абзайздросцяцца.
– А вось гэтая прапаленая дзірка на плячы вашага пінжака… Яна так пасуе да хлебных крошак у вашай барадзе, мой любы!
– Гэта не проста крошкі. Гэта наша сённяшняя вячэра, мая пані! Ласкава запрашаю!
– Ах, паночку, я да глыбіні душы кранутая вашай шчодрасцю!
– А я проста млею ад вашай прыгажосці, о яснавяльможная сяньёра! Вашыя чаравікі так вытанчана прадзіраўлены, што бачны ўвесь ваш цудоўны педыкюр!
– Гэта не педыкюр, мой саколік, гэта я нагою ў мазуту ўлезла!
– Ды што вы, што вы, мая ластаўка, вашыя пазногці пачарнелі як нельга дарэчы – цалаваў бы і цалаваў! (Пад гарэлку добра пайшло б!) А гэты каўтун у валасох – ён проста надае вам шарму! Вы такая чароўная, мадам!
– А вы… Вы проста рыцар маёй мары!
– А як вы думаеце, шаноўная пані, чаму ўсе гэтыя пасажыры паадыходзілі ад нас на пяць крокаў і неяк дзіўна паадварочваліся? Насы пазаціскалі ды паадварочваліся?
– А гэта, мой даражэнькі, таму што яны, як у гэтай, як яе там, Амерыцы паважаюць нашае права на асабістую прастору! Да таго ж, яны бачаць, што мы адно аднаму сімпатызуем і хочуць пакінуць нас тэт-а-тэт.
– Якія ж прыемныя, выхаваныя паны і паненкі!
– О так, мой анёльчык, так!..
THE URBAN GIRL Крочыць дзяўчынка і ліжа марозіва, а на марозіве дым асядае, дым ад гарэння прадуктаў гніення, дым ад гніення прадуктаў гарэння, дым ад прадуктаў завода хімічнага, што за калючым дротам хаваецца, міма якога праходзіць дзяўчынка, крочыць і ліжа, і ліжа марозіва.
Сонейка свеціць. Асфальт распаляецца. Па-над дзяўчынкаю пыхкаюць коміны. Пыхкаюць трубы завода хімічнага разам з заводам пластмасавых вырабаў, аўтамабільным, рысорным і трактарным, вінна-гарэлачным і радыятарным. Попел і пыл вывяргаюцца з комінаў, круцяцца, лётаюць па-над дзяўчынкаю і асядаюць ёй на марозіва.
Толькі дзяўчынку гэта не торгае, толькі дзяўчынка ідзе, усміхаецца, дрэвам і птушкам падміргвае вочкамі і па-ранейшаму ліжа марозіва.
Вось адрываецца кропля марозіва і на каленца дзявочае падае. “Ну дык нічога, адмыюся ў возеры”, – кажа дзяўчынка і ліжа марозіва. Ну дык нічога, што возера бруднае, доўгімі трубамі злучана з нафтавым складам і станцыяй тэхабслугоўвання, смеццеправодам і каналізацыяй.
Неяк чатыры сяброўкі вясковыя ў госці да гэтай дзяўчынкі прыехалі, трошкі паветрам сталічным падыхалі – і апынуліся ў рэанімацыі. Ды не такая дзяўчынка з марозівам – тут яе дом, тут яна нарадзілася і да прагрэсу тэхнічнага звыклася – дзеўкі вясковыя хай абзайздросцяцца!
Крочыць дзяўчынка сваёю дарогаю, крочыць, у мары свае акунутая і не звяртае ўвагу на дробязі, а інтэнсіўна ліжа марозіва. Ліжа і смокча прагнымі вуснамі і апантана кавалкі адкусвае – так паглынае шалёна марозіва, што забываецца нават на возера.
Ліжа яна і нарэшце далізвае, палачку з фанцікам кідае ў сметніцу, крочыць у скверык, вітаецца з хлопцамі. Тыя ўручаюць ёй новую порцыю.
УСЁ АДНОСНА усё адно – усё адносна усё адносна ўсё адно адносна ўсё наўпрост і ўскосна ці з дна яно йдзе ці на дно
адносна ўсё ўсяго адносна усё адносна да ўсяго што невыносна і выносна уключна з вынасам мазгоў
усё адносна ўсё адносна усё паспее нас дастаць і нават тое што дзівосна адносным хутка можа стаць
усё ў самім табе адносна ад носа і да самых пят і зычны гук і гук галосны што вырабляе млосна-посна твой гаварыльны апарат
ЖРЭЦ ПРАФІЛАКТЫЧНЫХ МЕР З мяне звісае аўтамат, а ты стаіш на ўскрайку ямы. Цябе ў жыцці маім зашмат, мяне ў тваім – таксама.
Мы выйшлі разам пагуляць, хоць ты і маеш нешта супраць. Што ж, расстраляць – дык расстраляць, а мне за гэта хлеб пацукраць.
У барацьбе за Еднасць Сфер рука мая грубее. Я – жрэц прафілактычных мер – на страх усім плебеям.
Ты чуеш: я ўжываю мат праз кожнае другое слова. Цябе ў жыцці маім зашмат. Дык я заб’ю цябе. Часова.
КАМПЕНСАТОРЫКА Што толькі дактары ні лечаць: раўняюць ногі, карэктуюць твар… Камусьці прышываюць галаву на плечы – за нервам нерв, за капілярам капіляр.
Але камусьці ж і не прышываюць – што ж, не ўва ўсіх знаёмы ёсць хірург. Вось так яны жыццё і пражываюць – без галавы, затое з сілай ног і рук.
Іх песні з прагаю маторнаю гучаць зусім не праз раты. Магчымасці кампенсаторныя спрыяюць запаўненню пустаты.
* * * Памёр добры чалавек. Сёння – пахаванне. А я сяджу і думаю: ісці туды, альбо не йсці? З аднаго боку, я вельмі паважаў нябожчыка, а з другога боку – мне дасюль не верыцца, што ён памёр. Вось жыў, жыў – і хоба!.. Не, такога не можа быць! Якое пахаванне, вы што?! Лепей я заўтра запрашу яго на каву.
* * * Я ўзброіўся падзорнаю трубой для назірання за самім сабой. Ды, сутыкнуўшыся з сабою лоб у лоб, я зразумеў: патрэбны мікраскоп!
* * * Піянеры роўна, правільна сталі дружнай грамадой у чарзе ў басейнік плавальны за дзядулем з барадой.
Той дзядок – асоба значная: кажа ўсім, што ветэран, ды пры тым – увесь накачаны і гатовы на таран.
Быў знаёмы нават з Леніным, дзесьці з кімсьці ваяваў, пакаленні з пакаленнямі палітычна падкаваў.
Дзед блішчыць узнагародамі: тут і зоркі, і крыжы. Медалі ўсе са штрыхкодамі, бо, напэўна, з-за мяжы.
Піянеры ж не адчэпяцца: – Раскажыце нам пра Марс! І з ягоных словаў лепіцца дзён мінулых трагіфарс.
Але вось чарга сканчаецца, прастаяўшы тры гады. Піянеры раздзяваюцца, падыходзяць да вады.
Тапкі кінуўшы пад лаваю, прыклад дзед усім падаў: ён нырнуў…
…І толькі плавала па паверхні барада.
* * * Мы верым: прамільгне стагоддзяў пяць – і час нарэшце прыйдзе новы, калі на вуліцах зазіхацяць Антыдзяржаўныя Ўстановы.
Мы заваюем сінь і гарызонт, адкінем прэч усё, што нам абрыдла, і злучацца ў адзіны дружны фронт Інтэлігенцыя і Быдла.
Мінуць чароўныя стагоддзяў пяць – мы Плён Эпохі выльем у жалезе. Не застанецца нам чаго здзяйсняць – і будзем марыць колькі ўлезе.
ІГРУША “Чалавек паходзіць ад малпы”, – прыгадваць я Дарвіна мушу, калі караскаюся не на Альпы, а на сваю старую грушу.
Альпінізм не выходзячы з саду – пілаванне старога сучча. Рукі, ногі, піла – вось і ўсе прылады. Унізе – двор, хлеў і будка сучая.
А груша з мяне смяецца, трасучыся кожнай галінай. Квецень белая вось-вось сарвецца і абрынецца снежнай лавінай.
ПАДМУРКІ МАРНЫХ НАДЗЕЙ …Можна ў пошуках сэнсу жыцця ператрэсці ўсе антрэсолі – недзе знойдзеш скамечаны сцяг палінялы, паедзены моллю.
Сцяг дзяржавы няіснай даўно, эфемернай, як шар надзіманы, прамільгнулай у нейкім кіно, ды і тое недаздыманым.
Ёй ужо не паўстаць з руін на Падмурку Марных Надзей. Колькі ў свеце такіх краін? Верагодна, больш, чым людзей.
ЛУСКА Бывае так, што і рыбам калісьці надакучвае вада і ўзнікае жаданне стаць птушкамі ды ўзляцець высока ў нябёсы.
Але для гэтага неабходна набыць новую вышэйшую адукацыю ці, прынамсі, закончыць спецыяльныя курсы – вядома ж, платныя і, мала таго, вельмі дарагія.
А якія грошы ў простых рыб? Хіба што круглыя лускавінкі, што могуць зіхацець на сонцы, быццам срэбныя й залатыя манеты.
Магчыма, яны зведаюць інфляцыю і іх не хопіць на здзяйсненне мары… Але што яшчэ застаецца рабіць гаротным недарыбам-недаптушкам, калі страчваць няма чаго, акрамя ўласнай лускі?
ЛІШНІЯ Замітусіліся лішнія людзі: нешта няладнае ў іх каралеўстве – лішніх вакол назбіралася рэчаў шмат, і за імі нічога не бачна.
Лішняя мэбля, посуд, анучы… Лішнія стосы, звалкі ды кучы… Вольнага месца не засталося, у трэцяга лішняга каб пагуляцца.
Хочаш спакою – спакою не будзе: знекуль даносяцца лішнія гукі, і нават лішніх рук не хапае, пазатыркаць каб лішнія вушы.
Лішнія ногі нясуцца імкліва, каб уцячы, а куды – невядома. Ног тых так многа паадрастала, што немагчыма імі спыніцца.
Шпарка мільгаюць лішнія рухі. Страшна хадзіць сярод іх – заблукаеш. Дзіва, што маючы лішнія вочы, лішнія рухі ўсе не адсочыш.
Лішнія думкі мазгі распіраюць – ажно сціскаюцца лішнія зубы. Лішнія мары ды летуценні дзіка даводзяць да галюцынацый.
Вось бы напружыць лішнія рукі, павырываць імі лішнія ногі! Мабыць, пасля такой працэдуры лішнія рукі і самі адсохнуць!
Лішнія людзі такога не зробяць: гэта для іх – як самазнішчэнне. Горш за ўсё лішняе прыкра і страшна страціць сваю відавую адметнасць.
Лішніх людзей развялося залішне, як і належыць у лішнім грамадстве. Але цяпер уявіце, што будзе, калі туды трапіць нехта нялішні?
* * * Мы дыфірамбы ўласным траўмам пяем – вось так наш дух жыве. Усе мы стукнутыя шлагбаумам па галаве.
Аматары высокай хуткасці, мы тармазім занадта позна. Напэўна, праўда – не ў адсутнасці маны, але ў страсенні мозгу.
Я ЧУЮ ГУКІ НІ ПРА ШТО Я чую гукі ні пра што, хоць марыў жыць паразнастайней. Я – нібы конь у паліто перад зачыненаю стайняй.
Я чую гукі ні пра што – здаюцца словы ўсе пустымі. Бы пад магільнаю плітой жывое сэрца гасне-стыне.
Я чую гукі ні пра што, ад іх хаваюся ў зацішак. Гуляць не хочацца ў лато са згубленай паловай фішак!
Я чую гукі ні пра што – усё вакол занадта проста. Хоць мог бы жыць і на ўсе сто – жыву на мінус дзевяноста.
Я чую гукі ні пра што, у кожным гуку – недарэчнасць. Чаму ж такая некаштоў- ная мая дарога ў вечнасць?
Не едуць па шашы аўто, у лесе вымерлі маньякі. Я! Чую! Гукі! Ні! Пра! Што! А вы не чуеце ніякіх…