9 лютага ў мінскім бары “ДК” адбылося ўганараванне лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Залаты апостраф»-2014.
Сёлета лаўрэатамі прэміі, якая традыцыйна адзначае найлепшыя публікацыі ў часопісе “Дзеяслоў” за год і праводзіцца ўжо ў дванаццаты раз, сталі: у паэзіі Людка Сільнова, у прозе Сяргей Дубавец, у намінацыі “Дэбют” Мікіта Найдзёнаў. Спецыяльнай прэміяй Алеся Усені за ўнёсак у развіццё сучаснай беларускай літаратуры ўганараваны Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
Імянныя нататнікі лаўрэатаў “Залатога апострафа” ад Уладзіміра Дрындрожыка
Урачыстая цырымонія была арганізаваная ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і прайшла ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”.
— Адметнасць сёлетняй прэміі ў тым, што не абвяшчалася інтэрнэт-галасаванка, і рэдакцыя “Дзеяслова” сама абірала лаўрэатаў, склаўшы адразу шорт-ліст, – распавёў Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч. — За 12 гадоў існавання “Залатога апострафа” былі ўганараваныя каля сарака чалавек. Першапачаткова было вырашана, што лаўрэатам прэміі можна станавіцца толькі адзін раз. Аднак цяпер мы бачым, наколькі цікавыя новыя творы з’яўляюцца ў нашых некалі ўжо ўзнагароджаных аўтараў, і, магчыма, з наступнага года мы памяняем правілы. Хацелася б дадаць, што адна з нашых намінацый – дэбютная – носіць імя Анатоля Сыса.
Сяргей Дубавец
Вядучы вечара, адказны сакратар часопіса “Дзеяслоў” Анатоль Івашчанка прадставіў першага намесніка старшыні СБП Алеся Пашкевіча, які абвясціў намінантаў прэміі ў галіне прозы.
Лаўрэатам стаў Сяргей Дубавец за публікацыю “Вайна і мір. Справаздача” ў № 71.
Музычную частку вечара склалі выступленні ўдзельнікаў дзеяслоўскай Анталогіі перакладаў расійскай рок-паэзіі (№ 69).
Так, гітарыст Арцём Сітнікаў, скрыпачка Вікторыя Букоўская і флейтыстка Багдана Куталоўская выканалі па-беларуску песні Барыса Грэбеншчыкова. Раман Яраш праспяваў як аўтарскую песню, так і музычную інтэрпрэтацыю па матывах гімна “Магутны Божа”. Творчасць БГ па-свойму пераасэнсавалі ў супольным выступе Анатоль Івашчанка і Уладзімір Дрындрожык.
Анатоль Вярцінскі і Леанід Галубовіч
Арцём Сітнікаў і Багдана Куталоўская
Людка Сільнова і Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч распавёў гледачам пра стварэнне самага першага нумара часопіса “Дзеяслоў” і абвесціў лаўрэата “Залатога апострафа” ў галіне паэзіі – Людку Сільнову (публікацыя ў № 69).
Паэт, перакладчык, Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, колішні лаўрэат прэміі Андрэй Хадановіч праспяваў “Арландыну” і песню Уладзіміра Высоцкага па-беларуску.
Спадар Андрэй запрасіў усіх на IV Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова з удзелам гасцей з Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Швецыі, Украіны, Польшчы, які стартуе 12 лютага. Выступоўца зачытаў свае пераклады літоўскага паэта Гінтараса Граяўскаса і ўкраінскага Сергія Жадана, якія неўзабаве прыедуць на фэст.
Андрэй Хадановіч і Анатоль Івашчанка
Сяргей Гілевіч
Спецыяльнай прэміяй Алеся Усені за вялікі ўнёсак у развіццё сучаснай беларускай літаратуры ўганараваны Ніл Гілевіч. За Ніла Сымонавіча, які па хваробе не змог прыйсці, узнагароду атрымаў яго сын Сяргей.
Мікіта Найдзёнаў і Уладзімір Някляеў
На вечарыне таксама выступілі пісьменнікі, лаўрэаты “Залатога апострафа” розных гадоў Алесь Бяляцкі, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімер Някляеў. Якраз Уладзімер Пракопавіч і абвесціў сёлетняга лаўрэата ў намінацыі “Дэбют”, паэта Мікіту Найдзёнава (апублікаваны ў № 73).
Напрыканцы імпрэзы ўсе жадаючыя змаглі атрымаць часопісы “Дзеяслоў” з аўтографамі аўтараў.
Тэкст: Віка Трэнас, фота: Алена Казлова, для lit-bel.org