Павел Ляхновіч (№68)

Павел Ляхновіч

З нататніка “серыйнага забойцы”. Зацемкі

Сезон пачаўся

Інтэрнэт познюю вясну абяцае. Сапраўды, мінулымі гадамі на разлівах насупраць Пінска апошнім тыднем лютага сотні гусей сядзелі, а сёлета ў сакавіку яшчэ мароз і снег. І разлівы напалову пад лёдам. Вада чорная, крыгі белыя. Ніколі вясна не прыходзіць гэткая ж, як летась.

Паляўнічыя – не ўсе, толькі “гусятнікі” – хвалююцца, набоі з буйным шротам робяць, пуцёўкі набываюць. Не церпіцца. Хутчэй бы сезон дазволілі.

Марознай ранічкай, зацемна яшчэ, да абалоні Стыры пад’ехалі. Замаскаваліся за дамбай на краі поля. За сцяной трыснягу, на разліве – гусіны гоман. Дзве крыжанкі крыламі празвінелі. “Кр-р-р-р-у-у!” – Журавы. Магутна і прыгожа, як арган. Яшчэ чаплі пару разоў крыкнулі. Па полі заяц пратрусіў, у хмызы ля канавы палез. На днёўку.

Гусі на світанку павінны карміцца ляцець. А замест гусей снег паваліў. І як закруціла! Гэта цыклон “Хаўер” да Беларусі дапяў.

З разліваў, манеўруючы між крыгаў, двое на надзіманцы прыплылі. Гусіны гоман – гэта яны электронны вабік уключалі. Няма гусей.

Але ж і “Хаўер”! Узімку такога не было.

Мы ўсё роўна шчаслівыя – сезон пачаўся.

 

Белыя ледаколы

Уначы мароз закаваў ваду на лугах. Рэчышча Прыпяці чыстае, а разлівы пад лёдам. Падняўся на світанку, пайшоў да хутара Рафаловічы, ён ў двух кіламетрах ад Пінска, на беразе, паміж Прыпяццю і шашой. Учора насупраць Рафаловічаў двух шыпуноў бачыў.

На месцы мае знаёмцы! Цяжкія птушкі, мажныя. Залазяць на лёд і ламаюць. Такім чынам маленькую палонку захавалі. На рэчышчы не пакормішся, глыбока, а тут перакульваюцца, галовы пад ваду, нешта ж там есці знаходзяць, ледаколы!

 

Першыя гусі

Сонечна. Раніцою было мінус трынаццаць, а ў поўдзень з дахаў пацякло. Паехалі на разведку.

За трыста метраў ад дарогі, уздоўж канавы на белым снезе – здаецца, зусім чорныя – гусі. Я лічыў, лічыў, далічыў да васьмідзесяці і кінуў. Вочы ад белага і ад сонца заплакалі.

Генадзь, не адрываючыся ад бінокля, шэпча сцішаным голасам:

– Гусі! Гусі!

І не заўважае, што шэпча.

 

Беларусь – маленькая?

Сакавік ужо праз палову пераваліў, у Пінску ручаі звіняць, Піна і Прыпяць ад лёду ачысціліся. Шпакі, кнігаўкі, чаплі прыляцелі. І тут давялося на пару гадзінаў у Полацак з’ездзіць. На Дзвіне – лёд, і на лёдзе рыбакі над лункамі схіліліся. І вясной зусім не пахне. Хто сказаў, што Беларусь – маленькая?

 

Адрэналін

Сядзім у снежным акопе, апранутыя ў белае. Вясна такая, што па-зімоваму даводзіцца апранацца. Перад намі на белым полі – гусіныя профілі з фанеры. Сам выразаў, сам размалёўваў. Невядома, як іх сапраўдныя гусі ўспрымаюць, а паляўнічыя пару разоў да маіх “дурылак” паўзлі. От я тады павесяліўся!

Ужо чатыры гадзіны сядзім, а гусі не лятуць. Мне сумна, і я забаўляюся – дзьму ў дудачкі-вабікі, выдзімаю гусіныя галасы. “Гак-гак-гак!” – гэта шэрая гусь. Вабік драўляны, мне яго сябра падараваў. “Кг-г-і-і, га-га-га” – гуменнік, вабік у краме набыў. Доўга выбіраў, ажно крамнік ужо нервавацца пачаў. Неблагі, здаецца, выбраў. А вось гэты, з латуннай гільзы, на белалобага – сам змайстраваў. Ён мне больш за астатнія падабаецца – “Вуль-вуль! Вуль-вуль! Вуль-вуль-вуль!”

“Гак-гак-гак!” – гэта не я, гэта гусак. Напарнік у акопе прысеў, шыпіць на мяне. Кручу галавою, і вось: самотнік панізу сцелецца. Лапы-“шасі” выпусціў, садзіцца будзе. Выцэльваю, страляю – гусь кідаецца ўбок, назад! – зноў выцэльваю, страляю – паляцеў! Эх, мазіла!

– Чаму ты не страляў? – пытаюся ў Генадзя.

– Дык ты ж узмаліўся: “Генік! Генік! Я – першы! Я – першы!” Ды так жаласна!

А я не памятаю…

 

На разліве

Падняліся рана-рана. Ехалі праз туман. Яго, здаецца, можна мацаць – такі густы. Алесь, кіроўца, галаву ў вакно высоўваў, быццам так яму лепей відно. У Фядорах егера забралі, а ён нам з Алесем падсадных качак даў. У маленькіх кошыках з дзверкамі.

За Фядорамі кіламетры са два дамбай ехалі, потым пехатой ішлі. Світае, і туман яшчэ гусцейшы здаецца. На чорнага бусла наткнуліся. Узмахнуў крыламі і растаў, як прывід.

Бярэзнік міналі, пад кожнай бярозай пластыкавыя бутэлькі. Калгас бярозавік нарыхтоўвае. Большасць бутэлек ужо поўныя, і сок на зямлю цячэ. Напіліся. Нічога асаблівага, вада і вада. Можа, саладкаватая крыху. Вось каб мёду дадаць ды вытрымаць колькі дзён… Боскі напой атрымліваецца.

Разліў, і навокал кусты. Шалаш ля вады. Я застаўся, Алесь з егерам далей пайшлі.

Качку з кошыка на ваду высадзіў. У падсадной ужо шнур за нагу прывязаны, за “нагаўку” – скураную пятлю. Другі канец шнура я за палку прывязаў і палку ў дно разліва ўткнуў.

Сяджу ў шалашы на раскладным зэдліку, слухаю. “Та-а-к! Та-а-к! Та-а-к! Та-а-к!” – безупынна крычыць падсадная сіплаватым голасам. Гэта “квачка”. Качарам сігналіць – “Тут я! Тут я!” “Фі-фі-фі-фі…Сві-й-у-у! Сві-й-у-у!” – свіязі праляцелі. На маю падсадную не зрэагавалі. І добра. Апошнія гады вясною толькі на крыжня дазволена паляваць, астатнія качкі пад забаронай.

“Луп-п-луп-п-луп-п-шух-шух-шух-шух-х…” – лебядзь недзе недалёка па вадзе разганяецца і ўзлятае.

“Ляп-ляп-ляп-ляп-ляп-ляп-ляп!…” – бусел дзюбай трашчыць. Чамусьці ў кніжках гэты сухі пошчак “клёкатам” часта называюць. Ніякі не клёкат, стук дробны.

“І-і-г-гі-і! І-і-г-гі-і” – жаласна. Гэта кнігаўка.

Падсадная крычаць перастала, натапырылася, галавою круціць. “Плюх-плюх-плюх… – крокі па вадзе. – Плюх… Плюх… Плюх…” Каго гэта носіць? Хто паляваць перашкаджае?

Ого! Бачу ў прасветах паміж галінкамі шалаша – лось з-за хмызоў выйшаў. Вада яму ледзьве да сярэдзіны галёнкі дастае. Пройдзе пару крокаў, спыніцца. Вушамі стрыжэ, слухае, прынюхваецца. Ай, як шкада, што фотаапарат сёння забыўся ўзяць! Ужо зусім светла. І туман знік. За ласём неба на даляглядзе залацістае, вось-вось сонца ўстане. Хвацкія маглі б здымкі быць!

За спінаю недзе недалёка цецярук забалбатаў.

Гусі загаманілі. Высока ідуць. Вялізны клін, штук мо пяцьдзясят-семдзесят. Апошнія. Валавы пралёт тыдні два таму адбыўся, усё неба ў гусях было.

“Та-а-к! Та-а-к!” – крычыць мая качка. “Бу-бу-бу-бу…” – глуха балбоча цецярук. “Цок! Цок!” – металічна азываецца ў трыснягу чаротніца. “Та-а-та-та-та-та!” – раптам мяняе мелодыю падсадная. – “Та-а-та-та-та-та!”. Гэта “асад”, недзе качара паблізу заўважыла…

“Ж-ж-ж! Ж-ж-ж! Ж-ж-ж!” – ціхае “жваканне”. Крыжань! Праз шчыліны ў шалашовай сцяне шукаю яго на фоне блакіту. Кружыць наводдаль. “Та-а-та-та-та-та!” – надрываецца падсадная. “Ж-ж-ж! Ж-ж-ж! Ж-ж-ж!” – адказвае качар. Хутка да яго далучаецца другі. Што ж вы не ляціце да распаленай жарсцю падсадной? Яна ажно крыламі па вадзе б’е! Што круціцеся на адлегласці?

“Тах!” – гучыць далекавата стрэл. Потым яшчэ – “Тах!” – і кавалеры знікаюць. Другі стрэл – значыць, дабівалі падранка. Алесь, ці егер ужо з трафеем. Мне зайздрасна. Ну што за качары? Чаму не кідаюцца навыперадкі да маёй падсадной?

У тым баку, куды пайшлі Алесь з егерам, зрэдку гучаць стрэлы. Час палявання няўмольна падыходзіць да канца.

Усё. Выбіраюся з шалаша, падцягваю за шнур падсадную. Яна крычыць і спалохана б’ецца. Заціхае толькі ў кошыку.

За сотню метраў ад майго шалаша чалавек рэжа лазу. А каб ты здаровы быў!

 

Качары не пацярпелі

Світае. Тут, у абалоне Піны ўлетку калгасныя палеткі, а цяпер усё заліта вадою. Хоць Піну і заціснулі з абодвух берагоў дамбамі, вясеннія высокія воды амаль штогод знаходзяць сабе шчыліну.

Сяджу ля ўрэзу вады, абкружыўшыся камуфляжнай сеткай, развешанай на палках-крывулях. Мая схованка недарэчна выдзяляецца на голым беразе разліву, але я спадзяюся, што качкі усё ж прымуць яе за куст ракіты.

На вадзе плаваюць дзясятак качыных муляжоў. Прамысловай вытворчасці пластыкавыя “крыжанкі”(вельмі падобныя да сапраўдных), гумовыя “чыркі” (зусім не падобныя, хоць таксама фабрычныя), і “ныркі” з пенапласту. Пенапластавыя я сам змайстраваў зімовымі вечарамі. Пару вёснаў ужо, як на ўсіх качак, апрача крыжняў, паляваць забаранілі, але я па-ранейшаму выстаўляю на ваду ўвесь свой “пташнік” – не зашкодзіць.

За спінаю, на ўсходзе высозная труба пінскай ТЭЦ. Неба за трубою чырвонае. Зараз сонца выкаціцца. Каб не сляпіла, сеў тварам на захад. Перада мною цэлае возера. З вады тарчаць роўныя лініі хмызоў. Яны растуць уздоўж меліярацыйных канаваў. Канавы цалкам пад вадою, і толькі хмызы іх выдаюць.

Бліжэй да Піны, там дзе нябачная зараз старыца – сцяна трыснягу. За трыснягом крычаць металічнымі галасамі і ляпаюць крыламі па вадзе лысухі.

Радасна мне! Люблю слухаць вясну. За Пінай у хвойніку вяхір бурчыць страшным голасам. У небе чароды свіязяў свішчуць. З трэскам чыркі-траскункі носяцца за самкай. Штук, можа, дзесяць за адной. Кнігаўкі канькаюць. Груган спявае. Ягоны спеў крыштальна-пяшчотны, як звон вясенняга ручая пад лёдам, як удар струменьчыка віна па сценцы крышталёвага келіха. І адначасова пілатажныя фігуры – на спіну перакульваецца, і так ляціць некалькі секундаў – дагары нагамі.

Жабы на розныя галасы крумкочуць. Ёсць такія, што як пеўчыя птушкі ціўкаюць.

Зямлёю пахне.

Сонца ўзышло. У аддаленні – яркія белыя плямы. Бяру бінокль – лебядзі-шыпуны. Чатыры пары.

Буслы па беразе ходзяць. Відаць, пералёт з выраю цяжкі быў – брудныя, пашкамутаныя. Нічога, хутка пераліняюць, у свежае апрануцца.

Крачкі на маю схованку наляцелі. Увагі не звярнулі, значыць, працуе мая сетка-схованка, іначай бы ўбок шугануліся.

Два ўдоды у трох метрах селі. Корпаюцца ў леташняй траве, хахлы-вееры распускаюць-складаюць. Першы раз іх так блізка бачу. Незвычайныя, быццам не беларускія птахі, а аднекуль з тропікаў.

Звер па разліве ў мой бок плыве. Андатра? Бабёр? Хутка плыве, ажно хваля-“вусы” па вадзе. Выходзіць. Выдра! Удодаў як ветрам здзьмула. Ходзіць па беразе, прынюхваецца. У ваду вярнулася, нырнула.

Перыферыйным зрокам улаўліваю нешта рухомае ўгары. Гусь, шэрая! Эх, праспаў, варона! Проста над скрадком праляцела. Відаць мясцовая, бо пралёт ужо тыдні са два, як скончыўся. Яны за Прыпяццю насупраць Хойна некалькі гадоў запар гняздзяцца. Як там заказнік утварылі, людзі рэдка сталі наведвац­ца, так і загняздзіліся. Можа, і добра, што праспаў? Хай пладзяцца.

Нешта не лятуць да маіх падманкаў качары… Дзьму ў вабік, імітую “квачку” крыжанкі. Дзьму, раблю перапынкі, дзьму. Пераваліўшы кусты, побач падае на ваду чырок і пачынае трашчаць. Дурны, няўжо не чуеш – тут крыжняў клічуць! Патрашчаў пару хвілінаў і паляцеў.

З шумам праносяцца два качары, рэзкі паварот на крыло са зніжэннем, плюхаюцца пасярод майго пластыкава-пенапластава-гумовага статку. Трывожна круцяць галовамі і працягла свішчуць. Чырвонагаловыя чарняці. А і прыгожыя ж! Галава і шыя цаглянага колеру, тулава светла-шэрае. Але ж дазвол толькі на крыжня…

Хутка разабраліся, што да чаго – і на крыло.

Сяджу, дзьму… Ажно галава забалела. Цікава, чаму пакуль сезон на качараў не пачнецца, пакуль толькі на гусей дазволена, крыжні цэлымі табунамі амаль на галаву садзяцца, а як сезон – дык яны нібыта ведаюць? З таго ж дня знікаюць.

Метры за тры, разам з рэзкім гукам, уздымаючы фантаны, хвошчуць па вадзе стрэлы. Ускокваю. Злева-ззаду, з-за дамбы, вырастае згорбленая постаць у камуфляжы. З дубальтоўкай. Я нешта спалохана і злосна крычу, а “камуфляжнік” – відаць ад сораму – кідаецца прэч і, як крэйсер гонячы хвалю, шпарка шыбуе па разліве. Трапляе ў нябачную пад вадою яму, правальваецца па грудзі, але не спыняецца.

Збіраю муляжы. У пластыкавай “крыжанцы”, як у дзіцячай бразготцы, грыміць шрот.

 

Зачараваны скарб

Пакінуў зяця ў шалашы прывабліваць качараў, хай прывучаецца паляваць самастойна. З плёначным “Фотаснайперам” швэндаюся – можа, што цікавае на вочы трапіць.

Уначы было прахалодна, раса выпала. На павуцінні вадзяныя шарыкі ланцужком. Сонца ўстала, і расінкі на павуковых сетках загарэліся. І гэта ўжо не павучынне, а нібыта дыямантавае калье. Наводжу фокус – з размытым заднім планам “калье” яшчэ прыгажэйшае. Пстрыкаю затворам, мяняю вытрымкі, дыяфрагмы, пстрыкаю… Сквапнічаю. У мяне залатая ліхаманка, я ў пячоры Аладзіна. Пакуль хапае плёнкі – пстрыкаю!

…Калі плёнку праяўляў, пераблытаў фіксаж з праяўнікам. Эх!..

 

Ласіная сталоўка

Толькі-толькі снег сышоў. Мы з Аляксеем у вандроўку выбраліся па вясеннім лесе. Ад Вялікай Вулькі да Ізіна. Прабіраліся ляснымі дарогамі, сцежкамі, абыходзілі нізкія месцы з вадою. Фатаграфавалі пралескі, мурашоў, вавёрку, дзікоў. На павалены асіннік натрапілі. Летась ураган прайшоўся. Астатнія дрэвы вытрымалі, а асіннік лёг. Лес яшчэ празрысты, мы яго здалёк заўважылі па белых ствалах, спачатку думалі – бярозы. А гэта за зіму ласі ўсю кару з паваленых асінаў аб’елі. Начыста! Тут іхняя сталовая была. Уся зямля капытамі збіта і ласінымі “арэшкамі” ўсыпана.

 

Уратаваў

Мы ехалі па дамбе сярод палескіх палеткаў-“картаў”, і Віктар, самы зоркі з нас (газету чытае, паклаўшы на падлогу, а росту мае метр дзевяноста два), закрычаў, што бачыць на полі чараду гусей.

Гусіны пралёт скончыўся тыдні два таму, і мы не паверылі. А Віцька лаяўся і абзываў нас сляпымі кратамі. Прыйшлося спыніць машыну і дастаць біноклі. Сапраўды – метраў за семсот на тарфяным полі, дзе летась кукуруза расла, штук пяцьдзясят гусей. Большая частка корміцца, некаторыя спяць, заклаўшы галовы пад крыло, а чатыры па краях статку, на водшыбе, шыі выцягнулі ўгору. Варта. Але ж і зайздросны зрок у Віці! На чорным полі амаль чорных гусей заўважыць! Каб не белыя падхвосці, дык і ў бінокль не надта разгледзіш, а ён іх без оптыкі…

Поле раўнюткае, без аніводнага кусточка, па перыметры меліярацыйныя канавы. Вады ў канавах сантыметраў сорак ніжэй берагу. Мне захацелася падабрацца і гусака здабыць. Чым мацней адгаворвалі, тым больш карцела.

Прыкінуў: гусі ад бліжэйшай канавы метраў за семдзесят. Калі канавай падпаўзці, дык буйным шротам можна дастаць. Напхаў у магазін маёй “эмцэшкі” набояў з чатырма нулямі, халявы ботаў адкасаў і папоўз. Злева вада ў канаве, а я сарака сантыметрамі берага прыкрываюся.

Зямля вільготная, на першых дзесяці метрах ужо мокры і перапэцканы ў торф. Патранташ на поясе перашкаджае. Падумаў – у стрэльбе пяць набояў, навошта патранташ? – і скінуў. Як гуся здабуду, забяру.

Сярэдзіна красавіка, сонца ўжо прыпякае. Метраў праз сто скінуў хустку-бандану. Дарэмна, бо без яе пот стаў вочы заліваць. Але не вяртацца ж.

Яшчэ сотню метраў прапоўз. Далоні ў торфе, стрэльба ў торфе, пра воп­ратку казаў ужо. Не забіць бы торфам рулю. Выглянуў – гусей ужо без бінокля бачна. Пакінуў бінокль.

Да чаго ж цяжкі занятак – падпаўзаць! Дыханне збілася, пот градам. Спыніўся, адпачыў крыху. Назад глянуў – здаецца, паўдарогі ўжо прапоўз. Сябры мае з машыны павылазілі, ў біноклі за мной сочаць. Куртку скінуў – у мяне пад ёю кашуля колеру хакі. Можа, крыху прахалодней стане.

Як жа павольна я рухаюся! Па канаве пайсці? А што – зайду ў канаву, сагнуся, каб з-за берага не вытыркацца – так хутчэй павінна быць! І, можа, лягчэй?

Спаўзаю ў ваду і адразу чэрпаю ботамі – глыбіня ля самага берага амаль па пояс. А-а! Хай! Сагнуўшыся, брыду. Спачатку камянее, а потым пачынае балець паясніца. Чым далей, тым больш невыносна. Уяўляю сябе разведчыкам і снайперам адначасова. Я падкрадваюся за “языком”. Або мяняю пазіцыю, снайперскую “лёжку”.

На суседняй “карце” некалькі сотняў крачак. Пакуль поўз, сядзелі параўнальна ціха, поркаліся ў раллі, а як пайшоў па вадзе – гвалт паднялі. Гусі ўстрывожыліся, пазадзіралі галовы. Няўжо злятуць? Зусім няшмат засталося падбірацца. Выпаўз зноў на бераг, паляжаў нерухома. Крачкі супакоіліся крыху. Гусі зноў пасвіцца пачалі. Толькі зараз “вартаўнікоў” не чатыры, а бадай палова статку – стаяць з выцягнутымі шыямі. Папоўз.

Ну вось. Бліжэй ужо не будзе. Правяраю, ці не забіта руля зямлёю, прыўзнімаю галаву над грудамі торфу, прасоўваю стрэльбу, здымаю з засцерагальніка.

Проста перад руляй быццам пушчаны з рагаткі зрываецца і, загразаючы ў вільготным тарфяніку, мільгае белымі “штанамі” шарак. Праз лужыны, у пырсках прэ на гусей. “Га-га-га!! Ж-ж-жу-х-х!” – і праз імгненне яны недасяжныя.

Па беразе канавы мой след – быццам бервяно правалаклі. Збіраю раскіданыя рэчы. Ля машыны спаборнічаюць у дасціпнасці мае сябры. Вось за што я іх люблю, дык гэта за спагаду!

 

Упала-прапала

Прыехаў на Стыр. Тут увесну імчала паводка, запоўніла ўсю абалонь, а я ў гумовым камбезе, па пояс у вадзе дабіраўся да выспачкі. Хацеў там зрабіць шалаш-схованку, паляваць з яго на гусей і качараў. І згубіў нож, падарунак сяброў. Прычапіў нож да шлейкі камбеза, а яна развязалася. Пахла лазой, нераставалі шчупакі, за бліжнімі хмызамі гаманіў качыны базар – я і не заўважыў, як ён булькнуў.

Зараз тут пахне аерам і балотнай мятай, чмялі гундзяць. І трава вырасла – вышэй, чым тады вада была – па грудзі. Дзе ты што знойдзеш!

 

Чорны з падпалам

З Алесем, заводчыкам вельштэр’ераў, мы ішлі палявой дарогай да засідкі, збіраліся паляваць на дзікоў, а дарогу шпарка перабягаў вялізны калматы вусень. Зверху яго футра было чорнае, а ніжэй – рыжавата-карычневае. Наш цень упаў на вусеня, і ён замёр. “Глянь. – Сказаў Алесь. – У яго масць, як у вельша. Чорны чапрак з падпалам”.

 

Дабраслаўленне

Шаснаццатага ліпеня мы ішлі на вельбоце “Сакавік 25” з Пінска ўніз па Прыпяці, падыходзілі на вусця Стыры, а ў небе недзе над Гальцамі павольна і паважна круціўся тарнада з буслоў. Іх было – тысячы! Раскінуўшы крылы, карагодам усплывалі яны ў блакіце, пакуль не ператвараліся ў ледзьве бачныя крэсачкі. І адтуль, з вышыні, слізгалі, як з гары, у накірунку поўдня.

Уладзімер Арлоў, той самы, з тварам ляснога разбойніка, закінуўшы галаву, цікаваў за імі, і твар яго мякчэў, і на ім праступіла душа дзіцяці. Калі ўсе буслы нарэшце заслізнулі за далягляд, сказаў з уздыхам:

– А крылы ў іх не белыя… Чорнага больш. Але назва “Зямля пад чорнымі крыламі” была б як вырак. А ён дабраслаўляў…

Наша вандроўка была прысвечана памяці Караткевіча.

 

Лясны голас

Мы палявалі на дзікоў, і паспрачаліся з Генадзем за месца – “нумар”. Нават не, ніякай спрэчкі не было. Проста – я адчуў жаданне спрачацца.

Бабіна лета, цёпла, пад нагамі лістота грыміць, нібыта жалезны дах. Ідзем адзін за адным, я крыху ўперадзе Генадзя. Наляцеў караценькі ветрык, варухнуў дрэвы, і недзе злева ўгары скрыпнула чалавечым голасам. Тоненькім такім чалавечым голасам. Так бывае – выраслі дрэвы, шчыльна прыціснуўшыся адно да другога, і ў вецер пачынаюць церціся, і тады разносіцца скрыпенне…

…Уверсе скрыпнула, і зусім яскрава пачуліся словы: “Стань тут!” І я спыніўся, паслухаўся ляснога голасу, і пачаў разграбаць лістоту пад нагамі, ачышчаць ад іх пляцоўку, каб у час загонкі не шумнуць, пераступаючы з нагі на нагу. Тут мяне нагнаў Генадзь і, зрабіўшы ўмольны твар, папрасіў: “Пусці мяне тут стаяць… Я здалёк гэтае месца загадаў… Га? Ну пусці…” І так глядзеў на мяне, так благальна, што я адразу здаўся. Так што ніякай спрэчкі не было, гэта я дарэмна ў пачатку пра спрэчку… Хоць унутрана я быў гатовы. Але стрымаўся і пайшоў далей, і стаў на наступным, метраў праз сто.

Хто бываў на загонных паляваннях, ведае, як гэта “адрэналініста” – стаяць на стралковым нумары, слухаць, глядзець, чакаць выхаду звера і спадзявацца, што выйдзе ён абавязкова на цябе.

Далёка-далёка, ледзьве чутны, гучыць сігнал паляўнічага горна, і адразу за ім пачынаюцца крыкі загоншчыкаў. Стрэльба ў руках, слых, зрок напружаныя, гук падаючага лістка здаецца громам нябесным.

Крыкі ўсё бліжай, і тут чуеш: “Чу-чу-хх! Чу-чу-хх!” – нешта вялікае рухаецца па сухой лістоце.

І гэта такое задавальненне – пачуць рух звера, потым пабачыць ягоны цёмна-шэры, амаль чорны бок і выставіць насутрач рулю стрэльбы!..

…Я спыніўся метраў праз сто ад Генадзя, памахаў яму, дачакаўся махання ў адказ – упэўніўся, што ён ведае, дзе я стаю…

Весела крычалі загоншчыкі, весела курлыкнулі ў небе познія журавы, ім адазваўся гоманам гусіны клін. Краем вока ўбачыў я, як заварушыўся Генадзь, падняў стрэльбу і доўга стаяў так – прыклаўшыся, у драпежнай, напятай паставе. Востры, як страла.

А я быў зусім побач і зайздросціў. І ўсё яшчэ спадзяваўся.

 

Вясна-лета

…Зацемна яшчэ прыехалі. Прыхавалі аўто за хмызамі, нагрузіліся рознымі патрэбнымі рэчамі – фанернымі профілямі, пластыкавымі муляжамі, мешкавінай, стрэльбамі, набоямі, складнымі зэдлікамі. Ідзем на азімае поле. Ранняя вясна, гусі з выраю вяртаюцца. Зараз расставім нашыя профілі і муляжы, схаваемся за мешкавінныя шторы і будзем у дудкі-вабікі дзьмуць, гусей клікаць.

Збоку поля канава, а за канавай дзік стаіць. Цёмна яшчэ, але падпусціў метраў на дзесяць, а сам на фоне снежнай плямы – снег яшчэ не ўвесь сышоў – як на карціне. Вялізны! Мы спыніліся, і ён не вытрымаў. Вухнуў і стартануў, ажно пырскі з-пад капытоў. І знік у ранішнім змроку.

А гусі тым разам да нас не падляцелі. Не паверылі ні фанеры, ні пластыку, ні дудкам-вабікам…

 

***

Другая палова лета. Сяджу ля кукурузнай плантацыі на краі зжатага ўжо жытнёвага поля, чакаю выхаду дзікоў з лесу. Кожны вечар прыходзяць карміцца ў кукурузу.

Сонца за дрэвы закочваецца. Камары шалець пачынаюць.

На мне класная маскіроўка – “кікімара” з мачалы. Сядзеш ў жухлую траву ці іржышча – з трох крокаў ніхто не заўважыць!

Над Прыпяццю ў небе цёмная палоска. Перамяшчаецца, і праз хвіліну ператвараецца ў рухавы ланцужок. Чарада шэрых гусей, штук восемдзесят. Яны ўжо гадоў пяць, як у заказніку Прастыр загняздзіліся. Тут, у ланцугу, і старыя, і маладыя. Таксама карміцца лятуць.

Увесь абшар запаўняецца басістай і гартаннай гусінай гутаркай. Я забываю­ся пра дзікоў – нішто так не хвалюе маё сэрца, як гэты гусіны гоман.

Гусі робяць пару кругоў над “маім” іржышчам, потым ланцуг ламаецца, клубіцца, і падае проста перада мной, метрах за трыццаць. Я баюся варухнуцца, баюся дыхаць, баюся адганяць камароў – толькі б не сагнаць птахаў! Толькі б наглядзецца!

…“Гак-гак!” – і з грамавым шумам усе ў паветры.

А дзікі тым разам не выйшлі. І “кікімара” не дапамагла…

 

Сойчына памяць

Напярэдадні раптоўна пацяплела і два дні запар ішоў дождж. Ён змыў увесь снег, агаліў зямлю. А пасля дажджоў падмарозіла.

Мы з Рэем прайшліся ўздож Прыпяці, абшукваючы прыбярэжныя “джунглі”.

Праз некалькі гадзінаў бясплённых спробаў падняць зайца я стаміўся і прысеў на пянёк адпачыць. Сядзеў, паклаўшы стрэльбу на калені, і слухаў, як непадалёку з моцным шоргатам па мерзлай лістоце лазіць Рэй, і думаў, што хутчэй за ўсё зайцы палохаюцца ўласнага шоргату пад нагамі і таму не ляглі на днёўку ў зарасніках.

З крыкам прыляцела сойка і села побач са мной на сук. Нахіляючы галаву то так, то гэтак, з недаверам узіралася, але я не варушыўся, і сойка, відаць, вырашыла, што перад ёю бяспечны пень. Зляцела на зямлю, зноў пакрычала і пачала адрываць ад замерзлай лясной падсцілкі лісткі і адкідваць убок. А потым выцягнула з-пад лістоты жолуд, узляцела на дрэва і стала яго раздзёўбваць. Жолуд ляжаў на невялікай палянцы і побач не было дубоў. Значыць, сойка скарысталася ўласнай схованкай.

Калі хочуць падкрэсліць слабую памяць, кажуць – “курыная”. Не ведаю, як там у курэй, а сойчына мяне ўразіла.

 


Апублікавана

у