Дарагія, шаноўныя, любімыя нашыя чытачы!
Гэтым нумарам “Дзеяслоў” развітваецца з вамі. Далей як часопіс ён не будзе выходзіць. Такая сусветная тэндэнцыя, што літаратурныя і ўвогуле друкаваныя выданні, пачаўшы свой шлях адныя сотні, а іншыя дзясяткі гадоў таму, цяпер саступаюць месца выданням электронным. Хоць у нашым выпадку асноўная прычына іншая і, мяркуем, абсалютна зразумелая і вядомая вам…
Больш за 20 гадоў “Дзеяслоў” штодвамесяцы, не зважаючы на праблемы і перашкоды, якіх было нямала ў наш няпросты час, выходзіў бесперапынна і радаваў вас (шчыра верым у гэта) новымі творамі сучасных беларускіх (і не толькі) паэтаў і празаікаў, публіцыстаў і эсэістаў, крытыкаў і перакладчыкаў… Усе свае абяцанні, пра якія было заяўлена ў першым нумары, мы выканалі: з нумара ў нумар друкавалі ўсё лепшае, што стваралася і з’яўлялася ў нашай літаратуры, побач з класікамі публікавалі тэксты пачаткоўцаў-дэбютантаў, стараліся не забываць і пра культурнае жыццё краіны ўвогуле – пра выяўленчае мастацтва, тэатр, кіно, гісторыю Беларусі.
Падборка са 127 нумароў часопіса без перабольшвання – сапраўдная анталогія сучаснай беларускай літаратуры, якая пачэсна займае месца не толькі на паліцах бібліятэк, але і ў кватэрах многіх беларусаў. Рыхтуючы гэты, апошні, нумар, мы думалі проста паўтарыць першы, каб даказаць, што сапраўдная літаратура, як і добрае віно, з гадамі не старэе, а толькі робіцца лепшай. Але ўрэшце вырашылі зрабіць звычайны – чарговы, а не апошні – нумар, каб мець надзею на працяг.
Таму, развітваючыся, кажам: да новай сустрэчы!
Вашыя дзеяслоўцы
Сувязь з намі
E-mail: [email protected]
Нашая суполка на фэйсбуку: https://facebook.com/dziejaslou