Шляхам бульбы
* * *
Каб воз ягоны перакуліўся
І галава пайшла пехатой! —
Праклён цыганскі.
А мне ўявіўся
Цыган бясхаты, пракляты
Той,
Што спанталычыўся недзе ў полі
Ці ў таўстарэбрай пушчы глухой.
Разбіла лоб валачобніца воля,
Як яйка, што ўпала
На дол пухой.
А галава пехатой пачасала,
Бо з’ехала з глузду,
Як з гаці воз.
У кублах плача ад солі сала.
З сябе смяецца цыганскі лёс.
* * *
Два-тры сонцы дай мне, Божа,
Два-тры дай дажджы, Магута,
Каб растаў на схіле снег,
Каб я свой шацёр прыгожа
Мог паставіць,
Каб пачута
Сон прыходзіў на начлег.
Каб нарэзаў тры-чатыры
Грабянцы не ад раскошы
І прадаць усе паспеў.
Памажы мне, Божа шчыры,
Новыя ўкішэніць грошы,
Бо старыя я праеў.
* * *
Ля дунайскай сярэдзіны
Жонка сэрца звярэдзіла,
Густа косы распушыла,
Слязьмі вочы прыгушыла.
Плача бедная таму ж,
Што памёр каханы муж.
Плача ўсё, ды не таму ж,
Што памёр каханы муж,
У слязах плыве, нябога,
Дзе б знайсці сабе другога?
* * *
Гара ўнізе, гара ўверсе,
Яшчэ ўнізе горка.
Хлопец коні вараных
Мые халадзёнкай.
Каля студні маладая
Праходзіць дзяўчына.
— Дай, дзяўчына,
Дай вады мне, —
Кажа ёй хлапчына.
— Слугаваць такі не стану
Я табе як мужу.
Сам цягні ваду са студні
А глыбокай дужа.
— Не хачу вады са студні,
З рук тваіх хачу я.
Заўтра слаць сватоў гатоў я,
Сватаюць маладую!
* * *
Хай дасць мне Божа добрую ноч,
Прывёў дадому я прыгажуху.
Ды не таму, што кахаю, прывёў,
Раней быў бедны ды слухаў скруху.
Ой, як мне, мама,
Дзвюх жонак мець,
Ад радасці, як ад бяды, ачомацца?
Адну варажыць у вёску пашлю,
З другой віно буду піць у карчомцы.
Прывучаны коні, мама, мае —
Лягчэй галодныя носяць збрую,
Спыняюцца каля кожнай карчмы,
Пакуль жа п’ю я кварту-другую.
* * *
Сядзіць мядзведзь на ланцугу,
Глядзець, мой бацька, не магу
Я на галоднага актора.
Апошні раз ён еў учора.
Ці, бацька, дай яму харчы,
Ці дай ад голаду ўцячы!
* * *
— Ад голаду я сёння млею,
Адно што сербануў алею,
Ды ў ім каб пах цыбулі той.
Без жонкі стаў я сіратой.
— Ад голаду мне блага стала,
Адно што супу паспытала.
Без солі суп не есца дужа.
Асірацела я без мужа.
* * *
Запрасілі на вяселле,
Нумай шчэ, нумай шчэ.
І пілі, і перац елі,
І яшчэ, і яшчэ.
Перац сох на жэрдках смагла,
Нумай шчэ, нумай шчэ.
У гаршчэчках бульба смягла,
І яшчэ, і яшчэ.
Покуль еў я скваркі й кашу,
Нумай шчэ, нумай шчэ,
Дзюрка звёў дзяўчыну нашу.
І ўцячэ, і ўцячэ!
* * *
— Хто такі, прызнайся, Мімі,
Быў пад вокнамі тваімі?
— Не каханак-шавяла,
Гэта кошачка была.
— Лепей, жонка, не брашы.
Кошачка ў капелюшы?
Зараз лопну ад смяхоты —
На нагах у кошкі боты?
— Не чашы мне пугай спінку.
Каб я высахла ў лісцінку,
Каб не ўбачыла святла,
Гэта кошачка была!
Муж мой, ці ж мая віна,
Што ў цябе я не адна!
ШЛЯХАМ БУЛЬБЫ
Паспела бульба спешка
І ахапіла спешка
Паспець
Капаць і звесці,
Драць, гатаваць
І з’есці.
На плечы ўзяць
Хагуль бы
І рушыць
Шляхам бульбы.
Старацца
Ў гэтым
Жыць жыцці:
Дзе ні пасадзяць —
Узыйсці!
12.ХІІ.2012
НЕ ЎСЁ…
Цыганка,
Паваражы.
Хто кватараваць будзе
У гэтай будзе,
Скажы.
Цыганка,
Паваражы.
Коні бяссоння
На ўсім разгоне
Парвуць гужы.
Замовай
Не новай
Наноў завяжы.
Цыганка,
Паваражы.
У цёплым хлудзе,
У беспрабуддзі
Спіць страх
На мяжы.
Дай выспацца ліху,
Ступай паціху
Па карчоўю,
Па дуддзі!
Не-
раз-
бу-
дзі…
16.VІІІ.2013
* * *
А трэба няшмат,
Каб душой наталіцца:
Акрайчык блакіту,
Глыток навальніцы…
Усю падборку Рыгора Барадуліна чытайце ў свежым “Дзеяслове”.