Паноптыкум
У імкненні да ідэалу,
Добраахвотна прызнаўшыся,
Вязнік-назіральнік
Ідэальнай турмы
Ва ўзнагароду
За ўсе правіны
П’ю асалоду
Канчатковай бязвольнасці
Кожнага руху.
У імкненні да ідэалу,
Добраахвотна з’явіўшыся,
Праз люстраныя дзверы
Камер
Сузіраю калекцыю
Дзіўных экспанатаў-братоў…
Мой ідэальны
Наглядчык
Без напружання,
З асалодай
Назірае
Кожнае дзеянне.
Чарговыя ўцёкі –
Не больш,
Чым частка пакарання.
У імкненні да ідэалу
Добраахвотны
Наведвальнік-вязень
Турмы-музея.
* * *
Няспынныя спрэчкі бясконцых праспектаў
Тут не затым, каб скончыцца.
Не дадуць мне ўмяшацца – сочыць нехта,
Калі раптам вельмі захочацца.
Паштурхаць, пахіснуцца, легчы пластам
І, як лёд, растаць пад падэшвамі.
Сочыць няштатных анёлаў птаства
З падваконняў, муроў, пад застрэшкамі.
З вежаў, байніцаў касцёлаў, цэркваў…
Добра ім – толькі ў Бога кормяцца.
Ды кідаюць на вернікаў смецце й перкі,
Пакуль тыя, сляпыя, моляцца.
Між сабою штурхаюцца ледзь прыкметна,
Пакуль нехта балюча выціне…
Аднаполыя спрэчкі няспынных праспектаў
Не народзяць ніколі ісціны.
* * *
Чарговы сон не можа вечна доўжыцца –
І вылятае ў комін гарадскі…
Я мару канчаткова ўжо здарожыцца,
Каб страціць сілы бегчы ні за кім.
Прэч ад сябе ды мулкімі завулкамі,
Расхлюпваючы пыл на хадакоў..
Прэч ад гасцінцу – мутнымі навукамі
Зацягнуты ўсе знакі навакол
Хапае спрыту біцца ды размножыцца,
З праклёнам падаць ніц перад нікім…
Чарговы сон не можа вечна доўжыцца –
І вылятае ў комін гарадскі…
* * *
Большасць прозы ў дождж замарозілі,
А прыватны сектар не ў модзе.
А паэзію – пад бульдозеры,
Археолаг хай бедны знойдзе.
Што палову жыцця ўжо ў пошуку
Запаветных сваіх сенсацый.
Вінаваціць начальства: грошыкаў
Не дадалі, каб дакапацца.
Ды калегаў інтрыгі шкодзілі,
Смак жанчын і смерць аднагодкаў…
Дам паэзію пад бульдозеры –
У найлепшы банк пад адсоткі.
* * *
Блукаю ў пошуку нудысцкіх пляжаў –
І бачу толькі знакі забарон.
Той, хто ўжо там – ніколі не падкажа,
Хто яшчэ тут – выконвае закон.
У прадчуванні выраю – па парках,
Знаходзіў шмат –ды так і не знайшоў,
Усё мінулае было не больш чым сварка
Чужога цела з нічыёй душой.
Дарэмна не затрыманы за кражу,
Кварталамі выходжваю страх,
Блукаю ў пошуку нудысцкіх пляжаў,
Па знаках забароны на слупах…
* * *
Холадна крылам у пастарунку –
Месца бракуе раскласці, сушыць.
Скруцяць і рукі, калі пагрукаць –
Забава хоць будзе нявіннай душы.
Гараць мазалі – дазволяць разуцца,
Але ненадоўга, каб мог сысці.
Рады мянты, што хутчэй а…буцца –
Не шыецца справа, час адпусціць
Трапіў пад дождж, згубіў накірункі,
Галодны, прыснуў на чужой мяжы.
Холадна крылам у пастарунку –
Не прадугледжана месца сушыць.
ДАРОГА НА ПОЎНАЧ
Дарога на поўнач, і неба – ратунак ад стомы.
Жыццё не спыняецца, толькі гусцеюць крыжы.
Мне варта заплакаць, бо хутка прыеду дадому.
Ды трэба смяяца, бо ўбачаць, што я тут чужы.
Дарога на поўнач. Якія шчаслівыя пысы!
На кожным прыпынку – паслужлівы віск гандляроў.
Дай Бог, каб хто-небудзь ад віску таго прахапіўся.
Бо спаць небяспечна, як хочаш даехаць дамоў.
Было мне лягчэй у сяброўскім распешчаным гурце,
Каб стала цяжэй, калі выйду сустрэць далячынь.
Наўмысныя жарты не збудзяць сапраўдных пачуццяў,
Як цэтлікі з коштам на целах васковых жанчын.
Дарога на поўнач – абдымкі туману і пылу.
На храмах спічастых крыжы не праколюць пластоў.
Не трэба на працу – дзьмухнем на агеньчык астылы.
„Хрыстос уваскрос!” „Сапраўды!” І яйко. І „па сто”.
Мне стане цяжэй пасля крыку драпежнае птушкі,
Каб стала лягчэй у паветры задымленых хат.
Заўсёды з іх дыму ўцякаць – і застацца відушчым
Ды несці цяжар, кожны крок з якім вучыць кахаць.