…адна з самых
небяспечных хвароб —
былая веліч…

— Уладзімір Някляеў

Адкрывае першы ў 2019 годзе нумар нізка вершаў Вольгі Гронскай “заВершанае”. Таксама з вершамі ў нумары выступаюць Віктар Ярац (паэма “Зіма без мамы”), Вольга Гапеева (нізка “Чорная яблыня”), Анхела Эспіноса Руіс (нізка “Я прыйшла з ніадкуль”), Кацярына Сянкевіч (нізка “Бачу цябе”).

Празаічны блок “Дзеяслова” распачынае Вінцэсь Мудроў з апавяданнем “Дом творчасці”. Зараслава Камінская прэзентуе абразкі пад агульным загалоўкам “Святочнае”. Друкуюцца апавяданні Сцяпана Сяргея і Віктара Варанца.

Па выніках конкурсу “Экслібрыс”, які летась быў прысвечаны 100-годдзю абвяшчэння БНР, друкуюцца творы пераможцаў – Яўгена Аснарэўскага, Змітра Астроўскага, Андрэя Кулеша.

Рыгор Сітніца раскрываецца ў нумары і літаратуры як драматург, прэзентуючы драму ў дзвюх дзеях з пралогам і эпілогам “Фармат Вечнасці”.

У нумары друкуюцца пераклады знакамітага летувіскага паэта Томаса Вянцлавы ў перастварэнні Лявона Баршчэўскага, апавяданняў О. Генры (у перакладах Таццяны Ждановіч і Сашы Сайкоўскай), а таксама – пачатак афарыстычных запісаў Станіслава Ежы Леца “З непрычасаных думак” (пераклад Міхася Мірановіча).

У блоку нон-фікшн друкуецца другая частка этнаграфічнай працы Эмы Яленскай “Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце” ў перакладзе Уладзіміра Васілевіча, пачатак згадак Кастуся Цвіркі “Мой дзве тысяча шаснаццаты”, працяг кнігі Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” (гэтым разам “хронікі беларускага інтэлектуала” прысвечаныя Бум-Бам-Літу).

Таксама друкуюцца артыкулы Таццяны Кабржыцкай, прысвечаны “волату ўкраінскага Адраджэння” Кліменту Вітку і яго ўзаемадачыненням з Беларуссю, Васіля Дранько-Майсюка “Душагуб беларускай сцэны” – пра Уладзіслава Галубка, эсэ Вольгі Бабковай “Грушаўка і Падгрушша”, Марыны Яўсейчык “Замова ад «‎вавка»”.

У рубрыцы Мастацтва Уладзімір Сіўчыкаў піша пра “сонечнага творцу” Уладзіміра Макарава.

Павал Абрамовіч выступае з рэфлексіямі “Мой чытацкі лёс”.

Леанід Галубовіч разглядае кнігу Міколы Пракаповіча “Прытулак памяці”.

Завяршае нумар традыцыйны агляд навінак на кніжных паліцах “Дзеяслова”.

Ілюстрацыі на вокладцы знакамітага мастака-каліграфа Паўла Семчанкі.

comments powered by HyperComments