…адна з самых
небяспечных хвароб —
былая веліч…

— Уладзімір Някляеў

Леанід Галубовіч«УЗВЫСІЦЦА НАД РЭЧАІСНЫМ»

 

99 нумар часопіса «Дзеяслоў» адкрываецца нізкай вершаў пісьменніка філасафічнага складу Ігара Бабкова. Дарэчы, на пачатку 90-х ён і пачынаў з паэзіі, яго помны дэбютны зборнік «Solus Rex» звярнуў на сябе ўвагу вузкай (элітарнай) публікі, што вылучалася з тады яшчэ шырокага кола прыхільнікаў краснага пісьменства. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць тут пакінуты на маім асобніку аўтограф аўтара (мне здаецца, тадышні Бабкоў ужо прадбачыў сябе сённяшняга, а мо і заўтрашняга): «Лявону Галубовічу, прыхільніку, чытачу й інтэрпрэтатару Франьцішка Эн (N.), Борхэса, Чжуан-Цзы, восені, вольных мікрафонаў, шпацыраў, бара Дома літаратараў, беларускай філязофіі, новаэўрапейскага суб’екта, птушкі Дадо – з прыемнасьцю – Аўтар».

Во як!

У гэтай паэтычнай падборцы пад назвай «Вершы Францішка» няма пэўнасці ў адлюстраваннях жыцця, але шмат сэнсаў, якія акупуюць бяссэнсавую прастору нашага быцця. Такая тонкая метафарычная матэрыя, насычаная духоўнасцю і глыбокімі філасафічнымі падтэкстамі… Бабкоў апошнім часам шмат піша і шмат прамаўляе. Магчыма, што ён шукае той сэнс жыцця, у які ўвесь чалавек не ўкладваецца, а часткова пакідаецца ў сваіх праявах мастацкай творчасці і філасофскіх спасціжэнняў.

 

Малое сэрца рыхтык, як птушанятка

корпаецца ў найбліжэйшым, сочыць за кожным гукам

цешыцца сярод дробязяў, але з вялікаю верай

у цеплыню і міласць, і ў дакладнасць свету

 

Вядомая міфа-гістарычная пісьменніца Людміла Рублеўская ўсё-ткі змусіла нас звярнуць сур’ёзную ўвагу на сваю творчасць і сучасны айчынны кінематограф. Часопіс друкуе яе кінааповесць-фантасмагорыю па матывах гістарычных хронік «Пад залатымі трубамі» (па сутнасці гэта кінасцэнарый). Назоў не надта каб… Аднак гэта не так важна. Чытач (і магчымы глядач) апынаюцца ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя на абшарах ВКЛ, дзе раскручваюцца інтрыгі паміж князямі Радзівіламі і каралём Жыгімонтам ды яго сужэнкай-італьянкай каралевай Бонай Сфорца за пераемнасць улады… Перад намі – шэраг зменлівых кароткасюжэтных сцэнаў у каралеўскіх палацах Кракава, Варшавы і княскім замку Нясвіжа і маёнтку Гаранёны… Пах і страх атруты пераследуе сямейную дынастыю паўсюль. Асабліва звяртае на сябе ўвагу змаганне паміж Бонай Сфорца і сёстрамі Ганнай і Барбарай Радзівіл. Не абыходзіцца, як і ва ўсякім творы мастацтва, без дзіўнаватых фантазій аўтара. Але яны даволі праўдападобныя і не выклікаюць вялікага недаверу. А да таго ж – сцэнар, што рэдка здараецца, чытэльны і займальны. А ўжо як будзе тое глядзецца на экране, калі фільм усё ж з’явіцца, то ўжо будзе залежыць ад таленту кінарэжысёра…

«1530 г. Кракаў. Каралеўскі палац. Жыгімонт Стары незадаволена ўсаджваецца ў крэсла. Перад ім – Радзівіл Геркулес і Яаб Магнус, які трымае куфэрак.

– Я згадзіўся на гэтую сустрэчу ў памяць нашага старога сяброўства, Юры. Але я не памяняю свайго слова. Пасада канцлера, якая вызвалілася пасля смерці твайго брата, будзе належаць Альбрэхту Гаштольду, Радзівілы і так маюць уладу большую за маю.

Геркулес апускае вочы, каб не выдаць гнеў.

– Але Радзівілаў на гэтым свеце застаецца ўсё менш, ваша каралеўская мосць. Я прашу толькі аб каралеўскім правасуддзі.

Азіраецца на Магнуса. Алхімік выходзіць наперад, адчыняе куфэрак.

– Мы сабралі доказы таго, што смерці іх мосцяў Ганны Мазавецкай з Радзівіаў і яе двух сыноў, канцлера Мікалая Радзівіла, кашталяна Троцкага Яна Радзівіла не былі выпадковымі. Вось сведчанні… Вось вынікі даследавання целаў… Вось выяўленая мною ў кожным выпадку атрута… Вось сведчанні, што атруту перадавалі са світы каралевы, а замаўляў такія рэчывы ў Фларэнцыі дарадца каралевы Луіджы Сфорца…

Жыгімонт Стары незадаволена прымае паперы, пачынае чытаць…»

Друкуюцца вершы Ігара Сідарука. Яго лірыка кахання «Я думаў, ты верасень чысты…», як мне падаецца, у сваёй пераважнасці залішне эмацыйная і не дарэшты вывераная ў суадноснасці слоў і адчуванняў. Вершаў шмат, ёсць і выбітныя рэчы:

 

А я сказаць адной табе хачу,

Як у самоце патанае вечар.

І толькі ветру тое я шапчу,

Аб чым з табой ужо даўно маўчу,

Маўчынне што ж, таксама добра лечыць.

 

Леанід Дранько-Майсюк назваў працяг сваёй архіўна-літаратурнай працы «У Вільні і больш нідзе…» аповесцю пра Адама Станкевіча, не дапасоўваючы сюды слова дакументальнай… І напраўду, цягам густоўнага аповеда вымалёўваецца цэльны вобраз вядомага святара і асветніка, згіблага ў ГУЛАГу праз бальшавіцкую крывавую ідэалогію. З датклівым пачуццём павагі выпісаныя і ўзноўленыя (станоўчыя і спрэчныя) штрыхі ягонай біяграфіі, творчасці і жыццядзейнасці, у рэшце рэшт, паказваюць нам Адама Станкевіча як беларуса ва ўсёй яго нацыянальнай годнасці і чалавечай іпастасі. Мяркую, чытачу будзе цікава азнаёміцца і з такой вытрымкай з шырокафарматнага тэкста аповесці:

«У маладым заходнебеларускім лагеры сварка і разлад прайшлі праз усе адведзеныя гісторыяй скупыя гады; удзельнікі руху дзялілі не грошы, маёмасць і славу, а перш за ўсё мелі розныя светапогляды. Шырокі ў сваім кругаглядзе А. Луцкевіч, скажам, хваліў Леніна і цаніў Кальвіна, які сваімі навучаннямі па-сутнасці стварыў падмурак для капіталізму; Адам жа Станкевіч вышэй за Кальвіна, капіталізм і Леніна ставіў Ісуса Хрыста. Айцец А. Станкевіч лічыў: палітыка, якую праводзіў А. Луцкевіч і, напрыклад, падпольны камуніст Б. Тарашкевіч, мяжуе з небяспечным летуценнем, з авантурызмам; нацыянальная работа не павінна адыходзіць ад хрысціянства. Зрэшты, біліся нават не за ідэі, бо ідэя была адна – Беларусь; кожны біўся за свой партыйны гурт; нястомна, бясконца змагаліся за лідэрства, хацелі пад свой уплыў узяць нацыянальны рух – словам, амаль кожны прагнуў забраць у свае рукі справу».

Вершы Віктара Слінкі нечым няўлоўным падобныя да вершаў І. Бабкова. Аднак калі ў Бабкова як чытач я шукаў і знаходзіў сэнсы, то ў Слінкі іх амаль немагчыма вылавіць і намацаць, бо ў яго творах няма межавых сцен (скажам, яго мастацкая сфера не асцэнена), там спрэс адтуленая прастора, з якой, як ні дзіўна, няма выратавальнага выйсця…

 

…Люстрана́я пространь хараства.

Выцвіласць адсеяных імгненняў.

Пазачасавасці – не схаваць

Повязяў удзячнасці, – ўзаемна…

 

Мемуарную прозу Міколы Гіля чытаць цікава, асабіва прыхільнікам літаратуры сталага і старэйшага пакаленняў; яго аповеды жыватворна бруяць беларушчынай (не ў нацыянальна-палітычным сэнсе, а ў сваёй рэчаіснай – учарашняй і сённяшняй – натуральнасці). Прырода і людзі бацькаўшчыны паўстаюць ва ўсіх сваіх праявах жыцця. Вось і гэты аповед: выбраўся літаратар на сваю малую радзіму, Лагойшчыну, а там мала што з пазнавальнага і засталося, то паехаў ён на веласіпедзе па ваколіцах і сустрэў бубулю з каровай на пастве; прыпыніўся, разгаварыліся… І вось яна ўспамінае сваіх шэсць кароў – усё сваё жаночае жыццё – а разам з імі, можна сказаць, і ўсю нашу беларускую калгасную долю«Усё добрае пачынаецца з павагі да чалавека, а ўсё благое – з непавагі да яго. Непавага, сцвярджэнне нікчэмнасці і таннасці чалавека ўзгадоўваюць лёкайства, падхалімства, зайздрослівасць, халуйства, прадажнасць, несумленнасць, двурушніцтва, безадказнасць, абыякавасць і – тое ж п’янства. Доўгія гады нам казалі, што чалавек – гэта гучыць горда, а самі рабілі зусім іншае, відочна паказваючы і сцвярджаючы, што чалавек – гэта казюрка, чарвяк, шрубачка, пылінка, нішто. І людзі вырасталі казюркамі, чарвячкамі, шрубкамі».

Вершы з нізкі Тадоры Шпількі (Таццяны Будовіч) пад назовам «Хачу стаць словам для цябе…» найперш вызначаюцца ўнутраным настроем і цёплай пачуццёвай аўрай.

Мне цяжка зразумець, чаму лірычная паэтка абрала для сябе гэткі сатырычна завостраны літаратурны псеўданім. Ён не тое што не пасуе, а ад пачатку зніжае тонус успрымання насамрэч узвышанага стылю і трапяткога голасу паэткі:

 

Ды німбам выратавальны купал

па-над галавой

і стропы – як ніці лёсу ці марыянеткі,

што там, на нябёсах, трымае Той,

Хто загадзя ведае, як упадзе

падкінутая манетка.

 

Апавяданне Алеся Гізуна з Баранавіч «Дзень апошняга яблыка» прысвечана памяці земляка, адметнага творцы Яна Збажыны. Яно нечым блізка напамінае мне творчасць самога адышоўшага літаратара, калі браць пад увагу яго помныя тэксты афарыстычнага кшталту.

«…той, хто мае свой час, часцяком страчвае ўсялякую здольнасць ягонага ўліку. Фізіка часу не адмаўляецца, але пераадольваецца. Час, нібы рака: ты стаіш у ёй, яна адчувальна, але несувымерна цячэ паўз цябе, ціхая і магутная плынь вады. Пакуль ты ў вадзе – ты ў сваім часе, ты – частка яго. Чапай нечапанае. Чэрпай невычэрпнае. Сузірай і асэнсоўвай. Але варта выйсці на бераг, далучыцца да ўсеагульнае гонкі – і той час незаўважна й незваротна сплывацьме па-за табою…»

Мяркую, кожны, хто не адрынае творчы метад экзістэнцыі, зразумее і ўспрыме метафарычныя пасылы паэта Вадзіма Кораня. Ягоны трыпціх «Existenz» прысвечаны памяці мамы (у паралельнай прывязцы яе вобраза да біблейнай Марыі)… Адчуваецца творчы рост паэта і яго мастацкі патэнцыял адносна яго папярэдніх публікацый.

 

Марыя!

Ты была побач,

калі Ён канаў

на крыжы,

Ён бачыў цябе, і Яму,

пэўна,

яшчэ больш балела…

Цікава, а як бы Ён

далей жыў,

калі б

ТЫ

на Ягоных руках

памерла?..

 

Ідэю і сэнс апавяданняў Паліны Качатковай чытачу даводзіцца разгадваць нераўнуючы як зменлівыя ўзоры ў калейдаскопе: зрух – і новы малюнак з тых жа рысаў і фарбаў, толькі ў новым ракурсе…

З прозай дэбютуе Аляксандра Хамянок (імпрэсія «Ліст у будучыню»). Па гэтай цытаце вы збольшага можаце меркаваць пра творчасць аўтаркі:

«Сачыненне я напісала на «выдатна». Хутчэй за ўсё гэтую адзнаку мне паставілі авансам: у настаўнікаў часта ёсць асаблівае чуццё, што добрая адзнака можа ператварыцца ў нешта большае. У маім выпадку так і здарылася. За што і дзякую, бо я нарэшце зразумела, пра які страх распавядала Святлана Аляксандраўна, пра які страх пісала мне мая бабуля. А зразумець – значыць стаць крыху смялейшай».

Выдатная, я сказаў бы, геніяльная лірыка дарэвалюцыйнага Уладзіміра Маякоўскага ў перакладах Андрэя Хадановіча. Вось:

 

Ты, што сэрца абакрала мне

і ранаю

развярэдзіла ў душы ўсю брыду маю, –

дар мой прымі, каханая,

можа быць, я нічога больш не прыдумаю.

Сённяшні дзень фарбуйце – у святы.

Творыцца

роўная крыжу містэрыя.

Бачыце, як

прыбіты, распяты

цвікамі слоў на паперы я.

 

Вялікі тузін непрычасаных думак непераўзыдзенага Ежы Ленца пераклаў Міхась Мірановіч. Да прыкладу: «Жыць вельмі шкодна. Хто жыве – той памірае».

Тых нешматлікіх з чырвонай кнігі літаратуры, якія займаюцца альбо цікавяцца крытыкай, можна адаслаць да «круглага стала», што ладзіўся з прычыны яе нездаровага стану з удзелам В. Акудовіча, І. Бабкова, Ц. Чарнякевіча, Н. Грышчук, Я. Новіка, А. Адамовіча, М. Бараноўскага і З. Савельева.

«Дык крытыка ёсць ці крытыкі няма? Літаратура мае ў ёй патрэбу ці крытыка мае патрэбу ў літаратуры? На колькі адсоткаў праяўляецца стужка літаратуры, калі срэбра не вымываецца крытычнай кіслатой?» – упарта і бесспадзеўна дапытваўся ў сабранага гурта Ціхан Чарнякевіч. На што Валянцін Акудовіч безапеляцыйна даводзіў: «Слухайце, у нас сітуацыя вельмі простая: сімвалічны капітал не канвертуецца ў грошы. І калі незнаёмыя людзі даведваюцца, што ў мяне за мяжой выдаваліся кніжкі, а я пляшку самага таннага віна не заўсёды магу сабе дазволіць… Яны нічога не разумеюць».

Вядомая дыктарка Зінаіда Бандарэнка дзеліцца ўспамінамі пра былога старшыню Беларускага тэлебачання і вядомага паэта Генадзя Бураўкіна.

Шаноўны Кастусь Цвірка (часопіс віншуе яго з васьмідзесяціпяцігоддзем, а мы далучаемся!) распавядае пра сваю выдавецкую працу ў «Беларускім кнігазборы» ў 2016 годзе, піша пра вядомых вучоных, пісьменнікаў і проста людзей з глыбокім нацыянальным каларытам, не абыходзячы неардынарных бакоў і свайго ўласнага жыцця .

Выбітны філосаф Валянцін Акудовіч працягвае публікаваць урыўкі з новай кнігі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. (Хроніка беларускага інтэлектуала)». Гэтым разам ён піша пра «Інтэлектуалаў і Плошчу».

Друкуецца працяг артыкула «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» польскай пісьменніцы Эмы Яленскай пра быт, жыццё і гісторыю палешукоў у перакладзе выдатнага нашага фалькларыста Уладзіміра Васілевіча.

Літаратуразнаўца з Гомеля Ірына Бароўская разважае пра песенную лірыку М. Танка, Н. Гілевіча і Г. Бураўкіна. Літаратар Уладзімір Сіўчыкаў прапануе ўвазе чытачоў свае «штрыхі да партрэта Івана Міско». Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік балад выбітнога творцы Уладзіміра Арлова «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». А ў традыцыйнай рубрыцы «Дзеяпіс» можна азнаёміцца з анатацыямі да кніг, што нядаўна пабачылі свет.

Таму – чытаем! І – прасвятляемся ў нашым цёмным царстве. Альбо – не чытаем і – жывём там жа навобмацак…

 

ЛеГал, “Літаратурная Беларусь”.

comments powered by HyperComments