У травеньскім нумары газеты “Літаратурная Беларусь” выйшаў традыцыйны агляд сьвежага (69-га) нумара “Дзеяслова” ад крытыка Леаніда Галубовіча.
«СЭРЦАПІС»: ДЗЕЯСЛОЎ, №69
ЛеГАЛ
Ніколі не думалася, што за лёс іншай краіны буду перажываць і хвалявацца, нераўнуючы, як за лёс роднай. Але сёння гэта так. Украіна ўтрапёна б’ецца ў маім сэрцы…
Успомніліся радкі з верша вядомага паэта братняй дзяржавы Паўло Гірныка, з якім давялося вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве напрыканцы 1980-х… Тады ўжо “курсанты” мелі свае адметныя нацыянальныя групоўкі. Я, Гірнык і расійскамоўны немец з Казахстана Шмідт таварышавалі і заўсёды “тусаваліся” разам, і, ці паверыце, гаварылі кожны на сваёй мове, не маючы патрэбы ў перакладчыку, і нават як бы не прыдаючы таму значэння: маўляў, так і трэба… У Гірныка ў Мінску дачка, Шмідт даўно жыве ў Нямеччыне… Не бачыліся і не чуліся цэлую вечнасць… Зрэдзьчасу есць настальгія… І такая скруха агарнула душу, такая беспрасветная немачнасць, што можна крануцца розумам, калі не сагнаць гэты цень адчаю ды не ўспомніць пра чалавечую годнасць і мужчынскую мужнасць… Мы яшчэ пабачымся, Паўло! І я веру, што тая наша сустрэча будзе светлая і святочная…
Але, на жаль, пакуль так: ім – вайна, а нам – хакей…
Нейкім чынам заключная частка рамана Алеся Усені “Грэх”, выдрукаваная ў 69 нумары часопіса “Дзеяслоў”, зводдалі акрэслівае ўладкаванне і станаўленне чалавечага грамадства часоў вялікай Рымскай імперыі, накладваючы тое ў чытацкай падсвядомасці на праекцыю сучаснага вялікага “русского мира” (амаль без іроніі)… Распавядаючы пра пачатак хрысціянства, ганенні на яго і ахвяры, якія даводзіцца прыносіць у імя абранай веры, аўтар падводзіць чытача да роздуму над сутнасцю зямнога жыцця, якое мае сваімі духоўнымі складнікамі любоў, веру і надзею… За гэтыя Хрыстовыя імператывы людзі гатовыя ахвяраваць сваімі жыццямі і нават жыццямі сваіх малалетніх дзяцей, як маці Сафія, якая аддае на жорсткае катаванне сваіх дачок – Веру, Надзею і Любоў… Аўтар скрупулёзна выпісвае гэты (у розных месцах па рознаму ідэнтыфікаваны) гістарычны факт, не баючыся быць абвінавачаным у візуальных празмернасцях з жахлівымі малюнкамі крывавых сцэн… Вельмі добра выпісаны вобраз імператара Адрыяна, закаханых Архелая і Вірсавіі, былога ваяра, сенатара Гнея…
“Чым было напоўненае яго жыццё раней? Агменамі, бітвамі ды крывёю. Праўда, ён праліваў тую кроў, выконваючы ваярскі абавязак, ды ўсё ж…
Хай сабе і запознена, але Гнею ў рэшце рэшт адкрылася, для чаго людзі прыходзяць у гэты свет і дзеля чаго можна ахвяраваць уласным жыццём. Сын Архелай… Вірсавія… Неўзабаве з’явіцца ўнучак ці ўнучка… І не парвецца нітачка, працягнецца за жыццёвыя далягляды… Той, хто стварыў зямное хараство, хто ўдыхнуў жыццё і сэнс у кожную травінку, кожную кузурку, мусіць жа, і меў на ўвазе, што чалавек, як вяршыня гэтага тварэння, ніколі не парушыць гармонію сваімі грэшнымі задумамі і ўчынкамі”.
Хоць самі некаторыя дзеі рамана падаюцца трохі ілюстрацыйнымі і сям-там зацягнутымі ў занадта правільных маналогах, асабліва ў палеміцы хрысціянкі Сафіі з імператарам Адрыянам наконт іх вераванняў.
І ўсё ж твор, як першы такога аб’ёмнага маштабу для аўтара, па-добраму ўражвае. Ён чытэльны і прэзентабельны для любой чытацкай аўдыторыі. Тым больш, што гэта рэдкі беларускі гістарычны раман на небеларускай аснове… Як для мяне, то з падтэкста твора высноўваецца для чытача наступная тэза: чалавек, абапіраючыся толькі на любоў, веру і надзею, і тым самым як бы спавядаючы “непротивление злу”, ніколі не зможа пазбегнуць і адпрэчыць ні подлых намераў, ні самой подласці і прыгнёту, якія сыходзяць ад таталітарных рэжымаў, дзе б і ў якім выглядзе яны ні існавалі. Дух павінен апірацца на сілу. І тады сіла духу павінна змагчы сілу зла…
Далей. Сяргей Шапран прадстаўляе невядомыя (а некаторыя па недаглядзе ўкладальніка і вядомыя) вершы і паэтычныя накіды Рыгора Барадуліна. Народны паэт – жывы сваім словам насуперак смерці. Хоць,
Што такое пакуты,
Ведае
Да слова прыкуты…
Падобныя строфы ўкладваюцца ў памяць, як у заступы, выбітыя ў цвёрдай зямной пародзе, ступні альпініста, што ўпарта дамагаецца свайго Эверэста… Гэта як апраўданне перад чытачом (своеасаблівае замольванне багемнага граху) сваёй місіі паэта на гэтай зямлі…
Мастацкі нарыс, што змешчаны ў рубрыцы прозы, “Гослар” вядомага пісьменніка Анатоля Кудраўца – гэта літаратурна-пазнавальны экскурс ва ўсходнюю Германію, дзе ён пабываў, гасцюючы ў сваёй дачкі. Цікава, займальна, як і ўсё чужое па першым часе, але ўсё ж не сваё… У тэксце адсутнічае ў такіх звычайных беларускіх расповедах пра замежжа эфект параўнання і скрупулёзна-ўзнёслага альбо крытычнага аналізу, – тут проста літаратурна акрэслены нарысавы паказ нямецкага старадаўняга гарадка і яго ваколіц з ненавязлівай гістарычнай падсветкай. Вось так,маўляў, цывілізаваныя людзі жывуць… Чытайце і асэнсоўвайце, браткі-беларусы…
Вершы Валерыя Дубоўскага мне ўжо не чужыя і нават не незнаёмыя (не так даўно я пісаў пра яго першы вершаваны зборнік). Чалавечы вопыт паэта, які не засланяе і не спрашчае жыццё, а робіць надзённае мастацкай навізной гэтага свету, яшчэ ўсё выяўляецца ў яго вершах (назву яго падборкі я прысабечыў для гэтага агляда). Бо па словах паэта:
Жыццё –
Найскладанейшы верш.
Да яго, як рыфму,
Падбіраеш ключы.
Каб не чытаў Святлану Курс у Фэйсбуку, дык і не падумаў бы, што Ева Вежнавец (яна ж) можа пісаць такія фантасмагорыі (амаль у стылі Яна Баршчэўскага, толькі з сучасным ракурсам жыцця): духоўна і маральна спляжаная Беларусь, якую можна ўратаваць (адрадзіць) толькі старадаўнімі замовамі ці прываротным зеллем… Правінцыйны зрэз сённяшняй беларускай вёскі – як на далоні, сцерці яе з твару зямлі можа і чарговы Хаўер, і нават маласвядомы вінны натоўп “прыніжаных і зняважаных”… Е. Вежнавец, безумоўна, адна з найбольш таленавітых нашых пісьменніц, якая вартая шырокай чытацкай і літаратурна-крытычнай увагі.
Паэтэса Людка Сільнова, дзякаваць Богу, усё тая ж – здзяцінелая, пазнавальная кожнай сваёй нечаканай метафарай, метрыкай, строфікай, знешняй атрыбутыкай вершаскладання найперш… Але і глыбіня ўнутраная – ад фізічных праяў да духоўнага ўздыху – таксама пры ёй. Таму ў чытача захоўваецца шчыры давер да яе верша. А як не даверыцца такім словам:
Дачкі і ўнучкі партрэт настольны
Мне быццам кажа: “Ты будзеш вольнай!
Ты будзеш вольнай і назавешся
Найціхім словам у Божым тэксце…”
Вінцэсь Мудроў – пісьменнік адметны і, што галоўнае, чытэльны, аднак, заўважна, што стылёва і тэматычна ён аднастайны… Але ж, во, жонка мая, згледзеўшы, што я прынёс новы нумар “Дзеяслова”, прабегшы па яго змесце, абрадавана ўсклікнула: “О, Мудроў ёсць! Трэба абавязкова пачытаць…” Як бачым, не зважаючы на зануднага Галубовіча, прыхільнікаў у наваполацкага пісьменніка хапае… Чаго вартая адна толькі назва аповеда – “Мутны Меконг”! Ну як ты прапусціш чытанне з такой заяўкай?!
Каторы раз чытаючы вытанчанае версіфікатарства Леаніда Дранько-Майсюка – вясёлае, забаўнае, не абцяжаранае штучнымі мудронасцямі – пра розныя прыгоды любімага сабакі Хомкі, я не страчваю спадзеву, што, як і ўсе ранейшыя свае паэтычныя цыклы, Леанід Васільевіч завершыць і гэтыя публікацыі на выверанай ноце, і шматлікія прыхільнікі яго паэзіі, услед за “Вершамі для А.”, “Кнігай для спадарыні Эл.”, змогуць набыць і доўгачаканы зборнік “Вершаў для Хомкі”… У гэтых, на першы погляд, не зусім сур’ёзных творах за россыпамі іроніі і сарказма шмат адсылаў і падтэкстаў да праяў нашага грамадскага і палітычнага ладу жыцця…
Вершы Эрнеста Савы даволі адметныя, хоць месцамі і цьмяныя… Паэзія ў іх адчуваецца. А вось уся старанна і па-мастацку прафесійна накручаная сітуацыя вакол вершаў і яго аўтара ў прадмове-эсэ Андрэя Стэфановіча асабіста ў мяне выклікае асацыяцыі з містыфікацыяй… ці, скажам, нейкі такі няпэўны давер…
А што было ў паданні тым далей?
Кажу сабе: наступны крок здалей,
а там Сінай пабачыш ці пустэчу,
на конях паімчыш да вечных меж
ці па каменні вострым папаўзеш
з мінуўшчыны дасветнай на сустрэчу.
Неяк так. Раю пачытаць.
Дзіўна, але ў Беларусі паболела паэтаў жаночага роду, а мы гэтай прыгожай з’явы як бы не заўважаем… А на мой погляд паэтак сёння чытаць цікавей, і пішуць яны таленавіцей. Не ўсе, вядома. Шмат кажам пра Разанава, Някляева ды Хадановіча і Рыжкова, але мала пра Бічэль, Дашыну, Бельскую і Гронскую… Вось і Валерыя Кустава… Памятаю, калісьці яе дэбютны зборнік я крытыкаваў за хаатычную экспрэсію, залішнюю экзальтаванасць ды эмацыйны сэнсавы хаас… Але ж вырасла дзяўчына з падлеткавых джынсаў. Гармоны ўнармавала і гармонію выверыла. І хоць свет яна ўспрымае ўсё яшчэ вельмі крытычна, аднак разам з тым адчуваецца, што і да ўласнай асобы паэтка стала праяўляць большую строгасць. Зрэшты, лепшыя вершы Валерыі сёння вартыя самага пераборлівага чытача.
У мяне з Краінай кантакт.
Мы рухаемся ў такт.
Я люблю яе,
а яна мяне – мае.
Дыхаю толькі я.
А яна – нямая.
Неяк так.
Хто такое стрымае?
Ніколі не лічыў сябе меламанам, таму прачытаў тэксты расійскай рок-паэзіі па-беларуску без асаблівага трапятання… Па вялікім рахунку, найперш, сам гэты праект варты ўвагі, бо, скажам, а чаму не перакласці заходне-еўрапейскую рок-паэзію ды разам з айчыннай выдаць асобным зборнікам? Сярод аўтараў: А. Макарэвіч, Б. Грэбеншчыкоў, В. Цой, А. Башлачоў, Ю. Шаўчук ды іншыя. Сярод перакладчыкаў: А. Хадановіч, В. Гронская, М. Шчур, А. Івашчанка, С. Балахонаў, Ю. Несцярэнка ды іншыя. Чытаючы, ясна бачацца сімвалы і таго, іхняга, і нашага, цяперашняга, часу…
Гады ляцелі, кожны з нас
Боль зведаў і трываў пакуты.
Але нарэшце выйшаў час –
Мы рукі вызвалім ад путаў.
………………………………
Калі сканаў апошні вораг,
Труба зайграла перамогу –
Тады заўважыць кожны змог,
Як засталося нас нямнога.”
(1978)
Як бачым, у Расіі былі і яшчэ застаюцца людзі, у тым ліку і творчыя, з іншымі, адносна імперскай улады, ідэямі і меркаваннямі, вальнадумцы і пратэстанты.
У раздзеле “Спадчына” няўтомны Сяргей Шапран прапануе ліставанне Васіля Быкава (1963–1977) з калегамі-літаратарамі (беларускімі, расійскімі, украінскімі). Ёсць вельмі цікавыя фрагменты, якія тычыліся творчых праблем пісьменніка ў змаганні з партыйнай наменклатурай і выдавецкай цэнзурай. Вось урывак з ліста Нілу Гілевічу (1966): “У школах даводзяць, што Быкаў – гэта гродзенскі Сіняўскі, вораг. І хто? Ведама, кадравыя работнікі КГБ. Пайшлі на прадпрыемствы “с разъяснениями”. З дня на дзень усё горш. Як воўка ў аблаву. Але – вытрымаем! І падтрымка сяброў абавязвае”.
Яшчэ адна адметная публікацыя – даволі аб’ёмная гутарка таго ж Сяргея Шапрана з “правінцыйным” пісьменнікам Міколам Захаранкам, што жыве ў Швабах на Лагойшчыне. Гаваркі чалавек, трэба адзначыць, гэты Захаранка. Па ўсім відаць, дзякуючы сваёй неардынарнай біяграфіі, якая выснавала яму шмат горкага вопыту і шчымлівага жыццёвага досведу. Такія людзі больш уседлівыя за вясёлым гасцінным сталом, чым за пісьмовым. Гутарка “расцяклася мыслью па дрэву”, але тым самым страціла пэўную глыбіню і засяроджанасць. Шмат цікавостак для калялітаратурных вушэй, аднак амаль не зачэплены праблемы, – ні грамадскія, ні літаратурныя, – што тычацца нашага часу. Хоць, што казаць, само чытво – гуллівае і шчырае – прыцягвае і выклікае душэўную прыхільнасць да абодвух аўтараў…
Друкуюцца раздзелы з дакументальнай кнігі Яўгена Лецкі “На чужыне палеглыя”. Дарэчы, аўтару – 70 гадоў, віншуем! Таксама, следам, юбілейны артыкул Леаніда Галубовіча да 80-годдзя паэта, пісьменніка і выдаўца Кастуся Цвіркі. Ірына Клімковіч піша пра “міфічных першапродкаў беларусаў”. Уладзімір Сіўчыкаў у водгуку-бурлеску адгукаецца на кніжку Пятра Васючэнкі “Дванаццаць подзвігаў Геракла”. Алеся Лапіцкая рэцэнзуе раман “Сфагнум” Віктара Марціновіча. Падаецца анатацыя новых беларускіх кніжак у рубрыцы “Дзеяпіс”.
Духоўнага вам здароўя і прыемнага чытання.
_____________
БУДЗЬМА З «ДЗЕЯСЛОВАМ»!
Працягваецца падпіска на незалежны літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў”.
Выпісаць яго можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі.
Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў – 74813,
для ведамаснай падпіскі – 748132.