Сяргей Дубавец (№71)

 

Вайна і мір. Справаздача

Дубавец

Праца аспіранта сцэнарных курсаў Марціна Віктаровіча
па выніках экспедыцыі ў адселеную зону

 

Вёска Дачнае знаходзіцца ў адселенай зоне на паўднё­вым усходзе краіны. Па сутнасці гэта й не вёска ніякая, а ўсяго дзве жылыя хаты на розных канцах колішняга паселішча. У хатах гэтых жывуць два гаспадары, якія не схацелі адсяляцца.
У рэестрах адселеная зона называецца UNIFIN – паводле праграмы ААН для ліквідацыі наступстваў трэцяй сусветнай вайны.
Уласна вайной мы яе называем умоўна. Тады, калі яна адбылася, яе называлі глабалізацыяй. Усё прыводзілася ў аднолькавы выгляд з умовай, што ўзор для ўніфікацыі будзе брацца найлепшы.
Але ў тыя часы было шмат інтарэсаў, пошукаў выгады, і зусім не найлепшыя атрымлівалі ўладу над гэтымі працэсамі. Таму дзесьці ўсё рабілася аднолькавым паводле найлепшых узораў, недзе паводле сярэдніх, а дзесьці нават паводле найгоршых. Прычым найгоршыя былі найбольш актыўныя і агрэсіўныя. Яны нападалі на найлепшых і падпарадкоўвалі іх сваім найгоршым узорам. І калі такое падпарадкаванне адбылося, тады й сталі называць гэта вынікамі трэцяй сусветнай вайны, бо яны інакш і не выглядалі. А калі ёсць вынікі вайны, значыць, іх трэба ліквідоўваць. Так і ўзнікла праграма UNIFIN.

 

***
Гаспадары Кромлех і Глюкліх – адзіныя, хто застаўся з вялікае арміі ліквідатараў, што некалі працавала ў адселенай зоне. Яны не толькі жывуць тут і працуюць, але й жорстка варагуюць паміж сабой.
– А каб табе пяткі вывернула, каб ты! – крычыць Кромлех.
– А каб ты жыватом ездзіў! – адказвае Глюкліх.
– А каб ты прайшоў навылет зямлі, каб ты! – крычыць Кромлех.
– А каб табе ў галаве мышы гнёзды вілі! – адказвае яму Глюкліх.
– А каб ты тое з’еў, што сказаў, каб ты! – крычыць Кромлех.
– А каб ты быць не ведаў! – адказвае Глюкліх.
У абавязкі абодвух насельнікаў уваходзіць догляд старога кароўніка. Тым не менш, яны ніколі нічога не робяць разам, бо да глыбіні душы не любяць адзін аднога. Адкуль гэтая нелюбоў? – спрабаваў высветліць я.
– А хай ён не лезе, – сказаў Кромлех.
– А хай ён не лезе, – сказаў Глюкліх.
Вы спытаеце, як ліквідатары могуць працаваць без кантакту міжсобку? Аказваецца, на закінутым кароўніку ёсць рэпрадуктар, які апавяшчае, што і каму рабіць. Пра гэта мне ўдалося даведацца, напрасіўшыся ў госці да Кромлеха. Ён жыве ў невялікім драўляным будынку, які нагадвае шпакоўню.
Сціплае памяшканне здзівіла адсутнасцю якіх-небудзь слядоў цывілізацыі. Адзінае, што нагадвала пра колішняе жыццё тут – гэта нашыўка UNIFIN на рукаве Кромлехавай куфайкі і абрыўкі колішніх ідэалагемаў у мове самога гаспадара.
– Мы адраджаем зямлю! – казаў Кромлех. – Мы – дзеці галактыкі!
На пытанне пра адносіны да Глюкліха (у яго адсутнасць) рэакцыя Кромлеха была непрадказальнай:
– Гэта ж мой брат! Мы адзін без аднаго ніяк. Бо мы беларусы.
– А як жа вы жывяце, адзіныя на ўсю зону, – спытаўся я.
– Мы жывем, пакуль доўжыцца наша спрэчка, наша супрацьстаянне,– быў адказ.
На пытанне «Ці не хацелася вам пакінуць зону, як гэта зрабілі іншыя ліквідатары, і выправіцца ў шырокі свет?» Кромлех адказаў лаканічна:
– Лепей там, дзе нас няма, і пакуль нас там няма, там лепей.
Высветлілася, што праграма UNIFIN мела на мэце не толькі ліквідацыю наступстваў трэцяй сусветнай вайны, але і развіццё, па-магчымасці, новай цывілізацыі. Для чаго тут і пакінутыя былі незлічоныя войскі ахвочых. Але за прамінулы час амаль усе любымі спосабамі паўцякалі ў шырокі свет. Засталіся толькі Кромлех і Глюкліх.
– Мы засталіся, – сказаў Кромлех, – бо гэта наша радзіма. Простыя словы, простыя рэчы.

 

***
Назаўтра пасля начоўкі ў гасцінным Кромлехавым жытле я разам з гаспадаром рушыў на агляд закінутага кароўніка з рэпрадуктарам са спадзевам сустрэць там і распытаць Глюкліха. А заадно паглядзець, як адбываецца «ліквідацыя наступстваў».
Адразу за домам Кромлеха мы спусціліся ў лагчыну і скіраваліся бітай сцяжынаю ў бок бярэзніка. Вакол буяла расліннасць і, апроч сцяжыны, нішто не сведчыла пра існаванне тут чалавека.
За бярэзнікам я і пабачыў кароўнік – невялікую будыніну на паўсотні галоў.
На пытанне «Як гэты будынак не развальваецца, бо слядоў рамонту на ім не відаць?» адказ быў: «А чорта яму не станецца».
Развітаўшыся з Кромлехам, я пайшоў да Глюкліха, які ўвіхаўся на падворку. На пытанне «А што вы робіце?» ён сказаў:
– А што скажуць, тое і робім. То падсцілку ў кароўніку мяняем. То абкошваем вакол, то смятану б’ем з малака…
Апошнія словы збілі мяне з тропу. Выходзіць, кароўнік быў не закінуты. Аднак усё аказалася не так проста.
– Мы даглядаем ласёў, дакладней, ласіх, – сказаў Глюкліх, – тыя самыя каровы. Мы п’ем іх малако, запрагаем іх у вазок, ямо іх мяса і шыем абутак з іхнай скуры. Мы калісьці нічога гэтага рабіць не ўмелі. Але рэпрадуктар кіруе намі.
З далейшых роспытаў я дазнаўся, як працуе рэпрадуктар. Рэч у тым, што «кропка» або правадное радыё, таксама патрапіла пад глабалізацыю і натуральна існуе тут як частка ўсяго гэтага жыцця, як паветра. І адтуль, з рэпрадуктара, ідуць указанні кшталту ранішняй зарадкі. «Рукі на шырыню плеч» і ўсё такое. Пакуль я рабіў гэты запіс, рэпрадуктар пракерхаўся і загаварыў мужчынскім голасам: «Увага! Перадаем важнае ўрадавае паведамленне. Грамадзяне і грамадзянкі! Вайна!».
Пасля гэтых словаў Кромлех і Глюкліх кінуліся выграбаць з кароўніка ласіны гной, каб замяніць яго свежай саломай.
Я спытаўся ў іх: «Слухайце, голас з рэпрадуктара не казаў мяняць падсцілку. Што вы робіце?».
– Не казаў? – здзівіўся Кромлех. – А што ж ён казаў?
Гэтыя людзі дзейнічалі на свой розум, і толькі падмацоўвалі свае рашэнні спасылкамі на голас з рэпрадуктара, які гучаў невядома адкуль, невядома чый і невядома навошта.
– Ведаеце, чалавек складаецца з сумневаў. – Растлумачыў Глюкліх. – І больш ні з чога. Усё астатняе – цела, розум, душа – не мае значэння. Толькі згустак сумневаў – гэта і ёсць чалавек. Калі ты не сумняваешся – ты або труп, або помнік, або робат.

 

***
Так я трапіў дахаты Глюкліха. Звонку яна нагадвала човен, а сцены ўсярэдзіне былі памаляваныя сінімі хвалямі.
– Ведаеце, я, колькі сябе памятаю, марыў пра мора. У маленстве ў мяне нават санкі былі марскія. Ну, так я іх называў. І відэлец таксама быў у мяне марскі. Але ў нас няма мора. Даўно ўжо няма. Гадоў тысячу. І я чамусьці застаўся тут. Але ў мяне няма адчування, што мая мара не здзейснілася. Вот. Калі залезці на дах кароўніка, бывае такі час, што навакольныя лясы аж за далягляд адліваюць блакітам, я бачу мора…
– А Кромлех, – спытаўся я, – ён не марыў пра мора? І ад гэтага ваш разлад?
– Ведаеце, Кромлех – горны чалавек. Ён марыць пра горы. І кажа, што нашы славутыя балоты – гэта горы, перавернутыя ўніз. Таму і ён тут. І яго ўсё задавальняе таксама. Хоць, па-мойму, балоты – ніякія не горы, а якраз тое, што засталося ад колішняга мора.
Далей у часе апытання высветлілася, што ў адселенай зоне прысутнічае яшчэ адна асоба. Прычым асоба без галавы.
– Вядомая гісторыя, – усміхнуўся Глюкліх. – Януш Чартарыйскі застаўся ў зоне. Бо куды ж з’едзеш без галавы? Цябе проста не возьмуць.
На мае роспыты былы ліквідатар распавёў, што Януш Чартарыйскі згубіў сваю галаву падчас асады Пскова ў 16-м стагоддзі. Калі шляхта пайшла ў наступ, прыяцель Чартарыйскага Саламярэцкі ў запале бітвы знёс Янушу галаву. Пскова яны не ўзялі, а калі вярталіся дадому, Саламярэцкі ўзяў за сябе Янушаву жонку, у якую быў закаханы даўно. Януш не змог дараваць такога падступства і шукае былога прыяцеля, каб адпомсціць яму.
– А ён не памёр? Без галавы? – спытаўся я.
– Не-е, што вы! Пакуль ён не знойдзе Саламярэцкага, ён не памрэ. А паколькі ён яго не знойдзе ніколі… Ну дык вот.
У часе далейшага дазнання высветлілася, што Чартарыйскі сапраўды ходзіць па мясцовасці і махае мячом, зносячы ўсё на сваім шляху. Калі ён набліжаецца да сядзібаў Глюкліха і Кромлеха, яны залазяць пад падлогу, бо ён можа сячы сваім мячом толькі тое, што знаходзіцца на лініі гарызонту, але не вышэй і не ніжэй.
– Ці магчыма яго пабачыць? – спытаўся я.
– Ведаеце, гэта непрадказальна, – быў адказ.
Наступныя роспыты паказалі, што Чартарыйскі прыходзіць прыблізна раз на месяц, але цяпер ужо не было яго месяцы два. У мяне з’явіўся шанец і я пастараўся скарыстацца ім. Глюкліх ласкава згадзіўся цярпець мяне ў сваім паселішчы колькі спатрэбіцца.

 

***
Доўгім вечарам гасцінны гаспадар распавядаў мне гісторыю адселенай зоны, якую ён памятаў на сваім вяку.
Аказваецца, некалі тут была адмысловая вытворчасць. Яе зладзілі ліквідатары, калі іх яшчэ заставалася шмат. Працаваў там і Глюкліх. Называлася вытворчасьць Робатацэх, бо выпускалі там робатаў. Прычым, лічылася, што робаты павінны быць з душамі. Таму за ўзор бралі славутых паэтаў. Лічылася, што гэта будуць новыя насельнікі зоны.
– У газетах тады смяяліся з нас, што мы ажыўляем помнікі.
Адзін з ліквідатараў, маёр, адразу сказаў, што робаты не будуць жыць вечна, але яму не паверылі і ён нават аб’явіў байкот вечнасці.
– Як гэта?
– Ведаеце, ён вырабіў сабе надмагільны помнік і доўгія гады трымаў яго ў сябе ў спальні. Ён глядзеў на яго і як бы сам пераконваўся ў канечнасці існавання. Перакананасць – вось што для яго было самым галоўным у жыцці.
– Чаму?
– Ён жа быў камуніст і ў душы – глыбока савецкі чалавек.
Так ці інакш, але робаты зношваліся, бо нішто рукатворнае не можа быць вечным, толькі калі яно зліваецца з прыродай. А бясконца мяняць ім дэталі не было сэнсу, дый не стала каму, бо ліквідатары паступова адправіліся ў шырокі свет.
– А што ж робаты рабілі?
– Як што? Ездзілі па школах і выступалі з вершамі. Гэта ж паэты.

 

***
Аднойчы падчас ранішняй кавы мы пачулі незвычайны гук, падобны да гуку ротарнай жаткі. Шум імкліва нарастаў.
– Ведаеце, гэта Чартарыйскі! – сказаў Глюкліх. – Хутчэй на дах!
Апынуўшыся на даху, мы пабачылі велізарнага дзяціну з біцэпсамі, у кальчузе на голае цела. Ён набліжаўся, зносячы аграмадным двухручным мячом усё, што траплялася на шляху. Калі меч быў занесены над рогам нашае хаткі, Глюкліх раптам закрычаў жаночым голасам:
– Пане Чартарыйскі! Я заўсёды была верная вам! Памятаеце, як я вас праводзіла на асаду Пскова? Мы мілаваліся аж чатыры разы!
Рыцар спыніўся ў сваім руху. Выглядала, што ён пачуў крыкі Глюкліха. Але і Глюкліх апынуўся ў далікатным становішчы.
– Пане Чартарыйскі! – крыкнуў ён ізноў.
Рыцар схамянуўся.
– Не люблю сябе і ніколі не любіла. Толькі вас, – крычаў Глюкліх.
Рыцар устаў на калені.
– Вы пазбаўляеце яго несмяротнасці, – шапнуў я.
– Але ж нам трэба гэта зрабіць, – шапнуў Глюкліх, вачыма шукаючы паразумення.
– Навошта? – здзівіўся я.
– Навошта? – здзівіўся Глюкліх.
Я паспрабаваў растлумачыць Глюкліху, што тады б знікла жывая матывацыя для ўсіх. Бо мы ўсе жывем, пакуль нашы мёртвыя – як жывыя. Так у сям’і, так і з цэлымі народамі. І гэта, насамрэч, вялікі здабытак, што такі Чартарыйскі ходзіць па наваколлі і будзіць нас. Інакш чаго б гэта вы мянялі падсцілку ў кароўніку? Мы б усе проста ляжалі і нічога не рабілі. Нашы ворагі не тыя, хто будзіць, а тыя, хто прысыпляе.
– Ведаеце, нам, пакуль ён стаіць на каленях, трэба хуценька пабегчы ў сутарэнні, бо ён устане і можа знесці хатку, – сказаў Глюкліх, быццам і не пачуўшы маіх словаў.
Але рыцар тым часам падняўся з калень і па грудзёх яго было бачна, што ён рыдае. Ён рыдаў, бо адчуў нашу размову. Невядома як і чым, але адчуў. І, відавочна, стала яму бядотна. І тады ён павярнуўся да нас і сказаў шыйнай трубкай, проста пратрубіў, нібы слон:
– Вы непапраўны народ! Я, ваш далёкі продак, не магу вас абудзіць. Мы змагаліся за гэтую зямлю, думаючы пра вас. Але вы аказаліся га…ном.
І сышоў.

 

***
Калі час маёй экспедыцыі падыходзіў да канца, я вырашыў паспрабаваць замірыць двух непрымірымых гаспадароў. На тое прыдалася ўзятая з сабой пляшка. Спачатку мы выпілі з Кромлехам, пасля я пайшоў да Глюкліха і, выпіўшы з ім, вярнуўся да Кромлеха. Цяпер угаворваць яго адправіцца на госці да брата доўга не прыйшлося.
Гаспадары гнеўна пазіралі адзін на аднаго, але пасля каторай чаркі сцішыліся. Яны як бы аглядалі сваё жыццё. Быццам гэта і не іх жыццё, а – від збоку. Раптам вусны іх раскрыліся і я пачуў дзівосны спеў. Загучала старадаўняя, народная, відаць, песня:

 

Ёсць надзея у мяне,
у мяне,
у мяне
Што аднойчы ўсё міне,
ўсё міне,
ўсё міне.
Мы палічым айн-цвай-драй,
айн-цвай-драй,
айн-цвай-драй.
І пасядзем у трамвай,
у трамвай,
у трамвай.
Паляцім за далягляд,
далягляд,
далягляд.
У радзімы фатэрлянд,
фатэрлянд,
фатэрлянд.

 

Галасы іх узвышаліся, пакуль не загучалі над усёй прасторай, аж да неба, якое ўначы рассыпалася мільярдамі зорак. І чамусьці я заспяваў разам з імі.
Назаўтра я развітаўся з Кромлехам і Глюкліхам, пакінуў Дачнае і самалётам прыбыў у сталіцу.

 

Аспірант сцэнарных курсаў
Марцін Віктаровіч.


Апублікавана

у