Алесь Пашкевіч (№73)

Алесь Пашкевіч

Яго ведаюць усе. Прынамсі – чулі ці сустракаліся. Калі і не з прозвішчам, дык з тым, што яно пачало азначаць у свядомасці грамадства ХХ і ХХІ стагоддзяў: ДЫЗЕЛЬ.
 І ні тыя стагоддзі, ні грамадства без яго ўжо існаваць не могуць, хоць – і не памятаюць. Аднак штодня чуюць і сустракаюцца…
 Падчас з’яўлення гэтага QR-кода1 – відарыса лёсаў вынаходнікаў і нафтамагнатаў – узнікала яскравае жаданне: з таго, што было, ёсць і будзе, выпісаць рэальнасць, якой, магчыма, і не было, але якая… нараджаецца ва ўяве чытача ці хаця б самога аўтара. Але ж ён – звычайны чалавек, які, здараецца, нават і сябе можа не ведаць. А што казаць пра рэальна дзейсных сто гадоў таму персанажаў?
 Вось і давялося, усведамляючы творчы грэх біяграфічнай выдумкі ды абыходзячы цянёты калядакументальнай прозы, змяняць некаторым героям імёны ці літары ў прозвішчах, пераўвасабляючы іх у двайнікі-цені.
 І, спадзяюся, яны не будуць мець на тое крыўды. Ну хоць бы – лепшыя з іх…

 Аўтар

I
 У шкле вакон кавярні «Vі­kón» асты­вала парыжскае сонца.
 – Тут не занята? – спытаў цыбаты наведнік.
 – Не, калі ласка, – мужчына ў сінім швэдары машынальна кіўнуў галавой і перагарнуў старонку тоўстай кнігі. Але чытаць расхацелася, і ён увомірг агледзеў суседа ў спакойным шэрым гарнітуры, затым свае пазногці – і прыхінуўся да спінкі фатэля.
 Яны замовілі амаль адно і тое ж: кураня на грылі, салат і віно. Толькі той, хто ў гарнітуры, – чырвонае, а мужчына ў швэдары – белае.
 Сонца спусцілася яшчэ ніжэй на бульвар Монпарнас, адлюстравалася ў соннай Сене ды зноў мякка дзюбнула промнем у шкло. З веранды далягляд закрывала жалезная спаруда ў драўляных рыштаваннях – ужо на трэць узведзеная вежа Эйфеля. Чатырохногую раскірэку не абмяркоўваў толькі нямы…
 – А як вам гэты монстр? – спытаў мужчына ў швэдары суседа па століку.
 – Ды нічога… Забаўна. Здаецца, і сонца да яго ўжо прывыкла: глядзіце, ляжыць на вежы, як на трымальніку яйка ў смятку.
 – Вы паэт?
 – Не, наадварот…
 – Адкуль жа такая метафара?
 – Напэўна, ад перанасычанасці тэхнікай. Я – інжынер. Гэта вы, думаю, літаратар, – мужчына ў гарнітуры паправіў пазалочанае пенснэ і кіўнуў на адкладзеную кнігу.
 «Швэдар» усміхнуўся:
 – Не, таксама наадварот. – Ён паказаў шмуцтытул, на якім тлуста значылася «Супраціўленне металу Ёзафа Легера», і працягнуў руку: – Выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч.
 – Рудольф Дызель, – назваўся і суразмоўца.
 Яны замовілі яшчэ віна і загаварылі, як даўнія таварышы, якія, аднак, адзін пра другога нічога не ведалі. Былі неабароненымі ад алкаголя, паколькі сустракаліся з ім нячаста, а таму хутка захмялелі і яшчэ хутчэй раззнаёміліся.
 Рудольф і Адам нарадзіліся ў Парыжы. Бацькі першага – немцы – некалі мелі тут скураную майстэрню, галоўны прыбытак якой прыносіў пераплёт кніг. Аднак пачалася французска-пруская вайна, сям’я падалася ў бежанства ў Англію. Напалеон ІІІ са сваім войскам капітуляваў, і трынаццацігадовага Рудольфа выправілі да родзічаў у нямецкі Аўсбург – набірацца навукі. І ён не падвёў: займеў добрую стыпендыю ды закончыў Мюнхенскую вышэйшую тэхнічную школу. А дзевяць гадоў таму па рэкамендацыі свайго настаўніка прафесара Ліндэ зноў вярнуўся ў Парыж на Халадзільны завод Хірша і стаў яго дырэктарам.
 Лёс Адама быў надзіва падобным: таксама вайна і паязджанства баць­коў…
 – Неверагодна, – дзівіўся Рудольф, – мой бацька, як і твой, быў пераплётчыкам!
 Казімір Мацкевіч, бацька Адама, малады прафесар, звольнены з працы за незалежніцкі светапогляд і «нядобранадзейнасць», вымушаны быў «лячыць» у сваім маёнтку кнігі для ўсёй губерні. Калегі ды сябры спрабавалі падтрымаць грашыма, але ганарлівы шляхціч крыўдаваў і адмаўляўся. І тады яны пайшлі ў абход: знайшліся сотні кніг, уладальнікі якіх неадкладна захацелі даць ім новае жыццё. Так і з’явілася праца…
 – Во як! Праўда, да таго ён выкладаў гісторыю ў Віленскім універсітэце, а затым, пакінуўшы пераплётчыцкі варштат, стаў паўстанцам, узяў у рукі стрэльбу ды пайшоў у лес... – Адам узняў келіх і прапанаваў: – Давай… за здароўе нашых бацькоў!
 Прыгубілі, і Рудольф удакладніў:
 – А Віленскі ўніверсітэт – гэта дзе?
 – У Літве-Беларусі. – Адам уздыхнуў, бачачы, што суразмоўца застаецца ў неразуменні, пастукаў пальцамі па стале, падсунуў дзве талеркі, а паміж імі паставіў келіх з віном. – Вось, глядзі… Тут, дзе салат – Польшча…
 Рудольф усміхнуўся і бадзёра кіўнуў.
 – А дзе парэшткі курыцы – Расія. Паміж імі – радзіма маіх бацькоў. Цяпер жа і там, і там, – Адам тыцнуў пальцам на салат і віно, – Расійская імперыя…
 Невядомасць новага гістарычнага мацерыка, было заўважна, зацікавіла да таго скаванага і напружанага Рудольфа. Ён расшпіліў на пінжаку некалькі верхніх гузікаў і зноў спытаў:
 – Дык твой бацька быў паўстанцам… дыктатарам, як і Напалеон?
 – Ды не, – Адам прыхінуўся да стала і расправіў свае каштанавыя вусы. – Кіраўніком паўстання супраць расійскага цара ў тым краі быў іншы чалавек... – Адам задумаўся і махнуў шырокай даланёй. – Забыў прозвішча… Гэта быў, калі памятаеш гісторыю французскай рэвалюцыі, Марат і Рабесп’ер у адной асобе.
 – Цікава. – Рудольф расшпіліў усе гузікі на пінжаку і паправіў гальштук. – І даўно тое было?
 – У 1863-м, за год да майго з’яўлення.
 – А сам ты – выкладаеш?
 – Так. А калі пачала расці гэтая вежа, – Адам кіўнуў на рыштаванні жалезнай спаруды, – стаў адным з арміі інжынераў на яе будаўніцтве.
 Яны дапілі віно і выйшлі на вуліцу. На Марсавым полі, дзе і вырастала Эйфелева вежа, ужо збіраўся кастрычніцкі прыцемак, адагнаны з Сены агнямі Енскага моста. На тратуарах паменела людзей, зрэдку праязджаў экіпаж, на лаўках шапталіся закаханыя пары.
 – А чым ты тут непасрэдна займаешся? – спытаў Рудольф і схаваў пенснэ ў верхнюю кішэньку пінжака.
 – Заклёпкамі, – Адам ускудлаціў свой густы «вожык», усміхнуўся, і ад вачэй разышліся маладыя маршчынкі. – Праз іх я і патрапіў на гэтую грашавітую будоўлю. Уяўляеш, ва ўсёй канструкцыі неабходна змацаваць 18 тысячаў металічных дэталяў. А яны – ад адной да дзясяткаў тон вагой! І па праекце трымацца будуць на двух з паловай мільёнах балтоў-заклёпак. А яны, як разумееш, мусяць быць мацнейшымі за асноўны метал. Вось я і сачу за іх закалкай. Ну ды ты і сам як інжынер ведаеш...
 Рудольф узняў бровы і загаварыў як на лекцыі:
 – Трываласць металу можна значна павысіць шляхам ягонага высокага награвання, а затым – хуткага астуджвання. Пажадана – у вадкасцях.
 – Так. На шчасце, мае загатоўкі аказаліся наймацнейшымі – і мяне ўзялі на працу. Ну а працэс загартоўкі метала, прызнаюся, падгледзеў яшчэ падчас студэнцкай практыкі ў адной з правінцыйных кузняў…
 Яны – маладыя, няўрымслівыя, амбітныя – маглі прагаварыць пра свае клопаты бясконца, але кожнага зранку чакала праца, а таму мусілі развітвацца. Абмяняліся адрасамі, дамовіліся пра новыя сустрэчы – і разышліся.
 Дома састарэлы Казімір Мацкевіч ужо збіраўся класціся спаць, калі ўзбуджаны сын абняў яго і нечакана выдыхнуў:
 – Нешта ты даўно не расказваў мне пра свае маладыя гады…
 Бацька сеў на ложак, уважліва паглядзеў на сына – і ўсміхнуўся:
 – Я ўжо драмлю, прабач. А калі табе не спіцца – ты ведаеш тую шафу. Вазьмі і пачытай…

IІ
 У той жа час праз вуліцу ад кавярні «Vіkon», яшчэ бліжэй да Сены і будоўлі Эйфеля (з жаўтком вечаровага сонца над ёй) у асобным пакоі рэстарацыі «Viktorі» вячэралі дзве пары, якія таксама мелі дачыненне да Расійскай імперыі. Прамое – малады палкоўнік Віктар Аляксандравіч Берг з прыгажуняй-жонкай Елізаветай і, – дачыненне ўскоснае, – нямецкая сям’я Люцыусаў, Генрых і Клара. У агульнай вандроўцы мужчыны правялі два тыдні, і, паколькі сумесная дарога збліжае найбольш, збоку выглядала: на вячэру сабраліся сябры дзяцінства. І мова іх была дзіўная: адны гаварылі па-расійску, устаўляючы там-сям нямецкія словы, другія – па-нямецку з расійскім акцэнтам.
 Віктар Аляксандравіч, мужчына статнай знешнасці гадоў пад сорак, з іскрыстымі зрэнкамі пад далікатным пенснэ, з крыху азызлаватым тварам, знаходзіўся ў незвычайна прыўзнятым настроі. Гэта была яго першая паездка за мяжу. Пасля адносна спакойнай гарнізоннай службы і выкладчыцкай працы ў Ваеннай акадэміі яму ўсміхнулася службовая фартуна: стараннага афіцэра прызначылі начальнікам статыстычнага аддзела Канцылярыі Генштаба Ваеннага міністэрства. Заробак канторскага справавода не надта радаваў, але адначасова Віктару Аляксандравічу дазволена было застацца і на ранейшай пасадзе ад’юнкт-прафесара ў Ваеннай акадэміі – па сумяшчэнні. Неўзабаве ён быў узведзены ў палкоўніцкі чын. Упершыню сямейны даход перарос расход, і па свабодных вечарах, хоць і рэдкіх з прычыны занятасці на службе, Віктару Аляксандравічу часцей заўсміхалася яго маладая жонка. І яны пачалі ўжо нават думаць пра нашчадкаў, а каб вырвацца са сталічных клопатаў ды крыху падправіць здароўе, вырашылі ажыццявіць даўнюю мару: з’ездзіць за мяжу. Ну а куды ехаць з Расіі, калі не ў Парыж?
 Адпрошвацца ў адпачынак доўга не давялося. Не спатрэбілася нават прадугледжанага ў такіх выпадках рапарта. Начальнік Канцылярыі генерал-лейтэнант Мікалай Львовіч Лобіч быў упартым халасцяком з арыгінальным быццёвым распарадкам. Ён прачынаўся каля 10-й раніцы, піў гарбату і гадзіны з дзве працаваў. Затым адчыняў дзверы кабінета, каб выслухаць ад падначаленых даклады. У 3–4 дня ехаў у Сельскагаспадарчы клуб абедаць. Чаму менавіта туды? Неяк прызнаўся, што толькі там цяпер «Руссю пахне». Затым быў на працы да апоўначы, пасля чаго выпраўляўся ў той жа клуб гуляць у карты – да 3–4 раніцы. Праз тую гульню заўсёды быў без грошай, хоць і меў з узнагароднымі ўтрыманне каля трынаццаці тысячаў у год… Падобныя аказіі пераканалі яго ў тым, што вайскоўцам колькі ні дай грошай – усё роўна будзе мала, а таму – няма чаго рабаваць казну! Не снедаў сам і меркаваў, што не варта тым забяспечваць на службе і ніжэйшых чыноў. Ну і, да ўсяго, не ўхваляў шлюбы, паколькі быў перакананы ў шкоднасці іх у службе. А маладым жанацікам напачатку нават спачуваў. Аднойчы пасля даклада палкоўніка Берга ў тоне строгай вымовы начальнік Канцылярыі генерал-маёр Лобіч заявіў, што той можа не з’яўляцца перад яго светлымі вачыма да сярэ­дзіны восені, пакуль у Ваеннай акадэміі не пачнуцца заняткі. Гэта і быў завуаляваны дазвол – хоць і па-вайсковаму грубы – на адпачынак.
 – З цябе ўсё роўна толку – як з казла малака, – падагульніў генерал. – Гаворыш, а ў вачах вунь – жончыны цыцкі скачуць…
 Так і выбраліся Бергі ў Парыж. Па дарозе, праўда, запланавалі паваляцца ў лячэбных гразях (найперш Елізавета – каб вырашыць жаночыя сакрэты) ды папіць гаючых водаў (падлячыць мужаў страўнік). Збіраліся старанна: паскуплялі па Пецярбурзе ўсе дарожныя даведнікі і без стомы распытвалі знаёмых, каму пашчасціла пабываць «за кардонам». Выпраўлялі ў вандроўку Бергаў, здавалася, усе канцылярскія службоўцы Генштаба…
 Па Варшаўскай чыгунцы ў звычайным вагоне другога класа за двое сутак (з перасадкамі, амаль без сну) дабраліся праз Вільню, Горадню, Беласток, Варшаву, Уроцлаў да свайго першага прыпынку ў горным сілезскім Зальцбруне. З задавальненнем ездзілі на конным экіпажы па прыгожых горных мясцінах да старадаўняга замка. Вечарам пілі каву ў санаторнай рэстарацыі. Ну, а перад сном аддаваліся водна-гразевым працэдурам. Пашанцавала і з доктарам, патомным аўстрыякам, які, па расповедах, аб’ездзіў паўсвета, вывучаючы ўплыў клімату на розныя чалавечыя хваробы, ну а цяпер штовосень практыкаваў у Зальцбруне.
 На адным з «водных сеансаў» Віктар Аляксандравіч Берг і пазнаёміўся са шчырым і сяброўскім арыстакратам Генрыхам фон Люцыусам. Ён лячыў ці то гастрыт, ці то язву.
 – Прабачце, вы – не з Прусіі? Падаецца, у вас не зусім нямецкае вымаўленне… – звярнуўся да Берга на другім ці трэцім сеансе фон Люцыус. Яны сядзелі на тэрасе ўдвох і любаваліся ціхім адвячоркам, пацягваючы з гліняных піялаў мінеральную ваду. Палкоўнік расправіў каўнер махровага халата і, павярнуўшыся да суразмоўцы, старанна адрапартаваў:
 – Дазвольце назвацца: падданы яго Вялікасці расійскага імператара Віктар Берг. А з кім маю гонар лекавацца?
 – Генрых… Генрых фон Люцыус, – знаёмец хітнуў галавой, усміхнуўся і ўзняў піялу. – Накіроўваюся ў Парыж, каб праведаць жонку, у якой заканчваецца тэатральны гастрольны тур, і нагадаць ёй пра шлюбны абавязак. Ну а затым забраць яе ў Пецярбург.
 – У Пецярбург?! – ажно прыўзняўся Берг. – Вы паедзеце ў Пецярбург?
 – Так. Маю гонар служыць дарадцам нямецкага пасольства ў Расіі. – Голас Люцыуса напоўніўся стомнымі бясстраснымі нотамі. – Пад ачолам яго эксцэленцыі пасла графа Пурталеса. Можа, чулі пра такога?
 – Безумоўна, яго рэзідэнцыя на вялікай Марской, у асабняку непадалёк ад «Асторыі».
 Цяпер ужо ў неўразуменні ўзляцелі густыя бровы Люцыуса:
 – Вы нават ведаеце, дзе гэта?..
 – Ну так… Мы жывём у Пецярбургу, я на службе там… па ваеннай лініі.
 Генрых фон Люцыус яшчэ доўга выказваў сваё здзіўленне нечаканай сустрэчай, пасля чаго прапанаваў сваю кампанію ў падарожжы да Парыжа, балазе ў яго таксама заканчваўся санаторны тэрмін.
 – Першы прыпынак зробім, натуральна, у Вене. Затым праз Зальцбург – у Люцэрн. Рэкамендую чыгункай дабрацца да цудоўнейшай гары Пілатусі… Перакананы, што чалавеку з такім прозвішчам – Берг-гара – гэта будзе цікава! Паплаваем па тамтэйшым возеры, а адтуль – у горна-альпійскі Андэрмат! Я пакажу вам знакаміты Чортаў мост, які пасля перавала Сен-Гатард з баямі пераадольваў ваш Сувораў! Затым паўз каскады бурлівай Роны конна дабярэмся да чыгункі і – наперад да казачнага Мантро на Жэнеўскім возеры! І – праз Понтарлье – у Парыж! Згодны? Толькі не кажыце, што не зможаце…
 Ну хто ж ад такога адмовіцца?!
 І ўсё было найвыдатна. Праўда, апошнія суткі дарогі па Францыі даліся цяжка: вагон адчайна хістала (напэўна, спазняліся), і ноччу не спалася…
 – Я думаў, што буду нудзіцца ў самоце, а тут лёс падараваў мне радасць сумеснага падарожжа ў вашай прыемнай кампаніі! – фон Люцыус пры развітанні быў нястомна галантны і мілы. Яго дойч здаваўся мяккім і напеўным, амаль родным. – Жадаю вам прыемных дзён у Парыжы. Ну і, спадзяюся, не адмовіце мне яшчэ ў адной сустрэчы. Хачу пазнаёміць вас са сваёй палавінкай. На жаль, у Клары ўжо закончыліся гастролі, на спектакль запрасіць не магу. Але… ведаю някепскі рэстаран – «Viktorі», каля Марсавага поля, насупраць Енскага моста. Кошт прашу дазволіць аплаціць мне. Да сустрэчы а сёмай вечара заўтра…
 І вось яны – Люцыусы і Бергі – за шыкоўным сталом з па-французску вытанчанай вячэрай. З п’янлівым віном і нядаўнімі ўспамінамі.
 – Клара, ты не паверыш! – ажыўлена жэстыкуляваў Генрых. На яго высокі лоб спадаў залацісты чуб, які нашчадак тэўтонцаў мусіў раз-пораз укладваць за вуха. – На зальцбрунскім курорце я паспытаў «татарскага біфштэкса»! Гэта штосьці… Мы доўга хадзілі па ўзгор’і і страшэнна прагаладаліся. Папрасілі ў бліжэйшай сталоўцы чаго-небудзь гарачага, грунтоўнага. А там – толькі лёгкія халодныя закускі… І тады мой сябар Віктар настойвае на мясной порцыі. Нам і прапанавалі той біфштэкс. Ты ж ведаеш, Клара, як я люблю біфштэкс, таму ахвотна пагадзіўся. А нам падалі накрышанае сырое мяса ў анчоўсах з сырой цыбуляй! Аднак з якім імпэтам мы яго знішчылі – ты б бачыла!..
 Сябрына смяялася. Генрых узнімаў келіх, смачна выпіваў і няспешна закусваў, моцныя жаўлакі абуджаліся на прадаўгаватых сківіцах.
 Віктар – як сапраўд­ны палкоўнік – пра­панаваў тост за прысутных дам. Выпіў, задаволена прысеў і паправіў на манжэтах срэбныя зáпінкі, – здавалася, што яны нязграбна чапляліся за канты рукавоў пінжака (аніяк не мог прывыкнуць да цывільнай вопраткі). У гэты момант пад бляскам пенснэ ў ягоных зрэнках закіпаў шакалад.
 – Але вы, гер Генрых, пасля зальцбрунскага «татарскага біфштэкса» напоўніцу адыграліся ў Зальцбургу, – Берг ахвотна працягнуў недалёкія ўспаміны. – Памятаеце прапанаванае вамі венгерскае віно?! Такі душэўны рэстаран, як простая забягалаўка, дзе нават на сталах не было сурвэтак? Я замовіў тады нам два па паўлітра, аднак кельнер прапанаваў спачатку толькі па чацвярціне… І гэтага хапіла, каб звязаць нам ногі! Мы яшчэ з гадзіну не маглі адарвацца ад лаваў…
 – А мне здавалася, Генрых, што ты збіраўся па дарозе да мяне падлячыць страўнік, а не дабіваць сваю печань, – падтрымала размову чароўная Клара, і ўсе бадзёра засмяяліся…
 Развітваліся запозна – з настойлівай прапановай Бергаў сустрэцца ў Пецярбургу, ужо на іхняй кватэры.
 – Адмова будзе прыроўнена да абвяшчэння вайны! – катэгарычна ўзняў указальны палец Берг, і пад яго чорнымі вейкамі і брывамі ўспыхнулі гарэзныя іскаркі. – А насамрэч выдатна, што нашыя краіны – саюзнікі. Гэта, я вам скажу, не Англія якая… – ён пракаўтнуў недагаворанасць і прапанаваў «аглаблёвы» тост за дружбу сваіх народаў ды імператараў.
 Да брытанцаў палкоўнік Берг таксама не меў асаблівай антыпатыі. Англія згадалася падсвядома: ён адно ведаў, што яшчэ з вясны адносіны з ёй праз уплыў на радовішчы Каспійскага мора абвастрыліся, і тое падштурхнула Генштаб да ідэі стварэння асобнага Закаспійскага корпуса, «Палажэнне аб кіраванні і смеце» якога перад адпачынкам і распрацоўваў начальнік аддзела Канцылярыі Ваеннага міністэрства палкоўнік Берг.

IIІ
 Каліноўскі ўзышоў на шыбеніцу ў дваццаць пяць гадоў – ягоны цяперашні ўзрост… Згадка аб тым неяк упершыню настолькі моцна ўзварушыла Адамавы пачуцці, што, не зважаючы на позні час, ён доўга не мог заснуць. Ціха зачыніўся ў бацькавым кабінеце, пабольшыў святла, акуратна расклаў на старым дубовым стале папкі з дакументамі, адозвамі, лістамі, газетнымі выразкамі…
 Вось сшарэлы, падобны на ўлётку «Сцяг свабоды»: «Упэўненыя ў сваіх сілах, падтрыманыя дзейсным прызнаннем краю, па загадзе цэнтральнай улады Народа мы ўзнялі наш сцяг над атрадам працаўнікоў Беларусі…» Адам прачытаў уголас і ў які ўжо раз падзівіўся мяккай звонкасці мовы сваіх бацькоў. Яго ўжо з гадоў шасці пачалі вучыць ёй, а затым прыйшла і польская, і расійская. Акрамя, натуральна, французскай, мог гаварыць і па-нямецку, але па сцежцы гуманітарыя не пайшоў.
 «…Гэта барацьба святая, – чытаў далей Адам, – яна за цэласнасць распаласаваных земляў, за ўласнасць абяздоленых у сваёй айчыне сыноў!.. Дык да зброі! Да зброі, верныя сыны сваёй зямлі! На ворага кожны, хто не здрадзіў сумленню! На апошні бой племя герояў заклікае неадпомшчаная кроў, свабодная будучыня, шчаслівае заўтра».
 Тое шчаслівае заўтра, як ужо ведаў Адам, так і не надышло. Усё закончылася паразай, шыбеніцамі, сібірскай катаргай ці выгнаннем. Ён спрабаваў сабе ўявіць, што ж адбывалася ў тым невядомым краі паміж Бугам і Нёманам – і ў рамантычных мроях вымалёўваліся відзежы Парыжскай камуны.
 Яму было тады сем гадоў, але ўсё надзіва ярка памятаецца. Вусач-вайсковец дзядзька Яраслаў, з зіхоткай шабляй і такімі ж іскрыстымі вачыма… Яны падоўгу зачыняліся з бацькам і аб нечым сваім гаварылі, а хлапчук не мог нагуляцца з пакінутым яму пісталетам…
 «Дзядзька Яраслаў, даўно я не наведваў тваю магілку», – падумаў Адам і перахрысціўся.
 Здавалася, маладому жыццю не будзе сканчэння… тады, калі іхняй «піцерскай пяцёрцы» (Віктару і Канстанціну Каліноўскім, Яраславу Дамброўскаму, Ігнату Здановічу і Казіміру Мацкевічу) было, як казаў бацька, «на чупрыну больш за дваццаць».
 І ўсіх чатырох, чые фотакарткі вісяць над сталом, няма на гэтым турботным свеце. Віктара, гісторыка-палеографа, забралі сухоты. Яго малодшага брата Канстанціна – царская шыбеніца. У дзядзькі Яраслава таксама склаўся раманны і кароткі лёс: пасля заканчэння Мікалаеўскай акадэміі Генштаба шляхціц Дамброўскі распрацаваў план узброенага паўстання, быў арыштаваны і трапіў у турму, адкуль у 64-м збег і разам з жонкай эміграваў за мяжу, спыніўся ў Францыі – і стаў генералам Парыжскай камуны! Падчас аднаго з баёў плячо разарвала куля – і праз дзве гадзіны ў парыжскім шпіталі Ларыбуазьер яго зямное жыццё закончылася…
 Калі аднойчы Адам паспрабаваў параўнаць падзеі таго паўстання з Парыжскай камунай, бацька не пагадзіўся.
 – Там, – ён паказаў вачыма на чатыры фотаздымкі сваіх таварышаў, – была барацьба найперш за свой родавы гонар і свабоду…
 – І ты… – Адам нервова пакусаў губу і выпаліў: – Таксама страляў, забіваў?
 Бацька ўздыхнуў, доўга хадзіў па кабінеце, прысеў – і пачаў распавядаць, як пра ўчора прыснёнае: напачатку па-французску, а затым незаўважна для сябе перайшоў на беларускую:
 – Пад Вільняй мы атакавалі царскую роту пяхоты, якая ахоўвала мост. Роту разбілі, але мост узарваць не змаглі. Міна не спрацавала… Пачалі падпальваць, але з горада падаспеў атрад конных казакаў. Наш звяз адступіў да Ашмянаў, казакі праз снег і лес не змаглі пераследаваць… Праз некалькі дзён мяне накіравалі ў Вільню: звязацца з кіраўніцтвам правінцыйнага камітэта, здабыць медыкаментаў і грошы. Мусіў сустрэцца з Ігнатам Здановічам, з якім таксама быў знаёмы па Пецярбургскім універсітэце. Ігнат скончыў яго са званнем кандыдата матэматыкі, затым вучыўся ў Берліне, выдаў тут, у Парыжы, брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» – і напачатку 63-га вярнуўся ў Вільню, дзе быў абраны паўстанцкім начальнікам горада і галоўным скарбнікам… – бацька адарваўся ад успамінаў, падышоў да кніжнай шафы, штось старанна пашукаў у ёй, затым матнуў рукой і зноў прысеў да сына; на састарэлым – у няпоўныя пяцьдзясят гадоў – твары бліснулі дзве слязіны. – А выявілася, што Ігната арыштавалі… Пэўна, хтосьці са сваіх, як гэта водзіцца, выдаў… І знаходзіўся ён у Дамініканскім касцёле, ператвораным у турму. Дом Здановічаў абшукалі і канфіскавалі. Ігнат і ягоны бацька – універсітэцкі прафесар – сядзелі ў асобных лёхах. Але кáты не змаглі вырваць у шляхцічаў аніякіх прызнанняў! Перад шыбеніцай яны пабачыліся… Калі прафесар Здановіч увайшоў у лёх, сын стаяў наўсколенцах перад святаром, спавядаўся… Убачыўшы бацьку, ускочыў і абняў… «Я шчаслівы і ўдзячны Богу, які дазволіў мне загінуць за Айчыну», – прашаптаў ён. Маці і сястру развітацца з Ігнатам не пусцілі. Яго вывелі на пляц у споднім і яшчэ з гадзіну трымалі на марозе. А калі паліцмайстар у апошні раз прапанаваў раскаяцца і распавесці пра паўстанцкую арганізацыю, Ігнат годна адказаў: «Мераеш мяне ўласнай подласцю?!» Вось яно як, а ты кажаш, ці стралялі мы, ці забівалі…
 Прозвішча Адамавай маці да замужства таксама было Здановіч. Гэта яна, сястра згаданага закатаванага паўстанца, на Каляды 1863-га сустрэлася ў Караляўцы-Кёнінгсбергу з Казімірам Мацкевічам, куды прывезла мандат на выданне газеты «Голас з Літвы» і сродкі на тое. «Голас» мусіў інфармаваць Еўропу пра іх барацьбу і стаць зборным штабам вайсковай экспедыцыі з Усходняй Прусіі і Каралеўства Польскага ў Літву-Беларусь і Жамойцію.
 Газета выходзіла тры месяцы, а ў красавіку 1864-га Казімір Мацкевіч і Марыя Здановіч, ужо як венчаныя муж і жонка, выедуць на сустрэчу з ваенным камісарам Літвы за мяжой Баляславам Длускім у Парыж, дзе і даведаюцца пра канчатковую паразу паўстання. На руках у іх застануц­ца невялікая сума грошай і «білет» на права свабоднага пражывання ў Францыі з пячаткай Аддзела Літвы Польскага Нацыянальнага ўрада, а праз паўгода – з’явіцца і сын Адам…
Ён разгарнуў новую папку – якраз з адбіткамі «Голаса з Літвы» – і пачаў нетаропка чытаць прыкамечаныя, пажаўцелыя, памеру звычайных улётак старонкі…
 «Мы вычарпалі ўсе мірныя сродкі. Патрабавалі, каб цар нам даў, што нам трэба, – не даў.
 Пайшлі далей і распачалі пасіўнае супраціўленне. Спявалі і маліліся да Бога, каб прывёў Маскву да одуму. Але Масква была пад уладай сатаны і не слухала боскіх натхненняў, і, калі на нашых вуснах была малітва, пасылала кулі ў нашы безабаронныя грудзі…»
 «Век ХІХ вялікі плёнамі… З хіжага дэспатызму пачалі праяўляцца правы чалавека; спачатку паасобку, а потым аб’ядналіся ў хор, які выйшаў з Францыі і дайшоў да Масквы… Усё, што працівіцца волі Бога і правам чалавека, злучаецца з лагерам царызму…»
 З кожнай старонкай для Адама зноў адкрываўся новы таямнічы свет: свет яго бацькі, свет яго маці, свет іх далёкіх невядомых продкаў, – тое, што здавалася хоць і міфічнай атлантыдай, але падсвядома пульсавала ў ягонай ліцвінскай крыві.
 Ап’янёны згукамі мінулага і супакоены імі, ён і заснуў над тымі газетамі. І было яму ў той час соладка, шчасліва і цёпла – у нядаўна купленым на нядзельным кірмашы сінім швэдары, якія толькі пачалі прыжывацца ў Францыі і які нагадваў яму той, ужо даўно малы і зношаны, звязаны на шатландскі ўзор мамай – незадоўга перад адыходам яе ў свет лепшы…


Цалкам QR-відарыс Алеся Пашкевіча "Рух" чытайце ў сьвежым 73-м нумары часопіса "Дзеяслоў".

Апублікавана

у