* * * …калі над вершамі я плачу, то, значыць, нешта ўсё-ткі значу, як чалавек, які астачу жыцця не кінуў на абы, а вызнаць сэнс яго таемны і дух быцця адчуць нятленны жадае, каб знайсці збавенне, нягледзячы на лёс сляпы. 8 студзеня 2011
СОН Апоўначы, схіліўшыся з краю нябёс, да мяне дагукалася мама, і кажа мне гэтак: не вер, што тут цемра і нежыць, тут – як і там, толькі ўсё перавернута: хто быў апошнім, апынаецца першым, і Авель зайздросціць дару брата свайго… Тут чалавек падобны на свой першародны вобраз… І зямля адсюль бачыцца гэтак жа, як і неба – з зямлі…
Пасля адвярнулася, накрылася воблакам – і заснула… 24 лістапада 2013
* * * Тэры і электарату Сабака звыкае да волі гаспадара і да ўтульнай хатняе службы; ненавязаным не хоча выходзіць на вуліцу, баіцца быць пакінутым сам-насам…
З якой удзячнасцю ён ліжа маю далонь, калі я прышчэпваю павадок… 5 снежня 2013
ВЫРАК ВАРАННЯ На полі бязлюдным падвечар, сабраўшыся цёмнаю хмарай, вароны наладзілі веча, з усіх прыляцеўшы абшараў… Свой чорны выкарквалі гонар і лютасць вытоптвалі яра, пакуль не павыдзерлі з горлаў: кра! край гэты – крыж наш і кара!..
Гарлалі над выстылым полем да шарай гадзіны сыходнай, пакуль іх гаротная доля не сталася доляй народнай… 27 снежня 2013
* * * Каторы дзень сяджу і думаю: якая марнасць жыцця, хоць вазьмі ды засілься на вяроўчыне, якой перацягнулі ўчора купленае ў краме паліто (а гэта ж не на адну зіму?!)…
Але ў нашай літаратуры амаль ніхто не сыходзіў так, як сыходзілі Маякоўскі, Цвятаева, Місіма альбо Сільвія Плат… Нашых часта выдавалі, добра плацілі, любілі і шанавалі, а калі, бывала, наадварот, – то не хапала волі, каб да канца выславіць сваё Я такім грэшным чынам…
Ну, хіба што Жэня Янішчыц ды Гумянюк… Астатнія ад гарэлкі ўгаралі, хвароб і пражытых гадоў… Яшчэ самазгубна сыходзіў Сыс, зрэшты, ён і сышоў крывёю… А я?! Ці мог бы сысці я, замкнуўшы за сабой дзверы, ачапіўшыся на круку запыленай люстры?..
Наўрад ці…
Задыхаюся, а – жыву…
Думаю, каб самохаць сысці трэба мець сатанінскі талент, а можа, нават, выбітае на сэрцы ў спрэчках з Богам, таўро геніяльнасці… 28 снежня 2013
ГРАМАТЫКА ЖЫЦЦЯ Алесю Разанаву Ніхто не жадае быць словам, а ўсё – клічнікам, кропкаю альбо хоць коскаю, на крайні выпадак, пытальнікам, а хтосьці – працяжнікам ці шмакроп’ем…
Так, у жыцці ёсць правілы пунктуацыі і выключэнні з іх, а ўсё ж без Слова няма ў нас сэнсу, бо толькі ў ім – крыж нашай сутнасці і ўваскрашэнне…
Скурчваемся пытальнікамі ў старасці – ніхто нам не адказвае, выструньваемся клічнікамі ў труне – ніхто нас не чуе…
І толькі Слова моўчкі стаіць наводдаль, нікім не заўважнае і не пачутае… 27 студзеня 2014
* * * Нам славы зямное не будзе нікому, а – ўсім і адна: за тое, што – Божыя людзі і нас не скарыў Сатана…
Ды нават і тых, хто скарыўся, не кіне на гібласць Хрыстос, а веры працягне скарынку заместа адчаю і слёз… 29 cтудзеня 2014
* * * прахапіўся ў сне на магіле мамы адчуўшы як скрозь пальцы прарастае трава 3 лютага 2014
* * * Зямля, цяжарная быццём бацькоў, і неба, лёгкае дыханнем Бога, мой дух і плоць у свой спрадвечны схоў павінны ўзяць, іх раздзяліўшы строга на дзве сукупных сутнасці жыцця, якія у адной зямной істоце, ратуючы сябе ад забыцця, з’ядналіся насуперак Прыродзе. 22 сакавіка 2014
* * * Паэт Рыгор Барадулін жыў ад мяне недалёка – наўскос – на вуліцы Мележа, пры Севастопальскім парку… Нядаўна перасяліўся вышэй, абжываючы неба над тым зелянеючым месцам… Цяпер, калі там гуляю, гляджу ў паднебную вечнасць, дзе ў высях, пад яркімі зорамі паэт наш Рыгор Барадулін Тварцу ненатомна чытае на роднай матчынай мове свае беларускія вершы…
Я думаю ўсё ж, што аднойчы Гасподзь не стрывае такога нахабства й прэтэнзій на Слова, і вытурыць дзядзьку Рыгора, як вытурыў колісь адтуль яго першапродка Адама…
Ды ў тым пакаранні Паэта і цепліцца наша надзея на існае ў нас адраджэнне – вяртанне нямым беларусам іх роднай памерлае мовы… 31 сакавіка 2014
* * * Такі гожы сонечны дзень!
А нехта падышоў збоку і топчацца па маім распластаным ценю… 2 жніўня 2014
* * * Пагодзімся, паэзія – душа чалавека.
Хіба скажаш, што не любіш яе, калі ты не бяздушны… 13 снежня 2014
* * * Ніхто не ведае, што ён будзе рабіць у апошні момант: радавацца жыццю ці жахацца смерці?
Госпадзе, самая страшная Твая кара – забраць чалавека без папярэджання…
А можа, ў гэтым і ёсць Твая літасць? 19 жніўня 2014
* * * Ах, смерць – падманка жыцця. Немаўля, якое перастае плакаць з пустышкаю ў роце… 23 жніўня 2014