Вольга Гронская (№76)

Гронская-Дзеяслоў

* * *
Хочаш,
я раскажу табе казку?
Сядай.
Паслухай.

Калісьці жылі на свеце шкляныя людзі.
Каб не загінуць, баяліся рэзкіх рухаў,
абдымкаў і нават дотыкаў.
Раптам будзе
балюча?
Ці – нечакана – удар па пальцах?
Або, што намнога горш,
разаб’ецца сэрца?
І людзі рашылі
проста не дакранацца
і жыць на адлегласці
крокаў, вялікіх тэрцый,
гадоў, кіламетраў…
Бо блізкасць страшней за кулі –
яна забівае.
А людзі хацелі выжыць.

Ты не верыш,
бярэш мяне за руку
і
я рассыпаюся
на аскепкі
ў гэтай цішы.

 

* * *
(ведаеш, гэтай восенню збіваюцца ўсе настройкі)
я сёння гуляла па ранішніх ціхіх вуліцах:
між шэрых дамоў аранжавая праслойка,
і птушкі на лавачцы ў парку нібы цалуюцца,
(хаця пра гэта ўжо Блок, паўтарацца не мае сэнсу,
ды й не такія, зрэшты, цяпер марозы…)
у змоўклым фантане – цэнты, капейкі, пенсы,
у пераходзе – дзядуля з песнямі і марозівам,
(ведаеш, часам хочацца кінуць усё і з’ехаць,
куды заўгодна, без розніцы, можна на Марс ці ў Лондан)
так смешна, дзядуля зацягваў нешта з Эдзіты П’ехі,
потым салоны вабілі модным амбрэ і блондам,
усе хаваюцца ў цёплае, і толькі адзін – у шортах,
са мной павітаўся шэры маленькі коцік,
(а нехта ўверсе кропкі злучае хордамі…
мяне без цябе ламае, ты мой наркотык…
эскімос, я лятучая рыба, што трапіла на кручок…)
сыплецца лісце, дворнік падмахвае недакуркі…

усяго толькі пару імгненняў – уткнуцца ў тваё плячо
і бязгучна вярзці ўсё гэта каўнеру курткі

 

* * *
У яе падсвядомым
спрачаюцца дзіўныя галасы,
пальцам холадна,
ные шыя і штосьці ніжэй ключыц.
Вусны пахнуць суніцамі,
травою скошанай – валасы…
Толькі радасць яе і смех замкнёныя на ключы,
і агеньчыкі, што ў вачах, забыліся уключыць.

Пакрысе рыфмуюцца словы,
гатуюцца боршч і плоў,
у нататніку пішацца спіс неабходных спраў.
Вечарамі – падлік адказаў або галоў
ці шчаслівы фінал у нейкай з апошніх глаў
(толькі б не заміраць
у чаканні твайго “ало”).

І пакуль ты п’еш піва
або цалуеш тую з жанчын,
у якой бездакорны твар і локаны па плячах,
ёй ізноў
пераймае дыханне сярод начы,
сціскаюцца столь і падлога,
яна крычыць
і прачынаецца.
Тры.
Цемра, адчай.

Абхапіўшы аберуч калені,
сядзіць яна
ля сцяны на кафлянай плітцы
і п’е каньяк
(Сагравае крыху.
Як свечкі агеньчык.
Як
далоні твае на скуры яе сцягна).
І пустэча ўнутры, здаецца, не мае дна.

Ранкам кожны на месца вернецца,
у сваю графу.
У яе ўсё нармальна,
і думаць няма калі.
Ты спяшаеш на працу,
побач косяць траву…

Спатыкнуўшыся,
ты павернеш на водар той галаву,
і, магчыма,
на міг зварухнецца штосьці
і забаліць.

 

 

* * *
Я ёй пісала:
“Маю імя Ліліт,
палкія сны,
радзіму сярод аблокаў.
Гэта мяне штораз маляваў Далі,
мне прысвячаў радкі Аляксандр Блок,
і
Поль Элюар, калі гаварыў пра Нуш
ды расфарбоўваў сінім зямную кулю,
меў на ўвазе толькі мяне адну –
лёгкую,
непаўторную,
трапяткую…”

Толькі ў адказ прынеслася:
“Не аддам!
Будзь ты багіняй, німфай ці каралевай –
мой!
Застанецца разам са мной Адам.
Больш не пішы.
Шчасліва”.
І подпіс –
Ева.

 

* * *
Адзін мой сябар
(той, што слухае цішыню)
ніколі не марыў стаць
ні кампазітарам, ні паэтам.
Ён любіць прабелы і паўзы.
А калі я яму званю,
мы доўга маўчым у слухаўкі
(у нас з ім свае сакрэты).
Ён часта ставіць шматкроп’і
ў лістах з фантазій і сноў
і сыходзіць, пакуль яшчэ
нічога не пачалося.
Я бачу яго ў мігценні
кадраў нямога кіно,
дзе ў ціхім і непрамоўленым
хаваецца шматгалоссе.
Ён верыць, што кожнае заўтра
нясе не фінал, а працяг.
Ён недзе па-за і па-над,
між вечарам і світанкам…
Я прыціскаюся вухам
да ракавінкі ў грудзях,
і мора ўнутры яго
спявае мне калыханку.

 

* * *
Гэта – маленькі бог.
Яму сумна бывае часам
там, на вясновым небе,
у доме з аблокаў.
Мама і тата на працы.
Але ў яго ёсць
чароўная скрыня цацак.
Ён іх выцягвае і гуляе
ў нас, далёкіх.

Вось па дарозе машынкі едуць –
хто ў М, хто ў Б.
Людзі ў футбольнай форме
ганяюць мячык.
Хтосьці будуе замак
ці самалёт сабе.
У казачнай школе
дзетак вучаць рашаць задачы.

А можна яшчэ ўзяць
белых пухнатых нітак клубок,
парэзаць дробна
і сыпаць на горад з неба…

Гуляй.
Хай табе будзе добра,
маленькі бог.
Толькі салдацікаў не бяры.
Не трэба.

 

* * *
Мне сніцца,
што я акварыюм
з каляровымі рыбкамі.
Ува мне трапечуцца гупі
і б’юць хвастамі.
Ёсць яшчэ залатыя,
якія здзяйсняюць мары
(што былі проста снамі,
або не з намі,
або не там і
таму – не лічацца,
толькі хіба – урыўкамі).

Вясёлкавыя, вясёлыя,
расфарбаваныя сонейкам,
рыбкі гуляюць у хованкі,
быццам малыя дзеці,
замест матылькоў у жываце
танцуюць дзівосны танец,
плывуць ад вуснаў да сэрца
і там хаваюцца дзесьці…
І мне не трэба ні Фрэйда,
ні нейкіх соннікаў,
хоць зразумець усё да канца
я ніяк не ў стане.

Мне сніцца,
што я акварыюм…
І да мяне падыходзіць
еці –
вялізны і страшны –
і рыбак маіх
глытае…

З крыкам я прачынаюся.
П’ю гарбату.
Іду па праспекце.
Тонкая,
але моцная.
Празрыстая.
І
пустая.

 

* * *
Я – дрэва.
Ты – мая восень.
Ты павольна мяне распранаеш.
Скідваеш з плеч кашулю
і, калі пачынаю мерзнуць,
ненадоўга вяртаеш лета,
прыносячы сонца ў далонях.
Мне ўжо цёпла.
Працягвай.
Можна.
На зямлю апускаюцца джынсы,
майка падае і шкарпэткі,
і ляжаць каляровай купкай
на падлозе каля канапы.
…Засталося зусім нямнога…
Чую вецер з усмяглых вуснаў.
Толькі два апошнія крокі
аддзяляюць
ад белай,
белай…
Раз –
як ліст, ападае станік.
Два –
і болей няма нічога.
Толькі вецер.
І толькі рухі.
Толькі мы
ў прадчуванні
снегу.

 

* * *
А калісьці было нам шэсць
(ці сямнаццаць?)…
Вось мы
сядзелі на падваконні,
глядзелі на вуліцу.
Вераб’і і вароны біліся за скарынку.
Сэрца білася
недзе між сёмым і восьмым.
Як каменьчык,
які ў тваім чаравіку муляецца,
словы рваліся вонкі,
калолі язык спружынкамі.
Мы, нягледзячы на, маўчалі.
Спяваў пра восень
назаўсёды любімы голас,
аблокі падалі
на зямлю і на плечы
таполевым пухам белым,
і было так дзіўна, казачна і нясмела…
У мяне –
счараванай рыфмамі і баладамі.
У цябе –
у тваім карцінкавым яркім свеце.
“Мы” – умоўнасць,
бо кожны жыў на сваёй планеце.
Дзесьці.

І цяпер
(калі нам трыццаць два,
трыццаць шэсць
ці сорак)
мы глядзім праз вакно на птушак,
складаем казкі
са шчаслівым фіналам
і самі сабе не верым.
…Сонца піша
спіралі Эшэра
на шпалерах…
Быццам хлопчык
з адной з далёкіх нябачных зорак,
поім чыстай вадой
адзіную ў свеце ружу,
ціха молячы свет і цемру :
“Ну калі ласка…”
Не жадаючы чуць
трывожныя пазыўныя
і глядзець у вачніцы
ўзведзеных некім ружжаў.

Мы ізноў паўтараем тое,
што гаварыў
пра адказнасць і сэрца
дзядзька Экзюперы…
Колькі б нам ні было,
мы дзеці,
зусім дурныя,
і маленькія лісы
плачуць
у нас
унутры.

 

* * * (PS)
Марыянеткай
танцую я ў гэтым Сусвеце.
Мною кіруюць
тонкія ніткі пачуццяў.
Рухаюць пальцы і плечы,
ногі вядуць
і галаву нахіляюць у лёгкай усмешцы.

Марыянеткай
імкліва наперад лячу
ў вальсе
і не заўважаю,
як нехта магутны,
ў мойру гуляючы,
рэжа нябачныя ніткі.
Я забываю, як пахнуць трава і ваніль
(рукі губляюць апору, хапаюць паветра),
не адчуваю больш смаку ні вішняў, ні кавы
(ногі няўпэўнена ловяць іншыя рытмы),
не разбіраю ні шэпту, ні грукату колаў
(і заўважаю, як рвецца апошняя нітка)…

Ціха заплюшчваю вочы
і ў гэтай маўклівай,
незразумелай,
балючай,
бязводарнай
цемры
кропляй,
каменьчыкам,
пёркам,
лістком
і сняжынкай
падаю
ў бездань,
уніз…

У абдымкі
твае.


Апублікавана

у