У № 78 «Дзеяслова» – невядомы «шасцідзясятніцкі» дзённік Караткевіча

Летам у рэдакцыю часопіса нечакана звярнулася пляменніца пісьменніка Алена Сінькевіч. Яна прапанавала для публікацыі дзённік Уладзіміра Караткевіча, датаваны 1965-1966 гадамі, які захоўваецца ў хатнім архіве пісьменніка. Алена Сінькевіч вырашыла самастойна падрыхтаваць яго да друку і напісаць каментарыі.

Спраўджваецца з арыгіналам вёрстка дзённіка У. Караткевіча. Злева направа: Анатоль Івашчанка, Барыс Пятровіч, Алена Сінькевіч

Як ведаюць караткевічазнаўцы, паўнавартаснага шматгадовага дзённіка, у адрозненне ад Максіма Танка ці Вячаслава Адамчыка, Уладзімір Сямёнавіч не вёў. У часе перабудовы былі адшуканыя і апублікаваныя паасобныя нататнікавыя запісы пісьменніка, якія да схілу пісьменніцкага веку рабіліся ўсё больш і больш сістэматычна. Аднак запісаў перыяду 1960-х гадоў, так лічылася раней, амаль не захавалася. І гэта пры тым, што найважнейшыя і найаб’ёмнейшыя свае творы Караткевіч напісаў менавіта ў маладосці: раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Леаніды не вернуцца да зямлі». Не кажучы пра шматлікія аповесці і апавяданні, вершы.

Ва Уладзіміра Караткевіча быў вельмі чытэльны почырк…

Дзённік уяўляе сабой бухгалтарскі гросбух вялікага фармату, старонкі якога з абодвух бакоў запоўненыя круглым, вельмі чытэльным почыркам Караткевіча. Як і ў шматлікіх іншых рукапісах аўтара “Каласоў…”, нямала месца тут адведзена аўтарскім малюнкам. Яшчэ большую цікавасць выклікаюць яны таму, што ў час напісання дзённіка Караткевіч працаваў над раманам “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і аповесцю “Чазенія”. Перарабляючы ў каторы ўжо раз сцэнар для кінастужкі, празаік урэшце вырашае для сябе, што не аддасць на глум сваю ідэю, цэнзуруючы пачатковую ідэю паводле чыноўніцкіх вымогаў ад Дзяржкіно. Фактычна на старонках дзённіка Караткевіч пастанаўляе пісаць раман так, як ён хоча, не азіраючыся на кіношнікаў.

…і нешараговы мастацкі талент.

Яшчэ адна важная частка дзённіка – падарожжа ва Уладзівасток разам з Рыгорам Барадуліным і Генадзем Кляўко. Як кажа легенда, аднойчы паэты жартам патэлефанавалі знаёмаму генералу з просьбай закінуць іх як мага далей у камандзіроўку і пасля забыліся пра той званок. Аднак у Саюз пісьменнікаў БССР прыйшоў афіцыйны ліст, і троіца хоць-няхоцькі паехала набірацца ўражанняў на ціхаакіянскае ўзбярэжжа савецкай імперыі. Беларусы могуць быць насамрэч удзячныя таму невядомаму генералу, бо дзякуючы падарожжу з’явілася “Чазенія” – адзін з самых пранікнёных твораў пра каханне ў беларускай літаратуры. Караткевіч фактычна пачынае пісаць “Чазенію” ў дзённіку, запісваючы для памяці пейзажы прыродных запаведнікаў, але імя галоўнай гераіні аповесці ў побытавы аповед так і не трапляе.

Партрэт Каліноўскага ў кабінеце Караткевіча вядомы па фотаздымках і ўспамінах…

Дзённік часта запаўняўся Караткевічам постфактум, фактычна – гэта самастойны літаратурны твор, дзе ёсць месца развагам пра беларускае асяроддзе, пытанням пісьменніцкай тэхнікі, праблемам планетарнага маштабу. Аднак нямала старонак аб’ёмнага сшытку прысвечана і побытавым апісанням: жыццю і працы пісьменніка ў рагачоўскай хаце, расповедам пра паходы ў рэдакцыі літаратурных часопісаў, сустрэчам з пісьменнікамі і чыноўнікамі. У тэксце хапае досыць спрэчных і асабістых момантаў, і менавіта таму Алена Сінькевіч як абаронца аўтарскіх правоў пісьменніка вырашыла самастойна падрыхтаваць дзённік Караткевіча да друку. Для каментавання тэксту, паведамляе яна, давялося ці мала праседзець у бібліятэцы беларускай Акадэміі Навук, дзе цяпер у асноўным захоўваецца рукапісная спадчына Караткевіча, у тым ліку аб’ёмнае ліставанне. Гэткім чынам удалося вызначыць шматлікія рэаліі і персаналіі, ведаць якія Алена Сінькевіч не магла і па ўзросце, і таму, што пераехала ў Беларусь толькі ў 1971 годзе.

Аднак цікавым з’яўляецца і адварот — з каліграфіяй Зянона Пазняка: “Уладзімеру Караткевічу. Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці.
З.П. 26.ХІ.65. Мінск”

Навуковым рэдактарам тэксту з’яўляецца караткевічазнаўца Пятро Жаўняровіч. Відавочна, што дзённік будзе ўлічвацца пры складанні апошніх тамоў збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах, выданне якога цяпер ажыцяўляецца.

Ужо сёння нумар “Дзеяслова” №78 з невядомым дзённікам Караткевіча можна набыць у Мінску ў краме “Акадэмкніга”. Заўтра часопіс з’явіцца ў продажы ў кнігарнях “Логвінаў”, “Кніжны салон”, на сайце knihi.by.

Тэкст і фота: Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org


Апублікавана

у

,