Лада Алейнік (№78)

Лада Алейнік

Дзядзькаванне: звычай ці міф?

Праблема сацыялізацыі асобы ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

Тэрмін “сацыялізацыя” пачаў выкарыстоўвацца пры канцы ХІХ стагоддзя ў амерыканскай сацыялогіі. У 1896 г. у артыкуле “Сацыяльны кантроль” яго выкарыстаў Эдвард Рос, адзін з заснавальнікаў амерыканскай сацыялогіі і сацыяльнай псіхалогіі. У 1897 г. амерыканскі сацыёлаг Франклін Гідынгс надрукаваў кнігу “Тэорыя сацыялізацыі”. У 1916 г. заснавальнік Чыкаг­скай школы сацыялогіі Эрнст Бёрджэс абараніў доктарскую дысертацыю “Функцыі сацыялізацыі ў сацыяльнай эвалюцыі”.

Узнікненне тэрміна “сацыялізацыя” было абумоўлена аб’ектыўнай неабходнасцю развіцця сацыялогіі – навукі аб заканамернасцях функцыянавання грамадства. Працэс інтэграцыі асобы ў сацыяльную сістэму амерыканскага грамадства, якое з’яўляецца кангламератам уласных і сусветных культурных каштоўнасцей, норм у галіне асабістых і сямейных узаемаадносінаў, надзвычай складаны і шматаспектны. Назву “сацыялізацыя” атрымала з’ява, якая абагульніла шэраг працэсаў, датычных фарміравання і сацыяль­нага станаўлення чалавека: гэта і выхаванне, і інкультурацыя, і інтэрыярызацыя (інтэрналізацыя), і сацыяльная адаптацыя, і самаідэнтыфікацыя.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя аформілася тэорыя сацыялізацыі, тэрмін увайшоў ва ўжытак у сусветнай навуцы. Несумненна, зварот да пытання, якім чынам чалавек робіцца кампетэнтным членам грамадства, заўсёды быў у цэнтры ўвагі навукі. “Да афармлення тэорыі сацыялізацыі ў адносна самастойную галіну навуковых даследаванняў, праблемы, датычныя станаўлення асобы, вывучаліся ў рамках традыцыйных праблем чалавеказнаўства (выхавання, фарміравання і развіцця асобы і грамадства, пераемнасці пакаленняў і інш.). Са з’яўленнем у навуковым выкарыстанні паняцця “сацыялізацыя” адбылася пераарыентацыя гэтых работ у новае рэчышча” [1, с. 10–11]. Паводле свайго зместу тэрмін “сацыялізацыя” з’яўляецца міждысцыплінарным і выкарыстоўваецца ў такіх розных галінах ведаў, як сацыялогія, псіхалогія, філасофія, педагогіка, антрапалогія, этнаграфія і іншых. Аднак у філалагічнай навуцы праблема сацыялізацыі асобы яшчэ не набыла належнага асвятлення, гнасеалагічны і анталагічны патэнцыял мастацкай літаратуры не даследаваўся з пункту гледжання сацыялізацыі.

Феномен сацыялізацыі знайшоў дастаткова грунтоўнае і шматаспектнае ўвасабленне ў беларускай літаратуры ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. Аднак варта падкрэсліць, што, аналізуючы мастацкія творы, у якіх адлюстраваны працэс сацыялізацыі, даследчыкі традыцыйна вялі гаворку выключна пра выхаванне асобы. Між тым сацыялізацыя і выхаванне з’явы не тоесныя. У адрозненне ад сацыялізацыі, якая адбываецца ў выніку стыхійнага ўзаемадзеяння чалавека з навакольнай рэчаіснасцю, выхаванне – працэс свядомага і мэтаскіраванага псіхолага-педагагічнага ўплыву на асобу. Вядома, што чалавек можа быць выхаваным і інтэлігентным, мець высокія маральныя прынцыпы, але пры гэтым не ведаць жыцця, не ўмець да яго прыстасоўвацца. І наадварот – можа дастаткова камфортна пачувацца ў соцыуме, але пры гэтым быць не выхаваным, не мець маральных перакананняў.

Безумоўна, мастацкую літаратуру нельга разглядаць як фактаграфічна-дакладную крыніцу інфармацыі. Аднак літаратурныя творы, у якіх вобразна адлюстраваны і асэнсаваны культурна-гістарычны і сацыяльны вопыт чалавецтва, актыўна спрыяюць працэсу пазнання. Нягледзячы на значнасць рацыянальнага вопыту ў жыцці чалавека, эмацыйна-пачуццёвае і эстэтычнае спасціжэнне рэчаіснасці адыгрывае не менш істотную ролю ў фарміраванні асобы.

Мэтазгодна адзначыць, што на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў усё больш выразна выяўляецца тэндэнцыя да збліжэння прыродазнаўчых, сацыяльных і гуманітарных навук, фарміруецца прынцыпова новы падыход да асэнсавання аб’ектаў даследавання і рэальнасці ў цэлым. Сучасныя вучоныя падкрэсліваюць: “Узаемадзеянне паміж сферамі прыродазнаўчых і гуманітарных ведаў, якое на этапе дысцыплінарнай арганізацыі навукі прымала пераважна форму трансляцыі метадалагічных установак прыродазнаўчых навук у сацыяльна-гуманітарныя веды, у постнекласічнай навуцы ажыццяўляецца на аснове аб’яднання кагнітыўных і аксіялагічных параметраў навуковых ведаў” [2, с. 251]. У святле найноўшых навуковых тэндэнцый даследаванне мастацкага асэнсавання сацыялізацыі чалавека набывае асаблівую значнасць і прымае характар не абстрактна-эстэтычны, а сацыяльны і канкрэтны.

Адным з выбітных узораў айчыннай прозы ХХ ст., дзе маляўніча і па-мастацку пераканаўча адлюстраваны працэсы выхавання і сацыялізацыі асобы, з’яўляецца раман У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Лёс галоўнага героя твора – нашчадка княжацкага роду Алеся Загорскага, прадвызначае “дзядзькаванне” – шэсць год жыцця ў сялянскай сям’і Кагутоў. Сутнасць звычаю дзядзькавання вытлумачвае ў зачыне твора дзед Даніла – старэйшы з роду Кагутоў, які вядзе размову з маленькім унукам Юрасём:

“ – Зводзiцца стары звычай, Юрак. Калісь па ўсiм Прыдняпроўi i далей гэта як звыклае было. Я помню, да французаў яшчэ, мала хто з паноў, праваслаўных асаблiва, не рабiў гэтага… А цяпер усё радзей i радзей…

– А нашто гэга? – спытаў Юрась. <…>

– Каб ведалі, як даецца зямля, – сказаў дзед, – каб не збэсцiлiся на сабаку.

Аддавалi, бывала, як толькi чатыры гады дзіцяцi. Хто на тры, а хто і на пяць год. I зусiм не дапамагалi халопскай сям’і. А потым, калі возьмуць хлопца зноў у двор – даюць мужыку пакормнае, за тое, што хлопец з’еў, i дзядзькавое, бо ўсе мы як быццам дзядзькi малому, выхоўвалi яго, розуму вучылi” [3, с. 17].

Першы жыццёвы досвед Алесь Загорскі атрымаў ва ўласнай сям’і, дзе ён жыў да сямі год1 і выхоўваўся ў арыстакратычных традыцыях – засвойваў замежныя мовы, вытанчаныя манеры і правілы этыкету свецкага асяроддзя. Але каб аднойчы прыняць на сябе абавязкі князя, хлопчыку, на думку бацькі, варта было зведаць іншы бок рэчаіснасці – засвоіць лад жыцця тых людзей, над якімі з цягам часу ён зробіцца гаспадаром. Князь Юрый Загорскі даводзіць жонцы: “Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на “дзядзькаванне”. Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагуты – лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi. <…> Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам. <…> Некалькi год сярод жытнiкаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фiзiчныя практыкаваннi, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год” [3, с. 50–51]. Такім чынам, Юрый Загорскі кіраваўся жаданнем даць сыну магчымасць адчуць і зразумець народнае жыццё, убачыць свет вачыма сялян. Паўнавартасная сацыялізацыя мае на ўвазе засваенне норм і каштоўнасцей менавіта грамадства, у якім чалавек жыве, а не толькі пэўнай сацыяльнай групы. У сацыялізацыі, апроч усяго, немалаважную ролю адыгрывае “ментальны інструментарый” – мова, абрады, звычаі, вераванні, рэлігія, міфы, мастацтва, мараль. Відавочна, што Алесь Загорскі насамрэч сацыялізаваўся – не толькі ўсвядоміў сваю нацыянальную прыналежнасць, але адчуў крэўную повязь з народам: “Я мужык. Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне вярнула да народа. Да гнанага, да аббрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася” [4, с. 12].

Неабходна заўважыць, што насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што “дзядзькаванне” – гэта “даўні беларускі звычай” аддаваць дзіця на выхаванне ў сялянскую сям’ю, які “быў вядомы ў сярэднія вякі і захаваўся да ХVІІІ стагоддзя” [5, с. 137, 146], дакладных гістарычных сведчанняў пра гэта няма. Тым больш не выпадае сцвярджаць, што гэты звычай быў “пашыраны” на Беларусі ў ХVІ – ХVIII стст., як адзначаецца не толькі ў пераважнай большасці літаратуразнаўчых прац, прысвечаных раману У. Караткевіча, але і ў навуковых манаграфіях, прысвечаных беларускай народнай педагогіцы [6]. У некаторых даследаваннях нават сустракаюцца сцвярджэнні, што “на Мазырскім Палессі гэты звычай у некалькі іншай інтэрпрэтацыі захаваўся практычна да нашага часу” [7, с. 15]. Крыніцай інфармацыі, паводле спасылкі, прыведзенай аўтарам, з’яўляецца кніга Г. Волкава “Аб традыцыях чувашскага народа ў эстэтычным выхаванні” [8], у якой, аднак, не сустракаецца звестак ні пра дзядзькаванне, ні пра Мазырскае Палессе.

У савецкай гістарычнай навуцы звычай дзядзькавання згадваецца ў працах В. К. Гарданава [9; 10]. У артыкуле “Кармільства ў старажытнай Русі” даследчык падкрэсліў, што апісання сутнасці звычаю ў гістарычных крыніцах яму знайсці не ўдалося. На думку вучонага, сведчаннем існавання ў старажытнай Русі інстытута кармільства могуць з’яўляцца згадкі пра кармільцаў і дзядзькоў у летапісах, жыційнай літаратуры і рознага роду граматах. “На жаль, усе гэтыя крыніцы сведчаць пра кармільцаў і дзядзькоў празмерна скупа, абмяжоўваючыся ў большасці выпадкаў адно згадкамі пра асобаў, якія з’яўляліся выхавацелямі-кармільцамі княжацкіх сыноў. Абрывачнасць і сціпласць звестак, якія маюцца ў пісьмовых помніках старажытнай Русі наконт пытання, якое нас цікавіць, у пэўнай ступені можа быць дапоўнена параўнальна-гістарычным матэрыялам, датычным інстытутаў, якія паводле свайго паходжання і асноўных прыкмет з’яўляюцца аналагічнымі старажытнарускаму кармільству. У гэтай сувязі асаблівую цікавасць для нас уяўляе каўказскі этнаграфічны матэрыял, які адносіцца да так званага аталыцтва (ад слова “аталык”, што значыць “выхавацель”, “кармілец”), інстытуту, шмат у чым падобнаму да старажытнарускага кармільства” [9, с. 44]. Відавочна, што меркаваць пра славянскі звычай дзядзькавання на падставе “каўказскага этнаграфічнага матэрыялу” неправамерна.

У постсавецкай гістарычнай навуцы звычай дзядзькавання зрабіўся аб’ектам увагі шэрагу вучоных [11; 12; 13]. Аднак скупыя звесткі ў старажытных пісьмовых помніках, да якіх апелююць даследчыкі, дазваляюць толькі дапусціць, што меліся адзінкавыя факты выхавання княжацкіх дзяцей па-за межамі ўласнай сям’і. Пры тым не ў сялянскіх сем’ях, а ў знатных і заможных ваявод ці баяр (пераважна родзічаў ці сваякоў), паколькі “кармільства” прадугледжвала перадусім вайсковую падрыхтоўку і адукацыю. Але неабходна падкрэсліць, што дакладнай інфармацыі ні пра форму, ні пра змест гэтага працэсу не знойдзена.

Гісторык В. Пілецкі заўважае, што пра наяўнасць звычаю “кармільства” ў асяроддзі прывілеяванага насельніцтва ўсходнеславянскага рэгіёна можна гаварыць “з пэўнай доляй упэўненасці”, якая “звязана з распаўсюджанасцю ў грамадстве на полацка-тураўска-смаленскіх землях прозвішчаў, вытворных ад слова “дзядзька”. Гэта такія, як “дзятко”, “дзядзін”, “дзядзьковіч”, “дзеткавец”, “дзяткоў” і інш., якія ў даволі не малой колькасці захаваліся ў асяроддзі беларускага насельніцтва ажно да сённяшніх дзён” [13, с. 23]. Думаецца, аднак, што прыведзены аргумент не з’яўляецца пераканаўчым доказам.

Верагодна, у стварэнні міфа адносна “пашыранасці” звычаю дзядзькавання на беларускіх землях у ХVІ – ХVIII стст. вызначальную ролю адыграў менавіта раман У. Караткевіча. Творчая інтуіцыя дазволіла таленавітаму пісьменніку адчуць і аб’ектыўна ўсвядоміць, што адлюстраванне вобраза народнага заступніка патрабуе пэўнай логікі – гэты герой не можа быць ізаляваным ад таго сацыяльнага асяроддзя, за незалежнасць якога ён змагаецца. Ён павінен быць далучаным да жыцця сялян, да тых тых вытокаў, адкуль бяруць пачатак крыніцы народнай душы. Інакш кажучы, мастацкая інтэрпрэтацыя звычаю дзядзькавання дэтэрмінавана творчай задачай аўтара.

Пісьменніцкую індывідуальнасць У. Караткевіча, як вядома, вызначаюць імкненне да рамантызацыі і ідэалізацыі нацыянальнай гісторыі, схільнасць да міфатворчасці і белетрызацыі. А. Лойка – літаратуразнаўца і пісьменнік, блізкі сябар У. Караткевіча, засведчыў: “Зрэшты, аб значэнні гісторыі для народа, для нацыі Уладзімір Караткевіч – я памятаю, на свае вушы чуў – гаварыў заўзята… <…> “Калі і няма ў народа гісторыі, трэба яе выдумаць”. Вядома, Караткевіч не толькі ведаў гісторыю роднага краю, але і выдумляў яе. Выдумшчык, выдумляльнік! Канешне, як аўтар гістарычных аповесцяў і раманаў Уладзімір Караткевіч без выдумкаў не абыходзіўся, але ён не быў падтасоўшчыкам гісторыі, не быў чэхам, які выдаваў краледворскія рукапісы за арыгінал, хоць былі яны яго падробкай. Ды каб не гэтая падробка, ці ж анямечаныя чэхі сталі б чэхамі? <…> Караткевіч – у пару савецкай русіфікацыі, калі Беларусь сваёй уласнай гісторыі пазбаўлялася, вяртаў ёй гісторыю, выдумляў ёй міфы, аб чым <…> ведаў Адам Мальдзіс, потым ужо ў сваёй кнізе пра Караткевіча засведчыўшы гаворанае Уладзімірам: “Павінны ж мы ў рэшце рэшт абрастаць міфамі!” [14, с. 13–14].

Безумоўна, стварыць міф пра звычай дзядзькавання на Беларусі У. Караткевічу ўдалося. Раман “Каласы пад сярпом тваім” зрабіўся адным з самых папулярных і любімых чытачамі твораў айчыннай літаратуры, а яго галоўны герой – сімвалам духоўнай велічы, высакароднасці і патрыятызму. У вялікай ступені гэтаму паспрыяла дакладнае мастацкае адлюстраванне працэсу сацыялізацыі героя, змест якой увасоблены ў звычаі дзядзькавання. “Навуку, якую засвойвалі дзеці пры ажыццяўленні выхаваўча-адукацыйнага працэсу шляхам дзядзькавання, на нашу думку, можна вызначыць перш за ўсё як “жыццёвую мудрасць” і “сталенне”. Наўрад ці хто вучыў дзяцей нейкім спецыяльным ведам. Але знаходжанне падлетка ў значнай аддаленасці ад свайго дому, і самае галоўнае адарванасць ад бацькоў (братоў, сясцёр), якія ўяўлялі сабой прывычнае для яго сацыяльнае асяроддзе ў маленстве, рабіла маладога чалавека поўнасцю адказным за свой уласны лёс. <…> Адбываўся інтэнсіўны працэс сталення і накаплення жыццёвай “навукі” – той, якая была вядома ўсім дарослым людзям, прадстаўнікам адпаведнага сацыяльнага асяроддзя” [13, с. 23].

Вобраз Алеся Загорскага захапляе, натхняе і ўспрымаецца чытачамі як рэаль­ная асоба, і нават навуковы свет прыняў мастацкую інтэрпрэтацыю звычаю дзядзькавання як гістарычны факт, як аксіёму. Таленавітыя мастацкія творы валодаюць несумненнай сугестыяй – уражваюць, уплываюць на светапогляд, на фарміраванне маральных ідэалаў і каштоўнасных арыенціраў. Гэта значыць, што літаратура не толькі адлюстроўвае механізм сацыялізацыі, але з’яўляецца яе непасрэдным фактарам – садзейнічае маральнаму развіццю, засваенню сацыяльна-грамадскага і культурна-гістарычнага вопыту, аксіялагічнаму станаўленню і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

 

Л і т а р а т у р а :

  1. Мудрик, А.В. Социализация человека : учеб. пособие / А.В. Мудрик. – 3-е изд., испр. и доп. – М.: МПСИ ; Воронеж : МОДЭК, 2010. – 624 с.
  2. Доброродний, Д.Г., Шаврова, О. Г. Взаимодействие естественных и социально-гуманитарных наук как предмет философско-методологической рефлексии // Научные труды Республиканского института высшей школы. Философско-гуманитарные науки: сб. науч. ст.; редкол.: В.Ф. Берков [и др.]. – Минск, 2012. – С. 251–258.
  3. Караткевіч, У. Каласы пад сярпом тваім. Кніга першая / Уладзімір Караткевіч. – Мінск: Беларусь. – 1968. – 364 с.
  4. Караткевіч, У. Каласы пад сярпом тваім. Кніга другая / Уладзімір Караткевіч. – Мінск: Беларусь. – 1968. – 384 с.
  5. Верабей, А. Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць / А. Верабей. – Мінск: Беларуская навука, 2005. – 271 с.
  6. Арлова, Г.П. Беларуская народная педагогіка / Г.П. Арлова. – Мінск: Народная асвета, 1993. – 120 с.
  7. Болбас, В.С. Народная педагогіка Мазырскага Палесся / В.С. Болбас, І.С. Сычова. – Мазыр : Белы Вецер, 2012. – 246 с.
  8. Волков, Г.Н. О традициях чувашского народа в эстетическом воспитании / Г.Н. Волков. – Чебоксары : Чуваш. кн. изд-во, 1965. – 60 с.
  9. Гарданов, В.К. “Кормильство” в древней Руси // Советская этнография. – 1959. – № 6. – С. 43 – 59.
  10. Гарданов В.К. “Дядьки” Древней Руси // Исторические записки. – Т. 71. – Моск­ва, 1962. – С. 236 – 249.
  11. Мазур, О. Релікти авункулату і “кормильство” у князівських династіях Рюриковичів і П’ястів // Народознавчі Зошити. – Ч. 3. (39). – 2001. – С. 416 – 424.
  12. Петрик, А. “Великий галицький боярин Дмитро Детко та його Рид” // Дрогобицький краезнавчий збірник / Ред. кол. Л. Тимошенко (голов. ред.), Л. Винар, Л. Войтович, Я. Ісаевич та ін. – Вип. ХІІІ. – Дрогобич: Коло, 2009. – С. 33 – 44.
  13. Пілецкі, В. “Кармільства”, ці “дзядзькаванне”, як адна з форм выхаваўча-адукацыйнага працэсу насельніцтва тэрыторыі Беларусі ў раннесярэднявечную эпоху // Гістарычна-археалагічны зборнік. – Вып. 25. – Мінск: Беларуская навука, 2010. – С. 21 – 24.
  14. Лойка, А. Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі // Полымя. – 2009. – №1.– С. 3 – 43.

 


Апублікавана

у