ВЯСНА ПРЫЙШЛА Вясна прыйшла, нібыта пад прымусам, У гэту бледна-шэрую тугу. Пан Красавік! Хоць ты парадуй “плюсам”! Вясна прыйшла – паверыць не магу!
НАЧНОЕ ДЗЯЖУРСТВА Увечары вецер-пастух пагнаў статак хмараў на поўдзень.
Ох і дояць жа там бліскавіцы!
ПРАДВЕСНЕ Гэты сонечны захад, дзе хмараў разлёт, Абяцае сезон неспакою! У вачах, адчуваю, ламаецца лёд. І зіма адыходзіць. Слязою...
ТРАВЕНЬ Травень. Гудзе, шамаціць, варушыцца кляновая цытадэль.
ПАПЯРЭДЖАННЕ Не падстрэліць сумленне, калі прапаўзу ля яго... Не спрацуе, як міна, дасведчанай мамы парада... Падману я цябе. Проста, травень пайшоў з берагоў... Падману я цябе. І табе спадабаецца. Праўда!..
ПРЫНЦЫПОВАЯ ВОСЕНЬ Дрэвы толькі разводзяць рукамі: “Мы памерлі – прабачце!”
Дождж, змыўшы фарбы, змывае і веру ў жыццё…
У брудным акне электрычкі – прынцыповая восень...
ШЭРЫ ДОЖДЖ За акном бадзяецца шэры дождж. Відавочна, шукае мяне...
СКАЧОК ДА СОНЦА Шэпт захаплення імкліва бяжыць па сметніку: падскочыў да сонца вясёлы, адважны пакет!
РАЗВІТАННЕ З ПРАФЕСІЯЙ Даўно маглі з праблемай разабрацца. А сёння можна проста ставіць крыж. Настаўніка загналі у жабрацтва – Зарэзалі прафесіі прэстыж.
Квітнеючай не зробіцца краіна, Пакуль чыноўнік – майстар балбатні, Пакуль настаўнік – бедная скаціна, Якую кормяць пугай дзень пры дні.
І вырашыў нарэшце: пакідаю, Іначай горкі лёс не абміне... Прафесія – галоўная, святая – Ідзе на дно. На шчасце, без мяне...
ПАДГАНЯЮ НАСТУПНЫ ДЗЕНЬ Падганяю наступны дзень – Так наіўна, па-чалавечы... Там – прытулак маіх надзей. Там – гаючай зары сустрэча.
Па нягодах пракладваў гаць. Не аднойчы ламаў дарогу. І, здавалася, пакахаць Я не здолею больш нікога...
Бо ўзрываў і паліў масты, Праклінаючы прывід шчасця, Каб раз’юшаным і пустым На заснежаны дол упасці...
Хай на дно асядае дрэнь. Хай пакажа “арла” манета. Падганяю наступны дзень, Дзе – чаканыя сэнс і мэта...
ПЛАЦІНА Старэйшы пляменнік выпытвае, адкуль у мяне шчарбіны.
Крык неаднойчы шалёна імкнуўся на волю, ды, наляцеўшы на сцятыя створкі шлюза, сыходзіў назад…
А малому адказваю: “Еў шмат салодкага, Стасік!”
ЗНАК ЯКАСЦІ Знайшоў у мікрасхемах брак, Хоць вечар меў не тую мэту... Што ж, ёсць “хай тэк”, а ёсць “хай так!” – Цяпер я разумею гэта.
ФОЛЬК І МЕТАЛ Захмялелыя Фольк і Метал шалеюць у пакоі заўзята: распілі маё сэрца да дна!
АЛЕ Прысвячаецца сп-ні Вользе Спірыдонавай Натхнёнасць забітая пазачарговым надрывам. Як хворы, аловак бяздзейна ляжыць на стале. Маё адраджэнне чакае ў каханні. Шчаслівым. А тое каханне – за кручамі жорсткіх “але”...
Але песімізм не займее трывалай прапіскі У сэрцы маім. Хоць яно выгарала не раз. Бруіцца сцяжына – у свет ледзь вядомы, няблізкі. Ёсць права на шчасце. Ёсць вера, надзея і час.
ПАЎНОЧНЫ СХІЛ Кайлом чараўніцы Самоты драблю паўночны схіл Цішыні... Настрой, пераліўшыся ў намаганні, знікае ўвесь.
І толькі тады гарэзліва ўспыхвае першымі залацінкамі верш...
ПРАПАНОВА КЛАСІКА Ты жадаеш намацаць аснову? Прагнеш сонца на сённяшнім дне? Заслужы беларускую мову. І пачуеш яе ад мяне...
МУЗЫЧНЫЯ КАМПРЭСЫ Раблю музычныя кампрэсы: Курортны – лёгкі, цёплы – джаз. Наўзбоч ганебна-звыклай п’есы Зусім няблага баўлю час.
Па-за прыгнётам актуалій Плыве лянотны летні дзень. Нарэшце на патрэбнай хвалі. І нават для сяброў – нідзе...
ТРЫ СЯСТРЫ. НАДЗЕЯ Падманулі Вера і Любоў. Іншыя цяпер жыццё і цацкі. Страціўшы прыхільнасць берагоў, Сцяг ператвараецца ў пірацкі...
Вера і Любоў. Былыя дні. І калі адтуль цяплом павее – Курчыцца і вые ў глыбіні Лютая, бязмэтная Надзея...
НІКОЛІ Так, прыгадаю пэўных момантаў красу – І зноў пакліча ненажэрнае балота... Я часам гад, але, павер, не прыпаўзу: Мінула садамазахічная ахвота. Я ў вернай музыцы тапіў самоты дні І ўсё-ткі выйшаў з гэтай жорсткай, смешнай ролі. Любоў, Каханне – гэта служба Чысціні. А паміж намі не было яе ніколі...
АФЕКТ ...Нешта ў сэрцы кальне – так, што цемра патушыць аблокі. Так, што радасны ліпень арктычнай пустыняй дыхне. Зварухнуліся, значыць, надзеі і веры абломкі. Бач, вайна за каханне яшчэ ўспамінае мяне!..
* * * Няма навін сярод навін. І справа – Бог, а злева – сплін. І я ў сябе ізноў краду. Пайду.
ЦІШЫНЯ Кожнаму – свой пакой, і толькі цішыня – адна на дваіх...
БЕЛАРУСКАЯ АЎТАЭПІТАФІЯ Спадзяюся, па смерці не будзе бязмежна суровы Найвышэйшы Прысуд, хоць ахвотна і часта грашыў. Бо ў краіне трасянкі і дрэннай расейскай мовы Я спяліў Беларусь у пякучай, зацятай душы...