Ад яго – да сябе
* * *
Чакаеш гэтае дурное
цудоўнае лета
паўжыцця.
А яно прыходзіць –
і ўсё не такое,
няправільнае.
Адно ратуе –
калі
ў парыве па-
чуцця,
нехта ён
кажа:
– Хачу пабачыць
зноў
твае мокрыя валасы
раніцай.
Варшава, ліпень 2014
* * *
…Яна прасіла –
стану мяккай,
як вераснёўскі яблык,
каб мог увайсці
ў мяне ты
ікламі.
Толькі пасля
не забудзься
падзьмуць
на раны,
каб ад майго болю
не зніклі мы.
Верасень 2014
* * *
Вымалёўваеш
сваiмi грудзьмi
на ягонай спiне
вiдарыс Радзiмы.
Выцалоўваеш –
iх няшмат –
радзiмкi,
каб запомнiць
рэльефы цела.
Так паэткi найчасцей
учыняюць
са сваiмi
адзiнымi.
Так як яны –
кахаюць адзiнкi.
Так як яны –
ты б кахаць не хацела.
Перагортваеш
яго дакрананнi
сваiмi вершамi.
Да цалункаў глыбокiх
прывучаеш вуснамi.
Занатоўваеш
жывыя пачуццi
ў раманы вусныя.
Найчасцей
давяраюцца так
са сваімі
з першымi…
2014
* * *
Ты так прыгожа сумуеш
пад лёгкае шарданэ
ў кавярні з карцінай Манэ
ў завулку між вузкіх вуліц.
Табе б даляцець да Парыжа
і расчароўвацца там –
гасподай чароўных дам,
аблокамі ад гашышу.
Й нарэшце спыніць такога,
які табой даўна сніць,
які табе не баліць,
з якім спакайней трывога.
Каб разам цадзіць – о Божа! –
жыццё й недзявочы віскі.
О, вочы яго – д’ябліскі.
А як ён цалуецца гожа…
Травень 2014
* * *
“Ох, гэтыя мужчыны,
што носяць акуляры…
Заўжды ведаеш,
калі збіраюцца
цябе пацалаваць… –
закідваюць іх над ілбом
нібыта няўзнак
ці здымаюць
таксама нібыта няўзнак
і па тваім твары блукаюць
паглядам.
А тыя, што з добрым зрокам,
пільна ўзіраюцца
ў вусны,
нібыта іх страціць баяцца –
вусны твае,
не вочы,
дзіўна…” –
падумала яна
і адсунулася –
ад яго да сябе.
Кастрычнік, 2013
* * *
Пляж як крама з музычнымі інструментамі:
Жанчыны-скрыпкі.
Жанчыны-домры.
Жанчыны-віяланчэлі.
Мужчыны-трамбоны.
Мужчыны-фаготы.
Мужчыны-бубны.
Латвія, 2012
* * *
У Доме творчасці ў Вентспілсе
выбіла пробкі ад перагрэву натхнення:
паэты ўвесь дзень правялі на моры
і атрымалі перагрэў энергіямі,
ад таго ўвечары
спакойваліся (ціхутка па пакоях)
бальзамам на душу –
пераважна рыжскім.
На раніцу
гаспадыня ў роспачы забегла на кухню,
дзе сядзела паважаная кампанія:
“Калі ласка, спадарства,
хто можа ўкруціць лямпачку?..”
Усе маўчалі.
Мужчын няма,
пісьменнікі не лічацца…
Латвія, 2012
* * *
…Ідзе дождж.
Ляжаць мёртвыя.
Сядзяць жывыя.
Толькі б пагаварыць
з мамай.
Хмара
насоўваецца,
слязіцца
дажджамі,
вые,
рассыпаецца
самалётамі
з абвугленай
маннай…
Ліпень 2014
* * *
Толькі здаецца,
што я –
маладая і пекная,
нібы свежая –
зранку –
ралля,
рэха звонкага
водгулля,
што гукае дзіця
здаля.
Я самотны
сівы стары, –
з голубам
на сагнутай руцэ, –
што плыве
чоўнам па рацэ,
як плыве
сляза па шчацэ,
як плыве далягляд
да зары
ды бярозавы сок
па кары.
Толькі здаецца,
што я
маладая і пекная.
я – артэрыя,
сэрца каля
рана
рваная
й колатая,
разыходзіцца,
што ўтрая
балючэй
за любоў.
Не твая,
я мелодыя
прышлая.
Кастрычнік 2014
* * *
…Хвароба блукае па целе,
шукае прытулку і –
трапляе
на разуменне:
кашаль,
як і боль,
часам
трэба дзяліць:
аддаваць
мужчынам
праз пацалункі
разам з сабой.
2012
* * *
Лета – час шчаслівых.
Восень – час паэтаў.
І з усмешкай кплівай
адыходзіць лета.
Лета патанала
ў радасці й спякоце.
Гэта ўжо нямала.
Лета адыходзіць.
Берлін, 2010
КАРОЎКІ НОЯ
Небасхілы гор,
паўпрыкрытыя
прасцінамі ранішняга святла.
Лагчынкі, западзінкі
сакавітых рэльефаў,
нібы маляваныя.
Тут усяго стае.
І перадусім – цяпла.
Горы ў неба забраныя.
Дзівавокія кароўкі (й цяляты)
скубуць зеленавалосыя схілы.
Тут мог быць зямны рай.
Зямны рай.
Цячэ жыццё, нібы малако –
густое і белае –
з вымя добрых каровак,
што пасуцца недзе
між Люблянай і Венаю.
Між Венай і Люблянаю.
Я ведаю,
Ной тут выбіраў
сваю пару капытную:
яго звалі Майсеем –
ён быў упартым бычком,
а яна – з зорачкай на ілбе –
і яе звалі Янаю.
Ці то была іншая пара:
яго звалі Гашпер,
а яе – Барбара.
Вена, 2010
* * *
Ты кажаш,
што кахаеш
мяне
больш за жыццё.
Але з ёю
заводзіш
агульныя
магніцікі
на лядоўню.
2012
* * *
Доўга няшчасным
быць цяжка.
Адмучыўся –
ну й адпусціла.
Гэткая душы расцяжка:
спачатку баліць,
страчваеш сілы,
сэрца цісне
на рэбры…
А калі
цягліцы прывыклі –
то і прыемна,
і нават міла.
Затое
наступны раз
змесціцца
большы боль,
чым папярэдні.
Чэрвень 2014
* * *
Мастак Канстанцін Каровін
малюе пялёсткамі
стэпавых ружаў
сады Гурзуфа
ды бульвары Парыжа.
Пялёсткі роўненька
злятаюць
з Траццякоўкі Старой –
спыняюцца
ў залатых охрах
П’ера Банара
і фантазійных,
карычнева-рыжых,
дрэвах Поля Сіньяка –
у музеі імя
Аляксандра Сяргеевіча
прызямляецца рой.
Сонечныя козы
Тархава
з травы
разбягаюцца –
па сценах
Старой Траццякоўкі,
па дахах
хатаў
Бялыніцкага-Бірулі.
Пад сані
баярыні Марозавай
кідаюцца –
маладыя зусім казляняты.
Козы на сонцы
з карціны
ўцякаюць.
Лавіце іх,
шаноўныя супрацоўніцы!
Хапайце іх
за загрыўкі,
прывязвайце мо
за бародкі
ды хвосцікі.
А пялёсткі,
якімі малюе Каровін,
зграбіце,
спарадкуйце
па кулёчках
просценькіх
ды прадавайце
ў крамцы прымузейнай
залётнікам з дамамі
турыстычнымі –
і я загадаю
й набуду наступным разам,
як заеду да Масквы
тыя пялёсткі,
як лек для душы,
бы сардэчнае зелле,
набуду – на радасці! –
з казлянятамі афарыстычнымі.
Масква-Менск, сакавіка 2015
* * *
Масква.
Самы гарачы дзень –
за сто год! –
лета.
Фантаны высокія,
вышэй
за сінагогі,
цэрквы
ды мінарэты.
Фантаны таньчаць
і вабяць,
што фантазійныя аазісы,
фантаны,
як кажуць мясцовыя,
фантануюць фантазіямі,
й казычуць пырскамі
масквічоў
чарнаскурых,
з вачыма вялікімі,
жоўтаскурых – з Сярэдняй Азіі,
прасветлых – з славянскімі лікамі.
А мы, здаволеныя, як вамбаты,
радыя
па цяньку,
з салодкім лёдам,
бадзяцца.
Дамоў вяртацца
праз “Маякоўскага” –
любімую Піменам Панчанкам,
амаль беларускую,
метрастанцыю.
Вяр-та-а-ацца…
Пакіну гэтыя кадры на мантажы
апошняга фільму,
які вазьму з паліцы ўспамінаў
і буду пракручваць
перад пачаткам канца.
Скажы,
мусіць, файна,
каб наш чыставік не загінуў,
калі будзе шмат гэткіх фарбаў –
вясёлых, цёплых, кахальных –
на палёх з “Выбранага” жыцця.
Раней туравала:
“верш, а не ты!”,
“сыдзі прэч з маёй волі!”
Цяпер –
вершаняты
мае
ў абдымках тваіх
спатолю.
Каханне – бонусная свабода:
усё тое
самае,
толькі з наступствам шчасця.
Употай.
Проста запомні
найлепшае з нас –
і пастаў на пракрутку
й паўторы.
Каб у Вечным Вяртанні
да манітора
ўспамінаў
прыпасці –
і ўглядацца,
і ўслухвацца
ў здзейсненых мараў
гарачыя
зоры.