Гульня словаў
Апавяданне
27 кастрычніка, 3:37 раніцы
Па яго прыйшлі а палове на чацвёртую. Максім ведаў: хапун пачынаецца ў гэты час.
І быў бы расчараваны, каб яго не забралі вось так, традыцыйна, сярод ночы: то б значыла, што там, на тым баку, ставяцца да справы несур’ёзна і нічога ў іх не атрымаецца. А зараз усміхнуўся, пабачыўшы пад вокнамі чорны “варанок”: усё як трэба! Гульня пачынаецца!
“Так, не ўсміхайся мне тут, – угаворваў ён сябе, – усё сапсуеш, патрэбны іншы настрой. Ты – перапалоханы, табе жудасна, бо ты чуеш крокі на лесвіцы і ведаеш, што на гэты раз забяруць цябе. Твае ногі саслаблі, сэрца калоціцца, і марная надзея: можа, не спыняцца, пойдуць вышэй? Хочаш бегчы, але няма куды: суседзі не схаваюць. Ты сам-насам са сваім жахам. Загнаная жывёла”.
Але ўсё роўна ўсмешку стрымаць было складана, калі ў дзверы пагрукалі:
– Товарищ, откройте, это НКВД.
Праз паўгадзіны
З машыны ён выйшаў сам, прагна ўдыхнуў вільготнае начное паветра, бы ў апошні раз, і склаў за спінай рукі – загаду не было, але здаецца, менавіта такога руху вымагалі абставіны.
Два “таварышы з НКВД” павялі яго да двухпавярховага старога будынка: лесвіца ў сутарэнне – калідор – калідор – калідор – цьмяныя лямпачкі – калідор – нейкі пакой і – моцнае электрычнае святло ўдарыла ў вочы.
– Максім, нарэшце, ну, як табе пачатак?
Зноў з’явілася непатрэбная ўсмешка:
– Марк, усё файна. Раніца, машына гэта, “Товарищ, откройте, это НКВД”! О, тут партрэт Сталіна на сцяне – атмасферненька.
– Кабінет следчага. Яшчэ дэталі дапрацоўваю. Не ведаю, тут цябе па правілах трэба абшукваць ці… Усё роўна іншага памяшкання пакуль няма, таму дазволь, я крыху паляпаю па тваіх кішэнях.
– Вы і так занадта цырымонны, таварыш следчы.
– Без жартачак, таварыш падазраваны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Так, гэта я мацаць не буду, але што гэта ў цябе ў задняй кішэні джынсаў?
– Блін, айфон! Збіраўся дома пакінуць, але па звычцы…
– Прабач, забяру. Зусім не таго часу дэталь, ды і нельга. Яшчэ вазьму гадзіннік і ключы. Дарэчы, як ты ў каханай сваёй на выходныя выпрасіўся?
– Насця ў мяне цудоўная, у яе выпрошвацца не трэба. Мая палова, будучая маці маіх дзяцей, усё такое.
– Гатовы?
– Заўжды гатовы. Пачынай свой квэст.
Месяц таму
Максім сустрэўся з Маркам выпадкова, у кавярні.
Праз два old fashioned яны ўзгадалі old times – гадоў шэсць-сем таму былі ў адной камандзе і ганялі па Менску ў гарадскія квэсты:
– Марк, а я памятаю, як ты таму, з іншай каманды, нос зламаў!
– Калі б не зламаў, мы б прайгралі, а так кубак наш.
– Дык цябе ж выключылі! І гэта ж гульня, а кубак – лялечны!
– Ну, мяне выключылі, але каманда перамагла. І я ніколі не стаўлюся да гульні як да нечага штучнага: гэта – іншая рэальнасць, і ты павінен жыць яе правіламі. А галоўным правілам тады было: твая каманда павінна перамагчы. І мая каманда перамагла.
Пасля гэтага выпадку Марк стаў капітанам, а Максім усе гады гульні заставаўся ціхім “мозгам”, чый абавязак – шукаць падчас квэсту адказы на пытанні.
– Ты кажаш “гульня”. А зараз ведаеш, які мой бізнес? Некалькі квэст-румаў па Менску. То бок, зараз я ствараю рэальнасці і распрацоўваю правілы. Дарэчы, мне патрэбна пратэставаць сцэнар новага квэсту. 37-мы год, рэпрэсіі, дапаможаш? Паўтарыце old fashioned!
І яны дамовіліся: Максім стане першым наведнікам новага квэст-руму, складзе водгук і падрыхтуе парады па дапрацоўцы.
– Пачнем зараз жа: рэгіструйся на сайце, і табе прыйдзе электроннае паведамленне, калі рыхтавацца – хутчэй за ўсё, у пятніцу ці на выходныя. Так, гартай-гартай, вось тут унізе цісні “Я згодны з правіламі”. І подпіс на паперы: такая стандартная бюракратычная працэдура перад квэстамі, што ты адэкватны. Табе на скрыню павінна было прыйсці пацверджанне аб рэгістрацыі. Не прыйшло? Вось, першы баг знайшоў. Ужо дапамог, тэсціроўчшык, а гэта толькі пачатак!
Зноў 27 кастрычніка, 4:30 раніцы
Максіма прывялі ў камеру – маленькі пакой, акенца пад столлю, у куце – дзірка прыбіральні. Адзіная лямпачка: цьмяная, жоўтая, бы падгнілая цыбуліна. Больш нічога не разгледзеў, але адзначыў: “Пакойчык тэст прайшоў, антуражык добры”.
“Таварыш з НКВД” даволі моцна штурхануў яго ў плечы, каб не стаяў у праходзе: Максім ледзьве не ўпаў на нары, але сказаць нічога не паспеў – дзверы зачыніліся.
І як толькі вочы прызвычаліся да змроку, пачаў шукаць у камеры падказкі – яму ж трэба выбірацца. Ці рабіць падкоп? Ці што? На падлозе, пад матрацам, пад ложкам былі раскладзеныя нейкія рэчы. Максім вырашыў адшукаць іх усе, а пасля будзе пасля.
І некалькі разоў спінаю адчуваў: за ім назіраюць у вочка.
27 кастрычніка, пэўна, 6 раніцы
Добрыя навіны: ён зразумеў тэматыку квэста. Дрэнныя навіны: не зразумеў, што рабіць зараз. Ні ключа, ні падказкі, што патрабуецца далей па сцэнары.
Пагрукаў у дзверы:
– Гэй, вядзіце начальніка, я ўсё раскажу!
Ніхто не адказаў. Пэўна, так трэба: чаканне тут – такая ж дэкарацыя, як падрапаная брудная сцяна.
Матрасік танненькі, коўдра калючая – але ён усю ноч не спаў, таму вырашыў хоць крыху падрамаць.
27 кастрычніка, дзесьці 7 гадзін раніцы
Паспаць не атрымалася: як толькі заплюшчваў вочы, нехта пачынаў грукатаць за дзвярыма чымсьці жалезным.
Максім мармытаў: “Гэта ўжо не квэст, а нейкія здзекі” і спрабаваў накрыць галаву падушкай, але лепей ад гэтага не стала.
27 кастрычніка, 9:02
– Так, зараз дзевяць гадзінаў раніцы і дзве хвіліны. А ты ўжо прайшоў квэст?
Марк крыху нахіліў галаву і дэманстрацыйна паапладыраваў.
– Я разгадаў час і ўмовы, а больш, здаецца, нічога ў гэтай камеры і не зробіш.
– Паслухаем, да якой высновы ты прыйшоў, – Марк прысеў на ложак, а “два таварышы” (трэба будзе адзначыць, што тое ўжо занадта – паўсюль вадзіць іх за сабой: кліентаў гэта можа палохаць) засталіся ў дзвярах.
– 1937 год, як ты казаў, масавы хапун беларускай інтэлігенцыі, але ў маім выпадку справа тут, здаецца, тычыцца пісьменнікаў. Ты раскідаў па пакоі амаль адразу зразумелыя рэчы: сухую кветку, пачак з-пад зубнога парашку з зацемкамі і сцізорык.
Па-першае, лічу, што кветка сімвалізуе “Кветку пажоўклую”, аўтар – Міхась Зарэцкі, расстраляны ў 1937-м. Па-другое, як мы бачым, на пачку зубнога парашку ў нас – лісты дадому Адама Бабарэкі, вось яго подпіс і яго словы: «И духом и телом я остался непарушны и чисты, как и был им всегда…» Арыштаваны ў 1937-м, сасланы, памёр у лагерах. А сцізорык – я толькі ўзгадаў Купалу, які спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але гэта хіба: ён спрабаваў разрэзаць сабе жывот раней, у 1930-м, калі на яго павесілі кіраўніцтва сфабрыкаваным “Саюзам вызвалення Беларусі” – на такую “адказную” пасаду можна было прызначыць толькі яго і Коласа. Спроба самагубства была няўдалай, але гэта як паглядзець: пасля яе ад класікаў адчапіліся.
– Часам сцізорык гэта толькі сцізорык, Максім. Пэўна, яго выпадкова тут згубілі будаўнікі, калі па маёй замове выразалі на сцяне літары. Ужо развіднела, таму ты павінен быў заўважыць гэты цудоўны верш – галоўнае аздабленне камеры. Але святла недастаткова – недахоп, выправім, а зараз – чытай, – Максім уключыў ліхтар.
Тое, што ў змроку здавалася драпінамі, выявілася словамі:
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!
– Наўрад ці пазнаеш, Максім? Гэтыя словы належаць Міхасю Чароту. Ён ухваляў рэпрэсіі сваіх калег-пісьменнікаў: «Суровы прыгавор падпісваю першым». А пасля Міхася і самога арыштавалі. І расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, разам з тымі, каму ён “падпісваў прысуд”.
Яго сябра, Хведаровіч, выпадкова трапіў у камеру, дзе Чарот надрапаў на сцяне свой апошні верш: уяўляеш, апошні верш і яго адзіны чытач? Ды часам, як бачыш, і аднаго чытача дастаткова, каб твор працягваў жыццё.
А я ўсё думаю, калі Чарот шкрэб тыя камяні, ён узгадваў белую паперу, на якой пісаў усё жыццё?
– То бок, я не памыліўся: рэпрэсіі, пісьменнікі, а пытанне з асвятленнем камеры ты вырашыш. Зараз я б пайшоў, выпіў кавы, бо ад тэставання гэтых нар усё цела ные.
– Квэст не скончаны, самае цікавае яшчэ наперадзе – абяцаю. А зараз віншую: ты пераадолеў першы ўзровень, таму зараз прынясуць пад’есці.
Адзін з “таварышаў” прыйшоў з талеркай нічшымнай кашы і кавалкам шэрага хлеба. Маленькім кавалкам. Максім з павагай ставіўся да дэталяў, таму згадзіўся, што нічога іншага прынесці было немагчыма.
Калі ён даеў, посуд забралі і пакінулі яго ў камеры аднаго, з вершам.
27 кастрычніка, недзе 10 гадзін
Ніхто не прыходзіць.
27 кастрычніка, недзе 13 гадзін
Ніхто не прыходзіць.
27 кастрычніка, недзе 15 гадзін
Ніхто не прыходзіць.
27 кастрычніка, здаецца, вечар
Максім не вытрымаў: хопіць, ужо нагуляліся. Загрукатаў у дзверы:
– Марк, усё, хопіць, занудны адстой твой квэст, сам з ім валэндайся. Я іду дамоў.
I тут нешта пстрыкнула ў паветры. З нябачных дынамікаў пачуўся механічны голас:
– Товарищи, выступает белорусский советский писатель, глава Временного рабоче-крестьянского правительства Советской Социалистической Республики Белоруссия, Тишка Гартный!
Дзверы адчыніліся – у камеру забег лысы чалавек у акулярах і ўціхамірвальнай кашулі. Крыху пабегаў і схаваўся пад ложак.
Максіму стала няёмка:
– Мужчина, вы переигрываете.
Галава з акулярамі высунулася з-пад ложка:
– Згодны, я згодны з вамі. Я загуляўся. Мне сказалі, я хацеў забіць Сталіна. Божа мой, самаго таварыша Сталіна! Забіць! Чуеце! Чуеце? Гэта іх крокі. Толькі не допыт. Толькі не зноў. Я ж прызнаўся ў злачынстве, я даў чэснае слова!
І імкліва выскачыў з-пад ложка і выбег з камеры – дзверы зноў зачыніліся.
27 кастрычніка, праз хвіліну
Бля, лепш бы ніхто не прыходзіў.
27 кастрычніка, позні вечар
Наступным разам, калі адчыняцца дзверы і там будзе толькі актор, Максім вырашыў бегчы. Калі спатрэбіцца, даць актору ў морду. А лепш даць у морду Марку – за тое, што зачыніў яго тут і не адказвае на грукат у дзверы: Максім амаль збіў кулакі. Ён змарнаваў на гэтае лайно ўсю суботу, спаць тут немагчыма, бо нешта грукае заўсёды, толькі ён засне, а яшчэ і галодны пасля нішчымніцы.
І тут расчыніліся дзверы.
– Марк, мне гэтая гульня надакучыла.
Марк быў разам з двума таварышамі і трымаў у руках нейкія паперы.
– Ай-яй, табе не падабаецца! Ну дзе ты яшчэ так прасякнешся іншай рэальнасцю! Табе ж недзе трыццаць? Шмат каму з гэтых пісьменнікаў таксама было трыццаць. І яны гэтак жа думалі, што трапілі ў нечую дурную гульню, таму калі выканаюць некалькі заданняў, іх выпусцяць, і яны хутка пабягуць да сваіх каханых.
– Марк, гэта не смешна, я пайшоў.
Ён накіраваўся да выхаду – таварышы заступілі шлях.
– А вось гэта ўжо цікава. Што далей? Зламаеш мне нос? Толькі я выйду – трапіш пад суд. Я не той вахлак, не буду маўчаць.
– На жаль, я яшчэ не вынайшаў, як легальна ўвесці ў квэст фізічны боль – здаецца, яго не хапае ў гэтай рэальнасці. Таму зараз у мяне ёсць толькі словы, каб на цябе ўздзейнічаць: твае словы. Ты падпісаў дамову, Максім. Ты таксама ніколі не чытаеш, калі ціснеш “Я згодны” ў кампутарных праграмах? Дык вось, згодна кантракту, ты зараз удзельнічаеш у эксперыменце. Калі адмовішся, застаешся мне вінны грошы. На, пачытай.
Максім прагледзеў лічбы:
– Ты трызніш. Няма такога закону.
– Хочаш праверыць на ўласным досведзе? У горшым выпадку проста заплаціш мне грошы. Але лепей давай дагуляем да канца.
– Кажы, што я павінен зрабіць, якія заданні вырашыць, каб скончыць квэст.
– Ведаеш, я думаў пра заданні, але тут твой лёс не павінен залежыць ад твайго розуму – у гэтай камеры іншыя правілы. Таму вось, перапішы паперу, пастаў свой подпіс, і ты амаль вольны.
Максім узяў аркуш:
“Я прызнаюся ў тым, што з’яўляюся ворагам беларускага народа – усе мае справы мінулых гадоў былі накіраваны супраць яго шчасця і дабрабыту. Я ненавіджу Беларусь, не лічу сябе беларусам”.
– Што ў цябе з тварам, Максім? Гэта ўсяго толькі словы. Адмыслова нічога канкрэтнага не пісаў, каб ты не падумаў, што перакіну на цябе сваё злачынства. За гэтыя словы табе нічога не будзе – зараз не 37-мы, і ворагаў народа не судзяць.
– То бок ты хочаш, каб я напісаў, што ненавіджу Беларусь?
– Так, вось такая крыху асучасненая інтэрпрэтацыя. Можаш нават не перапісваць – падпішы.
Максім чытаў зноў і зноў: “Я ненавіджу Беларусь, не лічу сябе беларусам”.
– Усяго толькі словы, Максім. Падпісвай. І ідзі ўжо дамоў, хоць адзін выходны застанецца.
Калі вы чытаеце ў электронным варыянце, націсніце СTRL і выберыце спасылку, каб перайсці далей:
Я падпішу Я не падпішу
Калі вы чытаеце на паперы, то пераходзьце да ўрыўка, які адпавядае вашаму выбару.
Калі выбралі “Я падпішу”:
– Дзякуй. Гэта было проста, ці не так? І нават дзіўна, што калісьці гэтыя словы штосьці значылі і мелі такую моц, маглі нават забіваць. Таварышы, калі ласка, аддайце ягоныя рэчы і адчыніце дзверы.
Марк забраў падпісаную паперку і саступіў дарогу Максіму:
– Прабач, калі абразіў.
Максім схапіў пакунак і пабег: калідор, калідор, калідор, лесвіца, дзверы – свабода. І зноў – паветра на поўныя грудзі: яно было вільготным, як і раніцою – ды ўвогуле, нічога не змянілася.
Канец апавядання
Калі выбралі “Я не падпішу” – працяг апавядання:
– Не падпішу.
– Ну, тады ты ведаеш закон жанру. Давядзецца яшчэ пачакаць.
І дзверы камеры зачыніліся.
28 кастрычніка. Раніца
Зноў прынеслі нішчымную кашу з хлебам. Еў і думаў, колькі б сапраўды вытрымаў у адзіночцы на такім харчаванні.
28 кастрычніка. Раніца
Не паспеў даесці, як з дынамікаў загучаў верш – чытаў, расцягваючы галосныя, мужчына, амаль падвываў:
Пасеклі Край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта – вам, а гэта – нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх.
І цягнем мы на новы строй
Старую песню і чужую:
Цыгане шумнаю талпой
Па Бесарабіі качуюць…
За ўсходнім дэспатам-царком
Мы бегаем на задніх лапах,
Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмберлена лаем трапна.
Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура – патопім ў соплях.
А нас тым часам з году ў год
Тут прадаюць ўраздроб і оптам.
Раптам нібы нешта абарвалася, і зноў знаёмы механічны голас бадзёра абвясціў:
“Александр Дайлидович (псевдоним – Алесь Дудар) 28 октября 1937 года приговорён к смертной казни как «руководитель антисоветской объединённой шпионско-террористической национал-фашистской организации». Вы прослушали стихотворение его авторства из материалов дела”.
28 кастрычніка. Абед
Незнаёмы “турэмшчык” прынёс абед: суп (здаецца, гэта называецца супам) і зноў тую ж самую кашу.
– Перадайце Марку, што мне заўтра на працу. Няхай паскорыцца.
“Турэмшчык” кінуў на падлогу некалькі паперак, і, як толькі зачыніў дзверы, загучаў металічны голас:
“Товарищ, будьте готовы назвать себя: имя, фамилия, род занятий и вашу вину перед советским народом”.
Ну, вось і прыйшоў час шукаць адказ на пытанне “Хто я”, падумаў Максім і падняў старыя аркушы.
28 кастрычніка. Адразу пасля
Дзіцячы малюнак: хатка, маленькая маці, вялікі тата, хлопчык і дзяўчынка. Унізе подпіс – здаецца, “Ёня”.
Яшчэ – некалькі чарцяжоў.
Паміж аркушаў – засохлае лісце, якое адразу рассыпалася ў пальцах.
Пяць старонак з рукапісным тэкстам: аловак, нічога не разабраць, толькі адзін урывак чытэльны: “«Краіна родная мая…» — мармытаў-пяяў ён ціхенька і думаў-думаў, што будзе праз дзвесце, трыста, чатырыста гадоў тут, наўкола?” У кутку – пячатка “Забаронена”.
Адгадаць, каму ўсё гэта належыць, не атрымлівалася.
Тузанулася ручка, адчыніліся дзверы, з’явіўся Марк.
– Усвядоміў, хто ты ёсць і ў чым твая контррэвалюцыйная дзейнасць?
– Не было ніякай дзейнасці: прыйшла разнарадка, што трэба здаць 100 ворагаў народа – вось мяне і ўключылі ў спіс, бо было толькі 99.
– То бок, ты не адгадаў? Бо зараз распавёў мне гісторыю, тыповую для тагачаснага вязня-пісьменніка. Ці зверху прыйшоў загад, ці збоку – данос:
Ценi блудзяць па твары,
Сэрца точыць нуда.
Сёння лепшы таварыш
Можа цябе прадаць…
Той жа Дудар, верш якога табе сёння ўжо чыталі. Ды мне не патрэбна тыповая гісторыя, мне трэба, каб ты назваў асобу. Скажы, Максім, як цябе завуць.
І – раптоўна здагадка:
– Максім. Гарэцкі.
– Ну, дзякуй мне за падказку – ты ўгадаў! Файная задума, як лічыш: для ўдзельнікаў квэсту падбіраць якога-небудзь такога, роднага героя, каб было падабенства. А тут ты Максім, і ён Максім.
Гэты малюнак – твайго сына: бачыш подпіс “Лёня”.
Чарцяжы – у высылцы ты працаваў чарцёжнікам. Званне пісьменніка ў цябе адабралі, бо ты крыва адлюстроўваў рэальнасць у літарах – калі так, мусіш размаўляць мовай прамых ліній.
Ну, лісце з дэндрарыя, дзе любіў гуляць, – гэта так, для атмасферы, толькі адмысловец зразумее.
І, нарэшце, твой рукапіс – тое, за што цябе забілі. Расстралялі ў высылцы, а жонка яшчэ год лічыла, што ты жывы. Пасля ёй сказалі, што ў цябе было кровазліццё ў мозг. Праз дваццаць гадоў цябе, вядома, рэабілітавалі.
– Як я разумею, гэта канец. Магу быць вольным?
– Пачакай. Тут у нас галоўны герой не ты, а Гарэцкі. Побач з героем, як вядзецца, гераіня – жонка: паехала за ім у высылку. Хаця чаму гэта “як вядзецца”? Некаторыя выракаліся.
Дык вось, я вырашыў пад канец падрыхтаваць нешта такое, любоўнае. Крыху паўтаруся, але на – перапішы гэты тэкст. Зараз адным подпісам не адбудзеш. Вось жа, я ўзяў на сябе смеласць адразу дадаць ва ўзор імя тваёй каханай.
“Насця, прылюдна, перад усімі, я выракаюся цябе.
Я ніколі цябе не кахаў. Усе мае словы – хлусня, а іншага ты не варта.
Ты – бруд. Ты – чорнае. Ты – дрэнь. Не хачу больш мець з табою нічога супольнага. Але і ніколі і не меў.
Зыходзь з майго жыцця. Назаўсёды.
Максім”.
Марк сачыў за яго тварам:
– Мне здаецца, тэма вымушанага адрачэння была папулярнай у тыя гады. Таму давай пагуляем словамі і на гэтым полі.
– Ты псіх. У мяне рука не падымецца, каб гэта перапісаць.
– Макс, толькі не кажы, што ты ўспрымаеш гэта сур’ёзна! Гэта ж гульня!
Максім устаў, каб выйсці з камеры.
“Два таварышы” засланілі дзверы.
Марк перастаў усміхацца:
– Так, катаванне мы не можам уключыць у квэст, але табе будзе цікава даведацца, што мае хлопцы ўмеюць біць, нават збіваць, так, каб слядоў не было. Таму не раю табе намагацца выйсці і парушыць правілы.
– А што, калі не падпішу?
– Напрыклад, буду трымаць цябе тут. А табе ж заўтра на працу. І ты не давядзеш нікому пасля, дзе бадзяўся.
– Доўга ўсё роўна не пратрымаеш. Мяне пачнуць шукаць. Лухта якая, не магу паверыць, што сказаў гэтую фразу!
– Ну а як табе гэты варыянт: калі ты не перапішаш усё ўласнай рукой зараз, то я гэты тэксцік запошчу з твайго акаўнту ў сацсеткі. З усіх акаўнтаў – у мяне ж твой смартфон. Незапаролены.
– Ты псіх? Гэта ж ужо не гульня, не гульня твая дэбільная! Гэта ж ужо рэальнасць, мая рэальнасць!
– А гэта словы, усяго толькі словы. Глядзі, зараз ты іх напішаш. А я адразу – спалю тваю паперку. Вось тут, адразу, на месцы. І ведаць будзем толькі ты і я.
У іншым выпадку, калі станеш у позу, ведаць будуць усе – твае сябры, яе сябры. У дадатак я запошчу скрын вашай інтымнай перапіскі і дадам некалькі каментароў – ад твайго імя, канечне.
– Дрэнь.
– Магу і такі каментар дадаць. Лепей згаджайся. Лічы, што я псіх, вымагаю невядома чаго. А напішаш гэтыя словы – і ніякіх наступстваў. А ў 37-м наступствы за словы былі б.
Марк дастаў запальнічку:
– На, трымай. Спаліш сваю цыдулку сам, калі мне не верыш. Толькі спачатку – перапішы адрачэнне. Ніхто не даведаецца – толькі ты і я, а мы нікому не раскажам – слова гонару!
Калі вы чытаеце ў электронным варыянце, націсніце СTRL і выберыце спасылку, каб перайсці далей:
Перапісаць паперку Не перапісваць
Калі вы чытаеце на паперы, то пераходзьце да ўрыўка, які адпавядае выбару.
Калі выбралі “Перапісаць паперку”:
Максім пісаў, намагаючыся не думаць пра значэнне слоў:
“Насця, прылюдна, перад усімі, я выракаюся цябе.
Я ніколі цябе не кахаў. Усе мае словы – хлусня, а іншага ты не варта.
Ты – бруд. Ты – чорнае. Ты – дрэнь. Не хачу больш мець з табою нічога супольнага. Але і ніколі і не меў.
Зыходзь з майго жыцця. Назаўсёды.
Максім”.
– Пачакай-пачакай. Спачатку праверу. Так, дапісаў да канца. Палі.
Максім імгненна пстрыкнуў запальнічкай – і ўбачыў, як полымя хутка з’ядае яго словы, усе да апошняга. А людзі ж вераць у ачышчальную моц агню.
– Малайчына, ты выбраў лагічны варыянт. І ўвогуле годна трымаўся – я зрабіў такія-сякія высновы. Прабач, калі што – хлопцы, правядзіце і аддайце ягоныя рэчы.
Максім, не гледзячы ні на кога, моўчкі выйшаў з будынка. Праверыў сацсеткі – нічога ад яго імя не запошчана. Перапіску маглі прачытаць, брыдка. Паабяцаў сабе, што запароліць тэлефон. Некалькі паведамленняў: “Ты дзе? І як ты там?” ад Насці. Як добра, што яму не трэба ад яе адракацца па-сапраўднаму і якая дурная была гульня. Таму хутчэй гульню – забыць, а Насці адказаць на паведамленне:
“Насця, хачу, каб ты была ў маім жыцці. Заўсёды”.
Канец апавядання
Калі выбралі “Не перапісваць” – працяг апавядання:
– Гэта канчаткова?
– Канчаткова. Я не буду перапісваць гэтыя словы ад уласнага імя. Я з такім не гуляю. А ты – рабі, што хочаш. Посці ўва ўсе сеткі – нічога, я патлумачу. Яна зразумее.
Марк маўчаў. Было чутна, як дзесьці за сцяной дзынькае тэлефон Максіма – прыйшло паведамленне.
– Ну, тады на гэтым усё. Ты вольны, – раптам Марк парваў паперку.
– І што, ніякіх пастоў ад майго імя? Ты парушыш свае ж правілы?
– Чаму парушу? Шантаж не заўсёды павінен мець вынік. Я атрымаў ад цябе тое, што хацеў – твае пачуцці. А працягваць і псаваць табе рэпутацыю мне нецікава. Усё, квэст скончаны. Дзякуй за тэст-драйв.
Максім адчуў сябе вельмі, вельмі стомленым, але на аўтамаце запытаў:
– І што, не будзе трэцяга выпрабавання? Па законах жанру павінна быць тры.
– Не, я не прыдумаў нічога такога. Вядома, зараз было б варта прымусіць цябе напісаць такое, за што б цябе маглі забіць. І каб ты адчуў, што цябе сапраўды могуць за твае словы – нематэрыяльнае, неіснуючае, абстрактнае – забіць. І пажадана, каб гэта быў тэкст, які не выкрывае нейкае там палітычнае злачынстава, а нешта мастацкае. Пра каханне. Пра лепшы свет. Пра тваю веру. Пра тваю Насцю. І каб ты адчуў, што вось за гэта – заб’юць.
Я калі чытаў пра іх, рэпрэсаваных пісьменнікаў, не разумеў, навошта яны пісалі. Мова не тое каб папулярная. Яшчэ нацыяналістам назавуць. Не надрукуюць нічога. Навошта? Навошта гэтыя словы?
І мяне зацікавіла, як іх катавалі. Не толькі фізічна – словамі.
Адбіралі словы – забарона пісаць на ўсё жыццё. Знямей! Ніякіх вершаў! У думках – хоць паэмы, на паперы – ні-ні.
Ім прыпісвалі чужыя словы – вось так, сваёй рукой, яны пісалі паклёп на сябе, на сябра, на каханую. Што адчувалі, калі пісалі? Што адчувалі, калі чыталі такое самае, напісанае іншымі? Куды, у якія словы, у якія рэальнасці яны хаваліся? Якія словы казалі самім сабе?
Усё, зараз была тая самая выкрывальная прамова злачынцы. Толькі ты не супергерой, каб мяне забіваць. А я не лічу сябе злачынцам.
– Навошта табе гэта?
– Памяць продкаў. Найперш пра рэпрэсіі пісьменнікаў я дазнаўся ад дзеда, а той – ад свайго бацькі: ён быў вось такім, як яны, маўклівым таварышам з НКВД. Мне заўжды хацелася паўтарыць яго досвед, але працаваць у “органах” не хацелася. І дарэчы, ты трымаў у руках арыгінал рукапісу Гарэцкага.
– Працягваеш справу прадзеда-ката? Ухвальна!
– Здаецца мне, Максім, наадварот, руйную. Вяртаю ў гульню забытых пісьменнікаў – не думаю, што мой прашчур-кат за гэта мне б падзякаваў. А тыя, закатаваныя, – яны ж вельмі хацелі, каб іх словы да нас дайшлі, да цябе дайшлі. Дажылі. Але здаецца мне, нічога ў іх не атрымалася. Вось, вазьмі на развітанне, – Марк працягнуў кнігу. – Сцэнар квэсту я дапрацую, а фінал ужо прыдумаў: і вось і ён – буду раздаваць беларускую літаратуру! Пасля таго, што вы разам перажылі, мо табе будзе цікава даведацца, за што яго забілі.
Максім зірнуў – Максім Гарэцкі.
Калі вы чытаеце ў электронным варыянце, націсніце СTRL і выберыце спасылку, каб перайсці далей:
Прачытаць Гарэцкага Не чытаць